Чорны замак Альшанскі - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 16 стр.


— Ой, дзед!

— Брашу, думаеш? Каб мне са старой і ўнукамі дня не пражыць.

— Спецыяльна прыйду глянуць.

— Яны не кожную ноч. Я аднойчы набраўся смеласці, улез на галерэю (у выпадку чаго, думаю, пальну са стрэльбы). Зніклі. Спусціўся на цвінтар — зноў ідуць.

У хаце я застаў стан ціхага адчаю. У той дзень Зеляпушчанак павінен быў праводзіць брата, які прыязджаў да яго на свята з Данбаса, і яшчэ пры мне яны пайшлі на аўтобусны прыпынак у Альшаны.

Марыя Сямёнаўна, поўная, добрая, сінявокая, была ўся ў слязах і ламала рукі. Невядома чаго, ці ад адчаю, ці таму, што яны ў яе кожную вясну і восень нясцерпна балелі. Была яна ў «цукровым» звяне. А вы ведаеце, што такое цукровы бурак. Ні па сартыроўцы насення, ні па прарэджванню ўсходаў машын пакуль што не прыдумана.

«Трэба будзе прывезці ёй з Менска гліцэрыну, — падумаў я. — Гэта ж трэба, не чуць пра гліцэрын. А рукі ж такія чорныя, парэпаныя, страшныя».

— Што, не прыходзіў яшчэ?

— Не. Антоська, любенькі, даражэнькі, сустрэнь ты яго, калі ласка, схадзі ты, сынок, у Альшаны, пашукай ты яго.

— Па якой дарозе?

Альшаны вёска доўгая, і таму ў Альшанку з яе вядуць аж тры дарогі. Марыя Сямёнаўна вінавата глядзела на мяне, і я зразумеў, што давядзецца перамераць нагамі ўсе тры.

— Добра. Дайце толькі гумовікі ягоныя і ліхтарык.

— Сыночак. Бога маліць буду. А гумовікі — на. Бо і сапраўды, можа, у поле выбрыў, можа, у Выдраў яр скаціўся, можа, у канаве недзе ляжыць. А па іх жа яшчэ вада з пушчы бяжыць. Снег жа яшчэ, мабыць, у пушчы.

Уздыхнуўшы, я пайшоў ад асветленых вокан у цемру.

Скакаў па дарозе агеньчык ліхтарыка. Я абследаваў Выдраў яр, там, дзе ён падыходзіў амаль да дарогі, — нічога. Перад самімі Альшанамі пацягнуўся лес з густым падлескам. На ўзлессі нешта цямнела. Я павёў ліхтарыкам убок. Ля дрэў стаяў Ганчаронак, відаць, толькі што скончыўшы спраўляць малую патрэбу, і я апусціў ліхтар. Мала прыемнага, калі на цябе свецяць у такі момант.

Здалося мне ці не, што ў гэты момант нешта варухнулася ў хмызах.

А бухгалтар — я чуў крокі — пашыбаваў да мяне, лёгка пераскочыў канаву і стаў побач.

— А-а, Антон Глебавіч, — сказаў прыязна, нібы нічога між намі не адбылося. — А я думаю, хто гэта свеціць. Закурыць не знойдзецца?

— Ёсць, Тодар Ігнатавіч. Вазьміце вось ліхтарык, пасвяціце.

Я ўзрэзаў пачак нажнічкамі.

— Вялікі сцізорык, — сказаў ён. — Усё ёсць.

— Усё. Нават, бачыце, выцягач, каб гільзу з казённіка выцягваць. Паляўнічы нож.

— І ногці можна пастрыгчы. Ну добра, хадзем. Да Альшан побач, усё вяселей.

«Чаго ты пад лес пёрся? Мала табе было прыдарожнага кювета, каб яшчэ цераз яго скакаць ды тупаць па ўзараным? Урэшце, не мая справа. А дарога сапраўды карацей, калі ўдвух».

— Якія справы вас сюды прывялі, Антон Глебавіч?

— Замак буду абследаваць. Цікавая тут адна гісторыя з ім звязана.

— Новая?

— Ды не, дужа старая. Цёмная гісторыя тут трыста з лішнім год назад адбылася.

— А каму справа да трохсотгадовай гісторыі? — засмяяўся ён, відавочна здзіўлены.

— Мне.

— Ну хіба што вам. А тут і нядаўніх хапае. Унь лепей бы Шаблыку спыталі пра падполле, пра гестапа.

— Спытаю і пра гэта. Не мне, дык іншым прыдасца. Тым, што для новай гісторыі існуюць.

— Кгм.

…Назад я вяртаўся другой дарогай. У адным месцы мне здалося, што ў полі за канавай чарнее нейкі кшталт, і я скочыў туды, ды не разлічыў і чарпануў вады вышэй адной халявы.

Не, гэта проста ляжаў кароткі абрэзак бервяна.

— Цьфу ты, чорт! — вылаяўся я ад сэрца.

Я падыходзіў ужо да Альшанкі, і справа ад мяне цьмяна праступалі дрэвы і цямнейшы за ноч чорны сілуэт замка. І тут раптам я спыніўся. Рэзка, быццам знянацку наляцеў грудзьмі на нешта вострае.

У адной з вежаў замка гарэў агонь. Невялічкі, ён у гэтай цемры здаваўся ружова-сінім. І калі я ступіў некалькі крокаў наперад, знік. А калі я павярнуў назад, загарэўся зноў.

«Што такое? Каму спатрэбілася запальваць агонь у гэтай чорнай, мёртвай, як труна — не, мярцвей за труну, — будыніне?»

…У цемры, у закінутай, даўно мёртвай вежы роўна і злавесна свяціў агонь. І нельга было не думаць, адкуль і чаму.

Востра і самотна гарэў уначы агонь.

…Марыя Сямёнаўна ўсё яшчэ была ў слязах. Я крэкнуў, разумеючы, што давядзецца зноў ісці ў ноч, трэцяй дарогай. Сцягнуў боты.

— Дайце, гаспадынечка, сухія анучы.

Бог, відаць, пачуў мае маленні. Ледзь я паспеў абуць боты, як на двары пачуўся рык матора, прабегла па вокнах святло ад фараў, пачуўся ў сенцах тупат, а пасля дзверы адчыніліся і на парозе ўсталі постаці Нічыпара Альшанскага і Рыгора Шаблыкі, якія вялі пад рукі тленныя рэшткі таго, што было пару гадзін таму назад Міколам Чэсевічам Зеляпушчанкам, а па-вулічнаму Вячоркам. Ён быў мокры з ног да галавы і ледзь вязаў лыка. А за гэтай тройцай ішоў настаўнік беларускай мовы Міхась Іванавіч Змагіцель і толькі што не перастаўляў рукамі «нябожчыку» ногі.

— Вось, — сказаў ён. — У кувеце знайшлі.

Гаспадыня ахнула, заплакала, на гэты раз з радасці, і кінулася разуваць гаспадара, сцягваць з яго плашч, порткі, пінжак.

Агульнымі намаганнямі мы ўзвалілі яго на ляжанку, і Марыя Сямёнаўна кінулася па нейкі спіртавы настой, каб расціраць.

— Жоначка, ты ж мне лепей глотку ўсярэдзіне гэтым разатры, — бубніў Вячорка.

— Дам, дам. А божа мой. А дзякуй вам, добрыя людзі. А жывога ж хаця прывезлі.

Я пасмейваўся. Незласлівасць гэтая нагадала мне першае вясковае вяселле, на якім я быў. Паспаць мяне тады адвялі ў суседнюю хату. Я ляжаў, а ў вушах усё яшчэ аднастайна гудзела ўсе тое самае:

А на шэрым кані

У яб-лы-кі

Едзе ў Зосеньчын двор

Мі-цеч-ка.

Раніцай, калі я прачнуўся, у печцы палаў агонь, гаспадыня ставіла туды гаршкі. І тут адчыніліся дзверы і два хлопцы ўнеслі ў хату трэцяга. Адзін нёс ногі, другі — галаву (не плечы, а менавіта галаву), а сярэдзіна звісала самастойна і пагойдвалася, як гамак. І тады гаспадыня пляснула рукамі і зусім без злосці, а толькі з бязмерным здзіўленнем працягнула:

— А-а сы-но-чак мой! А ты ж казаў, што на сваіх нагах прыйдзеш!

Варыяцыю таго здарэння бачыў я перад сабою зараз. Ох і добры ж наш народ да такога! І я толькі падумаў, што калі так будзе далей — давядзецца з'язджаць. З'язджаць ад Вячоркі хаця б да дзеда Мультана.

Вячорка абмацваў здаравенныя гузакі на галаве і мармытаў гаротна:

— Білі мяне. Ой, білі мяне!

Пасля мы даведаліся, што ніхто яго не біў, што яны з братам узялі «пасашок» перад аўтобуснай станцыяй, брат паехаў, а Чэсевіч замест дамоў патупаў рэвізаваць свой клуб і там некалькі разоў ударыўся галавой, а пасля, замест таго каб легчы ў клубе на канапе, папраставаў дахаты.

— Ішоў-ішоў, — мармытаў Вячорка, — надта далёка ішоў. І ў канаву ўпаў… І ляжу ўпоперак… як грэбля… І вады з аднаго боку многа, і яна цераз мяне пе-ра-ліваецца, цур-чыць… І машыны паўз мяне з фарамі «в-ву-у, в-ву-у, в-ву-у». А яны не спыняюцца.

— Угм, — сказаў Альшанскі. — Добра, што нас крыху занесла і святло на канаву ўпала. Ляжыць, сапраўды, як грэбля. І адзін палец часам ад кулака адстаўляе. Гэта яму здавалася — салютуе. На поўны рост і ўсёй рукой.

— Дык мо чарачку, людцы вы мае?

— Сёння не хочацца, — сказаў Шаблыка.

— А вядома ж, мае даражэнькія. Бо гэта ж на гэткага шабадранца нагледзецца, дык век не захочаш.

Яны пайшлі. А Вячорка варушыўся на ляжанцы, увесь чырвоны ад расцірання, і мармытаў досыць бязладна:

— В-ву-у, в-ву-у… А я салютую… А тут цені ішлі… Два… І сталі… Гамоняць… Не бачыць, што побач… грэбля ляжыць… Яйкі каменныя, страшныя… Другая справа за паўночнай вежай… Яйкі…

Блёкат быў незвычайны, але зусім без сувязі, і я ведаў, што заўтра гаспадар і не здолее ўспомніць пра свае начныя прыгоды. Таму я ўзяў ад Марыі Сямёнаўны чарку (мяне ўсё ж крыху марозіла ад прамочаных ног) і выйшаў з хаты, каб ісці ў сваю прыбудоўку.

Глухая, як махровая сажа, ляжала над Альшанкай і, здавалася, над усім светам ноч. Нідзе ані агеньчыка. І толькі наводдаль узвышалася моцна ўсечанай пірамідай асветленая зверху слабым зарывам двух вогнішчаў нямая Белая Гара.

РАЗДЗЕЛ XІІ ПАЧАТАК ПОШУКАЎ

Вечарам я вырашыў паехаць на дзень-два дахаты, а да таго часу крыху палазіць па замку і намеціць сякі-такі план дзеянняў. Раніца зноў выдалася свежая, але сонечная. У такую раніцу добра не ў падзямеллі лазіць, а сядзець на прызбе, на сонейку, каб ветрык не даставаў, слухаць пеўняў і думаць аб сім-тым. Але менавіта таму мне і трэба было лезці. Трэба брацца за справу ўсур'ёз. Таму і яшчэ таму, што так трывожна свяціў незразумелы начны агеньчык у вежы замка. Другой вежы справа ад паўночнай. А можа, у першай ад яе. Я толькі прыблізна ўстанавіў у якой.

Падлога збераглася ва ўсіх залах жылых памяшканняў першага і другога паверхаў, але ў вокнах-байніцах ніжняга і ў вокнах другога паверхаў не было ніводнага шкла, і пройма гуляла паверхамі свабодна, уздымаючы з купаў друзу пыл. Філары (калоны, што падтрымлівалі скляпенні) і самі скляпенні былі абураюча і агідна абабітыя. Нішы, у якіх стаяў, відаць, калісьці посуд, вазы ці невялікія статуі, былі поўныя вапеннай крошкі. Нічога цікавага ва ўсіх залах я не знайшоў і толькі пашкадаваў, што цалкам яшчэ прыдатны будынак марнее ў запусценні.

У чатырох абследаваных мною вежах знізу была глухая падлога з магутных каменных квадратаў. Заставаліся чатыры вежы паўночнага боку. У адной уніз вялі каменныя, сцёртыя да апошняга прыступкі, але спуск канчаўся на глыбіні прыблізна трох метраў жалезнымі, таўшчынёй у руку кратамі. На кратах вісеў магутны, вельмі стары цыліндрычны замок з тых, у якія ключ увінчваецца, як гляйсар. І замок і краты былі крывава-чырвоныя ад іржы. Я вырашыў, што наведаюся сюды пазней.

Пад наступнай вежай таксама быў нібыта ўваход у сутарэнне, але завалены каменнымі брыламі, жвірам, вапеннай крошкай і смеццем. Патрэбна была кірка і рыдлёўка. Значыць, і гэты ўваход быў закрыты,

— Антоне Глебавіч! — аддаўся недзе наверсе крык.

Увесь пыльны, я вылез на дзённае святло і ўбачыў прысагнутую постаць дзеда Мультана-Пацярухі, а побач з ёю дзве фігуркі хлопчыкаў год па сем-восем кожны.

— Гэта мой Стасік, — з гонарам сказаў дзед Мультан.

Стах быў дзёрзкае ўскудлачанае вераб'янятка. Калі, вядома, уявіць альбіноса-вераб'я. Яшчэ вясна, а ён паспеў ужо ўшчэнт выгараць за выключэннем глыбока-сініх вачэй.

— Ну, здароў, Стах, — сказаў я.

— Здароў, калі здароў, — з саліднай дзёрзкасцю сказаў вясковы Гаўрош.

— А гэта вось сябар ягоны, — сказаў дзед. — Васілька Шубайла. Гэтыя — памогуць. — Васілька глядзеў спадылба. І яшчэ з-пад кучмы гэткіх жа бясколерных ад сонца валосікаў.

— Ну, Васілька, а ты чаго ж гэта такі сціплы ды нясмелы?

— Та-а, — бязгучна сказаў Васілька і ад прысаромленасці пачухаў адной босай нагой другую.

Дзед пайшоў, а мы селі на валуны, каб абмеркаваць план нашай ваеннай аперацыі.

— Ну, хто падзямеллі ведае?

— Трохі, — сказаў Стасік. — Бо да канца іх і сам чорт не ведае.

— А ты, Васілька?

— Та-а, — адказаў той.

— Ну, з такімі арламі я тут горы звярну. І вось што перш за ўсё зробім: учора бачыў я ноччу унь у той вежы агонь. Што б то магло быць?

— Гэт-та трэба скеміць, — разважліва сказаў Стасік.

А вочы загарэліся. І я зразумеў, што стары Пацяруха ў ягоным узросце быў, відаць, такі самы: сумесь саліднага дамавітага мужычка і маладога вастравухага сатыра.

— Ну, чаго сядзім? — сказаў малады сатыр. — Палезлі, не губляйма залаты час.

— Та-а,-сказаў Васілька. — Да-а-ффай…

Дарослы асталоп і два маладыя праз пралом забраліся ў вежу. Усю сярэдзіну яе, аж да першага яруса, займаў слуп ад вінтавой лесвіцы. Але ніжнія прыступкі выпалі. У слупе заставаліся толькі ямкі ад іх.

— Дзядзька Антосю, — сказаў Стасік. — Я першы палезу, а вы за мной. Бо калі я сарвуся, вы мяне ўтрымаеце. А калі вы першы палезеце і сарвецеся — мне ўтрымаць будзе цяжкавата.

Стах палез, як вавёрка. А за ім, крыху цяжкавата, палез я, ставячы наскі ў ямкі ад прыступак у слупе.

Падымаліся па спіралі. Вельмі пахвальны занятак для без пяці хвілін доктара навук.

З яруса, з вышыні праз байніцы было відаць Альшанку, і плынь Альшанкі, і палі, і затравелую Белую Гару з маленькімі постацямі людзей на ёй. Унь нават, здаецца, можна адрозніць Сташку. І Генку. А можа, і блытаюцца, бо ўсе ў джынсах.

Але не гэта нас цікавіла. Ярус, з якога невялікі пралом у вежавым муры вёў на гару былых жылых памяшканняў, быў заселены. Прынамсі, яшчэ зусім нядаўна.

На падлозе некалькі вялізных ахапкаў свежай мякенькай аўсянай саломы. На цагляным выступе мура кроплі стэарыну.

У каміне — попел. Каб даўні — выдзьмула б.

Васілька Шубайла, які спусціўся першы, раптам капануў нагою жвір.

— Ты чаго? — спытаў я.

— Та-а. Пылу няма.

Я, вядома, не заўважыў бы гэтага. А ён ужо выкапаў бляшанку «бычкоў у тамаце». Пустую. З'едзеную нядаўна, бо жыжка яшчэ не высахла.

— Бандзюга, — сказаў Стах.

— Чаму?…

— Ну, — ён няўхвальна паглядзеў на мяне. — І дурному ясна. Каб проста нейкі валацуга — нашто б яму закопваць бляшанку?… Кінуў бы, і ўсё.

— Маеш рацыю, арол. І добра, што ў вас харошыя вочы.

Пасля мы асцярожна агледзелі сутарэнне пад адной з вежаў. Я баяўся, што здарыцца абвал, і не пусціў туды дзяцей. Але яны ж, яны ж такі зброд, што гнаць іх ад цікавага — дарэмная справа. Як ката ад сала. Пракраліся і пачалі шныпарыць па кутах. І нічога не знайшлі.

І тады я адпусціў сваю гвардыю на некалькі дзён. Папрасіўшы, каб самі не лазілі. Бо яшчэ здарыцца нешта, а тады — як глянеш у вочы дзеду Мультану і бацькам Шубайлам?

…Калі я, пыльны і брудны, ішоў паўз будынак праўлення, старшыня Альшанскі паклікаў мяне з акна.

Звычайны кабінет старшыні калгаса. Доўгі стол, крэслы, партрэты. Па кутах — снапы розных збожжавых, відаць, прэміяваных калісьці, але цяпер, з мінулага года, ужо досыць пыльных. А на крэслах, паабапал стала, Альшанскі і Высоцкі.

— Дзень добры, Нічыпар Сяргеевіч… Дзень добры…

— Ігнась Якаўлевіч, — схіліў галаву Высоцкі.

— Сядайце, Антон Глебавіч, — неяк занадта… ну, нібы прабачэння просячы, сказаў Альшанскі.

Мы маўчалі. Гаварыць, уласна кажучы, не было пра што. Пасля старшыня крэкнуў:

— Вы вось што, Косміч. Плюньце на тое, што тады было. І на яго, — ён матлянуў галавою некуды, і я зразумеў, што мае ён на ўвазе Ганчаронка.

— Чаму?

— Не вартая гэта справа, бязглуздая… Ну нашто нам каты драць?

— Баіцеся, што нагарыць? — проста спытаў я.

— Баяцца? Не. Але непрыемна. І, рацыю маеце, нагарыць. Чаму не адмаўляўся, выконваючы бязглуздыя загады… Праўдзівей, чаму дурныя парады слухаю… А Ганчаронак зараз таксама дзесятаму засцеражэ. Дошку мы знайшлі. У бур'яне. А думалі, што зняў нехта з раёна ці вобласці, што каштоўнасці гэтая руіна не мае.

— А хіба так бывае, каб без ведама мясцовых?

— Анягож, — сказаў раптам Высоцкі. — Унь старшыня вопытам ездзіў мяняцца пад Давыд-Гарадок. Дык там лотры нейкія таксама дошку знялі. І таксама ўсё гэтак, як мы падумалі.

— І разбіраць пачалі ўжо царкву. Але тут настаўнік гісторыі з Менска пазваніў, і такі тарарам узняўся, што ў раёне ледзь адбрахаліся, што, маўляў, старую знялі, бо праржавела, і новую трэба ставіць, — сказаў змрочна Альшанскі.

— І нікому ў галаву не цюкнула, — сказаў я, — што ані хвіліны без аховы, што старая павінна вісець да новай?

І сам зразумеў, што нікому.

— Ну а Ганчаронак што ж? — спытаў я.

— Ат, — махнуў Альшанскі рукою, — хоча ўсё жыццё гераічным «гестапаўскім» перыядам жыць. Ён і падтрымаў мяне, калі я завагаўся на хвіліну, а ці варта ў той бандуры праход бурыць. Кажа: «загад»… Але — плюньце. Тым больш, такое здарылася пры гэтым. Але лекары ў нас добрыя…

— Плюну.

— Ну а куды вы сёння?… — спытаў старшыня.

— Вось памыюся да пайду на аўтобусны прыпынак. Хачу на пару дзён у Менск.

— Нашто? Гэта вы адтуль можаце да Кладна, а адтуль аўтобусам, — сказаў старшыня, — зручней да станцыі. Езна. Дваццаць кіламетраў — і проста на Менск.

Назад Дальше