— Я магу паехаць з ёю, — раптоўна для самога сябе еказаў Гораў.
— Вы адзін не здолееце, — са спакойнай усмешкай на прыгожых і жорсткіх вуснах сказаў Пора-Леановіч. — Не звяртайце ўвагі, пані. Гэты парыў сведчыць аб добрым сэрцы, але ў капітана Горава параненая рука… у бітве з інсургентамі… Дарэчы, у гэтай бітве ён выявіў сябе героем,
То быў несумленны ўдар, але Гораў змоўчаў: ён не хацеў сказаць, што паранены пад Ракавам, а не тут, ён наогул не хацеў апраўдвацца.
— Так, — сказаў ён, — але можна спытаць у салдат, хто захоча.
— Салдацкая самадзейнасць? — Спакой тону Леановіча межаваў са здзеклівасцю. — Ну, не… А адказ — мой.
— Мне здаюцца падазронымі вашы паводзіны, — сказаў Юрый.
— Капітан Гораў, - не павышаючы голасу, сказаў Леановіч. — Я забараняю вам… Вы пакуль што падначалены.
Гораў змоўк. Ён зразумеў, што капітана не зрушыць, што ён мацнейшы за каменны мур. I такі ж раўнадушны. Гораў нават адчуў на хвіліну, што сабою ён, Юрый, пагарджае, а Леановіча пачынае паважаць за такое няўхільнае выкананне абавязку. I ўсё ж гэта быў жорсткі абавязак, непрыемны абавязак.
— Я паплыву, — сказала жанчына, — я добра плаваю.
Зірнуўшы на яе рашучы, мэтаімклівы твар, Гораў зразумеў, што гэта не пустая пагроза.
— Я не дазволю вам, — сказаў Леановіч. — Вы забылі, што я мужчына і воляй лёсу адказны за жыццё дамы, за ваша жыццё.
— Вы мужчына? — горка сказала яна. — Сапраўдны мужчына сам паплыў бы са мною, калі не хоча рызыкаваць салдатамі і паромам. Вы проста баязлівец.
— Я дзесяць разоў стаяў на бар'еры пад кулямі, - безуважна сказаў Леановіч. — Я тройчы паранены на вайне…
Яна кінулася да яго, потым бяссільна апусцілася на ўслон, упала галавою ў далоні:
— Майце літасць, пан капітан… Божа! Хоць галаву аб вас разбі!!!
— Не раю, — сказаў Леановiч.
Слухаць маўчанне, якое наступіла пасля гэтых слоў, было нясцерпна. Гораў выйшаў на ганак і доўгі час стаяў, затуліўшыся ад халоднага ветру, за рогам хаты. Потым, з цяжкасцю вырываючы ногі з раскіслага глею, пайшоў да брамы пад рэдкім, як слёзы, дажджом,
Далёкія чырвоныя бліскавіцы ўсё яшчэ ўспыхвалі на вяршынях чорных вольх. Вецер не сціхаў. Рака ўтрапёна пялёскалася пад адхонам.
Гораў абышоў пасты — паўсюль яго сустракалі воклічамі. Кардон не спаў.
…У гадзіну ночы, агледзеўшы ўсё, што трэба і не трэба, Гораў усё яшчэ гуляў пад дажджом, цяпер без мэты. Праходзячы, нарэшце, да ганка паўз асветленыя вокны хаты, ён убачыў у адным акне твар Леановіча, жахлівы, відавочна пастарэлы твар. Леановіч глядзеў у цемру.
У акне бакоўкі Гораў заўважьгў постаць жанчыны. Тая кідалася, як зняволеная. Спынілася, ударыла кулачком па печцы.
Гораў апусціў галаву. Яму не хацелася больш ісці ў хату.
Зноў рака, зноў відовішча звар'яваных хваль. Зноў двор — чортава кроў, плашч пачынае прамакаць! — зноў месца за рогам і агеньчык запалкі ў руцэ.
— Палова другой.
Якраз у гэты час Грынкевічава выйшла на ганак. За ветрам Гораў невыразна пачуў:
— Божа, божа, божа…
За яе спіною з'явіўся сярод цемры аранжавы прамакутнік дзвярэй і ў ім сілуэт падабранай, налітай імпэтнай і спакойнай сілаю, постаці.
— Зайдзіце ў пакой, — добразычліва-ледзяным голасам сказаў Леановіч, — я адказваю за вас.
Яна падпарадкавалася, і Гораў, адчуваючы, што зараз можа адбыцца нешта жахлівае, пайшоў за імі ў пакой, зноў убачыў змучаны, без крывінкі твар.
— Майце літасць…
I раптоўна ўся сіла гэтай натуры, уся яе палкая страснасць выбухнула парывам гора.
— Няўжо ў вас не было кахання… хоць маленькiх успамiнаў? Яшчэ тры гады таму ён быў толькi маiм жанiхом! Разумееце вы, цi ў вас лядзяш замест сэрца?! Быў май, i мы гулялi ў гарыпнi… Такi смех быў над паплавамi… А зараз ён заўчасна сiвы, змучаны. Яму нельга!..
— Пані, усё гэта дарэмна, — ветліва сказаў Леановіч.
I гэтыя словы вярнулі яе да прытомнасці.
— А-а-х-х вы! Што вы варты? — з невымоўнай пагардай сказала яна. — Фрунт забіў вашу душу. Вы не разумееце нават, што ён не за сябе, што ён за народ, за вас, за гэтых бедных людзей. Ён не дзеля грошай, не дзеля ўлады. Ён… каб народ быў вольны. Гэта і ваш народ, пан капітан. Воля патрэбна ўсім двухногім. А нам, беларусам, рускім, палякам, — больш за ўсіх. Бо мы штодня без яе паміраем у пакутах.
Твар Леановіча скрывіўся нейкай жудаснай грымасай:
— Пані, я адпраўлю вас не на другі бераг, а з аказіяй у Магілёў, калі пачую яшчэ хоць слова ў гэтым стылі.
Жанчына моўчкі пахітала галавой:
— Якi ж вы нiзкi чалавек.
Ляснулі за ёю дзверы бакоўкі.
— М-гух, сука, — сказаў Пора-Леановiч.
Гораў праглынуў камяк у горле і ціха сказаў:
— Леановіч, гэта брыдка.
Але на вуснах начальніка кардона зноў з'явілася прыязная і страшнаватая ўсмешка.
— Капітан, — сказаў ён, — гэта, здаецца, вас прыставілі наглядаць за мною, а не мяне за вамі. Мне здаецца, яны зрабілі дрэнны выбар.
Гораў аслупянеў. Ён ніколі не ведаў, ніколі нават не мог падумаць, што на яго можа ўпасці такое падазрэнне. Ён стаяў, моўчкі хапаючы ротам паветра. Бялявыя хвалістыя валасы прыліплі да спацелага лоба, глыбокія сінія вочы сталі жаласнымі.
Быццам атрымаўшы ўдар пад грудзі, ён з хвіліну моўчкі хапаў ротам паветра, а потым кінуўся прэч з пакоя.
Стоячы за рогам хаты, адчуваючы, як мокры ліст высокай вяргіні часам гладзіць яго па шчацэ, ён у думках пагражаў Леановічу самымі жахлівымі помстамі і ў той самы час ведаў, што нічога ён яму не зробіць, што гэты брэцёр з халоднымі вачыма робіць правільна, затрымліваючы жанчыну да раніцы, што на баку гэтага чалавека — права, права вайны, якой яны абодва служаць.
"Што ж, нічога не здарйцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, — думаў ён. — За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як… навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы".
Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.
"Але чаму "навекі"? Чаму "назаўсёды"? — думаў Юрый. — Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя… Цар міласэрны… Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных… I ўсё ж, гэта жахліва… Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці… Толькі яе… А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны… дрэнны".
I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рогам хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.
Было дваццаць хвілін на трэцюю.
Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.
Гораў глыбока ўздыхнуў — нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры — і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.
— Што гэта ў цябе?
— А галчаняткі… бедныя. Познія, — сіпатым голасам сказаў Іван. — Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?
Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.
— Ты адкуль, Iван? — цiха спытаў Гораў.
— Маскоўскі.
— Землякі, - з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.
Зноў запанавала маўчаннё. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.
— О-ох, — сказаў сіпаты голас Івана. — Зараз на Пятніцкай катрынка грае, служанкі ля пад'ездаў семкі лузгаюць… Іван Вялікі непадалёк гарыць, аж вачам балюча.
Абодва не думалі, што ў Маскве зараз таксама ноч. Вачам афіцэра і салдата яна здавалася сонечнай, ззяючай і асветленай цеплынёю вечнага жнівеньскага дня.
— Людзі з царквы ідуць, — казаў Іван. — "Вуглей гарачых!" здалёк даносіцца.
— На развале кнігамі гандлююць, — летуценна сказаў Гораў.
— Угм, — няўпэўнена і адразу неяк адчужана сказаў Іван.
I Гораў таксама адчуў гэта. Ён стаяў, пакутліва думаючы, што яму штосьці трэба ад гэтага салдата, што яму трэба штосьці вырашыць.
— Галчаняткi вы… дурныя. Бач, вачыма лыпаюць.
I раптам Гораў, амаль нечакана для сябе, сказаў:
— Iван, як пераправiцца цераз раку?
Іван спадылба глянуў на афіцэра, павагаўся, а потым цалкам натуральна адказаў:
— Яно можна.
— Ты не думай, — заспяшаўся Гораў. — Я загадваю, я сам з табою і паеду…
— Вядома, загад, барын, іначай нельга, — сурова сказаў Іван. — Можна б і ў начальніка кардона спытаць, але ён, відаць, заснуў.
I прыбавіў:
— Мы човен схавалі.
— Човен? Як асмеліліся? А загад?
— А адкуль у нас рыба ў юшцы? — амаль груба спытаў салдат. — Што ж нам, на кашы сядзець? Калі самі сабе не дапаможам…
— Добра, добра, — сказаў Гораў і пасуровеў. — Што ж, Іван, са мной паедзеш?
— Цяжка ўтраіх, — уздыхнуў Іван, — але паспрабаваць трэба.
— Едзем.
— Ну-к, што ж, — Іван памаўчаў, потым падаў голас ў цемру. — Сідар, га Сідар, галчанятак вазьмі…
Гораў ужо цёпаў прэч ад яго па глыбокай гразі. Спыніўся пад акном бакоўкі, пашкроб у яго пальцам. I амаль адразу ўбачыў за каламутнымі шкельцамі яе твар з пашыранымі вачыма. Гораў прыклаў палец да губ, і яна здагадалася, бязгучна расчыніла акенца,
— Збірайцеся, — шэптам сказаў ён, — і дзьмухніце на свячу: хай думаюць, што вы спіцё.
Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.
— Дапамажыце мне.
У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе — акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.
— Дайце мне руку, — шэптам сказаў ён, — хадзем.
Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом…
- Іван, дзе ты? — шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.
— Тут, — прагучаў у адказ сiпаты голас.
Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.
— Хутчэй, — сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.
…Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.
— Ёсць, — сказаў ён, вярнуўшыся, — дайце руку.
I пацягнуў Горава кудысьцi ў цемру.
Выцяўшыся каленам аб борт чаўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.
— Чакайце, — буркнуў Іван, — толькі сцябла схаваю.
— Якое сцябла?
— Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць… Хлопцы, як згубім, не пахваляць.
Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.
— А другое?
— Гэта вам не катанне на Яўзе… Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.
— Дайце я, — сказала жанчына, — ён не ўмее.
— Сілы пашкадуй, дзіцятка, — грубым голасам сказаў Іван. — Да конскіх могілак дзве вярсты… у цемры.
Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.
Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. I адразу — спачатку слаба, потым мацней — пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.
— Чорт, — сказаў салдат, — наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.
— Нічога не бачу.
Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвiлну залiла няпэўным дрыготкiм святлом абшар Дняпра, пасiвелага ад ярасцi, iмклiвыя грабянцы валоў, далёкi чорны бераг. Вёслы Горава i Iвана ўдарылi па вадзе, ружовай ад святла блiскавiцы. I адразу гэтая вада стала чарнiльнай, а на людзей цяжка навалiўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзiрацца ўспышкамi святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусiм без усведамлення небяспекi, толькi з лiкуючым iмкненнем наперад, да волi, глядзела на другi бераг, якi амаль не наблiжаўся.
Шкарлупінку кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідваў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы.
Кожныя пяць хвілін даводзілася выліваць ваду; усе прамоклі да пояса. Човен скакаў па хвалях, і пырскі пены ляцелі ў вочы людзей: за бортам раз'юшана пляваўся Дняпро.
Гораву здавалася, што гэта цягнецца вечнасць, што цямноццю і страшным ударам у борт душагубкі ніколі не будзе канца. Човен, пэўна, адносіла.
I ўсё ж наступіў момант, калі хвалі ўтаймаваліся, шкарлупінка плаўна загайдалася ў зацішку, за высокай касой процілеглага берага.
— Ну, барын, — уздыхнуў Іван, — думаў, патопнем.
— Мы не маглі патануць, — упэўнена сказала яна, — як жа нам патануць, калі мы неслі жыццё.
Асклізваючыся на чырвонай гліне абрыву, яны ўзвялі жанчыну на роўнае месца.
- Ідзіце, — сказаў Іван, — туды… Мы не можам праводзіць вас.
Жанчына стаяла моўчкі, потым нечакана схілілася і прынікла губамі да рукі Івана.
— Што вы, што вы, — спуджана мармытаў той, выдзіраючы шорсткую, як капыт, руку з яе пальцаў.
— Дзякуй вам, дзякуй, — задыхаючыся казала яна, — дзякуй за добрыя рукі, за сэрца.
— Ат, — Іван махнуў рукою і занадта паспешліва пачаў спускацца з абрыву,
- Ідзіце, — сказаў Гораў жанчыне, — хутка пачне днець.
I раптам адчуў у цемры, як жанчына прыцiснулася шчакой да яго грудзей, прыўзняла твар i дакранулася губамi да яго шчакi.
— Дарагі, родны мой друг.
- Ідзіце, ідзіце, — сказаў Гораў, адчуваючы, як вільгаць просіцца на вочы.
— Я іду. Я іду, — паспешліва сказала яна.
I цень жанчыны растаў у змроку…
…Гораў спусціўся ўніз і знайшоў пад адхонам Івана. Нашчыкаўшы са стажка сухога сена, той наклаў на яго ссохлых леташніх галін лазы, прыплаўленых у повень Дняпром, і паспеў раскласці ў лагчынцы невялічкае, але зыркае вогнішча.
— Сушыцеся, — сказаў ён, — потым самі будзеце веславаць. Я пераплыву… Не трэба, каб нас бачылі разам, ваша высакароддзе.
Яны моўчкі сушылі вопратку каля агню. А потым, калі размялі рукамі сухую, пакарабачаную тканіну, заўважылі, што над Дняпром пачынае шарэць.
У гэтым жаўтавата-шэрым брудным святле вялікая рака сціхла, быццам застыдаўшыся таго, што нарабіла ў мінулую ноч. Усё яшчэ было ветрана, але нізавы вецер даў месца верхавому, і той, як добры дзядзька, сагнаў хвалю, разгладзіў сваім подыхам пахмурную паверхню ракі. Яшчэ падалі кроплі дажджу, але відаць было, што дзень хутка заўсміхаецца ўсімі сваімі прамытымі і цёплымі фарбамі. Ды і дождж крапаў такі рэдкі, што незразумела было: ці то падалі скупыя кроплі, ці небывала дружна хадзіла «жорам» верхаводка.
Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:
— Дык я паплыву, ваша высакароддзе… Прыйду потым на кардон паплавамі.
I сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:
— Вайна вайною, а баб шкада… Вельмi баб шкада.
…Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.
"Божа, — падумаў Гораў, - нават рэкі цякуць малаком. I на гэткай благадатнай зямлі паміраць? I такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне — і тое выдатна. I я не шкадую".
За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з сігаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.
Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. I гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.