Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 4 стр.


— Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.

Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.

— Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.

— Вы яшчэ хлопчык, капітан… I як лёгка яна вас акруціла.

— У яе загад графа Мураўёва.

— Святая нявіннасць… Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.

— У яе загад. I нельга гуляць жыццём памiлаванага.

На вуснах Пора-Леановіча з'явілася ўсмешка.

— Вы лічыце, што наш граф так лёгка вьшускае з пятлі людзей?

— Н-не разумею вас.

— Яму проста апрыкралі жаночыя просьбы. Яму да слёз хочацца, каб яго лічылі высакародным, каб хоць адна прыгожая жанчына лічыла вылюдкам не яго, а Фільку.

— Што?

— Ён замяняе страту пажыццёвай катаргай і пасылае жанчыну. А за дзве гадзіны да гэтага, з губернатарскай поштай пасылае фельд'егера, каб на месцы паспяшаліся.

Гораў сцяў зубы.

— Калі гэта праўда, дык ён падлюга.

— Ён чалавек, — сказаў Леановiч, — чаго ад людзей чакаць?

— Што далей? — сурова спытаў Гораў.

— Жанчына, відаць, не шкадавала грошай; яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін — не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам… I ўсё ж фельд'егер вырваўся з апошняй станцыі, узяўшы апошняга каня. Ён апярэдзіў яе не больш чым на дзве гадзіны…

Твар Горава быў белы як палатно.

— Не лічыце графа дурным, — раўнадушна сказаў Леановіч…

Ён памаўчаў хвіліну. Гораў не мог болей вытрымаць.

— Дзе той фельд'егер?

— Вы самі яго перавезлі праз Дняпро надвячоркам… Гэты улан прывёз мне загад: што б там ні было затрымаць гэтую жанчыну да трох гадзін раніцы. Хопіць, каб прыняў апошнюю літасць ад папа, памаліўся апошнюю ноч і дастатковы час пагайдаўся на шворцы.

— А ў яе вечныя пакуты сумлення, што спазнілася на паўгадзіны?

— Магчыма, — сказаў Леановіч.

— Ну што ж, — сказаў Гораў, - я парушыў ваш план, — яна ўсё ж паспее. I гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.

— Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку-чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.

— Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, — ускіпеў Гораў. — А жанчына паспее, яна не можа не паспець.

Леановіч не слухаў яго.

— Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар'ерыст, а яго жонка — распусніца.

— Гэта ганебна, то, што вы кажаце.

- Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах… А пакуль што…

Ён пазяхнуў.

— …пакуль што ідзіце лепей выспіцеся… Бадай што, і я пайду.

Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б'е — да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.

— Бадай што, ваша праўда, — сказаў ён, — я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.

I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.

— Хлапчыска, — сказаў ён,

…Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.

— Выспаліся? — спытаў Гораў.

— Анягож, — роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.

— Ну вось і добра, — сказаў Гораў, - зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў… Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?

Леановіч пакасіўся на яго:

— Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.

Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.

На процілеглым беразе, над адхонам, з'явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.

— Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, — абыякава сказаў Леановіч. — I каго гэта яшчэ нясе?..

Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.

— Учарашні улан едзе, — сказаў ён і не ўтрымаўся: — Мазалі, відаць, набіў на паўшар'ях, як пірагі.

— Гэ-эй, — пралунаў над ракою зычны голас.

Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.

— Гэ-эй, — крычалі з таго боку два галасы, — паро-ом, па-ром, паром!

Леановiч лянiва павярнуўся да Iвана. Iван стаяў над адхонам, свежанькi, быццам усю ноч хроп у стайнi.

— I чаго наддзіраюцца? — незадаволена сказаў ён. — Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.

— Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?

— Ніхто, — сказаў Леановіч.

…Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.

I толькі калі улан падышоў і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак сігаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.

Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы ("Ванька-ключнік", — падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма,

— Паспеў? — спытаў Леановіч.

— Так точна.

— Што новага?

— Генерал Фікельмонт выказвае вам удзячнасць за дасканала выкананы загад.

— Што? — яшчэ нічога не разумеючы, спытаў Гораў.

Улан стаяў «струнка», але з той няўлоўнай вольнасцю, якая ўласціва фельд'егерам і дазваляе думаць аб лёгкай пагардзе да «пехтуры», хоць бы і афіцэраў.

— Папа клікаць не давялося, — усміхнуўся улан, — але апошні ліст напісаў.

— Дзе была страта? — спакойна спытаў Леановіч… — Стойце вольна.

Улан трошкі адставіў нагу.

— За абвахтай, — сказаў ён. — На конскіх могілках. А палове чацвёртай.

У Горава як абарвалася нешта ўсярэдзіне. Белы, як снег, ён спытаў:

— Жонку бачылі?.

— Так точна. Спазнілася хвілін на дзесяць. Я гэта бачыў, Яна амаль да абвахты падышла, а тут на задворках як каленкор ірванулі… То яна бегла, а тут пайшла, як сонная… А гэты, вядома, яшчэ цёплы быў.

— Плакала? — спытаў Гораў.

— Не, зусім не плакала. Толькі і сказала: "Божа, пакарай іх…" Не шкадавала. Я б такую бабу, што мужа не шкадуе, — кожны дзень лейцамі б па тым месцы, адкуль ногі растуць.

— У цябе тваёй думкі не пытаюць, — суха сказаў Леановіч.

— Дазвольце ісці?

- Ідзі.

Фельд'егер скочыў у брычку. Коні пацягнулі яе на адхон, склізгаючыся капытамі і ссоўваючы ўніз чырвоны, як кроў, глей…

Потым заляскаталі паўз хату, па паплаўцу за ёю, па беразе старыка.

А потым вазок знік.

Леановіч нахіліўся над вадой і спакойна сплюнуў у раку недакурак сігаркі.

Тонкі нясцерпны звон напоўніў вушы Горава. Ён мацнеў, мацнеў. Адчуваючы, што прытомнасць знікае кудысь, Гораў варухнуў непаслухмянымі вуснамі. Голас, на яго здзіўленне, быў моцны і звонкі,

I тады, ступіўшы крок наперад, Гораў выразна адчаканіў:

— Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік.

Леановіч рэзка павярнуў галаву, адарваўся ад парэнчаў. Яго халодныя вочы з цікавасцю разглядалі Горава.

— Гораў, вы забыліся на туз, — холадна сказаў ён.

— Вы падлюга і нягоднік, — сказаў Гораў.

— На тры крокі… - іранічна сказаў Леановіч. — Каб разбэшчаная знатнасць не абражала нявіннасці і чысціні.

I раптам пасур'ёзнеў, на гладка выгаленых шчоках набраклі каменныя жаўлакі.

— Што ж, гэтым рана ці позна павінна было скончыцца. Мы занадта перашкаджалі адзін аднаму… Зайдзіце ў хату, вазьміце стрэльбу і чакайце мяне на сцежцы ў Турск, ля вярбы. Я вас даганю… Раю ўлічыць: мы ідзём на сяброўскае паляванне. На качак.

I спакойна павярнуўся да Горава спіной. Нават не паглядзеў на яго, калі той накіраваўся да хаты…

…Яны ішлі поруч, як сябры. Ніхто, нават вартавы ля пераправы цераз старык, не мог бы падумаць, што гэта не ўчарашнія прыяцелі, а ворагі. Леановіч дружалюбна падтрымаў Горава, калі яны ішлі кладкай.

Хата паромшчыка знікла за густымі вербамі, пад якімі ляжаў старык. Хлюпаючы балотнымі ботамі, яны ішлі далей і далей у лугі. А над імі вісела шэрае нізкае неба.

— Пойдзем да Камарына. Там зручней.

Камарынам зваўся другі старык, другое старое рэчышча Дняпра — доўгае і вузкае возера ў лутах. Яго здалёк адзначалі цёмна-зялёныя шапкі дубоў. Гораву было ўсё адно, куды ісці, ён ведаў, што гэта яго апошняя дарога, і таму ён згодна кіўнуў галавой.

Пора-Леановіч са спакойнай усмешкай сказаў:

— Біцца будзем без секундантаў. На гонар. У ваенны час за такую справу, якой мы намераны заняцца, пагражае цытадэла. Таму — той, каму пашанцуе забіць другога, не павінен шматслоўна гаварыць пра дуэль, або, як казалі продкі, двабой. Забітага — на інсургентаў.

Гораў прагна дыхаў вільготным паветрам, тым паветрам, якое ў дні жніўня выразна прадчувае раскошную цёплую восень.

Крычалі кнігаўкі, малілі аб вадзе, хоць яе досыць было на залітых лугах. I іхні енк аддаваўся недзе глыбока пад сэрцам.

— Пі-іць, пі-ць, — крычала адна, але Гораву здавалася, што гэта яна ў смяротнай скрусе плача "жы-ыць, жы-ыць".

Няўжо можна проста хадзiць па лугах, не думаючы, што чакае смерць? Вось качка ўзнялася з сiтнягоў, паказала рабое брушка. Напэўна, сэрца яе ўпала ад жаху, калi яна ўбачыла за спiнамi людзей трубкi, што вывяргаюць полымя i смерць. Адкуль ёй было ведаць, што людзi занятыя больш важнай справай.

— У вас правая не ў парадку. Не пужайцеся, я таксама буду левай.

— Я не пужаюся, — адказаў Гораў і, хоць зусім не думаў пра гэта, сказаў з паважнасцю, — я хачу толькі хутчэй стрэліць у вас. Вы мне абрыдлі.

Недзе далёка скупы прамень сонца прабіўся праз хмары і зрабіў на мокрай траве ізумрудную пляму. Каржакаватыя дубы над Камарынам патыхалі блажэннай вільгаццю. Бліснула стужка затокі.

Здзічэлы конь — іх многа было ў тое лета — старожка ўзняў галаву ад вады (з цёплых шэрых губ падалі кроплі) і кінуўся прэч. Коні баяліся людзей. Ад людзей пахла не хлебам, а крывёю, як ад ваўкоў.

— Досыць, — сказаў Пора-Леановіч, — далей не пойдзем. У выпадку чаго будзем казаць, што забілі з хмызоў пад дубамі.

Хмызы былі крокаў за дзвесце. А вакол мокрыя лугі з высокай, перастаялай травой.

Леановіч дастаў з ягдташа скрыначку з дуэльнымі пісталетамі.

— Мае, — сказаў ён, — дагледжаныя, выбірайце першы-лепшы.

I, кінуўшы на зямлю плашч, пачаў мераць ад яго крокі.

— Дзесяць крокаў, спадзяюся, не многа? — са злоснай іроніяй спытаў ён.

I хоць гэта была адлегласць смерцi, — бледны Гораў сурова хiтнуў галавой.

— I ад бар'ера яшчэ пяць крокаў, на падыход, — сказаў Леановіч.

Яны разышліся на крайні след.

— Па першым крыку кнігаўкі, - крыкнуў Леановіч.

У дваццаці кроках, зусім блізка, Гораў бачыў постаць ворага з пісталетам у апушчанай руцэ. Бачыў страшныя блакітныя вочы, прыгожы рот, сціснуты ў змрочнай і жорсткай усмешцы. I ён ведаў, што, як бы ні хацелася жыць, ён, Гораў, не стане на бар'еры бокам да ворага, не заслоніць грудзей пісталетам — хоць правілы дуэлі і дазваляюць гэта. Таму што было нешта большае за страх, які жыў у ім.

— Па першым крыку кнiгаўкi, — паўтарыў Леановiч.

Кнiгаўкi, спуджаныя крокамi, стаiлiся, але потым пачулi цiшыню i пачалi ўзлятаць.

Каўкнула першая.

— Пара, — сказаў Леановіч.

Гораў пайшоў, уздымаючы пісталет. Як праз сон, ён бачыў усё бліжэй і бліжэй пустыя сінія вочы. Крок. Яшчэ адзін. Яшчэ.

Мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак. I Гораў з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці, бачыў гэта.

I яшчэ бачыў, як са спакойнай усмешкай ішоў на яго вораг і ягоны пісталет быў ужо амаль на ўзроўні грудзей.

I тады, ведаючы, што даволі ісці, што гэта апошняя хвіліна жыцця, і пакутуючы гэтым, і не шкадуючы ні аб чым, Гораў удыхнуў гаркаватае паветра і, не цэлячыся, націснуў курок.

Лёгкі дымок празрыстым камячком вэлюма паплыў на ўзроўні яго вачэй. Праз гэты дымок здзіўленыя вочы Горава ўбачылі, як Пора-Леановіч таргануўся ўперад, быццам наткнуўся грудзьмі на нешта нябачнае, і стаў.

Хіснуўся, неяк дзіўна заводзячы руку з пісталетам і гледзячы на Горава. А потым страшэнна моцным узмахам рукі адкінуў свой пісталет у балоціну.

Нейкая страшная сіла хіліла да зямлі яго нечалавечае моцнае цела. Ён змагаўся, але яна паставіла яго на дрыжачыя калені і потым шпурнула на траву сваёй магутнай рукой.

I Гораў кінуўся на дапамогу, забьгўшы ўсё; прыўзняў галаву, ірвануў мундзір, раздзёр сарочку на грудзях і пабачыў нізка, пад левым саском, маленькую круглую ранку.

Гэта было зусім нястрашна, толькі адна-дзве кроплі крыві. Але Горава здзівіла не гэта. Яго здзівілі вочы Леановіча, у якіх зараз не было пустаты, а было смяротнае здзіўленне і яшчэ нешта.

Леановіч варухнуў вуснамі.

— Пісталет… пісталет у багну, — заспяшаўся ён.

Здзіўленыя, неяк па-дзіцячаму светлыя вочы спыніліся на Гораве, які трэсся ад непапраўнасці зробленага.

Пора-Леановіч заварушыў рукамі па грудзях і раптам, на апошнім дыханні, сказаў ясным і чыстым голасам:

— Дзякуй вам… Дзякуй…

I паймаўшы руку Горава, пацалаваў яе дрыжачымі вуснамі.

Потым гэтыя вусны замёрлі, а позірк здзіўлена і безуважна спыніўся на шэрым небе, пад якім усё яшчэ лёталі і енчылі аб літасці кнігаўкі.

— Усё, што я вам расказаў, - праўда, — сказаў Гораў.

Гэта было праз два днi пасля двабою. За кардонам, у лугах, непадалёк ад той вярбы, ля якой яны стрэлiся ў дзень дуэлi, стаяла на Збароўскай дарозе знаёмая параконная брычка. Жанчына ў чорным сядзела на заднiм сядзеннi, прыклаўшы да рота чорную карункавую хустачку. Гораў стаяў адной нагою на прыступцы брычкi. У абаiх былi празрыстыя ад бледнасцi твары.

— Вам не варта насіць жалобу, — сказаў Гораў, - вы ж ведаеце, што Мураўёў забараніў нашэнне жалобных убораў, ён і тут бачыць жалобу не па забітых, а па радзіме. Вас могуць з гэтай прычыны абразіць на дарозе…

Ён убачыў вялізныя змучаныя вочы. Амаль на паўтвару.

— Мне ўсё адно, — сказала жанчына.

— I ўсё ж накіньце паўзверх плашч другога колеру. Пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства афіцэра.

— Вы расказалі мне жахлівую рэч, — сказала жанчына, — я і сама здагадвалася, што з гэтым мураўёўскім загадам не ўсё добра. Цяпер я пераканалася ў гэтым. Але чаму зараз менавіта вы начальнік кардона?

— Я ж казаў: пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства капітана Пора-Леановіча.

— Хто яго забіў? — уважліва гледзячы на Горава, спытала жанчына. — Няўжо інсургенты зноў з'явіліся?

— Яго забіў я, — цвёрда і сумна сказаў Гораў, - не трэба непакоіцца. Мы страляліся на сумленнай дуэлі.

— Не варта было. Ён толькі выконваў загад.

— Варта было, — сказаў Гораў, - варта для яго самога.

Жанчына моўчкі глядзела на мокрыя лугі, дрэмлючыя пад плямамі скупога сонца. Потым нахілілася, выцягнула з дарожнага кофра цёмна-сіні плашч і накінула яго паўзверх жалобнага адзення.

— Бадай што, ваша праўда, — сказала яна. — Я была зусім разбітая, але вы сваёй мужнасцю далі мужнасць і мне. Я ведаю, што мне рабіць.

— Куды вы зараз?

— У Вільню. Да Мураўёва, Я даб'юся ў яго аўдыенцыі і не пабаюся сказаць яму, што я думаю аб яго паводзінах.

Назад Дальше