Адзiн за адным яны iшлi, расцягнуўшыся бадай што на кiламетр. Самы пярэднi iшоў Сымон Ракуцька. Далей вялiкай бярозы на шляху праз лес ён не пайшоў. З сярэдзiны ланцуга выйшаў убок Кастусь Лукашэвiч у той жа самай рудой жакетцы i ботах, як тады апошнi раз гаварыў з Нявадам. Усе людзi збочылi з дарогi ў лес, спускаючы з плеч свае аўтаматы i вiнтоўкi. На дарозе пасталi вартавыя. Кастусь Лукашэвiч i Сымон Ракуцька селi на ствол таго самага паваленага дрэва i доўга так сядзелi моўчкi. Ужо i зоры высвецiлi, а яны ўсё сядзелi i маўчалi.
- Дык ты ляж i спi, а я павартую цябе, - сказаў Ракуцька.
- Я не засну. Лепш ты спi.
- А калi Тамаш раптам гук падасць - толькi я адзiн пазнаю яго.
Зноў яны, можа, з гадзiну маўчалi.
- Дык я сам не свой без перадыху явiўся дадому, - задудукаў раптам Сымон Ракуцька. - Толькi бачу - дзве машыны стаяць пасярод вулiцы. Лiзавета ўжо, думаю, даўно дома. Уляцеў у двор - аж спатыкае мяне вачыма жонка. Стаiць, бедная, пасярод двара белая як палатно. Я ткнуўся ў сенцы i аслупянеў. Там у мяне поўнае вешала адзежы вiсела. Гэта яшчэ я запасiў дзецям, калi яны гадавалiся без мяне па той бок тае гранiцы, каб мой смак да яе сто год трымцеў у варшаўскiм горле! Дык стаiць пад тым вешалам немец i абчышчае яго. Знiмае боты, чаравiкi, хусткi, сукенкi, нагавiцы, паясы, рубашкi i кашулi i ўсё тохцiць у чамадан. Божа лiтасцiвы! Тады ўкралi дзяцей! А гэта зноў явiўся зладзюга. Самую памяць аб дваццацi маiх гадах, калi я дзяцей чакаў, крадзе! Парадкуецца, гаспадарыць! Колькi ж на свеце гэтых зладзеяў на маю шыю! Нi ў маладосцi, нi ў старасцi няма ад iх ратунку! Я яшчэ нiчога не ведаю, што ў мяне ў хаце робiцца. Як хаплю я немца ззаду за карак i як тузяну к сабе, дык ён, як тая падла, валiцца на мяне. Я яго штурхануў ад сябе, ён носам у падлогу i як зараве! Бог даў шчасце, што я паспеў падняць з жорнаў камень i накрыць iм нямецкую галаву, так што не разабраць стала, цi была ў немца галава, цi так толькi гэтая крывавая каша. Паспеў я яшчэ заўважыць, як дрыгнулi нямецкiя ногi i апруцянелi навек.
- Уцякай! - закрычала жонка. Я даў ходу на вулiцу, аж бачу праз адчыненае акно, што ў мяне ў хаце поўнае застолле немцаў i хапаюць з лавы зброю, а мой Тамаш замкнуў з надворку сенечныя дзверы i да мяне бяжыць з нямецкiм аўтаматам. Мы з iм цераз вулiцу i ў сад i адтуль бачым, што яе, жонку, гоняць па вулiцы i страляюць па ёй. Яна ўпала. Мы з Тамашом пабеглi да яе, дык i па нас страляюць. Тамаш як сыпане з аўтамата! Немцы змоўклi. Але iх набегла зноў як плоймы. У Тамаша не было больш набояў у аўтамат, так ён i сеў макам. Адным словам, жонку забралi, а па нас стралялi, аж пакуль мы не адкацiлiся за крайнюю хату. З палавiну нашага пасёлка, i жонку маю, пагналi ў лагер, а мы з Тамашом разам з усiмi. Ну... Тамаш хлопец бывалы i камандаваць на вайне ўмее.
- А пра Лiзавету што?
- А Бог жа яе ведае. Анiчагуткi нiякага слыху. Думай што хочаш. Больш я i не бачыў яе. I ў цябе ж, кажаш, дачка малая Лiза. Адкуль ты ведаеш, што яна ў лагеры?
- Я напэўна не ведаю.
Зноў Сымон Ракуцька i Кастусь Лукашэвiч змоўклi на доўгi час. Неба на ўсходзе пачынала шарэць, i зоры цьмелi.
- А цi даўно я так глядзеў на зоры, калi шукаў яшчэ сабе дарогi на ўсё жыццё! Усё прайшло як адзiн дзень. I зноў як прыйшлося. Лiзачка, дачушка!
Кастусь Лукашэвiч шпарка ўстаў i закурыў. Ён i Ракуцька яшчэ цэлыя суткi так прагутарылi тут, пасля кожнай гаворкi даючы па гадзiне маўчання. А яшчэ цераз дзень тут з'явiўся Тамаш i з iм людзi. Усе аставалiся тут яшчэ нешта з паўтыдня. Цяпер успамiнаюць, што ў тыя днi Сымон Ракуцька многа бываў на людзях i любiў слухаць, калi хто што расказваў. Тамаш мала быў вiдзён. Кастусь жа Лукашэвiч быў вельмi задумёны, бадай што сумны. У апошнюю ноч перад выхадам адсюль з'явiлася тут Волька. Яна нашмат змянiлася з таго, калi пакiнула Сумлiчы.
Здавалася, што яна стала вышэйшая ростам, рысы твару яе сталi вострымi. Яна была ў мужчынскай жакетцы з саматканага сукна i рукi трымала ў кiшэнях. Некалькi гадзiн, да ранiцы, яна праседзела з Кастусём на паваленым дрэве, i скарга прарывалася ў яе голасе. Яна доўга расказвала Кастусю, як тыдняў два хадзiла наводдалек па лясах i полi там, пад лагерам, i як нарэшце выбрала зручнасць падысцi да лагернай агароджы так на вярсту. Там было тарфяное балота, праз якое цякла павольна ржавая рачулка. "Я ляжала ў чорным куп'i некалькi дзён. Раз на дзень да той рачулкi нявольнiкi з лагера з'яўлялiся па воду. Саматугам яны кацiлi бочку на колах. Вартавы немец не iшоў следам за iмi, а садзiўся са сваiм аўтаматам на купiну i зводдалеку сачыў за людзьмi. Адзiн раз я падпаўзла да самай рачулкi i, калi яны ўжо налiлi ў бочку вады i пхалi яе назад, я запытала ў iх, цi няма там у лагеры Лiзы прозвiшча Лукашэвiч... Маладая жанчына з распушчанымi валасамi адагнулася ад бочкi i сказала, што нейкая Лiза ёсць i ўжо даўно ляжыць каля слупа ад агароджы хворая на крываўку. А колькi год можа быць гэтай Лiзе? запытала я, але немец там крыкнуў, i людзi наляглi на бочку. Можа, гэта i яна, даўно ляжыць..." Вельмi доўга яны маўчалi. Канчалася ноч, Волька раптам ткнулася тварам у Кастусёва плячо i зарыдала.
- Нашто цябе благi лёс прывёў тады да мяне, калi я была малая... Божа, якая пакута!
Кастусь змрочна запытаў:
- Дык дзе ж бацька?
- Не ведаю, дзе бацька. Знiк. Я яшчэ раз вярнулася была ў хату. Пуста. Павукi адбiтае ад дошчак акно заплятаюць.
Як прайшоў дзень i сцямнела, гэтае месца зноў стала пустое. Нi голасу, нi шоргату. Стала поўная цiшыня. I ветру не было, але лiсце з бярозы падала ўсю ноч, так што зранку ўся зямля пад бярозай была выслана жаўталiсцем. Але не было каму цешыцца хараством гэтага малюнка. Тут не было нi душы. Птушкi, што збiралiся зiмаваць у лесе, смела садзiлiся на паваленае дрэва, i за цэлы дзень нiхто нi разу не спудзiў iх.
III
I тут было скрыжаванне дарог, але малое i своеасаблiвае. Хто ведае, чым падтрымлiваецца iснаванне некаторых глухiх дарог, па якiх мала хто калi ездзiць i якiх нiколi нiхто не правiць i не глядзiць. Але вельмi можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапення, чым бiты шлях. На тым шляху, калi ўпадзе чалавек, яго неўзабаве падымуць. Тут жа ён можа заходзiцца тыднямi ў адзiноце. Малое скрыжаванне было на самым узлессi, кiламетраў за чатыры ад паваленага дрэва i вялiкай бярозы. Вялiкi шлях, што праходзiў праз гэты лес i далёка ад лесу на паўночны захад, на Вялiкiм скрыжаваннi скрыжоўваўся з Маскоўска-Варшаўскай шашою, тут, за лесам, перасякаў вельмi вузкую, на выгляд толькi палявую дарогу, з пяском, ператоўчаным конскiмi капытамi на пыл. Перакрыжаванне тут было простым кутам. Калi вялiкi грунтавы шлях iшоў з усходняга поўдня на заходнюю поўнач, то скрыжаваная тут з iм дарога злучала заходнi поўдзень з поўднем усходнiм. Гэтым апошнiм кiрункам дарога прыводзiла да Маскоўска-Варшаўскай шашы даволi-такi далёка ад Вялiкага скрыжавання. Ад лесу цi ад малога скрыжавання да самай шашы дарога iшла паўз невялiкiя лясы i скрозь узгорыстым полем i спрэс усюды паўз густыя паселiшчы. Так што зранку тут на гэтай дарозе льга было часта пачуць пах дыму з хатнiх комiнаў. Першы ж кiрунак вёў дарогу найбольш чыстым полем, з чыстымi ж узгоркамi. Мясцовасць тут была вышэйшая, узгорыстасць гусцейшая, i дарога не заўсёды ўздымалася ўгару, а давала кругу. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малiбажкаву гару памiж Заняведамскiмi i Вераб'ёўскiмi лясамi i рэзалася проста ў некалькi шырозных тарфяных балот. Кiламетраў за сорак з гэтага боку да малога скрыжавання пры гэтай дарозе ляжаў у полi вялiкi, як гара, камень дзiўнай формы i не менш дзiўнымi на iм слядамi мiнуўшчыны.