На беразе (на белорусском языке) - Кузьма Черный 4 стр.


Хацелася яму самому не стаяць каля свае будкi цiха i спакойна, а рабiць якое-небудзь дзела, якое магло б быць вiдавочным i карысным для ўсiх.

I, як Юрась, пакiнуўшы гаварыць з iм, пайшоў к возу збiрацца ў дарогу, Амелька, ахоплепы вялiкiм наплывам думак, глядзеў, як варушылiся на беразе людзi, пакрыквалi на коней i збiралiся згiнуць з гэтага берага, каб нiколi не паказацца пры такiх самых варунках на iм.

"Усё на свеце бяжыць i не варочаецца, - мiгнула ў Амелькi новая думка, - не траць дарэмна i хвiлiны жыцця, бо не вернеш яго".

Пасля таго як бераг зрабiўся пустым, Амелька стаяў i слухаў, як патроху, неўзаметку сцiхалi недзе каля лесу зыкi вайсковага абозу.

I тады, у звязку з усiм перадуманым, з'явiлася ў яго новая, iм самiм не зразумелая думка, нават не думка, а пачуццё.

"Трэба глыбей убiраць у сябе жыццё, бо жыць слаўна..."

Ён пайшоў у бок свайго парома i моцна, зычна дыхнуўшы, сказаў, не думаючы аб сваiх словах:

- Эх, ты!..

Каля самага парома ён азiрнуўся кругом i бачыў, як чуць-чуць рабiлася святлей на ўсходзе. Чутно было, як у Хартонаўцы галасiлi пеўнi.

Вакол больш не было нiякiх зыкаў; густая i чорная вада цякла цiха i спакойна.

[1942]

Каментары

Друкуецца па газеце "Савецкая Беларусь", 1924, 31 студзеня, 1 i 2 лютага, дзе апублiкавана ўпершыню. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.

Назад