Азiраючыся апошнi раз на раз'езд, якога ўжо не было вiдаць, Едыгей, на сваё вялiкае здзiўленне, толькi цяпер заўважыў рыжага сабаку Жалбарса, якi дзелавiта трухаў збоку. Калi ж гэта ён паспеў прывязацца? Пры выездзе з Баранлы-Бураннага яго нiбыта не было. Каб ведаў, што ён выкiне такую штуку, прывязаў бы. Якi хiтры! Як прыкмецiць, што Едыгей на Каранары адпраўляецца некуды, дык абавязкова выбярэ момант, каб прымкнуць у спадарожнiкi. Вось i цяпер нiбы з-пад зямлi ўзнiк. Бог з iм, падумаў Едыгей. Гнаць яго назад было позна, ды i цi варта трацiць час з-за сабакi. Няхай сабе бяжыць. I, нiбы адгадаўшы думкi гаспадара, Жалбарс абагнаў трактар i прыстроiўся крыху ўперадзе i з боку Каранара. Едыгей паказаў яму пугу. Але той i вухам не павёў. Позна пагражаеш ужо, маўляў. Ды i чаму не дапускаць яго да такой справы. Грудасты, з калматай шыяй, з абрубленымi вушамi i разумным, спакойным паглядам, рыжы сабака Жалбарс па-свойму быў прыгожым i адметным.
Мiж тым розныя думкi наведвалi Едыгея на шляху на Ана-Бейiт. Паглядаючы, як сонца падымалася над гарызонтам, адмяраючы бег часу, успамiнаў ён усё пра тое ж, пра жыццё-быццё мiнулае. Успамiнаў тыя днi, калi яны з Казангапам былi маладымi i дужымi i, калi на тое, галоўнымi пастаяннымi рабочымi на раз'ездзе, iншыя не вельмi затрымлiвалiся на Баранлы-Буранным, як прыходзiлi, так i знiкалi. Iм з Казангапам часу не было перадыхнуць, таму што, хочаш не хочаш, даводзiлася, нi на што не зважаючы, рабiць на раз'ездзе ўсё, што было неабходна. Цяпер услых успамiнаць аб гэтым няёмка - маладыя смяюцца: старыя дурнi, жыццё сваё губiлi. А дзеля чаго? Так, сапраўды, дзеля чаго? Значыць, было дзеля чаго.
Аднойчы пры заносах двое сутак бiлiся не пакладаючы рук, чысцiлi пуцi ад снегу. На ноч паравоз падвялi з фарамi, каб асвятляць мясцовасць. А снег усё iдзе i вецер круцiць. З аднаго боку чысцiш, а з другога ўжо гурбу намяло. I холадна - не тое слова: твар, рукi папухлi. Залезеш у паравоз на пяць хвiлiн пагрэцца - i зноў за гэту гiблую саразекскую работу. I сам паравоз жа замяло ўжо вышэй колаў. Трое з прыехаўшых рабочых яшчэ да ночы збеглi. Ганiлi саразекскае жыццё на чым свет стаiць. Мы, кажуць, не арыштанты, у турмах i то даюць час выспацца. З тым i падалiся, а ранiцай, калi пайшлi цягнiкi, свiснулi на развiтанне:
- Эй, дураломы, хрэн вам у зубы!
Але не таму, што гэтыя залётныя малайцы аблаялi iх, а так здарылася, пабiлiся яны на тым заносе з Казангапам. Так, было гэта. Ноччу стала невыносна. Снег сыпаўся, вецер, як злы сабака, чапляўся. Няма куды падзецца ад ветру. Паравоз пару пускае, а ад гэтага толькi туман. I фары ледзь-ледзь цьму прасвечваюць. Калi тыя трое пайшлi, яны з Казангапам засталiся вывозiць снег вярблюджай валакушай. Пара вярблюдаў была запрэжана. Не iдуць, стварэннi, iм таксама холадна i мутарна ад гэтай крутаверцi. Снег на ўзбочынах па грудзi. Казангап цягнуў вярблюдаў за губы, каб яны iшлi за iм, а Едыгей на валакушы паганяў ззаду пугай. Так бiлiся яны да поўначы. А вярблюды потым упалi ў снег, хоць забi, зусiм выбiлiся з сiлы. Што рабiць? Давядзецца кiнуць усё, пакуль непагадзь сунiмецца. Стаялi яны каля паравоза, засланiўшыся ад ветру.
- Хопiць, Казаке, палезем у паравоз, а там паглядзiм, як надвор'е, прамовiў Едыгей, стукаючы адна аб другую зледзянелымi рукавiцамi.
- Надвор'е якое было, такое i будзе. А ўсё роўна наша работа - расчышчаць пуцi. Давай рыдлямi, не маем права стаяць.
- Ды што мы, не людзi?
- Нелюдзi - ваўкi ды рознае звяр'ё - па норах зараз пахавалiся.
- Ах ты гадзiна! - уз'юшыўся Едыгей. - Ды табе хоць здохнi, i ты сам тут здохнеш! - I сунуў яму кулаком у твар.
Ну i схапiлiся яны, паразбiвалi губы адзiн аднаму. Добра яшчэ, што выскачыў з паравоза качагар i ў час разбаранiў.
Вось такi ён быў, Казангап. Цяпер такiх не знойдзеш. Няма такiх Казангапаў. Апошняга вязуць хаваць. Засталося - засыпаць зямлёю, развiтацца i на тым амiн!
Думаючы пра гэта, Буранны Едыгей паўтараў сам сабе паўзабытыя малiтвы, каб выверыць словы па парадку, узнавiць дакладней у памяцi паслядоўнасць думак, звернутых да бога, бо толькi ён адзiн, невядомы i нябачны, мог прымiрыць у свядомасцi чалавечай непрымiрымасць пачатку i канца, жыцця i смерцi. Для таго, напэўна, i складалiся малiтвы. Да бога не дакрычышся, не спытаеш яго, для чаго, маўляў, ты так зрабiў, каб нараджацца i памiраць. Так i жыве чалавек з таго часу, як свет стаiць, - не згаджаючыся, прымiраецца. I малiтвы гэтыя нязменныя з тых дзён, i гаворыцца ў iх усё пра тое ж - каб дарэмна не наракаў, каб суцешыўся чалавек. Але словы гэтыя, выспеленыя тысячагоддзямi, нiбы злiткi золата, самародкi, апошнiя з апошнiх слоў, якiя павiнен сказаць жывы над мёртвым. Такi абрад.
I думалася яму яшчэ пра тое, што незалежна ад таго, ёсць бог на свеце цi яго няма, але ўспамiнае чалавек пра яго звычайна, калi добра прыцiсне, хоць i нядобра так рабiць. Таму, напэўна, i сказана - няверучы не ўспомнiць пра бога, пакуль галава не забалiць. Так яно цi не так, але малiтвы ўсё-такi знаць трэба.
Гледзячы на сваiх маладых спадарожнiкаў на трактарах, Буранны Едыгей шчыра бедаваў i шкадаваў - нiхто з iх не ведаў нiякiх малiтваў. Як жа яны будуць хаваць адзiн аднаго? Якiмi словамi, што ахоплiваюць пачатак i канец быцця, завершаць яны адыход чалавека ў небыццё? "Бывай, таварыш, будзем памятаць!" Цi яшчэ якое глупства?
Неяк раз давялося яму прысутнiчаць на пахаваннi ў абласным горадзе. Здзiвiўся Буранны Едыгей - на могiлках, нiбы на сходзе якiм: перад нябожчыкам у труне выступалi па паперцы прамоўцы i гаварылi ўсё адно i тое ж - кiм ён працаваў, на якiх пасадах i як працаваў, каму служыў i як служыў, а потым зайграла музыка i магiлу завалiлi кветкамi. I нi адзiн з iх не здагадаўся сказаць нешта пра смерць, як сказана гэта ў малiтвах, што вянчаюць пазнанне людзей спрадвечнай той паслядоўнасцю быцця i небыцця, - нiбы хто да гэтага не памiраў на свеце i пасля таго нiбы нiхто не павiнен быў памерцi. Няшчасныя, яны былi бессмяротнымi! Так i заявiлi насуперак таму, што ўсе бачылi: "Ён пайшоў у бессмяротнасць!"
Едыгей добра ведаў мясцовасць. Да таго ж з вышынi Бураннага Каранара, яму, седаку, усё было вiдаць далёка ўперадзе. Ён сачыў, каб шлях па саразеках на Ана-Бейiт быў як мага больш прамым, адхiляючыся хiба толькi для таго, каб трактарам лепш было мiнуць калдобiны.
I ўсё iшло, як было задумана. Нi хутка, нi марудна. Яны ўжо пераадолелi трэць шляху... Буранны Каранар нястомна рысiў тротам, чуйна ловячы пажаданнi гаспадара. За iм следам тарахцеў трактар з прычэпам, i за прычэпам iшоў калёсны экскаватар "Беларусь". I ўсё ж уперадзе iх сустракалi нечаканасцi, якiя, як бы неверагодна гэта нi здавалася, мелi нейкую ўнутраную сувязь з тым, што адбывалася на касмадроме Сары-Азек...
Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў гэты час на сваiм месцы, у тым жа раёне Цiхага акiяна, паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока i Сан-Францыска.
Надвор'е на акiяне не змянiлася. Першую палову дня ўсё гэтак жа асляпляльна ззяла сонца над бясконцым мiльгатлiвым трымценнем вады. Нiшто на гарызонце не прадвяшчала якiх-небудзь атмасферных змен.
На самiм жа авiяносцы ўсе службы знаходзiлiся ў напружаннi - у поўнай рабочай гатоўнасцi, уключаючы авiякрыло i групу ўнутранай бяспекi, хоць нiякiх канкрэтных прычын для гэтага навокал не было. Прычыны былi за межамi Галактыкi.
Звесткi, што паступiлi на борт "Канвенцыi" праз арбiту "Трамплiн" ад парытэт-касманаўтаў з планеты Лясныя Грудзi, збянтэжылi кiраўнiкоў Абцэнупра i сябраў асобаўпаўнаважаных камiсiй. I тыя, i другiя так моцна разгубiлiся, што вырашылi спачатку правесцi паасобныя нарады, каб абмеркаваць становiшча, якое стварылася, перш за ўсё зыходзячы з уласных iнтарэсаў i пазiцый, i толькi пасля ўжо разам параiцца.
Свет яшчэ не ведаў аб беспрэцэдэнтным у гiсторыi Сусвету адкрыццi - аб iснаваннi незямной цывiлiзацыi на планеце Лясныя Грудзi. Нават урады бакоў, якiм паведамiлi аб здарэннi вельмi сакрэтна, не мелi звестак пакуль аб далейшым ходзе падзей. Чакалi, пакуль кампетэнтныя камiсii выпрацуюць адзiны пункт гледжання. На ўсiм авiяносцы быў устаноўлены строгi рэжым - нiхто, уключаючы авiякрыло, не меў права пакiдаць сваё месца. Нiхто нi па якой прычыне не меў права пакiдаць судна, i нi адно iншае судна не магло наблiзiцца да "Канвенцыi" ў радыусе пяцiдзесяцi кiламетраў. Самалёты, што праляталi ў гэтым раёне, мянялi курс так, каб не апынуцца блiжэй чым трыста кiламетраў ад авiяносца.
Такiм чынам, агульнае пасяджэнне бакоў было перарвана, i кожная камiсiя сумесна са сваiмi кiраўнiцтвамi, якiя на роўных правах узначальвалi праграму "Дэмiвург", абмяркоўвала данясеннi парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1, што былi пераданы iмi з невядомай навуцы планеты Лясныя Грудзi.
Словы iх дайшлi з астранамiчнай далечынi, якую нельга нават уявiць:
"Слухайце, слухайце!
Мы вядзем трансгалактычную перадачу для Зямлi!
Немагчыма растлумачыць усё тое, што не мае зямной назвы. Але многа агульнага.
Яны чалавекападобныя iстоты, такiя ж людзi, як мы! "Ура" сусветнай эвалюцыi! I тут эвалюцыя адпрацавала мадэль гамiнiда па ўнiверсальнаму прынцыпу! Гэта цудоўныя тыпы гамiнiдаў-iншапланецян! Смуглыя, блакiтнавалосыя, бэзава- i зеленавокiя, з белымi пушыстымi вейкамi.
Немагчыма растлумачыць усё тое, што не мае зямной назвы. Але многа агульнага.
Яны чалавекападобныя iстоты, такiя ж людзi, як мы! "Ура" сусветнай эвалюцыi! I тут эвалюцыя адпрацавала мадэль гамiнiда па ўнiверсальнаму прынцыпу! Гэта цудоўныя тыпы гамiнiдаў-iншапланецян! Смуглыя, блакiтнавалосыя, бэзава- i зеленавокiя, з белымi пушыстымi вейкамi.
Мы бачылi iх у зусiм празрыстых скафандрах, калi яны прымкнулi да нашай арбiтальнай станцыi. Яны ўсмiхалiся з кармы карабля, запрашаючы нас да сябе.
I мы пераступiлi з адной цывiлiзацыi ў другую.
Вiнтавы лятальны апарат адплыў, i з хуткасцю святла, якая практычна нiяк не адчувалася ў сярэдзiне карабля, мы паляцелi, пераадольваючы плынь часу, у Сусвет. Першае, на што мы звярнулi ўвагу i ад чаго нам нечакана палягчэла, гэта адсутнасць бязважкасцi. Якiм чынам гэта дасягнута, мы пакуль што не можам растлумачыць. Перамешваючы расейскiя i ангельскiя словы, яны вымавiлi першую фразу: "Велком наш Галактик!" I тады мы зразумелi, што, праяўляючы вялiкую чуласць i ўвагу, мы зможам абменьвацца думкамi. Гэтыя блакiтнавалосыя iстоты высокага росту, каля двух метраў, - iх было чацвёра-пяцёра мужчын i адна жанчына. Жанчына адрознiвалася не ростам, а толькi жаночымi формамi i больш светлай скурай. Усе блакiтнавалосыя леснагрудцы даволi смуглыя, як нашы паўночныя арабы. З першых хвiлiн мы адчулi да iх давер.
Трое з iх - пiлоты лятальнага апарата, а адзiн мужчына i жанчына - знаўцы зямных моў. Гэта яны ўпершыню вывучылi i сiстэматызавалi шляхам радыёперахвату ў космасе ангельскiя i расейскiя словы i склалi зямны слоўнiк. Да моманту нашай сустрэчы яны засвоiлi значэнне звыш двух з паловай тысяч слоў i тэрмiнаў. З дапамогай гэтага слоўнага запасу пачалася наша размова. Самi яны, вядома, гавораць на мове зусiм для нас не зразумелай, але па гучанню нешта накшталт гiшпанскай.
Праз адзiнаццаць гадзiн пасля адлёту ад "Парытэта" мы выйшлi за межы нашай Сонечнай сiстэмы.
Гэты пераход з адной Галактыкi ў другую адбыўся непрыкметна, нiчым асаблiвым не вылучаючыся. Матэрыя Сусвету ўсюды аднолькавая. Але ўперадзе па курсу (вiдаць, такiмi былi ў той момант распалажэнне i стан iншасiстэмных цел) паступова высвецiлася чырванаватае зарыва. Гэтае зарыва разрасталася, рассоўвалася ўдалечынi ў бязмежную светлавую прастору. Тым часам мы мiнулi ўжо некалькi планет, што былi ў гэты час зацемнены з аднаго боку i асветлены з другога. Мноства сонцаў i месяцаў праносiлася перад намi як можна было акiнуць вокам.
Мы быццам бы неслiся з ночы ў дзень. I раптам - уляцелi ў асляпляльна чыстае i бясконцае святло, што зыходзiла ад магутнага i вялiкага Сонца ў невядомым дагэтуль небе.
- Мы ў нашай Галактыцы! Вось свецiць наш Дзяржацель! Хутка пакажацца наша планета Лясныя Грудзi! - аб'явiла жанчына-лiнгвiст.
I сапраўды, у невымернай вышынi новага Сусвету мы ўбачылi новае для нас сонца, якое называлася Дзяржацелем. Па iнтэнсiўнасцi выпраменьвання i па велiчынi сваёй Дзяржацель пераўзыходзiў Сонца. Дарэчы, гэтай якасцю свяцiла i тым, што суткi на планеце Лясныя Грудзi складаюць дваццаць восем гадзiн, мы схiльны растлумачыць шэраг геабiялагiчных адрозненняў мясцовага свету ад нашага.
Але пра ўсё гэта мы паспрабуем паведамiць у наступны раз i пасля вяртання на "Парытэт", а цяпер толькi мiмаходзь некалькi важных звестак. Планета Лясныя Грудзi з вышынi нагадвае нашу Зямлю, акружана такiмi ж атмасфернымi воблакамi. Але зблiзку, на адлегласцi пяцi-шасцi тысяч метраў ад паверхнi, - леснагрудцы спецыяльна для нас зрабiлi аглядны палёт - гэта вiдовiшча нябачанай красы: горы, хрыбты, узгоркi спрэс у ярка-зялёным убраннi, памiж iмi рэкi, моры i азёры, а ў некаторых частках планеты, больш на ўскраiнных, полюсных, велiзарныя плямы мёртвых пустынь, там стаяць пыльныя буры. Але самае большае ўражанне зрабiлi на нас гарады i пасёлкi. Гэтыя астравы канструктарскiх збудаванняў сярод леснагрудскага ландшафту сведчаць аб выключна высокiм узроўнi ўрбанiзацыi. Нават Манхатан не можа параўнацца з тым, што ўяўляе сабой горадабудаўнiцтва блакiтнавалосых насельнiкаў гэтай планеты.
Самi леснагрудцы ўяўляюць, на наш погляд, асаблiвы феномен разумных iстот у Сусвеце. Перыяд цяжарнасцi - адзiнаццаць леснагрудскiх месяцаў. Працягласць жыцця вялiкая, хаця самi яны лiчаць самай галоўнай праблемай грамадства i сэнсам iснавання - падаўжэнне жыцця. Яны жывуць у сярэднiм сто трыццаць - сто пяцьдзесят гадоў, а бывае хто дажывае i да двухсот гадоў. Насельнiцтва планеты - звыш дзесяцi мiльярдаў жыхароў.
Мы цяпер не можам хоць колькi-небудзь сiстэматызавана выкласцi ўсё, што датычыцца спосабу жыцця блакiтнавалосых i дасягненняў данай цывiлiзацыi. Таму фрагментарна паведамляем пра тое, што больш за ўсё ўразiла ў iхнiм свеце.
Яны ўмеюць здабываць энергiю - сонечную, цi, дакладней, дзяржацельную, пераўтвараючы яе ў цеплавую i электрычную з высокiм каэфiцыентам карыснага дзеяння, якi перавышае нашы гiдратэхнiчныя спосабы, а таксама, што выключна важна, яны сiнтэзуюць энергiю з рознасцi дзённых i начных тэмператур паветра.
Яны навучылiся кiраваць клiматам. Калi мы рабiлi азнаямляльны палёт над планетай, лятальны апарат асаблiвым выпраменьваннем iмгненна рассейваў воблакi i туман, дзе яны асаблiва згушчалiся. Нам стала вядома, што яны маюць спосаб уздзейнiчаць на рух паветраных мас i цячэнняў у марах i акiянах. Тым самым яны рэгулююць працэс увiльгатнення i тэмпературны рэжым на паверхнi планеты.
Але перад намi стаiць каласальная праблема, з якой, наколькi нам вядома, мы яшчэ не сутыкалiся на Зямлi. Яны не церпяць ад засухi, таму што могуць кiраваць клiматам. Яны пакуль не ведаюць дэфiцыта прадуктаў харчавання. I гэта пры такой велiзарнай колькасцi насельнiцтва, якое больш чым у два разы перавышае людскi род на Зямлi. Але значная частка планеты паступова робiцца непрыдатнай для жыцця. У такiх месцах вымiрае ўсё жывое. Гэта з'ява так званага ўнутранага высыхання. У час нашага аглядальнага палёту мы бачылi пыльныя буры ў паўднёва-ўсходняй частцы Леснагрудзii. У вынiку нейкiх грозных рэакцый у нетрах планеты - магчыма, гэта нешта падобнае нашым вулканiчным працэсам, але толькi гэта, вiдаць, нейкая форма паступовага рассеянага промневага вывяржэння - паверхневы грунт разбураецца, трацiць сваю структуру, у iм згараюць усе рэчывы, што ўтвараюць глебу. У гэтай частцы Леснагрудзii пустыня, па велiчынi як Сахара, няўхiльна наступае на жыццёвую прастору блакiтнавалосых iншапланецян. Для iх гэта самае вялiкае бедства. Яны яшчэ не навучылiся кiраваць працэсамi, што адбываюцца ў глыбiнi планеты. На барацьбу з гэтай грознай з'явай унутранага высыхання кiнуты лепшыя сiлы, велiзарныя навуковыя i матэрыяльныя сродкi. У iх галактычнай сiстэме няма месяца, але яны ведаюць пра наш Месяц i ўжо наведвалi яго. Яны мяркуюць, што на нашым Месяцы адбылося нешта падобнае. Даведаўшыся аб гэтым, мы крыху прызадумалiся - ад Месяца ж не так далёка да Зямлi. Цi гатовы мы да гэтай сустрэчы? I якiя могуць быць вынiкi як знешняга, так i ўнутранага характару? Цi не падумаюць людзi, што яны многае страцiлi ў сваiм iнтэлектуальным развiццi з-за вечных звад на Зямлi?
Цяпер у навуковых кругах Леснагрудзii вядзецца агульнапланетная дыскусiя цi нарошчваць намаганнi ў спробах разгадаць таямнiцу ўнутранага высыхання i шукаць спосабы прыпынення гэтай патэнцыяльнай катастрофы цi трэба загадзя знайсцi ў Сусвеце новую планету, якая адпавядала б iх жыццёвым патрэбам, i пачаць з часам масавае перасяленне на новае месцажыхарства з мэтай перанясення i адраджэння леснагрудскай цывiлiзацыi. Пакуль яшчэ не ясна, куды, да якой новай планеты накiраваны iх пагляды. Ва ўсякiм разе, на цяперашняй iх планеце iм можна яшчэ жыць i жыць мiльёны i мiльёны гадоў, але здаецца нават дзiўным, што яны ўжо цяпер думаюць пра такую аддаленую будучыню i ахоплены такiм iмпэтам дзейнасцi, нiбы гэтая праблема непасрэдна датычыцца цяперашняга народанасельнiцтва. Няўжо нi ў адной галаве не мiльгнула подленькая думка: "А пасля нас хоць трава не расцi"?! Нам стала сорамна, што мы самi падумалi нешта падобнае, калi даведалiся, што значная частка агульнапланетнага валавага прадукту iдзе на праграму прадухiлення ўнутранага высыхання нетраў. Яны спрабуюць устанавiць бар'ер на працягу многiх тысяч кiламетраў - па ўсёй гранiцы незаўважна паўзучай пустынi - шляхам бурэння звышглыбокiх скважын, куды заганяюць такiя нейтралiзуючыя, доўгачасовага дзеяння рэчывы, якiя, як мяркуюць яны, будуць аказваць патрэбнае ўздзеянне на ўнутрыядзерныя рэакцыi планеты.
Вядома, у iх ёсць i павiнны быць праблемы грамадскага быцця, тое, чым адвечна мучыцца розум, - праблемы маральныя i iнтэлектуальныя. Вiдавочна, не так проста працякае сумеснае жыццё больш дзесяцi мiльярдаў жыхароў, якога б дабрабыту яны нi дасягнулi. Але самае дзiўнае пры гэтым - яны не ведаюць дзяржавы як такой, не ведаюць зброi, не ведаюць, што такое вайна. Нам цяжка сказаць - магчыма, у гiстарычным мiнулым былi ў iх i войны, i дзяржавы, i грошы, i ўсе адпаведныя таму катэгорыi грамадскiх адносiн, але на даным этапе яны нават не ўяўляюць аб такiх iнстытутах насiлля, як дзяржава, i такiх формах барацьбы, як - вайна. Калi давядзецца растлумачваць сэнс, сутнасць нашых бясконцых на зямлi войн, цi не здасца гэта iм бязглуздым цi, больш таго, бяссэнсавым i варварскiм вырашэннем пытанняў?