У «казле» было пасля вуліцы горача ад матора і неяк асабліва сонна. Тры чалавекі, што ехалі са мной — праўдзівей, везлі мяне, — увесь час надрыўна і вельмі заразліва пазяхалі. Пахнула бензінам, мокрым сукном і яшчэ чымсьці. Чалавек год пяцідзесяці, што сядзеў побач са здаравенным шафёрам, працягнуў мне цёплую і моцную руку. Гэта і быў Андрэй Шчука. Быў ён са звычайнымі рысамі твару, што называецца «без асаблівых прыкмет», каб не паўдзесятка шнараў на шыі і руках. Урэшце, не вельмі й прыкметных. А поціск ягоны мне заўсёды падабаўся: я пра многае мяркую па поціску.
Лейтэнант, які прымасціўся побач са мною, прыемна пачырванеў і сунуў мне халаднаватую далоньку.
— Клепча… Якуб… Іванавіч… вельмі прыемна.
Ну, гэты быў, прынамсі, устойлівы. І на тым дзякую богу.
Машына рванула з месца, і толькі тут я заўважыў, што за ёю сляпуча мірганулі фары другой. Скосу, краем вока, я ўбачыў, як прыстройваецца да нашага картэжу адзін матацыкл… другі.
Пачуццё было надзіва непрыемнае. Я ледзь не пачаў думаць, а можа, я ўсё ж зрабіў у жыцці нешта такое… сам, можа, і не думаў, а яно з пункту гледжання крымінальнага кодэкса… Пасля, раззлаваўшыся на сябе самога, я ўявіў яшчэ горшае глупства: што гэта я рэзідэнт і еду патаемна на спатканне з шэфам (божа мой, колькі ж гэта я наглядзеўся дрэнных карцін) у нейкі лясны дом. На прыём нейкага пасла гэта не паходзіла, не хапала сонечнага святла і ганаровага каравула.
— І вось ён і кажа прадаўцу, — Клепча відавочна расказваў далей анекдот. — «А ці ёсць у вас аленева сядло?» Магазін жа завецца «Дары прыроды». «Не, — кажа прадавец, — ёсць натаценія». Рыба ў сэнсе. «Ну а ласіна ёсць?» — «Натаценія ёсць». — «Гм, ну а хаця каўбаса хатняя ёсць?» — «Бярыце натаценію, у ёй фосфару шмат». — «Ведаеце што, — кажа пакупнік, — мне не трэба, каб… свяцілася…»
Шафёр коратка гмыкнуў, Шчука толькі галавой пакруціў.
— За такія старыя анекдоты пры іхняй мірапамазанай вялікасці Мікалаі, ведаеш, што рабілі?
— Ну?
— Ссылалі туды, дзе козам рогі правяць… У Аляску.
— Аляску да таго часу прадалі, таварыш палкоўнік, — сказаў Клепча.
Палкоўнік на хвіліну замяўся.
— Ды я не пра таго Мікалая кажу. Я пра Першага. Твайму ж анекдоту горай.
— А якая ж тады, Андрэй Арсенцевіч, натаценія была?
— Гэта праўда, на вялікі жаль, — не было. Уніклівы ты чалавек, Клепча, скрупулёзны. Дока!
— Трэба ж ведаць, Андрэй Арсенцевіч. Іначай такіх памылак наробіш.
— Ну і добра. — Шчука павярнуўся да мяне, але чамусьці толькі ў профіль. — Расказвайце.
Я расказаў. Страшэнна мне было не па сабе. Я не разбіраўся ні ў тым, што робіцца, ні што яны такое гавораць, як не разбіраўся пасля ні ў дэталях апазнання, ні ў тым, хто з іх следчы абласной пракуратуры, а хто старшы ўмацаванай аператыўнай групы. Сяк-так яшчэ мог сказаць, што вось гэта «праваднік службовага сабакі» — так, здаецца, гэта называецца, — і то таму толькі, што пры ім быў сабака. У даміно згуляць, выпіць — гэта так, але ўсё жыццё я хацеў быць — па справе — далей ад людзей іхняй прафесіі. Таму што гэта толькі ў кепскіх раманах чалавек б'е ў ладкі і скача ад радасці з той прычыны, што да яго ў дом кожны дзень пачала ўчашчаць міліцыя. На месцы следчага я б у такіх выпадках абавязкова зацікавіўся, чаго-то ён скача? Але тады і рамана не было б! Таму што скрынку з доларамі абавязкова знайшлі б тут жа ў клумбе ў гэтага веселуна, і не трэба было б прыглядацца да падазроных паводзін хлопчыка Пеці і да таго, адкуль пенсіянер Сінічка бярэ грошы на штодзённыя оргіі з «мадэлькамі».
За шклом машыны, як на здымку, паступова пачалі праяўляцца праз туман чорныя дрэвы. Туман плыў аднекуль хвалямі, пэўна, з нізіны. Машыну пачало кідаць на каранях дрэў. Пасля яна спынілася і дрэвы скончыліся, а вачам адкрылася вялікая паляна ў хаосе туману, які варушыўся над ёй.
Мы выйшлі, і толькі тут Шчука спытаў:
— Ну а галоўны неспакой?
— Мне здалося, што драпіны вакол замка.
— Віця, — звярнуўся Шчука да матацыкліста, адвязі Сцепанца, каб стаў ля кватэры… Адрас?… Вось па гэтаму адрасу. Адвязі і адразу вяртайся.
Гук матацыкла хутка заглохнуў у ватным тумане, і зноў стала ціха. Мы ішлі па пластах зляжалай графітнай лістоты. Я зірнуў на гадзіннік, але заўважыў не час, а тое, як над сукном паліто вачавідна мітусіліся мікраскапічныя кропелькі туману.
Край паляны. Я глянуў і раптам убачыў ля самых ног дробныя бязгучныя ўсплёскі, якія зрэдку лізалі пясок, і зразумеў, што гэта не паляна, а возера, густа ахутанае імглой. І адразу ўсё стала на сваё месца, і я нават пазнаў тое, што вакол. І гэтую крывую бярозку з шарападобным капам-наростам на ёй, і, крыху далей, цьмяны цень чаўна на прыколе, і стаўбур чорнага дуба ля вады. Пазнаў возера Романь, куды мы так часта выязджалі рыбаліць з Мар'янам.
І тады прадчуванне нейкай вялізнай бяды, нават упэўненасць у ёй, сціснула маё сэрца.
З паляны на беразе даляцелі глухія галасы, выплылі цені. Некалькі чалавечых, адзін — сабачы. Ля сабакі стаяў маўклівы чалавечак са смешным абліччам. На мяне, пакуль тое, ніхто не звяртаў увагі, і я прыстроіўся да яго.
— Косміч.
— Старшына Велінец, — сіпата сказаў ён.
— А сабака? У-у, саб-бака мой.
— Рам, — і ціха абазваў. — Не раю.
— Укусіць?
— Бескарысна.
Палкоўнік прайшоў паўз нас, і толькі тут я зразумеў, чаму ён трымаўся заўсёды з правага боку і паказваў толькі профіль: у яго амаль не было правага вуха. Я ведаў, што гэта ў яго. У сорак пятым ці сорак сёмым годзе трапіў недзе пад Ашмяной у рукі банды Боўбеля. Не надта вясёленькая гісторыя. Дапытваў яго намеснік, і толькі таму ноччу Шчуку ўдалося ўцячы. Сам не выпусціў бы.
Клепча сказаў бы пра Шчуку: «Стары, пагрызены, загартаваны ў бітвах воўк».
— Да нас ён звыкнуў. А вы — свежы чалавек. Але гэта не сорам. Гэта каб звыклі.
Я здзівіўся, што старшына заўважыў і гэта, а не заўважыў, што мы на «ты». Але тут ад купкі людзей даляцелі галасы, і я пазнаў іх: глухі голас палясоўшчыка і звонкія дысканты двух дзяцей.
— Леснічоўка мая тут… на беразе… Ну, прыехаў…
— Ён часта тут ловіць, дзядзька.
— А мне што. Дзеці ходзяць у школу… — глухі ў тумане голас.
— Мы, дзядзька, зараснікам, наўмання. Машына стаіць, — гэта дзіця. — «Запарожац» стаіць, дзядзька палкоўнік.
— Дзень, значыцца, стаіць пустая… І другі таксама… А на трэці ўжо я трывогу падняў. І човен на вадзе, бачу… у глыбіні затокі, халера на яе.
Вецер, паступова ўздыхаючы, пакрысе пачаў зганяць з возера туман.
Ясней праступілі сілуэты людзей і нешта цёмнае, доўгае, што ляжала на траве ля іхніх ног.
Над затокаю калыхаўся вэлюм, то падымаючыся, то зноў ападаючы на ваду. Усё ж, хаця і павольна, яго падносіла, і ўсё часцей праяўляўся на вадзе сілуэт чаўна, постаці людзей, якія, стоячы ў ім, скарадзілі дно, і пляма буя на вадзе. Я здагадаўся, што гэта месца здарэння.
— Падыдзіце, Косміч, — сказаў голас палкоўніка.
Я падышоў. З таго, цёмнага і доўгага, адкінулі брызент.
Я ўбачыў, што тое ляжыць на пажоўклай леташняй траве, і тут мяне замуціла. Вопратка была падобная, але твар… Твару не было. «Ракі, ці што?» — недарэчна падумаў я.
Успыхнулі яшчэ раз бліцы. Я адвярнуўся, і Шчука, відаць, зразумеў, што мне кепска: тысячы трупаў бачыў я на вайне, але паспеў адвыкнуць, а тут яшчэ гэта быў… не, ужо не быў.
— Ён? — спытаў Шчука.
— Твар — самі бачыце. Вопратка дужа падобная. Канстытуцыя — рыхтык ягоная. Прабачце, я павінен адысці.
Я сеў на пень. Я глытаў нешта, а яно ўсё сядзела ў глотцы. Вясёлага было мала ва ўсіх гэтых падзеях. Ад вас ідзе абражаная жанчына. Ваш лепшы друг загінуў. Ягоныя словы, ягоны неспакой…
— Ну што гэта, як красная дзеўка, — сказаў лейтэнант Клепча.
Я раззлаваўся, і, дзіўна, мне адразу стала лягчэй.
— Вось што, лейтэнант, — сказаў я. — Калі б пасля такога пераплёту я, скажам, спытаў бы ў вас, якой вы думкі аб творчасці Первенцава, або пачаў дасціпна гаварыць аб дасягненнях народнай гаспадаркі краіны — тады мяне трэ было б неадкладна браць пад белыя рукі і везці ў Навінкі.
— Маўчыце, Клепча, — абарваў яго Шчука. — Адыдзем да машыны, Косміч.
Ён хацеў адцягнуць маю ўвагу, дзякуй яму.
— Што было ў яго ў кішэнях? — спытаў я.
— Каша з тытуню, хлеба, паперы і іншага. Ён курыў?
— Апошні час дужа мала. Яшчэ што?
— Баначка з матылём. Вось. І ў чаўне два буйныя шчупакі.
— Ягоная, — сказаў я. — Але не мог ён такога буйнага шчупака… І што ён, увогуле, шчупака на матыля лавіў? Лухта якая!
— Спінінг знайшлі, — даляцеў па вадзе голас з чаўна. — Відаць, шчупак зацягнуў пад корч — вудзільна і патанула.
— Ну, бачыце, — сказаў Шчука.
— Ад чаго гэта здарылася? — спытаў я,
— Упаў з чаўна ў ваду. Патануў. Як у яго са здароўем?
— Ён быў дужа хворы чалавек.
— Ну вось. Мог быць прыпадак. Мы падышлі да машыны.
— Ягоны «Запарожац», — па аглядзе сказаў я. — І ўсё ж я не веру, што гэта ён. Так, машына, так, вопратка. Але ж аблічча… няма. Але ж гэты, здаецца, вышэй ростам. І потым, чаму паехаў адзін?
З лесу, з туману, вынырнуў да машыны Велінец з сабакам.
— Рам следу ад машыны не ўзяў, — сіпата сказаў ён. — І не дзіва. Колькі дзён! Акрамя таго, снег яшчэ ляжаў. Дождж злізаў яго. І зноў снег. І зноў стаяў… Відаць, канчаткова вясна.
— Няўжо бываюць неапазнаныя? — спытаў я.
Палкоўнік не адказаў.
Яшчэ праз гадзіну мы ішлі да машыны. Цела ўжо забралі. Наперадзе ішлі Велінец і Клепча і гаварылі ўжо аб нечым іншым.
— Ды зразумей ты, — гарачыўся Клепча, — матэрыял ягонага гарнітура.
— Ну ладна, — з іроніяй цадзіў Велінец, — касцюм з матэрыялу, партыю якога ўкралі. Доказ мне яшчэ! Ну а каб, скажам, ён быў калісь паліцаем, чакаў патаемна ў душы «выбуху народнага гневу» і на гэты выпадак трымаў у страсе арсенал — ён што, тады хадзіў бы па вуліцах і плошчах з кулямётам у руках? Глупства! Матэрыял яго і апраўдвае. Дый характар ягоны. Самае, напэўна, страшнае злачынства ў ягоным жыцці — у жонкі з шуфляды тры рублі сцягнуў на гарэлку.
А мяне калаціла! І ад раптоўнага ўсведамлення непапраўнасці, і ад гора, і ад нейкай няяснай надзеі, і ад злосці на гэтых, якім усё адно, якія так хутка ўсё забылі, пераключыліся са смерці чалавека на нейкі матэрыял ды яшчэ й жартуюць.
…У маленечкім мястэчку Чурсы спыніліся перакусіць. Я глядзеў на гэтыя паўсотні дамоў, лялечную гарбатню, флігель ад разбуранага ў вайну палаца і гіганцкія, туманна-мокрыя, чорныя дрэвы старажытнага парку і ўспамінаў, як улетку мы хадзілі тут з Мар'янам і збіралі на прынаду слімакоў. Іх тут было безліч на берагах шматлікіх зялёных ставоў, у роснай прахалоднай траве. Я нідзе столькі іх не бачыў. І такіх вялізных, з яблык велічынёй. «Француз бы звар'яцеў з радасці», — сказаў тады Мар'ян. І вось я глядзеў, і ў мяне пякло вочы і нешта ў грудзях.
— Ласіна ёсць, — прыбег Клепча, — мабыць, нехта па ліцэнзіі забіў ды здаў у гарбатню. Пашанцавала. У Менску не дастанеш.
— Бы ў лепшых дамах Ландона, — сказаў Велінец.
У гарбатні ўсе размясціліся пад дрэннай копіяй з карціны «Томаш Зан і Адам Міцкевіч на беразе Свіцязі».
— Абажаю аленяў, — сказаў Клепча, умінаючы ежу.
— Угу, — сказаў Шчука, — яшчэ з часоў дзіснееўскага Бембі ў кіно. Надзіва гожая і шляхетная істота. Пяшчотная, мяккая.
Я не мог есці. Заказаў дзвесце грамаў «Белавежскай», цяпнуў яе нагбом, як апошні алкаш, і закурыў, адчуваючы, як паволі апякае мне ўсё ўсярэдзіне.
Адчуваў, што я несправядлівы, што гэта штодзённая іхняя работа і не паміраць жа ім з голаду, і.ўсё адно пагарджаў імі. І таму нямала здзівіўся, калі палкоўнік пайшоў і прынёс сабе і мне па сто пяцьдзесят, сеў і, раптам, таксама амаль адштурхнуў талерку.
— Не магу. За столькі год, а не мог звыкнуць. Вып'ем, Антон Глебавіч. — І пасля паўзы: — Ненавіджу свалачоў… Пакуль не здохну…
У гэты момант Клепча заўважыў на карціне Занавы бакенбарды і раптам сказаў:
— А чаго-то Пушкін? Хіба ён быў на Свіцязі?
— Гэта Зан, — магчыма, занадта рэзка сказаў я.
— Ну а гэты… Зан… хіба ён…
— Памаўчыце вы, калі ласка, — абарваў яго Шчука і толькі тут адказаў на мае словы, сказаныя яшчэ на Романі: — Бывае і так, што не апазнаюць. Рэдка, але бывае. Дай бог памяці, у 63-м ці ў 64 годзе пісьменнік ваш адзін, ну, з гэтых, маладых ды ранніх, раманы яшчэ гістарычныя піша, плыў са сваякамі па Дняпры ля Рагачова. Бачыць, нешта ружовае. Падумаў, што незвычайнай велічыні глушаная рыба (вось трэба яшчэ гэтых «шахцёраў» з Бабруйска прыціснуць, што ездзяць рыбу глушыць). Устаў на носе і раптам стырнавому: «Вараці!…» Плыве спінаю дагары жанчына ў ружовай камбінацыі. Ну, усё зрабілі, прыехалі нашы па труп… Але й дагэтуль невядома: хто, адкуль, як? Можа, аднекуль з Урала ў невядомай кампаніі прыехала, а можа, і яшчэ аднекуль. Ці сама ўтапілася, ці, можа… Але выплыве. Так ці іначай, а яна выплывае рана ці позна, праўда. Так што й ты, хлопец, не квілі. Цяжка, ясна. Але суцешся хаця тым, што атрымаюць яны, калі гэта забойства, — спаўна. А ўжо мы пастараемся, перабяром усё.
— Што ж, — сказаў Клепча, — усю Беларусь дагары нагамі перакуліш? Усіх сваякоў перабярэш? А тыя, можа, з Эстоніі?
— А ты і эстонскіх перакулі, — сказаў Шчука. — І, дарэчы, вазьмі прыжыццёвае фота ды паездзі па акрузе. Можа, нехта бачыў такога чалавека ў кампаніі з кімсьці знаёмым… напярэдадні.
— А па тым здымку? На беразе.
— Па тым здымку людзі падумаюць, што паказваеш акцёра Аўсянікава ў ролі ценю бацькі Гамлета. Думаць трэба, хлопец.
Калі машыны ўжо зноў ляцелі па плітачнай шашы алеяю трохсотгадовых ясеняў і вязаў, Шчука раптам спытаў:
— Што то за кніга?
Я расказаў.
— Паказаць не можаш? Ага, тады заедзем да цябе ў хату. А пасля… можа, з намі на ягоную кватэру з'ездзіш?
— Так… Слухай, ён жа трывожыўся! Ён казаў аб нейкай сувязі з тым, са старажытным, злачынствам!
— Гэта магло быць проста ад нерваў. І потым, каб мы займаліся ўсімі злачынствамі, зробленымі за мільёны год, з таго часу як малпа стала чалавекам, то каму было б разбірацца, хто ўкраў у сябра Раткевіча аўтаручку.
Дзіўна, ягоны грубаваты тон крыху супакойваў мяне.
— Так што старажытным злачынствам займіся ты. Ты знаўца, гісторык, табе і карты ў рукі. А знойдзеш што-небудзь цікавае для сённяшняга дня — ну, тут мы заўсёды да тваіх паслуг.
— Ты накшталт таго капеечнага крытыка, якому падавай творы толькі на злобу дня. А для гэтага газеты ёсць.
Мы заехалі да мяне, узялі ў партфель кнігу і пакацілі на парніковую гаспадарку.
І зноў была алея напалову выпляжаных ліп, і стары дом, і барокавая брама могілак. Толькі на дне спушчаных ставоў накапілася каламутная вясновая вада. А ўва мне ўсё яшчэ жыла няпэўная надзея, што вось пазвонім, вось у глыбіні кватэры аддадуцца крокі, лясне замок і заспаны Мар'ян скажа мне:
— А ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам?
Ніхто не адказаў на званок. Мы стаялі і чакалі доўга, і я чуў, як «Цэнзар Феакцістаў», з'едлівая вахцёрка, адказвае Клепчу:
— Два дні назад як быццам чую — замок ляснуў. Гляджу — чалавек. Але дзверы зачыненыя. Пытае:
«Што, там нікога няма, бабуся?»
— Які хаця па выгляду чалавек?
— А такі сабе… ну… нібы крыху гарадскі, а крыху нібы й не гарадскі.
Урэшце прывялі панятых і адкрылі замок. І надзея мая адразу знікла, а пачуццё бяды ператварылася ва ўпэўненасць.
Эльма ляжала нерухома на падлозе. Здаравенны тыгравы Эдгар, убачыўшы мяне, няпэўна матлянуў азадкам. Вочы ў яго былі няшчасныя і слязіліся, і ён адразу заплюшчыў іх. Нават не ўстаў насустрач. У перадпакоі рэзка і моташна пахнула чымсьці.
— Ён не ездзіў у ніякую Вільню, — упэўнена сказаў я Шчуку, — іначай бы адвёў сабак. Ён і не думаў з'язджаць больш чым на адзін дзень.
— Сабак усыпілі, — сказаў Шчука.
— У той жа дзень усыпілі. Бачыце, яшчэ не з'едзена ежа, не выпіта вада. Толькі як маглі ўсыпіць на столькі дзён?
— Мо шукалі нешта? Калі за адзін дзень не знайшлі, то маглі паўтарыць дозу.
— Але як? Гэта выхаваныя псы. Яны нічога не возьмуць з нічыіх рук. Толькі ў Мар'яна… і ў мяне.