Пошуки будучыни (на белорусском языке) - Кузьма Черный 34 стр.


А тым часам нас вучылi не толькi шпiёнству, а i ўлiвалi ў нас па кроплi атруту спачатку абыякавасцi, а пасля i непрыязнi да Польшчы. Ужо тады я пачынаў задумвацца над усiм гэтым, але трымаўся, зацяўшы душу, бо спадзяваўся на прыход будучынi, калi мы паможам Германii пакласцi пад польскiя ногi ўсходнiя землi. Восень дзевяцьсот трыццаць дзевятага года нас пратрымалi пад пiльным наглядам, i, калi Польшчы ўжо не было, мы вытрымалi экзамен на гатоўнасць да вялiкага паходу на ўсход. Нарэшце гэты паход пачаўся. Больш як за месяц да яго я перайшоў ля Берасця гранiцу i пабраўся сюды, прайшоўшы праз той мой фальварак каля Нясвiжа i Клецка. Бацька, мацi i старая жанчына, мая былая нянька, i цяпер благаславiлi мяне. Бацька мне сказаў: "Як толькi Германiя знiшчыць Савецкую дзяржаву на ўсходзе, то Польшча зноў устане". Я не задумаўся, адкуль бацька ведае гэтакую праўду, i рушыў далей на ўсход. Я бадзяўся па полi i лесе, адзiчэў i чакаў. Калi Германiя рынулася на ўсход, я калацiўся ад радасцi. За гэтую радасць нейкi чалавек на дарозе даў мне жалезам па галаве. Я звалiўся i некалькi тыдняў качаўся каля дарог, баючыся кожнага чалавека i разам з сабакамi i свiннямi едучы траву i ўсялякае паскудства ў ямах i канавах. Мяне апанавала крываўка. Я ляжаў тры тыднi пад кустамi i вылечыўся голадам. Але лежачы так, я захаладзiўся i, мусiць, перанёс запаленне лёгкiх. Дык я пачаў лячыцца сонцам. I вось ужо трэцi дзень, як цягнуся пакрысе. Зайсцi куды да людзей мне няма як. Мяне могуць забiць, калi дазнаюцца, хто я такi. Але мне цяпер ужо ўсё роўна. Будучыня мая прыйшла, вось яна якая! Як валачашчы сабака, адзiн i без нбраду, без надзеi i веры. Пазаўчора я яшчэ думаў дабрысцi як-небудзь да таго фальварка, ужо iшоў у той бок i напаткаў на дарозе жанчыну адтуль, яна шукае сваiх дзяцей. Ад яе я дазнаўся, што маю матку немцы спалiлi жывую ў доме, а бацьку павесiлi перад домам з падазронасцi, што яны нiбыта кагосьцi хавалi. Я спрабаваў прыстаць да немцаў, якiм я ўжо зрабiў сваю справу. Але ж я i не немец, i не паляк, а тутэйшы, з-пад Клецка. У душы ў мяне так жа пуста, як i ў кiшэнях. За плячыма ў мяне ганьба, а перад вачыма пустэча. Немцы мяне страляць хацелi, я ледзьве выратаваўся.

- Бо ты, - абазваўся Сымон Ракуцька, - па-сабачы спадзяваўся на сваё шчасце. Няхай бы ты зерне сеяў i хлеб жаў, а то ты бачыў сваю радасць у тым, што нехта пойдзе, як ты кажаш, на ўсход, чалавечыя косцi трушчыць i кроў лiць. Як свет стаiць, то яшчэ не было вядома каб на нянавiсцi вырасла шчасце, а радасць на чужой бядзе.

- Дык куды ты цяпер маеш iсцi? - панура запытаўся Тамаш. - А цi ведаеш ты, што калi разабрацца, то я сам павiнен быў бы табе адразу галаву зняць за тое, што я вырас без права чалавекам звацца на сваёй роднай зямлi!

Акаловiч змоўчаў, а пасля адказаў:

- Куды маю iсцi? Мне цяпер трэба, каб хто павёў мяне за руку. Але ў мяне ажывае i ўжо гарыць прага расквiтацца з Палiводскiм. Ён згубiў мяне. I не толькi мяне аднаго ён пацягнуў на гэтую сцежку.

- А Палiводскi хiба чуцён дзе!? - ажывiўся Сымон Ракуцька.

- Палiводскi начальнiк акругi. I цяпер бывае часта ў тым сваiм маёнтку, якi калiсьцi прагуляў у карты, калi мяне яшчэ на свеце не было. Я спатыкаў тут нашых, а яны ведаюць. Гэты маёнтак тут, па гэтай самай дарозе, мне казалi, там iдуць радзей хваёвыя лясы. Маёнтак захаваўся цалкам, i дом, i паркi, i сады, i ўся будоўля. Але пакуль Палiводскi ўспомнiў пра маёнтак, ваенны начальнiк акругi абгледзеў яго i хоча сабе прысвоiць. Палiводскi жыве ў маёнтку i спрачаецца з ваенным немцам.

- Але куды ты iдзеш?! - крыкнуў Тамаш.

- Я iду ў той маёнтак. Можа мне там пашанцуе расквiтацца з Палiводскiм!

- А тады што?

- А тады куды закiне вецер, або хоць канец.

- А дзе табе жалезам галаву растаўклi?

- У Вялiкiм скрыжаваннi.

- Ты там доўга быў?

- Я там перабыў усе свае хваробы.

- Што там чуваць? Каго ты там баяўся?

- Немцаў баяўся, iм стараўся на вочы не трапляцца.

Яны i слухаць не хацелi, што я iм служыў. Тамашнiх людзей баяўся. Там нейкi Лукашэвiч чуцён: якраз на Вялiкiм скрыжаваннi, калi я яшчэ ў тым баку быў, ён напаў на цэлую калону нямецкiх грузавых машын, i ўсе яны там на дарозе i асталiся. Я дрыжаў, каб i яны мяне не ўбачылi дзе. Вось я, як голы, тут перад вамi, я нiчога не ўтаiў i нiчога не выдумаў. Я даўно ўжо так не еў, як цяпер з вашых рук.

- У цябе зброя ёсць?

- Анiякае.

- А чым жа ты з Палiводскiм квiтацца будзеш?

- Я там на месцы што-небудзь прыдумаю, а так мне смялей iсцi.

- Вывернi кiшэнi i пакажы пазухi.

- Добра... Добра...

- Ну вось так. А цяпер скажы, як на споведзi: уночы не ўцячэш, калi цябе не вартаваць?

- А куды мне ад вас уцякаць?!

- Ну дык кладзiся на траву i спi, бо ўжо вечар нахапiўся. Яшчэ пакуль сонца зойдзе, можаш выспацца.

Акаловiч скруцiўся ў жмут i стаў густа дыхаць у ствол паваленага дрэва. Блiжэй к дарозе лёг Тамаш. Сымон Ракуцька прыпёрся плячыма да бярозы i задрамаў. Ноч прайшла, як адзiн момант. Першы прахапiўся Сымон Ракуцька i штурхануў Тамаша.

- Пакiдаю яго табе, - сказаў Тамаш да бацькi i паказваючы на соннага Акаловiча. - Каб ён нам не нашкодзiў. - Яны абнялiся i пацалавалiся, i Тамаш адразу рушыў у дарогу. Ракуцька штурхануў Акаловiча. Той шпарка заварушыўся i ўстаў, нейкi занадта рухавы.

- Мне трэба iсцi зараз, - сказаў Ракуцька.

- I я пайду, - узбуджаным тонам абазваўся Акаловiч.

- Куды?

- Я з'яўлюся да Палiводскага i вазьму яго за горла.

- А чаго ты такi трапяткi сёння стаў? Учора ты быў вялы, як п'яўка.

- Мне сёння лягчэй. I на душы лягчэй, калi я скiнуў з яе камень гаворкаю з вамi. Мне можна iсцi?

- Пачакай, пачакай. Я цябе павiнен тут раней прыкончыць, а ты сабе iдзi куды хочаш. Гэта ж i ты абкрадаў мяне, калi ад мяне ўкралi маiх дзяцей!

Сымон Ракуцька дастаў з-пад жакеткi рэвальвер. Акаловiч пабялеў i астаўся стаяць. Ракуцька прыгнуўся ў куст i развязаў торбу.

- На i ты жуй, выварак чартоўскi!

Сонца яшчэ не дайшло да паўдня, як Акаловiч папрасiўся ў Ракуцькi, каб той дазволiў яму ляжаць. Ракуцька кiўнуў галавой. Акаловiч быў, мусiць, вельмi абыякавы да свайго стану, бо, як толькi лёг, адразу заснуў, зноў носам у ствол паваленага дрэва. Ракуцька паглядзеў на яго i сеў каля свае торбы. Чалавек, якi доўга быў толькi сам з сабою, можа мець прывычку гаварыць сам сабе. Сымон Ракуцька мыляў губамi i шаптаў сабе пад нос:

- Як сонца нiжэй сплыве - пайду ў дарогу, каб iсцi да позняй ночы. А што з гэтым безгалоўным прайдзiсветам рабiць, перуны яго ведаюць. Можа застрэлiць падлу?.. - Ракуцька абмацаў свой рэвальвер i ўбачыў, што Акаловiч спiць, як улiплы ў зямлю. Ракуцька паглыбiўся ў свае думкi i сцiшыўся. Лёгкая дрымота агарнула яго, а пасля ён i прыснуў трохi. I можа нават больш як трохi, бо, прахапiўшыся, убачыў, што сонца ўжо куды нiжэй стаяла. Шпарка ўстаў ён i з раптоўнай трывогай убачыў, што торбы з хлебам каля яго не было. Машынальна кiнуў ён вачыма да паваленага дрэва. Нiякага там Акаловiча таксама не было, адно прымятая трава сведчыла, што на ёй ляжаў чалавек. Ракуцька ўтрупянеў. Азiрнуўшыся на ўсе бакi, ён у момант сабраўся ў сваю дарогу. Месца гэтае асталося пустое i аставалася так, можа, больш за тыдзень. За гэтыя днi з бярозы нападала на дарогу многа жоўтых лiсткоў. Кожны раз надвечар, калi яснае сонца перад захадам сваiм прабiвалася праз вяршалiны лесу i свяцiла на дарогу, жоўтае лiсце вельмi яскрава выбiвалася з зялёнага колеру травы. Аднойчы ў гэты час дня да гэтага месца падышоў Нявада. Iшоў ён роўнаю i размеранаю хадою, i адзежа на iм, той самы выцерты плашч i ўсё iншае, абтрапалася, абшморгалася аб зямлю i траву. У вялiкай адзiноце ён стаяў пасярод дарогi над жоўтым лiсцем i некалькi разоў уздыхнуў: "Божа мой, Божа, восень". Пасля той жа ранейшай паходкай рушыў далей i скрыўся ў прыдарожных дрэвах.

Назад Дальше