Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 5 стр.


Якія мы былі абыякавыя. Такія самыя двухногія, як мы, елі траву, хоць край наш, шчодры і багаты, лепшы на зямлі, ніколі не прымусіць чалавека памерці ад нястачы ежы. Мы гандлявалі радзімай, прадавалі яе хцівым суседзям, а сяляне любілі яе, сваю мачыху, і… падыхалі ад бясхлеб'я. І хто абвінаваціць іх, калі яны возьмуць вілы і ўваб'юць іх нам у грудзі? Мне здаецца, што нават праз сто год, калі ўсе мы вымрам, калі нашчадкі гэтых няшчасных выпадкова адшукаюць нейкага шляхціца — яны будуць мець поўнае права забіць яго. Зямля не для нас.

Я глядзеў на яе са здзіўленнем. Гэты запал, гэта натхненне ўласным словам зрабілі яе твар незвычайным. Я толькі тут зразумеў, што ніякая яна не непрыгожая, што перада мною незвычайная дзяўчына, прыгожая дзіўнай, трохі вар'яцкай прыгажосцю. Ух! Якая гэта была прыгажосць!!! Напэўна, такімі былі нашы старажытныя «прарочыцы», якія біліся ў атрадах Мурашкі і Мужыцкага Хрыста. Гэта была прыгажосць незямная, замучаная з горкімі вуснамі і вялікімі чорнымі сухімі вачыма.

І раптам… усё гэта знікла. Перада мною зноў сядзеў той самы заморак. Толькі я ўжо ведаў, якая яна на самай справе.

— І ўсё ж мне вельмі, вельмі не хочацца паміраць. Я так хачу сонца, іншых, не бачаных мною лугоў, дзіцячага смеху. Я вельмі жадаю жыць, хоць і не маю на гэта права. Толькі гэта і дало мне магчымасць вытрымаць гэтыя два гады, хоць выйсця няма. Тут начныя крокі. Малы Чалавек, Блакітная Жанчына. Я ведаю, я памру. І ўсё гэта дзікае паляванне караля Стаха. Каб не яно — мы, магчыма, яшчэ жылі б. Яно заб'е нас.

І яна змоўкла, змоўкла на цэлую гадзіну, пакуль не прыйшоў час ісці па пакоях.

І калі да гэтага вечара я быў абыякавы да гэтай заморанай шляхцяначкі, дык пасля яе палкіх слоў зразумеў, што нейкім дзівам з яе атрымаўся сапраўдны чалавек. Гэтаму чалавеку трэба было абавязкова дапамагчы.

І, лежачы ў цемры з адкрытымі вачыма, я амаль да ранку думаў, што калі ўчора я вырашыў ехаць праз два дні з брыдкага месца і далей ад радавітай гаспадыні, дык зараз я застануся тут на тыдзень, два, тры, на месяц, каб разгадаць усе гэтыя таямніцы і вярнуць сапраўднаму чалавеку заслужаны ім спакой.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

Першае, што я зрабіў наступнага дня, гэта ададраў дошкі ад дзвярэй таго адзінага закалочанага пакоя, у якім толькі і мог знікнуць Малы Чалавек, калі ён быў істотай з плоці і крыві. Цвікі заржавелі, філёнгі на дзвярах былі цэлымі, у пакоі ляжаў пласт пылу на тры пальцы. Там ніхто не мог схавацца, і я зноў закалаціў дзверы. Пасля я абследаваў усе пакоі ў другім крыле і пераканаўся, што схавацца там няма дзе. Над калідорам, дзе я чуў крокі, была гара, на якой таксама не было слядоў. Справа былі дзверы ў мой пакой і пакой гаспадыні, глухі мур і за ім парк.

Ад усяго гэтага ў мяне пачало круціцца ў галаве. Няўжо сапраўды існуе на свеце нешта зверхразумовае? З гэтым я, загартаваны «афеіст», ніяк не мог згадзіцца.

Мне прыйшла ў галаву думка, што трэба пайсці ў бібліятэку і даведацца нарэшце, што гэта за дзікае паляванне, пра якое мне было нязручна распытваць гаспадыню. Дарэчы, я спадзяваўся адшукаць там які-небудзь стары план дома, каб пасля распачаць метадычныя пошукі. Я ведаў, што ў нашых старых палацах бывалі часам так званыя «слухаўкі», гэта значыць таемныя прабоі ў мурах. У іх звычайна былі замураваны «галаснікі», — асобай формы гарлачы, што ўзмацнялі гукі, — і гаспадар мог, знаходзячыся ў другім канцы палаца, добра чуць, што гавораць госці або слугі ў гэтым канцы.

Магчыма, і тут было нешта падобнае. Якая-небудзь ахмістрыня хадзіла ўначы на першым паверсе, а крокі яе былі чутны тут. Гэта была слабая надзея, але чаго не здараецца…

І я накіраваўся ў бібліятэку, якая размяшчалася ў бельэтажы, між першым і другім паверхамі, у асобным крыле.

Рэдка мне здаралася бачыць такія запушчаныя пакоі. Паркет выбіты, вялізныя вокны ў пыле, люстры на столі ў пыльных чахлах. Відаць, гэта была самая старажытная частка дома, «замчышча», вакол якога пасля ўзнік сам палац. Гэта прыйшло ў маю галаву, калі я пабачыў перад самай бібліятэкаю дзіўны пакой. І тут быў камін, але такі вялізны, што зубра можна было засмажыць, і нават гнёзды ад пожагаў яшчэ засталіся на яго сценах. Вокны маленькія, з каляровых шкельцаў, сцены груба атынкаваныя; на столі перакрыжоўваюцца цяжкія квадратныя бэлькі, укрытыя закуранай разьбою. А на сценах старая грубая зброя.

Словам, гэта быў пакой тых «добрых старых часоў», калі паны разам з хлопамі збіраліся ў адну залу і сядзелі зімовымі вечарамі пры вогнішчы. Пані і чалядніцы пралі, пан гуляў з хлопцамі ў «дваццаць пальцаў» або ў косці. Ах, ідылічныя старыя часы! І куды, нашто вы толькі зніклі? Праўда, пасля між адным і другім магло здарыцца такое, што — толькі паслухаеш — кроў ледзянее і жыць не хочацца, але ж гэта глупства, на гэта зважаюць толькі сентыментальныя хлюпікі.

Прабачце мне, шаноўныя чытачы, што я не магу прайсці міма ніводнага пакоя, каб не распавясціць пра яго. Што паробіш, на старасці год чалавек робіцца балбатлівы. І, да таго ж, вы такога ніколі не бачылі і не пабачыце. Магчыма, камусьці будзе цікава.

Бібліятэка была пад стыль перадпакоя. Высокія скляпенні, вокны на калонках, крэслы, абабітыя рудой ад старасці скурай, вялізныя шафы моранага дубу і кнігі, кнігі, кнігі.

Ну, як прайсці паўз іх і не сказаць вам хаця пару слоў! У мяне сліна цячэ ад адных успамінаў. Даўнія пергаментныя кнігі, кнігі на першай порыстай паперы, кнігі на жоўтай ад старасці, гладкай ільснянай паперы. Кнігі ХVІІ стагоддзя, якія адразу адгадаеш па гатунку скуры на вокладках. Рудая скура вокладак ХVІІІ стагоддзя; драўляныя дошкі, абцягнутыя тонкай чорнай скурай, на вокладках кніг ХVІ стагоддзя.

І назвы, Божа, якія назвы! «Катэхізіс роускі», «Сапраўдная хроніка Яна Збароўскага», «Варлам-індзеянін», «Прытча пра славія», старыя шастадневы, «Пчала працавітая», рукапісныя зборнікі старых легенд, «Gesta Romanorum» з двухсот апавяданннў, «Трышчан і Ізота», «Бава» ў беларускім варыянце, «Анафегмы», «Прамова Мялешкі» — гэта быў скарб. А больш новыя манерныя кнігі з доўгімі назвамі накшталт: «Плаценне амурнае, або тысяча спосабаў, якімі адарыраваны кавалер свой прадмет да згоды з амурнай пажадлівасцю сваёй прывесці можа». Але хопіць, іначай я рызыкую ніколі не скончыць свайго апісання.

Я так захапіўся кнігамі, што не адразу заўважыў у пакоі другога чалавека. А ён між тым узняўся з крэсла і чакальна глядзеў на мяне, трохі нахіліўшы галаву. На вуснах ягоных была прыемная ўсмешка, вялікія вочы ласкава ўсміхаліся. Адной рукою ён сарамліва прытрымліваў на жываце халат. Мы адрэкамендаваліся.

— Андрэй Беларэцкі.

— Ігнась Берман-Гацэвіч, упраўляючы, — сказаў ён ціхім ветлівым голасам.

Мы селі. Я глядзеў на гэтага чалавека, зацікаўлены. Што магло трымаць яго ў жахлівых Балотных Ялінах? Грошы? Іх не было. А ён, як быццам імкнучыся адказаць на мае думкі, сказаў:

— Бачыце, якія кнігі. Дзеля іх і трымаюся тут. Кнігалюб.

Кнігалюб быў невысокі, дрэнна збіты чалавек. Твар яго, мяккі і пяшчотны, занадта мяккі для мужчыны трыццаці пяці год, быў румяны нежывым румянцам, як на фарфоравай ляльцы. І наогул ён быў занадта «лялечны». Вялікія шэрыя вочы, доўгія вейкі, роўны прамы носік, тонкія, прыемна складзеныя вусны. Пастушок з табакеркі. І барада ў яго расла слабая, як у многіх беларусаў з нездаровых балотных мясцін.

— Вы, напэўна, з паўночнай Меншчыны? — спытаў я.

— О, пан не памыляецца, не, — сказаў ён. — Да гэтага жыў у губернскім горадзе. А зараз тут.

Калі б у мяне спыталі, якая рыса гэтага чалавека перш за ўсё кідаецца ў вочы, я б сказаў: «Старамодная галантнасць». Ён быў цудоўна выхаваны, гэты лялёныш, выхаваны ў духу правінцыяльнай шляхецкай гжэчнасці, якая смяшыць нас. Калі глядзіш на такіх людзей — так і здаецца, што ў іх сям'і дзеці, гуляючы ў схованкі, хаваліся пад шырачэзную, у шэсць полак, шарсцяную сукню бабулі, якая — бабуля, а не сукня — вязала панчохі або цыравала новыя шкарпэткі, каб не так хутка прадзёрліся.

І, аднак, гэта ўражанне хутка рассейвалася. Нешта пурытанскі-чапурыстае, жарсткавае было ў гэтых вачах, у падціснутых вуснах.

Але таго, што дадзена, не адбярэш. Гэта быў сапраўды абазнаны ў кнігах чалавек. Праз дваццаць хвілін размовы я зразумеў гэта, мала таго, пераканаўся, што гэты самавук ведае старажытную літаратуру не горш, як я, чалавек з універсітэцкай адукацыяй.

Таму я навёў размову на дзікае паляванне. У Бермана вусны склаліся, як курыная дупка.

— Чаму пан цікавіцца гэтым?

— Я этнограф.

— О, тады вядома, вядома. Але мая сціплая асоба не можа расказаць гэтага так, як трэба для высокага госця. Мы лепей дамо слова пажоўклым старонкам кніг. Пан разбіраецца ў літаратурнай мове ХVІІ стагоддзя?

Ён адчыніў адну з шафаў артыстычным рухам (пальцы ў яго былі тонкія і ў два разы даўжэй за нармальныя), узняўшы воблачка пылу.

І вось на маіх каленях ляжаў вялізны том, спісаны каліграфічна дробнымі, рудымі ад старасці літарамі.

«Року цісеча шэсць сот першага не было спакою на гэтай зямлі. Толькі што копны суддзя Балвановіч справу разгледзеў пра забіццё і атрутны морд праз хлопаў пана літасцівага іхняга Янука Бабаеда. І ў іншых мясцінах такаждзе спакою не было. Дубіна да места Віцебскага падыходзіў, пад Крычавам і Мсціславам і ў нас хлопы морд, і забойства, і шкоду чынілі. Чатырнаццаць паноў забілі. Іж без бытнасці нашае, казалі, яшчэ траіх білі так, што ад таго біцця не ведалі, яко жывы будуць».

Але вам, напэўна, цяжка чытаць такое. Таму я проста пераскажу вам змест гэтай старой легенды.

Справа была ў тым, што ў тыя часы бунтавалі не толькі хлопы. Бунтавала і старажытная беларуская шляхта, пакрыўджаная новымі парадкамі. У ваколіцах Балотных Ялін было асабліва неспакойна. Тут, у Хаданоўскай пушчы, сядзеў кульгавы бацька Яраш Штамет, які падтрымліваў вельмі радавітага беларускага пана Стаха Горскага, што быў у сваяцтве праз продкаў колішняму князю віленскаму Аляксандру. Гэты малады і славалюбівы чалавек паставіў перад сабою мэту: дабіцца самастойцасці. Для гэтага былі ўсе прадумовы: каралеўская кроў, якая цякла ў яго жылах (тады на гэта вельмі зважалі), падтрымка навакольнага панства, вялізныя вайсковыя сілы, падтрымка праваслаўных і «лясных братоў», талент воіна, а галоўнае — жахлівая галеча, цалкам безнадзейнае існаванне сялян. Маладога кіраўніка па ўсім наваколлі называлі ўжо, не саромячыся, каралём.

Але ён пакуль што збіраў сілы і дыпламатычна туманіў вочы прадстаўнікам дзяржаўнай улады. Сілы яго, як казаў рукапіс, дасягалі ўжо васьмі тысяч коннікаў, якія часткова хаваліся ў пушчы, часткова знаходзіліся пры яго палацы.

Нарэшце глыбокай восенню 1602 года ўсё было гатова. Па навакольных цэрквах сяляне ўзялі прысягу каралю Стаху, і ён нечаканым ударам авалодаў моцным замкам у сучасным павятовым гарадку. Чакалі толькі Яраша Штамета з хлопцамі, а паколькі войска было моцным, а кароль рашучым — цалкам магло здарыцца, што ў гісторыю Беларусі была б запісана новая яскравая старонка.

Не выказваў асаблівага захаплення каралём Стахам толькі Раман Яноўскі, моцны магнат, уладар Балотных Ялін. Кароль падазраваў, што Раман уступіў у заганныя зносіны з гетманам літоўскім і нават рымскай царквою. Ён папярэдзіў Яноўскага, што гэта небяспечна для яго скончыцца. Яноўскі запэўніў яго ў сваёй павазе і адданасці, і кароль Стах паверыў, нават аблабызаўся з Раманам, нават змяшаў у кубку сваю і яго кроў, якую пасля выпілі абодва дагаворныя бакі. Стах нават даслаў Раману срэбную пасуду.

Невядома, што прымусіла Рамана рашыцца на наступнае. Ці славалюбства, ці вераломства, ці, можа, яшчэ што. Ён жа быў сябрам законнаму каралю. Ён запрасіў караля Стаха на паляванне, і той выехаў да яго са сваім невялікім паляўнічым атрадам чалавек у дваццаць. Штамет павінен быў з'явіцца ў замак назаўтра, часу было досыць. Кароль вырашыў пабавіцца, тым больш што прадмет палявання быў вельмі спакуслівы: балотная рысь, істота, якая нагадвала памерамі і афарбоўкай тыгра і ўжо тады была рэдкай у нашых пушчах, а пасля, год праз сотню, зусім знікла, і пра яе нават забылі.

«І чорную здраду задумаў ён, пан Раман. Хоць і быў кароль Стах мужыцкім каралём, хоць і ўзняўся супраць божых улад, але хіба не благаславіў бы Бог і яго ўладу, каб ён захапіў трон дзедзіч сваіх?

І прыехаў кароль Стах у Балотныя Яліны, і тут яму палац агнямі ўпрыгожылі і пір зрабілі. І ён піў і пацяшаўся з панам Раманам і іншымі панамі, а паноў тых была, можа, сотня і яшчэ тры дзесяткі. А ўначы паехалі яны на паляванне, бо ночы стаялі светлыя, а ў такія ночы балотная рысь пакідае сітнягі, і ходзіць на нашай раўніне ад Балотных Ялін аж да ўрочышчаў Курганы і Пнюхі, і ловіць не толькі худобу, але і самотных людзей, — таму ж і ненавідзяць яе ўсе, таму і знішчаюць, што яна — людажэр: воўк праміне, і лясная рысь часцей за ўсё праміне, а балотная не праміне.

І госці ўсе паехалі, а Раман, з паляваннем караля Стаха, і старым сваім верным даездчыкам Аляхно Варонай, і дробным шляхціцам Дубатоўкам паехалі на балотную рысь. А ноч такая была, што ледзь месяц свяціў, і смутна ўсё было, і скакалі па балотах, нягледзячы на восень, балотныя сінія агні.

А агні чалавечыя згаслі ў хатах, і, можа, нават Бог, па нявызначанай мудрасці сваёй, пагасіў агні і ў некаторых душах чалавечых. І адбіліся ад загоншчыкаў сваіх пан Раман і кароль Стах.

Не паспелі і агледзецца яны, як скокнуў з купіны лемпарт балотны, збіў ударам сваіх грудзей у грудзі каня Рамана і выдраў у каня таго кавалак жывата з кішкамі разам, бо такі ўжо звычай балотнай рысі. І ўпаў пан Раман, і адчуў жах смяротны, бо звер палаючымі вачыма глядзеў у твар яго, і быў ён, гэты звер, шырэй яго і доле.

Але тут кароль Стах скочыў з свайго каня драпятага проста на спіну зверу, схапіў яго за вуха, аддзёр пысу з ляжачага і кордам, кароткім мячом, паласнуў яго па глотцы. Лемпарт адкінуў яго ўдарам лапы, і Стах адляцеў, а звер насеў на яго, паміраючы, але тут і пан Раман ускочыў і разбіў чэрап страшыдла сваім баявым чаканам. Так і ляжалі яны ўтрох; і пан Раман дапамог каралю ўстаць, пацалаваў у вусны і сказаў:

— Квіты мы з табою, браце. Ты мне жыццё выратаваў, а я тваю душу выратаваў шчыра.

А пасля напаткалі іх паляўнічыя, і вырашылі яны ноч правесці разам у лесе і яшчэ піць і гуляць, бо яшчэ не досыць было для іхняй душы, і сэрца іх пасля бойкі з лемпартам прасіла віна. І расклалі яны вогнішча ў лесе запаветным, і пачалі піць. А цемра стала такая, калі знік месяц, што, адыдзі далей ад вогнішча,і не пабачыш пальца на руцэ. Узялі яны бочкі віна, што прывёз Раман, і пілі, забаўляліся. І ніхто не ведаў, што віно тое было атручанае, толькі Раман, Варона і Дубатоўк загадзя сябе да тае атруты прывучылі.

І ўсе пілі, толькі кароль Стах піў мала.

Пачакай, Раман. Што ты робіш, Раман? За зямлю сваю хацеў косткі свае скласці гэты чалавек. Што ж ты божае наканаванне сабою замяніць хочаш? Панства свайго табе шкада, а ці падумаў ты, што топчуць волю народа твайго, мову і веру яго, душу яго? Не думаеш ты пра гэта, зайздрасць і славалюбства ў сэрцы тваім.

І так яны пілі, пакуль не сталі ў людзей з палявання караля Стаха закрывацца вочы. Але кароль усё казаў, якімі шчаслівымі ён зробіць усіх, калі сядзе на трон дзедзіч сваіх.

І тады пан Раман узяў свой корд, узяў яго за рукаяць аберуч і, падышоўшы да караля Стаха са спіны, узнёс корд над яго галавою і пасля апусціў гэты корд вастрыём на патыліцу караля Стаха. Той клюнуў носам, пасля ўзняў галаву, паглядзеў у вочы Раману, і твар яго, заліты крывёю, быў як вопль жахлівая да Бога аб помсце.

— Што ж ты зрабіў! Ты ж пабрацім мой, браце.

А пасля, намагаючыся ўстаць, крыкнуў:

— Многіх людзей пазбавіў ты зараз шчасця. Нашто прадаў ты свой народ, адступнік?

Раман другі раз ударыў яго мячом, і той упаў, але дар слова не кінуў яшчэ ягоных вуснаў:

— Зараз трымайся, здраднік. Праклён мой на цябе і на твой чорны род! Хай стане камянём хлеб ля вуснаў тваіх, хай бясплоднымі будуць жонкі вашы, а мужы захлынуцца ўласнай крывёй!

Назад Дальше