Бiльярд а палове дзесятай - Генрих Бёлль 17 стр.


Выпрастаўшыся, ён падымаўся па драбiнах, ступаючы ў шэрую бясконцасць памiж папярэчынамi, а ў той самы час насустрач яму спускаўся Давiд, маларослы Давiд; усё сваё жыццё ён мог насiць гарнiтуры, якiя купляў яшчэ зусiм малады… памалу! Чаму вы спыняецеся памiж прыступак, чаму вам хоць бы не прысесцi на iх, калi вам трэба пагаварыць адзiн з адным; абодва выпрастаўшыся; цi напраўду яны абнялiся, цi напраўду сын паклаў руку на плячо бацьку, a бацька — на плячо сыну?

Калi ласка, каву, Гупэрц: моцную, гарачую; i цукру як найбольш; па абедзе ён любiць моцную i салодкую каву, a з ранiцы — слабую; ён, мой гаспадар; ён iдзе сюды з шэрай бясконцасцi, у якую адыходзiць вялiкiмi крокамi другi, выпрастаны i нязломны; яны адважныя — мой муж i мой сын, яны спускаюцца да мяне, у закляты замак: сын два разы, а мой гаспадар толькi адзiн раз на тыдзень: ён прыносiць з сабою суботу, у ягоных вачах каляндар, вымярэнне часу; i я не магу нават спадзявацца, што мне ўдасца растлумачыць яго аблiчча спрытнасцю цырульнiкаў: восемдзесят год яму, у яго сёння дзень нараджэння, якi будзе ўрачыста адзначаны ў Кронэравай кавярнi; але без шампанскага; ён заўсёды цярпець не мог шампанскага, i я так i не даведалася чаму.

Некалi ты марыў пра тое, каб наладзiць у гэты дзень грандыёзную вечарыну: сем разоў па сем унукаў, праўнукi, нявесткi, унукi з жонкамi, унучкi з мужыкамi; ты ж — колькi помню — здаваўся сабе Аўраамам, заснавальнiкам вялiзнага роду; ты бачыў сам сябе ў скляпеннях летуценняў з дваццаць дзевятым праўнукам. Памнажацца, працягваць памнажацца… але гэта будуць сумныя радзiны: адзiн-адзiны сын; светлавалосы ўнук i цёмнавалосая ўнучка, якiх табе падаравала Эдыт, а мацi, заснавальнiца сям'i, — у заклятым замку, куды спусцiцца можна толькi па бясконца доўгiх драбiнах з вялiзнымi перакладзiнамi.

— Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, стары Давiд, ты i цяпер гэткi самы хударлявы, як у маладосцi; не цвялi мяне календаром у тваiх вачах; я адплываю на маленькiм каляндарным лiстку з надпiсам "31 траўня 1942 г."; не знiшчай маёй лодачкi, злiтуйся з мяне, каханы; не спiхвай мяне ў акiян тых мiнулых шаснаццацi год. Цi памятаеш ты лозунг: "Перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць", бяда тым людзям, што не прымаюць бычынага прычасця; ты таксама ведаеш, што прычасцi маюць жахлiвую ўласцiвасць: яны iснуюць бясконца; людзi былi галодныя, а хлеба для iх не пабольшала, рыбы не пабольшала; прычасце авечкi не наталяла iх голаду, а вось бычынае прычасце давала ежы ўдосталь; яны не навучылiся лiчыць: трыльён за цукерку, конь за адзiн яблык, а потым няма i трох пфенiгаў, каб заплацiць за булачку; i заўсёды парадак, прыстойнасць, гонар, адданасць; прышчэпленыя бычыным прычасцем, яны неўмiручыя; пакiнь гэта, Давiд, навошта цягнуць час за сабою; злiтуйся, патушы час на календары ў тваiх вачах; гiсторыю робяць iншыя; у цябе ёсць Кронэрава кавярня; калi-небудзь табе паставяць помнiк — такi невялiчкi з бронзы; цябе ўвекавечаць з рулонам эскiзаў у руцэ: малы, шчуплы, з усмешкай на вуснах, штосьцi сярэдняе памiж маладым равiнам i прадстаўнiком багемы; з неакрэсленай пячаццю вясковага паходжання; ты ж бачыў, куды вядзе палiтычная разумнасць; няўжо ты хочаш пазбавiць мяне маёй палiтычнай неразумнасцi?

З акна свайго кабiнета ты абяцаў мне: "Hе бядуй, я буду цябе кахаць i пазбаўлю цябе ад тых жахаў, пра якiя табе расказваюць твае школьныя сяброўкi — ад жахаў, што нiбыта здараюцца ў першую шлюбную ноч; не вер нашэптванням гэтых iдыётак; калi прыйдзе тая хвiля, мы будзем смяяцца; абавязкова, клянуся табе; але ты яшчэ пачакай крыху: два тыднi, самае большае месяц; я куплю букет кветак, вазьму дылiжанс i пад'еду да вашага дома. Мы будзем рабiць падарожжы, паглядзiм свет, ты падорыш мне дзяцей пяцёра, шасцёра, сямёра; дзецi падораць мне ўнукаў — пяць, шэсць, сем разоў па сем; ты нiколi не будзеш заўважаць па мне, што я працую; я не дам табе адчуць, што такое мужчынскi пот, што такое сапраўдныя мускулы i сапраўдная вайсковая форма; мне ўсё даецца лёгка; я вучыўся, сёе-тое вывучаў сур'ёзна i загадзя заплацiў за пот, што прыйдзецца пралiць; я не мастак, табе не трэба мець нiякiх iлюзiй на гэты конт; я не здолею выявiць перад табою нi фальшывага, нi сапраўднага дэманiзму; тое, пра што твае сяброўкi расказваюць вусцiшныя казкi, здарыцца не ў спальнi, а пад адкрытым небам: ты павiнна яго бачыць над сабою. Лiсткi i травiнкi будуць спадаць на твой твар, ты адчуеш пах восеньскага вечара, i табе не будзе здавацца, што ты бярэш удзел у брыдкiх акрабатычных практыкаваннях, якiя належаць да тваiх абавязкаў; ты будзеш удыхаць пахi восеньскай травы, лежачы на прыбярэжным пяску, памiж зараснiкаў лазы — там, дзе вада пасля паводкi пакiнула свой след-паласу; сцёблы чароту, коркi ад пляшак, бляшанкi ад гуталiну, пацерка з ружанца, што ўпала за борт у шкiперавай жонкi, i лiманадныя пляшкi з укладзенымi ў iх цыдулкамi; у паветры горкi дым ад параходных комiнаў; грукат якарных ланцугоў; мы не будзем рабiць з гэтай справы крывавай i паважнай, хоць яна, натуральна, i крывавая, i паважная.

А той корак, якi я ўхапiла пальцамi сваiх босых ног i падарыла табе на памятку? Я ўхапiла яго i падарыла табе, бо ты пазбавiў мяне ад спальнi, гэтай змрочнай катоўнi, пра якую я ведала з раманаў, нашэптванняў сябровак, з перасцярог манашак; галiнкi лазы звiсалi над маiм iлбом, срэбна-зялёныя лiсткi вiселi ў мяне перад цёмнымi i поўнымi бляску вачыма; параходы раўлi ў мой гонар: абвяшчалi мне, што я зрабiлася жанчынаю; сутонне, асеннi вечар, усе якарныя ланцугi былi ўжо даўно апушчаныя ў ваду, матросы i жонкi шкiпераў сыходзiлi па хiсткiх трапах на бераг, i я ўжо сама жадала таго, чаго яшчэ некалькi гадзiн таму баялася; але ўваччу ў мяне ўсё ж паявiлася некалькi слязiнак, бо я адчувала сябе нявартай памяцi сваiх продкаў, якiм было сорамна рабiць уцеху з абавязку; ты прыляпiў мне тады вербавыя лiсточкi на лоб i на сляды ад слёз — там, унiзе, на прыбярэжным пяску, дзе мае ногi краналiся сцёблаў чароту, бутэлек з цыдулкамi, у якiх адпускоўцы пасылалi свае прывiтаннi гараджанам; адкуль узялiся тыя гуталiнавыя бляшанкi: цi яны былi выкарыстаныя матросамi, каб да бляску начысцiць свае боты, перад тым як выйсцi на бераг? А можа — жонкамi шкiпераў, якiя хадзiлi рабiць пакупкi з чорнымi блiшчастымi сумкамi, альбо — хлопцамi, што насiлi шапкi з чорнымi брылямi, якiя блiшчалi ў паўзмроку, калi мы потым сядзелi на чырвоных крэслах у кавярнi Трышлера? Я з захапленнем глядзела на прыгожыя рукi маладой жанчыны, што падавала нам смажаную рыбу, салату, якая была такая зялёная, што балюча было вачам; вiно; рукi гэтай маладой жанчыны, якая пазней, праз дваццаць восем гадоў, будзе прамываць вiном раны на знявечанай спiне майго сына; ты не павiнен быў крычаць на Трышлера, якi нам затэлефанаваў i паведамiў пра няшчасны выпадак з Робертам; паводка, паводка… мне заўсёды карцела кiнуцца ў раку, што выйшла з берагоў, i дазволiць вадзе аднесцi мяне да шэрых даляглядаў. Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, але не цалуй мяне; не разбурай майго карабельчыка; вось табе кава, салодкая i гарачая; паабедзенная кава, моцная i без малака; вось тут цыгары, па шэсцьдзесят пфенiгаў штука; Гупэрц купiў iх па маёй просьбе. Памяняй аб'ектывы сваiх вачэй, стары; я ж не сляпая, а проста вар'ятка i, вядома ж, магу прачытаць дату на календары, што вiсiць унiзе ў вестыбюлi: "6 верасня 1958 года"; я не сляпая i ведаю, што я не магу растлумачыць твайго аблiчча спрытнасцю цырульнiкаў; вазьмi ўдзел у маёй гульнi, падкруцi аб'ектывы сваiх вачэй i не апавядай мне зноўку пра твайго прамянiстага светлавалосага ўнука, у якога матчына сэрца i бацькаў розум i якi цяпер твой упаўнаважаны пры адбудове абацтва; цi ён ужо здаў iспыты на атэстат сталасцi? Цi збiраецца ён вывучаць статыку? Ён цяпер на практыцы? Прабач мне за мой смех, але я нiколi сур'ёзна не ўспрымала будаўнiцтва; пыл, шчыльна збiты i спечаны пыл, ператвораны ў элементы структуры; аптычны падман, фата-маргана, загадзя асуджаная на ператварэнне ў руiны; перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць; я сёння ўраннi прачытала гэта ў газеце — перш чым яны мяне забралi. "Усе трыумфавалi… поўныя пабожнай веры, яны прыслухоўвалiся да слоў… радасць i трыумф зноў i зноў захаплялi ўсiх…" Хочаш, я прачытаю табе гэта з мясцовай газеты?

Грамада тваiх унукаў — не сем разоў па сем, а два разы па адным — не будзе карыстацца з прывiлеяў, я абяцала гэта Эдыт, авечцы; яны не будуць прымаць бычынага прычасця, а хлопец не будзе вучыць верша, якi яму задалi ў школе:

Удары ўсе ўсхваляй, што лёс нам пасылае,

Бо лiха душы блiзкiя злучае…

Ты чытаеш зашмат цэнтральных газет, дазваляеш, каб табе падавалi «быка» з кiслай, альбо салодкай, альбо бог ведае з якой падлiўкаю; ты чытаеш зашмат газет, прызначаных для звышадукаванай элiты; зiрнi: тут, у мясцовых газетах ты можаш наесцiся сапраўдных памыяў — чыстых, без дамешак i падробак, што падаюцца з самымi лепшымi намерамi, якiя толькi магчыма сабе ўявiць: iншыя твае цэнтральныя — газеты не робяць таго з самымi лепшымi намерамi: яны проста палахлiвыя; а вось гэтыя маюць самыя лепшыя намеры; нiякiх прывiлеяў, калi ласка; i нiякай шкадобы; вось што тут пiшуць, звяртаючыся да мяне: "Мацяркi тых, што палеглi…":

I, хоць народ вас, як святых, шануе,

Ды сэрца ваша па сынах смуткуе.

Я — святая ў народа, i сэрца маё смуткуе: загiнуў мой сын — Ота Фэмель; прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць; ён выдаў нас палiцыi, зрабiўся раптам толькi вонкавай абалонкай нашага сына; нiякай шкадобы; нiякiх прывiлеяў; абата яны, вядома, пашкадавалi, бо ён пакаштаваў бычынага прычасця; прыстойнасць, парадак, гонар; гэтую падзею святкавалi манахi з паходнямi ў руках, уверсе, на пагорку, пазiраючы долу, у далiну Кiса; надыходзiла новая часiна, часiна ахвяр, часiна пакут, а ў iх зноў былi пфенiгi на булачкi, пяць пфенiгаў на кавалак мыла; абат здзiвiўся, калi Роберт адмовiўся браць удзел ва ўрачыстасцях; манахi на запененых конях заехалi на вяршыню пагорка, расклалi вогнiшча; свята сонцавароту; запалiць агонь дазволiлi Оце; ён тыцнуў запаленай паходняй у сушняк; тыя самыя вусны, што гэтак цудоўна ўмелi спяваць "Rotate coeli", спявалi словы, ад якiх дай божа мне ўберагчы майго ўнука: "Дрыжаць спарахнелыя косцi…"; цi не дрыжаць твае косцi, стары?

Хадзi, стары, пакладзi сваю галаву мне на каленi, запалi цыгару; фiлiжанку з кавай ты лёгка дастанеш рукой; заплюшчы вочы; апусцi заслону; прэч; будзем паўтараць бясконца малiтву: "Цi памятаеш?..", успамiнаць пра гады, калi мы жылi за горадам, у Блесэнфэльдзе, дзе кожны вечар пахнуў адпачынкам, простым людам, якi наядаўся ў будках са смажанай рыбай, каля вазкоў з куханамi i марожаным; бласлаўлёныя, яны маглi есцi рукамi; а мне гэтага не дазвалялася, пакуль я жыла дома; ты дазволiў мне рабiць гэта; дудзелi катрынкi, рыпелi каруселi, а я ўдыхала тыя пахi, чула, адчувала, што трывалае толькi тое, што прамiнула; ты мяне выбавiў з таго жахлiвага дома, у якiм яны праседзелi чатырыста год i з якога яны марна спрабавалi выбрацца; летнiмi надвячоркамi я сядзела на даху, на тэрасе, а яны тым часам пацягвалi вiно ўнiзе ў садзе; мужчынскiя вечарыны, вечарыны для дамаў; а я ў пранiзлiвым смеху жанчын чула тое самае, што i ў гучным рагатаннi мужчынаў роспач; калi вiно развязвала языкi, здымала ўсялякiя табу, калi водары летняга вечара вызвалялi iх з няволi ўласнае крывадушнасцi — тады рабiлася вiдавочным, што яны не былi нi досыць багатыя, нi досыць бедныя, каб адкрыць для сябе адзiную трывалую рэч — тое, што прамiнае: я тужыла па iм, хоць мяне i выхоўвалi вечнымi катэгорыямi: шлюб, адданасць, гонар, спальня, дзе быў толькi абавязак i не было свабоды; i ў мяне ўвушшу звiнела, нiбы заклiк булькатлiвай вады ў час паводкi: "навошта-навошта-навошта?"; я не хацела далучацца да iхняй роспачы, не хацела браць у спадчыну тую змрочную спадчыну, што яны перадавалi з пакалення ў пакаленне; я сумавала па белым бязважкiм прычасцi авечкi i спрабавала пры "Меа culpa, mea maxima eulpa" выбiць у сябе з грудзей старажытны спадак змроку i гвалту; вяртаючыся ад iмшы, я пакiдала ў сенцах свой малiтоўнiк, прыходзiла як найраней — каб атрымаць пацалунак ад бацькi; яго грымотны бас разносiўся па двары аж да самае канторы: мне споўнiлася пятнаццаць, шаснаццаць, семнаццаць, васемнаццаць, i ў матчыных вачах я згледзела напятую чуйнасць, з якою яна чакала майго паўналецця; калi яе свойчас кiнулi на пакорм ваўкам, дык чаму б гэтая доля павiнна была абмiнуць мяне? Тыя ваўкi павырасталi ўжо — апiвошы, уладальнiкi форменных кепурак, прыгожыя i не надта; я глядзела на iхнiя рукi, у iхнiя вочы, i на мне вiсеў страшэнны праклён: я ведала, якiя яны зробяцца, калi iм будзе сорак, шэсцьдзесят год: фiялетавыя жылiны на руках, якiя нiколi не будуць пахнуць адпачынкам; паважнасць, мужчынскасць, адказнасць; ахоўваць законы, выкладаць дзецям гiсторыю; лiчыць грошы, выказвацца за палiтычную разумнасць; усе яны, гэтаксама як i мае браты, былi асуджаныя на бычынае прычасце; маладыя яны былi толькi сваiм узростам, i толькi адно магло прынесцi iм бляск i велiч, ахiнуць iх мiфалагiчнай смугою — смерць; час быў адно сродкам, якi наблiжаў iх да яе; яны прынюхвалiся да смерцi, i iх вабiла да ўсяго, што пахла смерцю; яны самi пахлi трупным смуродам; гэты смурод прыцiшана сядзеў у доме, у вачах тых, каму мяне хацелi аддаць на пакорм — уладальнiкаў форменных кепурак, ахоўнiкаў законаў; толькi адно было забаронена — прага да жыцця i гульня. Цi ты разумееш мяне, стары? Гульню лiчылi за смяротны грэх; не спорт: яго яны цярпелi, бо спорт падтрымлiвае жыццёвы тонус, узбадзёрвае, робiць прыгажэйшымi, узмацняе апетыт ваўкоў; яны развiваюць iнстынкты хатняй гаспадынi i мацi; танцы — таксама добра, бо павялiчвае рыначную вартасць; але калi я ў сваiм пакоi наверсе таньчыла сама для сябе, у начной кашулi гэта быў грэх, бо такi танец ужо не быў абавязкам; на вечарынах i ў цёмных калiдорах уладальнiкам форменных фуражак дазвалялася цiскаць мяне, iм дазвалялася таксама ў лясным паўзмроку, пад час паездак за горад, прылiпаць да мяне з не занадта рызыкоўнымi ласкамi; мы ж не надта ганарыстыя якiя; я малiлася, каб прыйшоў чалавек, якi б выбавiў мяне ад смерцi ў воўчым логвiшчы; я малiлася, прымала дзеля гэтага белае прычасце i бачыла цябе насупраць, у акне твайго працоўнага кабiнета; каб ты ведаў, як я цябе кахала; каб ты мог толькi пра гэта здагадвацца, ты б цяпер не падымаў вачэй i не паказваў календара ў iх; ты б не спрабаваў расказваць мне, як павырасталi мае ўнукi, — яны ўвесь час пытаюцца, не забылiся пра мяне. Hе, я не хачу iх бачыць; я ведаю, што яны любяць мяне, i ведаю, што ў мяне была адна магчымасць вырвацца з рук забойцаў: дазволiць абвясцiць сябе вар'яткай; але калi б са мною зрабiлi гэтак, як з Грэцавай мацi — тады што? Мне пашанцавала, сапраўды пашанцавала на гэтым свеце, дзе за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём, у якiм абвяшчэнне цябе вар'ятам можа загубiць альбо ўратаваць цябе; не хачу аддаваць назад тых гадоў, што я праглынула, не хачу бачыць дваццацiгадовага Ёзэфа з плямамi ад муравальнага раствору: на калашынах штаноў, у пiнжаку, перапэцканым гiпсам — маладога чалавека, якi радасна махае лiнейкаю альбо крочыць са скруткам планаў пад пахаю; я не хачу бачыць дванаццацiгадовай Рут з кнiжкай "Падступнасць i каханне" ў руках; замруж павекi, стары Давiд, загарнi каляндар; вось твая кава.

Павер мне, я напраўду баюся; я не маню; дазволь плысцi маёй лодачцы, не знiшчай яе, нiбы хлопчык-неслух; свет злы, i ў iм так мала чыстых сэрцаў; i Роберт таксама бярэ ўдзел у маёй гульнi, паслухмяна ходзiць на станцыi, на якiя я яго пасылаю: з тысяча дзевяцьсот семнаццатага па тысяча дзевяцьсот сорак другi — нi на адзiн крок далей; ён заўсёды выпрастаны, не гнецца, трымаецца як сапраўдны немец; я ведаю, што ён сумаваў па радзiме, што нi гульня ў бiльярд, нi завучванне формул на чужыне не рабiлi яго шчаслiвым, што не толькi Эдыт была прычынаю таго, што ён вярнуўся: ён — немец, чытае Гёльдэрлiна, нiколi не каштаваў бычынага прычасця; Роберт належыць да блакiтнай крывi, ён не авечка, а пастыр. Я толькi б хацела даведацца, што ён рабiў на вайне, але ён нiколi пра тое не апавядае; ён архiтэктар, якi дагэтуль не пабудаваў нiводнага дома, нiколi не меў слядоў раствору на калашынах; не, ён бездакорны, ветлiвы кабiнетны архiтэктар, яго не вабяць святы з нагоды пабудовы новага дома. Але дзе наш другi сын, Ота? Загiнуў пад Кiевам; ён — наш, крывёю i целам; адкуль прыйшоў ён i куды пайшоў? Цi ён напраўду быў падобны да твайго бацькi? Цi бачыў ты хоць раз Оту з дзяўчынаю? Я вельмi б хацела што-небудзь даведацца пра яго; бо ведаю толькi, што ён з ахвотаю пiў пiва, што не любiў гуркоў, i ведаю рухi яго рук, калi ён прычэсваўся i калi апранаў палiто; ён выдаў нас палiцыi, пайшоў у войска не скончыўшы нават вучобы ў школе; ён дасылаў нам паштоўкi з тэкстамi, поўнымi забойчай iронii: "У мяне ўсё як мае быць, спадзяюся, што i ў вас таксама, мне трэба З". Ота… ён нават нiводнага адпачынку не правёў дома; дзе ён праводзiў iх? Якi дэтэктыў здолеў бы нам расказаць пра гэта? Я ведаю нумары яго палкоў, нумары палявых поштаў, яго вайсковыя званнi обер-лейтэнант, маёр, падпалкоўнiк Фэмель… i апошнi ўдар быў нам зноўку нанесены лiчбамi: "…загiнуў 12.01.42 г.". Я на свае вочы бачыла, як ён збiваў прахожых, што не вiталi яго штандараў; падымаў руку i бiў; ён бы ўдарыў i мяне, каб я хуценька не перабегла на другi бок вулiцы, дзе былi крамкi, што гандлявалi драбязой; як ён патрапiў у наш дом? У мяне нават нiякага аблуднага суцяшэння, накшталт таго, што яго маглi падмянiць пры нараджэннi; ён нарадзiўся ў нашым доме, у спальнi наверсе, праз два тыднi пасля Генрыхавай смерцi, змрочным кастрычнiцкiм днём 1917 года; i быў падобны да твайго бацькi.

Назад Дальше