Пошуки будучыни (на белорусском языке) - Кузьма Черный 35 стр.


Яшчэ праз колькi дзён гэтай лясной дарогай прайшлi два нямецкiя танкi i густа абстралялi лес паабапал дарогi. А пасля гэтага назаўтра тут праехалi чатыры грузавiкi, паўнюткiя нямецкiмi аўтаматчыкамi. Следам за грузавiкамi iшла лёгкая машына. У ёй сядзеў нямецкi афiцэр, узросту сярэдняга i такой жа афiцэрскай годнасцi. Аўтаматчыкi таксама абстралялi лес паабапал дарогi. Пасля гэтага яны праскочылi праз лес назад i паiмчалiся шляхам на захад. Даехаўшы да Вялiкага скрыжавання, яны выкiравалiся на шашу i спынiлiся на абочыне. Афiцэр закамандаваў чакаць. Салдаты паселi на адкосах, гаварылi, смяялiся i курылi.

У той жа самы дзень ранiшнiм цягнiком з захаду ў Бараванiчы прыехала пара пажылых немцаў, ён i яна. Яна яго называла Густавам, а ён яе Гертрудай. Кожнаму з iх было год пад шэсцьдзесят. Паважна гэтая пара выйшла на пляц перад ганкам Баранавiцкага вакзала, i ён некалькi разоў пiльна азiрнуўся, а да яго ўжо iшоў з роўнай выпраўкай плячысты i разам з тым тонкi ў стане, з вясёлым тварам, i, здаецца, вельмi жыццярадасны чалавек у вайсковай форме, але, можа, ён i не быў чыстым вайскоўцам, бо некалькi чалавек цывiльных чыноўнiкаў абкружвала яго. Iшла за iм i вайсковая ахова - салдаты з аўтаматамi i з iншаю зброяй. Гэта быў нейкi паважны чын, з усяго было вiдаць. Ён подбегам падышоў да таго, каго Гертруда звала Густавам, i яны абнялiся i пацалавалiся. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сцiснутых губах абняла санавiтага чалавека i назвала яго таксама Густавам. А той адказаў старой жанчыне доўгiм пацалункам i пад руку падвёў яе да машын, што стаялi з левага боку ад ганка. Ён пасадзiў Гертруду i Густава ў адну з машын, i побач шафёра сеў аўтаматчык. Сам ён з двума аўтаматчыкамi сеў у другую машыну. Гэтыя дзве машыны пайшлi следам за трыма грузавiкамi з салдатамi, а за iмi пайшлi яшчэ тры грузавiкi з салдатамi. Так усе гэтыя паязджане выехалi з Баранавiч на Сiняўку i далей проста iмчалiся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Ехалi яны доўга без прыпынку i толькi спынiлiся на Вялiкiм скрыжаваннi. Пакуль шафёры правяралi машыны i надзiмалi шыны, Густаў старэйшы высунуўся з машыны i ўглядаўся ў вялiкае дрэва. На твары яго ляжала пячаць здзiўлення, напружання думак i як бы смутку, але пасля твар яго запаланiла рыса ўпэўненасцi, спакою i разам з тым цiкаўнасцi i халоднай разважлiвасцi. Было падобна, што на яго найшло многа жыццярадаснай самаўпэўненасцi ад санавiтага Густава маладзейшага, якi ў гэты час праходжваўся па шашы, а пасля падышоў да старэйшага Густава. Зноў, як на Баранавiцкiм вакзале, пачулася памiж iмi нямецкая мова. Маладзейшы Густаў гаварыў так, быццам захлёбваўся. Старэйшы гаварыў спакайней. Ён выказаў думку, што яго агортвае неспакой душы i што яго мучыць трывожнае ўражанне, што ён ужо калiсьцi бачыў гэтае дрэва. Як страшны кашмар пануе ў iм над усiм выразнае ўяўленне гэтага велiчэзнага дрэва. Больш таго. Нават дома, у Германii, праз добрыя два дзесяткi год, часта яго душылi начамi цяжкiя сны, i ў кожным сне заўсёды, над усiм хаатычным i кашмарным, узвышалася гэтае дрэва i унь той нават сук з палявым каршачком на iм. Божа, як усё выразна, дакладна i ясна! Унь жа на суку сапраўды сядзiць каршачок! Стары Густаў аж уздрыгануўся. Гертруда хапiла яго за руку i сама скаланулася. Густаў маладзейшы стаяў прыбянтэжаны.

- Нiчога дзiўнага няма, - сказаў ён, каб падбадзёрыць i падвесялiць старога. - Бывае, што сны што-небудзь такое пакiнуць у галаве i пасля здаецца... Сны яшчэ не даследаваны навукай.

- Не, - адказаў Густаў старэйшы, - гэтае дрэва я сапраўды ўжо раз бачыў. На гэтым самым скрыжаваннi дарог я тады ўпаў хворы, калi ў тую вайну мяне расейскi салдат вёў у палон. Божа мой, зноў лёс прывёў мяне сюды!

Гертруда ўздрыганулася i прылiпла да пляча свайго Густава. Губы ў яе дрыжэлi i голас перарываўся:

- Я ведаю, чаму мы да канца дарогi не едзем цягнiком, а перасядалi ў машыны.

На цягнiкi нападаюць невядомыя.

- Няма нiчога дзiўнага, - строга сказаў стары Густаў. - Цяпер вайна, а мы ў заваяванай краiне. Ты ж бачыш, што на машыне нас ахоўваюць грузавiкi з салдатамi.

- Ты баiшся, што я зноў пачну нашу старую спрэчку? Дык ведай: больш я нiводным словам не папiкну цябе, але доўга тут не буду i назад у Германiю паеду. Заваяваную краiну павiнны асвойваць салдаты, а не жанчыны. Куды ты вязеш мяне?!

Яна ўжо гатова была плакаць. Густаў выйшаў з цярплiвасцi. Ён схмурнеў i шпарка прагаварыў:

- Ты немка, цi ты не дачка вялiкай Германii?!

- А ты, - аж затрэслася яна, - хiба заўсёды быў немцам? Нават у лепшыя маладыя годы ты размякнуць мог, як глiна, i аддаваў чужаземцам i ворагам Германii тое, што павiнен быў бы прынесцi ў Германiю! А ты мяне папiкаеш? Тады б мы не шукалi шчасця ў гэтай невядомасцi, а мелi б шчасце дома.

Стары Густаў аж пазелянеў i сцiснуў зубы. Маладзейшы Густаў сказаў да Гертруды:

- Мама, мы заваявалi гэтую краiну вялiкай Германii. Праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германiя. I не трэба ператвараць наша падарожжа ў дакляраваную нам лёсам зямлю ў падарожжа вечных валаводнiкаў, якiя едуць з суда.

- Сын мой, але ж мне страшна, мы не можам ехаць без такой моцнай аховы.

- Гэта нiчога. Яшчэ месяц, яшчэ два, i ўсё ўвойдзе ў норму. Тут жывуць не людзi, а казюлi з нявольнiцкай псiхалогiяй. Яны створаны, каб быць слугамi. Павесь над iхнiмi галовамi меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над iмi, якi кожны момант можа загубiць iх, а што гэта вiсiць найвялiкшая справядлiвасць усей светабудовы, i пачнуць з удзячнасцю лiзаць боты ў таго, хто павесiў над iмi гэты меч. Вось хто насяляе гэтую зямлю. Так што ты, бацька, сапраўды тады дарэмна быў перад iмi паддаўся парыву радасцi i не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. Хiба хто калi будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкi i нi за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страцiў сваю нямецкасць, што аддаў iм здабытае на вайне. Чаму? А толькi з-за таго, што заварушылася душа. Германiю зробiш вялiкай не душой, а жалезам.

Вiдаць было, што Густаў маладзейшы нiяк не мог забыцца на нейкую памылку, зробленую калiсьцi Густавам старэйшым. Як бы там нi было, але гэтым самым ён давёў да спакою Гертруду. Яна больш не скардзiлася i не сцiскала губы, а з цiкаўнасцю пачала паглядаць наабапал дарогi. Машыны i грузавiкi з салдатамi рушылi далей. Яны пакiнулi за сабой Вялiкае скрыжаванне, з'ехаўшы на шлях кiрункам туды, куды раней пайшоў быў Сымон Ракуцька, калi следам за iм гналася вайна. Так што праз малы час машыны, едучы бесперапынна, нiкуды нiдзе не зварочваючы з шляху, уехалi ў лес i неўзабаве апынулiся ў тым месцы, дзе не вельмi даўно Акаловiч спавядаўся Сымону i Тамашу Ракуцькам i дзе праходзiў кудысьцi да свае мэты стары Нявада. I цяпер было цiхае гэтае месца, толькi машыны парушылi яго спакой. Бяроза ўсё так жа кiдала на вецер жоўтыя свае лiсты. Iх ужо было многа на дарозе i ў траве. Сонца асвятляла iх, птушкi пырхалi крыллем над гэтым месцам, i цягнула пахам прыгрэтай сонцам травы i смалы. Стары Густаў i Гертруда высунулiся з машыны тварамi i аглядалi дрэвы i зямлю.

- О, колькi гною, - прыйшоў у захапленне Густаў. - Колькi гектар зямлi можна ўгнаiць лiсцем з сотнi такiх бяроз?

- Я думаю, што нямала гектар, - адказала Гертруда, i памiж iмi зноў усталявалася згода. Машыны неўзабаве знiклi з гэтага месца, i зноў тут стала цiха. Змрокам таго дня на гэтым месцы зноў з'явiўся Сымон Ракуцька, i не адзiн. З таго самага боку, адкуль шляхам праз лес праехалi нямецкiя машыны, ён вёў за сабою многа людзей. Усiх было, можа, крыху менш як паўтары сотнi. Яны iшлi ўсе адзiным гуртам, калi сабралiся на гэтай лясной дарозе. Збiралiся яны яшчэ з учарашняга дня на прылессi, i некаторыя з iх бачылi тут нямецкiя i танкi, i машыны.

Назад Дальше