Палескія рабінзоны - Янка Мавр 4 стр.


Ён ухапіў зайца і пачаў соваць яго Мірону ў рот. Пачалася вясёлая тузаніна.

– Пачакай! – крыкнуў Мірон засопшыся. – Ты ж цяпер маеш перавагу. Табе гэта нічога не пашкодзіла, а між тым ты можаш цяпер хваліцца, што ўсё перажыў на сваім вяку, нават сырое мяса еў.

– А што ты думаеш? Яно і сапраўды так, – згадзіўся Віктар. – Ну, давай гатаваць вячэру.

Але зараз жа выявілася, што справа зусім не такая простая: не было нажа! А без яго аніяк нельга было даступіцца да зайца.

– Вось дык задача! – засмуціўся Віктар. – Хоць ты яго цалкам кідай у агонь.

Ён круціў зайца і так і гэтак, пераламаў яму ногі, але больш нічога, вядома, зрабіць не мог.

– Выходзіць, што зноў трэба зубы ў ход пускаць, – сказаў ён. – Але на гэты раз прыйдзецца ўжо табе.

– Пачакай, – адмахнуўся Мірон, – трэба што-небудзь прыдумаць. Можа, які востры камень знойдзецца? Я пашукаю.

Але было цёмна, і можна было шукаць толькі каля сябе.

– Цяпер і я табе магу лекцыю прачытаць, – важна сказаў Віктар. – Вострага каменя ты тут не знойдзеш, бо ўсе каменні нанесены сюды ледавікамі і талай вадой з далёкай поўначы. Па дарозе яны або перацерліся ў пясок, або адшліфаваліся ў круглыя галачкі. Нават больш-менш вялікіх каменняў тут не знойдзеш: яны засталіся далей на поўнач, напрыклад, у Полаччыне.

– Ведаю я гэта, – адказаў Мірон, але ўсё ж поўзаў на каленях і капаўся ў пяску. – Не можа быць, каб аніводнага, нават невялікага каменьчыка не было. А калі ён будзе круглы, дык яго можна разбіць на кавалкі.

Віктар аж засаромеўся: яму ў гэты момант зусім не прыйшла на думку такая простая рэч, што камень можна пабіць. Віктар тады і сам узяўся шукаць.

Доўга прыйшлося ім папоўзаць, пакуль знайшлі невялікі гладкі, крыху сплюшчаны камень. А калі захацелі пакрышыць – дык не было чым і аб што!

– Вось табе і на! – сказаў збянтэжаны Мірон. – Трэба, значыцца, шукаць другі.

Але знайсці другі камень цяпер не было надзеі. Віктар усміхнуўся:

– Не выкруцішся, брат, – грызі зайца!

– А вось паглядзім! – упарта сказаў Мірон, адшпіліў рэмень і ўзяўся за жалезную спражку. – Гэтая штука выратуе. Асабліва, калі яе яшчэ павастрыць аб камень.

– Вось хітры, чорт! – прамовіў Віктар.

Мірон пачаў вастрыць сваю прыладу аб камень, але ён быў зусім гладкі і жалеза коўзалася без жаданых вынікаў. Тады Віктар падбег да балота, зачарпнуў у жменю вады, змяшаў з пяском і прынёс Мірону.

– Вось табе рацыяналізацыя, – сказаў ён.

«Рацыяналізацыя» трошкі дапамагла. Хоць навастрыць спражку, як нож, і нельга было, але канты зняць удалося. Тады выявілася новая бяда: гладкі, закруглены край спражкі так ёмка слізгаў па скуры, што не пакідаў знаку.

– Зноў не тое! – з прыкрасцю вымавіў Віктар.

– Тады зробім, каб было тое, – спакойна адказаў Мірон.

– Якім чынам?

– Пастукаем аб камень, зробім насечкі, каб не слізгала. Так сказаць, па прынцыпу пілы.

– Па прынцыпу пілы-ы! – з жартаўлівай павагай паўтарыў Віктар. – Гэта я разумею.

Спражка пачала драпаць скуру і пакідаць сякі-такі след. Але тут выявіўся новы недахоп: «лязо» было надта кароткім і больш прыходзілася пароць рогам, чым рэзаць ці піліць рабром. А рог акурат быў зусім тупы, прыйшлося цяпер завастрыць яго.

Адным словам, кожны раз выяўлялася, што трэба і можна яшчэ і яшчэ палепшыць прыладу. Нарэшце Віктар сказаў:

– Чаму было нам адразу так не зрабіць? А то цэлую гадзіну ўсё патрошкі выдумваем.

– Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не надта выдумаеш, – адказаў Мірон. – Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі…

– …тысячагоддзі! – жартаўліва падказаў Віктар.

– І тысячагоддзі! – сур'ёзна сказаў Мірон. – Першабытны чалавек еў сырога зайца гэтак жа, як і ты. А колькі часу прайшло, пакуль ён здабыў агонь? Першабытны чалавек не меў ніякай прылады, як і мы. А колькі часу прайшло, пакуль ён надумаўся скарыстаць камень? А колькі часу прайшло ад каменя да жалеза?…

– Пачакай, пачакай, – перапыніў Віктар. – Тут ужо ты няправільна разважаеш: жалеза ты не выдумаў, а гатовае ўзяў.

– Ну добра, – згадзіўся Мірон. – Але апрацоўку і прыстасаванне яго першабытны чалавек прыдумаў, напэўна, не за гадзіну. Вось разам і набяруцца не толькі тысячы год, а нават мільёны. А ў нас з табою і дня не прайшло.

– Няма чаго задавацца, – зняважліва адказаў Віктар. – Твае вынаходствы не твая заслута, а ўсіх папярэдніх пакаленняў, у тым ліку і першабытных людзей. Твайго тут і макавінкі не знойдзецца. А каб не было нікога да нас, то мы з табою таксама выдумлялі б мільёны гадоў.

Гэтыя размовы мелі тую карысць, што на некаторы час адцягнулі думкі хлопцаў ад голаду. Затым прылада была пушчана ў ход. Які гэта быў «ход», лепш ужо не гаварыць… У кожным разе, роля прылады зусім не адпавядала той навуковай дыскусіі, якая вялася вакол яе. Аднак з дапамогай трэсак, сучкоў, пальцаў абодвух хлопцаў яна выканала сваю задачу: атрымалася некалькі бясформенных кавалкаў мяса, якія Мірон і закапаў у жар.

– А можа, лепш над агнём? – сказаў Віктар. – Я чытаў, што гэтак робяць.

– А я чытаў, што ў попел кладуць, – адказаў Мірон. – Другі раз паспрабуем над агнём. Паспеем яшчэ вывучыць розныя спосабы.

Калі мяса пачало скварыцца і сіпець, пакуты хлопцаў яшчэ больш павялічыліся.

– Цягні, досыць будзе! – крычаў Віктар кожную хвіліну.

Нарэшце выцягнулі.

Што за смажаніна выйшла, які смак мела, – невядома, бо з'едзена яна была ў адзін міг. І толькі пасля гэтага пайшлі розныя заўвагі:

– А здаецца, мы яго недатрымалі.

– Шкада, што солі няма. Была б зусім іншая рэч.

– Эх, каб хоць малюсенькую лустачку хлеба!

Затое тыя кавалкі мяса, што засталіся на заўтра, былі дасмажаны добра. Палажылі іх на трэсках пад дрэвам і пачалі рыхтавацца да сну. Настрой хлопцаў быў ужо зусім іншым.

– Закурыць бы цяпер, – сказаў Віктар і пайшоў шукаць сваю махорку.

Але ў цемры не знайшоў. Узяў тады галіну з агнём – і ўбачыў, што ўся махорка параскіданая і патаптаная.

– Гэта ты зрабіў?! – крыкнуў ён на Мірона.

– Навошта яна мне здалася? – паціснуў плячыма Мірон. – Мусіць, і твая праца тут ёсць. Памятаеш, як мы тады дужаліся…

Пачаў быў Віктар збіраць драбінкі, потым раззлаваўся і плюнуў.

– Вось і добра, – заўважыў Мірон. – Калі-небудзь падзякуеш, што так здарылася.

Назапасілі нанач галля.

– Каб нам не звесці агню, – трывожыўся Мірон. – Можа, па чарзе пільнаваць.

– Ну, не. Ад добрага вогнішча заўсёды застаецца пад попелам жар да раніцы.

Спаць класціся не спяшаліся. Абодва адчувалі сябе так спакойна і ўтульна, нібы яны былі ў самым звычайным становішчы.

– Толькі два дні мінула, – разважаў Мірон, – а мне здаецца, нібы некалькі тыдняў мы тут жывём. Але што мы будзем есці, калі прыйдзецца тут чакаць тыдзень ці два?

– Звяроў будзем лавіць, рыбу, птушак, – весела адказаў Віктар. – Цяпер, калі ёсць агонь, я ўжо нічога не баюся.

– Яно так, але як будзеш лавіць? – задуменна пытаўся Мірон.

– А як жа розныя дзікуны жывуць? – храбрыўся Віктар.

Праз гадзіну хлопцы смачна спалі, адчуваючы пяшчотную цеплыню ад свайго ў поце здабытага агню.

V

Ноч выдалася цёплая, ціхая. Але лес, відаць, не спаў. То пісне нейкая птушка, то прарэзліва крыкне сава, то храсне сухая галіна, то пачуецца ледзь значны шолах.

Агонь дагараў. Куча галля ўсё змяншалася, канцы ламачча тлелі навакол. У сярэдзіне было досыць вуголляў і жару, але святло ўсё слабела. Вуголле шарэла ўсё больш і больш, разам з гэтым з лесу пачала насоўвацца цемра. Вось ужо агеньчык ледзь-ледзь блішчыць.

Тады ў лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Рухаўся ён так ціха, што яго нельга было б пачуць, нават калі б хлопцы не спалі. Звер круціўся навакол то з аднаго, то з другога боку, усё бліжэй, бліжэй…

Ужо можна пазнаць, што гэта ліс. Але, на шчасце, ад гэтага звера хлопцам ніякай небяспекі не пагражала. Пакруціўся ліс крыху і знік.

Было ўжо за поўнач, але паветра не толькі не халаднела, а, здавалася, нават цяплела. Яно было нейкае густое, парнае. З захаду даносіўся прыдушаны грукат, мільгалі маланкі. Набліжалася навальніца…

Хлопцы спалі сабе і нічога не чулі. Мусіць, таму, што грукат быў глухі, безупынны і ўзмацняўся паступова. Ён змешваўся з шолахам дрэў, а да такога шуму вушы хлопцаў ужо прызвычаіліся. Не прачнуліся яны і тады, калі ўпалі першыя кроплі цёплага дажджу.

Толькі зусім блізка страшэнны ўдар грому прымусіў Мірона ўскочыць на ногі. Ён адразу ж разбудзіў Віктара. Прайшло некалькі хвілін, пакуль хлопцы разабраліся, у чым справа.

– Агонь! Агонь! – крыкнуў Віктар ачухаўшыся і кінуўся да вогнішча.

Абодва разам пачалі дзьмухаць, падкладаць галлё.

А дождж пайшоў ужо як мае быць. Галлё сіпела, не хацела гарэць. Хлопцы ўткнуліся галовамі ў вуголле, распласталіся па зямлі і дзьмухалі з усёй сілы. А на спіны іх ліўся ўжо дождж, як з лубу.

Высокая хвоя, пад якой яны размясціліся, мела галіны надта высока, а дождж ішоў наўскасяк і без перашкод заліваў іх стаянку.

Вось ужо гром грукоча над самай галавой, маланка зіхаціць безупынна, вецер хістае дрэвы. Побач нават нешта ўжо храснула. Але небаракі нічога гэтага не чулі і не бачылі. Яны бачылі толькі сваё няшчаснае вогнішча, якое гінула на іх вачах. Тое галлё, якога яны панакідалі, не толькі не загаралася, але, наадварот, здаецца, канчаткова прыдушвала агонь. Спачатку яшчэ ішоў густы дым, а потым і ён пачаў змяншацца. Гэта было вернай адзнакай таго, што агонь памірае.

– К чорту гэта мокрае ламачча! – крыкнуў Віктар і пачаў раскідваць яго нагой.

– Што ты робіш? – з жахам крыкнуў Мірон. Але Віктар ужо зняў сваю скураную куртку і працягваў яму яе крысо.

– На, трымай! А ўсё лішняе – вон!

Яны развесілі над агнём куртку, а Віктар падлез пад яе, сабраў вугольчыкі, якія не пагаслі яшчэ, падклаў маленькіх сухіх трэсачак і раздзьмухаў маленькі агеньчык.

Гэты агеньчык яны і пачалі абараняць. Таму што ён быў маленечкі, куртку можна было трымаць зусім нізка над ім, стоячы на каленях. Цяпер ужо і касы дождж быў нястрашны.

Можа, з гадзіну цягнулася навальніца і ішоў такі праліўны дождж, што, здавалася, мог заліць які хочаш пажар. Хлопцы даўно ўжо прамоклі да апошняй ніткі, здубянелі ад холаду, але нічога гэтага не адчувалі. Толькі напружана сачылі за ветрам і дажджом і па ветру нахілялі сваю заслону.

Маленькі агеньчык бесклапотна гуляў пад вопраткай, нібы малое дзіцяня, і зусім не думаў пра небяспеку, ад якой яго бароняць.

– Ура! Перамога! – закрычаў Віктар, калі дождж скончыўся.

«Малое дзіцяня» хутка вырасла ў вялікае вогнішча, і абаронцы поўнасцю былі ўзнагароджаны за свае турботы.

– Паддавай! Яшчэ, яшчэ! – насіліся яны па лесе, сцягвалі галлё, якое цяпер нават мокрае гарэла, бо вогнішча распалілі страшэннае.

Дым ад яго, здавалася, запоўніў увесь лес. А калі галлё згарэла, дык жару ад яго хапіла, каб высушыць адзежу: хлопцы ледзь паспявалі падстаўляць то адзін, то другі бок.

Спаць у гэтую ноч болей не давялося – так і дачакаліся сонца.

VI

На гэты раз з бяды выкруціліся. Трэба было брацца за будаўніцтва, каб забяспечыць сябе не толькі хатай, але і агнём.

– Прыйдзецца пабудаваць вялікую юрту, – казаў Віктар, – каб усярэдзіне і спаць можна было б і каб для агню хапала месца.

– Не забывайся, што апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструмента няма, – заўважыў Мірон.

– А пра нож забыўся?

– Які там нож! – махнуў рукой Мірон. – Спачатку зробім павець, пад якой можна было б хаваць агонь у час дажджу. Нават не для вогнішча наогул, а для маленькага запаснога агеньчыка. Вунь там, напрыклад, між карэннямі можна.

– А калі так, то маленькі агонь можна і ў будане трымаць.

– Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба.

Пачалі спрачацца.

– Калі так, то будзем галасаваць! – крыкнуў Віктар па прывычцы.

– Давай! – засмяяўся Мірон.

Віктар схамянуўся і таксама пакаціўся ад смеху. Гэты смех спыніў спрэчкі.

Яны ўбачылі, што і спрачацца не было чаго. Ніхто не перашкаджае падтрымліваць агонь і там і тут. Абы толькі сачыць і пільнаваць. Нарэшце згадзіліся перш будаваць хату.

– Толькі трэба спачатку падмацавацца, – сказаў Віктар і павярнуўся да ўчарашняга мяса.

Шась сюды, шась туды – няма мяса!

– Што ж гэта такое? – развёў рукамі Віктар. – Можа, ты з'еў?

– Ну-ну! – абурыўся Мірон і таксама пачаў шукаць.

За некалькі крокаў знайшлі невялікі абгрызены кавалак.

– Значыцца, нейкі звер сцягнуў. Ах, каб яго разарвала! – вылаяўся Віктар. – Відаць, тут шмат звяр'я шнырыць, а мы пра гэта і не падумалі. Яшчэ на нас хто-небудзь нападзе.

– Такіх драпежнікаў у нас няма, каб самі нападалі на людзей. Хіба ваўкі ўзімку, ды і то зграяй. А што нашу апошнюю спажыву ўкралі – справа зусім дрэнная, – сумна прамовіў Мірон.

Становішча адразу павярнулася да іх другім бокам.

Не толькі шкада было гэтага мяса, але паўстала пытанне: як быць далей? Не кожны раз будзеш лавіць рукамі зайцоў, а што яшчэ можна зрабіць без зброі?

Віктар зусім апусціў рукі. Наколькі хутка і моцна выбухала ў ім энергія, настолькі хутка яна і знікала.

– Гэтак зусім прыйдзецца тут загінуць, – пахмура прамовіў ён. – Пойдзем лепш зноў шукаць броду. Калі яшчэ вада спадзе – невядома.

– Не, браток, гэтак нельга, – разважліва сказаў Мірон. – З роспачы кідацца ва ўсе бакі – апошняя справа. Трэба што-небудзь прыдумаць, каб спажывы дастаць, а тады ўжо шукаць броду.

– Што тут зробіш з голымі рукамі? – безнадзейна махнуў Віктар.

– Пойдзем пакуль на паляванне, а там пабачым. Відаць, і будаўніцтва прыйдзецца адкласці.

– Бадай, прыйдзецца і за пугача ўзяцца, – уздыхнуў Віктар. – Усё ж такі смажаны пугач павінен быць не горшым за сырога зайца.

Мірон узяў і па-гаспадарску агледзеў пугача. Пукатыя вочы, крывая дзюба нават цяпер пужаюць. Панюхаў яго Мірон і скрывіўся.

– Можа, яшчэ і нічога, але неяк верне ад яго. Пагледзімо, што будзе далей, – сказаў Мірон і палажыў пугача пад дрэвам.

Падклалі ў вогнішча таўсцейшых дроў і пайшлі «на паляванне». Накіраваліся ў сярэдзіну лесу, дзе яны яшчэ дагэтуль не былі. Па іх меркаваннях, яны тады прайшлі навакол кіламетраў дваццаць, значыцца, можна было лічыць, што невядомая ім мясцовасць мае кіламетраў шэсць упоперак. Прастора немалая.

– Ліха яго ведае, што там хаваецца, – казаў Віктар. – Можа, нават і небяспечнае што-небудзь для нас, бяззбройных. Разводдзе зрабіла гэты лес востравам, на якім павінны ратавацца ўсе жывёлы, што жывуць у гэтых месцах.

І сапраўды, праз некаторы час спудзілі зайца, потым другога. Яны шмыганулі пад самым носам, але нашы «паляўнічыя» нічога не маглі ім зрабіць.

– Якая прыкрасць! – гарачыўся Віктар. – Гэтак яны хутка пачнуць здзекавацца з нас. Хоць бы лук які зрабіць.

– Мусіць, яно так і прыйдзецца, – адказаў Мірон, – а пакуль што хоць бы якую спажыву знайсці, каб можна было ўзяцца за будаўніцтва. Зірні, вунь каля таго дупла круціцца вавёрка. Кажуць, што часам у іх можна пажывіцца.

– Пэўна, можна! – павесялеў Віктар і мігам пачаў караскацца на дрэва.

Вавёрка спалохана крыкнула, пераскочыла на верхавіну і пачала там трывожна мітусіцца.

Дупло было не надта высока, каля яго ад ствала адыходзіла вялікая сухая галіна. Віктар хутка ўзлез, ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Мірон выцягнуў сваю доўгую шыю і затаіў дыханне.

– Ну, што? – нецярпліва запытаўся ён.

– Нічога нельга дастаць, рукі не хапае, – азваўся Віктар.

Назад Дальше