Iсцiна нярэдка выказваецца ў форме жарту. У марсiянаў мы, несумненна, бачым падобнае падпарадкаванне жывёльнага боку арганiзма iнтылекту. Мне здаецца ўпаўне верагодным, што ў марсiянаў, якiя паходзяць ад iстотаў, увогуле падобных на нас, мозг i рукi (апошнiя ў рэшце замянiлiся двума пучкамi шчупальцаў) паступова развiвалiся за кошт астатняга арганiзма. Мозг без цела павiнен быў стварыць, канешне, больш эгаiстычны iнтэлект, без усякiх чалавечых эмоцый.
Трэцяе адрозненне марсiянаў ад нас з першага погляду можа падацца неiстотным. Мiкраарганiзмы, узбуджальнiкi столькiх хвароб i мучэнняў на Зямлi або нiколi не паяўлялiся на Марсе, або санiтарыя марсiянаў знiшчыла iх многа стагоддзяў таму назад. Сотнi заразных хвароб - лiхаманка i запаленне, сухоты, рак, пухлiны i iншыя хваробы, якiя паражалi чалавека, былi iм зусiм невядомы.
Гаворачы аб адрозненнi памiж жыццём на Зямлi i на Марсе, я павiнен успомнiць пра дзiўнае паяўленне чырвонай травы.
Вiдавочна, раслiннае царства Марса ў адрозненне ад зямнога, дзе пераважае зялёны колер, мае крывава-чырвоную афарбоўку. Ва ўсякiм выпадку тое насенне, якое марсiяне (спецыяльна цi выпадкова) прывезлi з сабою, давала парасткi чырвонага колеру. Мiж iншым, у барацьбе з зямнымi вiдамi раслiн толькi адна ўсiм вядомая чырвоная трава дасягнула некаторага развiцця. Чырвоны ўюн хутка завяў, i толькi нямногiя яго бачылi. Што да чырвонай травы, то нейкi час яна расла надзiва хутка. Яна паявiлася на баках ямы на трэцi цi на чацвёрты дзень нашага зняволення, i яе парасткi, падобныя на парасткi кактуса, утварылi кармiнавыя махры вакол нашага трохвугольнага акна. Пасля я сустракаў яе ў вялiкай колькасцi па ўсёй краiне, асаблiва там, дзе была вада.
Марсiяне мелi слыхавы орган - круглую перапонку на заднiм баку галавы-цела, i iх вочы па сiле зроку не ўступалi нашым, толькi сiнi i фiялетавы колер, на думку Фiлiпса, павiнен быў здавацца iм чорным. Мяркуюць, што яны перамаўлялiся адзiн з адным з дапамогай гукаў i рухаў шчупальцаў; так сцвярджае, напрыклад, цiкавая, але спехам напiсаная брашура, аўтар якой, вiдаць, не бачыў марсiянаў; на гэту брашуру я ўжо спасылаўся, яна да гэтага часу служыць галоўнай крынiцаю звестак пра марсiянаў. Але нiхто з тых, хто застаўся жывы, не бачыў так блiзка марсiянаў, як я. Гэта, праўда, адбылося не па маёй волi, але ўсё ж гэта несумненны факт. Я назiраў за iмi дзень за днём уважлiва i сцвярджаю, што бачыў на свае вочы, як чатыры, пяць i адзiн раз нават шэсць марсiянаў, з цяжкасцю перамяшчаючыся, выконвалi самыя тонкiя, складаныя работы разам, не абменьваючыся нi гукам, нi жэстам. Звычайна перад ядой чулася вухканне, пазбаўленае ўсякiх мадуляцый; па-мойму, яно не служыла сiгналам, а адбывалася проста з прычыны выдыхання паветра перад упырскваннем крывi. Я ведаю асновы псiхалогii i цвёрда перакананы, што марсiяне абменьвалiся думкамi без дапамогi фiзiчных органаў. Сцвярджаю гэта, нягледзячы на маю прадузятасць супраць тэлепатыi. Перад нашэсцем марсiянаў, калi толькi чытач помнiць мае артыкулы, я выказваўся даволi рэзка супраць тэлепатычных тэорый.
Марсiяне не насiлi адзення. Iх паняццi аб убраннях i прыстойнасцях, натуральна, разыходзiлiся з нашымi; яны былi не толькi менш адчувальнымi да перамены тэмпературы, але i змена цiску, вiдаць, не адбiлася шкодна на iх здароўi. Хоць яны не насiлi адзення, iх вялiзная перавага над людзьмi заключалася ў iншых штучных прыладах, якiмi яны карысталiся. Мы з нашымi веласiпедамi i iншымi сродкамi перамяшчэння, з нашымi лятальнымi апаратамi Лiлiенталя, з нашымi пушкамi i з усiм iншым знаходзiмся толькi ў пачатку той эвалюцыi, якую ўжо перажылi марсiяне. Яны сталi як бы чыстым розумам, якi карыстаецца рознымi машынамi ў залежнасцi ад патрэбы, гэтак жа як чалавек мяняе адзенне, бярэ для хуткасцi перамяшчэння веласiпед i парасон ад дажджу. У машынах марсiянаў нас здзiўляе абсалютная адсутнасць важнейшага элемента амаль усiх чалавечых вынаходнiцтваў у галiне механiкi - кола; нiводная машына з усiх дастаўленых iмi на Зямлю не мела нiчога падобнага на колы. Можна было б чакаць, што ў iх прымяняюцца колы, па крайняй меры для перамяшчэння. Але ў сувязi з гэтым цiкава адзначыць, што прырода нават i на Зямлi не ведае калёсаў i выбiрае iншыя сродкi для дасягнення сваiх мэтаў. Марсiяне таксама не ведаюць (што, дарэчы, малаверагодна) цi пазбягаюць калёсаў i вельмi рэдка карыстаюцца ў сваiх апаратах нерухомымi або адносна нерухомымi восямi з кругавым рухам, засяроджаным у адной плоскасцi. Амаль усе злучэннi ў iх машынах уяўляюць складаную сiстэму коўзкiх дэталяў, якiя рухаюцца на невялiкiх, па-мастацку выгнутых падшыпнiках. Закрануўшы гэту тэму, я павiнен успомнiць i пра тое, што доўгiя рычажныя злучэннi ў машынах марсiянаў прыводзяцца ў рух нечым накшталт мускулатуры - з дыскам у эластычнай абалонцы; гэтыя дыскi палярызуюцца пры праходжаннi электрычнага току i шчыльна прылягаюць адзiн да аднаго. Дзякуючы такому прыстасаванню атрымлiваецца дзiўнае падабенства з рухамi жывой iстоты, якое здзiўляла i ашаламляла назiральнiкаў. Нешта накшталт мускулатуры было i ў той мнагарукай машыне, якая напамiнала краба - "распакоўвала" цылiндр, калi я ўпершыню зазiрнуў у шчылiну. Яна здавалася намнога больш жывой, чым марсiяне, што ляжалi каля яе, асветленыя касымi промнямi ўзыходзячага сонца; яны цяжка дыхалi, варушылi шчупальцамi i ледзь перамяшчалiся пасля стамляльнага пералёту ў мiжпланетнай прасторы.
Я доўга назiраў за iх непаваротлiвымi рухамi пры святле сонца i прыкмячаў асаблiвасцi iх будовы, пакуль святар не напомнiў мне аб сваёй прысутнасцi, нечакана схапiўшы мяне за руку. Я павярнуўся i ўбачыў яго нахмураны твар i сярдзiта сцiснутыя губы. Ён таксама хацеў паглядзець у шчылiну: месца было толькi для аднаго. Такiм чынам, я павiнен быў нейкi час адмовiцца ад назiранняў за марсiянамi i даць гэту прывiлею яму.
Калi я зноў паглядзеў у шчылiну, мнагарукая машына ўжо паспела сабраць часткi вынутага з цылiндра апарата; новая машына мела гэткую ж форму, як i першая. Унiзе налева працаваў якiсьцi невялiкi механiзм; выпускаючы клубы зялёнага дыму, ён капаў зямлю i рухаўся вакол ямы, паглыбляючы i выраўноўваючы яе. Гэта машына i выдавала той перыядычны гул, ад якога аж уздрыгвала наша напалову разбуранае сховiшча. Машына дымiла i свiстала ў час работы. Наколькi я мог меркаваць, нiхто ёю не кiраваў.
III
ДНI ЗНЯВОЛЕННЯ
Паяўленне другога баявога трыножка загнала нас у пасудамыйку, бо мы баялiся, што са сваёй вышкi марсiянiн убачыць нас. Пазней мы зразумелi, што наша схоўка павiнна здавацца марсiянам, якiя знаходзiлiся на яркiм святле, цёмнаю плямаю. Мы перасталi баяцца, але спачатку пры кожным наблiжэннi марсiянаў мы ў панiцы кiдалiся ў пасудамыйку. Нягледзячы на небяспеку, нас нястрымна цягнула да шчылiны. Цяпер я са здзiўленнем успамiнаю, што нягледзячы на бязвыхаднасць нашага становiшча (нам пагражала альбо галодная, альбо яшчэ больш страшная смерць), мы нават пачыналi бойку з-за таго, каму глядзець першаму. Мы беглi на кухню, згараючы ад нецярпення i баючыся нарабiць шуму, адчайна штурхаючыся, знаходзячыся на валаску ад гiбелi.
Мы былi зусiм рознымi людзьмi паводле характару, па манеры мыслiць i дзейнiчаць; небяспека i зняволенне яшчэ больш выявiлi гэта адрозненне. Ужо ў Галiфордзе я злаваўся на бездапаможнасць i напышлiвую абмежаванасць святара. Яго бясконцыя незразумелыя маналогi не давалi мне засяродзiцца абдумаць сiтуацыю i даводзiлi мяне, i без таго крайне ўзбуджанага, ледзь не да прыпадку. У яго было не болей вытрымкi, чым у дурненькай жанчыны. Ён гатовы быў плакаць гадзiнамi, i я ўпэўнены, што ён, як дзiця, думаў, што слёзы памогуць яму. Нават у цемнаце ён штохвiлiнна дакучаў мне. Акрамя таго, ён еў больш за мяне, i я дарэмна напамiнаў яму, што нам дзеля нашага выратавання трэба заставацца дома да таго часу, пакуль марсiяне не скончаць работу ў яме, i таму нам трэба эканомiць харчы. Ён еў i пiў адразу памногу пасля кароткiх перапынкаў. Спаў мала.
Iшлi днi за днямi; яго гранiчная бяспечнасць i неразважлiвасць пагаршалi наша i без таго адчайнае становiшча i павялiчвалi небяспеку, так што я воляй-няволяй павiнен быў яго палохаць, стрымлiваць, нават пагражаць пабоямi. Ён крыху паразумнеў, але не надоўга. Ён належаў да лiку тых слабых, вялых, пазбаўленых самалюбства, баязлiвых i ў той жа час хiтрых стварэнняў, якiя не адважваюцца глядзець прама ў вочы нi богу, нi людзям, нi нават самiм сабе.
Мне непрыемна ўспамiнаць i пiсаць пра гэта, але я абавязаны расказаць усё. Тыя, каму пашанцавала пазбегнуць цёмных i страшных хвiлiнаў жыцця, не задумваючыся, асудзяць маю жорсткасць, маю ўспышку гневу ў апошнiм акце нашай драмы; яны выдатна ведаюць, што добра, што дрэнна, але, мяркую, не ведаюць, да чаго мукi могуць давесцi чалавека. Але той, хто сам прайшоў праз гэты змрок да самых нiзоў прымiтыўнага жыцця, зразумее мяне i паспачувае мне.
I вось, пакуль мы з святаром у цiшынi i змроку шэптам перамаўлялiся, вырывалi адзiн у аднаго яду i пiццё, штурхалiся i валтузiлiся, у яме звонку пад няшчадным чэрвеньскiм сонцам марсiяне ўладкоўвалi сваё незразумелае для нас жыццё. Я вярнуся да аповеду пра тое, што бачыў. Пасля працяглага перапынку я нарэшце рызыкнуў падпаўзцi да шчылiны i ўбачыў, што паявiлiся яшчэ тры трыножкi, якiя прывалаклi нейкiя новыя прыстасаваннi, расстаўленыя цяпер у стройным парадку вакол цылiндра. Другая мнагарукая машына, цяпер закапцелая, абслугоўвала новы механiзм, прынесены баявым трыножкам. Корпус гэтага новага апарата па форме быў падобны на малочны бiтон, на версе якога вярцелася грушападобная лейка, з якой сыпаўся ў падстаўлены знiзу круглы кацёл белы парашок.
Вярчэнне чынiлася адным з шчупальцаў мнагарукай машыны. Дзве лапатападобныя рукi капалi глiну i кiдалi яе ў грушападобны прыёмнiк, у той час як трэцяя рука перыядычна адчыняла дзверкi, выдаляла з сярэдняй часткi прылады абгарэлы шлак. Чацвёртым шчупальцам накiроўваўся парашок з катла па каленчатай трубе ў нейкi новы прыёмнiк, закрыты ад мяне кучай блакiтнаватага пылу. З гэтага нябачнага прыёмнiка падымаўся ўверх струменьчык зялёнага дыму. Мнагарукая машына з нягучным музычным звонам раптам выцягнула, як падзорную трубу, шчупальца, якое хвiлiну назад здавалася тупым адросткам, i закiнула яго за кучу глiны. Праз секунду шчупальца падвяло ўверх паласу белага алюмiнiю, яшчэ неастылага, блiскотнага i кiнула яе на клетку з такiх жа палосаў складзеную каля ямы. Ад заходу сонца да паяўлення зорак гэта лоўкая машына нарыхтавала не менш за сотню такiх палосаў прама з глiны, i куча блакiтнаватага пылу стала падымацца над краем ямы.
Кантраст памiж хуткiмi i складанымi рухамi ўсiх гэтых машын i павольнымi, няўклюднымi рухамi iх гаспадароў быў настолькi вiдавочны, што мне давялося доўга пераконваць сябе, маўляў, марсiяне, а не iх прылады, з'яўляюцца жывымi iстотамi.
Калi ў яму прынеслi першых злоўленых людзей, каля шчылiны стаяў святар. Я сядзеў на падлозе i напружана прыслухоўваўся. Раптам ён адскочыў назад, i я са страхам затаiўся, думаючы, што нас заўважылi. Ён цiхенька прабраўся па смеццi да мяне i прысеў побач, невыразна мармычучы i паказваючы штосьцi жэстамi; сполах яго перадаўся мне. Ён даў мне знаць, што шчылiну ўступае мне; цiкаўнасць надала мне храбрасцi; я ўстаў, пераступiў цераз святара i прыпаў да шчылiны. Спачатку я не зразумеў прычыны яго страху. Змерклася, зоркi здавалiся маленькiмi, цьмянымi, але яма асвятлялася зялёнымi ўспышкамi ад машыны, якая рыхтавала алюмiнiй. Няроўныя ўспышкi зялёнага агню i рухомыя чорныя ценi рабiлi жудаснае ўражанне. У паветры кружылi кажаны. Цяпер клапатлiвых марсiянаў не было вiдаць за кучаю зялёнага парашку. У адным вугле ямы стаяў укарочаны баявы трыножак са складзенымi падцiснутымi нагамi. Раптам сярод гулу машын пачулiся як быццам чалавечыя галасы. Я падумаў, што мне падалося, i спачатку не звярнуў на гэта ўвагi.
Я нагнуўся, назiраючы за баявым трыножкам, i тут толькi канчаткова пераканаўся, што ў каўпаку яго знаходзiўся марсiянiн. Калi зялёнае полымя ўспыхнула больш ярка, я разгледзеў яго iльснянае скураное покрыва i бляск вачэй. Раптам пачуўся крык, i я ўбачыў, як доўгае шчупальца перакiнулася за плячо машыны да металiчнай клеткi, якая вiсела ззаду. На фоне зорнага неба ў паветры нешта адчайна забарахталася; шчупальца падняло ўверх чорны, няясны, загадкавы прадмет; калi гэты прадмет апусцiўся, я ўбачыў пры ўспышцы зялёнага святла, што гэта - чалавек. Я бачыў яго толькi на iмгненне. Гэта быў добра апрануты, моцны, румяны, сярэднiх год мужчына. Тры днi назад гэта, вераемна, быў чалавек, якi ўпэўнена крочыў па зямлi. Я бачыў яго шырока расплюшчаныя вочы i водблiск агню на гузiках i гадзiннiкавым ланцужку. Ён знiк з другога боку кучы, i на iмгненне ўсё сцiхла. Потым пачулiся адчайныя крыкi i працяглае, здаволенае вухканне марсiянаў...
Я з'ехаў з кучы шчэбеню, устаў на ногi i, зацiснуўшы вушы, кiнуўся ў пасудамыйку. Святар, якi сядзеў згорбiўшыся, абхапiўшы рукамi галаву, зiрнуў на мяне, калi я прабягаў мiма, даволi гучна крыкнуў, думаючы, вiдаць, што я пакiдаю яго, i кiнуўся за мною...
Гэтай ноччу, пакуль мы сядзелi ў пасудамыйцы, разрываючыся памiж смяротным страхам i жаданнем зiрнуць у шчылiну, я дарэмна спрабаваў прыдумаць якi-небудзь спосаб выратавання, хоць разумеў, што дзейнiчаць трэба неадкладна. Але на наступны дзень я прымусiў сябе цвяроза ацанiць сваё становiшча. Святар не мог удзельнiчаць у абмеркаваннi планаў; са страху ён страцiў здольнасць лагiчна разважаць i мог дзейнiчаць толькi iмпульсiўна. Па сутнасцi, ён ператварыўся амаль у жывёлiну. Я мог разлiчваць толькi на самаго сябе. Абдумаўшы ўсё спакойна, я вырашыў, што, нягледзячы на безвыходнасць нашага становiшча, адчайвацца не трэба. Мы маглi спадзявацца, што марсiяне размясцiлiся ў яме толькi часова. Няхай сабе яны нават ператвораць яму ў пастаянны лагер, i тады нам можа пашчасцiць уцячы, калi толькi не выставяць варту. Я прадумаў падрабязны план падкопу з супрацьлеглага боку, але тут нам пагражала небяспека стаць заўважанымi з якога-небудзь вартавога трыножка. Акрамя таго, падкоп давялося б рабiць мне аднаму. На святара спадзявацца i разлiчваць было нельга.
Праз тры днi (калi памяць мяне не падводзiць) на маiх вачах быў усмерчаны юнак; гэта быў адзiны раз, калi я бачыў, як харчуюцца марсiяне. Пасля гэтага я амаль цэлы дзень не падыходзiў да шчылiны. Я пайшоў у пасудамыйку, адчынiў дзверы i некалькi гадзiнаў сякераю капаў зямлю, стараючыся як мага менш рабiць шуму. Але калi я выкапаў яму футаў на два глыбiнёю, цяжкая зямля з шумам асела, i я не адважыўся капаць далей. Я затаiўся i доўга ляжаў на падлозе, баючыся паварушыцца. Пасля гэтага я не думаў пра падкоп.
Адзначу адзiн цiкавы факт: уражанне, якое зрабiлi на мяне марсiяне, было такое, што я не спадзяваўся на перамогу людзей, дзякуючы якой змог бы выратавацца. Аднак на чацвёртую цi пятую ноч пачулiся гарматныя выстралы.
Была глыбокая ноч i месяц ярка свяцiў. Марсiяне прынялi экскаватар i некуды схавалiся; толькi на некаторай адлегласцi ад ямы стаяў баявы трыножак, а ў адным з вуглоў ямы мнагарукая машына прадаўжала працаваць якраз пад шчылiнаю, у якую я глядзеў. У яме было зусiм цёмна, за выключэннем тых мясцiнаў, куды падала месячнае святло цi водблiск мнагарукай машыны, якая парушала цiшыню сваiм лязгатам. Ноч была ясная, цiхая. Месяц адзiнока панаваў у небе, адна толькi зорка парушала яго адзiноту. Раптам пачуўся брэх сабакi, i гэты знаёмы гук прымусiў мяне насцярожыцца. Потым вельмi выразна я пачуў гул, быццам грукат цяжкiх гарматаў. Я налiчыў шэсць выстралаў i пасля доўгага перапынку - яшчэ шэсць. Потым усё зацiхла.
IV
СМЕРЦЬ СВЯТАРА
Гэта адбылося на шосты дзень нашага зняволення. Я глядзеў у шчылiну i нечакана адчуў, што я адзiн. Святар, якi толькi што стаяў побач са мною i адштурхоўваў мяне ад шчылiны, чамусьцi пайшоў у пасудамыйку. У цемнаце я пачуў, што святар п'е. Я працягнуў руку i намацаў бутэльку бургундскага.
Некалькi хвiлiнаў мы валтузiлiся. Бутэлька ўпала i разбiлася. Мы стаялi адзiн перад адным, цяжка дыхаючы, сцiскаючы кулакi. Нарэшце я стаў памiж iм i запасам правiзii i сказаў, што вырашыў увесцi строгую дысцыплiну. Я падзялiў увесь запас прадуктаў так, каб яго хапiла на дзесяць дзён.
Днём ён зноў спрабаваў падабрацца да прыпасаў. Я быў задрамаў, але адразу схамянуўся. Цэлы дзень i цэлую ноч мы прасядзелi адзiн перад адным; я смяротна стамiўся, але быў цвёрды; ён хныкаў i скардзiўся на нясцерпны голад. Я ведаю, што так прайшлi ноч i дзень, але мне здавалася тады i нават цяпер здаецца, што гэта працягвалася цэлую вечнасць.
Пастаянныя спрэчкi памiж намi прывялi нарэшце да адкрытай канфрантацыi. На працягу двух доўгiх дзён мы сварылiся напаўголасу, спрачалiся. Калi-нiкалi я не мог стрымлiваць сябе i бiў яго, iншы раз ласкава пераконваў, аднаго разу я нават спрабаваў спакусiць яго апошняй бутэлькай бургундскага: у кухнi была помпа для дажджавой вады, адкуль я мог напiцца. Але нi ўгаворы, нi пабоi не ўздзейнiчалi, здавалася, ён страцiў розум. Ён, як i раней, спрабаваў захапiць правiзiю i працягваў размаўляць услых сам з сабою. Ён паводзiў сябе вельмi неасцярожна, i кожную хвiлiну нас маглi раскрыць. Неўзабаве я зразумеў, што ён зусiм страцiў розум, - я апынуўся ў цемнаце адзiн на адзiн з вар'ятам.
Мне здаецца, што i я ў той час быў не нармальны. Мяне мучылi дзiкiя, жудасныя сны. Як гэта не дзiўна, але я схiльны думаць, што вар'яцтва святара было для мяне перасцярогаю: я напружана сачыў за сабою i таму мог разважна думаць.
На восьмы дзень святар пачаў гаварыць, i я нiчым не мог стрымаць яго красамоўства.
- Гэта справядлiвая кара, о божа, - паўтараў ён штохвiлiнна, справядлiвая! Знiшчы мяне i ўвесь род мой. Мы саграшылi, мы ўпалi ў грэх... Паўсюль людзi мучылiся, бедныя змешвалiся з прахам, а я маўчаў. Мае пропаведзi - глупства, о божа мой, што за глупства! Я павiнен быў маўчаць i, не шкадуючы жыцця свайго, заклiкаць да пакаяння, да пакаяння!.. Прыгнятальнiкi бедных i пакутнiкаў! Караючая рука боская!..
Потым ён зноў успомнiў аб правiзii, да якой я яго не дапускаў, прасiў мяне, плакаў, пагражаў. Ён пачаў павышаць голас; я прасiў не рабiць гэтага; ён зразумеў сваю ўладу нада мною i пачаў пагражаць, што будзе крычаць i прыцягне ўвагу марсiянаў. Спярша я напалохаўся, але потым зразумеў, што калi я ўступлю яму, то нашы шансы на выратаванне зменшацца. Я адмовiў яму, хоць i не быў упэўнены, што ён рэалiзуе сваю пагрозу. Гэтым днём ва ўсякiм выпадку гэтага не адбылося. Ён гаварыў гучней i гучней увесь восьмы i дзевяты дзень; гэта былi пагрозы, просьбы, парывы неразумнага шматслоўнага раскайвання ў абыякавым, недастойным служэннi богу. Мне стала шкада яго. Крыху паспаўшы, ён зноў пачаў гаварыць, на гэты раз так гучна, што я вымушаны быў умяшацца.