Лiтаратурныя творы з казачнымi матывамi (на белорусском языке) - Автор неизвестен 6 стр.


- Што сталася з нашым дубам? Што будзе з нашым домам? - гаварыла бусьлiха, закiнуўшы нос высока ўгару.

- Ой, мiлыя! Як апекавалiся над iм! Як лячылi! - адказала буслам сарока-шчабятуха.

- Апекавалiся, лячылi! - з гораччу перадражнiў яе бусел: - заапекавалi i залячылi! Давай, жонка, самi будзем даваць раду нашаму дубу.

Разбурылi яны заслону, сатканую зь дзеразы, ськiнулi з старой галавы дубу каптур, павыцягвалi канапатку з дубовых шчылiн.

Дыхнуў дуб сьвежага паветра, i адразу лягчэй стала яму. А калi прайшоў дождж i напаiў сухое нутро дубу спажыўнаю вiльгацьцю, ён зусiм акрыяў. Зазелянела на iм лiсьце, а пад канец лета на дубе вырасьлi i жалуды.

- Дзякую вам, дзецi мае, - зьвярнуўся дуб да сваiх жыхароў, - вы адсланiлi мне сьвет, i я нiбы другi раз прыйшоў у яго. - А потым усьмiхнуўся i дадаў:

- Усюды i ўва ўсiм трэба мець розум i ведаць меру.

Якуб Колас

СТАКАЗА

Калi абмiнуць мала патрэбныя або зусiм непатрэбныя словы (а iх, нажаль, вельмi многа), дык можна проста сказаць: такое прыгожае возера, з такiмi прывабнымi берагамi - то высокiмi, то адхоннымi з купчастымi дубамi i соснамi на краёх возера - рэдка сустрэнеш.

Надзвычай ясная, спакойная ранiца выдалася ў гэты дзень. Возера лагодна пакалыхвала свае хвалi, i каб пачуць iх шум, трэба было дужа ўважлiва прыслухоўвацца да гамонкi дробных хваляў, што, як срэбра, пералiвалiся на сонцы. I толькi палоска танюсенькай белай пены, нiбы карункi на падоле маладзiцы, пакiдала возера ўздоўж свайго берагу. Тым, хто сядзеў у гэты час над возерам i любаваўся жывым срэбрам яго дробненькiх скалак-хваляў i ўслухоўваўся ў iх музыку, давялося пабачыць надзвычай цiкавы малюнак: зь пясчанага i няглыбокага дна возера выпаўзалi на бераг дзiўныя зеленаватага колеру нейкiя iстоты, падобныя да вадзяных жукоў. Выпаўзшы з возера, жукi некаторы час нярухома сядзелi на цёплым пясочку... I тут, на вачах, зь iмi адбывалася дзiўная зьмена: шкарлупiна раськiдалася, спаўзала, i з жука выклёўвалася маладзенькая, далiкатная страказа з празрыстымi, бы сьлюда, крыльцамi.

Момант пасядзеўшы, яна разгортвала крыльцы i жвава падымалася ў паветра. Так нараджалася новае стварэньне. Праз пару хвiлiн цэлы рой розных рухавых стракозак закружыўся над возерам i яго берагамi i далёка над полем. Як радасна i весела пачыналася маладое жыцьцё! Здавалася, канца ня будзе яго радасьцi. Стракозкi мiтусiлiся ў паветры, ганялiся адна за другою, лавiлi камарыкаў, сутыкалiся ў паветры. Навет не заўважылi, як сонца пачало сьхiляцца на захад i ўсё нiжэй, нiжэй спускацца над зямлёю, а потым i зусiм схавалася за лесам. У паветры значна пахаладзела, пацягнула вiльгацьцю. Кропелькi яе сталi выступаць на празрыстых крыльцах стракозак, ад чаго i лятаць iм стала значна цяжэй. Страх агарнуў маладых стракозак, бо яны ня ведалi жыцьця - гэта быў першы дзень яго, першы дзень iх веку. Адна стракозка, абцяжараная кропелькамi расы, ледзь-ледзь даляцела да альховага кусьцiка, што стаяў над возерам, i прысела на яго лiсьцiк у самым зацiшным месцы. Яна вельмi перапалохалася i думала, што жыцьцё яе ўжо скончылася. А ноч была сьвежая, халодная. "Канец!" - думала стракозка. Але назаўтра мрок разьвеяўся, пасьвятлела, i нарэшце ўзыйшло сонейка. Яно абсушыла завiльгатнелыя крыльцы стракозкi, што прытулiлася на альховым кусьцiку над возерам. Яна акрыяла. Да яе вярнулася жыцьцёвая сiла. Мала паслухмянымi лапкамi яна пасьцiрала рэшткi расы на крыльцах. Вядома, ёй дужа памагло сонца. Стракозка зусiм ачуняла. Яна пачула сiлу, i ёй захацелася пагуляць, пакружыцца ў паветры, дзе ўжо мiтусiўся цэлы рой стракозак.

Наступны вечар, мрок, вiльгаць i прахалода ўжо не палохалi яе, бо яна ведала, што надыйдзе новы дзень. I была ўпэўнена, што так будзе i далей i назаўсёды.

Але яна моцна памылiлася, бо таго дасьветчаньня, што прынесьлi ёй два-тры днi добрага надвор'я, было вельмi мала, каб цьвяроза i разумна глядзець на жыцьцё i надалей.

На сьвеце вечнага няма нiчога. Жыцьцё мяняецца. Адна яго форма зьмяняе другую, i так бесьперастанку - такi ўжо закон жыцьця. I гэтак здарылася i тут. Надвор'е зьмянiлася. На неба наплылi хмары i ахiнулi яго. Падзьмуў халодны вецер, некалькi дзён падрад лiлi дажджы. Бедная стракозка, празь меру даверыўшыся альховаму кусту, што стаяў над возерам i на якiм правяла яна некалькi начэй, зусiм акалела ад холаду. Узыйшоўшае праз колькi дзён гарачае сонца ўжо не магло ажывiць зусiм акалелую стракозку. I не давялося ёй ужо весялiцца ў празрыстым паветры. Вестка аб тым, што стракозка загiнула, абляцела бераг шматвяковага возера. Магутны дуб, што стаяў над возерам, сумотна зашумеў сваiм шатрыстым верхам i сказаў:

- Беднае ты стварэньне, стракозка! Чаму ты загiнула бяз часу? А таму, што адным альховым кустом ня можна замыкаць i абмяжоўваць свайго жыцьця. На сьвеце ёсьць шмат прытульных куточкаў i сховiшчаў, дзе можна перачакаць i схавацца ад розных нягодаў.

Якуб Колас

ЖЫЎ-БЫЎ ВОЖЫК

Пачынаецца казачка так:

Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр... Ды ня той, пра якога хачу расказаць, а другi, зусiм iншы - вялiкi, стары. А нашага Тупчыка тата злавiў у лесе i прынёс у кiшэнi дахаты. I гэта ня казка, а праўда.

Я быў тады яшчэ такi малы, што навет не хадзiў у школу.

Тупчык быў таксама малы, круглы, як шэры клубок, i калючы.

Тата вярнуўся зь лесу i сказаў:

- Ну, Лёнiк, я прынёс табе яблык.

Ад радасьцi я забыўся, што яшчэ вясна, што яблыкаў яшчэ няма, i ўсадзiў руку ў татаву кiшэню.

- Ай! - ускрыкнуў я, укалоўшы аб нешта пальцы. I хацеў ужо навет плакаць, але тата мой засьмяяўся.

- Дзiвак-чалавек, укалоў ды злуецца! - сказаў ён. - Ды гэта-ж лепей за яблык, ты паглядзi!

I ён выняў зь кiшэнi маленькi калючы клубочак.

Спачатку вожык наш нiяк не называўся. Ён навет разгортвацца не хацеў: як палажылi яго ў куточку, пад маiм ложкам, так i ляжаў. Не на голай падлозе, а на моху. Тата сьцягнуў граблямi iз страхi старога хлява тры купiны моху, паслаў у кутку, i вышла пасьцель.

Мох зялёны, пушысты i цёплы. А шэры клубочак ляжыць на iм i нiяк ня хоча разгортвацца. Я налiў яму ў сподачак малака i паставiў ля самага моху. А вожыку хоць-бы што.

Тады я лёг побач зь iм на падлозе i хацеў ляжаць, пакуль ён не разгорнецца.

На дварэ зьмяркалася i пад ложкам рабiлася цёмна,

- Дурненькi ты, - сказала мама. - Ты яго толькi не чапай, ён i сам малако тваё знойдзе.

I праўда, толькi я лег у ложак, i ў хаце зрабiлася цiха, як у куточку пад ложкам нешта цiхенька заварушылася i пачало вось гэтак чмыхаць:

- Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!

А потым па дошках падлогi затупацелi маленькiя мяккiя ножкi.

- А што, не гаварыла я, - сказала мама. - Не палохайце яго, дык ён i малако пачне хлябтаць.

I праўда, мы памаўчалi, i неўзабаве пачулася, што нехта маленькi хлёбча. Ня так, як кот, а так, як парасяты, - плямкае.

- Ой, тата, я пагляджу.

Тата даў мне запалкi. Я цiхенька зьлез на падлогу, укленчыў, нагнуўся пад ложак i выняў з карабка запалку. Але як толькi запалка чыркнула i засьвяцiла, каля сподка я ўбачыў той самы калючы клубочак. Ды ён ужо ляжаў не на моху, а на голай падлозе, i малака ў сподачку было менш, як раней...

Клубок тупацеў усю ноч, i за гэта мы пачалi называць яго Тупчыкам. А за тое, што ён хутка перастаў баяцца i ня згортваўся больш, калi я пазiраў на яго, я нiколi не забываўся даваць яму есьцi.

Спачатку даваў толькi малако, а потым аднойчы разьбiў яму на сподачак яйко. Тупчык лiшне не казырыўся, - панюхаў трошкi i пачаў хлябтаць.

З нашым цюцiкам Мурзай ён не хацеў сябраваць. Як толькi ўбачыць яго - у клубочак, i ўсё. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых iголак, заматаў галавой i фыркнуў - не спадабалася. Тады ён прысеў, абняў клубочак лапамi i паспрабаваў яго ўкусiць. Але зноў укалоўся, ды гэтак балюча, што зазлаваў i пачаў уядацца, брахаць. Скакаў, скакаў вакол клубка, а потым яшчэ раз асьмелiўся дакрануцца. Ударыў клубочак лапай, як кот па мячыку, заскуголiў, адбегся i лёг.

"Добрыя гулi, - хацеў ён сказаць, - я забаўляцца з табой хачу, а ты нягодны, колешся".

Ды ён не сказаў гэтага, а толькi лiзаў сваю лапу i скардзiўся, хныкаў.

Вусаты кот Фядот любiў грэцца на сонцы, калi яно сьвецiць у хату. Сядзе на падлозе, нажмурыцца i мурлыча. На Тупчыка ён i глядзець не хацеў, ня толькi што зь iм гуляць. I навет калi клубочак разгарнуўся аднойчы, сам падыйшоў да ката i, наставiўшы лычык, панюхаў, наш Фядот толькi лыпнуў спрасонку вачыма, i ўсё, больш нiчога. Сядзiць сабе, дрэмле, мурлыкае.

Няма зь кiм Тупчыку пасябраваць.

I стала вожыку сумна.

У кухнi нашай жыла квахтуха з куранятамi. Спачатку яны былi маленькiя, нiбы камячкi жоўтага пуху, i ўсё пiшчэлi, дзёўбалi тварог i мiтусiлiся па зямляной падлозе кухнi, як сонечныя зайчыкi. А потым падрасьлi, квахтуха пачала вадзiць iх на двор i толькi начаваць прыходзiла ў кухню. Сядзе пад лавай, затулiць iх крыльлем, яны пацiўкаюць трохi i сьпяць.

I вось Тупчыку стала зайздросна. Уночы ён цiха залез пад квахтуху, прымасьцiўся пад цёплым крылом i давай ад радасьцi варушыцца. Кураняты прачнулiся i зацiўкалi. Квахтуха хацела пашкадаваць iх, мацней прытулiлася крыльлем i раптам закрычала так моцна i так спалохана, што ўсе мы ў хаце прачнулiся.

Як толькi мама запалiла лямпу, мы ўбачылi, што квахтуха ўсхапiлася, сонныя кураняты зь пiскам рассыпалiся па кухнi, а ў кутку, на тым месцы, дзе яны сядзелi, застаўся шэры калючы клубок. Квахтуха пазнала яго, узлавалася i дзюбнула - моцна, балюча.

- Ну, вось, - казала мама, выносячы Тупчыка з кухнi, - вось ты i зарабiў. Бачыш, чаго табе захацелася, жэўжык.

Каб жэўжыку было весялей, я зьняў аднойчы iз сьцяны люстэрка i паставiў яго на падлозе. А ён тупаў па хаце i ўдзень, не баяўся нiкога. Падыйшоў да люстэрка, наставiў лычык, паглядзеў i надзьмуўся. Каб пастрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, i вось яны абодва разам зрабiлi:

- Пых!

Мы засьмяялiся, тата i я, а вожык вельмi зьдзiвiўся. Што такое?.. Паглядзеў, паглядзеў у люстэрца, асьцярожненька дакрануўся чмысiкам да шкла i як быццам усё зразумеў. Адыйшоўся i больш не глядзеўся ў люстэрка.

Тады тата сказаў мне:

- Лявон...

Заўсёды мяне называлi Лёнiкам, але як толькi тата хацеў пагаварыць зы мной, як з дарослым, ён гаварыў мне Лявон.

- Ведаеш што, Лявон, - сказаў ён тады, - давай мы выпусьцiм вожыка, га?

- А навошта? - зьдзiвiўся я.

- Як навошта? Ён пойдзе да iншых вожыкаў.

- Ну й што?

- Як што? Зробiць сабе хатку й будзе сабе жыць. I яму будзе там вельмi добра й весела, ня то што ў нас. Што ты скажаш, Лявон?

- I панясём яго з табой у лес? - спытаўся я.

- Навошта ў лес? Пусьцiм у грады, а ён ужо сам куды захоча, туды й пойдзе.

I мы занесьлi Тупчыка ў вагарод.

... Кажуць, што малы я быў вельмi пацешны, што ў той вечар я выйшаў на вулiцу i там, дзе стаялi мужчыны, сказаў:

- Добры вечар. Хочаце, дык я вам казку скажу.

- Ну, скажы.

I я сказаў:

- Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр.

- Што, i ўсё?

- Ну, пэўна-ж усё.

- Дык што-ж гэта за казка?

- А я вам ня казку хацеў расказаць, а праўду.

I кажуць, што я расказаў iм пра Тупчыка, як яму цяпер весела, добра на волi.

Янка Брыль

ВЭТЭРЫНАР

Нашу Сiўку нешта трывожыла. Прыдзеш у хлеў пасьля ночы, дык пад нагамi ў яе кола вытаптана, як ля малатарнi, а сама яна пасусьлена ўся, пад пахамi мокра i грыва паплецена ў коскi, ды гэтак хораша, быццам знарок.

Прабавалi ўсялякай рады. Усiх шаптух абхадзiлi. Адна шаптуха параiла ўзяць чырвонай бульбы зь белымi вочкамi, якая завецца вар'яткай, нацерцi яе на тарку i мазаць Сiўку нанач. Другая параiла, каб апоўначы верхам на Сiўцы аб'ехаць тры разы навакол могiльнiка. Але нiшто не дапамагло.

Узлаваўся наш тата.

- Ну iх, - кажа, - з шаптухамi! Толькi ўсё сала ды крупы зьвёў. Паеду заўтра па вэтэрынара, што ён скажа, паглядзiм.

- Што ён табе паможа, вэтэрынар гэты! - засупярэчыла мама, ды тата сказаў ёй, што "не твая гэта справа", i паехаў. Чакалi мы, чакалi. Мама i стол заслала настольнiкам, i хату разы два перамяла, i хвартух новы падвязала. А ўжо толькi ўвечары лах-лах калёсы: узьязджае наш тата на двор. Уваходзiць у хату, а на руках у яго маленькi сiвенькi козьлiк.

- Вось вам i "вэтэрынар" - кажа тата. Разьвязаў казлу ножкi i пусьцiў яго на падлогу. У козьлiка - рожкi i пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.

- Дык гэта ты - "вэтэрынар"? - скубануў я яго за бародку. А ён таўхель мяне рогам, i мы ўсе ў рогат: i тата, i мама, i я.

- Сiўку трывожыць ласiца, - кажа тата, - мне вэтэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела, а тады пот яе смокча. Ласiца вельмi казiнага паху баiцца, адразу ня пойдзе. А шаптухi нямаведама што раiлi. Туманяць вочы, дый толькi.

- Ну, будзем бачыць, - сказала мама тату, - што ты iз сваiм казлом вымудруеш.

А козьлiк, мусiць, ня ведаючы, што аб iм iдзе гутарка, скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на комiне ды "ме-е-е-"! Першы раз, такiм тонкiм, дрыжачым голасам.

Ах ты, свавольнiк!

* * *

Памясьцiлi козьлiка зь Сiўкай разам.

З таго часу ласiца перастала Сiўку i ганяць, i косы заплятаць у грыве. Толькi козьлiк пасьля ночы стаiць цi ляжыць змучаны, сам ня свой, ды толькi тоненька, дробненька: "Ме-е-е!"...

- О бедны мой "вэтэрынар"! - жартую я, ды яму не да сьмеху. Пасьля-ж i яго пакiнула ласiца, зусiм адчапiлася. Спаць прымасьцiўся ён у Сiўчыным катуху, на сене. Сiўка спачатку пырхала на яго i тулiла вушы, а потым прызвычаiлася цi можа таксама ўцямiла, што ён яе "вэтэрынар".

Паiлi козьлiка малаком з бутэлькi, цераз соску. Угледзiць толькi - эх, бяжыць! Укленчыць i смокча, узяўшы соску на язык, толькi хвосьцiкам падрыгвае. Вельмi-ж я любiў падражнiцца зь iм гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной i мекае i тоўхаецца рожкамi ў каленi!..

Падрос козьлiк i вельмi-ж развалачыўся. Панадзiўся ў Пiлiпавы грады i ўсе капусныя высадкi абцерабiў. Ганяе яго цётка Марта i лаецца: "А каб цябе так ды гэтак!".

А дома ў нас панадзiўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам - раз, дзьверы таўхель, ськiне вечка з кубельца i чаў-чаў-чаў - есьць, толькi бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. "А каб цябе воўк заеў!" - лаецца мама. А ён забяжыць за вугол ды толькi бародку сваю высуне, цiкуе. Век-жа ня будзеш стаяць, пойдзеш, а ён тады зноў - дэб, дэб - iдзе назад.

А хiтры, хiтры!

Зьбяруцца каля нас мужчыны на вулiцы, гутараць, кураць. А ён - тыц у тое кола iз сваёй барадой, стаiць i слухае таксама. Я да яго з надворку цi з вакна:

- Эй ты, "вэтэрынар"!

А ён адвернецца - "ме-е-е!" - i слухае далей.

- Дайце вы яму, дзядзькi, закурыць! - крычу я, а мужчыны сьмяюцца. Нехта зачэпiць яго, ды ён толькi рогам штурхне i зноў слухае.

Ах ты, барадаты!

* * *

Тата паехаў да цёткi Марыi i прывёз назад нашага Жука.

Наша цётка - удава, жыве на водшыбе й вельмi-ж баiцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, i ён даў ёй Жука на ўсю зiму.

Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга ня мог супакоiцца, прызвычаiцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым - "воў, воў, воў" - пачынае выць ад сумных думак.

Козьлiк зь iм спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе цi лазiць па дварэ, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык i ня вылязе нiяк. Прыйдзе да Жукавай будкi, брэнькае, брэнькае па ёй рагамi, разбудзiць Жука, узлуе. Той толькi з будкi - "ррр!". Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваiм прыставаньнем, што Жук аднойчы ня стрываў ды хваць яго з будкi за бараду! Упяўся мой "вэтэрынар", аж вочы выпулiў, ды дзiкiм голасам - "Ме-е-е!"

- Ой, барада барада!- крычу я, бягучы ад хаты. Вызвалiў яго ад Жука, а ён мне за гэта рогам ды пад бок. А пасьля разагнаўся, каб стукнуць, ды я сьхiлiўся ўбок.

Бiцца як навучыўся нягоднiк! Мама несла ваду на каромысьле, а ён гэта ззаду падкраўся ды зьнячэўку як стукне ёй пад каленi - ажно прысела i ваду разьлiла. Каралi мы яго за гэта, а ўсяроўна не адвык.

Пасьля-ж яны з Жукам здружылiся так, што аж дзiва. Падыйдзе козьлiк да будкi - брэн, брэн рагамi, а Жук спачатку толькi - "гррр!". А потым-такi раскатурхаецца, вылязе з будкi, панюхаюцца на прывiтаньне i пайшлi гайсаць вакол двара! Палётаюць, нацешацца i да сенцаў. Стаяць абодва каля дзьвярэй, чакаюць, каб iм чаго далi. "Вэтэрынар" дык той проста прэцца ў хату цi ў кухню сам, а Жук толькi хвастом павiльвае кажнаму, хто нi выйдзе. Гэты хоць трохi сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбiцца i ў будку; прынясеш есьцi твая ласка, а не - дык i так будзе спаць. А козьлiк - ого!

I вось аднойчы яны раптам зьнiклi абодва. Апоўднi толькi прыбягае Жук адзiн. Вiляе, вiляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды ня можа.

- Дзе-ж ты, нягоднiк стары, козьлiка дзеў? - накiнулася мама. - Скавычы вось цяпер, як сабака, адзiн. Сорамна, цьфу!

I што-ж, Жук i праўда стулiўся, прыгорбiўся, быццам ад сораму, i моўчкi палез у будку.

* * *

Дзень няма козьлiка, другi няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так i падумалi, што ён зьгiнуў назаўсёды.

Аднак на другiм ужо тыднi дачуваемся, што наш "вэтэрынар" жывы, што ён ажно ў Лядах - трэцяй вёсцы ад нас па дарозе да цёткi Марылi. Вось лiха няўжо яны йшлi туды?..

Я гэта за кiёк i пайшоў у Ляды, кiлёмэтраў зь пяць па гасьцiнцы. Прышоў, iду па вёсцы. Хацеў толькi каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козьлiк, ажно бачу: на нейчым дварэ, у садку, стаiць мой "вэтэрынар!" Стаiць пад яблыняй дыбка i ўсьпiнаецца, каб дастаць на галiнцы лiсток. А вокал яго дзецi.

- "Вэтэрынар!" - гукнуў я яшчэ ад варот. А ён - пазнаў, нябось, - ме-е-е!" - i бяжыць мне насустрач.

- А што, паслухаў, схадзiлi? У прочкi хацеў уцякаць!

А ён штурхель мне рагамi. Таксама хацеў-бы нешта сказаць ды ня можа.

Вышла з хаты жанчына, тая самая, мусiць, Янкава Стэпка, ды кажа:

- Гэта-ж я вось раненька вышла на вёску, а ён ляжыць на мастку i ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, вiдаць. Я гэта за рогi яго ды дахаты. А чорны сабака таксама, мусiць, ваш - за мною "грр!". А я гэта хвартух расьперазала ды як махну на яго, дык ён i пабег ад мяне. Доўга круцiўся каля нашай хаты, пакуль малыя, каровы гонячы, не патурылi яго зь вёскi. А гэты, вось бачыш, прывык.

Цётка, дык тая нiчога, - бяры, - кажа, калi ён ваш, - але ад малых я ледзь адпрасiўся: прывыклi да казла, не аддаюць.

Начапiў я козьлiку аборачку на рогi i павалок з двара.

Мне дахаты сьпяшацца трэба, а "вэтэрынар" - хоць ты яму што хочаш: дрэ-дрэп ды годзе. Папасу я яго трохi каля прысад i далей. Ужо зусiм пад вечар дабрылi мы дахаты.

Назад Дальше