Палескія рабінзоны - Янка Мавр 16 стр.


– Нават занадта шырокі, – прамовіў Віктар і выняў паперы. – Вось зірніце.

– А там яшчэ ёсць і піраксілінавыя шашкі, – дадаў Мірон.

– Што вы кажаце? – усхапіўся Саўчук і з напружанай цікавасцю пачаў разглядаць паперы. – Гэта ж не толькі кантрабандысты, але шпіёнская і шкодніцкая арганізацыя. Ды яшчэ з удзелам, як кажуць, нейкай суседняй дзяржавы. Добрую справу вы зрабілі, таварышы! Раскажыце цяпер, як вы тут жылі, – папрасіў Саўчук.

Мірон і Віктар, перабіваючы адзін аднаго, расказалі пра сваё падарожжа, крушэнне, пра пакуты і прыгоды, пра бандытаў і іхні склад. Саўчук выслухаў іх з надзвычайнай цікавасцю, а затым сказаў:

– Хоць і ў неабдуманае, недарэчнае падарожжа вы пусціліся, але вас можна пахваліць за тое, што вы добра змагаліся за сваё існаванне, не апусцілі рук і, як відаць, засталіся такімі ж бадзёрымі і вясёлымі. Пасля такой практыкі вам ужо ніякія нягоды не будуць страшнымі.

Так, у гутарцы, прайшло гадзіны са дзве. Сонца пачало ўжо схіляцца на захад.

– Калі не прыйдуць праз дзве гадзіны, то мы пойдзем дадому, – сказаў Саўчук.

Словы «пойдзем дадому» прагучалі для нашых хлопцаў як нешта незвычайнае, казачнае. Няўжо сапраўды так бывае, што можна ўстаць і пайсці дадому?…

Уверсе, на дрэве, каркнула варона. Праз хвіліну каркнула на другім. Затым з'явілася варона на ніжняй галіне, потым яна спусцілася на зямлю і бокам-бокам пачала набліжацца да зубра.

– Эх, шкада гэтай цудоўнай жывёліны! – прамовіў Саўчук.

– Затое і забойца загінуў, – заўважыў Мірон.

– Ды хіба ён варты зубра? – горача ўсклікнуў Віктар. – Гэткіх бандытаў вунь колькі знайшлося, а зубр быў адзін і, можа, больш ужо не будзе.

Каля зубра ўжо скакала некалькі варон. Іх збіралася ўсё больш і больш. Яшчэ хвіліна, другая – і яны абляпілі ўсяго зубра.

– І адкуль толькі яны ўзяліся? – дзівіўся Мірон. – Цэлы месяц мы іх тут бадай не бачылі, а цяпер глядзі, колькі сабралася.

– Трэба іх разагнаць, – сказаў Саўчук, – а то ствараецца ўражанне, што тут і духу чалавечага няма, а гэта для нас нявыгадна: новапрыбыўшыя могуць занепакоіцца, куды падзеліся іх таварышы.

Віктар і Мірон стрэльнулі з рэвальвераў. Гул ад стрэлаў пакаціўся па лесе і закончыўся нібы новым, далёкім і глухім стрэлам.

– Што гэта – рэха ці нечы стрэл?

Саўчук упэўнена сказаў:

– Гэта яны стралялі ў адказ, бо гук пачуўся тады, калі рэха ўжо заціхла. Цяпер будзьце гатовы.

– Заўжды гатовы! – адказалі хлопцы весела, але ў іх галасах выразна адчувалася хваляванне, тое хваляванне, якое бывае не ад страху, а ад незвычайнасці моманту.

Далёка між дрэў замільгалі людзі… адзін… два… тры… чатыры… Болей як быццам няма. Ну што ж – не страшна. Яны смела накіроўваюцца да вогнішча; яны добра ведаюць, што там свае. У аднаго ў руках рэвальвер, з якога ён толькі што страляў. У іншых, як відаць, зброі няма. Зусім добра!…

– Я гэтаму пераб'ю руку ці плячо, – прашаптаў таварыш Саўчук, – а тады ўсе выскачым.

І ён накіраваў на яго стрэльбу. Віктар узяў у рукі свае абодва рэвальверы. Мірон, які раней аддаў свой другі рэвальвер Саўчуку, паглядзеў на Віктара з зайздрасцю.

Бандыты падышлі да вогнішча і спыніліся.

– Ці не на паляванне пайшлі? – пачуліся галасы. – Навошта? Вунь якую штуку забілі і яшчэ павалакліся.

Грымнуў стрэл… Чалавек з рэвальверам войкнуў і ўхапіўся левай рукой за правую; рэвальвер упаў на траву. Трое іншых не паспелі разабрацца, у чым справа, як убачылі, што да іх падбягаюць трое ўзброеных людзей.

– Рукі ўгору!

Бандыты, азіраючыся навакол, відаць, у чаканні сваіх, трошкі паднялі рукі. Нападаючыя мігам апынуліся каля іх. Рэвальвер бандыта ляжаў каля ног Саўчука.

Тады адбыўся нечаканы паварот.

Адзін з бандытаў, убачыўшы, што з трох нападаючых двое зусім яшчэ маладыя хлопцы, кінуўся пад ногі Саўчуку, зваліў яго і ўхапіўся за рэвальвер, што ляжаў на зямлі. Двое яго таварышаў апусцілі рукі і нарыхтаваліся кінуцца ў бойку. У гэты самы момант пачуліся тры стрэлы…

Два разы стрэліў Мірон у бандыта, што схапіў рэвальвер. Той выпусціў зброю. Віктар, не цэлячыся, стрэліў у «сваіх» бандытаў, і гэта затрымала іх на тую секунду, якая патрэбна была Саўчуку, каб падняцца на ногі. А тады ўжо бандыты «шчыра» паднялі рукі.

– Малайцы, хлопцы! – коратка сказаў Саўчук, і гэтыя словы з вуснаў камандзіра былі для іх самай лепшай пахвалой.

Двум здаровым бандытам было загадана перавязаць сваіх раненых таварышаў. У аднаго з іх была перабіта правая рука, другому Мірон прастрэліў плячо і зачапіў бок. На бінты для іх прыйшлося рваць сарочкі.

– Вы іх тут пільнуйце, – ціха сказаў Саўчук, – а я прывяду тых двух.

Як толькі Саўчук адышоўся, хлопцы адразу адчулі трывожную напружанасць. Яны пачалі заўважаць, што бандыты, робячы перавязку, больш сачылі за хлопцамі, чым за сваёй работай. Яны паварочваліся і станавіліся не так, каб зручна было перавязваць, а так, каб зручна было кінуцца на вартавых.

Памятаючы параду Саўчука, хлопцы трымаліся на такой адлегласці, каб адным махам да іх нельга было даскочыць, а рэвальверы не апускалі ні на адну хвіліну. Апрача таго, трымаліся блізка адзін ля аднаго і ўвесь час мянялі свае пазіцыі, каб было зручна ім, а не бандытам. Ніводнага слова не сказалі хлопцы адзін аднаму, а дзейнічалі так дружна і ўзгоднена, нібы ўсё ў іх было дагаворана. Значыцца, абодва добра навучыліся разумець становішча.

Хлопцы ўздыхнулі вальней, калі падышоў Саўчук з двума ранейшымі палоннымі. Раты іх былі ўжо развязаны.

– І вы папаліся? – з папрокам сказаў адзін з іх сваім новым таварышам.

– Гэтак жа, як і вы! – злосна буркнуў нехта ў адказ.

Саўчук падышоў да іх і сказаў:

– Дазвольце ўжо і вам звязаць рукі. Мы вымушаны гэта зрабіць.

Бліснулі бандыты вачыма, сцялі зубы, сціснулі кулакі, але за спіною стаялі хлопцы з рэвальверамі – і бандыты скарыліся.

Каб перавязаць усім рукі і ногі, Саўчук зняў з бандытаў усе паясы і рамяні, якімі яны былі падперазаны. Віктар штурхнуў пад бок Мірона і шапнуў:

– Цяпер яны не ўцякуць, каб нават і ногі былі не звязаныя.

Тыя два, якіх звязалі яшчэ раніцай, пачалі прасіцца:

– Рукі здранцвелі, развяжыце хоць на некалькі хвілін.

– Выбачайце, – адказаў Саўчук, – цяпер аніяк нельга. Прыйдзецца яшчэ трошкі пацярпець. Я таксама цярпеў. Вы тым часам пасядзіце тут ля вогнішча, можаце нават распачаць свой сход. Шкада толькі, што старшыня ваш забіты.

– Сам вінаваты, – сказаў адзін з бандытаў. – Не знішчыў гэтых шчанят, калі была магчымасць, дык цяпер і сам загінуў і нас загубіў.

Хлопцы адчулі задавальненне, што бандыты так высока ацанілі іхнюю ролю ў гэтай справе.

Пасля таго Саўчук адвёў хлопцаў убок і сказаў:

– Баявыя аперацыі мы з вамі скончылі паспяхова. Ёсць і трафеі, і палонныя. А як нам з усім гэтым выбрацца адсюль? Правесці ўсіх са звязанымі рукамі па тых кладках немагчыма. Апрача таго, у нас ёсць яшчэ двое раненых, з якіх аднаго прыйдзецца несці. І забітага трэба было б пахаваць, а няма чым. Адным словам, мы самі з усёй гэтай аперацыяй не справімся. Так?

Мірон і Віктар павінны былі згадзіцца, што яно так. Значыцца – трэба ісці па дапамогу. Ісці можа толькі адзін таварыш Саўчук. А хлопцам прыйдзецца заставацца тут і пільнаваць гэтую кампанію…

– Гэта вельмі сур'ёзная справа, – казаў Саўчук. – Для вас яна больш сур'ёзная, чым усе сённяшнія ваенныя дзеянні. На працягу ўсёй ночы вы будзеце рызыкаваць жыццём кожную хвіліну, бо яны будуць прыдумваць усялякія штукі. Будзьце пільнымі, не спускайце з іх вачэй усю ноч. Калі што якое, страляйце не задумваючыся. Як вам здаецца, справіцеся?

– Справімся! – упэўнена адказаў Віктар.

А Мірон трошкі падумаў і тады ўжо сказаў:

– Ды нам нічога іншага не застаецца, як справіцца.

– А цяпер пойдзем праверым усе вузлы і вяроўкі, – павярнуўся Саўчук. – Прыгледзьцеся добра, як яны звязаны.

Звязаныя злосна бурчалі:

– Зноў праверка! Ды вы толькі што звязвалі. Лепш есці далі б.

– Ціха, ціха, – лагодна казаў Саўчук. – Усё будзе ў свой час. А цяпер пацярпіце адну толькі ноч. Больш вас ніколі звязваць не будуць.

Затым Саўчук дапамог хлопцам назапасіць галля на ноч і пасля таго рушыў у дарогу.

XXIV

Хлопцы зноў засталіся ў лесе. Але цяпер перад імі сядзела пяць чалавек ды шосты ляжаў побач. І людзі гэтыя для іх былі больш небяспечныя, чым усе тутэйшыя звяры.

Калі бандыты ўбачылі, што старэйшы пайшоў, яны ажывіліся і пачалі перагаворвацца. Відаць, яны сцямілі, што той пайшоў па дапамогу і вернецца няхутка, а таму ў іх з'явілася надзея як-небудзь абдурыць гэтых хлопцаў. Калі хлопцы падышлі бліжэй да іх, палонныя змоўклі. Толькі скоса пазіралі на сваіх вартаўнікоў. А потым «стары знаёмы» бандыт спытаў:

– Скажыце, чаму вы не адгукаліся, калі мы тыдні два назад шукалі вас і нават стралялі? Ці вы не чулі?

– Чулі, ды не хацелі сустракацца з вамі, – адказалі хлопцы.

– Чаму? Мы ж маглі вам паказаць дарогу.

– Ведаем, якую дарогу вы хацелі нам паказаць.

– Адкуль жа вы маглі ведаць?

– Бабры сказалі! – засмяяўся Віктар.

– А! Дык вы падслухалі?

– Чуткі такія па лесе пайшлі.

Нарэшце хлопцы адчулі, што вельмі хочуць есці.

У трафейнай торбе прадуктаў было нямнога, асабліва хлеба: раніцою хлопцы і Саўчук добра пад'елі, не шкадуючы бандыцкіх запасаў. Вочы палонных прагна накіраваліся на ежу.

– Як тут дзяліць? – казаў Мірон, круцячы ў руках хлеб. – А есці на іхніх вачах не магу. І схавацца ад іх няма як.

Тыя два, што былі ўзяты раніцой, нарэшце не вытрымалі і папрасілі:

– Дайце хоць хлеба кавалачак, мы ўвесь дзень нічога не елі.

– Хлеба? – усклікнуў Віктар. – Мы ж яго цэлы месяц не елі. Лепш мы засмажым вам цудоўнага зубровага мяса.

Сваім вострым кінжалам яны лёгка нарэзалі тонкіх лустаў мяса і паклалі ў агонь, а самі са спакойным сумленнем узяліся за хлеб і сала. Палонныя цярпліва чакалі сваёй чаргі, аб нечым перашэптваліся. Пакуль хлопцы павячэралі, мяса сасмажылася. Можна было вячэраць і палонным, але як?…

– Вы па чарзе. Развяжыце рукі аднаму, потым другому, – прапанаваў адзін з бандытаў, відаць, абмеркаваны ўжо імі план.

– Ну, не! – сказаў Віктар. – Лепш ужо вы пацярпіце да заўтрага без яды. Ніякай бяды з вамі не будзе. Мы тут галадалі больш – і нічога з намі не здарылася.

Палонныя паспрабавалі былі яшчэ даводзіць, што баяцца хлопцам няма чаго, што развязаны будзе толькі адзін, а супраць яго будуць двое ўзброеных, але хлопцы і слухаць не хацелі. Тады самы галодны без ніякіх хітрыкаў папрасіў:

– Дайце мне ў рот хоць кавалак.

– Гэта іншая рэч! – згадзіліся хлопцы і далі яму ў рот кавалак мяса.

Затым па просьбе далі другому, а іншыя адмовіліся. Цяжкараненаму давалі і хлеба, і сала, але ён папрасіў толькі піць.

Мірон узяў бляшанку і пабег да бабровага ручая па ваду. Калі напаіў хворага, папрасілі і здаровыя. Зноў пабег Мірон.

– Вы б узялі другую бляшанку і пабеглі абодва, – параіў адзін.

– Дзякуем за параду! – насмешліва адказаў яму Віктар.

Потым бегаў яшчэ Віктар два разы, пакуль напаілі ўсіх. Тады з'явілася новая просьба:

– Дайце пакурыць. Вазьміце ў нашых кішэнях папяросы і запалкі.

Віктар дастаў папяросы і пачаў соваць усім у рот. Потым паднёс ім агонь. Мірон занепакоіўся, каб Віктар і сам не закурыў, бо спакуса для яго была надта вялікая. Ён сквапна глядзеў на папяросы, што былі ў яго руках, узяў адну, пачаў круціць яе, разглядаць…

Мірон кінуўся ратаваць свайго прыяцеля. Ціхенька ўзяў з яго рук папяросы і сказаў:

– Паслухайся мяне, Віця, пацярпі! Столькі часу прайшло, ты ўжо адвык. Ці варта зноў пачынаць.

Тон Мірона быў такі сяброўскі, такі шчыры, што Віктар усміхнуўся і сказаў:

– Добра, не буду.

Цяжкаранены вельмі часта прасіў піць, і хлопцы ахвотна насілі яму ваду. Не адмаўлялі яны і здаровым, толькі рабілі гэта неахвотна. Потым трэба было даць пакурыць. А там былі і яшчэ просьбы, у якіх нельга было адмовіць…

Адным словам, клопату было да самага цямна. А чым цямней станавілася, тым больш трывожыліся хлопцы. Хоць яны і не шкадавалі галля, але ўсё ж такі не кожны рух палоннікаў можна было заўважыць у змроку. Яны памяталі, як таварыш Саўчук сядзеў тады з жэрдкай і… зусім вольны.

«А што, калі і цяпер гэтак жа сядзіць хто-небудзь з гэтых бандытаў?» – мільгала думка ў абодвух. І яны раз-пораз правяралі палоннікаў.

– Чаго вы лезеце кожную хвіліну? – злавалі тыя. – Паспрабуйце самі вызваліцца з такіх путаў. Праўду кажуць: загадай дурню Богу маліцца, дык ён і лоб разаб'е.

Непрыемна было слухаць такія словы, але хлопцы не крыўдзіліся: можа, яны і сапраўды занадта стараюцца? Але праз некаторы час пераканаліся, што ў такой справе ніякая пільнасць не можа быць залішняй.

Самым спакойным палоннікам быў ранены ў руку. У яго замест рук былі звязаны ногі. Ён сядзеў, апусціўшы галаву, і ні на што не звяртаў увагі. Нават не прасіў ні есці, ні піць. Здаровая рука яго была засунута пад сагнутыя калені. Хлопцы нават не правяралі, ці добра звязаны ў яго ногі. Цяпер Віктар неяк звярнуў увагу, што здаровая рука палоннага ўвесь час уздрыгвае. Падышоў, паглядзеў і крыкнуў:

– Эге! Гэты нумар не пройдзе!

Аказалася, што за доўгі час ён пальцамі здаровай рукі і трэсачкамі развязаў сабе вяроўкі на нагах. Прыйшлося прыкруціць яму здаровую руку да нагі.

Хлопцы яшчэ раней дагаварыліся, што ноччу вартаваць будуць разам, а не па чарзе.

– Сярод гэткай кампаніі боязна заставацца аднаму нават і тады, калі яны звязаныя, – казалі яны.

І яны абодва заставаліся на варце пасля таго, як усе бандыты паснулі. Утыркнуўшыся галовамі адзін аднаму ў спіну, яны храплі на ўвесь лес.

– Піць! – пачуўся голас раненага.

Узялі бляшанку – вады няма. Няўжо дзеля гэтага бандыта ісці ў цемру па ваду? Але ранены цяжка дыхаў, стагнаў – і ў хлопцаў не хапіла духу адмовіць яму. Схапіўшы бляшанку, Віктар пабег па ваду.

Мірон застаўся адзін. Жудасна яму зрабілася. Усё навакол стала нібы інакшым. Бандыты ўсе нібы пачалі варушыцца, трэсціся, хоць у той жа час храплі так, што рэха па лесе ішло.

Калі Віктар вярнуўся, Мірон прашаптаў:

– Больш па ваду не хадзі. Можа, гэтай хопіць, а калі не, – хай крыху пацерпяць. Мне пачало здавацца, нібы яны ўсе ўзад і ўперад торгаюцца. А спяць яны нават занадта моцна. Ніхто з іх за ўвесь час не павярнуўся на другі бок. У гэтым няёмкім становішчы дзіва так праляжаць.

– Трэба паглядзець! – сказаў Віктар.

Падышлі да адной пары, дакрануліся.

– А? Што? Хто тутака? Пайшоў к чорту! – пачуўся сонны голас.

Памацалі вяроўкі – мокрыя, лахматыя!

– Ах, каб на іх ліха! – ускрыкнуў Віктар. – Гэта ж яны грызуць адзін аднаму вяроўкі. Зараз жа рассуньцеся! Ну! А то страляць будзем! Раз… два…

Палоннікі нездаволена пачалі адсоўвацца і бурчаць:

– Вось чортавы дзеці!

Прыйшлося праверыць усіх. У двух вяроўкі былі слюнявыя і пагрызеныя. Каб яшчэ гадзіна, другая, справа была б дрэнная. Замацавалі зноў і размясцілі іх паасобку.

Ноч цягнулася доўга. Марудна. Усё здавалася, што бандыты зноў нешта надумалі. Цяпер яны ўжо так не храплі, не ляжалі спакойна, як раней. Часта варочаліся з боку на бок. Хлопцы пільна сачылі, каб яны не збліжаліся, і ўвесь час пакрыквалі:

– Адсуньцеся!… Далей!…

Праз якую гадзіну зноў усё сцішылася.

Было ўжо далёка за поўнач, калі хлопцы пачулі нейкі смурод, нібы ад смаленага адзення.

– Што гэта? Ці не падсмаліўся хто?

– Мусіць, той, што бліжэй да вогнішча?

Падышлі да яго. Віктар схіліўся, а ў гэты момант адна рука абхапіла яго за шыю, а другая ўхапілася за рэвальвер.

– Мірон, страляй! – крыкнуў ён немым голасам.

Бандыты заварушыліся, загулі, пачалі куляцца бліжэй. Хлопцам здавалася, што яны ўсе ўжо развязаліся і зараз накінуцца на іх. І вось Віктар адчуў, як жалезная рука адабрала ў яго рэвальвер…

Назад Дальше