Бiльярд а палове дзесятай - Генрих Бёлль 18 стр.


Цiха, стары; нiчога не кажы, не расплюшчвай сваiх вачэй i не паказвай сваiх васьмiдзесяцi год. "Memento quia pulvis es et in pulverem reverteris".[9] Яны гэта кажуць нам досыць выразна; усё прах — тое, што застаецца ад раствору, закладныя акты, дамы, сядзiбы, помнiк у цiхiм прадмесцi, дзе дзецi, гуляючы на вулiцы, будуць пытацца, хто гэта быў?

Яшчэ маладою мацi, я, квiтнеючы i радуючыся, хадзiла па Блесэнфэльдскiм парку i разумела ўжо тады, што адны буркатлiвыя пенсiянеры, якiя лаялiся на галаслiвых дзяцей, лаюцца толькi на тых, хто калi-небудзь зробiцца таксама буркатлiвым пенсiянерам i будзе сядзець на тым самым месцы ды лаяцца на галаслiвых дзяцей, якiя, у сваю чаргу, таксама калi-небудзь ператворацца ў буркатлiвых пенсiянераў; я вадзiла за рукi двух хлопчыкаў: аднаму было чатыры, другому шэсць год; пасля першаму было шэсць, другому — восем, першаму — восем, другому — дзесяць год, а ў садзе вiселi старанна намаляваныя шыльдачкi: «25», "50", «75», "100" — чорныя лiчбы на пафарбаванай белым лакам блясе; яны заўсёды нагадвалi мне лiчбы на трамвайных прыпынках; увечары твая галава ў мяне на каленях, фiлiжанка кавы ў цябе пад рукою; мы дарэмна чакалi шчасця; не знаходзiлi яго нi ў купэ чыгуначных вагонаў, нi ў гатэлях; чужы чалавек хадзiў па нашым доме, насiў нашае прозвiшча, пiў нашае малако, еў наш хлеб, купляў за нашыя грошы ў дзiцячым садзе какаву, а потым — школьныя сшыткi. Занясi мяне назад на бераг ракi, дзе мае босыя ногi будуць кранацца следу паводкi на пяску, дзе гудуць параходы i пахне дымам; завядзi мяне ў кавярню, дзе на стол падае жанчына з цудоўнымi рукамi; цiха, стары, не трэба плакаць; я жыла ва ўнутранай эмiграцыi, а ў цябе ўвесь час былi сын, двое ўнукаў; мажлiва, неўзабаве яны падораць табе праўнукаў; не ў маёй уладзе маё вяртанне да цябе, штодзённае скручванне лодачкi з календарнага лiстка i поўнае радасцi веславанне на ёй да паўночы; 6 верасня 1958 года; гэта будучыня, будучыня Нямеччыны; я сама чытала пра гэта ў мясцовай газетцы:

"Абразок з нямецкай будучынi: дваццацiаднагадовы унтэр-афiцэр Моргнэр зрабiўся трыццацiшасцiгадовым селянiнам Моргнэрам; вось ён стаiць на беразе Волгi; вечар, праца скончаная; ён палiць цыгару, якую добра заслужыў; на руцэ трымае адно з сваiх бялявых дзяцей. Задумлiва ён паглядае на жонку, якая канчае даiць апошнюю карову; нямецкае малако на волжскiм беразе…"

Ты не хочаш слухаць далей? Добра, але дай мне задаволiцца будучыняй; я не хачу ведаць, якая яна робiцца, ператвараючыся ў сучаснасць; хiба яны не стаяць на беразе Волгi? Hе плач, стары; заплацi за мяне выкуп, i я вярнуся з заклятага замку: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн.

Калi будзеш вылазiць адсюль па драбiнах, рабi гэта памалу; выцягнi цыгару з рота: табе ўжо не трыццаць год, i можа закружыцца ў галаве; сёння ўвечары сямейная ўрачыстасць у Кронэравай кавярнi? Мажлiва, я прыйду; зычу табе шчасця ў дзень нараджэння; даруй, што я смяюся; Ёганне было б ужо сорак восем, Генрыху — сорак сем; яны забралi сваю будучыню з сабою; не плач, стары; ты сам захацеў пачаць гэтую гульню. Падымаючыся па драбiнах, рабi гэта памалу.

6

Жоўта-чорны аўтобус спынiўся перад ваколiцай вёскi, a пасля павярнуў з прасёлка ў напрамку Додрынгена; у воблаку пылу, што пакiнуў за сабою аўтобус, Роберт убачыў бацьку; стары выйшаў на залiтую сонцам прастору, нiбы з густой iмглы; ён быў усё яшчэ жвавы i гнуткi, нават паўдзённы сквар амаль нiяк не адбiўся на iм; ён павярнуў на галоўную вулiцу, прайшоў паўз карчму «Лебедзь»; знуджаныя хлопцы-вяскоўцы паглядалi на яго са сходаў карчмы пятнаццацi-, шаснаццацiгадовыя юнакi; напэўна, тыя самыя, што падпiльноўвалi Гугу, калi той вяртаўся са школы; у глухiх завулках, у цёмных стайнях яны бiлi яго, называючы божай авечкай. Стары Фэмель прамiнуў управу бургамiстра i помнiк палеглым, дзе змораны самшыт, што вырас на кiслай глебе, узняў свае галiны ў гонар тых, што загiнулi на трох войнах; стары спынiўся каля мура, якiм былi агароджаныя могiлкi; ён выцягнуў з кiшэнi насоўку, абцёр пот з iлба, зноў згарнуў i схаваў насоўку, абцягнуў на сабе пiнжак i рушыў далей; Роберт бачыў, як пры кожным кроку правая калашына бацькавых штаноў апiсвала гарэзную дугу; толькi на iмгненне рабiлася вiдочнай цёмна-блакiтная падшыўка штаноў, i нага старога апускалася на зямлю, каб тут жа зрабiць новую гарэзную дугу; Роберт зiрнуў на станцыйны гадзiннiк: без дваццацi чацвёртая; цягнiк прыбудзе толькi а чацвёртай гадзiне i дзесяць хвiлiн; паўгадзiны, значыць, — нiколi яшчэ, колькi ён сябе памятаў, яму не даводзiлася гэтак доўга бываць сам-насам з бацькам; ён спадзяваўся, што бацька прабудзе ў лякарнi даўжэй i яму не трэба будзе весцi гэтую размову, размову сына з бацькам. Пачакальня на станцыi Дэнклiнген была не найлепшым месцам для гэтага спаткання, якога бацька чакаў, можа, дваццаць альбо трыццаць гадоў; размова з сынам, якi ўжо цяпер сталы мужчына, якога не возьмеш ужо за руку, не павязеш да мора, не запросiш у кавярню з'есцi кавалак пiрага цi марожанае; пацалунак на дабранач, пацалунак на дабрыдзень, пытанне наконт хатнiх заданняў ды колькi жыццёвых сентэнцый накшталт "сумленне — сiла чалавека" альбо "Бог не ашукае"; штотыднёвыя кiшэнныя грошы сыну; усмешка, поўная гордасцi за чарговы сынаў спартыўны дыплом i школьныя поспехi; нясмелыя размовы пра архiтэктуру, паездкi ў абацтва; нi слова, калi ён знiк, i нi слова, калi ён паявiўся зноў; прыгнечанасць пад час снеданняў, абедаў i вячэраў, калi за сталом сядзеў Ота: нават размовы пра надвор'е былi немагчымыя; мяса, парэзанае срэбранымi нажамi; падлiўка, што налiвалася срэбранымi лыжкамi; мацi, здранцвелая, нiбы трус перад кобраю; бацька пазiраў у акно, крышыў хлеб, машынальна падносiў лыжку да рота, рукi ў Эдыт дрыжалi, а тым часам Ота з пагардаю клаў сабе ў талерку самыя вялiкiя кавалкi мяса; ён адзiн за сталом мог як належыць ацанiць смак кожнае стравы; бацькаў улюбёнец, заўсёды гатовы да вандровак i падарожжаў, да незвычайнага; жыццярадасны хлопчык з радаснай будучыняй; хлопчык, створаны дзеля таго, каб пад час кiрмашоў абуджаць у бацьку пачуццё ўдалага i шчаслiвага жыцця; час ад часу Ота казаў весела: "Вы ж можаце выперцi мяне з дому"; нiхто яму не адказваў. Папалуднаваўшы, Роберт iшоў у бацькаў кабiнет, сядзеў толькi там, рысаваў, манiпуляваў формуламi, пакуль Фэмель-старэйшы зморана нацягваў рабочы халат, корпаўся ў скрутках эскiзаў, раз-пораз спыняўся перад планам абацтва Святога Антонiя, пасля выходзiў — на шпацыр, на каву, наведаць даўнiх калегаў, даўнiх ворагаў; у тых дамах, дзе бацька ўжо сорак год быў жаданы госць, пачалася ледавiковая эпоха — у адных дамах праз Роберта, у другiх — праз Оту; а ён жа быў жыццярадасны па сваёй натуры, створаны для жыцця, поўнага ўцех, дзеля таго, каб пiць каву i вiно, рабiць падарожжы i разглядаць кожную зграбную дзяўчыну, убачаную iм на вулiцы альбо ў вагоне цягнiка, як на мажлiвую нявестку; часцяком ён гадзiнамi шпацыраваў з Эдыт, якая штурхала перад сабою дзiцячы вазок; у яго было тады мала працы, i ён вельмi цешыўся, калi яму даручалi спраектаваць у пабудаваных iм лякарнях невялiкiя прыбудовы i наглядаць за тым, як iдуць работы; альбо калi яго прасiлi прыехаць у абацтва Святога Антонiя, каб адрамантаваць там якую-небудзь сцяну; яму здавалася, што Роберт злуе на яго, а Роберт меркаваў, што гэта бацька злы на яго. Але цяпер Роберт ужо сталы чалавек, сам бацька дарослых дзяцей, якi мусiў перажыць цяжкi ўдар лёсу — смерць жонкi, якi пабываў у эмiграцыi, потым вярнуўся дамоў; ваяваў, перажыў i здраду, i катаваннi; чалавек самастойны, з выразна акрэсленым месцам у жыццi: "Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлiкаў; пасля паўдня зачынена"; нарэшце яны сталi паўнапраўнымi суразмоўцамi.

— Яшчэ адно пiва шаноўнаму пану? — спытаў карчмар з-за прылаўка, выцiраючы пiўную пену на нiкеляванай падстаўцы; пасля ён выцягнуў з вiтрыны-халадзiльнiка дзве талеркi — тэфтэлi з гарчыцаю — i аднёс iх маладзенькай парачцы, што сядзела ў куце, размораная i распараная вулiчнай спёкай.

— Прашу, калi ласка, — адказаў Роберт, — яшчэ адзiн кухаль.

Ён адсунуў фiранку i ўбачыў, што бацька павярнуў направа, абмiнуў могiлкавую браму, перайшоў вулiцу, спынiўся каля садочка начальнiка станцыi, пачаў разглядаць фiялетавыя астры, якiя толькi што пачыналi цвiсцi; ён, вiдавочна, адцягваў час.

— Hе, — сказаў Роберт карчмару за прылаўкам. — Калi ласка, два пiва i дзесяць цыгарэт «Вiрджынiя».

За сталом, занятым цяпер маладзенькай парачкай, тады сядзеў амерыканскi афiцэр, малады чалавек, якi, дзякуючы сваiм бялявым каротка пастрыжаным валасам, здаваўся яшчэ маладзейшы; яго блакiтныя вочы прамянiлiся верай, верай у будучыню, у якой усё будзе зразумелым; гэтая будучыня ляжала перад iм, нiбы карта, падзеленая на квадраты; заставалася толькi высветлiць маштаб гэтай карты: 1:1 цi 1:3 000 000? На столiку, побач з тонкiм алоўкам, якi афiцэр раз-пораз пакручваў у пальцах, ляжала тапаграфiчная карта абшчыны Кiслiнген.

За трынаццаць год, што прамiнулi з тае пары, стол анi не змянiўся; на правай яго назе, у якую малады чалавек увесь час хацеў уперцiся запыленымi сандалетамi, усё яшчэ былi вiдаць iнiцыялы, выразаныя ў нудоце нейкiм навучэнцам шафёрскiх курсаў: Ё. Д.; напэўна, хлопца звалi Ёзэф Додрынгер; i настольнiкi былi такiя самыя — з чырвонымi i белымi квадратамi; крэслы перажылi дзве сусветныя вайны — букавае дрэва без сукоў, ператворанае ў салiдную мэблю; ужо семдзесят год на iх узвальвалiся зады сялян, што чакалi цягнiкоў; новая была толькi вiтрына-халадзiльнiк побач з прылаўкам, у якой чакалi згаладалых альбо знуджаных пасажыраў сухаватыя тэфтэлi, халодныя катлеты, крута звараныя яйкi пад маянэзам.

— Калi ласка, шаноўнаму пану два пiва i дзесяць цыгарэт.

— Дзякую.

Нават карцiны на сцяне тыя самыя; абацтва Святога Антонiя, сфатаграфаванае з вышынi — здаецца, з пагорка Казакен — старым добрым фотаапаратам з чорнай хусткаю яшчэ на фотапласцiну; галерэя, рэфекторый, магутная царква, гаспадарчыя будынкi; побач вiсеў выцвiлы алеадрук; закаханыя ў полi на мяжы; каласы, валошкi, жоўта-бураватая ад высахлай глiны дарога; вясковая красуня гарэзна казыча каласком у вуху свайго каханка, якi паклаў галаву ёй на каленi.

— Вы не разумееце мяне, пан гаўптман; мы б хацелi даведацца, чаму Вы гэта зрабiлi, чуеце? Мы, натуральна, ведаем "загад аб выпаленай зямлi" — каб пакiнуць ворагу адно руiны i трупы, цi праўда? Але я не веру, што Вы зрабiлi гэта з прычыны таго, што быў такi загад; Вы, прабачце мне, занадта iнтэлiгентны, каб рабiць гэткае. Але навошта, навошта Вы тады ўзарвалi абацтва? Яно ж было помнiкам, пэўнай культурна-гiстарычнай каштоўнасцю; цяпер, калi ваенных дзеянняў на гэтым участку больш няма, а Вы ў нас у палоне i Вам наўрад цi ўдасца расказаць сваiм пра нашыя сумненнi, цяпер я магу прызнацца, што наш камандзiр ахвотней бы зацягнуў на два-тры днi пачатак наступу, чым нават пальцам зачапiць гэтае абацтва. Навошта Вы ўзарвалi яго, хоць i з пункту гледжання тактыкi i па стратэгiчных меркаваннях гэта не мела нiякага сэнсу? Вы не затрымалi нашага наступу, наадварот, Вы прыспешылi яго. Вы курыце?

— Куру. Дзякуй Вам.

Цыгарэта была добрая — моцная i мела прыемны смак.

— Я спадзяюся, што Вы разумееце, пра што iдзе гаворка. Прашу Вас, скажыце хоць слова; бачу, што мы амаль аднагодкi: Вам — дваццаць дзевяць, мне — дваццаць сем. Разумееце, мне хочацца зразумець Вас. Альбо Вы баiцёся вынiкаў Вашага прызнання — з нашага боку цi з боку Вашых адназемцаў?

Калi б Роберт паспрабаваў растлумачыць усё словамi, яны б перасталi быць праўдзiвымi, а, зафiксаваныя ў пратаколе, гэтыя словы былi б зусiм далёкiя ад праўды; як ён мог растлумачыць, што чакаў гэтай хвiлi пяць з паловай гадоў — хвiлi, калi абацтва стане яго здабычаю, будзе ляжаць перад iм, як дарунак Божы? Ён хацеў з пылу i руiнаў паставiць помнiк тым, хто не быў помнiкам гiсторыi i культуры i каго нiхто не шкадаваў, - Эдыт, забiтай бомбавым асколкам; Фэрдзi, якому за спробу замаху законам быў вынесены вырак смерцi; хлопчыку, якi ўкiдаў у паштовую скрынку цыдулкi з весткамi ад яго; Шрэлаваму бацьку, якi знiк невядома дзе; самому Шрэле, якi мусiў жыць так далёка ад Гёльдэрлiнавай радзiмы; Гролю, кельнеру з «Якара», i шмат каму iншаму, хто рушыў на фронт, спяваючы: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; за iх нi ў кога не патрабавалi справаздачы, нi ў кога з тых, хто не навучыў iх нiчаму лепшаму; дынамiт, колькi формул — гэта былi яго магчымасцi ставiць помнiкi; i падрыўная група была ў яго, вядомая сваёй дакладнасцю i квалiфiкацыяй, Шрыт, Гохбрэт, Кандэрс…

— Нам дакладна вядома, што Вы не маглi ўспрымаць сур'ёзна загадаў Вашага непасрэднага шэфа, генерала Оту Кёстэрса; нашыя вайсковыя псiхiятры аднадушна — а Вы не ведаеце, як цяжка бывае дамагчыся аднадушнасцi сярод амерыканскiх вайсковых псiхiятраў… яны аднадушна прызналi яго вар'ятам, якi не адказвае за свае ўчынкi; гэтак вось уся адказнасць за выбух пераходзiць на Вас, пан гаўптман, бо Вы, бясспрэчна, — не вар'ят, i — я мушу прызнацца Вам — Вы моцна скампраметаваныя паказаннямi Вашых таварышаў. Я зусiм не хачу пытацца ў Вас пра Вашыя палiтычныя погляды: я прывык ужо да ўрачыстых запэўнiванняў наконт невiнаватасцi; шчыра кажучы, гэта мне нават паспела надакучыць. Я ўжо казаў неяк сваiм калегам, што мы ў гэтай прыгожай краiне здолеем знайсцi пяць, можа, шэсць, самае большае дзевяць вiнаватых, i будзем павiнны пытацца ў самiх сябе, супраць каго мы ваявалi ў гэтай вайне: няўжо толькi супраць самых разумных, сiмпатычных, iнтэлiгентных i нават высокаiнтэлiгентных людзей? Прашу Вас, адкажыце ўсё ж на гэтае маё пытанне! Чаму, навошта Вы зрабiлi гэта?

На месцы, дзе тады сядзеў амерыканскi афiцэр, маладая дзяўчына, хiхiкаючы, ела цяпер тэфтэлi, маленькiмi глыткамi адпiвала пiва; на даляглядзе яму былi вiдны цёмна-шэрыя абрысы зграбнай вежы Святога Севярына, якая засталася цэлая.

Можа, яму трэба было сказаць, што шанаванне помнiкаў культуры i гiсторыi гэтаксама ўзрушвала яго, як i памылка, якую рабiлi заходнiя саюзнiкi, лiчачы, што тут яны сустрэнуць адных толькi злыдняў, замест сiмпатычных i разумных людзей? Помнiк у гонар Эдыт i Фэрдзi, Шрэлы i ягонага бацькi, Гроля i хлопчыка, якi ўкiдаў цыдулкi ў iх паштовую скрынку; у гонар паляка Антонiя, якi падняў руку на Вакеру i за гэта быў забiты, у гонар тых шматлiкiх, што спявалi: "Дрыжаць спарахнелыя косцi", бо iх не навучылi нiчаму лепшаму; помнiк у гонар авечак, якiх нiхто не пасвiў.

Калi яго дачка Рут яшчэ хоча паспець да цягнiка, яна павiнна якраз цяпер бегчы каля ўвахода ў сабор Святога Севярына; у зялёнай шапачцы на цёмных валасах, у ружовым свiтэры, разгарачаная i шчаслiвая ад таго, што неўзабаве сустрэнецца з бацькам, братам i дзядулем; папаўдзённая кава ў абацтве Святога Антонiя перад вялiкай сямейнай урачыстасцю ўвечары. Бацька стаяў у цянi перад будынкам станцыi i вывучаў расклад руху цягнiкоў; яго хударлявы твар пачырванеў; ветлiвы пажылы мужчына, шчодры i прыязны; ён нiколi не каштаваў бычынага прычасця, не зрабiўся зацята злы на старасцi гадоў; цi ведаў ён усё? Альбо яшчэ павiнен даведацца? А Ёзэф? Як Роберт зможа растлумачыць гэта яму, свайму сыну? Лепей было маўчаць, чым выказваць думкi i пачуццi, даць занесцi iх у пратакол, каб прачыталi псiхiятры.

Роберт так i не здолеў нiчога растлумачыць таму прыязнаму маладому чалавеку, што сядзеў, пахiтваючы галавою, глядзеў на яго, потым падсунуў пачаты пачак цыгарэт; Роберт узяў пачак са стала, паклаў сабе ў кiшэнь, сказаўшы «дзякуй»; потым зняў з грудзей Жалезны крыж, паклаў на стол i падсунуў яго маладому чалавеку; настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi крыху памяўся; ён паправiў яго i заўважыў, што малады амерыканец пачырванеў.

— Hе, не, — сказаў Роберт, — даруйце, што гэта так нязграбна ў мяне атрымалася; я не хацеў Вас пакрыўдзiць; проста ў мяне раптам з'явiлася вострая патрэба падараваць Вам на памяць Жалезны крыж, на памяць пра таго, хто ўзарваў абацтва Святога Антонiя i атрымаў за гэта ордэн, хоць i ведаў, што генерал быў вар'ят, што выбух не меў сэнсу нi па тактычных, нi па стратэгiчных меркаваннях. Я ахвотна вазьму Вашыя цыгарэты, толькi прашу Вас лiчыць, што мы як равеснiкi проста абмянялiся падарункамi.

Назад Дальше