Селiшча здавалася пакiнутым; мы ўбачылi там трох чалавек, якiя беглi па завулку да ракi. На вяршынi пагорка гарэў Рычманд; за Рычмандам слядоў чорнага газу не было вiдаць.
Калi мы наблiжалiся да К'ю, мiма нас прабегла некалькi чалавек i над дахамi дамоў - ярдаў за сто ад нас - паказалася верхняя частка баявой машыны марсiянiна. Варта было марсiянiну глянуць унiз - i мы б загiнулi. Мы здранцвелi ад страху, потым кiнулiся ўбок i схавалiся ў нейкiм хляве. Святар прысеў на зямлю, усхлiпваючы i адмаўляючыся iсцi далей.
Але я вырашыў усё ж дабрацца да Лезерхэда i з наступленнем цемнаты рушыць далей. Я прабраўся праз кустоўе, прайшоў мiма вялiкага дома з прыбудоўкамi i выйшаў на дарогу на К'ю. Святара я пакiнуў у гумне, але ён неўзабаве дагнаў мяне.
Цяжка сабе ўявiць што-небудзь больш неразумнае, чым гэта спроба. Было вiдавочна, што мы акружаны марсiянамi. Ледзь святар дагнаў мяне, як мы зноў убачылi ўдалечынi, за палямi, што цягнулiся да К'ю-Лоджа, баявы трыножак, магчыма, той самы, а можа, i другi. Чатыры цi пяць маленькiх чорных фiгурак беглi ад яго па шэра-зялёным полi: вiдаць, марсiянiн даганяў iх. За тры крокi ён iх дагнаў; яны пабеглi з-пад яго ног у розныя бакi па радыусах. Марсiянiн не пусцiў у ход цеплавы прамень i не знiшчыў iх. Ён проста падабраў iх усiх у вялiкую металiчную карзiну, што вiсела ззаду.
Мне ўпершыню прыйшло ў галаву, што марсiяне ўвогуле не хочуць знiшчаць людзей, а хочуць выкарыстаць пераможанае чалавецтва ў iншых мэтах. З хвiлiну мы стаялi, ахопленыя страхам; пасля павярнулi назад i праз вароты пракралiся ў абведзены сцяною сад, запаўзлi ў нейкую яму, ледзь асмельваючыся перашэптвацца адзiн з адным, i ляжалi там, пакуль на небе не блiснулi зоры.
Было, па ўсёй верагоднасцi, каля адзiнаццацi гадзiн вечара, калi мы вырашылi паўтарыць нашу спробу i пайшлi ўжо не па дарозе, а палямi, узбоч агароджы, узiраючыся ў цемру (я налева, святар направа), цi няма марсiянаў, якiя, здавалася, усе сабралiся вакол нас. У адным месцы мы ўбачылi пачарнелую, абпаленую пляцоўку, ужо астылую i пакрытую попелам, з цэлаю кучаю трупаў, абгарэлых i знявечаных, уцалелi толькi ногi i абутак. Тут жа валялiся конскiя тушы, на адлегласцi, можа быць, пяцiдзесяцi футаў ад чатырох разарваных пушак з разбiтымi лафетамi.
Паселiшча Шын, вiдаць, не абстрэльвалася, але было пустое i цiхае. Трупаў тут больш не было; але ж ноч была настолькi цёмная, што мы не маглi разгледзець нават бакавых вулiц. У Шыне мой спадарожнiк пачаў скардзiцца на слабасць i смагу, i мы вырашылi зайсцi ў адзiн з дамоў.
Першы дом, у якi мы пранiклi праз вакно, аказаўся невялiкаю вiлай з напалову сарваным дахам; я не мог знайсцi там нiчога паесцi, акрамя куска заплесневелага сыру. Затое там была вада i можна было напiцца; на вочы мне трапiла сякера, i я захапiў яе, яна, можа, прыдасца нам пры ўзломе другога дома.
Мы падышлi да таго месца, дзе дарога паварочвае на Мортлейк. Тут сярод абнесенага сцяною саду стаяў белы дом; у кладоўцы мы знайшлi запас прадуктаў: два боханы хлеба, кусок сырога мяса i паўшынкi. Я пералiчваю ўсё гэта так падрабязна таму, што ў прамежку двух наступных тыдняў нам давялося карыстацца гэтым запасам. На палiцах мы знайшлi бутэлькi з пiвам, два мяшкi фасолi i пучок салаты. Кладоўка выходзiла ў памяшканне для мыцця пасуды, дзе ляжалi дровы i стаяў буфет. У буфеце мы знайшлi амаль дзюжыну бургундскага, мясныя i рыбныя кансервы i дзве бляшанкi з бiсквiтам.
Мы сядзелi ў цёмнай кухнi, бо баялiся запалiць агонь, елi хлеб з вяндлiнаю i пiлi з адной бутэлькi. Святар, гэткi ж пужлiвы i неспакойны, чамусьцi стаяў за тое, каб хутчэй iсцi, i я ледзь угаварыў яго падмацавацца. Ды тут адбылася падзея, якая ператварыла нас у палонных.
- Вiдаць, да апоўначы яшчэ далёка, - сказаў я, i тут раптам блiснула асляпляльнае зялёнае святло. Уся кухня асвяцiлася на iмгненне зялёным бляскам. Пасля пачуўся такi ўдар, якога я нiколi не чуў, нi раней, нi пасля. Пачуўся звон разбiтага шкла, грукат каменнай кладкi, пасыпалася тынкоўка, разбiваючыся на дробныя кускi аб нашы галовы. Я павалiўся на падлогу, стукнуўшыся аб выступ печы, i ляжаў аглушаны. Святар гаварыў, што я доўга быў у непрытомнасцi. Калi я апрытомнеў, вакол зноў было цёмна i святар пырскаў на мяне вадою; яго твар быў мокры ад крывi, якая, як я потым разгледзеў, цякла з рассечанага лба.
На працягу некалькiх хвiлiн я не мог уцямiць, што здарылася. Нарэшце памяць мала-памалу вярнулася да мяне. Я адчуў на вiску боль.
- Вам лепш? - шэптам спытаў святар.
Я не адразу адказаў яму. Потым прыўзняўся i сеў.
- Не рухайцеся, - сказаў ён, - падлога засеяна асколкамi пасуды з буфета. Вы можаце рухацца бясшумна, яны зусiм побач.
Мы сядзелi так цiха, што кожны слухаў дыханне другога. Магiльная цiшыня; толькi раз аднекуль упаў не то кусок тынкоўкi, не то цаглiна.
Звонку, дзесьцi блiзка чулася металiчнае пастукванне.
- Чуеце? - сказаў святар, калi гук паўтарыўся.
- Так, - адказаў я. - Але што гэта такое?
- Марсiянiн! - прашаптаў святар.
Я зноў прыслухаўся.
- Гэта быў не цеплавы прамень, - сказаў я i падумаў, што адзiн з баявых трыножкаў трапiў на дом. На маiх вачах трыножак наляцеў на царкву ў Шэпертоне.
Чакаючы, што будзе далей, мы прасядзелi нерухома каля трох гадзiн, пакуль не развiднела. Нарэшце святло пранiкла да нас, але не праз акно, якое заставалася цёмным, а праз трохвугольную адтулiну ў сцяне ззаду, памiж бэлькай i кучай цаглiн, якiя абсыпалiся. У шэрым ранiшнiм змроку мы ўпершыню разгледзелi кухню.
Акно было завалена рыхлай зямлёю, якая насыпалася на стол, дзе мы вячэралi, i пакрывала падлогу. Звонку зямля была ўзрыхлена i, вiдаць, засыпала дом. У верхняй частцы ваконнай рамы вiдаць была скурожаная дажджавая труба. Падлога была засыпана металiчнымi абломкамi. Канец кухнi, блiжэйшы да жылых пакояў, асеў, i калi развiднела, нам стала ясна, што большая частка дома разбурана. Рэзкiм кантрастам з гэтымi развалiнамi была чысценькая кухонная шафа, пафарбаваная ў бледна-зялёны колер, шпалеры ў белых i блакiтных квадратах i дзве размаляваныя карцiнкi на сцяне.
Калi зусiм развiднела, мы праз шчылiну ўбачылi марсiянiна, якi стаяў, як я потым зразумеў, на варце над яшчэ не астылым цылiндрам. Мы асцярожна папаўзлi з зацемненай кухнi ў цёмнае памяшканне для мыцця посуду.
Раптам я зразумеў, што здарылася.
- Пяты цылiндр, - прашаптаў я, - пяты выстрал з Марса трапiў у гэты дом i пахаваў нас пад развалiнамi!
Святар доўга маўчаў, потым прашаптаў:
- Божа, памiлуй нас!
I пачаў штосьцi мармытаць сам сабе.
Было цiха, мы сядзелi, затаiўшыся ў пасудамыйцы. Я баяўся нават дыхнуць i затаiўся, пiльна ўглядаючыся на слаба асветлены чатырохвугольнiк кухонных дзвярэй. Я ледзь мог разгледзець твар святара - няясную акругласць, яго каўнерык i манжэты. Звонку пачуўся звон металу, потым рэзкi свiст i шыпенне, нiбы ў паравой машыны. Усе гэтыя загадкавыя для нас гукi чулiся бесперапынна, з кожным разам узмацняючыся i нарастаючы. Раптам пачуўся нейкi мерны дрыжачы гук, ад якога ўсё навокал задрыжала i пасуда ў буфеце зазвiнела. Святло змеркла, i кухонныя дзверы сталi зусiм цёмныя. Так мы сядзелi гадзiнамi, маўклiвыя, дрыжалi, пакуль нарэшце не заснулi ад стомы...
Я прачнуўся, адчуваючы моцны голад. Магчыма, мы праспалi большую частку дня. Голад надаў мне рашучасцi. Я сказаў святару, што адпраўляюся на пошукi ежы, i папоўз у бок кладоўкi. Ён нiчога не адказаў, але як толькi пачуў, што я пачаў есцi, таксама прыпоўз да мяне.
II
У РАЗБУРАНЫМ ДОМЕ
Наеўшыся, мы папаўзлi назад у пасудамыйку, дзе я, вiдаць, зноў задрамаў, а прачнуўшыся, высветлiў, што адзiн. Вiбрыруючы гул прадаўжаўся, не аслабяваючы, з раздражняльнай упартасцю. Я некалькi разоў шэптам паклiкаў святара, потым папоўз да дзвярэй кухнi. У дзённым святле я ўбачыў святара ў другiм канцы пакоя: ён ляжаў каля трохвугольнай адтулiны, якая выходзiла на двор, да марсiянаў. Яго плечы былi прыўзнятыя, галавы не было вiдаць.
Шум быў, як у паравозным дэпо, i ўвесь дом хадзiў ходырам ад яго. Праз адтулiну ў сцяне я бачыў вяршыню дрэва, асветленую сонцам, i палоску яснага блакiтнага вячэрняга неба. З хвiлiну я глядзеў на святара, пасля падкраўся блiжэй, асцярожна пераступаючы цераз асколкi шкла i чарапкi.
Я крануў святара за нагу. Ён так уздрыгнуў, што ад вонкавай тынкоўкi з трэскам адвалiўся вялiкi кусок. Я схапiў святара за руку, баючыся, што ён закрычыць, i мы абодва затаiлiся. Пасля я павярнуўся паглядзець, што засталося ад нашага сховiшча. Абваленая тынкоўка ўтварыла новую адтулiну ў сцяне; асцярожна ўскарабкаўшыся на бэльку, я выглянуў - ледзь пазнаў прыгарадную дарогу, так усё навокал змянiлася.
Пяты цылiндр трапiў, вiдаць, у той дом, куды мы заходзiлi спачатку. Забудова зусiм знiкла, ператварылася ў пыл i разляцелася. Цылiндр ляжаў глыбока ў зямлi, у яме, больш шырокай, чым яма каля Ўокiнга, у якую я ў свой час зазiраў. Зямля навокал нiбы распляскалася ад страшэннага ўдару ("распляскалася" - самае ўдалае слова) i засыпала суседнiя дамы; такою ж была б карцiна, калi б стукнулi малатком па гразi. Наш дом завалiўся назад; пярэдняя частка была разбурана дарэшты. Кухня i пасудамыйка ўцалелi нейкiм цудам i былi засыпаны тонамi зямлi i смецця з усiх бакоў, акрамя аднаго, якi быў звернуты да цылiндра. Мы вiселi на краi вялiзнай ямы, дзе працавалi марсiяне. Цяжкiя стукi чулiся, вiдаць, ззаду нас; ярка-зялёная пара ўздымалася з ямы i ахутвала шэранню нашу адтулiну.
Пяты цылiндр трапiў, вiдаць, у той дом, куды мы заходзiлi спачатку. Забудова зусiм знiкла, ператварылася ў пыл i разляцелася. Цылiндр ляжаў глыбока ў зямлi, у яме, больш шырокай, чым яма каля Ўокiнга, у якую я ў свой час зазiраў. Зямля навокал нiбы распляскалася ад страшэннага ўдару ("распляскалася" - самае ўдалае слова) i засыпала суседнiя дамы; такою ж была б карцiна, калi б стукнулi малатком па гразi. Наш дом завалiўся назад; пярэдняя частка была разбурана дарэшты. Кухня i пасудамыйка ўцалелi нейкiм цудам i былi засыпаны тонамi зямлi i смецця з усiх бакоў, акрамя аднаго, якi быў звернуты да цылiндра. Мы вiселi на краi вялiзнай ямы, дзе працавалi марсiяне. Цяжкiя стукi чулiся, вiдаць, ззаду нас; ярка-зялёная пара ўздымалася з ямы i ахутвала шэранню нашу адтулiну.
Цылiндр быў ужо адкрыты, а ў дальнiм канцы ямы, сярод вырваных i засыпаных пяском кустоў, стаяў пусты баявы трыножак - агромнiсты металiчны каркас, якi рэзка выступаў на фоне вячэрняга неба. Я пачаў сваё апiсанне з ямы i цылiндра, хоць у першую хвiлiну мая ўвага была адцягнута дзiвоснай блiскотнай машынаю, якая капала зямлю, i дзiўнымi непаваротлiвымi iстотамi, якiя няўклюдна кешкалiся каля яе ў рыхлай зямлi.
Мяне перш за ўсё зацiкавiў гэты механiзм. Гэта была адна з тых складаных машын, якiя назвалi пасля мнагарукiмi i вывучэнне якiх дало такi магутны штуршок тэхнiчным вынаходнiцтвам. На першы погляд яна была падобна на металiчнага павука з пяццю суставачнымi рухомымi лапамi i з мноствам суставачных рычагоў i хапальных шчупальцаў вакол корпуса. Большая частка рук гэтай машыны была ўцягнута, але трыма доўгiмi шчупальцамi яна схоплiвала металiчныя палкi, кii i лiсты - вiдаць, аблiцоўку бранi цылiндра. Машына выцягвала, падымала i складвала ўсё гэта на роўную пляцоўку за ямаю.
Усе рухi былi настолькi хуткiя, складаныя i дасканальныя, што спярша я нават не палiчыў яе за машыну, нягледзячы на металiчны бляск. Баявыя трыножкi былi таксама надзiва дасканалыя i здавалiся жывымi, аднак яны былi нiшто ў параўнаннi з гэтай. Людзi, якiя ведалi гэтыя машыны толькi па малюнках цi па няпоўных аповедах вiдавочцаў, наўрад цi змогуць уявiць сабе гэтыя амаль жывыя механiзмы.
Я нагадаў iлюстрацыю ў брашуры, якая давала падрабязнае апiсанне вайны. Мастак, вiдаць, вельмi павярхоўна азнаёмiўся з адной з баявых машын. Ён падаў iх у выглядзе непаваротлiвых нахiльных трыножкаў, пазбаўленых гнуткасцi i лёгкасцi, з аднастайнымi дзеяннямi. Брашура з гэтымi iлюстрацыямi нарабiла шмат шуму, але я ўспамiнаю пра iх толькi для таго, каб чытачы не атрымалi недакладнага ўяўлення.
Iлюстрацыi былi не больш падобныя на тых марсiянаў, якiх я бачыў, чым васковая лялька на чалавека. Па-мойму, гэтыя малюнкi толькi сапсавалi гэту брашуру.
Як я ўжо казаў, мнагарукая машына спярша падалася мне не машынаю, а нейкаю iстотаю накшталт краба з блiскотнаю абалонкаю; цела марсiянiна, тонкiя шчупальцы якога рэгулявалi ўвесь рух машыны, я ўспрыняў за нешта падобнае да мазгавога прыдатка. Затым я заўважыў тое самае шэравата-бледнае скураное блiскотнае покрыва на iншых целах, якiя кешкалiся вакол, i разгадаў таямнiцу неверагоднага механiзма. Пасля гэтага я ўсю сваю ўвагу звярнуў на жывых, сапраўдных марсiянаў. Я ўжо мiмалётна бачыў iх, але цяпер агiда не перашкаджала маiм назiранням, акрамя таго, я назiраў за iмi з-за прыкрыцця, а не так, як у момант спешных уцёкаў.
Цяпер я разгледзеў, што ў гэтых iстотах не было нiчога зямнога. Гэта былi вялiкiя круглыя целы, хутчэй галовы, каля чатырох футаў у дыяметры, з нейкiм падабенствам твару. На гэтых тварах не было ноздраў (марсiяне, здаецца, не мелi органаў нюху), толькi два вялiкiя цёмныя вокi i нешта накшталт мясiстай дзюбы пад iмi. Ззаду на гэтай галаве або целе (я, праўда, не ведаю, як гэта назваць) знаходзiлася тугая перапонка, якая адпавядала (гэта выявiлi пазней) нашаму вуху, хоць яна, магчыма, была непатрэбнаю ў нашай згушчанай атмасферы. Каля рота тырчалi шаснаццаць тонкiх, падобных на бiчы, шчупальцаў, падзеленых на два пучкi - па восем шчупальцаў у кожным. Гэтыя пучкi вядомы анатам прафесар Хоўс даволi ўдала назваў рукамi. Калi я ўпершыню ўбачыў марсiянаў, мне падалося, што яны старалiся абапiрацца на гэтыя рукi, але, вiдаць, iм перашкаджала вага цела, якая ў зямных умовах павялiчвалася. Можна меркаваць, што на Марсе яны даволi лёгка перамяшчаюцца пры дапамозе гэтых шчупальцаў.
Унутраная анатамiчная будова марсiянаў, як паказалi пазней ускрыццi, была зусiм нескладанай. Большую частку iх цела займаў мозг з адгалiнаваннямi тоўстых нерваў да вачэй, вуха i чуллiвых шчупальцаў. Акрамя таго, былi знойдзены даволi складаныя органы дыхання - лёгкiя - i сэрца з крываноснымi сасудамi. Узмоцненая работа лёгкiх з прычыны больш шчыльнай зямной атмасферы i павелiчэння сiлы прыцягнення была вiдавочнай нават па канвульсiўных рухах скуры марсiянаў.
Такiм быў арганiзм марсiянаў. Нам можа здацца дзiўным, што ў iх абсалютна не было прыкметаў складанага апарата для стрававання, якi з'яўляецца адной з галоўных частак нашага арганiзма. Яны мелi толькi галаву. У iх не было ўнутранасцяў. Яны не елi, не пераварвалi страву. Замест гэтага яны бралi свежую жывую кроў iншых арганiзмаў i ўпырсквалi сабе ў вены. Я сам бачыў, як яны гэта рабiлi, i ўспомню пра гэта ў свой час. Пачуццё агiды перашкаджае мне падрабязна апiсаць тое, на што я не мог нават глядзець. Справа ў тым, што марсiяне, упырскваючы сабе невялiкай пiпеткаю кроў, у большасцi выпадкаў чалавечую, бралi яе непасрэдна з жылаў жывой iстоты...
Адна толькi думка пра гэта здаецца нам дзiкунскай, але ў той жа час я мiжволi думаю, якою агiднаю павiнна падацца наша звычка харчавацца мясам, скажам, трусу, якi раптам навучыўся думаць.
Нельга адмаўляць фiзiялагiчных перавагаў спосабу iн'екцыi, калi ўспомнiць, як многа часу i энергii губляе чалавек на яду. Наша цела напалову складаецца з залозаў, каналаў для перапрацоўкi ежы i iншых органаў, занятых перагонкаю ежы ў кроў. Уплыў працэсаў перапрацоўкi ежы на нервовую сiстэму падрывае нашы сiлы, адбiваецца на нашай псiхiцы. Людзi шчаслiвыя або няшчасныя ў залежнасцi ад здароўя печанi цi падстраўнiкавай залозы. Марсiяне ж не адчуваюць гэтых уплываў на настрой i эмоцыi.
Тое, што марсiяне бачылi ў людзях крынiцу харчавання, часткова тлумачыцца прыродаю тых ахвяраў, якiх яны прывезлi з сабою з Марса ў якасцi правiянту. Гэтыя iстоты, калi меркаваць па тых высахлых астанках, што трапiлi ў людскiя рукi, таксама былi двуногiмi, з нетрывалым крэмнiстым шкiлетам (накшталт нашых крэмнiстых губак) i слабаразвiтай мускулатураю; яны былi каля шасцi футаў ростам, з круглаю галавою i вялiкiмi вачыма ў крэмнiстых упадзiнах. У кожным цылiндры было, здаецца, па дзве цi па тры такiя iстоты, але ўсе яны былi забiты яшчэ да прыбыцця на Зямлю. Яны ўсё роўна загiнулi б на Зямлi, бо як толькi б паспрабавалi ўстаць на ногi, зламалi б сабе косцi.
Калi я ўжо пачаў гэта апiсанне, то дадам тут пэўныя падрабязнасцi, што ў той час не былi вядомыя для нас i якiя памогуць нашаму чытачу мець больш яснае ўяўленне пра гэтых грозных марсiянаў.
У трох адносiнах iх фiзiялогiя рэзка адрознiвалася ад нашай. Iх арганiзм быў пастаянна бадзёры, як людское сэрца, не ведаў сну. Iм не трэба было адпачываць пасля мускульнага напружання, яны перыядычна дзейнiчалi, без спачыну. Яны нiколi не стамлялiся. На Зямлi яны перамяшчалiся з вялiкiмi намаганнямi, але нават i тут яны пастаянна дзейнiчалi. Як мурашкi, яны працавалi ўсе дваццаць чатыры гадзiны ў суткi.
Па-другое, марсiяне былi бясполымi i таму не ведалi тых бурных эмоцый, якiя ўзнiкаюць у людзей з прычыны розных полаў. Дакладна ўстаноўлена, што на Зямлi ў час вайны нарадзiўся адзiн марсiянiн; ён быў знойдзены на целе свайго продка - адпачкаваўся, як маладыя лiлii з цыбулiнаў цi маладыя арганiзмы прэснаводнага палiпа.
Чалавек i ўсе вышэйшыя вiды зямных жывёлiнаў так не размнажаюцца, гэты спосаб размнажэння лiчыцца самым прымiтыўным. У нiжэйшых, канчаючы абалонкавымi, якiя стаяць блiжэй да пазваночных, iснуюць абодва спосабы размнажэння, але на вышэйшых ступенях развiцця палавы спосаб размнажэння поўнасцю выцясняе пачкаванне. На Марсе, вiдаць, развiццё iшло ў адваротным кiрунку.
Цiкава, што адзiн пiсьменнiк, схiльны да абстрактных разважанняў, яшчэ задоўга да нашэсця марсiянаў прадказваў чалавеку будучага якраз такую будову, якая аказалася ў iх. Яго прадсказанне, калi не памыляюся, паявiлася ў 1893 годзе ў лiстападаўскiм цi снежаньскiм нумары "Пэл-Мэл баджыт", якi даўно ўжо не выходзiць. Я прыпамiнаю карыкатуру на гэту тэму, змешчаную ў вядомым гумарыстычным часопiсе дамарсiянскай эпохi "Панч". Аўтар артыкула даказваў, выкладваючы сваю думку ў вясёлым, забаўным тоне, што развiццё механiчных прыстасаванняў павiнна ў рэшце рэшт затрымаць развiццё чалавечага цела, а хiмiчная страва лiквiдуе страваванне; ён сцвярджаў, што валасы, нос, зубы, вушы, падбародак паступова страцяць сваё значэнне для чалавека i натуральны адбор на працягу будучых вякоў iх лiквiдуе. Будзе развiвацца адзiн толькi мозг. Яшчэ адна частка цела перажыве астатнiя - гэта рукi, "настаўнiк i слуга мозга". Усе часткi цела будуць атрафiравацца, рукi будуць усё больш i больш развiвацца.