Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 15 стр.


— Ды я амаль і не п'ю. Як ты. Але веру, ёсць нешта такое. Праходжваюцца, ідуць.

Мы глядзелі на ціхую і добрую вясковую вуліцу, на бярозы, якія рыхтаваліся зазелянець, на бялюткія стаўбуры яблынь на вугальна-чорнай ільснянай зямлі.

— Н-на, — сказаў я, — гляджу я, у вас тут ідылія.

— Ідылія, — сказаў Шаблыка. — З кантрастамі.

РАЗДЗЕЛ XІ БЕЛАЯ ГАРА

Мінулі святы, звычайныя, усім вам вядомыя святы ў маленькім пасёлку. З трыбунай, абцягнутай чырвоным, з самаробнымі сцягамі і з сонцам і першымі, нясмелымі яшчэ намёкамі на зелень, з дэманстрацыяй, якая складаецца пераважна са школьнікаў, і з цікаўным парсюком, які вылез на вуліцу на агульнае ажыўленне, акурат на дарозе дэманстрацыі: людзей паглядзець і сябе паказаць.

А потым рыпае сям-там гармонік, перад клубам танцуюць пары. І закрадаецца ў сэрца сум, што табе гэтага ўжо зусім не хочацца, што твае балі адшумелі і пракаціліся.

Прайшоў з настаўнікам і вучнямі, проста каб не быць аднаму, каб паглядзець на ажыўленне іншых, а вечарам уцёк з вячоркі ад Вячоркі (сапраўды, почасту яны ў яго бывалі) да Змагіцеля ў яго кавалерскую хату (бацькі памерлі), куды скора з'явіўся й Шаблыка, і хораша мы з імі праводзілі свята, хаця нічога асабліва смажанага, печанага ў нас і не было.

Чысла трэцяга я заўважыў за рэчкай, на ўзвышшы, што ляжала наўскос ад замка, чалавечыя фігуркі і зразумеў, што археолагі, разведка якіх з'ехала незадоўга да майго прыезду, прыехалі ўжо экспедыцыяй.

Вырашыў ісці да іх. Трэба ж было пазнаёміцца з будучымі «калегамі» па рабоце. Тым больш што як давядзецца лазіць — усё адно заўважаць і спатрэбяцца тлумачэнні. Хісткім мостам перайшоў рэчку, адразу зразумеў: узгорак, які ляжыць перада мной, — гарадзішча. Старое, адно з ранніх славянскіх у гэтых краях. Пазней стаяла на гэтым месцы, магчыма, і крэпасць недзе XІ-XІІ стагоддзяў.

Я ўскараскаўся наверх, убачыў звычайную карціну: няроўны квадрат метраў сто пяцьдзесят на дзвесце з узвышэннямі па краях і лёгкім прагібам пасярэдзіне, россып чарапкоў, драбнюткіх, з пазногаць мезенца, вымытых з восені дажджамі, велізарны, зусім яшчэ голы дуб у адным з рагоў пляцоўкі і людзей, якія сядзелі пад ім між раскіданага майна, розных там скрынак, пакункаў, бочак і бог ведае чаго яшчэ.

Было там трое дзяўчат ва ўзросце год дваццаці і хлопец гады, можа, на два старэйшы за іх, якога я адразу пазнаў, бо сустракаліся ў нейкай сям'і. Сядзеў з гітараю ў руках белазубасты, худы, цёмна-хваліставалосы і «большие надежды подающий» будучы археолаг Генка Сядун уласнай персонай. А за яго спінаю ўзвышаліся дзве чатырохмесныя жылыя палаткі і дзве палаткі пад інструмент і іншае. На такім фоне Генка ў сваіх страшэнна пацёртых, але сапраўдных тэхасах з мустангам на азадку, у чырвонай чорнаклятчастай каўбойцы выглядаў — «заскучаешь». А дзяўчаткі былі звычайныя, толькі што мілыя па маладосці, з той пароды студэнтак-лабарантак, справа якіх шыфраваць, апрацоўваць матэрыялы, сядзець на раскопе і займацца расчысткай.

— «О, сустрэчы ў джунглях ці на моры», — убачыўшы мяне, заспяваў Генка.

Быў ён слаўны, між іншым, песнямі ўласнага сачынення, хаця голасу, як большасць сучасных спевакоў, зусім не меў. Але бог з імі, уважаючы на адсутнасць голасу і слыху, сучаснаму спеваку амаль беспамылкова можна прадказаць бліскучую будучыню.

І, дзіўна, чым больш да таго ж дурнейшая была Генкава песня, тым большым поспехам яна карысталася сярод равеснікаў. А так што ж, хлопец як хлопец. Вось і зараз… імправізуе.

О сустрэчы ў джунглях і на моры…

Качка, шторм — гары яно агнем.

На Басфоры ж гэнай гары мора -

Ты меня не спр-рашивай о нем.

— Антону Глебавічу Космічу прывітанне, — ускочыў ён, калі я падышоў.

— Прывітанне і таварышу Генадзю, які імя па бацьку пакуль што не заслужыў.

— Знаёмцеся, — звярнуўся прахвост Генка да дзяўчат, — прыва-т дацэнт Косміч. А гэта Таня Салей, Тарэса Гайдучык, Валянціна Волат. Наша таўстуха.

«Волат» быў самы худзенькі і малы і таму засаромеўся горш за ўсіх, а ўсе аж заліліся чырванню: як «вузкія» спецыялісты яны крыху ведалі пра мяне. Трэба іх было ратаваць.

— Ну і вы з ім пазнаёміліся, дзяўчаты. Наш дурань.

Дзяўчаты захіхікалі: напружанне было хоць і грубасцю, а знята.

— А хто ж у вас тут начальнік?

— Ну а чаму не я? — абурыўся Генка.

— Такіх шалапутаў начальнікамі не прызначаюць.

— Яшчэ як часта, — зрабіў жаласную міну Генка. — Толькі тады яны адразу перастаюць… шалапутамі. А мне майго шалапуцтва шкада.

— Цябе, ясна, са студэнтамі працаваць паставілі. З такімі ж прайдзісветамі.

— Мы про-ойдзем… Нас дваццаць будзе на раскопе, ды трыццаць школьнікаў наймём, — ён напяваў. — Усе гарадзішчы ўсёй Еўропы мы раскапаем… кетмянём. У прыватнасці, гэтае гарадзішча ранняга сярэдневякоўя.

— Стася Рэчыц у нас начальнік, — ледзь не шэптам сказала «таўстуха», Валя Волат, удзячная мне за дапамогу. — Зараз яна прыйдзе.

Рэчыц? Я, вядома, чуў гэтае імя па некаторых публікацыях, але асабіста яе не бачыў. Ні студэнткай, бо якраз тады часова адышоў ад выкладчыцкай работы, ні ў апошнія тры гады. Па чутках, яна была ў аспірантуры ў Ленінградзе. А спецыяліст, зноў жа па чутках, добры.

— Унь… падымаюцца, — сказала бялявенькая, кірпаносенькая, жывенькая Таня Салей. — З кім жа гэта?

— Дзед Мультан, — сказала Тарэса, вельмі падобная на Таню, толькі што чарнявая і крыху болей строгая. (Верхавод сярод трох, але сапраўды не «гайдук», а толькі «гайдучык».)

Па колішняму ўз'езду на гарадзішча (а я, дурань, пёрся схілам, ледзь не ўторкнуўшыся носам у зямлю) ішлі два чалавекі. Адзін год сямідзесяці, але яшчэ магутны і вузлаваты, як корч. Калісь, пэўна, высокі, а зараз крыху сагнуты, так што рукі звісалі. А побач з ім ішла лёгкай хадою жанчына ў сіняй сукенцы і такой самай сіняй хусцінцы на галаве.

— Дзень добры, — сказаў дзед. — Мультан маё прозвішча.

— Станіслава Рэчыц.

— Антон Косміч.

— Той?

— Сорамна, але выходзіць, што той. А вы тая?

— Ну, калі заўважылі дзесь, дык тая.

Цяпер я мог разгледзець іх лепей. У дзеда былі сінія, зусім не выцвілыя, вочы, сівая кучма валасоў, доўгія сівыя вусы пры дужа кепска голенай барадзе, нос тоўсты, рот усмешлівы і іранічны.

І пры гэтым мядзведжым абліччы ён яшчэ і гаварыў то тэнарком, то хрыплаватым басам і ўвесь час збіваўся са старэчай саліднасці на нейкую мітуслівасць, нібы ніяк не мог забыць, што ў юнацтве быў шалапутам. Стараўся, і часам атрымоўвалася, але да канца не мог.

Жанчыне, а можа, дзяўчыне — дваістае ўражанне, — магло быць год дваццаць пяць. На дзесяць з гакам маладзейшая. Калі я загінаўся ў вагоне для быдла на перагоне Баранавічы — Слонім, была яшчэ зусім дзіцем.

Тонкія яшчэ рукі з вострымі локцікамі, але развітыя высокія грудзі і ногі доўгія, мускулістыя. Мабыць, шмат хадзіла.

Рухі дакладныя, гожыя. Выраз аблічча і голас прыемныя, мяккія.

І — рыжая. Але была гэта не тая бясколерная, апельсінавая рыжына, што здараецца часцей за ўсё, а быў гэта колер цёмнага чырвонага дрэва, што заўсёды адлівае глыбінным золатам. І скура чыстая, без рабаціння, малочна-белая, зусім без блакітнага адцення, што часта ўласцівае скуры рыжых. Ніякай касметыкі нідзе, ды яна «ў полі», пад ветрам і сонцам, і непатрэбная. І тым больш здзіўлялі натуральна цёмныя бровы і веі ў кантрасце з вялікімі вачыма зялёна-блакітнай глыбіні.

«Ну, досыць пяліцца, Косміч. Гэты пірог не для нас, дый не такая ўжо стаіць цаца перад табою. Бывалі лепшыя».

— Зайдзіце на хвіліну да нас, — паказала на палатку.

— Куды мне туды, — забасіў Мультан. — Я яе звалю.

У палатцы было вельмі чыста і прытульна. Чатыры засланыя тапчаны, чатыры спальныя мяхі ў галовах, галінка ядлоўцу ў вазачцы, брызент падлогі пасыпаны аерам.

— Што ў вас — сёмуха?

— У нас заўсёды — сёмуха.

Я амаль адразу заўважыў у яе прыстрасць да парадку, а пасля, па меры знаёмства, і слабасць да грунтоўных і прыгожых рэчаў. Прычым — танна. Замовіць, напрыклад, мясцоваму ганчару дакладную копію старажытнага збана, гаршка, місы. Аблітых падобнай паліваю. Проста каб прыемна стаялі на стале.

— Ну што ў вас, Антон Глебавіч?

Я расказаў. Без падрабязнасцей, без гісторыі расшыфроўкі. Проста сказаў, што павінна быць пад знакам карабля, недзе пад другой вежай ад кутняй вежы падзямелле. Яна не здзівілася — мала для чаго нейкае там падзямелле можа быць патрэбна гісторыку.

Яна ўзяла шчуп і сказала:

— Ну што ж, хадзем, паглядзім.

Выйшлі на пляцоўку. Мультан — невядома чаго прыцёгся сюды, рабіць, ці што, не было чаго — паплёўся за намі. Часам згінаўся і падбіраў нешта. Заразіўся падчас разведкі чалавек.

— Што за шчуп у вас такі цікавы?

— Паглядзіце.

Шчуп, востраканечны прут, якім зручна мацаць грунт на пясках, быў зроблены ў выглядзе паморскай шпількі-заколкі. Куты і адзін канец закручаны ў папярочны авал. Каб якраз пралезла рука і добра трымалася ў стальной пятлі. Канчаўся авал вытанчаным завітком.

У другім шчупе канец пятлі-ручкі змыкаўся і, як стужка, тройчы абвіваўся вакол штыра шчупа.

— Сама замовіла. Вось бярыце пакуль гэты. У абодвух па метру даўжыні. Можна мераць глыбіню ў раскопе. І на пясках мацаць зручна, — уздыхнула з усмешкай. — Але галоўным чынам для сабак.

Яны пайшлі па краі гарадзішча. У спіну ім Генка заспяваў прачулым, дураслівым голасам на матыў «Степь да степь кругом»:

В той степи глухой

И-сто-рик у-мирал.

І пасля невялікай паўзы (як на гэта адрэагуюць):

Перешли жане

Вещи тощие,

Передай ключи

От жилплощади…

А другой жане

О том промолчи,

От жилплощади

Не давай ключи.

Я нагнуўся і падняў камень, але Генка ўжо слізгануў за палатку.

— Што, і сапраўды другой не даваць ключоў? — засмяялася яна.

— Дзякуй богу, не маю такога шчасця ні ў другі, ані ў першы раз.

— Чаго ж «дзякуй богу»?

— А так.

— Чаго ж так?

— Спакайней. Я ўжо гады за плячыма маю.

— Якія там гады, — здалёк, дачуўшы, сказаў Мультан, — якія вашы гады? Унь я, вы думаеце, чаму такі зарослы? Неахайны? Брытвы не маю? Маю. І ў лазню два разы на тыдзень хаджу. А шчэць, як у кабана, бо жонка загадала галіцца раз на месяц. Бо яшчэ раўнуе, зараза.

Ён наблізіўся, і так мы падышлі да краю гарадзішча, адкуль замак наводдаль было відаць, як на плане. Адсюль і разбурэнні было відаць лепей.

— Бураць, — ціха сказала яна. — Паступова.

— І дошка здзёртая, — сказаў я. — Валяецца унь у бур'яне.

— Куды яна ўцячэ? — буркнуў Мультан.

— А хто яе ўкрадзе?

— Удзячныя жыхары і ўкрадуць.

— Не дам, — сказаў Мультан. — Я ж вартаўнік. Касцёла. І заадно замка.

— Ну, дзед, вы навартуеце, — сказаў я.

— Ого-го, ды яшчэ як. А дошка? Прыбіць дошку, і як быццам усю справу зрабілі. А дошка — сёння яна ёсць, заўтра няма, буры, Ванюха!

— Мае рацыю, — сказала яна. — Унь была дошка на Ружанах, на беларускім Парфеноне, валяліся ў двары бочкі з-пад мазуты. Няма яе — тыя ж бочкі. Ну дык дзе там кажаце?

— «Другая ад кута».

— Ад якога кута? Дзе той кут?

— І праўда, куты чатыры. Так што практычна пад кожным…

— Практычна на псы твая работа, хлопец, — сказаў Мультан.

— А далей S ступ пад знакам карабля, — безнадзейна сказаў я.

— Восем ступ пад знакам карабля, — паўтарыла яна, палічыўшы па пальцах. — Н-на, нягуста. Мультан калупаў наском бота зямлю.

— Вось што, — буркнуў ён урэшце. — Так ты тут нічога не знойдзеш. Я вось што зраблю. Я табе ўнука свайго малодшага, Стасіка, прышлю. Ён сапраўдны Мультан. І ён з Васільком Шубайлам, сябрам сваім, такія сарвігаловы, што ўвесь замак з галавы да пятак аблазілі. Можа, яны табе ў нечым памогуць.

— Дзякуй, дзед. Ад дзяцей у такіх выпадках сапраўды можа быць болей карысці, чым ад дарослых.

— То ж бо.

— Што ж, — спытаў я ў Сташкі. — Вы капаць пачынаеце? Але ж яшчэ мокра.

— Падрыхтоўка. Пачнём па-сапраўднаму, калі вучняў, у якіх экзаменаў няма, адпусцяць і як крыху падсохне.

— Шаблыка тут ім памог, — сказаў дзед.

— Угу. Варта капаць. У выпадку чаго і вам дапаможам. І заходзьце да нас.

— Што ж, буду рад.

Мы стаялі над адкосам. Вецер ляцеў, з боку замка, ад невялікай ракі. Відаць былі справа і злева ставы, і на левым з іх лялечны адсюль будынак млына. Было шырока-шырока.

— А гарадзішча гэта завецца Белая Гара, — сказала яна.

— Так. Белая Гара, — сказаў дзед.

Да касцёла нам з дзедам было па дарозе. Ішлі, мянцілі языкамі пра тое-сёе. Ля плябаніі кінуўся нам у ногі рыжы пёс, сумесь дварнягі з ірландскім сетэрам. Прыціснуўшы вушы, пачаў ласкава скуголіць.

— Кундаль. Кундаль, — трапаў яго дзед. — Бач ты, бач ты, які тлусты. Як мех. Нічога, на паляванне з табой пойдзем. Скінеш тады тлушч. Пойдзем на паляванне?

Сабака аж скакаць пачаў ад радасці.

— Верыце, прызвычаіўся, зараза, каб яму здароўе, рыбу лавіць. Часам такую здаравенную прынясе. І не ведаю, ці ён нырае пад яе, як вадалаз, ці як. Зайдзіце да мяне, — сказаў Мультан. — Паглядзіце на вартоўню. Вось так кожную ноч. Жонка, дзеці ды ўнукі ў хаце, а я тут. Таму баба галіцца часта і забараніла… Раўнуе, халера.

Вартоўня была самай незвычайнай з вартоўняў, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Цэлыя два пакоі. І вялікія.

— Тут уваход асобны, — сказаў дзед. — І ні к сялу ні к гораду гэты асобны ўваход. Кліру паменела, то аддалі пад вартоўню мне. А рэчаў столькі, што ўсе непрыгодныя, ды яшчэ некаторыя з былога палаца таксама ўсе сюды знеслі і скінулі.

Гэта было сапраўды так. У першым пакоі былі грубка, тапчаны, стол і табурэткі, але акрамя таго яшчэ і зламаная фісгармонія, і крэсла з высокай «біскупскай» спінкай, і стары буфет чорнага дрэва (шклы ў ім адсутнічалі, і на паліцах было відаць конаўкі, шклянкі, імбрык, бульбу і цыбулю россыпам).

У другім пакоі ў куце ляжалі дошкі ікон і рулоны іконных палотнаў, стаяў таксама стол на «арліных» ножках (кіпці арлінай лапы сціскалі шары, на якіх стол і стаяў) і пара інвалідаў-крэслаў.

І ў абодвух пакоях на сценах віселі партрэты. Некаторыя былі прадзёртыя, некаторыя пацямнелі да таго, што амаль немагчыма было нешта на іх разгледзець. А пасярэдзіне аднаго быў круг расплаўленай фарбы: відаць, ставілі вядро з кіпетнем.

А партрэты былі, можа, і не дужа мастацкія, але музейныя. На некаторых відаць было лацінскія надпісы або славянскую вязь.

— Ксёндз сюды перацягваў. Што з хат адкупіў, што на гарышчах знайшоў.

— Палац жа згарэў.

— Гэ-э, не так многа ў тым палацы і дабра было. Сёе-тое паспелі выцягнуць.

— Куды ж яно падзелася?

— А хто яго ведае. Тут перад вызваленнем такое чынілася. А пасля, як немцы ўцяклі, а нашы яшчэ не прыйшлі, было яшчэ горш.

— А што?

— Боўбель-Кулеш разгуляўся. І разабраць нельга было, хто каму галаву скручвае.

— А добра тут у вас. Мне б сюды перабрацца.

— Што, вячоркі ў Вячоркі абрыдлі?

— Ды я й сам магу. Але тут ужо занадта.

— І вось глядзі ты, харошы чалавек, загадчык клуба — пашукаць, дарма што адукацыі не хапае, а вось гэткая паляндра ўчамярылася — і нічога зрабіць нельга.

Уздыхнуў:

— Трэба пагаварыць з ксяндзом. Глядзіш, і мне ўначы не так сумна будзе. Не будзеш жа ўсю ноч хадзіць, часам і пасядзіш… Пагавару… І Стасіка вам заўтра ў дапамогу дашлю. Ён — Мультан, а я ўжо на старасці пачынаю вулічную нашу мянушку апраўдваць — «Пацяруха». Пацяруха старая і ёсць.

Ён вывеў мяне з цвінтара.

— Дзед, — сказаў я, гледзячы на галерэю, — а што гэта пра жанчыну з манахам байкі брэшуць?

І тут дзед пасур'ёзнеў:

— Гэ-э, каб гэта байкі! Праўда. Сам бачыў.

— І ў замку бачыў?

— У замак ноччу не хаджу. Баюся. І ўсе баяцца. Кажуць, і там. А я вось тут бачыў, на гульбішчы. Ідзе нешта светлае, як само святло, а побач цень, нібы сама ноч.

Назад Дальше