Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 9 стр.


— За што вас выключылі, пан Свеціловіч?

— Ат, глупства! Пачалося з ушанавання памяці Шаўчэнкі. Студэнты, вядома, былі аднымі з першых. Нам прыгразілі, што ва ўніверсітэт увядуць паліцыю. — Ён аж пачырванеў. — Ну, мы пачалі крычаць. А я крыкнуў, што калі яны толькі пасмеюць зрабіць гэта са святымі нашымі мурамі, дык мы крывёю змыем з іх ганьбу. І першая куля будзе таму, хто дасць такі загад. Пасля мы высыпалі з будынка, пачаўся шум, і мяне схапілі. А калі ў паліцыі спыталі пра нацыянальнасць, дык я адказаў: «Пішы: украінец».

— Добра сказана.

— Я ведаю, гэта вельмі неасцярожна для тых, хто ўзяўся змагацца.

— Не, гэта добра і для іх. Адзін такі адказ варты дзесятка куль. І гэта азначае, што супраць агульнага ворага — усе. І няма ніякай розніцы паміж беларусам і ўкраінцам, калі над спіною вісіць бізун.

Мы моўчкі глядзелі на танцуючых аж датуль, пакуль рот Свеціловіча не перасмыкнула.

— Танцуюць. Чорт іх ведае што такое. Паноптыкум нейкі… дапатопныя яшчары. У профіль не твары, а звярыныя морды. Мазгоў — з напарстак, а сківіцы, як у дыназаўра, на семсот зубоў. І сукні са шлёпамі. І гэтыя страшныя твары вырадкаў… Усё ж такі няшчасны мы народ, пан Беларэцкі.

— Чаму?

— У нас ніколі не было сапраўдных уладароў думак.

— Можа, гэта і лепш, — сказаў я.

— І ўсё ж непрытульны мы народ… І гэты ганебны гандаль радзімай на працягу сямі стагоддзяў. Спачатку Літве*(Тут адлюстроўваецца міф пра «заваёву» беларускіх земляў племем літва. (Заўв. рэдактара)), пасля, ледзь народ паспеў асіміляваць яе, палякам, усім, каму не лянота, каму хочацца, забыўшы гонар, забыўшы сумленне.

На нас пачалі аглядацца танцуючыя.

— Бачыце, аглядаюцца. Калі чалавек крычыць — ім не падабаецца. Яны тут усе — адно кодла. Топчуць маленькіх, выракаюцца сумлення, прадаюць багатым дзядам дзяўчат. Вось бачыце гэтага Саву-Стахоўскага: я б каня не паставіў з ім у адной стайні, баючыся за конскую мараль. А гэта Хобалева, павятовая Месаліна. І гэты, Асановіч, звёў у магілу прыгонную дзяўчыну. Зараз у яго няма на гэта права, але ён усё адно распуснічае. Няшчасная Беларусь! Добры, памяркоўны, рамантычны народ у руках такой поскудзі. І пакуль гэты народ будзе дурнем, так будзе заўсёды. Аддае чужынцам лепшых сваіх сыноў, лепшых паэтаў, дзетак сваіх наракае чужынцамі, прарокаў сваіх, быццам вельмі багаты. А сваіх герояў аддае на прэнг, а сам сядзіць у клетцы над міскай з бульбай ды бручкай і лыпае вачыма. Дорага б я даў таму чалавеку, які скіне нарэшце з шыі народа ўсіх гэтых гнілых шляхцюкоў, тупых Homo Novus'аў, пыхатых выскачак, прадажных журналістаў і зробіць яго гаспадаром уласнага лёсу. Усю кроў аддаў бы.

Відаць, пачуцці мае абвастрыліся: я ўсё адчуваў на спіне чыйсьці позірк. Калі Свеціловіч скончыў — я павярнуўся і… стаў ашаломлены. Надзея Яноўская стаяла і слухала нас. Але гэта была не яна, гэта была мара, лясны дух, казачная здань. Яна была ў сярэдневяковай жаночай вопратцы: сукня, на якую пайшло пяцьдзесят локцяў залацістага варшанскага атласа, паверх яе другая, белая з блакітнымі, адліваючымі срэбрам, разводамі і шматлікімі разрузамі на рукавах і падоле. Стан, сціснуты ў снуроўку, быў перавіты тонкім залацістым снурам, які падаў амаль да зямлі двума кутасамі. А на плячах быў тонкі рубок з белага табіну. Валасы былі ўзяты ў сетку і ўпрыгожаны шлягавым вянком, старажытным жаночым уборам, які трохі нагадваў караблік, зроблены са срэбных ніцей. З абодвух рагоў гэтага карабліка звісаў да зямлі тонкі белы вэлюм.

Гэта была каралеўна-лебедзь, уладарка бурштынавага палаца, словам, чорт ведае што, толькі не даўняе брыдкае качанё. Я сам пабачыў, як вочы Дубатоўка вырачыліся і ніжняя сківіца адвісла: ён, відаць, і сам не чакаў такога. Віскнула скрыпка. Стала цішыня.

А яна ішла проста да мяне.

Гэта даволі нязручны ўбор, і звычайна ён псуе нязвыклую да яго жанчыну — скоўвае яе рухі, робіць цяжкай і мехаватай, але гэтая несла яго, як каралева, быццам усё жыццё толькі яго і насіла: горда адкінуўшы галаву, яна плыла паважна, жаноцкі. І лукава, і ганарліва ўсміхаліся з-пад вэлюму яе вялікія вочы, абуджаныя пачуццём уласнай прыгажосці.

Дубатоўк аж рохкнуў ад здзіўлення і пайшоў да яе, усё паскараючы крок. З незразумелым выразам болю ў вачах узяў яе твар у далоні і пацалаваў у лоб,буркнуўшы нешта накшталт «такую прыгажосць!…».

А пасля вусны яго зноў расплыліся ўсмешкаю:

— Каралева! Прыгажуня мая! Дачакаліся, святыя балеснічкі! Яноўская, Яноўская да мезенца!!! Дазволь, донечка, ножку.

І гэты вялізны мехаваты чалавек, крэкчучы, распасцёрся на падлозе і дакрануўся вуснамі да наска яе маленькіх туфлікаў. Пасля ўзняўся і зарагатаў:

— Ну, доня, трэба табе з такім капіталам сядзець ціхутка, як мыш, а то яшчэ ўкрадуць.

І раптам падміргнуў:

— А што, каб нам старыною трахнуць, як ты яшчэ дзяўчынкай са мною скакала? Падаруй старому бабру адзін танец, а там хоць і паміраць.

Белая каралева працягнула яму руку.

— Гэй, лябедзікі! — крыкнуў інвалідам Дубатоўк. — Давайце спачатку нашага «Ветрыку» кругі з два, а потым, з майго месца, — ведаеце, якое? — пераходзьце на мазура!

І сакрэтна звярнуўся да мяне:

— Усім добрыя нашы танцы, але такога агнявога, як польскі мазур, няма. «Лявоніха» — толькі яна і магла б паспрачацца, але для яе трэба некалькі пар, а гэтыя бабздыры і слінцяйчыкі хіба могуць? Тут трэба балетнымі нагамі валодаць, вось як у мяне.

І зарагатаў. А я з жахам глядзеў на яго ногі-шынкі і думаў: «Што ён зробіць з добрага танца?!»

Між тым усе адышлі ўбок, расчысцілі месца. Я чуў галасы:

— Сам… Сам будзе скакаць.

Я не пайшоў ад гэтай прафанацыі далей толькі таму, што жадаў паглядзець на забыты танец, пра які я толькі аднойчы чуў і які, як кажуць, быў вельмі распаўсюджаны год восемдзесят таму.

Вялізная туша Дубатоўка выпрасталася, ён хмыкнуў і ўзяў Яноўскую шчопанню зверху за празрыстую кісць левай рукі.

З першымі ж тактамі «Ветрыку» ён стукнуў абцасамі і пайшоў трайным крокам, то з правай, то з левай нагі. І яго туша рухалася нечакана лёгка, спачатку прыстукваючы абцасамі пасля кожных трох крокаў, а пасля проста так, на цыпках. А поруч з ім плыла яна, проста плыла ў паветры, залацістая, белая, блакітная, як райская птушка, і вэлюм яе віўся ў паветры.

Пасля яны круціліся, плылі, то збліжаючыся, то аддаляючыся, то перасякаючы адзін аднаму шлях. Не, гэта не была прафанацыя, як не з'яўляецца прафанацыяй танец старога нацяжэлага танцора, які быў калісьці вялікім майстрам. Гэта быў сапраўды «Ветрык», які паступова пераходзіў у буру, і вось ужо толькі круціўся ў паветры вэлюм, мільгацелі ногі… І раптам музыкі раўнулі мазура. Гэта быў не цалкам мазур, гэта была нейкая спрадвечная мясцовая варыяцыя на яго тэму, якая ўключала ў сябе элементы таго самага «Ветрыку».

І тут туша памчалася наперад, загрукала абцасамі, па-кацячы мякка пачала заносіцца ў паветра, стукаючы ў ім нагой аб нагу. А поруч плыла яна, лёгкая, усмешлівая, вялікасная.

Гэта было сапраўднае дзіва, нябачаны цуд: два чалавекі ў старажытных вопратках стваралі перад намі гэтую казку.

Зрабіўшы круг, Дубатоўк падвёў Яноўскую да мяне. Ён быў чырвоны як рак.

— Замарыла яна мяне… «Вы, дзядзечка, як малады». Ма-ала-ды, ма-ла-ды! Не, няма чаго казаць, з'ездзіўся конь. Пашлюць мяне хутка да Абрама па піва. Вам, маладыя, жыць, вам песні спяваць, скокі скакаць. Скачы, хлопча.

Зноў пачаліся танцы. Свеціловіч танцаваць не любіў. Варона дзьмуўся і таксама не падыходзіў, і мне давялося танцаваць з ёю да самай вячэры. І як яна танцавала! Я мімаволі заглядзеўся на гэты дзіцячы твар, які раптам стаў такім жвавым і прыемна хітраватым. Мы танцавалі, і нам усё было мала, мы мчаліся па зале, плылі ў паветры, сцены круціліся вакол, і на іх нельга было нічога заўважыць. Напэўна, і яна адчувала тое самае, што я, а маё пачуццё можна параўнаць толькі з тымі снамі, якія часам бываюць у юнацтве: табе сніцца, што ты танцуеш, і нязначае шчасце ахапляе сэрца. Бачыў я толькі яе ружовы закінуты твар, галаву, якая злёгку пахіствалася ў такт музыцы.

Пайшлі вячэраць. Калі я вёў яе ў сталовую, мне здалося, што я чую ў кутку залы нейкае шыпенне. Я глянуў туды, у змрок, пабачыў нечыя вочы — там сядзелі старыя панны — і пайшоў далей. І выразна пачуў, адышоўшы, як сухі голас сказаў:

— Весяліцца, як перад пагібеллю. Награшылі, прагнявілі Бога і яшчэ весяляцца. Кляты род… Нічога, хутка прыйдзе дзікае паляванне… Ач, бессаромніца, цэлы вечар з гэтым чужынцам, з бязбожнікам. Сябра сабе знайшла… Нічога, пабажуся, што і на яе кароль Стах паўстане. Пачынаюцца цёмныя ночы.

Гэтыя халодныя словы напоўнілі мяне трывогай. Сапраўды, я паеду і, магчыма, пазбаўлю гэту дзяўчыну магчымасці выйсці замуж. Нашто я з ёю цэлы вечар? Што я раблю? Я ж зусім, зусім не кахаю яе і ніколі не буду кахаць, бо ведаю сваё сэрца. І я цвёрда вырашыў не танцаваць больш з ёю і не сядзець поруч за сталом. І наогул, трэба ехаць. Хопіць гэтай панска-шляхецкай ідыліі, хутчэй да простых людзей, да працы. Я пасадзіў яе і стаў поруч, цвёрда намерваючыся спаймаць Свеціловіча і пасадзіць з ёю. Але ўсе мае намеры расплыліся дымам. Свеціловіч як увайшоў, так і сеў у канцы стала. А Дубатоўк шчыльна сеў справа ад гаспадыні і буркнуў:

— Што стаіш? Сядай, браце.

І калі я сеў, дадаў:

— Добры з цябе шляхціц бы атрымаўся год сто таму. Рукі моцныя, вочы сталёвыя. І сабою гожы. Толькі цікава мне ведаць, ці сур'ёзны ты чалавек? Ці не шалыган ты часам?

І я быў вымушаны сядзець поруч з гаспадыняй: служыць ёй, дакранацца рукою да яе рукі, часам датыкацца каленам да яе калена. І добра мне было, і ў той жа час злосць разбірала на Дубатоўка. Сядзіць хмуры, як цмок, глядзіць на мяне дапытліва. На мужа сваёй падапечнай прымервае, ці што?

Хутка ўсе развесяліліся. Было шмат з'едзена і яшчэ больш выпіта. Твары пачырванелі, досціпы сыпаліся градам. А Дубатоўк піў і еў больш за ўсіх, адпускаючы жарты, ад якіх усе за жываты браліся.

І злосць мая паступова прайшла. Я нават быў удзячны Дубатоўку, што ён затрымаў мяне тут.

А пасля зноў былі танцы, і толькі гадзін у пяць ночы госці пачалі раз'язджацца. Дубатоўк ад'язджаў адным з апошніх. Праходзячы міма нас,ён падышоў бліжэй і хрыпата сказаў:

— Вось што, хлопча. Запрашаю цябе да мяне праз дзень на халастую гулянку. А як ты, донька, можа, і ты паедзеш да нас, з пасербіцай пасядзіш?

— Не, дзядзечка, дзякую. Я застануся дома.

Волат уздыхнуў:

— Губіш ты сябе, доня. Ну, добра. А цябе чакаю. Глядзі. У мяне хата без гэтых заморскіх жартаў, табе гэта цікава.

Мы развіталіся з ім, шчыра развітаўся я з Свеціловічам.

Дом пусцеў, заціхалі крокі, ён зноў ставаў глухім і нямым, магчыма, яшчэ на васемнаццаць год. Слугі хадзілі і гасілі свечкі. Яна знікла, і, калі я ўвайшоў у залу, я пабачыў яе ў яе казачным уборы ля палаючага каміна. Зноў цемра агарнула куты залы, у якой яшчэ, здавалася, жылі гукі музыкі і смех. Дом пачаў жыць звычайным жыццём — цёмным, глухім і змрочным.

Я падышоў бліжэй і раптам пабачыў яе бледны твар, на якім згаслі апошнія сляды радасці. Вецер завыў у коміне.

— Пан Беларэцкі, — сказала яна. — Як глуха. Я адвыкла ад гэтага. Пройдземся з вамі яшчэ адзін вальс, перш чым назаўсёды…

Голас яе перасекся. Я паклаў руку на яе стан, і мы, падпарадкоўваючыся ўнутранай музыцы, якая яшчэ гучала ў нашых вушах, паплылі па зале. Шоргат нашых ног глуха аддаваўся над столлю. Мне было чамусьці нават страшна, нібы я прысутнічаў на пахаванні, а яна зноў перажывала ўвесь вечар. Стан яе, тонкі і гнуткі, трошкі хістаўся пад маёй рукою, веяў яе вэлюм, жарам успыхвала сукня, калі мы траплялі ў водбліск каміннага полымя, рабілася блакітнай, калі мы траплялі ў цемру. Гэты старажытны ўбор, гэты вэлюм, які кранаўся часам майго твару, гэты стан пад маёй рукою і задуменныя апушчаныя вочы, напэўна, ніколі не будуць забыты мной.

І раптам яна прыткнулася лбом на імгненне да майго пляча.

— Усё. Не магу больш. Даволі. Гэта ўсё. Дзякуй вам… за ўсё.

Я паглядзеў на яе і пабачыў вочы, якія блішчалі ад нявыплаканых слёз.

Гэта было сапраўды ўсё. Яна пайшла ў свой пакой, а я ўсё глядзеў на маленькую фігурку ў старажытным убранні, якая ішла па зале, губляючыся ў цемры пад позіркамі продкаў са сцяны.

Я забыўся ў гэту ноч пагасіць свечку на століку ля акна і ляжаў у шырокім, як луг, ложку, ужо засынаючы, калі маю дрымоту перарвалі зноў крокі ў калідоры. Ведаючы, што зноў нікога не заўважу, калі выгляну, я ляжаў спакойна. Хутка крокі зніклі. Я пачаў быў зноў драмаць, калі раптам страпянуўся.

Праз шыбу глядзеў на мяне чалавечы твар.

Чалавек быў сапраўды вельмі маленькі (я бачыў яго амаль па пояс), у каптане з шырокім каўняром. Гэта быў чалавек і ўсё ж нечалавечая істота. Яе галоўка была сціснута з бакоў і ненатуральна выцягнута ў даўжыню, рэдкія доўгія валасы звісалі з яе. Але самым дзіўным быў твар Малога Чалавека. Ён быў амаль такі зялёны, як вопратка, рот вялікі і без вуснаў, нос маленькі, а ніжнія павекі былі непамерна вялікія, як у жабы. Я параўнаў яго з малпай, але хутчэй гэта быў твар сапраўднай жабы. І вочы, шырокія, цёмныя, глядзелі на мяне з тупой злосцю і яшчэ чымсьці незразумелым. Пасля з'явілася ненатуральна доўгая зеленаватая рука. Істота глуха застагнала, і гэта абудзіла мяне ад здранцвення. Я кінуўся да акна і заўважыў, што Малога Чалавека няма. Ён знік.

Я з трэскам адчыніў акно — халоднае паветра лінула ў пакой. Высунуўшы галаву, я глядзеў на ўсе бакі — нікога. Ён як выпарыўся. Скокнуць уніз ён не мог, у гэтым месцы пад двума паверхамі быў яшчэ трэці (дом стаяў часткова на схіле), вокны справа і злева былі зачынены, ды і карніз быў такі вузкі, што па ім не прабегла б і мыш. Я зачыніў акно і задумаўся, упершыню ўзяўшы пад сумненне свае разумовыя здольнасці.

Што гэта было? Я не верыў ні ў Бога, ні ў здані, але жывым чалавекам гэтая істота быць не магла. Ды і скуль яна магла з'явіцца, куды магла знікнуць? Дзе магла існаваць? Нешта нядобрае і таемнае было ў гэтым доме. Што гэта такое? Няўжо сапраўды здань? Ўсё маё выхаванне паўстала супраць гэтага. А можа, я п'яны? Не, я амаль не піў. Ды і скуль з'явіліся б зноў тыя крокі, што зараз гучаць у калідоры? Ці гучалі яны тады, калі я бачыў твар гэтай пачвары ў акне.

Цікаўнасць мая дайшла да мяжы немагчымага. Не, я не паеду адсюль заўтра, як думаў, я павінен разгадаць усё гэта. Жанчына, якая падаравала мне сёння яшчэ адзін добры ўспамін, вар'яцее тут ад жаху, тут робіцца нешта несумяшчальнае з законамі натуры, а я паеду? Але хто дапаможа мне? Хто? Хто дапаможа мне ў пошуках? І прыпомніліся мне словы Свеціловіча: «Прыпаўзу да яе ног і памру». Так, з ім я і павінен сустрэцца. Мы спаймаем гэтую поскудзь, а калі не — я паверу ў існаванне зялёных зданяў і анелаў божых.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

Праз дзень я падыходзіў да дома Дубатоўка. Я не жадаў ісці, але гаспадыня сказала: «Ідзіце, я загадваю. Мне не будзе тут страшна».

І я пайшоў. Пайсці мне давялося зусім у другі бок ад дома, па паўднёвы ўсход. Зарослая травою алея, паабапал якой стаяў змрочны, як лес, парк, давяла мяне да агароджы. У адным месцы тут не было прэнта (гэта была таямніца Надзеі Яноўскай, якую яна мне выкрыла), і можна было пралезці. Гэта было добра, бо мне не давялося, такім чынам, ісці на поўнач, па той алеі, па якой я прыехаў, абмінаць увесь парк і толькі тады ісці да дома Дубатоўка. А так я пралез праз агароджу і выбраўся па роўнае месца. Злева і наўпрост ад мяне былі бязмежныя верасовыя пусткі з рэдкімі купамі дрэў, справа нейкія зарасці, за імі поўная, як вока, рэчка, потым балотны скарлючаны лес, а пасля, відаць, сапраўдная і безнадзейная дрыгва. Недзе вельмі далёка віднеліся за верасовымі пусткамі верхавіны дрэў, відаць, абсада дома Дубатоўка.

Я павольна ішоў пусткаю, толькі часам трапляючы на штосьці падобнае да сцежкі. І хоць асенняе поле было змрочным і непрытульным, хоць двойчы над маёй галавою пралятаў вялізны крук — мне было тут лёгка пасля Балотных Ялін. Тут было ўсё звычайным: імхі на купінах балотцаў, сухі верас паміж імі, мышка-малютка, якая цягнула з высокага бадзяку белы пух, відаць, у сваё гняздо, гатуючыся на зіму.

Назад Дальше