Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 2 стр.


Стаiць певень над кручаю, -

Заторкнута с… анучаю.

I растлумачыў:

— Разгадка гэтай загадкі — «кагла». Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў. Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.

— Iдзiце, Сымон, — сказаў ён, гледзячы ў акно.

Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:

— Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.

Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. I раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:

— Што мне, есці гэта? I што такое, наогул, беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. I раптам… бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і — сікась-накась — пальцам у носе калупае…

Пры апошнiх словах зрэнкi Леановiча папаўзлi да пераносся. Твар стаў такi дурны, што Гораў са сваiм легкаважным i вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.

— Няма нічога смешнага, — вызверыўся Леановіч. — I ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. I наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу… Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба… туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых…

Вераб'іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.

— I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар — гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца… А блакітныя мундзіры іх — па мордзе, па мордзе: "Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні…" А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць — ці ад болю, ці ад захаплення… А назаўтра — "За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць". Патрыятызм.

Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, — усё мана, усё міраж.

Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна — ён і сам адчуў гэта і пачырванеў — сказаў яму:

— Вы дваранiн, капiтан Леановiч, вы павiнны паважаць традыцыi…

Леановіч ускіпеў:

— А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?

— Не, не ведаю,

— Таму што ад бандзюкоў паходзiм, мiл-свет Юрый Аляксандравiч… У цараванне, здаецца, цара-цяляцi горад Магiлёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воiнства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасцi жыхароў уганорылi трымаць гарнiзон коштам самога ж вялiкага града. I сталi тут нашы лабiдуды думу думацi. "Гэта каб яшчэ батагамi, дык згода была б — усё жыццё з-пад батагоў не вылазiм. А грошыкi — тут ужо не. Дудкi".

Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. I Гораў сказаў холадна:

— Заходзь.

Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх сівеючых валасоў. I нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала, — кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.

— Чаго табе? — спытаў Леановіч.

— Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.

Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча мільганула радасць.

— Брашы больш, — з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. — Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?

— Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка пад вадой.

— Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў… Ідзі да д'ябла.

I, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:

— Ну, чаго табе яшчэ?

— Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык… Дазвольце мне каравул паставіць… Могуць патопнуць.

— Твая якая справа? — спытаў капітан. — Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць… Ніякіх каравулаў.

— Слухаюся — ніякіх каравулаў, - сказаў Іван і выйшаў.

Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі густыя вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:

— I вырашылі рззаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк… Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. I тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам "Пара!..".

…Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі — адсюль і пайшла новая назва: Касцярня… Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата… А з-за чаго? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага…

…З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі — бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на «пора». Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага — на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.

— У вас ёсць народ, — ціха сказаў Гораў. — Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.

— Мы вельмі любім народ, — сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. — Каб зручней залазіць яму ў кішэнь… Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце — ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. I ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты… Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі… Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся?.. I нікога не шкадуй для сваёй мэты… Пакуль у сілачку не ўваб'ешся, — маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе… А там — не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма… I не трэба саромецца. Я не саромлюся. На прыгожыя словы — пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. I зацягну…

Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. I Гораў няшчыра пазяхнуў і спытаў:

— Вы французскай хваробай ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозгу.

— Нават слоў маіх баіцёся, — жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. — Не, капітан, я не хварэў французскай хваробай. Ніколі. I продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.

- Ішлі б вы лепей спаць, капітан.

— А вы што?

— Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.

— Псу пад хвост, — сказаў Леановiч.

Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:

— Прашчур — малайчына. Галоўнае — стаць на той бок, які выйграе.

Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.

Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі падаючых кропель. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.

Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.

Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі. Глухія галасы.

Гораў угледзеўся ў цемру:

— Нехта прыехаў.

Ён накінуў плашч і выйшаў.

Сярод двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.

Завеска брычкі адшморгнулася: з'явілася і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.

— Сюды, пані, - спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.

Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад сляпучага — пасля цемры — агеньчыка свечкі.

Здзіўлены Леановіч глядзеў на жанчыну вялізнымі вачыма.

Глядзець было на што. Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога аблічча.

Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы і прыпухлы маленькі рот. Прамы, невялічкі нос, мяккі авал трохі асіметрычнага аблічча, якому самая гэтая асіметрычнасць надавала дзіўны выраз мяккай і жаночай пакорлівасці ў спалучэнні з уладнасцю, мала таго, з прывычкай уладарыць.

"Адкуль гэта, — падумаў Гораў, - ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Праста чалавек духу і думкі. А ўладнасць — як гэта я не здагадаўся? — проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай.

I ён адчуў, што каб не мундзiр, каб не вайна, — ён, можа, i сам стаў бы яе рабом. I нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю.

На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. I быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.

Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур'ёзны.

— На той бераг, калi ласка, — сказала жанчына.

Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.

— Сядайце, піце чай, — спакойна сказаў Пора-Леановіч. — Сымон, фурману шклянку гарэлкі. Коней — выцерці.

— Дзякуй вам на добрым слове, але я не магу, — сказала яна.

— Падпарадкуйцеся, калі ласка, — ветліва, але цвёрда сказаў Леановіч.

Жанчына прыўзняла на яго вочы, быццам здзіўленая гэтай нечаканай цвёрдасцю, Але ўсё ж падпарадкавалася, села

Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася, але не магла доўгі час вісець усцяж цела, зацякала.

Увесь гэты час жанчына безуважліва глядзела ў акно. I нават потым, калі пілі чай, не дакранулася да ежы, нягледзячы на ўсе ўгаворы Леановіча. Толькі пагрэла рукі аб шклянку і адпіла некалькі глыткоў. Леановіч павольна і з відавочнай насалодаю хлябтаў бурую ад заваркі вадкасць.

Калі Сымон прыбраў са стала, капітан зручна сеў, прыхіліўшыся спіною да сцяны, і, спытаўшы дазволу, закурыў.

— Дык у чым справа, пані?

— На той бераг. Я вельмі спяшаюся, — усхвалявана сказала яна. — За ўсю дарогу я толькі тут на цэлую гадзіну затрымалася.

— Давядзецца чакаць да раніцы, — спакойна сказаў Леановіч.

— Чаму?

— Вось загад генерала Фікельмонта ўначы абараняць паром, не падпушчаць чужых людзей. Тым больш цывільных… Пераначуйце тут. Пакой мы аддамо вам.

— Мне нельга.

— Вельмі шкадую, пані. Загад Фікельмонта. Ваенны час, пані. Інсургенты…

— Я не інсургент. Я толькі жанчына, маці.

— Захварэла дзіця? — пацікавіўся Пора-Леановіч.

— Не. Я спяшаюся да мужа.

— Шкадую, пані, але дапамагчы не магу. Палявы суд — непрыемная штука. I ёсць загад Фікельмонта, — як малому дзіцяці, добразычліва тлумачыў Леановіч.

— У мяне таксама загад. Яго сіяцельства. Прачытайце.

Ніхто не папрасіў назваць прозвішча. У гэты час на Беларусі было толькі адно "сіяцельства", падпарадкоўваючыся волі якога рухаліся палкі, ганцы заганялі да смерці коней, людзі мучылі людзей.

— Так, загад Мураўёва, — сцвярджальна сказаў Леановіч, гледзячы на паперу.

Гораву здалося, што выгляд у Леановіча не вельмі здзіўлены.

— Ого, — з удаванай уважлівасцю сказаў Леановіч, — дык вы жонка Усяслава Грынкевіча. Таго?

— Так, — сказала жанчына, сыходзячы да чагосьці, падобнага на просьбу, — вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы.

Твар яе аж ззяў.

— Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое…

Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку.

— Мужу варта было б думаць раней, — суха сказаў Леановіч. — Замест саламянай падушкі ён абдымаў бы зараз адну з самых прыгожых жанчын, якіх мне даводзілася бачыць.

Жанчына ўспыхнула, але стрымалася:

— Я ўсё гэта разумею. Але зразумейце і вы. Ён будзе жывы. Толькі на той бок — і праз гадзіну я там… I ён жывы.

Леановіч маўчаў, нешта абдумваючы. Зірнуў на гадзіннік. Машынальна глянуў і Гораў. Дванаццаць гадзін. Быццам у адказ праз рык навальніцы данесліся далёкія глухія ўдары саборнай званіцы горада.

— I яшчэ адна прычына, — сказаў нарэшце Леановіч. — Вераб'іная ноч. Рака ўсхадзілася. Можна патапіць паром. I вас. I людзей.

— Зразумейце, яго кожную хвіліну могуць забіць.

Гораў бачыў: яшчэ дзесяць хвілін такога катавання, і жанчына можа заплакаць. Усе другія на яе месцы плакалі б ужо.

Пора-Леановіч, усё з тым самым выразам дагаджэння на сухім прыгожым твары, накінуў на плечы жанчыне плашч.

— Выйдзем, пані… Гораў, хадзем з намі.

Дождж на дварэ пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і абяцаў зрабіцца яшчэ больш моцным нізавы вецер. Калі яны, з цяжкасцю пераадольваючы яго імпэтныя парывы, выйшлі на адхон, — іхнім вачам адкрылася жудаснае відовішча.

Рака лютавала. Нізавыя парывы ветру развялі вялікія, у рост чалавека, хвалі. Яны каціліся супраць плыні, шоргаючы белымі грабянцамі. Хлапякі пены ля берага з цяжкасцю, з яўнай напругай пасоўваліся па плыні, падскокваючы на вадзяных гмахах. А ў прыдоннай лазе круцілася, віравала рудая пена. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільным навальнічным цямноцці.

Але і адтуль, са змроку, далятаў усхваляваны, нізкі гук вады. Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым — цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны.

Леановіч моўчкі паказаў рукою, што трэба вяртацца ў пакой. Толькі там, у разамлелай цеплыні начнога чалавечага гнязда, ён сказаў:

— Вы самі бачыце, пані. Паром немінуча знясе. Пачакайце да раніцы.

— Але ён чакае, — амаль умольна сказала яна.

— Ён чакаў два месяцы. Некалькi лiшнiх гадзiн нiчога не зменяць, — абыякава да здзеклiвасцi сказаў капiтан.

"Не можа ж ён не разумець яе становішча, — думаў Гораў. — Што гэта? Здзек або халодная подласць".

Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.

— Для асуджанага кожная гадзіна чакання — гэта лішнія маральныя пакуты, — проста сурова сказала яна, — вы ведаеце гэта…

— Вы можаце загінуць пры пераправе.

— Я не баюся гэтага.

— Я за вас таксама не баюся, — абыякава сказаў Леановiч. — Але я адказны за жыццё салдат. У iх таксама жонкi.

Назад Дальше