Палескія рабінзоны - Янка Мавр 5 стр.


– Давай тады я палезу: мае рукі даўжэйшыя.

– Нічога не будзе. Ніякіх адзнак, можа, і зусім нічога няма, – адказаў Віктар і збянтэжана ўсеўся на галіне.

Памаўчалі крыху.

– Вось што! – крыкнуў раптам Віктар. – Гэты бок дрэва тонкі і спарахнелы. Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу.

Мірон зламаў тонкае дрэўца і падаў Віктару. Засунуў Віктар палку, націснуў – і зараз жа пасыпаліся трэскі і труха. Праз некалькі хвілін замест дзіры была доўгая шчыліна, і нарэшце Віктар мог дастаць гняздо.

– Ёсць нешта! – крыкнуў ён.

– Што? Што? – захваляваўся Мірон.

Віктар яшчэ папоркаўся, а потым як гаркне на ўсё горла:

– Арэхі! Шмат арэхаў!

Напхаў поўныя кішэні, потым пачаў сыпаць за пазуху, а там усё яшчэ было.

– Сып на зямлю, я ўсё падбяру! – крычаў Мірон.

Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Нарэшце запасы скончыліся, і Віктар нават выцягнуў і пусціў па ветру гняздо.

– Навошта ты гняздо разбурыў? – закрычаў Мірон. – Хай бы ў падзяку хоць гнязда не чапаў!

– Усё роўна яна больш не будзе тут жыць, – сказаў Віктар і злез з дрэва.

Калі сабралі ўсе арэхі, то іх набралася кілаграмы са тры.

– За здароўе гэтага мілага стварэння! – сказаў Віктар, лузгаючы арэхі.

Панапхалі сабе арэхаў дзе толькі можна было і весела накіраваліся «дадому».

Праз некалькі крокаў Віктар спыніўся.

– Глянь! – крыкнуў ён. – Нібы грыбы нейкія. Можа, і іх можна скарыстаць? Але, здаецца, яны воўчыя.

Мірон нахіліўся. Ён убачыў бурыя грыбы, – нібы сушаныя грушы, панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак надавала ім нейкі асаблівы выгляд.

– Гэта смаржы, – сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў іх.

– А іх можна есці?

– Можна, і нават яны вельмі смачныя, але гэтыя занадта старыя. Смаржы – першыя нашы грыбы. Яны з'яўляюцца зараз жа пасля таго, як растане снег.

– Калі можна есці, дык няма чаго перабіраць, старыя ці маладыя.

– Ну, не. Старыя небяспечныя, атрутныя. Ды ў гэтых дробных зморшчках столькі пяску і рознага бруду, што іх і вымыць нельга.

– Пашукаем тады маладзейшых.

– Пашукаем.

Пачалі шукаць, але справа была вельмі марудная, бо амаль для кожнага грыба даводзілася складаць «камісію», каб вызначыць, стары ён ці малады. Пад пагрозай атруты выкінулі нямала і добрых грыбоў, але ўсё ж такі знаходзіліся і надзейныя. Вось ужо зараз будзе поўная шапка…

Але тут на шыю Мірона капнула некалькі кропляў дажджу.

– Дождж! – закрычаў ён не сваім голасам, нібы гэта капнула гарачая смала, кінуў шапку і паляцеў на сваіх цыбатых нагах так, што Віктар адразу згубіў яго з вачэй.

Адчуў некалькі кропляў і Віктар, але, зірнуўшы ўгору, убачыў, што вялікай небяспекі няма: лёгкія хмаркі хоць і пакрапалі крыху, але вялікім дажджом, здаецца, не пагражалі. Ён ухапіў Міронаву шапку і пабег за ім. Праз некалькі крокаў ён заўважыў на зямлі арэхі, спачатку невялікую палоску, а потым і спорную кучу. А кроплі болей не капалі.

– Стой! Назад! Арэхі рассыпаў! – закрычаў Віктар і пачаў збіраць арэхі.

Праз некалькі хвілін вярнуўся і Мірон.

– Чаго ты паляцеў, нібы звар'яцелы? – накінуўся на яго Віктар. – Бачыш, дабро парастрасаў! Дажджу ж няма.

– А ты забыўся, як мы баранілі агонь? – адказаў той. – Хочаш яшчэ раз рызыкнуць? Добра, што так абышлося. А бегчы тады, калі вялікі дождж пайшоў бы, было б позна.

Шукаць да апошняга арэха было марудна, знаходзіліся ж яны блізка ад сваёй стаянкі, – таму вырашылі рэшту арэхаў падабраць другі раз.

Да стаянкі было не болей, як паўкіламетра. Агонь захаваўся добра. Памылі смаржы, кінулі ў агонь. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Ды яшчэ попелу набралася ў зморшчкі столькі, колькі было дабра ў самім грыбе. Але ўсё ж такі страва выйшла досыць смачная.

– А ведаеш што? – сказаў Мірон. – Я лічу, што гэты попел з поспехам заменіць нам соль. Я недзе чытаў, што ёсць на зямлі куткі, дзе людзі наогул ужываюць попел замест солі.

– Ну і еш на здароўе, гэтага дабра хопіць, – адказаў Віктар. – Вось толькі шкада, што другой стравы няма, а прыходзіцца адразу прымацца за трэцюю, за арэхі.

– Затое наогул сёння наш абед – панскі. Далікатны і смачны.

Пасля абеду зараз жа ўзяліся будаваць сабе «хату». Доўга меркавалі, як гэта без сякеры і нажа ўзяцца за працу, і, нарэшце, знайшлі добры выхад. У тых кустах, дзе злавілі зайца, яны выбралі мясцінку, а над ёй звязалі дрэўцы, што раслі побач. «Зруб» выйшаў дасканалы, моцны. А пераплесці яго, зрабіць страху было зусім няцяжка.

Хата выйшла на славу. Каб чысцей было, падлогу засыпалі пяском, а ложкі зрабілі з леташняга чаротніку. Радасць хлопцаў была бязмерная. З якім замілаваннем яны аглядалі сваю пабудову, затыкалі кожную шчыліну, абламвалі кожную лішнюю галінку, цешыліся і знадворку, і з сярэдзіны! Гэты зроблены іх уласнымі рукамі будан здаваўся ім найлепшым памяшканнем у свеце.

– Цяпер я згодзен жыць тут хоць усё лета! – цешыўся Віктар.

– Вось тут арэхі паложым, а ў гэтым куту – сухія дровы, каб падтрымліваць агонь у час дажджу, – гаспадарыў Мірон.

Калі будан (або «юрта», як казаў Віктар) быў гатовы, прыступілі да ўпарадкавання агню. Галоўную базу для яго выбралі ў той ямцы пад коранем дрэва, дзе было іх логава.

– Трэба выкапаць ямку глыбей, каб жар у ёй доўга захоўваўся, – меркаваў Віктар, – ды пусціць яе пад корань, каб вада не дабралася.

– Гэта было б добра, – сказаў Мірон. – Але ж мы гэткім чынам сапсуем вялікае каштоўнае дрэва.

Зірнуў Віктар на дрэва – высокае, магутнае, вельмі прыгожае. Лепш было б пад пнём ссечанага дрэва, але такога не відаць.

– Шкада дрэва, – уздыхнуў ён, – але справа ідзе аб жыцці двух савецкіх грамадзян. Мы адпрацуем дзяржаве за гэтае дрэва і пасадзім замест яго некалькі новых.

– Каб былі каменні, дык можна было б сякую-такую печку скласці, – сказаў Мірон. – У далейшым будзем гэта мець на ўвазе і не мінаць аніводнага каменя, які дзе ўбачым.

Узялі пад увагу і тую акалічнасць, што дажджы ў нас часцей за ўсё ідуць з захаду, таму пячурку зрабілі з усходняга боку дрэва. Для хатніх патрэб расклалі другое вогнішча каля свайго памяшкання.

Нарэшце ўсё было ўпарадкавана, і куток адразу набыў культурны выгляд. А будаўнікі на гэты час зусім забыліся, у якім становішчы яны знаходзяцца, і адчувалі сябе так добра, як ніколі.

Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Такое надвор'е не толькі не псавала настрою, але рабіла больш утульным памяшканне.

Уначы ў некаторых месцах зверху капала на хлопцаў.

– Бач ты, – бурчалі яны. – Здаецца, так шчыльна рабілі, а ўсё яшчэ працякае. Трэба будзе заўтра падправіць.

VII

На другі дзень надвор'е выдалася зусім добрае. Вясна шпарка ішла наперад. Раніцою пайшлі падбіраць згубленыя ўчора арэхі і шукаць смаржоў. Арэхі падабралі, але добрых смаржоў не знайшлі: відаць, іх час зусім прайшоў.

– Давай зробім лук, – прапанаваў Віктар. – Можа, якога-небудзь дурнога зайца ўдасца аглушыць.

– А можа, мядзведзя хочаш? – засмяяўся Мірон.

Але на кожны выпадак узяліся за майстраванне. Выламалі па добраму арэхаваму дубцу, канцы іх абсмалілі на агні. Зарубкі зрабілі Міронавай спражкай. Віктар напяў свае шнуркі, а Мірону не было чаго напінаць.

– Можна было б адрэзаць тваім нажом тонкі пасак ад рэменя, – сказаў ён, – але на гэта трэба патраціць некалькі дзён, ды і не спадзяюся я на гэтую зброю.

– А як жа дзікуны?

– Мы цяпер у горшым становішчы за дзікуноў. У іх лук быў вынікам шматвяковай культуры, сродкам здабывання спажывы, а для нас гэта цацка. Давай давядзём да ладу спачатку твой.

Найцяжэйшай справай аказалася зрабіць стралу. Выразаць сапраўдную стралу з сухога моцнага дрэва не было магчымасці. Прыйшлося ўзяць просты дубец ды абсмаліць яго. Падрыхтаваўся Віктар і стрэліў.

Пырснула страла ў паветра і звалілася за некалькі крокаў ад іх. Абодва пакаціліся ад смеху.

– Вось дык зброя! – крыкнуў Мірон.

– Ты не думай, – нібы сур'ёзна адказаў Віктар. – Каб там сядзеў заяц ды каб канцом стралы трапіла яму ў вока, каб ад перапуду і неспадзеўкі ён кінуўся ў наш бок, – вось і была б здабыча. А такія выпадкі здараюцца. Мой бацька казаў, што яму аднаго разу без ніякай стралы заяц кінуўся пад ногі.

– Калі такім чынам, дык я згодзен, – смяяўся Мірон.

Яшчэ раз напяў Віктар лук, але на гэты раз выйшла яшчэ лепш: шнуркі разарваліся.

– Жарты ўбок, – сказаў Віктар сур'ёзна. – Я сам ведаю, што гэта глупства. Але няўжо ж мы не можам зрабіць лук сапраўдны, як у дзікуноў? У нас жа можа быць і скураная цеціва.

– Яно так, – адказаў Мірон, – але для гэтага і дрэва патрэбна больш адпаведнае, і трэба ведаць, як яго апрацаваць, умець рабіць стрэлы, ведаць усе іхнія капрызы і, нарэшце, практыкавацца шмат часу. А самае галоўнае – мець нож. Можа, у далейшым пойдзем паглядзім, ці нельга будзе дзе якую рыбіну злавіць.

– А чым будзеш лавіць?

– Паглядзім спачатку, што і як, а там убачым. Можа, і кашуляй ці штанамі можна будзе.

Пайшлі ўздоўж балота.

– Глянь, здаецца, вада пачынае спадаць, – заўважыў Віктар.

Яно і сапраўды так было. Вада крыху адсунулася. У розных месцах з-пад вады павытыркаліся новыя купінкі травы.

– Гэта добра, – сказаў Мірон, – але для рыбнай лоўлі застаецца менш магчымасцей, бо замест вады мы будзем мець балота.

Так ішлі яны цэлую гадзіну, шукалі даступнай вадзяной прасторы. Нарэшце падышлі да адной маленькай затокі. Вада клінам уразалася ў лагчынку між двума ўзгоркамі. Лагчынка была не балотная, пясчаная. Пасярэдзіне ўтварылася нібы возера, якое злучалася з сапраўдным возерам вузкай пратокай.

– А ў гэтым кутку павінна быць рыба, – сказаў Віктар. – Вада спакойная. Бачыш, як светла і ўтульна тут пад сонцам. А вунь і рыбкі мільгаюць.

І ён пачаў здымаць споднюю кашулю.

– Завяжам каўнер і рукавы, уставім абруч – вось і будзе сак, не горшы ад рыбацкага, – казаў ён, але праз некалькі хвілін крыкнуў: – Ах, каб на цябе кадук! Парваная! Здымі сваю.

Мірон зняў сваю кашулю. Завязаць яе ды ўставіць лазовы абруч было лёгкай і хуткай справай.

Праз некалькі хвілін нашы рыбакі ўжо ўлазілі ў ваду. Але хутка яны ўбачылі, што нічога ў іх не будзе, бо вада не выходзіла з кашулі і рыба нават пры добрым жаданні не магла трапіць у яе – вада не пускала.

– А ведаеш, твая падраная кашуля больш падышла б, – сказаў Мірон.

– Не, дзірка вялікая, ды яна адразу падралася б яшчэ болей. Як жа быць? Хіба вось што зробім: развяжам рукавы і возьмем за канцы адной рукой, а другой будзем трымацца за абруч.

– А калі рыба палезе праз рукаў, дык яе – цап! – засмяяўся Мірон. – Давай гэтак.

Пачалі лавіць новым спосабам. Пайшло лягчэй, але нязручна было тое, што трэба было нахіляцца ў ваду па шыю, каб трымаць рукавы на належнай глыбіні.

Праз некаторы час Мірон закрычаў:

– Ёсць! Стой! Ах, вырвалася!…

– У-у, незграбайла! – раззлаваўся Віктар.

– Ды маленькая была, – апраўдваўся Мірон.

Праз хвіліну закрычаў Віктар:

– Ёсць! Трымай свой канец, каб не ўцякла! Да берага цягні, да берага! Падымай угору! Вялікая… Ой, кусаецца!

Цяжка было цягнуць на бераг кашулю, нібы бочку, поўную вады. Але ж, калі выцягнулі, дык знайшлі ў ёй дзесятак дробных рыбак, а ў Віктара ў руцэ быў двухфунтовы шчупак!

– Вось гэта дык здабыча! – цешыліся хлопцы.

Болей на гэты раз не хацелі лезці ў ваду, бо змерзлі.

– Куды яна дзенецца, – казаў Віктар. – Мы можам увесь час тут лавіць, нібы ва ўласнай сажалцы.

Але Мірон сумна паківаў галавой:

– Можа, ужо заўтра гэтай сажалкі не будзе. Не забывайся, што яна зрабілася толькі ў час паводкі.

– Вельмі шкада! – збянтэжана прамармытаў Віктар і ўтаропіў вочы ў ваду.

А праз момант ён радасна крыкнуў:

– Дармо! Мы ж можам зрабіць перагародку вунь у тым вузкім месцы. Хай сабе вада сыходзіць, а рыба застанецца.

Зараз жа прыступілі да працы. Торкалі ў зямлю ўсё, што можна было ўторкнуць. Вельмі слабая была загарадка, але ж затое яны ўзялі колькасцю. Праз гадзіну грэбля каля метра шырыні аддзяляла затоку ад возера ці балота. Каб тут была бягучая вада, яна ў адзін міг разбурыла б іхняе збудаванне, але, на шчасце, гэтага можна было не баяцца.

– Вось рыба і ў палоне! – захапляўся Віктар. – Хай сабе гадуецца, а мы будзем браць колькі захочам і калі захочам.

Такая магчымасць значна ўзняла дух хлопцаў, бо з'явілася некаторая ўпэўненасць і ў заўтрашнім дні. Вечарам ля вогнішча Мірон разважаў:

– Пяці дзён яшчэ не прайшло, а якія змены адбыліся ў нашым становішчы! І агонь маем, і хату, і спажыву, нават сваю рыбную гаспадарку.

– Я больш быў бы задаволены, каб мы мелі сваю хлебапякарню, – сказаў Віктар, абгрызаючы выкачаную ў попеле касцістую рыбку.

Як кожны вечар, пасля дзённых турбот гутарка іх перайшла да хатніх спраў. Якімі далёкімі здаваліся цяпер гэтыя справы! Не верылася, што пры нармальных умовах за адзін дзень можна было б вярнуцца дадому. Пакуль не прайшлі дзесяць канікулярных дзён, вялікай трывогі там яшчэ не будзе. А калі яны пройдуць?

VIII

– А што будзем сёння рабіць? – запытаўся на другі дзень Віктар.

– Я прапаную пайсці далей у лес на разведку, – адказаў Мірон. – Мы ж зусім не былі яшчэ ў глыбіні.

– Трэба было б якую-небудзь зброю мець, – заўважыў Віктар.

– Толькі не твой лук, – усміхнуўся Мірон. – Лепш зробім сабе добрыя дубіны.

Знайшлі адпаведныя дрэўцы, зламалі іх, абпалілі на агні, нават булдавешкі пакінулі на канцы. Зброя выйшла хоць куды!

– З гэткай зброяй я і на ваўкоў згодзен ісці! – казаў Віктар, размахваючы сваёй дубінай.

– І сапраўды, з дзвюма такімі штукамі не боязна, – згадзіўся Мірон і трэснуў па кусту так, што ад яго паляцелі шматкі.

Узялі з сабой арэхаў, падклалі агню і пайшлі.

Чым глыбей уваходзілі ў лес, тым часцей сустракаліся сухія ўзгоркі. На вышэйшых пясчаных месцах рос хваёвы бор, на ніжэйшых – гушчар з ельніку, алешніку, бярозы, рознага хмызняку. Часам трапляліся прыгожыя лугавінкі з ліставымі дрэвамі: дуб, граб, ліпа.

– Ідзём да тых дубоў, – сказаў Мірон. – Можа, знойдзем леташніх жалудоў. Калі прыйдзе бяда, яны спатрэбяцца.

– Ды і без бяды кавы добра будзе папіць, – адказаў Віктар. – Трэба толькі мець начынне і цукар.

Калі падышлі да дубоў, то ўбачылі, што там нехта перад імі ўжо гаспадарыў. Зямля была перакапаная, віднелася шмат слядоў, а жолуда аніводнага. Але дзіўней за ўсё было тое, што сляды здаваліся свежымі.

– Хто б гэта мог быць? – задуменна сказаў Мірон.

– Дзікі! – упэўнена адказаў Віктар, разглядаючы сляды.

– Невядома, ці радавацца, ці шкадаваць, што знайшліся такія суседзі, – прамовіў Мірон.

Віктар чамусьці памахаў сваёй дубінай.

– Добра было б здабыць дзіка, але, кажуць, звер вельмі небяспечны. Калі раззлуецца, дык нават добрая зброя не паможа.

У гэты момант збоку нешта затрашчала. Хлопцы ўздрыгануліся і мацней сціснулі свае дубіны. З-за ламачча паказаўся дзік. Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай.

– Не рухайся! – прашаптаў Віктар.

Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад.

Назад Дальше