На беразе (на белорусском языке) - Кузьма Черный 3 стр.


Над апошнiмi сваiмi словамi ён неяк хмурна ўсмiхнуўся.

Паволi, як бы раздумваючы, цi варт плысцi, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамi, вяла перабiраў рукамi дрот.

Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымi крокамi пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго конiка, паволi iшоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зiму.

Ён быў у доўгiм, парыжэўшым ад старасцi халаце, няроўна абарваным унiзе; доўгiя валасы яго закрывалi вушы. Каравыя рукi яго ўспiралiся на плуг, i, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта якi-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлi. Босымi нагамi ён цiха ступаў па мяккай чорнай зямлi.

Гэта быў Амелькаў знаёмы.

- Здароў, брат, - сказаў Амелька, падыходзячы блiзка.

- Здароў! - адказаў той, прыпыняючыся.

- Позна, браце, араць выехаў.

- От... распагодзiлася, - загаварыў араты, - дык я думаю сабе, выеду хоць ад меж адбяру, усё хлопцу будзе заўтра лягчэй. Але як выпагадзiлася, панiзiў ён голас, - цёпла, весела.

У гэтых словах - "цёпла, весела" - чулася нейкая радасць чалавека, якi бачыць сонца i светлую ад яго зямлю.

- Добра арэцца? - запытаў Амелька, каб як-небудзь разгаварыцца.

- Добра, - адказаў чалавек i, глянуўшы ў разору, прыбавiў: - Люблю я, браце, араць. Ходзiш сабе босы па мяккай разоры, i здаецца табе, што зямля ў цябе ўлазiць.

- А хiба гэта добра?

- Ну, а што, браце. Чалавек адарваўся ад зямлi - прапаў...

- А дзе ж ён можа дзецца з зямлi? - сказаў Амелька. - Усё роўна нiкуды з яе не зыйдзеш, каб i хацеў. На ёй астанешся.

Чалавек пацiснуў плячыма, бо не знайшоў адказу.

А Амелька пачуў думку, выказаную чалавекам. Гэта думка ўвесь час у яго самога была ў галаве. I яму стала весела. I ўсе яго думкi, як бы зрабiўшы сваё дзела, знiклi, пакiнуўшы нейкае лёгкае i бадзёрае пачуццё ў грудзях.

- Дай, браце, я прайду зараз вакол, - сказаў Амелька, беручыся за плуг, - даўно ўжо не араў.

- Прайдзi сабе, - сказаў чалавек i, махнуўшы пугай на каня, цiха гукнуў: - Но!..

Амелька пайшоў за плугам па паласе. Падняўся на гору, мiнуў яе i спусцiўся ўнiз, дзе пачынаўся невялiчкi паплавец i на iм рэдкiя кусты.

К яму, па калючым iржышчы, босы i ў адной кароткай кашульцы, падкасаны, быстра бег хлопчык гадоў трынаццацi.

- А дзе тата? - запытаў ён, трохi спалохаўшыся.

- Там, за горкаю, - адказаў Амелька.

Хлопчык пазнаў Амельку i загаварыў быстра, глытаючы словы:

- А я бягу, гляджу - здаецца, не тата. Ажно ж гэта вы, дзядзька Амелька. Дайце адно мне.

Амелька перадаў плуг хлопчыку, i той, трохi блытаючыся па разоры нагамi, пайшоў, сваiмi дзiцячымi тоненькiмi рукамi дзержачыся за плуг i пакiроўваючы яго верна, так, як i трэба.

- Чаго ж ты прыйшоў, змерзнеш, - сказаў бацька яму, як яны з Амелькам, абышоўшы кругом, прыйшлi на старое месца.

- Так, - сказаў хлопчык i засмяяўся.

- Ходзiць у школу, - сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку i паказваючы пальцам на сына, - i мне памагае.

- Ну, а што ж, - адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.

Бачачы, што аратыя збiраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацiлася за лес, i, развiтаўшыся з iмi, пайшоў к парому.

Там ён хутка перавёз на свой бок некалькi фурманак з жытам, а на другi бок двух чырвонаармейцаў.

Яны ехалi на двухкалёсным зялёным возе i некуды спяшалi.

Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.

III

- Паром! Гэ-эй... паро-о-о!..

Чутно было, што крычыць чалавек здаровы i з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.

Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакiдаў крычаць i, мусiць, любаваўся сваiм голасам, якi зычна, на некалькi раз, паўтараўся на другi бок ракi, у лесе.

Працiраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага i белай на сярэдзiне вадзе, якая пад iм чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.

Ад гэтага свету i поле кругом было нейкае белаватае, i здавалася, што нешта там прытаiлася, сочыць за ўсiм, што робiцца вакол.

На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялi яны каля вады, каля iх цямнелi i варушылiся конi i чулiся людскiя галасы.

- Хто першы - узводзь каня, - сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.

- А колькi фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? - пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.

- Адна.

- Э, мала. Доўга перавозiць будзеш.

Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокi воз, узышло чалавек пяць людзей.

Паром цiха рушыў назад.

- Чырвонаармейцы, - сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.

- А што?! - гукнуў з-за воза голас.

- Нiчога. Пазнаю, што за людзi. Здалёку?

- З горада.

- Куды?

- На гранiцу.

Памаўчалi.

- Што за рака? - бухнуў той жа грубы голас.

- Лоша.

- Слаўнае месца. Лесу многа.

- Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!.. - гукнуў з берага нецярплiвы голас.

- Чаго арэш, не пакiнем, не бойся! - гукнулi з парома.

- Э-э-э, там, о-о-э!..

- Хочаш скарэй - кiдайся ў ваду!..

Два галасы з розных берагоў весела рвалi цiш светлае ночы. Паром i без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць i слухаць зычныя рэхi ў лесе над полем.

А на беразе, каля Амелькавае будкi, ужо раскладвалi агнi. Аднекуль цягалi лом, сухiя дубцы i збiралiся каля агнёў кучкамi. Выпрагалi i кармiлi коней.

Гадзiны праз дзве ўсе ўжо перабралiся цераз рэчку. Людзей было бопьш сотнi, яны зразу напоўнiлi цiхi i пусты дагэтуль бераг роўным стрыманым гоманам. Чутно было, як "грукалi" конi, жуючы сечку. Гарэла некалькi вогнiшчаў.

Амелька стаяў, прыпёршыся плячом да свае будкi, i глядзеў, як дрыжаў свет ад агнёў на тварах людзей.

Адзiн твар здаўся яму знаёмым. Гэта быў малады яшчэ чалавек з густымi, падстрыжанымi вусамi.

"Няўжо Юрась з Даўгiнава?" - падумаў Амелька i хацеў ужо падысцi блiжэй, каб лепш разглядзець, але чалавек сам падняўся з зямлi i, пiльна ўглядаючыся ў светлы змрок, стаў хадзiць вакол будкi, як бы стараючыся што-небудзь угледзець.

Прымецiўшы пры будцы Амельку, ён падышоў к яму i запытаў:

- Паромшчык?

- Але, - адказаў Амелька, пазнаючы Юрася.

- Тутэйшы? - зноў запытаў Юрась.

- Не пазнаў? - у сваю чаргу запытаў Амелька. - Юрась, так?

- Чакай, - сказаў замест адказу Юрась i, схвацiўшы Амельку за плечы, павярнуў яго твар у бок агню.

- Амелька! - крыкнуў ён весела. - А я такi думаю - хто тут можа быць паромшчыкам, як не тутэйшы чалавек, i стаў прыглядацца, пагавару, думаю, з сваiм чалавекам. Аж так яно i ёсць. Ну, як жывеш?

- Жывём. А ты яшчэ ўсё ў войску?

- У войску, старшым тэлефанiстам служу, дамоў яшчэ мяне не пускаюць. Папалася якраз праходзiць праз свае, родныя мясцiны.

- Дома будзеш?

- Буду, гэта ж па дарозе. Там, мусiць, дняваць будзем.

- Не надаела служыць?

- Не. Каб на адным месцы стаялi, можа i надаела б. Але служба такая папалася жывая - сягоння тут, а назаўтра за сотню вёрст дзе-небудзь. Так нiколi не надаесць. Разглядай сабе свет i жывi. Весела так.

- А мне вось тут весела. Перавожу сабе што дзень, то новых людзей. Часам, чакаючы, думаю, каго-то цяпер прыйдзецца перавозiць. Што за чалавек i адкуль?

- I так слаўна, - адказаў Юрась, - самае галоўнае, у сябе не закапвайся, а жывi ў людзях. Глядзi на ўсё i ўсё ведай.

- Ну, а дамоў не хочацца?

- Мала калi думаю аб гэтым. Заўсёды хочацца да свае сям'i, сваiх хочацца пабачыць, пагаварыць, пажыць. А зямля - усюды зямлёю. Усюды працуй i будзеш жыць.

- Вось, - сказаў сам сабе Амелька ў думках сваiх, - ад каторага чалавека чую тое, аб чым сам часта думаю. На ўсякiм месцы на зямлi чалавек дома.

I раптоўна захацелася яму глянуць на ўсё тое, што ў тую хвiлiну рабiлася на ўсёй зямлi. Захацелася яму куды-небудзь iсцi, iсцi ўсё блiжэй i блiжэй к нечаму таму, што ў галаве яго вырысоўвалася як галоўны пункт, цэнтр усяго жыцця.

Назад Дальше