Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 6 стр.


І пасля сказаў ён жаласным ад слабасці голасам, але жорстка:

— Прадаў ты свой край, былы пабрацім. Але мы не памром. Мы яшчэ з'явімся да цябе, і да дзяцей тваіх, і да нашчадкаў тваіх, я і маё паляванне. Да дваццатага калена будзем мы помсціць бязлітасна, і не схаваецеся вы ад нас. Чуеш, да дваццатага калена! І кожнае з кален тваіх будзе дрыжаць больш балюча і жахліва, ніж я зараз, ля ног тваіх.

І ўраніў галаву. А яго аслупянелае паляванне нарэшце схамянулася і схапілася за нажы. І яны біліся дваццаць супраць траіх, і бойка была жахлівай. Але трое адолелі дваццацёх і забілі ўсіх.

А пасля яны прытарочылі трупы і параненых, якія жаласна стагналі, да ўласных коней і насцябалі іх, і коні памчаліся якраз да Волатавай прорвы, не разбіраючы дарогі.

І ніхто не заўважыў, што ў целе караля Стаха яшчэ была іскра жыцця. Коні ляцелі ў ноч, і слабы месяц асвятляў іх доўгія грывы, і недзе наперадзе бегалі па купінах сінія агні.

І з гэтага жахлівага статка даносіўся голас караля Стаха:

— Д'яблу аддаю душу сваю, бо не дапамагае Бог. Трымайся, Раман, мы прыскачам да цябе конныя! Дрыжы, Раман, калаціся, адвечны вораг! Мы прыйдзем! Мы адпомсцім!

І ніхто не ведаў, што праўда была ў гэтых словах, што зброяй д'ябла, праўды, помсты і кары з'явіўся кароль Стах. Не за тое помсціў ён, што забіў яго Раман. Забойства ніколі не атрымае такой кары, калі гэта не забойства пабраціма.

Нядоўга яны зажыліся на свеце. Даездчык Варона першы пабачыў цені Стаха і яго прыспешнікаў праз два тыдні. Не разбіраючы дарогі, імчалася дзікае паляванне па самай жахлівай дрыгве, па лесе, па вадзе межыток. Не бразгалі цуглі, не звінелі мячы. На конях сядзелі маўклівыя коннікі, і балотныя агні каціліся наперадзе дзікага палявання караля Стаха якраз праз дрыгву.

Аляхно з'ехаў з розуму. Загінуў пасля таго і Дубатоўк. Гетман літоўскі рассеяў мужычыя палкі, якія засталіся без кіраўніка, у бойцы загінуў Яраш Штамет. А Раман Яноўскі быў жывы і смяяўся.

І аднойчы ён быў на паляванні і вяртаўся адзін праз верасавыя пусткі дадому. Месяц слаба свяціў на верас. І раптам забегалі недзе ззаду сінія балотныя агні, і даляцеў з таго боку спеў рагоў і ледзь чутны стук капытоў. А пасля з'явіліся цьмяныя цені коннікаў. Грывы коней веялі па ветры, беглі перад дзікім паляваннем гепарды, спушчаныя са шворак. І бязгучна па верасе і дрыгве ляцелі яны. І маўчалі коннікі, а гукі палявання даляталі аднекуль з другога боку. І перад усімі скакаў, асветлены месяцам, туманны і вялізны кароль Стах. І гарэлі вочы коней, і людзей, і гепардаў.

І Раман пабег, а яны бязгучна і хутка скакалі за ім, і коні часам перабіралі нагамі ў паветры, і спяваў дзікі верас, і месяц раўнадушна глядзеў на пагоню.

І Раман тройчы крыкнуў: «Дзікае паляванне!…» такім голасам, што пачулі нават людзі ў навакольных хатах.

А пасля дзікае паляванне нагнала яго, і сэрца яго не вытрымала. Так загінуў Раман.

Многія з таго часу бачылі на тарфяных раўнінах дзікае паляванне Стаха. І хоць карала яно не ўсіх, але мала ў каго не разрывалася сэрца, калі бачыў ён на балотах змрочныя цені коннікаў.

Так загінулі сын Рамана і сын яго сына, пасля смерці якога я і пішу пра гэта на навучэнне і жах яго нашчадкаў, якія, можа, і змогуць добрымі справамі пазбавіць сілы сівы даўні праклён.

Сцеражыцеся дрыгвы, людзі, сцеражыцеся балот уначы, калі сінія агні збіраюцца і пачынаюць скокі на самых гіблых мясцінах. Там часта ўначы пабачыце вы дваццаць коннікаў на вараных дрыкгантах.

І галоўны коннік імчыць наперадзе ўсіх. Капялюх з заломленым полем насунуты на яго вочы, ногі прывязаны да сядла. Не бразгочуць мячы, не ржуць маўклівыя коні. Толькі часам аднекуль здалёк даносіцца спеў рога. Развяваюцца грывы, балотныя агні ззяюць пад нагамі коней.

Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляванне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе свет. Яно — наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Злітуйся з нас, Божа!»

Я адарваўся ад паперы і скалануў галавою, жадаючы пазбыцца дзікіх вобразаў. Берман чакальна глядзеў на мяне.

— Ну, што, пан, прашу прабачэння, думае пра гэта?

— Якая жахлівая, прыгожая і фантастычная легенда, — шчыра ўсклікнуў я. — Так і просіцца пад пэндзаль вялікага мастака. І што толькі можна прыдумаць!

— О, як бы гэта, прабачце, была толькі легенда… Вы ведаеце, я вальнадумны чалавек, я атэіст, як кожны чалавек, які жыве душою ў нашым высокаадукаваным веку. Але ў дзікае паляванне караля Стаха я веру. Ды і дзіўна было б не верыць. Ад яго загінулі нашчадкі Рамана і амаль вымер род Яноўскіх.

— Паслухайце, — сказаў я. — Я ўжо гаварыў гэта аднаму чалавеку, але скажу і вам. Я магу захапляцца старымі легендамі, але што мяне прымусіць верыць ім? Нашчадкі Рамана загінулі «ад палявання» дзвесце год таму. У тыя часы магілеўскі летапіс сур'ёзна сцвярджаў, што перад вайною на магілеўскіх мурах, куды і чалавек не можа ўзлезці, з'яўляліся крывавыя адбіткі далоняў.

— Так, я памятаю гэта, — адказаў кнігалюб. — Можна было б прывесці і далейшыя прыкметы, але яны… м-м-м… трошкі фрывольныя. Нашы продкі былі такія грубыя людзі.

— Ну, вось бачыце. — сказаў я з дакорам. — А вы верыце ў паляванне…

Лялечны чалавек, як мне здалося, вагаўся.

— Ну, а што б вы сказалі, шаноўны, калі б я заявіў, што бачыў яго?

— Байкі, — жорстка адсек я. — І не сорамна вам пужаць такімі словамі, такімі паведамленнямі жанчын?

— Гэта не байкі, — паружавеў Берман. — Гэта сур'ёзна. Не ўсім быць героямі, і я, шчыра кажу, баюся. Я нават не ем зараз з гаспадыняю за адным сталом, бо на такіх таксама ўпадзе гнеў караля Стаха. Ды памятаеце, у рукапісах…

— І як вы бачылі дзікае паляванне?

— Так, як і тут, у кнізе. Я быў у Дубатоўка, суседа Яноўскіх, — між іншым, нашчадка таго Дубатоўка. — І вяртаўся ад яго. Я ішоў верасавай пусткаю, якраз ля вялізнай купы каменняў. І ноч была светлаватая. Я не пачуў, як яны з'явіліся. Яны імчалі паўз мяне якраз па дрыгве. О, гэта было жудасна!

Нешта каламутнае плесканулася ў яго вачах, і мне падумалася, што ў гэтым доме, ды, напэўна, і па ўсёй раўніне, дрэннае робіцца з мазгамі людзей.

«Ці ёсць тут хоць адзін нармальны? Ці, можа, усе вар'яты?» — падумаў я.

— Галоўнае, яны імчалі амаль бязгучна. Коні, ведаеце, такой старажытнай пароды, якую зараз з агнём не знойдзеш: сапраўдныя палескія дрыкганты з падрэзанымі жыламі ля хвастоў. Грывы веюць па ветры, плашчы-велеісы…

— Велеісы апраналіся толькі на панцыр, — непачціва перабіў я. — А які панцыр можа быць на паляванні?

— Я ведаю, — проста і вельмі шчыра адказаў лялечны чалавек, паставіўшы на мяне вялікія, рахманыя, як у аленя, вочы. — Паверце, каб я хлусіў, я б мог прыдумаць нешта больш спрытнае.

— Тады прабачце, — зніякавеў я.

— Велеісы развяваюцца за спінамі людзей. Дзіды тырчаць у паветры. І мчаць, мчаць яны, як навала.

— Яшчэ раз прабачце, шаноўны пане. А скажыце, можа, на вячэры ў суседа частавалі медам?

— Я не п'ю, — з годнасцю падціснуў губы Берман-Ганцэвіч. — Я кажу вам, яны не пакідалі нават слядоў за сабою, і туман хаваў ногі коней. І твар караля. Ён быў зусім спакойны, безжыццёва-змрочны, сухі і зусім-зусім шэры, як туман.

Самае галоўнае, яны прыязджалі да палаца Яноўскіх у тую ноч. Мне расказалі, калі прыйшоў, што апоўнач загрымела кальцо на дзвярах і голас крыкнуў: «Раман у дваццатым калене, выходзь!»

— Чаму Раман?

— Таму што Надзея — апошні нашчадак Рамана, якраз дваццатае яго калена.

— Не веру, — зноў сказаў я, змагаючыся да канца, бо твар у Бермана быў сапраўды белы. — Давайце радасловец Яноўскіх.

Берман з гатоўнасцю выцягнуў нейкую кнігу і разгарнуў пергаментную ўкладку з «дрэвам годнасці». І сапраўды, дзевятнаццаць пакаленняў ішло з Рамана Старога. Ніжэй дзевятнаццатага калена, зноў Рамана, быў надпіс, зроблены дробным почыркам: «26 кастрычніка 1870 года нарадзілася дачка мая, Надзея. Апошняе, дваццатае, наша калена, адзінае маё дзіця. Жорсткі лёс, здымі з нас свой праклён, няхай загінуць толькі дзевятнаццаць пакаленняў. Злітуйся з гэтага маленькага камячка. Вазьмі мяне, калі гэта патрэбна, але няхай выжыве яна. Яна ж апошняя з роду Яноўскіх. Упаваю на цябе».

— Гэта бацька яе пісаў? — спытаў я, расчулены, і падумаў, што мне было ў год нараджэння гэтай дзяўчынкі восем год.

— Так, ён. Бачыце, ён прадчуваў. Яго лёс — доказ праўдзівасці легенды пра караля Стаха. Ён ведаў яе, яны ўсе ведалі, бо праклён вісеў над нашчадкамі гэтых нешчасліўцаў, як сякера. Той звар'яцее, таго заб'юць за грошы браты, той загіне ў час палявання. Ён ведаў і рыхтаваўся: забяспечыў дзяўчыне хоць мізэрны, але даход, знайшоў загадзя апекуноў, склаў запавет (дарэчы, я баюся гэтай восені, многія з Яноўскіх не дажывалі да паўналецця, а праз два дні будзе яе дзень нараджэння, і ўжо двойчы з'яўлялася дзікае паляванне пад мурамі палаца). Раман ніколі не выходзіў уначы з палаца. Але два гады таму Надзею Раманаўну ўзяла ў госці яе далёкая сваячка па маці, жонка шляхціца Кульшы. Дзяўчынка затрымалася ў яе дапазна. Раман быў такі чалавек, што вельмі нерваваўся, калі яе не было дома. А дом Кульшаў быў ля самай Волатавай прорвы. Ён сеў на каня і паехаў. Дзяўчынка вярнулася дадому з Рыгорам, вартаўніком Кульшы. А пана няма. Паехалі шукаць. А была восень, час, калі паляванне караля Стаха з'яўляецца асабліва часта. Мы ехалі па слядах панскага каня, я і Рыгор. Я баяўся, а Рыгор — ані кроплі. Сляды вялі спачатку па дарозе, пасля збочылі і пачалі віляць па лузе. І збоку Рыгор адшукаў другія сляды.

Ён быў добры паляўнічы, гэты Рыгор. Які жах, пане! Сляды былі ад двух дзесяткаў коней. І падковы старыя, з трызубцам, падобным на габлі. Такіх даўно не куюць у нас. І часам гэтыя сляды знікалі і з'яўляліся праз дваццаць, праз трыццаць крокаў, быццам коні ляцелі ў паветры. Пасля мы адшукалі клак ад панскай стрэльбы, я пазнаў бы яго з сотні. Рыгор прыпомніў, што, калі ён вёз дзяўчо дахаты, нехта страляў ля прорвы. Мы пагналі коней хутчэй, бо мінула гадзін пяць, ноч ужо цямнела перад світаннем. Хутка мы пачулі — недзе гігатаў конь. Мы выехалі на вялікую галявіну, якая зарасла верасам. Тут Рыгор адзначыў, што коні дзікага палявання развярнуліся ў лаву і пайшлі намётам. А конь гаспадара некалькі разоў спатыкнуўся, відаць, стомлены. — Голас Бермана раптам адзічэў і перасекся: — І ў канцы галявіны, якраз там, дзе пачыналася прорва, мы пабачылі яшчэ жывога каня, які ляжаў са зламанай нагою і крычаў так жахліва, як чалавек. Рыгор сказаў, што пан павінен быць недзе тут. Мы знайшлі яго сляды, якія ішлі ад дрыгвы. Я рушыў па іх, але яны дайшлі да каня, амаль да каня, і зніклі. Тут на вільготнай глебе былі ўмяціны, быццам чалавек упаў. І далей нічога. Галоўнае тое, што слядоў побач не было. Паляванне збочыла сажнях у дзесяці ад таго месца. Альбо Раман узнёсся на неба, альбо коні караля Стаха дамчалі да яго ў паветры і захапілі з сабою. Мы пачакалі з паўгадзіны, і, калі пачаўся сапраўдны змрок, Рыгор хлопнуў сябе па галаве і загадаў мнё надраць бяросты. Я, шляхціц, падпарадкаваўся гэтаму хлопу: ён быў тады ўладны, як магнат. Калі мы запалілі бяросту — ён схіліўся над слядамі. «Ну, што скажаш, пане?» — сказаў ён з выглядам перавагі. «Я не ведаю, нашто яму спатрэбілася ісці ад дрыгвы, не ведаю, як ён туды трапіў», — адказаў я ніякава. Тады гэты хам разрагатаўся… «Ён і не думаў ісці ад дрыгвы. Ён, васпане, ішоў у дрыгву. І ногі ў яго зусім не былі выкручаны задам наперад, як ты, магчыма, думаеш. Ён адступаў, адступаў да дрыгвы ад чагосьці жахлівага. Бачыш, вось тут ён пляснуўся аб зямлю. Конь зламаў нагу, і ён пераляцеў цераз галаву. Ён, калі хочаш ведаць, падкруціў нагу: бачыш, крок правай нагі большы і глыбокі, значыць, ён падкруціў левую нагу. Ён адступаў да дрыгвы задам. Хадзем туды, там мы пабачым, напэўна, і канец». І сапраўды, мы пабачылі і канец. Там, дзе быў рэзкі абрыў у дрыгву, Рыгор пасвяціў бяростаю і сказаў: «Бачыш, тут ён асклізнуўся». Я трымаў яго за пас, а ён палез з гэтага абрыўчыка і паклікаў мяне: «Глядзі». І тут я пабачыў галаву Рамана, якая тырчала з рудой маслянай паверхні прорвы, і скручаную руку, якой той паспеў ухапіцца за карнявішча ад нейкага спарахнелага дрэва. Мы выцягнулі яго з вялікімі цяжкасцямі, выцягнулі мёртвага: у гэтых прорвах часта б'юць падводныя крыніцы, і ён проста замёрз. Ды яшчэ, да таго ж, і сэрца не вытрымала, як казаў пасля лекар. Божа, на твары ягоным быў такі жах, які нельга перажыць і застацца жывым! Пасля дзяўчына ледзь не звар'яцела, калі пабачыла. На руцэ нейкі ўкус, каўнер падраны. А тады мы прытарочылі труп да сядла і паехалі. І вось не паспелі мы ад'ехаць і трыццаці крокаў, як пабачылі: праз прасеку плылі смутныя конныя цені. Дзіўна было тое, што зусім не грукацелі капыты. А потым заспяваў рог недзе зусім у другім баку і так прыглушана, быццам праз вату. Мы ехалі з трупам прыгнечаныя, коні нерваваліся, яны чуюць мёртвае цела. І ноч была, ох, якая ноч! І недзе спяваў рог дзікага палявання. А зараз зноў… Надыходзіць час помсты.

Ён змоўк, уткнуўшы твар у далоні, пальцы на якіх, белыя, артыстычныя, былі даўжэй за пальцы звычайнага чалавека ў два разы. Я маўчаў, і раптам мяне прарвала:

— Як вам усё ж не сорамна. Мужчыны, дарослыя, вялікія мужчыны! І не можаце абараніць. Ды няхай бы гэта быў нават сам д'ябал — біцеся, чорт вас падзяры! І чаму гэта паляванне з'яўляецца тут толькі часам? Чаму пры мне яшчэ не было?

— Нават калі яны з'яўляюцца часта, яны не прыходзяць у ночы на святыя дні, а таксама ў сераду і пятніцу.

— Гм, дзіўныя здані… А ў нядзелю? — У мяне ўсё больш варушылася на дне душы жаданне даць па гэтай фарфоравай, вялай, бязвольнай храпе, бо такія не здатныя ні на добры ўчынак, ні на крымінал — не людзі, а макрыца-трава на градзе. — А ў піліпаўку, на пятроўкі яны з'яўляюцца, калі яны такія ўжо святыя прывіды?

— На нядзелю Бог даў ім дазвол, бо, як памятаеце, Стах быў забіты таксама ў нядзелю, — цалкам сур'ёзна адказаў ён.

— Дык што ж ён тады такое, ваш Бог? — грымнуў я. — Ён што, стакнуўся з д'яблам? Ён што, мярзотнік, за кроў аднаго бярэ душу ў нявінных дзяўчат, у якіх крыві таго Рамана, можа, адна кропля!

Ён маўчаў.

— Пяцьсот дваццаць чатыры тысячы дзвесце восемдзесят восьмая частка крыві Рамана ў яе жылах, — падумаўшы, імгненна падлічыў я. — На што ён тады здатны, гэты ваш Бог?

— Не кашчуннічайце, — спуджана войкнуў ён. — За каго вы заступаецеся?

— Занадта многа чартаўшчыны нават для такога дома, — не супакойваўся я. — Малы Чалавек, Блакітная Жанчына, а тут яшчэ гэта дзікае паляванне караля Стаха. Аблога і знутры і звонку, каб ён згарэў, гэты дом!…

— Мгм, шчыра кажу вам, шаноўны пане, што я не веру ў Чалавека і Жанчыну.

— Іх бачылі ўсе. І вы таксама.

— Я не бачыў, я чуў. А прырода гукаў невядома нам. Ды і да таго я знерваваны чалавек.

— Бачыла гаспадыня.

Вочы Бермана сціпла апусціліся. Ён павагаўся і сказаў:

— Я не здатны ёй ва ўсім верыць. Яна… ну, словам, мне здаецца, яе бедная галоўка не вытрымала гэтых жахаў. Яна… м-м… своеасаблівы ў псіхічных адносінах чалавек, каб не сказаць больш.

Я таксама думаў пра гэта, таму змаўчаў.

— Але я таксама чуў гэта.

— Дзікунства. Гэта проста акустычны падман. Галюцынацыя, шаноўны пане.

Мы пасядзелі моўчкі, я адчуваў, што сам пачынаю вар'яцець ад мілых прыгод, якія тут адбываліся.

У тую ноч мне прыснілася: бязгучна скача дзікае паляванне караля Стаха. Бязгучна ржуць коні, бязгучна апускаюцца капыты, хістаюцца выразныя павады. Халодны верас пад іх нагамі; імчаць шэрыя, нахіленыя наперад цені, і балотныя агні гараць на лбах коней. А над імі, у небе, гарыць самотная, вострая, як іголка, зорка.

Калі я прачынаўся — я чуў у калідоры крокі Малога Чалавека і часам яго ціхі жаласны стогн. А пасля зноў чорная бездань цяжкага сну, і зноў скача па верасе і дрыгве імклівае, як страла, паляванне.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ

Жыхары Волатавай прорвы, відаць, не вельмі любілі ездзіць на вялікія балы. Я мяркую так таму, што не часта бывае ў такім закутку паўналецце адзінай наследніцы маярату, і ўсё ж праз два дні ў Балотныя Яліны з'ехалася ніяк не больш чатырох дзесяткаў чалавек. Запрасілі і мяне, хоць я згадзіўся з вялікай неахвотай: я не любіў правінцыяльнай шляхты і, да таго ж, амаль нічога не зрабіў за гэтыя дні. Не зрабіў амаль ніякіх новых запісаў, а галоўнае, ані на крок не рушыў наперад, каб разгадаць таямніцу гэтага чортава логава. На старым плане ХVІІ стагоддзя ніякіх слухавак не было, а крокі і стогны гучалі кожную ноч на зайздрасць рэгулярна.

Назад Дальше