Дзікае паляванне караля Стаха - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 8 стр.


— Дваранін.

— Ну, вось бачыш, пан шляхціц. Калі табе трэба будзе з ім паразмаўляць — вы знойдзеце агульную мову. Гэта шляхціц, і добры шляхціц, хоць бы і продкам у сябры — не раўня сучасным смаркачам. Прасі прабачэння ў гаспадыні. Чуеш?

Варону як падмянілі. Ён прамармытаў нейкія словы і адышоў з Дубатоўкам убок. Я застаўся з гаспадыняй.

— Божа мой, пане Андрэй, я так спалохалася за вас. Не варта вам, такому добраму чалавеку, заводзіцца з ім.

Я ўзвёў вочы. Дубатоўк стаяў убаку і з цікавасцю пераводзіў позірк з мяне на пані Яноўскую.

— Надзея Раманаўна, — з нечаканай цеплынёю сказаў я. — Я вельмі вам удзячны, вы вельмі добры і шчыры чалавек, і вашу турботу за мяне, вашу прыязь я запамятаю надоўга. Што зробіш, мая гордасць — маё адзінае, я не даю нікому наступіць сабе на нагу.

— Вось бачыце, — апусціла яна вочы. — Вы зусім не такі. Многія з гэтых радавітых людзей паступіліся б. Відаць, сапраўдны шляхціц тут — вы, а яны толькі прыкідваюцца… Але запамятайце, я вельмі баюся за вас. Гэта небяспечны чалавек, чалавек з жахлівай рэпутацыяй.

— Ведаю, — жартаўліва адказаў я. — Гэта тутэйшы «зубр», помесь Наздрова…

— Не жартуйце. Гэта вядомы ў нас скандаліст і брэцёр. На яго сумленні сем забітых на дуэлі… І, магчыма, гэта горш для вас, што я стаю поруч з вамі. Разумееце?

Мне зусім не падабаўся гэты маленькі гномік жаночага полу з вялікімі сумнымі вачыма, я не цікавіўся, якія адносіны існавалі паміж ім і Варонай, быў Варона ўздыхальнікам або адрынутым паклоннікам, але за дабро плацяць уважлівасцю. Яна была такая мілая ў сваёй турбоце за мяне, што я (баюся, што вочы ў мяне былі сапраўды больш мяккімі, ніж трэба) узяў яе ручку і паднёс да вуснаў.

— Дзякую, пані гаспадыня.

Яна не ўзяла рукі, і яе празрыстыя нежывыя пальчыкі ледзь устрапянуліся пад маімі вуснамі. Словам, усё гэта надта нагадвала сентыментальны і трохі бульварны раман з жыцця вялікага свету.

Аркестра інвалідаў зайграла вальс «Міньён», і адразу ілюзія «вялікага свету» знікла. Аркестры адпавядалі ўборы, уборам адпавядалі танцы. Цымбалы, дуда, нешта падобнае да тамбурына, стары гудок і чатыры скрыпкі. Сярод скрыпачоў быў адзін цыган і адзін яўрэй, скрыпка якога ўвесь час намагалася замест вядомых мелодый іграць надта сумнае, а калі збівалася на весялосць, то ўсё выйгравала нешта падобнае на «Сямёра на скрыпцы». І танцы, якія даўно выйшлі з моды паўсюль: «Шаконь», «Па-дэ-дэ», нават «Лябедзік» — гэта манерная беларуская пародыя на менуэт. Добра яшчэ, што я ўсё гэта ўмеў танцаваць, бо любіў народныя і старадаўнія танцы.

— Дазвольце запрасіць вас, пані Надзея, на вальс.

Яна павагалася трохі, нясмела прыўзняла на мяне пушыстыя вейкі.

— Калісьці мяне вучылі. Напэўна, я забылася. Але…

І яна паклала руку, паклала неяк няўпэўнена, няёмка, ніжэй майго пляча. Я спачатку думаў, што мы будзем пасмешышчам для ўсяе залы, але хутка супакоіўся. Я ніколі не бачыў большай лёгкасці ў танцах, ніж у гэтай дзяўчыны. Яна не танцавала, яна лётала ў паветры, і я амаль нёс яе над падлогай. І лёгка было, бо ў ёй, як мне здавалася, не было больш за 125 фунтаў. Прыблізна на сярэдзіне танца я заўважыў, як твар яе, да таго засяроджаны і няпэўны, стаў раптам простым і вельмі мілым. Вочы заіскрыліся, ніжняя губка трошкі выдалася наперад.

Пасля танцавалі яшчэ. Яна дзіўна пажвавела, паружавела і такое ззянне маладосці, ап'янення, радасці з'явілася на яе твары, што мне стала цёпла на сэрцы.

«Вось я, — як быццам казала яе душа праз вочы, вялікія, чорныя і бліскучыя, — вось яна я. Вы думалі, што мяне няма, а я тут, а я тут. Хоць у адзін гэты кароткі вечар я паказалася вам, і вы здзівіліся. Вы лічылі мяне нежывой, бледнай, бяскроўнай, як парастак вяргіні ў падполлі, але вы вынеслі мяне на свет, я так вам усім удзячна, вы такія добрыя. Бачыце, і жывая зелень з'явілася ў маей сцябліне, і хутка, калі будзе прыпякаць сонейка, я пакажу ўсяму свету цудоўную ружовую кветку сваю. Толькі не трэба, не трэба мяне адносіць зноў у падпол».

Незвычайны быў выраз радасці і адчування паўнацэннасці ў яе вачах. Я таксама захапіўся ім, і вочы мае, напэўна, таксама заблішчалі. Толькі краем вока бачыў я навакольнае.

І раптам вавёрка зноў схавалася ў дупло, радасць знікла з яе вачэй, і той самы жах пасяліўся за веямі: Варона даваў указанні двум лёкаям, якія вешалі над камінам партрэт Рамана Старога.

Музыка змоўкла. Да нас набліжаўся Дубатоўк, чырвоны і вясёлы.

— Надзеечка, прыгажунька ты мая. Дазвольце старому хрэну лапэтку.

Ён цяжка ўпаў на калена і, смеючыся, пацалаваў яе руку.

А яшчэ праз хвіліну казаў зусім іншым тонам:

— Правіла яноўскага наваколля такое, што трэба агаласіць апякунскую справаздачу адразу, як толькі апякаемай споўніцца васемнаццаць год, гадзіна ў гадзіну.

Ён выцягнуў з кішэні вялізную срэбную з сіняй эмаллю цыбуліну гадзінніка і, зрабіўшыся афіцыйным і падцягнутым, агаласіў:

— Сем гадзін. Мы ідзём агалошваць справаздачу. Пайду я, а за другога апекуна, пана Калатэчу-Казлоўскага, які жыве ў губерні і па хваробе не мог прыехаць, пойдуць па даверу пан Сава-Стахоўскі і пан Алесь Варона. Патрэбен яшчэ нехта са старонніх. Ну… (вочы яго дапытліва затрымаліся на маёй асобе), ну, хоць вы. Вы яшчэ чалавек малады, жыць будзеце доўга і зможаце потым засведчыць, што ўсё тут рабілася шчыра, па старых звычаях і сумленню чалавечаму. Пані Яноўская — з намі.

Наша нарада адбывалася нядоўга. Спачатку прачыталі вопіс маёмасці, рухомай і нерухомай, якая засталася па тэстаменту ад бацькі. Выявілася, што гэта галоўным чынам палац з абсталяваннем і парк, маярат, з якога ніводная рэч не павінна знікнуць і які павінен «у велькшай славе падтрымліваць гонар роду».

«Добры гонар, — падумаў я. — Гонар здохнуць з голаду ў багатым доме».

Дубатоўк давёў, што нерухомая маёмасць збераглася непарушна.

Пасля выявілася, што па субстытуцыі старэйшай і адзінай наследніцай з'яўляецца пані Надзея Яноўская.

Перайшлі да прыбыткаў. Дубатоўк паведаміў, што невялічкі капітал, змешчаны Раманам Яноўскім у дзвюх банкірскіх канторах пад восем працэнтаў без права чапаць асноўны капітал, дае зараз ад ста пяцідзесяці да ста сямідзесяці рублёў штомесячна. Гэты прыбытак нават павялічыўся дбаннем апекуна, мала гэтага, атрымалася прыбаўка да асноўнага капіталу ў дзвесце восемдзесят пяць рублёў, якія, пры жаданні, могуць пайсці на пасаг спадчынніцы.

Усе пакруцілі галовамі. Прыбыткі былі мізэрнымі, асабліва пры неабходнасці падтрымліваць парадак.

— А як плаціць слугам? — спытаў я.

— Ім выдзелена ў тэстаменце частка спадчыны, бо яны — неад'емная частка маярату.

— Я прасіў бы пана Дубатоўка растлумачыць мне, як справа з заарандаванай зямлёю пры маёнтку Балотныя Яліны? — спытаў Сава-Стахоўскі, маленькі хударлявы чалавечак з такімі вострымі каленямі, што яны, здавалася, вось-вось прарэжуць яго светлыя штонікі. Ён, відаць заўжды трохі пікіраваўся з Дубатоўкам і даў яму зараз нейкае з'едлівае пытанне. Але той не зніякавеў. Ён выцягнуў вялікія срэбныя акуляры, хустку, якую расклаў на каленях, пасля ключ і толькі пасля гэтага клапцік паперы. Акуляры ён, аднак, не надзеў і пачаў чытаць:

— «У прадзеда пані Яноўскай было дзесяць тысяч дзесяцін добрай ворнай зямлі, не лічачы лесу». У пані Яноўскай, як гэта вам, напэўна, вядома, шаноўны пан Стахоўскі, 50 дзесяцін ворнай зямлі, значна спустошанай. У яе таксама ёсць парк, які не дае ні шэлега, і пушча, якая практычна таксама маярат, бо гэта запаветны лес. Скажам прама, мы маглі б паступіцца гэтым правілам, але, па-першае, доступ у гэту пушчу для дрывасекаў немагчымы па прычыне навакольнай дрыгвы. А па-другое, ці разумна гэта? У Яноўскай могуць быць дзеці. Што рабіць ім на 50 дзесяцінах беднай зямлі? Тады род зусім занепадзе. Вядома, пані зараз дарослая, яна сама можа…

— Я згодна з вамі, дзядзька, — саромеючыся да слёз, сказала Надзея Раманаўна. — Няхай пушча стаіць. Я рада, што да яе толькі сцежкі, і то ў сухмень. Шкода зводзіць такі лес. Пушчы — гэта божыя сады.

— Дык вось, — казаў далей апякун, — акрамя гэтага, пані належыць амаль усё яноўскае наваколле, але гэта дрыгва, тарфяныя балоты і пустэчы, на якіх не расце нічога, акрамя верасу. На гэтай зямлі не жывуць колькі сягае ў гады памяць чалавечая. Значыцца, возьмем толькі 50 дзесяцін, якія здаюцца ў арэнду за другі сноп. Зямля няўгноеная, вырошчваюць на ёй толькі жыта, і гэта дае трыццаць, сама больш сорак пудоў з дзеснціны. Кошт жыта — 50 капеек пуд, значыцца — дзесяціна дае даход у дзесяць рублёў на год, і, значыцца, з усёй зямлі 500 рублёў у год. Вось і ўсё. Гэтыя грошы не затрымліваюцца, можаце мяне праверыць, пан Стахоўскі.

Я пахітаў галавою. Гаспадыня вялікага маёнтка атрымлівала трохі больш двухсот рублёў прыбытку ў месяц. А сярэдні чыноўнік атрымліваў 125 рублёў. У Яноўскай было дзе жыць і было што есці, але гэта была непрыхаваная галеча, галеча без прасвятлення. Я, галяк, вучоны і журналіст, аўтар чатырох кніг, меў рублёў чатырыста ў месяц. І мне не трэба было рамантаваць гэтую прорву — палац, рабіць падарункі слугам, трымаць у адносным парадку парк. Я быў поруч з ёю Крэз.

Мне было шкада яе, гэтага дзіцёнка, на плечы якога ўпаў такі непасільны цяжар.

— Вы вельмі небагаты чалавек, — сумна сказаў Дубатоўк. — На руках у вас, уласна кажучы, застаюцца пасля ўсіх выдаткаў капейкі.

І ён кінуў позірк у мой бок, вельмі выразны і шматзначны позірк, але мой твар не выразіў нічога. Ды і сапраўды, якое гэта мела дачыненне да мяне?

Дакументы перадалі новай гаспадыні. Дубатоўк абяцаў даць загады Берману, пасля пацалаваў Яноўскую ў лоб і выйшаў. Мы ўсе таксама выйшлі ў залу, дзе публіка паспела ўжо замарыцца ад танцаў.

Дубатоўк адразу зноў выклікаў выбух запалу, уздыму і весялосці. Я не ўмеў скакаць нейкага мясцовага танца, і таму Яноўскую адразу памчаў Варона. Пасля яна кудысьці знікла. Я глядзеў на танцы, калі раптам адчуў нечы позірк. Непадалёк ад мяне стаяў танклявы, але, відаць, моцны малады чалавек, белавалосы, з вельмі прыемным і шчырым тварам, апрануты сціпла, але з падкрэсленай акуратнасцю.

Я не бачыў, адкуль ён з'явіўся, але ён адразу спадабаўся мне, спадабалася нават мяккая аскетычнасць у прыгожым вялікім роце і разумных карых вачах. Я ўсміхнуўся яму, і ён, як быццам толькі і чакаў гэтага, падышоў да мяне вялікімі і плаўнымі крокамі, працягнуў мне руку:

— Прабачце, я без цырымоній, Андрэй Свеціловіч. Даўно жадаў пазнаёміцца з вамі. Я студэнт… былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта. Зараз мяне выключылі… за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Я таксама адрэкамендаваўся. Ён усміхнуўся шырокай белазубай усмешкаю, такой яснай і добрай, што твар адразу зрабіўся гожым:

— Я ведаю, я чытаў вашы зборнікі. Не палічыце за камплімент, я, наогул, не аматар гэтага, але вы мне сталі пасля іх вельмі сімпатычным. Вы займаецеся такой карыснай і патрэбнай справай і добра разумееце свае задачы. Я мяркую па вашых прадмовах.

Мы разгаварыліся і разам адышлі да акна ў дальнім кутку залы. Я спытаў, як ён трапіў да Балотных Ялін. Ён засмяяўся:

— Я далёкі сваяк Надзеі Раманаўны. Вельмі далёкі. Уласна кажучы, ад усяго кораня Яноўскіх зараз засталіся на зямлі толькі яна ды я, па жаночай лініі. Здаецца, такая-сякая кропля крыві гэтых былых дэйноўскіх князькоў цячэ яшчэ і ў жылах Гарабурды, але яго сваяцтва, як і сваяцтва Грыцкевічавых, не даказаў бы ніводны знаўца геральдыкі… Гэта проста радавое паданне. А сапраўдная Яноўская толькі адна яна.

Твар яго памякчэў, стаў задумлівым.

— І наогул, усё гэта глупства. Усе гэтыя геральдычныя казусы, князькі, магнацкія маяраты. Каб была мая воля, я б выпусціў з жылаў магнацкую сваю кроў. Гэта толькі прычына для вялікіх пакут сумлення. Мне здаецца, гэта і ў Надзеі Раманаўны так.

— А мне сказалі, што Надзея Раманаўна адзіная з Яноўскіх.

— Вядома, так. Я вельмі далёкі сваяк, і да таго ж мяне лічылі памёршым. Я не наведваўся ў Балотныя Яліны пяць год, а зараз мне дваццаць тры. Бацька адаслаў мяне адсюль, бо я ў васемнаццаць год паміраў ад кахання да трынаццацігадовай дзяўчыны. Уласна кажучы, гэта нічога, варта было пачакаць два гады, але бацька верыў у старажытную сілу праклёну.

— Ну і як, дапамагла вам высылка? — спытаў я.

— Ані на шэлег. Мала таго, дзвюх сустрэч было дастаткова, каб я адчуў, што старое абажанне перарасло ў каханне.

— І як глядзіць на гэта Надзея Раманаўна?

Ён пачырванеў так, што ў яго нават слёзы навярнуліся на вочы.

— О!… Вы здагадаліся! Я вельмі прашу вас маўчаць пра гэта! Справа ў тым, што я не ведаю яшчэ. Ды гэта не так важліва, паверце… паверце мне. Мне гэта не важліва. Мне проста добра з ёю, і нават калі яна будзе раўнадушнай да мяне, мне, паверце, будзе таксама шчасна і хораша жыць на зямлі: яна ж будзе існаваць на ёй таксама. Яна незвычайны чалавек. Вакол яе такое бруднае свінства, непрыхаванае рабства, а яна такая чыстая і добрая.

Я ўсміхнуўся ад раптоўнага замілавання да гэтага хлапчука з добрым і ясным тварам, а ён, відаць, палічыў усмешку за кпін.

— Ну вось, вы ўсміхаецеся таксама, як нябожчык бацька, як дзядзька Дубатоўк. Сорамна вам…

— Я і не думаю смяяцца, пан Андрэй. Мне проста добра чуць ад вас такія словы. Вы чысты і харошы чалавек. Толькі не трэба вам камусьці яшчэ казаць пра гэта. Вось вы тут вымавілі імя Дубатоўка.

— Дзякуй вам за добрае слова. Але няўжо вы думалі, што я камусьці казаў пра гэта, што я такі нягоднік? Вы ж здагадаліся. І дзядзька Дубатоўк таксама чамусьці здагадаўся.

— Добра, што здагадаўся Дубатоўк, а не Алесь Варона, — сказаў я. — Іначай справа скончылася б дрэнна для кагосьці з вас. Дубатоўк — гэта нічога. Ён апякун, яму цікава, каб Надзея Раманаўна знайшла добрага мужа. І ён, мне здаецца, добры чалавек, нікому не скажа, як і я. Але вам трэба наогул маўчаць пра гэта.

— Гэта праўда, — вінавата сказаў ён. — Я і не падумаў, што нават маленькі намёк шкодны для гаспадыні. І праўда ваша, які добры, шчыры чалавек Дубатоўк! Сапраўдны стары пан-рубака, просты і патрыярхальны! І такі шчыры, такі вясёлы! І так ён любіць людзей і нікому пе перашкаджае жыць! А мова ягоная?! Я як пачуў, дык мяне быццам па сэрцы цёплай рукой нехта гладзіць. Ах, які добры, добры чалавек!

Нават вочы яго ўвільготніліся, так ён любіў Дубатоўка. І я таксама быў шмат у чым з ім згодзен.

— Вы ведаеце зараз, пан Беларэцкі, а больш не будзе ведаць ніхто. Я разумею, я не буду кампраметаваць яе. І наогул я буду маўчаць. Вось вы танцуеце з ёй, а мне радасна. Размаўляе яна з іншым — мне радасна. Хай толькі ёй будзе шчасце. Але я вам шчыра кажу. — Голас яго ўзмацнеў, а твар стаў як у юнака Давіда, які выходзіць на бой з Галіяфам. — Калі я буду за трыдзевяць краін і сэрцам пачую, што яе нехта збіраецца крыўдзіць, я прылячу адтуль і, хоць бы гэта быў сам Бог, разаб'ю яму галаву, кусаць буду, біцца да апошняга, каб пасля толькі прыпаўзці да яе ног і здохнуць там. Паверце мне. Здалёк — і заўжды з ёю.

Гледзячы на яго твар, я разумеў, чаму баяцца ўладу маючыя такіх вось стройных, чыстых і сумленных юнакоў. У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе. У жыцці яны нявопытныя, даверлівыя дзеці да сівых валос, у служэнні праўдзе — горкія, іранічныя, адданыя да канца, мудрыя і нязломныя. А дрэнь баіцца такіх нават тады, калі яны яшчэ не пачыналі дзейнічаць, і, кіруючыся інстынктам, уласцівым погані, цкуе іх заўсёды. Дрэнь ведае, што яны — самая найвялікшая небяспека для яе існавання.

Я зразумеў, што дай такому ў рукі пісталет, і ён, усё з той самай шчырай белазубай усмешкаю, падыдзе да тырана, усадзіць у яго кулю і пасля спакойна скажа смерці: «Хадзі сюды». І ён вытрымае найбольшыя пакуты спакойна і, калі не памрэ ў турме ад прагі волі, спакойна пойдзе на эшафот.

І такі невыказны давер выклікаў у мяне гэты чалавек, што рукі нашы сустрэліся, і я ўсміхнуўся яму, як другу.

Назад Дальше