Да зубра ўжо бег знаёмы чорны бандыт са стрэльбай у руках.
«Няўжо адзін?» – падумалі хлопцы.
Але чалавек паглядзеў на зубра, павярнуўся ў той бок, адкуль з'явіўся, і крыкнуў:
– Гатова!
Праз хвіліну падбег яшчэ адзін, незнаёмы, а потым падышлі яшчэ двое. З іх адзін быў той малодшы таварыш чорнага, а другі таксама незнаёмы, але… звязаны!
На ім былі звычайныя боты, запэцканыя ў балоце, як і ва ўсіх, чорнае паліто і кепка. Рукі былі моцна закручаны назад, а рот завязаны хусткай.
Яго адвялі крыху ўбок, штурханулі і сказалі:
– Сядай!
Палоннік нязграбна сеў на зямлю.
Бандыты абступілі зубра.
– Здаровая штука! – сказаў незнаёмы.
– Але як скарыстаць яго? – заўважыў малодшы.
– Перацягнем па кавалках, – адказаў чорны.
– А скуру?
– Таксама парэжам на кавалкі. Хвацкія будуць падэшвы.
Потым пачалі раскладаць агонь і разбіраць тушу. Чорны скінуў світку, закасаў рукавы і ўзяўся за справу. Яму дапамагалі таварышы.
Кожны шрам на целе зубра болем адбіваўся ў сэрцах хлопцаў. Чорны акрываўлены бандыт здаваўся катам. Цяжка было разбіраць гэтую магутную жывёліну, а ў іх, як відаць, былі толькі звычайныя паляўнічыя нажы.
– Паслухайце! – спыніўся чорны. – Там ёсць добры кінжал.
У хлопцаў заняло дух…
Чорны накіраваўся да бабровай хаткі.
Праз некалькі хвілін ён вярнуўся.
– Чорт яго ведае, няма! – сказаў ён.
– А рэчы? – устрывожыліся яго таварышы.
– Рэчы на месцы. Толькі чамусьці ўсярэдзіну насыпалася ламачча, нібы хто зверху праламаў.
– А можа, хто кратаў? – падазрона запытаўся незнаёмы.
– Можа, і ўзлазіла наверх якая жывёліна.
– Ты добра глядзеў? Усё ёсць? Можа, тыя лайдакі дабраліся? – перапытаў малодшы.
– Мы ж глядзелі тады, калі іх ужо не было. Каб яны знайшлі, дык напэўна ўзялі б. А я перамацаў усе рэчы, толькі кінжала не натрапіў. Мусіць, ён заваліўся дзе паміж галля. Доўга было б шукаць.
Але незнаёмы ўсё непакоіўся.
– Трэба было б добра перагледзець усе рэчы, – сказаў ён. – Можа, тыя хлопцы знайшлі, можа, яны яшчэ дзе-небудзь тут?
– Не думаю, каб яны паквапіліся толькі на адзін кінжал, – усміхнуўся чорны і прыняўся зноў за працу.
– А рэвальверы глядзеў? – не адставаў новы.
– Скрынкі на месцы, але я іх не адчыняў, – спакойна прамовіў чорны.
– Вось бачыш.
– Ды чаго ты непакоішся? – умяшаўся малодшы. – Мы ж абышлі ўвесь лес, стралялі, гукалі. Каб яны тут былі дык адгукнуліся б, пачуўшы людзей. Усе рэчы тады былі цэлыя. Мы і рэвальверы глядзелі.
– А ўсё ж такі трэба пераканацца, – паківаў галавой новы.
– Добра, – супакоіў чорны. – Зараз скончым і паглядзім. Пойдзем нават паглядзець і іх «хату».
Хлопцы чулі ўсю гэтую размову і рыхтавалі сябе да апошніх рашучых падзей. Галоўнай іх перавагаю было тое, што іх лічылі загінуўшымі. А калі здагадаюцца, што яны жывыя, тады ім ужо не справіцца з трыма такімі бандытамі, у якіх яшчэ і стрэльба была. Хіба толькі ўдасца схавацца.
Тым часам бандыты знялі скуру і селі адпачыць.
– Трэба было б за гэтага ўзяцца, – кінуў малодшы на палонніка. – Чаго з ім доўга валаводзіцца?
– Але, – устаў чорны.
Палоннік сядзеў на зямлі, апусціўшы галаву. Час ад часу ён торгаў рукамі, але дзе там было вызваліцца!
– Хадзі сюды, сабака! – падышоў да яго чорны, узяў за плечы, падняў і падапхнуў да вогнішча. Потым развязаў хустку.
Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.
– Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, – засмяяўся незнаёмы.
Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:
– Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.
Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.
– Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не… дык мы здолеем прымусіць цябе, – прасіпеў бандыт.
Палоннік усё маўчаў.
– Ну! – грозна крыкнуў чорны. – Адказвай!
– Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! – нарэшце прамовіў палоннік.
– Канчаць хутчэй? – засмяяліся бандыты. – Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.
І чорны выцяў палонніка кулаком па твары…
Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў…
У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.
– Нельга сядзець!… Не маем права!… Трэба страляць! – прашаптаў Віктар.
– Пачакаем, пачакаем хоць крыху, – усхваляваным шэптам адказаў Мірон. – Досыць далёка… Не трапім… А тады канец і яму, і нам. Пакуль ён жывы, пачакаем… Можа, будзе лепшы момант.
Чорны ўзяў галаўню і паднёс яе да твару палонніка.
– Можа, агонь прымусіць цябе гаварыць? Апрача таго, у нас і яшчэ знойдуцца добрыя спосабы. Часу хапае. Кажы лепш!
Палоннік адхіснуўся і зноў нічога не адказаў.
– Слухайце, – умяшаўся незнаёмы. – Адкладзём допыт да таго часу, пакуль падыдуць нашы таварышы. Тады зробім гэта па ўсіх правілах мастацтва. А цяпер пойдзем паглядзім наш склад ды будку тых хлопцаў.
– Сапраўды, гэтак будзе лепш, – падтрымаў малодшы.
– Добра, – згадзіўся чорны. – А ты тым часам падумай. І не чакай хуткай смерці. Разбяром цябе на кавалачкі, але прымусім сказаць! А цяпер звяжам цябе так, каб ты спакойна мог праляжаць да заўтрага.
Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог.
Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое.
І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая.
Хлопцам не трэба было дамаўляцца, што рабіць. Абы толькі паспець, пакуль бандыты вернуцца, бо калі яны выявяць недахоп сваіх рэчаў, то ўстрывожацца і зараз жа прыйдуць назад.
Мігам папаўзлі яны да таго месца, дзе сядзеў палоннік. Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць.
Палоннік пачуў і азірнуўся.
– Тсс! – шапнулі хлопцы.
Нібы агонь бліснуў у вачах палонніка. Але болей ён не варухнуўся і застаўся сядзець, як сядзеў.
Мірон падпоўз збоку, зараз жа перарэзаў вяроўкі і сунуў палонніку рэвальвер.
– Уцякайце! – шапнуў ён.
Але, убачыўшы рэвальвер, палоннік застаўся сядзець нерухома.
– У вас ёсць рэвальверы? – спытаў ён, не паварочваючы галавы.
– Ёсць, нават чатыры.
– У такім разе хавайцеся ззаду і чакайце, а я буду сядзець, як сядзеў. Гэтак мы лягчэй справімся з імі. Я сам спраўлюся з двума, а на вашу долю застанецца адзін. Падсуньце пад мяне рэвальвер. Ці зараджаны ён?
– Зараджаны, іхні, – адказаў Мірон і адпоўз назад.
Палоннік паправіў сваю жардзіну, заблытаў на руках вяроўкі і застаўся сядзець.
Хлопцы схаваліся ззаду.
– Чаму ён не ідзе? – здзівіўся Віктар.
Мірон растлумачыў, у чым справа. Хлопцы адразу напоўніліся ўпэўненасцю і нават гонарам. Яны ж пад кіраўніцтвам аўтарытэтнага чалавека прымаюць удзел у ваеннай аперацыі! Сілы цяпер роўныя, ды яшчэ перавага ў тым, што вораг нічога не ведае.
Каля бабровай хаткі пачуліся трывожныя галасы. Потым адзін бандыт выйшаў з-за кустоў і зірнуў на свой лагер. Палоннік спакойна сядзеў з жардзінай. Бандыт зноў схаваўся.
Праз некалькі часу яны зноў выйшлі, пра нешта горача пагутарылі і разышліся. Малодшы з рэвальверам у руцэ накіраваўся да палонніка, а тыя два пайшлі далей, у бок стаянкі хлопцаў.
Цяпер ужо бандыт трымаў сябе іначай. Ён увесь час азіраўся навакол, прыслухоўваўся і, калі падышоў да палонніка, пачаў хадзіць узад і ўперад. Цяпер ён ужо спецыяльна вартаваў сваю ахвяру.
А тыя шукалі хлопцаў. Толькі на гэты раз ужо не гукалі, не стралялі…
Палоннік сядзеў з жардзінай, апусціўшы галаву, і, здавалася, думаў невясёлую думку.
Хлопцы напружана сачылі за ім і стараліся здагадацца, што ён думае рабіць, каб зараз жа дапамагчы.
Калі вартаўнік адышоўся ў другі бок, палоннік крыху павярнуў галаву назад. Хлопцы нават не бачылі яго твару, але сцямілі, што гэта знак да іх. Значыцца, зараз нешта будзе.
Вось вартаўнік набліжаецца зноў да палонніка. Правая рука з рэвальверам акурат з гэтага боку. Момант – і палоннік ухапіўся за руку з рэвальверам.
Бандыт быў так здзіўлены, што некалькі секунд не зварухнуўся, нібы не даваў веры сваім вачам.
А ў гэты момант абодва хлопцы былі ўжо каля яго. Мірон у першую чаргу абхапіў рукою рот бандыта акурат у той момант, калі той збіраўся крыкнуць.
– Малайчына! – пахваліў палоннік.
Пасля таго ўжо нядоўга было звязаць бандыта такім жа спосабам, як раней быў звязаны палоннік. Зразумела, рот быў запхнуты і завязаны.
– Дзякуй, сябры! – паціснуў хлопцам рукі новы таварыш. – А цяпер трэба адцягнуць яго далей, а самім размясціцца гэтаксама, як і раней.
Адцягнулі бандыта за сотню крокаў. Замацавалі так, каб ён ні ў якім разе не мог развязацца, і пакінулі.
Вызвалены таварыш зноў прыладзіў сабе жардзіну, хлопцы зноў схаваліся ў кустах – і ўсё было ў парадку.
Цяпер ужо хлопцы чакалі наступнай сустрэчы без страху. Якая ўжо тут магла быць небяспека?
Але чакаць давялося доўга. Відаць, бандыты шнырылі па ўсім тым востраве.
Нарэшце з-за бабровага ручая пачуліся галасы, потым з'явіліся абодва бандыты.
– Незразумелая рэч! – пачулі хлопцы. – Няўжо гэта яны? Адкуль жа яны маглі ведаць, што ім трэба сцерагчыся?
Падышоўшы да стаянкі, яны агледзеліся, пакруціліся і спыталі ў палонніка:
– А дзе наш таварыш?
– Не ведаю, – буркнуў той.
Яны падазрона зірнулі на яго і падышлі бліжэй.
«Зараз!» – мільганула ў галовах у хлопцаў.
– А ў які бок ён пайшоў? – зноў пачулася пытанне.
– У той, – неахвотна кіўнуў галавой палоннік і паказаў наперад.
Бандыты глянулі ў той бок.
Зараз жа грымнуў стрэл, і чорны дзядзька храснуўся на зямлю, ухапіўшыся рукамі за жывот. Стрэльба яго пакацілася па зямлі. Другі бандыт азірнуўся, і ў яго не толькі вочы, але і рот раскрыўся на ўсю шырыню ад здзіўлення і жаху. Перад ім ужо стаяў палоннік з нацэленым рэвальверам у руках, а з-за яго спіны выбягалі яшчэ двое хлопцаў, таксама з рэвальверамі.
– Рукі ўгору! – грозна загадаў Мірон.
– Рукі ўгору, калі хочаш жыць! – звонкім голасам крыкнуў Віктар.
Трэцяму бандыту нічога не заставалася, як здацца.
На зямлі хрыпеў і курчыўся ў перадсмяротных сутаргах ранены бандыт.
XXIII
Хлопцы блізка падступілі да бандыта і бадай усутыч наставілі на яго свае рэвальверы. Убачыўшы гэта, іх новы таварыш сказаў:
– Даю вам параду: ніколі не падсоўвайце рэвальвера так блізка, каб яго можна было схапіць рукою. Ад гэтага могуць быць усялякія непрыемнасці.
Віктар і Мірон глянулі адзін на аднаго, нібы засаромеўшыся, і адступілі на пару крокаў назад.
Таварыш, трымаючы і свой рэвальвер напагатове, адышоў убок і падняў вяроўку, якой ён быў звязаны. Бандыты не пашкадавалі на яго вяроўкі: паловы яе хапіла, каб звязаць рукі палоннаму бандыту.
– Цяпер нам трэба… – звярнуўся таварыш да хлопцаў, але скончыць не паспеў.
– Хлеб! – закрычалі тыя і кінуліся да бандыцкай торбы з прадуктамі. Вынялі хлеб, сала, соль ды яшчэ кураціну і накінуліся на ўсё гэта, як звяры. Новы таварыш і сам хацеў есці, але ў такі момант нельга было гэтым займацца.
– Таварышы! – сказаў ён з дакорам. – Што вы робіце? Пачакайце крыху. Мы яшчэ не скончылі.
– Мы месяц не бачылі чалавечай яды! – азваўся Мірон з поўным ротам.
Таварыш здзіўлена паглядзеў на іх.
– Мы яшчэ ў час паводкі ехалі сюды па возеры, – дадаў Віктар. – Лодка перакулілася, і мы апынуліся тут. Гэтак і жылі цэлы месяц. А вы як трапілі да іх? Вы ведаеце, як выйсці? Пойдзем зараз.
– Пачакайце, пачакайце! – перапыніў таварыш. – Аб гэтым пасля. А цяпер у нас ёсць справа важнейшая: трэба падрыхтавацца да сустрэчы новых гасцей.
– Такіх самых?
– Акурат такіх самых, – усміхнуўся таварыш. – Але спачатку трэба размясціць гэтых.
Другога бандыта адвялі туды, дзе быў першы. Старанна звязалі яго з дапамогай жардзіны, а таксама заткнулі і завязалі рот, каб палонны не мог крыкнуць. Праверылі і падправілі путы першага. Затым пайшлі да раненага. Той ужо быў мёртвы. Яго адцягнулі ў зараснік, дзе толькі што хаваліся хлопцы. Падклалі галля ў агонь, раскладзены бандытамі ля забітага зубра, а самі схаваліся ў бліжэйшых да вогнішча кустах.
Тады незнаёмы таварыш сказаў:
– Зараз павінны прыйсці яшчэ некалькі чалавек з іхняй кампаніі. Трэба іх прыняць не горш, як гэтых. Вы, мае дарагія таварышы, паказалі сябе храбрымі і свядомымі савецкімі рабятамі. Думаю, і цяпер вы прымеце ўдзел у аперацыі.
– А як жа! – усклікнулі яны з радасцю.
Пад кіраўніцтвам такога таварыша новая аперацыя здавалася ім нават прывабнай. Хоць і страшнавата, і сэрца сціскаецца ад хвалявання, але затое адчуваеш, што робіш важную справу.
– Я думаю, іх будзе не больш як два-тры чалавекі, – казаў далей таварыш. – Мы неспадзявана выскачым на іх, і яны напэўна здадуцца без бою. Тым больш што наўрад ці яны ўсе будуць мець зброю – для іхняга зборышча яна ім непатрэбная, а насіць так рызыкоўна.
– А калі іх будзе болей? – спытаў Віктар.
– Тады пабачым, што трэба будзе рабіць. А цяпер скажыце, як вас зваць.
Хлопцы адрэкамендаваліся і ў сваю чаргу спыталіся, як яго зваць і як ён трапіў у рукі гэтых бандытаў.
– Прозвішча маё Саўчук Андрэй Аляксандравіч, – пачаў ён свой расказ. – Служу я ў пагранатрадзе. Гэты чорны жыве на хутары кіламетраў за дзесяць адсюль. Той малады часта прыходзіць да яго з суседняга мястэчка. Аднаго разу мы атрымалі весткі, што гэты чорны (Станоўскім завецца) мае сувязь з кантрабандыстамі. Якраз учора трапіў мне на вочы гэты трэці, незнаёмы чалавек. Ён накіраваўся на хутар. А хутар гэты знаходзіцца ў глушы, наводшыбе. Я пайшоў за ім. Але, відаць, і гэты чорны дзядзька быў не дурны. Ён, відаць, чакаў гэтага госця і прадбачыў, што за ім могуць сачыць. Калі мы ўжо былі недалёка ад хутара, яны абодва накінуліся на мяне, звязалі і па глухіх сцежках прывялі сюды. Мусіць, вы чулі, як яны збіраліся мардаваць мяне, каб даведацца, якім чынам і ад каго мы пра іх даведаліся. Яны думалі забіць мяне, потым таго ці тых, хто сказаў, і гэткім чынам схаваць сляды. Каб не вы, – скончыў ён усхваляваным голасам, – я перацярпеў бы такія пакуты, перад якімі смерць – нішто. Дзякую вам!
– Завошта? – шчыра дзівіўся Віктар. – Хто ж гэтага не зрабіў бы на нашым месцы?!
– Усё ж такі вы рызыкавалі.
– Невялікая рызыка, – сказаў Мірон. – Вы для нас зрабілі болей, як мы для вас. А вось якім чынам вы прабраліся цераз балота? Мы аніяк не маглі знайсці выхада і збіраліся сядзець тут да зімы.
– З таго боку ёсць падрыхтаваныя кладкі, але яны ў балоце, зверху іх не відаць.
– Я ж казаў, што там пераход! – накінуўся Віктар на Мірона. – А ты ўсё мудрагеліў.
– Усё роўна вы не прайшлі б, – усміхнуўся Саўчук. – Там хітра зроблена. Вось такім чынам (ён начарціў на зямлі план). Калі вы нават знойдзеце адну кладку, дык яна хутка канчаецца і вы трапіце ў багавінне. Другая кладка зусім убаку. Каб трапіць на яе, трэба цягнуць з сабою доўгую дошку і перакінуць яе на тую другую кладку. А праз некалькі крокаў і тая канчаецца. Тады трэба зноў шукаць наступную і зноў перакідаць дошку. Пераход цяжкі, марудны і небяспечны. Ніхто б не здагадаўся, калі не ведаць. Толькі вопытныя кантрабандысты маглі ўзяцца за гэткае мерапрыемства. Мусіць, іхняя справа мае шырокі размах.