Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) - Жорж Сименон 2 стр.


Ён змоўк, запытальна гледзячы на Мэгрэ.

- Мэгрэ.

- Месье Мэгрэ, сакратар нашага сябра Лё Брэ, прыйшоў сюды, каб запытаць у мяне... Дарэчы, а што вас, на самой справе, цiкавiць?

- Хто жыве ў пакоi над вамi - другое акно злева?

Мэгрэ здалося, што бацька занепакоiўся i што занепакоенасць гэта выклiкана нейкiмi незвычайнымi абставiнамi. Як толькi стары зайшоў у пакой, ён кiнуў на сына погляд, поўны страху i пакоры. Ён не адважваўся раскрыць рот. Здавалася, што чакае на гэта дазволу Рышара.

- Мая сястра, - адказаў, нарэшце, Рышар. - Гэта ўсё?

- Яна зараз дома?

Мэгрэ звярнуўся не да сына, а да бацькi. Аднак i на гэты раз адказаў сын.

- Не. Яна ў Ансевалi.

- Выбачайце. Не зразумеў.

- У нашым замку, замку Ансеваль каля Пуiйiсюр-Луар, у дэпартаменце Ньеўр.

- Значыць, пакой яе пусты?

- Маю ўсе падставы меркаваць.

I дадаў iранiчна:

- Здаецца, вы гарыце жаданнем пераканацца ў гэтым? Я правяду вас. А заўтра змагу павiншаваць нашага сябра Лё Брэ з надзвычайнай стараннасцю яго падначаленых. Прашу за мной.

На здзiўленне Мэгрэ, бацька таксама нерашуча паплёўся за iмi.

- Вось той пакой, пра якi вы пытаецеся. На шчасце, ён не замкнёны.

Ён шчоўкнуў выключальнiкам. Спальня была абстаўлена светлай палiраванай мэбляй, сцены ўбраны блакiтным шоўкам. Бакавыя дзверы вялi ў будуар, дзе панаваў iдэальны парадак, кожная рэч, здавалася, была на сваiм месцы.

- Толькi ўважлiва перагледзьце ўсё, малю вас! Сястра прыйдзе ў захапленне, калi даведаецца, што палiцыя поркалася ў яе рэчах.

Не даючы збiць сябе з панталыку, Мэгрэ падышоў да акна. Цяжкiя шаўковыя шторы былi трошкi цямнейшага блакiту, чым драпiроўка. Ён расхiнуў iх, убачыў цюлевую фiранку, прызначаную змякчаць дзённае святло, i заўважыў, што адзiн край фiранкi прышчэмлены аконнай рамай.

- Нiхто не заходзiў сюды вечарам? - спытаў ён.

- Хiба што хто-небудзь з пакаёвак.

- Iх шмат у вас?

- А як вы думалi? - з сарказмам перапытаў Рышар. - Дзве, Жэрмена i Мары. Ёсць яшчэ жонка Луi, яна ў нас за кухарку. I кастэлянка, але яна замужам, ранiцай прыходзiць, а вечарам iдзе дадому.

Фелiсьен Жандро-бацька моўчкi глядзеў то на аднаго, то на другога.

- У чым справа? - нарэшце, адкашляўшыся, спытаў ён.

- Далiбог, не ведаю. Спытайцеся ў месье Мэгрэ.

- Адзiн чалавек, якi праходзiў мiма вашага дома прыблiзна паўтары гадзiны таму, пачуў, як раптоўна расчынiлася акно ў гэтым пакоi. Ён падняў галаву i заўважыў перапалоханую жанчыну, якая клiкала на дапамогу.

Мэгрэ заўважыў, як рука бацькi з усёй сiлы сцiснула залатую булдавешку трысцiны.

- А далей што? - запытаў Рышар.

- Жанчыну адцягнулi ад акна, i ў той жа момант раздаўся стрэл.

- Ды што вы кажаце?!

Жандро-малодшы, быццам зацiкаўлены i ўстрывожаны, азiрнуўся, прыкiдваючыся, што шукае след кулi ў шоўку, якiм былi задрапiраваны сцены.

- А ведаеце, што мяне асаблiва здзiўляе, месье Мэгрэ, - прабачце, я не пераблытаў ваша прозвiшча? Месье Мэгрэ? - Дык вось, мяне здзiўляе, што пры наяўнасцi такога сур'ёзнага абвiнавачвання вы не прынялi элементарных мер перасцярогi, не папярэдзiлi сваё начальства. Па-мойму, вы дзейнiчалi трошкi легкадумна, кiнуўшыся адразу сюды. Вы хоць ведаеце гэтага прахожага з такiм багатым уяўленнем?

- А ён унiзе.

- Мне дужа прыемна, што ён знаходзiцца пад маiм дахам. Адным словам, вы не толькi самi ўварвалiся сюды ноч-апоўнач, насуперак законам, якiя стаяць на варце свабоды грамадзян, а яшчэ i прывялi з сабою нейкую даволi падазроную прынамсi, у маiх вачах - асобу. Аднак, раз вы ўжо тут, то, дзеля таго каб заўтра вы змаглi далажыць падрабязна пра ўсё нашаму сябру Лё Брэ, прашу вас прыступiць да неабходных фармальнасцей. Думаю, вам не пашкодзiць пераканацца, што пасцеллю маёй сястры сёння ноччу нiхто не карыстаўся?

Ён сарваў з ложка шаўковае пакрывала, пад якiм аказалiся просцiны без нiводнай зморшчынкi i бездакорна чыстая падушка.

- Шукайце, прашу вас! Абмацвайце ўсе закуткi. Вы, канешне, захапiлi з сабой лупу?

- У ёй няма патрэбы.

- Прабачце. За выключэннем Лё Брэ, я не меў гонару быць знаёмым з палiцыяй, хiба што па раманах... Вы кажаце, стралялi? То, можа, дзе-небудзь ляжыць i труп? Давайце паходзiм! Пашукаем яго разам! Мо ў гэтай шафе? Усяляк бывае!

Ён расчынiў створкi шафы, i Мэгрэ ўбачыў мноства сукенак, акуратна развешаных на вешалках.

- Можа, тут? Гэта абутак Элiз. Яна, як бачыце, не ведае ў iм нi лiку, нi меры. Прашу ў будуар...

У рэплiках яго ўсё болей i болей адчувалася з'едлiвая насмешка.

- Цi не праз гэтыя дзверы? Праўда, яны забiты наглуха з таго часу, як памерла маман. Але ў пакой можна трапiць i з калiдора. Хадзем. Ну хадзем жа! Прашу вас!..

Цэлых паўгадзiны цягнуўся гэты кашмар. Мэгрэ не заставалася нiчога iншага, як падпарадкавацца. Рышар лiтаральна загадваў яму. А прысутнасць старога Жандро-Бальтазара, якi хадзiў за iмi след у след, у сваiм цылiндры, з палярынай на плячах i трысцiнай з залатой булдавешкай у руцэ, надавала iх блуканню па асабняку нешта тэатральна-жахлiвае.

- Ну што вы! Яшчэ рана ўнiз. Вы забылiся, што над намi ёсць яшчэ адзiн паверх, мансардны, дзе начуе прыслуга.

Лямпачкi ў калiдоры без абажураў. Пакатая столь. Рышар стукае ў дзверы.

- Адчынiце, Жэрмена. Ды адчынiце ж! Не мае значэння, што вы ў кашулi. Гэта палiцыя.

Пышная дзяўчына з заспаным тварам, пах вiна, скамечаная пасцель, на туалетным столiку грэбень са злямцаванымi валасамi.

- Вы чулi стрэл?

- Што?!

- Калi вы леглi спаць?

- Я паднялася сюды ў дзесяць.

- I вы нiчога не чулi?

Пытаннi задае Рышар.

- Пайшлi ў пакой!.. Адчынiце, Мары... Ды нiчога, малышка, гэта не мае значэння.

Шаснаццацiгадовае дзяўчо ў накiнутым паверх кашулi зялёным палiто дрыжыць усiм целам.

- Вы чулi стрэл?

Яна з непрытоеным жахам глядзiць на Рышара i Мэгрэ.

- Вы даўно спiце?

- Не ведаю.

- Вы чулi што-небудзь?

- Не. У чым справа? Што здарылася?

- У вас ёсць пытаннi, месье Мэгрэ?

- Я хацеў бы запытацца ў яе, адкуль яна родам.

- Адкуль вы родам, Мары?

- З Ансеваля.

- А Жэрмена?

- Таксама з Ансеваля.

- А Луi?

- З Ансеваля, месье Мэгрэ, - адказвае Рышар, не тоячы насмешкi. - Я бачу, вам невядома, што ўладальнiкi замкаў звычайна набiраюць слуг са сваiх маёнткаў.

- Што тут?

- Пакой мадам Луi.

- Муж яе таксама тут спiць?

- Ён спiць унiзе, у швейцарскай.

Мадам Луi доўга не адчыняе. Маленькая, чарнавалосая i смуглая, залiшне поўная жанчына з недаверлiвымi вачыма.

- Вы яшчэ доўга будзеце чынiць гэты гармiдар? Дзе Луi?

- Унiзе. Скажыце, вы чулi стрэл?

Яна амаль выстаўляе iх за дзверы, голасна выказваючы сваё абурэнне. А Рышар усё адчыняе i адчыняе дзверы ў пустыя пакоi, каморы, мансарду. Не пазбавiў ён Мэгрэ i ад вышак, потым прымусiў спусцiцца на другi паверх i агледзець апартаменты бацькi i сына.

- Цяпер гасцiная. Хадзем, хадзем! Абавязкова! Для мяне гэта вельмi важна.

Рышар уключыў святло, i вялiкая крышталёвая люстра зазiхацела, абазвалася мiлагучным звонам.

- Прашу вас. Што, нiякiх трупаў? Нiякiх параненых? Вы ўсё агледзелi? Не жадаеце спусцiцца ў склеп? Заўважце, зараз чвэрць чацвёртай.

Ён расчынiў дзверы ў пакой для слуг: Жустан Мiнар сядзеў на стуле, непадалёк ад яго, у кутку, стаяў Луi - ён вартаваў яго, як арыштанта.

- Гэта i ёсць той самы малады чалавек, якi чуў стрэл? Я проста шчаслiвы, што маю магчымасць пазнаёмiцца з такой надзвычайнай асобай. Мяркую, месье Мэгрэ, цяпер я маю падставу скласцi скаргу наконт паклёпнiцкага абвiнавачвання i спробы парушыць недатыкальнасць жытла?

- Ваша права.

- Усяго найлепшага, Луi, правядзiце гэтых месье.

Стары Жандро адкрыў рот, але нiчога не сказаў. Што да Мэгрэ, то ён яшчэ здолеў прамовiць:

- Дзякую вам.

Луi правёў iх да выхада i замкнуў за iмi цяжкiя дзверы.

Збiтыя з панталыку, збянтэжаныя, трошкi ўстрывожаныя, яны самотна спынiлiся на левым баку вулiцы Шапталь. Мэгрэ машынальна кiнуў позiрк на масляную пляму на брусчатцы, нiбыта яна насуперак усяму магла рэальна падтрымаць яго.

- Паверце, я не пiў, клянуся!

- Веру.

- I я не вар'ят.

- Само сабой...

- Як па-вашаму, гэта гiсторыя можа вам нашкодзiць? Я ж чуў сёе-тое...

Вось так Мэгрэ абнавiў той ноччу свой першы мундзiр, якi трошкi цiснуў яму пад пахамi.

Раздзел II

РЫШАР ХЛУСIЎ

Без дзесяцi дзевяць уранку ўсмешлiвая мадам Мэгрэ, ад якой хораша пахла свежасцю i духмяным мылам, рассунула на акне шторы, даючы дарогу вясёламу сонцу. Прайшло не шмат часу, як яна выйшла замуж, i яшчэ не прывыкла бачыць, як спiць гэты ўскудлачаны пышнавалосы мужчына, як уздрыгваюць кончыкi яго русявых вусоў i наморшчваецца лоб, калi на твар сядзе муха. Яна засмяялася. Яна заўжды смяялася, калi ранiцай падыходзiла да яго з кубачкам кавы ў руцэ, а ён глядзеў на яе затуманенымi сном i, як ёй здавалася, трошкi дзiцячымi вачыма.

Мадам Мэгрэ была маладзiца свежая i пухленькая як пампушка, - гэтакiх часта можна бачыць у булачнай цi за мармуровай стойкай у малочнай. Жыццярадаснасць нiколi не здраджвала ёй, i Мэгрэ мог на цэлыя днi пакiдаць яе адну ў iх маленькай кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, не баючыся, што ёй хоць на хвiлiну стане сумна.

- Пра што ты думаеш, Жуль?

У той час яна яшчэ не называла яго Мэгрэ, але i тады ўжо яна поўнiлася да яго той глыбокай прыроднай павагай, якую адчувала да свайго бацькi i, несумненна, перанесла б i на свайго сына, калi б ён з'явiўся ў яе.

- Я думаю...

I ён працытаваў ёй радкi, якiя прыйшлi яму на памяць у той момант, калi ён расплюшчыў вочы пасля толькi двухгадзiннага сну. Гэта была цытата з правiл унутранага распарадку палiцыi:

"Службоўцы Вышукной палiцыi абавязаны ўвесь свой час аддаваць службе.

Любое распачатае следства цi назiранне павiнна быць праведзена ў самы сцiслы тэрмiн, i ў гэтыя гадзiны цi днi службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак".

Ён пакiнуў камiсарыят а шостай ранiцы, калi на змену яму прыйшоў сакратар-асiстэнт Альбер Люс. На дварэ паветра было такое свежае, вулiцы Парыжа поўнiлiся такой зялёнай сакавiтасцю, што ён зрабiў ладны круг, каб прайсцiся па Цэнтральнаму рынку, падыхаць водарам вясковай гароднiны i садавiны.

Не адзiн Мэгрэ не спаў у гэту ноч. Вiзiт замежнага правiцеля быў разлiчаны ўсяго на тры днi, але палiцэйскiя службы, асаблiва тыя, што вялi нагляд за кватарантамi мэбляваных пакояў, вакзаламi, чужаземцамi, дробнымi правапарушальнiкамi, не мелi спакою ўжо шмат тыдняў падрад. I ўжо знемагалi ад стомы.

Улады не давалi дыхнуць нi жыхарам, нi палiцэйскiм камiсарыятам. Маршруты сустрэчы i праводзiн манарха сурова, да секунд разлiчаныя загадзя, не закраналi квартал Сэн-Жорж, i незанятыя людзi былi пасланы ў распараджэнне камiсарыята квартала Гранд-Опера.

Адны анархiсты здольны былi пазбавiць палiцыю сну. А тут жа яшчэ i ўсялякiя "псiхi", каго падобныя ўрачыстасцi заўсёды выводзяць з раўнавагi, зладзеi-кiшэннiкi i нячыстыя на руку прастытуткi, якiя бурна аддавалiся радасцям з правiнцыяламi, прывабленымi парадам.

- Гэта кава ад "Бальтазара"? - запытаўся Мэгрэ ў жонкi.

- Чаму ты пытаешся? Яна табе не падабаецца?

- Проста хачу ведаць, чаму ты купляеш менавiта гэту каву, а не iншую. Хiба яна найлепшая?

- Ва ўсякiм выпадку - не найгоршая, да таго ж - i з карцiнкамi.

Ён зусiм забыўся пра альбом, у якi жонка старанна ўклейвала карцiнкi, схаваныя ў кожным пачку кавы. На карцiнках былi намаляваны кветкi з усяго свету.

- Калi назбiраць тры поўныя серыi, можна бясплатна атрымаць арэхавую спальню.

Мэгрэ прыняў душ - тады ў кватэры яшчэ не было ванны. Потым паеў супу: ён заўсёды еў суп ранiцай у сябе ў вёсцы i захаваў гэту звычку ў горадзе.

- Ты, канешне, не ведаеш, калi вернешся?

- "...у гэтыя гадзiны цi днi службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак", - з усмешкай сказаў ён.

Мадам Мэгрэ вельмi добра ведала свайго мужа. На яе галаве ўжо красаваўся капялюшык. Яна любiла праводзiць мужа на работу, быццам дзiцё ў школу, але да самага камiсарыята не даходзiла, бо ён бы адчуваў сябе няёмка пры сустрэчы з якiм-небудзь сваiм калегам.

Роўна а дзесятай на вулiцы Лярошфуко спыняўся кабрыялет камiсара, запрэжаны няўрымсным стаеннiкам, i фурман забiраў лейцы з рук гаспадара. Максiм Лё Брэ быў, мусiць, адзiны палiцэйскi камiсар ва ўсiм Парыжы, якi меў уласны экiпаж i жыў у Мансо ў адным з новых гмахаў па бульвары Курсэль.

Перш чым з такiм форсам з'явiцца ў камiсарыяце, ён паспяваў адведаць клуб Гоша, пафехтаваць там, паплаваць у басейне i пабываць у масажыста.

Рапарт Мэгрэ ўжо ляжаў на стале камiсара, i Мэгрэ думаў пра гэта з глухой трывогай. Гэта быў ягоны першы рапарт. Ён усю ноч да дня старанна працаваў над iм, сiлячыся нiчога не ўпусцiць з зусiм яшчэ свежых у памяцi тэарэтычных выкладак.

Пасля падзей на вулiцы Шапталь флейтыст Жустэн Мiнар так i не пакiнуў Мэгрэ, правёў яго назад да самага камiсарыята. Яны спынiлiся ля ўвахода.

- Вы жанаты? - спытаў Мэгрэ.

- Жанаты.

- Жонка, напэўна, непакоiцца.

- Гэта не мае значэння.

I Жустэн зайшоў у камiсарыят. Мэгрэ занатаваў паказаннi музыканта, даў яму падпiсаць. Аднак флейтыст усё не iшоў дадому.

- Жонка ўчынiць вам скандал.

- Гэта не мае значэння, - з мяккай упартасцю паўтарыў Жустэн.

Чаму Мэгрэ думаў цяпер пра гэта? Ён амаль сiлай справадзiў яго на золку. Развiтваючыся, флейтыст нясмела i разам з тым настойлiва запытаўся:

- Вы дазволiце мне прыйсцi пабачыцца з вамi?

Ён падаў скаргу на дварэцкага Луi, у якой рашуча настойваў на ўмяшаннi палiцыi. Усе гэтыя паперы, прыведзеныя ў бездакорны парадак, ляжалi цяпер на стале камiсара, паверх штодзённых, менш значных рапартаў.

Рэдка хто бачыў, як прыходзiў Максiм Лё Брэ, таму што iшоў ён бакавым калiдорам i трапляў проста ў свой кабiнет, але прыход яго быў чуцён, i на гэты раз у Мэгрэ ёкнула сэрца.

На лаве ўжо месцiлася з тузiн звычайных клiентаў, у большасцi бедных людзей, галоты; ён па чарзе выклiкаў кожнага, выдаваў даведку аб месцы жыхарства цi аб маёмасным становiшчы, рэгiстраваў згубленыя цi знойдзеныя рэчы, адпраўляў у камеру падабраных на бульварах жабракоў цi гандляроў забароненымi таварамi.

Пад насценным гадзiннiкам у чорным футарале цьмяна паблiскваў каўпак электрычнага званка, i калi гэты званок зазвiнiць...

Мэгрэ прыкiнуў, што спатрэбiцца хвiлiн дванаццаць, каб прачытаць ягоны рапарт i паказаннi сведкi Мiнара. Мiнула дваццаць хвiлiн, а выклiку ўсё не было, i толькi лёгкае шчоўканне званка пасведчыла, што шэф прасiў злучыць яго з некiм па тэлефоне.

Абабiтыя дзверы аддзялялi кабiнет Лё Брэ ад залы камiсарыята. Яны заглушалi нават самыя гучныя галасы.

Цi не з Рышарам Жандро, сваiм частым сатрапезнiкам, перагаворваўся па тэлефоне Лё Брэ?

Званка не было. Раптам дзверы прыадчынiлiся.

- Мэгрэ!

"Добрая прыкмета? Цi кепская?"

- Зайдзiце, дружа.

Перш чым сесцi за стол, камiсар, пыхкаючы цыгарэтай, некалькi разоў абышоў пакой. Нарэшце ён паклаў руку на папку з паперамi, памаўчаў, нiбы падбiраючы словы, уздыхнуў:

- Я прачытаў вашы цыдулкi.

- Слухаю, месье камiсар.

- Вы зрабiлi так, як былi абавязаны зрабiць. Ваш рапарт вельмi талковы, вельмi скрупулёзны.

- Дзякую, месье камiсар.

- У iм нават пра мяне iдзе гаворка.

Ён жэстам спынiў Мэгрэ, якi памкнуўся запярэчыць.

- Гэта зусiм не папрок, наадварот.

- Я стараўся як мага дакладней запiсаць усё бачанае i пачутае.

- I вы мелi магчымасць агледзець увесь дом?

- Мяне вадзiлi з пакоя ў пакой.

- I вы маглi ўпэўнiцца, што нiчога надзвычайнага не аказалася?

- У пакоi, азначаным Жустэнам Мiнарам, цюлевая фiранка была прышчэмлена рамай, як быццам той, хто зачыняў акно, вельмi спяшаўся.

- Але гэта магло быць зроблена невядома калi, цi ж не так? Дзе доказ, што фiранка прышчэмлена толькi што, а не шмат дзён назад?

- Бацька, месье Фелiсьен Жандро-Бальтазар, як мне падалося, вельмi ўсхваляваўся, калi ўбачыў мяне ў доме.

- Вы напiсалi - "перапалохаўся".

- Такое маё ўражанне.

- Я асабiста ведаю Жандро, мы некалькi разоў на тыдзень сустракаемся з iм у клубе.

- Я ведаю гэта, месье камiсар.

Камiсара - сiмпатычнага, пародзiстага мужчыну - можна было бачыць на ўсiх свецкiх прыёмах, таму што ён быў жанаты на адной з самых заможных спадкаемнiц Парыжа. Аднак, нягледзячы на свой вобраз жыцця, ён усё ж прымушаў сябе настойлiва працаваць. Павекi яго ўкрывала тонкая сетка зморшчынак, ля вачэй вырысоўвалiся глыбокiя "гусiныя лапкi". Вiдаць, гэтай ноччу, як, зрэшты, i большасцю папярэднiх, ён спаў не даўжэй за Мэгрэ.

- Паклiчце да мяне Бесана.

Бесан быў той адзiны iнспектар, якога пакiнулi ў камiсарыяце на час манаршага вiзiту.

- У мяне ёсць для вас адна работка, Бесан.

Ён вырваў з блакнота лiсток, запiсаў на iм прозвiшча i адрас флейтыста Жустэна Мiнара.

- Збярыце, калi ласка, усе звесткi пра гэтага чалавека, месье. I чым хутчэй, тым лепей.

Бесан зiрнуў на адрас, узрадаваўся, што працаваць давядзецца ў самiм Парыжы, i паабяцаў:

- Будзе зроблена, шэф.

Застаўшыся сам-насам з Мэгрэ, камiсар ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i прамовiў:

- Вось так. Лiчу, што гэта адзiнае, што трэба зрабiць перш за ўсё.

* * *

Седзячы за сваiм чорным сталом, Мэгрэ з невядомай яму дагэтуль раздражнёнасцю разбiраў зашмальцаваныя паперы, выслухоўваў скаргi канс'ержаў i тлумачэннi вулiчных гандляроў.

Самыя крайнiя рашэннi прыходзiлi яму ў галаву: напрыклад, неадкладна падаць у адстаўку. Выходзiць, усё, што камiсар, на яго думку, у сiле зрабiць гэта сабраць звесткi аб флейтысце! Дык чаму б ужо i не арыштаваць яго дый не адлупцаваць заадно?!

Мэгрэ таксама мог бы пазванiць вышэйшаму начальству альбо нават пайсцi да яго на прыём. Ён быў асабiста знаёмы з Ксаўе Гiшарам, шэфам Вышукной палiцыi. Ксаўе Гiшар даволi часта праводзiў свой адпачынак непадалёку ад iх вёскi ў Алье i колiсь сябраваў з бацькам Мэгрэ.

Ён не тое што памагаў Мэгрэ, але непрыкметна ўвесь час сачыў за iм здалёку, цi, дакладней, зверху, i, вiдаць, менавiта пры яго садзейнiчаннi вось ужо чатыры гады Мэгрэ пастаянна пераводзiлi з адной работы на другую, каб ён на ўласным вопыце пазнаёмiўся з усiмi спружынамi палiцэйскай службы.

"Мiнар не вар'ят. I не быў п'яны. Ён сваiмi вачыма бачыў, як расчынiлася акно. I чуў стрэл. I я сам выдатна бачыў масляныя плямы на брусчатцы". Ён абурана выкажа ўсё гэта. I запатрабуе... Нечакана яго асянiла думка. Ён выйшаў з пакою, спусцiўся па сходках з трох прыступак унiз i апынуўся ў дзяжурцы, дзе палiцэйскiя рэзалiся ў карты.

Назад Дальше