- Я напаў на твой след якраз тады, калi ты выдаваў яе замуж, дзевяць месяцаў назад... Слухай, дзiцяцi ў iх яшчэ няма?.. Дык ты, значыць, такое закацiў вяселле, што пiсалi пра яго ажно на першай старонцы "Вара"*... Газета выходзiць у Тулоне, га?.. Уяўляеш, мне сустрэўся ў Адыс-Абебе, адкуль ты i атрымаў першую паштоўку, тып з гэтых мясцiн, якi пражыў у Афрыцы дваццаць гадоў i ўсё яшчэ падпiсваецца на вашу газету... Вось у адным з яе нумароў я i напаткаў тваё iмя... Тут i ўспомнiўся шчыточак...
* Вар - дэпартамент на паўднёвым усходзе Францыi.
Ён нахмурыў бровы. Твар у яго пасуравеў. Ён глядзеў Лябро ў самыя вочы позiрк у яго быў i люты, i адначасна насмешлiвы.
- Прыгадваеш, га?..
Памаўчаўшы крыху, Жуль, хоць i груба, ды ўсё ж зычлiва дадаў:
- Давай пi вiно... Пад страхам смерцi, чуеш?.. Я ад гэтых слоў не адракуся... Пi, я табе кажу!.. Гэта, браток, усяго толькi вiно, а будзе яшчэ i ром... Як яе зваць, афiцыянтачку?..
- Жажо...
- Жажо?.. Хадзi сюды, прыгажуня... I прынясi нам другую бутэльку... У Аскара вельмi ўжо ў горле сушыць...
II
Кожныя пяць хвiлiн аднаногi выпiваў адным глытком шкляначку вiна i загадваў Лябро такiм тонам, што пярэчыць нiяк было нельга:
- Дапiвай, Аскар!
I Лябро пiў. Пасля трэцяй бутэлькi ён ужо ледзь бачыў стрэлкi гадзiннiка на званiцы царквы: было цi то дзесяць гадзiн, цi то адзiнаццаць. А Жуль, адкiнуўшыся ў крэсле, палiў i палiў да самага канца цыгаркi, якiя ён сам скручваў, i бурклiва дапытваў Лябро:
- Адкуль ты?
- З Пон-дзю-Ляса... Гэта непадалёк ад Тулона...
- Ведаю! А я з Марселя, з квартала Сэн-Шарль, - радасна ўсмiхнуўся Жуль. Але ў радасцi гэтай, як, зрэшты, i ва ўсiх астатнiх праявах ягоных пачуццяў, было i нешта жахлiвае. Нават калi ён прыкметна мякчэў у гаворцы, то ўсё роўна глядзеў на Лябро, бы на мураша, якога збiраўся вось-вось раздушыць.
- Бацькi багатыя?
- Бедныя... Так сабе... Не, хутчэй бедныя...
- Як i ў мяне. Вучыўся ты дрэнна - iду ў заклад. З матэматыкай заўсёды было кепска. Зноў жа - як i ў мяне!.. Дапiвай! Кажу табе, ну!.. Як ты трапiў у Габон?
- З адной марсельскай фiрмы, пасля службы ў армii.
Жуль спытаўся ў Лябро i пра ўзрост. Выявiлася, што Лябро быў на год старэйшы - i гэта вельмi ўзрадавала аднаногага.
- Урэшце, мы маглi сустрэцца на якiм-небудзь параходзе, а яшчэ раней у армii... Весела было б, га?.. Яшчэ пляшку, мiленькая...
Лябро ўжо дрыжаў ад адной думкi, што яму яшчэ прыйдзецца пiць.
- Не бойся! - засмяяўся Жуль. - У мяне норма. Дый табе лепш, калi я набяруся: убачыш тады, якi я чуллiвы...
I ўсё гэта было на вачах у людзей: адны заходзiлi да Марыса выпiць, другiя гулялi на вулiцы ў шары. Усе ведалi свайго былога мэра, але дапамагчы яму не мог нiхто. Лябро махалi рукою, клiкалi яго, але адзiнае, што мог ён зрабiць, гэта вымушана ўсмiхнуцца.
- Значыцца, калi ты так брыдка абышоўся са мною, табе было дваццаць два гады... Як ты апынуўся ў балотах Мбале?
- Фiрма даручыла наладзiць у тамтэйшых селiшчах збор пальмавага алею.
- Такой спякоты, як там, я больш нiдзе не сустракаў... Сама малярыйны экватарыяльны лес... Але ж ты не адзiн там быў?..
- Са мною былi яшчэ кухар i два весляры.
- I ты згубiў сваю пiрогу?.. Адказвай?.. Чакай... Выпi спачатку... Выпi, або раструшчу табе галаву!
Лябро цераз сiлу пiў. Усё яго цела пакрывалася потам, як некалi ў час службы ў Габоне, але гэты пот быў халодны. Аднак зманiць смеласцi не хапiла. Ён шмат думаў з таго часу пра гэты выпадак з Жулем - i ўдзень, i ўначы, калi не спалася. Каб не гэтая афрыканская гiсторыя, ён мог бы лiчыць сябе сумленным чалавекам, нават шчаслiвым чалавекам. Успамiн аб ёй прыходзiў кожныя два-тры месяцы, працiнаў душу знянацку i стаў ягоным сапраўдным кашмарам.
- Я не губляў пiрогi, - прызнаўся Лябро.
Жуль глядзеў на яго, нахмурыўшы бровы, i не мог паверыць таму, што пачуў.
- Дык што ж ты тады?..
- Была страшэнная задуха... Мне здалося, што ў мяне лiхаманка... Тры днi ледзь паспявалi адмахвацца ад камароў...
- Я таксама...
- Мне было дваццаць два гады...
- Мне таксама... Яшчэ менш: дваццаць адзiн...
- Я не ведаў Афрыкi...
- А я?.. Пi!.. Пi, я табе сказаў!.. У цябе была пiрога, i, нягледзячы на гэта...
Цяпер, праз многiя гады, пан Лябро, былы мэр Паркэроля, i сам не мог зразумець свой колiшнi ўчынак.
- У мяне быў мурын, вясляр з племенi пагу... Ён сядзеў зусiм блiзка ад мяне, i ад яго нясцерпна смярдзела...
Гэта i была сапраўдная прычына ягонага злачынства. Бо Лябро ўсведамляў, што зрабiў злачынства, i не шукаў сабе апраўдання. Калi б трыццаць гадоў назад ён проста забiў чалавека, то, мажлiва, i не пакутаваў бы гэтак праз тое цяпер. Але ягоны ўчынак быў горшы за забойства - i Лябро разумеў гэта.
- Расказвай далей, - утаропiўся ў яго Жуль. - Значыцца, ты, паскуда, не любiш, як пахнуць пагу...
Лябро ўспамiнаў.
Балоты Мбале... На паверхнi мутнай вады лопаюцца велiзарныя бурбалкi... Усё кiшма кiшыць кракадзiламi, змеямi i ўсялякай iншай брыдотаю... I нiдзе нi купiнкi цвёрдай зямлi - толькi балота, такое зарослае дрэвамi i кустоўем, што ледзь удавалася прадзiрацца скрозь гэты гушчар... I ўдзень i ўначы камары, а кусалiся яны так балюча i небяспечна, што ён не здымаў з твару маскiтнай сеткi, пад якой проста задыхаўся...
Можна было плыць цэлымi тыднямi i не сустрэць нiводнай халупы, нiводнага чалавека... I тут ён убачыў раптам схаваную памiж карэннямi мангля* пiрогу, а на ёй - маленькi шчыток з надпiсам:
"Лодку не браць - пад страхам смерцi.
Жуль".
* Мангль - трапiчнае дрэва, якое расце на iлiстых берагах i мае спецыфiчныя паветраныя каранi, што iдуць ад ствала i галiн у глебу.
Словы "пад страхам смерцi" былi двойчы падкрэсленыя. Гэта i выклiкала ў Лябро смех.
Тут, у гушчары экватарыяльнага лесу, за сотнi кiламетраў ад усякай цывiлiзацыi, ад блiжэйшага жандарскага паста, гэтае папярэджанне, напiсанае друкаванымi лiтарамi, здавалася вар'яцкiм. Вось яму i прыйшла ў галаву не менш вар'яцкая думка, якая магла нарадзiцца хiба што ў гэтай саракапяцiградуснай спякоце. Ногi ў яго зацяклi, бо ў цемнаце ён вымушаны быў падкурчваць iх пад сябе. Ад мурына нясцерпна смярдзела - той невядома калi апошнi раз мыўся... А калi ён возьме гэтую пiрогу i прывяжа яе да сваёй, то застанецца ў лодцы зусiм адзiн да самага канца падарожжа i не будзе больш чуць, як смярдзiць ягоны вясляр...
"Пад страхам смерцi?" Вось i добра! Якраз таму i вазьму, што пад страхам смерцi!
- I ты яе ўзяў?
- Я прашу ў вас прабачэння...
- Я ўжо сказаў табе, каб ты быў са мною на "ты"... Памiж намi гэта больш натуральна... А я якраз у той самы момант пайшоў раздабыць што-небудзь паесцi, бо здыхаў ужо з голаду некалькi дзён... I вось, вярнуўшыся назад да пiрогi, апынуўся раптам у становiшчы вязня на выспе...
- Я не ведаў...
Але гэта было яшчэ не ўсё. Лябро не толькi ўзяў чужую пiрогу, але i дадумаўся нават брыдка адказаць яе невядомаму гаспадару. Узяў i напiсаў на тым самым шчытку, якi пакiнуў на месцы ўкрадзенай пiрогi:
"С... я на цябе!"
I, смеючыся, падпiсаўся: "Аскар Лябро".
- Я прашу ў вас прабачэння, - паўтарыў цяпер ужо пяцiдзесяцiгадовы Жулеў злоснiк.
- Адзiн, у балоце, - узiраўся ў Лябро Жуль, - сярод кракадзiлаў... Што б, цiкава, рабiў на маiм месцы ты?.. Га?..
Лябро не ведаў, куды i дзецца.
- Адзiн, - працiнаў яго сваiм позiркам Жуль, - сярод змей i велiзарных ядавiтых павукоў... Я быў там зусiм адзiн, ты разумееш?.. Мурыны-насiльшчыкi кiнулi мяне яшчэ за некалькi дзён да таго... Ты сволач, Аскар...
- Але...
- Сволач жудасная, якiх пашукаць... Аднак, гляджу, цяпер ты шчаслiвы...
Сказаўшы гэта, Жуль паглядзеў на прыгожы ружовы дом у геранi, на панi Лябро, якая час ад часу падыходзiла да акна - выглядала, цi не вяртаецца муж дамоў.
Лябро не было чаго сказаць у адказ. Не стане ж ён сцвярджаць адваротнае: гэта была б няпраўда.
Пастукаўшы па драўлянай назе, Жуль сказаў:
- Там я нагу i пакiнуў...
Лябро не асмелiўся нават спытацца, як гэта здарылася: цi яе адкусiў кракадзiл, цi гэта вынiк якойсьцi iнфекцыi.
- З таго часу што толькi я нi рабiў, каб не здохнуць з голаду... Ты не думаў, чаму я не выправiўся да цябе напрасткi адразу ж пасля першай паштоўкi?.. Да цябе з Адыс-Абебы не так ужо i доўга дабiрацца... А таму, што ў кiшэнi ў мяне не было нiводнай манеты, i я павiнен быў увесь час адкладваць нашу сустрэчу, каб зарабiць на хлеб i дарогу... З гэтым паленам, ты разумееш? - зноў дакрануўся Жуль да драўлянай нагi.
Але цяпер позiрк у яго не быў ужо такi пагрозлiвы, як гадзiну назад. Часам, гледзячы на iх, можна было сказаць, што гэта сядзяць старыя сябры.
Раптам Жуль прыўзняўся, нагнуўся над Лябро i, схапiўшы яго за каўнер халата, прахрыпеў:
- Яшчэ пляшку!.. Але, я п'ю... I ты будзеш пiць са мною кожны раз, як я таго захачу... Не так ужо i шмат я патрабую, га?.. А што ў цябе з вокам?
- Няшчасны выпадак, - адказаў Лябро, усё роўна як саромеючыся таго, што не страцiў гэтае вока ў тым самым лесе, у якiм Жуль страцiў нагу.
- Якi выпадак?
- Адкаркоўваў бутэльку... Бутэльку з воцатам, жонка папрасiла... Рыльца адскочыла, i асколак шкла трапiў у вока...
- Ну i ну!.. А ты доўга яшчэ заставаўся ў Афрыцы?
- Дзевяць гадоў... Усяго тры кантрактныя тэрмiны па тры гады, разам з адпачынкам. Пасля мяне перавялi ў Марсель.
- Тут ты i стаў вялiкiм начальнiкам? Дырэктарам, здаецца?
- Намеснiкам дырэктара... Пяць гадоў назад я пайшоў на пенсiю, з-за вока...
- Багаты, мусiць?.. Грошы, вiдаць, не лiчыш...
У Лябро з'явiлася надзея. А што, калi адкупiцца грошамi? Чаму не? Нават пасля суда, калi выносяць смяротны прысуд, i то не заўсёды вядуць на гiльяцiну. Ёсць катарга, турма, штраф, нарэшце.
Чаму б не заплацiць штраф?
Але адначасна з надзеяй прыйшла i трывога. Лябро не ведаў апетытаў гэтага аднаногага i баяўся назваць першы суму, на якой яны маглi б пагадзiцца.
- Жыву няблага, - адказаў асцярожна Лябро.
- Рэнту ж маеш! Якi пасаг даў ты за Iвонаю?
- Хацiнку ў Гiеры.
- А ў цябе яшчэ ёсць такiя хацiнкi?
- Ёсць... Дзве. Невялiкiя...
- Ты, напэўна, скупы?
- Не ведаю...
- Зрэшты, гэта не мае значэння, бо нiчога не мяняе...
Што ён хацеў гэтым сказаць? Што яму не патрэбныя грошы? Што прагне выканаць свой колiшнi прысуд?
- Ты разумееш, Аскар, я, калi ўжо што вырашыў, нiколi не перадумваю. Слова даю адзiн толькi раз! Хiба што цяпер у мяне ёсць час...
Але, думаў Лябро, гэта не сон, а праўда. I плошча - хоць i цьмяна ён яе бачыў цяпер - стаiць на месцы. I галасы ў кавярне i на тэрасе былi знаёмыя.
Праходзячы мiма кавярнi па вулiцы, Вiяль, босы, з сеткаю на спiне, спынiўся i крыкнуў:
- Пан Лябро! Лодка ў парадку!
- Дзякуй, Вiяль, - адказаў машынальна Лябро.
Нiхто, вядома, i не падазраваў, што ён, iх добры знаёмы, былы iх мэр i паважаны на выспе чалавек, - асуджаны на смерць. I якiм чынам асуджаны - горш ужо i не прыдумаеш!
У судзе хоць ёсць адвакаты. Журналiсты, якiя даюць у друку паведамленнi аб ходзе працэсу. Нарэшце, рашэнне суда можна абскардзiць. I апошнi злачынца можа выклiкаць спачуванне цi нават нейкiя сiмпатыi. А тут...
- Урэшце, гэта будзе залежаць ад таго, што за жыццё будзе ў мяне на тваёй выспе, ты разумееш?
Не, Лябро нiчога не разумеў. Бачыў адно, як зноў налiваў яму Жуль у шклянку вiно. Няўмольны погляд прымусiў паднесцi шклянку да вуснаў i зноў пiць...
А Жуль ужо крычаў:
- Жажо, паўтарыць!
Лябро зусiм атупеў. Пяць бутэлек - гэта ўжо занадта. Ды яшчэ ранiцай! Ён нiколi i за тыдзень столькi не выпiваў. Страўнiк у яго яшчэ з Афрыкi быў не ў парадку.
- А нумар мой нiчога, га? - спытаўся Жуль. - Спадзяюся, плошчу з яго вiдаць?
- Вядома... Пайду скажу Марысу...
З'явiўся шанц хоць на якую хвiлiну адысцi ад гэтага невыноснага тыпа, пастаяць аднаму ў цяньку, перадыхнуць крыху ад яго няўмольнага, здзеклiвага позiрку. Але толькi Лябро прыўзняўся, як аднаногi паклаў яму на плячо сваю цяжкую, бы свiнцовую, руку.
- Паглядзiм яшчэ... Мажлiва, мне тут спадабаецца, i тады нам хопiць часу на сёе-тое...
Цi ж не давалi гэтыя словы хоць якую надзею?
- Не думай пра гэта, Аскар. Ты яшчэ мяне не ведаеш.
Лябро не сказаў нi слова. Твар у яго быў абсалютна нерухомы, а вочы, дакладней, вока праз цёмныя акуляры нiяк нельга было разгледзець.
Дык як тады ўгадаў аднаногi, пра што ён думае?
- Я ж сказаў: "Пад страхам смерцi" - хiба не так? Га?.. Але пакуль што, у чаканнi прысуду, нiшто не перашкаджае нам пазнаёмiцца трохi блiжэй. Урэшце, мы ж зусiм не ведаем адзiн аднаго... Дык праўда, што твая жонка не надта памяркоўная?.. Iду ў заклад, што яна намылiць табе шыю, бо ты смярдзiш шынком i праседзеў тут да паўдня... У пiжаме... А дзiўна, братка, бачыць цябе ў такiм выглядзе ў гэты час... Жажо!..
- Я малю вас...
- Апошняя... Пляшку, Жажо!.. Што я табе казаў?.. А, што ў нас ёсць час пазнаёмiцца блiжэй... Рыбу разам палавiць... Нiколi не было на гэта нi часу, нi магчымасцi... Заўтра ты мяне навучыш... Як тут, бярэ?
- Бярэ.
- I ў цябе?
- I ў мяне... Як i ў iншых...
- Ну, i мы пойдзем на рыбалку... Возьмем з сабою вiна... Ты гуляеш у шары?.. Выдатна, я так i думаў... Навучыш i мяне... Мы час марнаваць не будзем!.. За тваё здароўе!.. "Пад страхам смерцi", не забывай... А цяпер я пайду спаць...
- Не пад'еўшы? - спытаўся збянтэжаны Лябро.
- Крошка Жажо прынясе мне снеданне ў нумар...
Ён устаў, уздыхнуў i, хiстаючыся, рушыў да дзвярэй, у якiя так i не патрапiў. Нехта засмяяўся, i Жуль раз'юшана агледзеў прысутных.
- Паклапацiся, Аскар, каб такога больш не было, - сказаў ён Лябро.
Пасля прайшоў праз усю залу на кухню, падняў, нi на кога не звяртаючы ўвагi, накрыўку з рондаля i гучна загадаў:
- Мне ў нумар!
- Зараз, пан Жуль!
У кавярне было чуваць, як ён стукаў драўлянай нагою па прыступках, пасля па падлозе. Мяркуючы па гуку, якi данёсся з ягонага нумара, ён адразу ж, не раздзеўшыся, упаў на ложак.
- Адкуль ён? - спытаўся Марыс, спусцiўшыся ў кавярню. - Калi гэты тып збiраецца тут заставацца...
Лябро перапынiў яго, пераймаючы тон Жуля, каб i слова супраць сказаць было нельга:
- Застанецца дык застанецца.
Пасля чаго выйшаў з кавярнi i накiраваўся дамоў праз плошчу. На ганку яго чакала жонка. Лябро, хоць i сцiснуў у кулак усю сваю волю i не зводзiў з жонкi вачэй, зрабiў усё ж некалькi добрых кругоў.
- Што гэта цябе так разабрала? Што ты робiш у кавярне ў такiх строях? паказала яна на ягоныя пiжаму i пантофлi. - Мне распавядалi, быццам нейкi тып перарэзаў трос у тваёй лодкi. Хто ён?
Лябро не мог адказаць на ўсе пытаннi адразу i таму адказаў толькi на апошняе:
- Гэта сябра. - I дадаў, нацiскаючы на склады са стараннасцю п'янага чалавека, якi хоча здавацца цвярозым: - Гэта мой лепшы сябра... Больш чым сябра... Гэта брат, ты чуеш?.. Я не дазволю нiкому...
У пяць гадзiн дня ў нумары, дзе спынiўся новы пастаялец "Ноевага каўчэга", усё яшчэ было цiха.
Калi ў той самы час звычайныя партнёры пана Лябро па гульнi ў шары пастукалiся ў дзверы ягонага дома, выйшла да iх гаспадыня.
- Тс-с! - цiха сказала яна. - Ён спiць. Вельмi стамiўся сёння...
III
Кожны наступны дзень яны выходзiлi зранку ў мора. Лодка мерна пагойдвалася на лагодных хвалях. У гэты час мора заўсёды было спакойнае, гладкае, бы атлас, - брыз падымаўся толькi праз некалькi гадзiн пасля ўсходу сонца. I марскi лазурак, i нябесная сiнь так i пералiвалiся дзiвоснымi вясёлкавымi адценнямi. А непадалёк ад "Люстраной шафы", за колькi сотняў метраў ад мыса, бы снег, бялела высачэзная скала Мэд.
Спадзяваннi аднаногага спраўдзiлiся: ён усур'ёз захапiўся рыбалкаю. Часцей за ўсё Жуль сам будзiў Лябро свiстам гадзiн у пяць ранiцы.
- Не забудзь узяць вiнца! - напамiнаў ён кожны раз.
Сеўшы ў лодку, Лябро заводзiў маторчык, i "Люстраная шафа", iрвануўшыся з месца, ускаламучвала ваду, пакiдаючы шумны след уздоўж пляжаў i бухтаў да самай скалы Мэд, непакоiла сваiм гудзеннем цiхi свiтанак.
- Насадзi мне новую пiяду! - раз-пораз гучна загадваў Жуль.
Як прынаду на Паркэролi выкарыстоўвалi ракаў-адзiнцоў, па-тутэйшаму пiядаў. Ракавiны, у якiх сядзелi пiяды, даводзiлася разбiваць малатком або каменем.
Жуль гадзiўся нават дакранацца да ракавiн. Насаджваць ракаў на кручок стала работаю аднаго Лябро. Рака нельга было паранiць, i таму апрацоўка ракавiны вымагала вялiкай далiкатнасцi, так што самому Лябро рыбу лавiць часу амаль не заставалася. Скручваючы цыгарку, Жуль кiдаў на яго позiрк.
- Як ты думаеш, Аскар: мне здалося, што...
Кожнага дня яму прыходзiла ў галаву якая-небудзь новая iдэя, звязаная са спосабам смяротнага пакарання Лябро, i ён абмяркоўваў яе з iм у сама зычлiвым тоне, усё роўна як давяраў сябру.
Аднаго разу ён сказаў:
- Спачатку я думаў задушыць цябе. Ведаеш чаму?.. Бо неяк у бары, не памятаю ўжо дзе, адна жанчына сказала мне, што ў мяне рукi забойцы, якi ўжо задушыў не аднаго чалавека. Дык цяпер добры выпадак паспрабаваць, га?..
Ён прыглядаўся да шыi Лябро, пасля пазiраў на свае рукi, круцiў галавою.
- Не, наўрад цi я буду душыць цябе...
Перабiраў уголас усе магчымыя варыянты смяротнага пакарання.
- Калi я цябе ўтаплю, ты будзеш такi непрыгожы ў труне... Мне агiдна пра гэта думаць... Ты калi-небудзь бачыў тапельца, Аскар?.. А цябе ж i цяпер прыгажуном не назавеш...
Апусцiўшы вуду ў ваду, ён нерваваўся, калi не торгала хоць пяць хвiлiн. I тады Лябро, якi ўжо даўно перастаў малiцца, пачынаў прасiць Бога, каб той паслаў Жулю рыбы, бо баяўся, што той разлюбiць рыбалку i... Страшна было падумаць, што тады можа здарыцца...
- Скажы, Аскар... Не, дай мне спярша пляшку... Час ужо...
З кожным днём ён пачынаў пiць усё раней i раней.
- А ведаеш, справа ўсё больш ускладняецца. Раней я думаў, што заб'ю цябе i не мае, урэшце, значэння, як я гэта зраблю, бо як ужо выйдзе ўсё, так яно няхай i будзе... Ты разумееш, што я хачу сказаць? У мяне не было асаблiвых прычын чапляцца за жыццё... Урэшце, магу табе прызнацца, што мне было б нават цiкава трапiць у турму, каб вакол мяне ўсчаўся ўвесь гэты гвалт: палiцыя, суддзi, журналiсты, прыгожыя дамы ў зале суда... Грандыёзны быў бы працэс, га?.. Я расказаў бы iм усё, што ёсць у мяне на сэрцы... А чаго толькi там няма - аднаму Богу вядома!.. Упэўнены, галаву мне не адсеклi б... А ў турме мне было б не так ужо i блага... Але ўявi: цяпер я зноў адчуў смак жыцця... Што ўсё i ўскладняе, бо цяпер мне трэба, каб я забiў цябе i мяне не сцапалi... Тры цi чатыры спосабы пракруцiў я ўжо ў сваёй галаве - ад самага пачатку да самага канца... Гадзiнамi думаю... Дзiва, дый годзе... Прадумваю кожную дэталь, спрабую прадугледзець любы магчымы паварот... I толькi пачне ўжо здавацца, што ўсё гладка, ды тут раптам - ба-ба-ах! Нейкая драбяза нiшчыць увесь план...