Выпіў.
— Жонка мая. Па прафесіі была артыстка.
Ягоны сухі твар нібы абцягнуўся скураю на выліцах і абвіснуў знізу, ля вуснаў. Адразу абрэзаліся вочы пад цяжка навіслымі павекамі.
— Як лічыш, хто па народнасці?
— Не разбіраюся я, Адам Пятровіч, у паўдзённых тыпах. Беларуса за вярсту адрозню, а тут баюся судзіць.
— А ўсё ж…
— Грузінка? Армянка? Таджычка?
— Ды не.
— Малдаванка? Яўрэйка?
— Яшчэ горш, — горка сказаў ён. — Цыганка, браце.
Зацягнуўся.
— Вось у гэтым і была яе галоўная віна. А па віне і пакаранне. І добра, калі — першы-лепшы на дарозе яр. Карацейшая была пакута… А я ў той час быў дужа далёка… Не меў змогі вывезці, памагчы… Не мог, не меў права нават залямантаваць, што вось вы самага дарагога мне чалавека, сволачы, у лагерах, у воспе гэтай на ўсёй зямлі, закатавалі. І сын згубіўся недзе… Маю цень звесткі: адбіралі дзяцей нардычнага тыпу. А ён беленькі быў, у мяне. Ты не глядзі, што я зараз сівы… Быў я — белы.
Скоса зірнуў на партрэт.
— Якая была Грушанька ў «Зачараваным вандроўніку», якая Маша ў «Жывым трупе»! Спявала — плакалі людзі. І за гэта — яр. За ўсё — яр.
Адклаў файку.
— З гэтым… прыцерпеўся не прыцерпеўся, а так, прытупілася крыху… А вось з сынам… Ці назад ён трапіў, у наш дзіцячы дом? А можа, і… там. І не выключана, што нейкаму нашаму такому… Грыбку давядзецца перастрэльвацца з ім… Вось як.
Узняў кілішак з залацістай вадкасцю.
— Я табе гэта не таму расказаў, каб ты мяне пашкадаваў. Я таму, каб ты сябе пашкадаваў. Гэта, што з табою, не самае страшнае. Не самае апошняе.
Удзячнасць мая яму была такая вялікая, шкадаванне такое нясцерпнае (сапраўды, што была мая горыч перад ягонай?), што я зразумеў: трэба пераводзіць размову на іншую тэму. Але гэтая іншая тэма аж аніяк не прыходзіла да галавы. Таму я ўзяў дый расказаў сёе-тое са страхаў Пташынскага.
— Ну, гэта не загадка, — сказаў Хілінскі. — Крыху — звычайныя барыгі, бз…ы, якім з законам звязвацца ані не выпадае. А больш — хвароба. Гэта ад сэрца.
— І я так думаю.
У гэты момант зазваніў тэлефон. Хілінскі выйшаў у малую спальню, прычыніў за сабою дзверы, але чуваць, мабыць, было кепска, і ён вымушаны быў гаварыць галасней, чым звычайна, і я сёе-тое чуў.
— І сувязь з гэтым? А, чорт бы іх з гэтымі дэвізамі!
«Назнарок не кажа «валюта». Кажа «дэвізы». Думае, што слова не ведаю. Белымі ніткамі шыеш, Адам Пятровіч».
— Заразы. І зброю?… Чуваць кепска!… Ясна. У гадзіну трыццаць? Добра. Буду.
Выйшаў зноў да мяне:
— Сапрычасціўся ты, хлопец, да таямніцы. А я вось непедагагічна сябе павёў. На поўную вымову.
— Я, Адам Пятровіч, не з лапатуноў. Вы мяне не першы год ведаеце. І справы вашы мяне не датычацца. У вас свае, у мяне свае.
— Пакрыўдзіўся?
— Пакрыўдзіўся. А мне бы й век пражыць, нічога пра іх не ведаючы. Ні пра што я ў вас не пытаў. Нецікава, прабачце.
— А дарэмна. Усё можа быць. А наконт «хоць бы й век», то заракаўся нехта, — ён проста патрос мяне за плечы. — Ну, досыць надзімацца, ну… Ну скажы нешта.
— Раз ужо я выпадкова штосьці пачуў, то вернемся да Мар'яна. Нешта і ў ягонай справе трывожнае. Вось жа іконы, валюта — я не пытаю, якое там здарылася яшчэ, што вам трэба ехаць. Але чаму таго ж не можа быць тут? І ўрэшце, прадчуванням таксама трэба верыць. Не матэрыял гэта ні для «Абеляў у адстаўцы», ні для міліцыі, ні для суда, але часам трэба верыць, калі сэрца гаворыць, калі сціскае, моцна баліць.
Ён уважліва глядзеў на мяне.
— Можа, і трэба. Вер і глядзі.
Устаў.
— Трэба было б не кідаць цябе да раніцы ў тваім стане. Але сам чуў. Выпіць што-небудзь маеш?
— Віно ёсць.
— А мацнейшае?
— Мгм.
— На вось. Ты ж не з тых, што блукаць потым пойдзеш? Ну вось і выпі здорава. Сёння дазваляю. Каб спаў у мяне. Ну, хадзем.
Хілінскі ведаў, што рабіць.
…Ніколі ў жыцці, ні дагэтуль, ні пасля, я не выпіваў столькі. Дарваўся хлопчык. Спаўна скарыстаўся з суседавай парады. І заснуў як забіты. Распрануты, як заўсёды, але чамусьці пры гальштуку на голую шыю. Ці, можа, усё ж хацеў «блукаць»? Шукаць Зою? Напэўна.
У наступныя пяць дзён я выкупляў грэх свайго «пьянственного глумлениа». Працаваў, не даючы сабе ані хвіліны перадышкі.
Нельга было паверыць у тое, што толькі сама каштоўнасць старой кнігі магла выклікаць такую аблогу хаты Пташынскага, усе гэтыя званкі, блуканні пад вокнамі і ўсё такое. Я амаль упэўнены быў, што разгадка недзе ў самім тэксце: нейкая прыпіска на палях балоні, надпіс, умела схаваны ў вязі арнаменту, яшчэ нешта. І вось я шукаў. Усляпую, бо не ведаў, дзе і што шукаць.
Шмат разоў за жыццё я чытаў Евангелле, адну з лепшых (калі не самую лепшую) з гісторый, прыдуманых чалавецтвам за ўсё сваё існаванне. Прыемна мне было чытаць яе і зараз, думаць над паасобнымі мясцінамі, уяўляць. І ўсё ж не так прыемна, як раней. Таму што хаця я й чытаў ледзь не па складах — шукаў я ўсё ж іншае. Так для чалавека, які раптам заўважыў першы грыб, адразу перастае існаваць зялёная, спявучая прыгажосць раскошнага летняга лесу.
Так я і ішоў, уторкнуўшыся носам у зямлю. Без усялякай карысці, акрамя маральнай. Дый тая была другога гатунку, таму што я сачыў, а не думаў.
Часам з'яўляліся думкі, што хаваць нешта ў такім тэксце блюзнерства, а ўжо для сярэдневяковага чалавека (калі толькі хаваў ён) — не проста блюзнерства, а блюзнерства, якое мяжуе з ерассю, са згубай цела і бессмяротнай душы. І, калі гэта так, таямніца павінна быць страшэнна важлівай або… або чалавек той не павінен быў верыць ані ў бога, ані ў чорта, ані ў тагачасны закон.
Я прачытаў усе чатыры Евангеллі, і дзеянні апосталаў, і пасланні іхнія, пачынаючы ад паслання Іякава і канчаючы пасланнем да яўрэяў. Заставаўся толькі апакаліпсіс Іаана Багаслова ды недарэчна прышмараваны да яго «Статут», таксама з «пасланнямі», толькі ўжо свецкіх уладароў.
Нічога!
Хаця б цень нейкага следу, нейкай здагадкі!
Урэшце я пачаў думаць, што з гэтым тэкстам мы памыліліся. І самае горшае, да той самай думкі схіляўся і Мар'ян. За гэтыя дні ён пару разоў заходзіў да мяне, і мы, да болю ў вачах, тупа ўзіраліся ў тэксты, варочалі пад чарапамі гіпотэзы, і ўсё гэта толькі для таго, каб тут жа зарэзаць іх. Адзінае, у чым мы «пасунуліся» наперад, быў сапраўдны акт пра знікненне жонкі Альшанскага, надрукаваны ў «Актах, выдадзеных археаграфічнай камісіяй…».
— А што гэта нам дасць? — спытаў я.
— А можа.
— Рыбу нам з табою лавіць, а не шукаць.
— Паловім. Вось-вось ужо. Нават на азёрах лёд амаль скончыўся.
І мы зноў да ачмурэння сядзелі над кнігаю і копіяй, і Мар'ян бурчаў:
— Холмсы мне яшчэ, таксама… Пінкертоны… Картэры… Станкевічы…* Мегрэ.
* Андрэй Станкевіч — самы славуты з гэтай «дынастыі законнікаў» следчы і суддзя беларускага сярэдневякоўя (у прыватнасці — справа Марыны Дастаеўскай-Карловіч 6 сакавіка 1607 г.).
У тую тхланную, золкую сакавіцкую пятніцу — было гэта, здаецца, дваццаць дзевятага сакавіка — мы таксама ні да чаго не дадумаліся.
— Прарок Навум — і той бы не дадумаўся, — плюнуў урэшце Пташынскі.
— Ну-ну. Няўжо мы двох дурнейшыя за аднаго?
Я пайшоў праводзіць яго. На душы ад уласнай бездапаможнасці было моташна.
— Як шчанюкі сляпыя, — сказаў Мар'ян.
Наперадзе спускаўся па сходах цікавы малады чалавек, сусед Лыганоўскага. І на гэты раз у руках ягоных было вядро са смеццем. Адкуль ён яго бярэ?
— Вось такое смецце ў нас у галовах. Выкінеш — і застанецца пустая макітра чарапаная.
— А мо і сапраўды трэба ўсё выкінуць і пачаць спачатку? — сказаў я. — Можа, справа і не ў тэксце? Можа, выскаблена нешта? Можа, сутнасць не ў змесце, а ў вядры? У самім існаванні рэчы?
— Трэба будзе паглядзець. Заўтра ж.
Мы спыніліся ля тытунёвага кіёска.
Я купіў пачак «БТ», Мар'ян вінавата ўсміхнуўся і папрасіў пачак «Шыпкі».
— Кінуў бы ты гэта, Мар'яне, — сказаў я. — Дальбог, кінь.
— Слабасць клятая! Ды я адну-дзве ў дзень буду.
— І я б на вашым месцы кінуў, — сказаў павучальна «брыгадзір Жэрар». — Вось сябар ваш — ён жа здаравенны, не раўнуючы першэрон ці брабансон, прабачце, таварыш Косміч. А я і яму раіў бы кінуць. Кропля нікаціну забівае, да вашага ведама, каня.
— Я не конь, — сказаў Пташынскі.
— Бачу. На пазногці зірніце. У блакіт аддаюць.
І раптам усхадзіўся. Дастаў з кішэні металічную таўлінку*.
* Пляскатая табакерка (часцей з бяросты, рэдка — металічная) для табакі (нюхальнага тытуню).
— Хочаце, я вам замест гэтай дрэні табаку даставаць буду. Нюхаць. Сам праціраю.
Ён зарадзіў у кожную ноздру па здаравеннай порцыі зеленаватага пылу.
Праз секунду гармата моцна ўдарыла, і Пахольчык закруціў носам.
— Аж уваччу пасвятлела… Улічыце, камерцыю падрываю. Сваю ж. Але здароўе чалавека за ўсё даражэй, як казаў стары рымлянін Гіпакрат. А тое, што вам скажуць, што слізістую абалонку сушыць, што сухі катар будзе, — гэта глупства пана бога — даруй ён мне і злітуйся… То як?
— Не ўжо, — сказаў Мар'ян.
— Глядзіце, — сказаў Пахольчык, падаючы яму «Шыпку». — Як надумаеце — прыходзьце. Дастану. І не «Пчолку», халера на яе, а сапраўдны.
На рагу мы развіталіся.
— Калі не з'еду ў Вільню на пару дзён, то заўтра зайду, — сказаў ён.
— Заходзь.
— Шкада, што нельга тую кнігу распатрашыць. Можа, у вокладцы заклеена нешта?
— Не. Вокладка тых жа часоў.
— Чорт яго! У галаву не лезе, што б гэта магло быць.
Перайшоўшы вуліцу, ён павярнуўся і ўзняў руку.
— Бывай!
Я прыкурыў, а калі зірнуў яму наўздагон, яго ўжо не было відаць у раптоўным снежным зарадзе, які абурыўся на горад.
РАЗДЗЕЛ V ЧАЛАВЕК ЗНІК
Мінула яшчэ чатыры дні. Прыйшоў красавік. Купы снегу, адкінутыя ўзімку машынамі пад дрэвы, сталі зусім малыя, брудныя і наздраватыя. І яшчэ снег падаў два разы, ён кожны раз чаргаваўся з дажджом, які з'ядаў яго на вачах. Усё часцей празрыста, па-вясенняму, сінела неба. У зацішку, з сонечнага боку двароў было ўжо зусім суха. І ўсё ж вясна наступала, нібы азіраючыся, часта саступаючы дарогу імжацы, холаду і слаце.
За гэтыя дні я некалькі разоў званіў да Мар'яна. Адказу не было. На чацвёрты дзень я не вытрымаў і паехаў да яго на кватэру.
Нават сабакі не адказалі брэхам на мой званок. Кватэра маўчала, нібы вымерла. Урэшце нічога дзіўнага ў гэтым не было. Едучы кудысь, Мар'ян заўсёды заводзіў псоў да нейкіх суседзяў, хаця мог бы і да мяне. Не хацеў перашкаджаць маёй рабоце.
Наша агульная падазронасць апошніх дзён зрабіла тое, што я нават агледзеў замок. Мне здалося, што ля яго абдрапана фарба. Але так бывае заўсёды, калі чалавек упоцемку спрабуе трапіць ключом у адтуліну.
З'едлівая пажылая вахцёрка, якую мы — хай даруе нам бог — клікалі часам «Цэрберам», часам «Цэнзарам Феакціставым», на мае пытанні адказала досыць рэзка:
— Я яму, сэрцайка, не мамка. Не бачу. З'ехаў некуды. Раніцай прыбіраю. Пад'езд мыю, першую пляцоўку. Каб у свіноце не сядзець. Пасля тут цэлы дзень. Вечарам Саня прыходзіць. І ён не бачыў. Сабакі? Адвёў, пэўна, як заўсёды… Што ж што не бачылі. Унь там чорны ход у двор. Там часам нават мне можна не заўважыць, як прыходзяць ці выходзяць. Але ён ім рэдка карыстаецца. Двор не дужа зручны.
Двор сапраўды не быў зручны. Усе гэтыя пуні, закамаркі, безжыццёвыя з выгляду галубятні, гаражы. І ягоны гараж. Замкнёны. Невядома нават, ці пусты, ці з машынай. А за пунямі той самы пустыр і дрэвы ля парніковай гаспадаркі. О, божа мой!
Я пацягнуўся дадому, не ведаючы, што й думаць. Які д'ябал мог затрымаць яго ў Вільні? Знайшоў нешта ў архіве? То мог бы і звякнуць.
Не ў дужа добрым настроі зайшоў я ў свой двор і ўбачыў Хасэ-Марыя Лыганоўскага, які корпаўся ў кветніку пад нашымі вокнамі. Жываплот вакол кветніка ў адным месцы парадзеў, і лекар якраз высаджваў на тое месца нейкія кусцікі. Мядзяны твар ад паветра і працы быў з глыбінным румянцам. Капялюш ляжаў на лаўцы, і ўсяму двару відаць была хвалістая грыва срэбных валасоў.
— Гісторыку-дэтэктыву асабістае прывітанне! — сказаў ён.
— Кандацьеру ад псіхалогіі — узаемна, — буркнуў я.
Ён прытаптаў зямлю вакол перасаджаных сцяблін, адкруціў паліўны кран, адмыў ад гразі рукі і, выціраючы іх насавіком — па-лекарску — палец за пальцам, бадзёра сказаў:
— Закурым, сусед.
Тут, у зацішку, нават прыгравала. Мы селі на лавачку, я распячатаў пачак і пачаставаў яго. Ён сачыў за гэтым працэсам пільнымі шэрымі вачыма.
— Слухайце, — раптам сказаў ён, — у вас часам у сваяцтве не было людзей… ну з пэўнымі адхіленнямі ў псіхіцы?
Пазней, калі я, на свой жах, зразумеў, што са мною сапраўды нешта не да ладу, я часта ўспамінаў гэтую першую размову і тое, што заўважыла ўсё гэта спрактыкаванае вока ўсімі знанага псіхіятра. Заўважыла яшчэ тады, калі нават я не заўважаў нічога. А тады я толькі зарагатаў.
— Ды не! Здаровыя ўсе былі, як пні.
— То й добра, — ён з відавочнай палёгкаю зацягнуўся, — значыць, гэта проста псіхіка кавалера. Тое, што і ў мяне. І ў Хілінскага. Ва ўсіх такіх.
— Ды што такое?
— Метадычны вы ў дробязях. Я вось быў у вас. Усё на сваім, спрадвеку заведзеным месцы. Там папера, там попельніца, там строга адно, а там — і навекі — іншае. Пачак адкрываеце так. Малако — толькі ў адной малочніцы. Кветкі купляеце толькі на Барскай у кіёску, хаця побач кветкавы магазін. Голіцеся, пэўна, таксама толькі ў аднаго майстра.
— Эге, — зарагатаў я. — Калі няма яго, то няголены пайду або ўдома пагалюся.
— І лазеншчык у вас толькі адзін. І не будзеце кнігу чытаць, пакуль рук не памыеце. І, калі кніга старая, абавязкова памыеце пасля. І раз на месяц выбіванне кіліма, а раз на два тыдні — пыласос яму.
— Слухайце, — сказаў я, — але адкуль вы гэта ведаеце?
— Я не ведаю. Я «умозаключаю», раблю вывады.
— Але нашто?
— Прафесійная звычка. Папрацавалі б з маё.
— Ну і якія ж вывады?
— Ды вас яны не датычацца. Проста метадычнасць закаранелага кавалера. У такіх або ў хаце гармідар і свінюшнік, боты на стале, або вось такое… Але ўвогуле гэта часам бывае адзнакаю пэўных адхіленняў у псіхіцы. Пры эпілепсіі, пры пачатках некаторых іншых хвароб.
— Ну калі так меркаваць, то большасць немцаў эпілептыкі. І ўвогуле, усе, хто як мага зручней арганізуе працу.
— Не смейцеся. Вось вам адзін прыклад, але важкі — Дастаеўскі.
— Вельмі ўлешчаны, — сказаў я.
Мы засмяяліся. Ці мог я думаць, што мне сапраўды давядзецца звяртацца да яго? І не ў такі ўжо далёкі час.
На пляцоўцы я ўбачыў Хілінскага, які якраз заходзіў у кватэру.
— Зноў нешта? — ён уважліва разглядаў мяне.
Я расказаў.
— З'ехаў кудысь. — Адам быў страшэнна стомлены. — Мо так і сядзіць у Вільні. А што не папярэдзіў аб затрымцы — тут усякае можа быць. Не малы. І не такія ўжо вы сябры, што сарочкі няма калі перамяніць.
— Усё ж я адзіны ягоны сябар. І не мог ён з-за хваробы жонкі так затрымацца. Ён жа кожны дзень званка чакаў. Я страшэнна непакоюся, Адаме.
— Добра. Калі ўжо так, то вось зараз пазваню Шчуку — мы ж прыяцелі. Хай навядзе даведкі, ці няма там каго… неапазнанага. І тэлефон твой дам. Хай табе сорамна будзе, калі гэты… твой… свечнік віленскі табе прывязе. Ну, бывай, лабузю. Пазваню, памалюся богу дый і завалюся спаць.
…Мінула яшчэ два дні. Недзе ў чацвер ці ў пятніцу, мо ў чатыры гадзіны раніцы, калі не раней, зазваніў тэлефон. Спалоханы спрасонку, я схапіў трубку.
— Алё. Хілінскі ад твайго імя званіў? — прагучаў нізкі голас.
— Так, — з цяжкасцю прыпамінаючы, аб чым ідзе справа, адказаў я. — Косміч ля тэлефона.
— Патрэбны твае паслугі. Ты не мог бы пад'ехаць для пазнавання?
— Вядома, — голас у мяне сеў.
— Машына праз дзесяць хвілін будзе ля пад'езда.
— Так. Апранаюся і адразу спускаюся ўніз.
Дрыжучы ад перарванага сну, хвалявання і холаду, у поўным непаразуменні, што б то магло азначаць, я спусціўся па сходах у золкі туман, нібы на дно малочнага возера. Праз нейкую хвіліну з гэтага туману вынырнулі вясёлкавыя, размытыя плямы фараў.