Лiтаратурныя творы з казачнымi матывамi (на белорусском языке) - Автор неизвестен


Автор неизвестен Лiтаратурныя творы з казачнымi матывамi (на белорусском языке)

ЛIТАРАТУРНЫЯ ТВОРЫ З КАЗАЧНЫМI МАТЫВАМI

БАЙ

Бегаў бай па сьцяне

У чырвоным каптане,

Байку баiў. Ой, люлi!

Жылi пчолкi у вульлi...

Баiць цi не?

- Баiць!

Бегаў бай па сьцяне...

Шла вясна па вясьне,

Жылi пчолкi з году ў год,

Баiць цi не?

- Баiць!

Бегаў бай па сьцяне...

Нiхто пчолак не кране;

Самi мёд зьбiраюць той,

Самi ласваюць зiмой...

Баiць цi не?

- Баiць!

Бегаў бай па сьцяне...

У тэй самай старане

Пустапасам труцень жыў,

Неяк з пчолкамi здружыў..

Баiць цi не?

- Баiць!

Бегаў бай па сьцяне...

Труцень кажа: "Дайце мне

Глянуць, пчолкi, у вульлёк,

Паспытацi ваш мядок!.."

Баiць цi не?

- Баiць!

Бегаў бай па сьцяне...

Цi так добра, цi так не,

Пчолкi добрымi былi,

Трутня ў госьцi прынялi...

Баiць цi не?

- Баiць!

Бегаў бай па сьцяне...

Труцень пальцам ня кiўне;

Пчолкi мёд нясуць да сот,

Труцень есьць ды есьць той мёд.

Баiць цi не?

- Не!

Янка Купала

МУШКА-ЗЕЛЯНУШКА

Й КАМАРЫК-НАСАТЫ ТВАРЫК

Блiзка рэчкi Самацечкi камары таўкуцца,

I "таўкачыкi" сьпяваюць, i у скокi тнуцца;

"Гэй, гоп, таўкачыкi,

Гэй, гоп, асiнавы,

Ды работы Максiмавы..."

А Максiм ляжыць на траўцы, сонна пазiрае,

Камарок за камарочкам да яго шыбае,

I пясьняр з усiх найлепшы ўжо зьвiнiць ля вуха,

Як камарыка няўмысьне загубiла муха.

I

Захiсталася сасонка баравая,

Затужыла дзяўчынанька маладая,

Жартаўлiвая пяюшка-сакатушка,

А на iмя - дык мушка-зелянушка:

- "Ой, чаму-ж ды ня судзiлася мне долi,

Што мяне i ня сваталi нiколi.

А пасагу прабагатага я маю:

Куст шыпшыны ад краю i да краю,

Шчэлка ў яблынi - ад ветру каб хавацца,

Лiст альховы - на ночку накрывацца,

Ды да краю поўны мёдам кацялiшча

З жалудовай вялiзнай шалупiшчы,

Калi гэты мёд у мiсачку кладзецца,

Ажно сьлiна ў роце набярэцца".

Як пачуў тыя жаласьцi камарык,

Паскрабаў i насочак ён i тварык:

- "А чаму-ж бы мне ды зь ёй не пажанiцца?

Пэўна, пойдзе, каб болей ня журыцца.

Хоць насаценькi я, шэры, хударлявы,

Дык у скоках за тое-ж я рухавы..."

I хапiўся камарочак прыбiрацца,

Каб ля мушкi-пяюшкi увiхацца.

II

Прыляцела мушка да хаты,

Аж у яе камарык насаты.

Сватоўе-хрушчы усьсядаюць,

З бацькам-маткай штось размаўляюць:

"Мы - стралцы, шукаем кунiцу,

Ня кунiцу, але дзявiцу".

Гаманiлi болей гадзiны

Ды гавораць так да дзяўчыны:

- "Цi да смаку наш госьць багаты?"

- "Папытайце ў мамы i таты".

Тут гарэлкай усё змацавалi,

А пасьля i заручын даждалi.

Браў камар ад мушкi-дзяўчыны

Дарагi ручнiк з павучыны,

Што яна на траўцы сьцялiла

I на ясным сонцы бялiла.

У нядзелю будзе вясельле,

Захадзiў камар, як з пахмельля,

I пяе i скача пацiху,

Ды як сыпне ураз "шырсьцянiху":

- "Шырсьцянiха, шырсьцянiха мая,

Пакахала камара-гультая,

А камар не зважае на яе,

Толькi лётае ды песьнi пяе".

III

Загудзела, расшумелася дуброва:

Аб вясельлi у дуброве прайшло слова,

Як вянок на муху свацейкi надзелi,

Ўсе навокала аж вочы праглядзелi.

А калi бацьком журылася дзяўчына,

Аж заплакала жаноцкая радзiма:

- "Ускланяюся татачку i матачцы,

Калi ўжо апрыкрала iм у хатачцы.

I чаму-ж вы мяне гадавалi,

Ды ў чужую сямейку аддалi?"

У каравайнiцы сьлiмачак запрасiлi,

I яны дзяжу напродзiў замясiлi.

Авадзень быў камаровым старшым дружкам,

Рассыпаўся дробным макам перад мушкай.

Матылькi - баяры, пчолачкi - баяркi,

Спрытны, шпаркi, асаблiва як да чаркi.

А найстаршая баярачка - чмялiха

Так сьпявала, аж баяр пабрала лiха:

- "Ой, багаты баяры, багаты,

Ды забылiся ўзяць грашаняты.

Хоць няшмат грашанят яны маюць,

Дык затое свой гонар трымаюць:

Хто капейку дае - грыўняй лiча яе,

А хто грыўню паклаў - што рубля дараваў".

А як сыпнулi-урэзалi музыкi,

Дык узьняўся разам гоман там вялiкi.

Чмель пузаты на басолi гучна грае,

А на йскрыпцы ёмка пчолка падцiнае.

I знайшлося мушанётка дробна-мала,

Што званiла ткi някепска у цымбалы.

Лоўка конiкi у скоках выцiналi,

У гару стрыбалi, звонка падпявалi:

- Камары скакаць

Выракаюцца:

Ногi доўгiя

Паламаюцца.

Гэтак скачуць - хто патроху, хто памногу.

Нейкi конiк адтаптаў чмялiсе ногу.

Госьцi спорна п'юць-ядуць ды размаўляюць,

А музыкi граюць, дыхту заўдаваюць.

Умела муха на вясельле запрашацi,

Дык над тое лепш умела частавацi.

Усяго стаяла досыць для гасьцiны:

Навет мёд быў i чмялiны i пчалiны

Хрушч вялiзны так гарэлкi насмактаўся,

Што звалiўся ды ў куточку адсыпаўся.

Восы ў шатах чорных з жоўтымi стрычкамi,

Проста елi мушку злоснымi вачамi.

А яна ля мужа сьцiпленька сядзела

I зялёненькай спаднiчкай зiгацела.

Мурашоўна нiзка зьвесiла галоўку,

Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.

Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:

У кроплi дожджыка танула мурашоўна.

Усё сьцямнела, кроплi шпарка заскакалi,

У дупло, дзе жыла мушка, пападалi.

Пахавалiся ўсе госьцi у куточкi:

Так спынiлася вясельле сярод ночкi,

А назаўтра усе, як толькi ўсталi зраньня,

Дык пайшлi да камара на баляваньне.

I былi яшчэ нарэшце перазовы,

Каб ня стала аб радзiме кепскай мовы.

IV

Абляцелi красачкi

Не ў пару,

Невясёла шэраму

Камару.

Як пачаў ён параю

З мушкай жыць,

Давялося беднаму

Патужыць.

Ня умее мушачка

Працаваць,

Толькi ўмее з хлопцамi

Жартаваць;

Анi выткаць кросенкi,

Анi шыць,

Анi стравы хораша

Наварыць.

Паштурхаў камарычак

Галаву:

Як я з гэткай жонкаю

Пражыву?

Дзе я вочы, брацiкi,

Меў свае,

Як сабе за жонкаю

Браў яе?

Паляцеў ён плакацца

У лясок.

Сеў на дуб зялёненькi,

Пад лiсток.

Пахiнуў галовачку,

Уздыхнуў

Песьню сумна, жудасна

Зацягнуў.

- Выйду ў поле ды разважу тое гора,

Гэй, гаротнае, маркотнае!

Ты шырока, маё полейка,

Ад кусточка да кусточка разьлягаешся,

Ты глыбока, сэрца, краешся.

Дзе цяпер я сьмерць сваю спаткаю:

Цi у моры, цi у рэчцы, цi ў ставочку,

Што капытам пры дарозе быў прабiты

I да краю буйным дожджыкам налiты?"

V

- Ды i што-ж там за шум учынiўся?

- А камарык там з дубу звалiўся.

Грымнуў ён на зямлю з высакосьцi

I пабiў - паламаў сабе косьцi.

Цесьлi дошкi з дубоў пiлавалi,

Габлявалi, труну змайстравалi.

Ўсю чырвонай кiтайкай аббiлi,

Стужкай чорнай з краёў адтачылi.

Гэй, кладуць камара ў дамавiну,

Заклiкаюць сяброў i радзiму.

Камары над труной затрубiлi,

Сьветлячкi лепш за зорак сьвяцiлi.

- "Вы пацiху, музыкi, зайграйце,

Майго сэрца у край не ўражайце!"

Горка мушка-ўдава галасiла,

Борздай сьмерцi у Бога прасiла:

- "Мой мужочак, мой камарочак,

Ты падай мне з труны галасочак.

Ах, нiхто над табой не заплача,

Толькi хмарачка дробнымi дажджамi,

Толькi мушачка горкiмi сьлязамi".

Палажылi дамоўку на мары,

Панясьлi праз лугi ды папары.

Ля дарогi магiлу капалi

I у ёй камара пахавалi,

У сырую зямельку злажылi,

Зьверху насып вялiкi зрабiлi.

Людзi добрыя шляхамi мiнаюць,

Шапкi нiзка здымаюць, пытаюць:

- "Ня iначай, вяльможны вандроўнiк,

Генэрал, цi маёр, цi палкоўнiк?"

- "Не, ляжыць тут камар - камарочак,

У каторага з локаць насочак".

Максiм Багдановiч

КАМАР ХВАЛЬКО

Пад прысадзiстым дубком

Збудаваў камарык дом,

Плотам дом абгарадзiў,

Бесклапотна, цiха жыў.

Ды аднойчы камара

Бура вынесла з двара,

I звалiўся камарок

У бярозавы лясок.

Выжыў, буру перанёс,

I задраў угору нос:

- Што мне бура, што вiхор,

Я ўзьнiмаўся вышай гор,

Я ўзьнiмаўся вышай хмар,

Стаў асiлкам я, камар...

- Вецер, вецер, замаўчы!

Што ёсьць сiл камар крычыць.

Вецер змоўк, зацiх гушчар.

Зноў сваё пачаў камар:

- Захацеў я - вецер сьцiх,

Я мацнейшы стаў за ўсiх...

Муху крык такi ўстрывожыў,

Муха веры даць ня можа:

- Ды няўжо ты, камарок,

Моцны стаў такi, браток?

- Я ня то магу зрабiць

Зьвера я магу звалiць!..

Цiха ў лес iшоў мядзьведзь,

Перавальваўся ледзь-ледзь.

Частаваўся ён мядком,

I на пыску - воску ком.

Патаптаўся - i ў бярлог

Адпачыць мядзьведзь прылёг.

Задаволен камарок,

Сеў мядзьведзю ён на бок.

- Я мядзьведзя павалiў,

Я мядзьведзя пакарыў!

Муха кажа: - Хто-б паверыў,

Што камар мацней за зьвера...

- Я ня то магу зрабiць,

Дрэва я магу звалiць...

Зазьвiнела тут пiла,

I камар, нiбы страла,

На вяршыню дрэва сеў,

Звонка песеньку запеў:

- Як удару я крылом,

Будзе ў лесе буралом.

Дрэва падае, трашчыць...

Муха зьдзiўлена глядзiць:

- I няўжо ты, камарок,

Моцны стаў такi, браток?

- Я ня то магу зрабiць,

Сьвет магу я пакарыць!..

Ды ляцела павуцiна,

Нос кранула камарыны,

Абкруцiла яму ногi,

Стаў ён клiкаць дапамогi.

Добра, што пасьпела муха

Выцягнуць яго за вуха.

Паглядзела яму ў твар

I сказала: - Эх, камар!..

А.Д.

КОТ, САБАКА I МЫШ

Прайшло таму нямала год,

Калi сабака, мыш i кот

Жылi у згодзе, разам елi,

Скакалi, навет песьнi пелi,

Лiзалi косьцi пад сталом

I весялiлi цэлы дом.

Ды вось аднойчы гаспадар

Задумаў ехаць на базар.

Ён загадаў сабаку срога:

- Не адыходзься ад парога,

Сядзi, для пэўнасьцi, пры хаце,

Пiльнуй усё маё багацьце.

I можа мала, можа многа

Сядзеў сабака ля парога,

Ды захацеў ён паскакаць,

Крыху пагаўкаць, пабрахаць.

I кажа ён кату: - У дружбу

Ты саслужы адну мне службу

I за мяне пiльнуй у хаце

Гаспадаровае багацьце.

- Ну, што-ж, - яму прамовiў кот,

Каб большых ня было турбот!

З ахвотай пасяджу ля ганку,

А ты сабе бяжы пагаўкай.

I можа мала, можа многа

Той кот праседзеў ля парога.

Паклiкаў мыш i кажа: - У дружбу

Ты саслужы адну мне службу

I за мяне пiльнуй у хаце

Гаспадаровае багацьце.

Бо тут ад ветру на парозе

Я дужа лапкi памарозiў.

- Ну, добра - кажа мыш, - скарэй

Бяжы на печ ды лапы грэй.

I можа мала, можа многа

Сядзела мышка ля парога.

Ды раптам чуе - памiж траў

Цьвiркун на скрыпачцы зайграў.

Тут мышка, ўзяўшы лапкi ў бокi,

Хутчэй пусьцiлася у скокi.

Вярнуўся гаспадар - а ў хаце,

Глядзiць, няма яго багацьця.

Хацеў сабаку ён прагнаць,

Ды той пачаў яго лiзаць,

Прасiць, малiць, гаспадара:

- Не праганяй мяне з двара.

За гэта буду я нязьменна

Служыць аддана i сумленна.

- Што-ж, - гаспадар яму ў вадказ,

- Чым марнаваць дарэмна час,

Служы ды верны будзь, як друг...

Аднак iдзi, брат, на ланцуг.

Сабака бедны з тэй пары

Сядзiць навязан на двары.

За крыўду гэткую гатоў

Ён разарваць усiх катоў.

I кот з мышамi больш ня дружыць,

Як толькi зловiць, так i душыць.

А мыш залезла ў падпамосьце,

Грызе падлогу там iз злосьцi.

* * *

Вядома, гэта толькi казка,

Ды прачытаць для тых я раю,

Свае хто часам абавязкi

Выконваць iншым даручае.

Н.Тарас

КАЗКА ПРА МЯДЗЬВЕДЗЯ

Пад самую восень, пад верасень месяц

Задумаў жанiцца Мядзьведзь шэры ў лесе.

I кажа сватом: - Мне шукайце пасагу;

Зiму зiмаваць - трэба мёду i брагi.

А сам я ня маю нi пчол, нi гароду;

Падушка - i тая з альховай калоды.

За лета снапа мне нажаць ня прыйшлося,

То хворы ляжаў, то гнуў дугi, палозьзе.

Няхай сабе будзе ня важная жонка,

Каб толькi я выжыў зiму пад сасонкай...

* * *

Хадзiлi сваты ад Мядзьведзя па лесе

Усё дзеўкi шукалi празь верасень месяц.

Хадзiлi яны ў Белавеж да Зубрышкi,

Да Зайцавых дзевак, былi i ў Казьлiшкi.

Там ветлiва важных гасьцей прынiмалi,

Крынiчнай вадой, мурагом частавалi;

Старалiся ўсе iм у пояс хiлiцца

Сваты былi важныя - Воўк ды Лiсiца!

Калi што ня так, дык патрапiлi-б самi

Пагладзiць, дзе трэба, памацаць зубамi...

Эх, важныя дзеўкi, былi-б гаспадынi,

Каб мелi каўбасаў, курэй, саланiны.

Нашто i шукаць-бы што недзе другое,

Было-б для Мядзьведзя жыцьцё залатое.

А то ў Зайчышкi пасаг - рунi жыта,

Зiмой - зьледзянеўшая ў полi ракiта.

А у Казьлiшкi трысьнiк у iмшарах,

Падушкi з пуховак, асоту гушчары.

Таксама ў Зубрышкi па ўсёй Белавежы

Ня зьлiчыш стагоў непачатых i сьвежых...

Ды што зь iх сватом i Мядзьведзю старому,

Язык намазолiш, нагонiш аскому.

* * *

Пачулi сваты - ёсьць ля Нарачы дзеўка:

Ў зялёнай дуброве паджарая Белка,

Такая вясёлая, зь песьнямi, зь сьмехам,

Зьбiрае зь ляшчэўнiку летам гарэхi.

Насыпала поўныя куфры, як лёду,

Раскусiш - як сонца, зярняты - як зь мёду.

Сказалi Мядзьведзю: - Ёсьць дзеўка з пасагам!

Прыбраўся Кудлаты Мядзьведзь у сярмягу;

Кашулю узьдзеў, што злупiў у Мiколы,

Як той баранiў ад яго калiсь пчолы;

Ўзяў пояс лiповы i кiй сукаваты,

Так выбраўся зь сьвiтай Мядзьведзь наш у сваты.

* * *

Такое вясельле магло толькi хiба

Быць там, дзе ёсьць Нарач, бор цёмны ды рыба.

Iгралi ў цымбалы Шаршнi i Асьвянкi,

Iгралi дзень цэлы да самай заранкi;

А ў цёмным ягоднiку зь Цецярукамi

Ў тахт Дзятлы у бубны лупiлi насамi,

I зь вёскi далёкай, дзе жытнiя гонi,

Iм Певень iграў на чырвонай гармонi.

Лявонiху ёмка скакала Лiсiца,

Аж ветрам паджарым шумела спаднiца.

Як выйшаў Мядзьведзь, тупнуў левай ды правай,

Пайшоў прысядаць - замiгцелi рукавы.

Скакаць ён так мог-бы дзён пяць цi мо' дзесяць

Адно толькi боты стапталiся ў лесе;

Ды нат i ў мяне там знасiлiся лапцi...

На трэйцюю ноч пачалi разьяжджацца.

* * *

Памалу прайшоў цiхi верасень-месяц.

Ляжыць, пажывае Мядзьведзь шэры ў лесе,

Дзе глуш ды сасновае шумнае рэха,

А Белачка носiць ваду i гарэхi.

Насыпе Мядзьведзь iх у ступу, як лёду,

А зьверху бабухне дубовай калодай!

Наесца i сьпiць у сваiм у палацы,

Нат слухаць ня хоча, хто кажа аб працы.

Пажыў ён па-панску нямала так часу,

Пакуль не хапiла у Белкi прыпасаў.

Ляжыць i раве ён, ледзь бор не аглохне:

- Ой, мусiць, я хутка ня выжыву, здохну!..

Лячыла Мядзьведзя Варона-Шаптуха,

I Дзяцел пастукваў трубкай у вуха,

I банкi на пяты стаўляла Сарока,

Кампрэсы яму прыкладала пад бокам...

Ды што нi рабiлi - ўсё не памагала.

Шмат вылiзаў лекаў, гусiны i сала...

Ды што тыя лекi, калi наш Кудлаты

Зьеў двух дактароў зь Белавежы лычатых.

Хадзiў тады блiзка Цыган хiтры недзе,

Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзьведзя

I кажа: - Ты, бацю, ня слухай нiкога.

Цыган табе зельля парадзiць другога.

Вiдаць, ты ня можаш нi сесьцi, нi легчы,

Ня можаш, мой баценька, мала ты есьцi!...

* * *

Дзе ў лесе дарога, а з боку паляна,

Лячыў Цыган брагай-сiвухай да рана;

Яшчэ паiў зельлем салодкiм, як мёдам,

Спаiўшы, Мядзьведзя прыкуў да калоды,

Пазьней яму ўсыпаў бярозавай кашы,

Павёў яго цешыць людзей на кiрмашах.

Перш доўга Мядзьведзь касурыўся ды охаў,

А потым зрабiўся такiм скамарохам!

Дзе толькi ня прыйдзе пад хаты крывыя

Зьлятаюцца дзецi, дзяўчаты, старыя,

Прыносяць салодкага мёду, гарэхаў,

А ён давядзе аж да сльёз i да сьмеху.

Сьмяюцца i дзецi, i куры, i конi,

Як ён у шарахаўкi звонкiя звонiць;

Сьмяюцца асьверы, i стрэхi, i хаты,

Як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.

Здаецца, няпраўда, што людзi гавораць,

Што быў ён раней абiбокам i хворым...

А Белачка там, дзе ёсьць пушча густая,

Ў сасновыя куфры гарэхi зьбiрае

I добра хавае, каб iх нi мядзьведзi

Знайсьцi не маглi, нi вясковыя дзецi,

Ды чорнымi зорка пiльнуе вачыма

I лускае iх у сьцюдзёныя зiмы...

А там, за сасновым за лесам, за борам,

Як золатам сiнiм, iграюць азёры!

А глянеш навокал - такая краiна:

Дзе ступiш - то рэха, то казка, былiна...

Ёсьць, праўда, i сумных нямала, бязь лiку,

Але мы iх лепей пакiнем вялiкiм.

А вам, мае дзеткi, з вачыма, як золак,

Аддам усе дзiвы тых казак вясёлых.

Максiм Танк

IРЫНКА

Iрынцы спадабалася

Цудоўная вясна.

Як восенi даждалася,

Пайшла прасiць яна,

Прасiць нябёс ня хмарыцца,

Вятроў - не галасiць,

Срабрыстых росаў ранiцай

На травах не гасiць;

Каб сонейка высокае

Сьвяцiла на палi,

А кветкi сiнявокiя

Зноў на лугох цьвiлi;

Прасiць сям'ю крылатую

Зь лясоў не адлятаць,

Бярозку расахатую

Лiстоў не атрасаць...

Прасiла яна шчыра так,

Прасiла ўсю зiму,

I мо' вясна аж з выраю

Вярнулася таму.

Вярнулася, пяе iзноў

Зь бярозкай над ракой,

Пяе сярод дуброў, лугоў

Зь Iрынкаю малой.

Максiм Танк

ЯК ВЯСНА ПРЫШЛА

Як вясна прышла ў гаi,

Разбудзiла ручаi

I паклiкала iзноў

Птушак з выраю дамоў.

Прыляцелi жаўрукi,

I зязюлi, i шпакi,

Качкi, чэпiкi,

Раюцца,

Зь iмi ластаўкi.

Прыляцелi журавы,

Буслы, кнiгаўкi...

Дзе ты тут усiх

Пералiчыш iх!

Прыляцелi, ў полi селi,

Зь вераб'ямi-забiякамi

Спрачаюцца:

- Мы пакiнулi вас тут

Зiмаваць, зiмаваць;

Вас прасiлi гаспадарку

Пiльнаваць, даглядаць,

А вярнулiся назад,

Непаладкаў шмат!..

Вераб'i на гэта толькi

У вадказ усiм:

- Чым-жа мы тут вiнаваты,

Чым, чым, чым?!

- Дзе нi глянеш - збожжа столькi

У стагох,

Гаварыў жаўрук усiм,

- Было восеньню багатай

На палёх,

- Чым-жа мы тут вiнаваты,

Чым, чым, чым?

- Я пакiнула дубровы

Ў iх уборы каляровым,

А цяпер, - зязюля кажа,

Трэба мне зноў у ляску

Ды на кажным на сучку

Будзiць лiсьцiкi: ку-ку !..

За зязюляй журавель

Кажа: - Я на поплаве

Шмат быў восеньню пакiнуў

I брусьнiц, i журавiнаў,

А цяпер-жа, ля ракi

Анi ягадкi!..

- Гэта, пэўна, вераб'i,

Кажуць ластаўкi,

На палёх

I на лугох

Усё папсавалi

Перапiлi, пераелi,

Пераласавалi...

Дальше