Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - Михаил Булгаков 5 стр.


- Патэлефанаваць? Ну, што ж, патэлефануйце, - сумна згадзiўся хворы i раптам горача папрасiў: - Але малю вас на развiтанне, паверце хаця таму, што ёсць д'ябал! Пра большае я ўжо не прашу. Майце на ўвазе, што на гэта ёсць сёмы доказ, i ён сама надзейны! I зараз вам ён будзе паказаны.

- Добра, добра, - з фальшываю ласкавасцю сказаў Берлiёз, падмiргнуў засмучанаму паэту, якому зусiм не хацелася вартаваць звар'яцелага немца, i памчаў да таго выхаду з Патрыярхавых, якi знаходзiцца на рагу Броннае i Ермалаеўскага завулка.

А прафесар адразу ж зрабiўся здаровым i вясёлым.

- Мiхаiл Аляксандравiч! - крыкнуў ён наўздагон Берлiёзу.

Той здрыгануўся, азiрнуўся, але супакоiў сябе тым, што iмя яго i iмя па-бацьку вядомы прафесару таксама з газеты. А прафесар крыкнуў, склаўшы рукi рупарам:

- Цi не загадаеце неадкладна адбiць тэлеграму вашаму дзядзьку ў Кiеў?

I зноў перасмыкнула Берлiёза. Адкуль вар'ят ведае пра яго кiеўскага дзядзьку? Пра гэта ж у газетах не сказана. Эге, цi не праў тут Бяздомны? А калi дакумент лiпавы? Вой, дзiўны суб'ект. Тэлефанаваць, тэлефанаваць! Яго хутка высветляць!

Берлiёз пабег далей, нi да чога болей не прыслухоўваючыся.

I тут ля самага выхаду на Бронную з лаўкi насустрач рэдактару ўстаў якраз гэтакi ж самы грамадзянiн, што тады ў сонечным святле вылепiўся з тлустае спякоты. Толькi цяпер ён быў ужо не паветраны, а звычайны, плоцкi, i ў прыцемку Берлiёз добра разгледзеў, што вусiкi ў яго як курынае пер'е, вочкi маленькiя, iранiчныя i п'янаватыя, а штаны клятчастыя, падцягнутыя гэтак, што вiдаць брудныя белыя шкарпэткi.

Мiхаiл Аляксандравiч падаўся назад, але супакоiў сябе тым, што гэта недарэчнае супадзенне i што цяпер няма часу на роздум.

- Турнiкет шукаеце, грамадзянiн? - надтрэснутым тэнарам пацiкавiўся клятчасты тып. - Сюды, калi ласка! Проста i выйдзеце куды трэба! З вас бы за падказку на чвэрць лiтра... падлячыцца... былому рэгенту! - суб'ект, крыўляючыся, наводмаш зняў сваю жакейскую шапачку.

Берлiёз не стаў слухаць пабiрушку i крыўляку рэгента, падбег да турнiкета, узяўся за яго рукою. Ён павярнуў яго i збiраўся ўжо ступiць на рэйкi, як у твар пырснула чырвоным i белым святлом: у шкляной скрынцы засвяцiўся надпiс: "Сцеражыся трамвая!"

Адразу ж падляцеў трамвай, якi заварочваў на новую лiнiю з Ермалаеўскага на Бронную. Як толькi завярнуў i выйшаў на прамую, раптоўна асвятлiўся ўнутры электрычнасцю, узвыў i дадаў ходу.

Асцярожны Берлiёз, хоць i стаяў у бяспечным месцы, вырашыў вярнуцца за рагатку, пераклаў руку на вяртушцы, ступiў крок назад. I ў гэтае iмгненне рука яго сарвалася, нага няўмольна, як на лёдзе, слiзганула па бруку да рэек, другую нагу падкiнула, i Берлiёз вылецеў на рэйкi.

Берлiёз стараўся за што-небудзь ухапiцца, упаў дагары, злёгку ўдарыўся патылiцай аб каменне, i ўспеў угледзець увышынi, але справа цi злева, ён ужо не запомнiў, - пазалочаную поўню. Ён паспеў перавярнуццца на бок, iмклiва падцягнуў ногi да жывата i, пасля таго як павярнуўся, угледзеў, як iмчыць на яго з нястрымнаю сiлаю зусiм белы ад жаху твар жанчыны-вагонаважатай i яе чырвоную павязку. Берлiёз не паспеў ускочыць, але вакол яго адчайнымi жаночымi галасамi завiшчала ўся вулiца. Важатая рванула за электрычны тормаз, вагон сеў носам у зямлю, пасля iмгненна падскочыў, з грукатам i звонам з вокнаў пасыпалася шкло. Тут у мазгах у Берлiёза нехта адчайна крыкнуў: "Няўжо?.." Яшчэ раз, ужо апошнi раз, мiльганула поўня, якая развальвалася на кавалкi, i потым стала цёмна.

Трамвай накрыў Берлiёза, i пад агароджу Патрыярхавае алеi выкiнула на брукаваны каменны адхон круглы цёмны прадмет. Ён скацiўся з гэтага адхону i заскакаў па бруку Броннае.

Гэта была адрэзаная галава Берлiёза.

Раздзел 4

ПАГОНЯ

Сцiхлi iстэрычныя жаночыя крыкi, перасталi свiдраваць паветра мiлiцэйскiя свiсткi, дзве санiтарныя машыны павезлi: адна - абезгалоўленае цела i адрэзаную галаву ў морг, другая - параненую асколкамi шкла прыгожую важатую; дворнiкi ў белых фартухах прыбралi асколкi шкла i засыпалi пяском крывавыя лужы, а Iван Мiкалаевiч, як упаў на лаўцы, не дабегшы да турнiкета, гэтак i застаўся на ёй.

Некалькi разоў ён спрабаваў устаць, але ногi не слухалiся, - з Бяздомным здарылася нешта накшталт паралiча.

Паэт кiнуўся бегчы да турнiкета, як толькi пачуў крык, i бачыў, як галава падскоквала, кацiлася па бруку. Ён гэтак спалохаўся, што ўпаў i кусаў рукi да крывi. Пра звар'яцелага немца ён, вядома, забыўся i стараўся зразумець толькi адно, як гэта можа быць, што вось толькi што ён гаварыў з Берлiёзам, а праз хвiлiну - галава...

Усхваляваныя людзi прабягалi паўз паэта па алеi, нешта крычалi, але Iван Мiкалаевiч iх не разумеў.

Нечакана ля яго сустрэлiся дзве жанчыны, i адна з iх, вастраносая i проставалосая, закрычала над самым паэтам другой жанчыне:

- Анечка! Наша Анечка! З Садовае! Гэта яе работа! Узяла яна ў бакалеi алею, ды лiтроўку аб вяртушку i пабiла! Усю спаднiцу сапсавала... Вой, як яна лаялася, як лаялася! А ён, бедны, выходзiць, паслiзнуўся i паехаў на рэйкi...

З усяго сказанага жанчынамi ў збянтэжанай галаве ў Iвана Мiкалаевiча засталося адно слова: "Анечка..."

- Анечка... Анечка?.. - пачаў мармытаць паэт i ўстрывожана азiрацца. Пачакайце, пачакайце...

Да слова "Анечка" прывязалася слова "алей", а потым чамусьцi "Понцiй Пiлат". Пiлата паэт адрынуў i пачаў вязаць ланцужок ад слова "Анечка". А ланцужок гэты вязаўся вельмi хутка i прывёў да звар'яцелага прафесара.

Прабачце! Ды ён жа сказаў, што паседжанне не адбудзецца, таму што Анечка разлiла алей. I маеце - яно не адбудзецца! Мала гэтага: ён яшчэ сказаў, што галаву Берлiёзу адрэжа жанчына?! Ага, ага! Важатая - жанчына?! Што ж гэта такое? Га? Цяпер не было i кропелькi сумнення ў тым, што таямнiчы кансультант дакладна ведаў загадзя ўсю карцiну жахлiвае смерцi Берлiёза. Тут дзве думкi працялi галаву паэта. Першая: "Ён зусiм не вар'ят! Усё гэта глупства!" i другая: "Цi не падстроiў усё гэта ён сам?!"

Але, дазвольце, якiм чынам?! - Не, пра гэта мы даведаемся!

Iван Мiкалаевiч перасiлiў сябе, устаў з лаўкi i кiнуўся туды, дзе размаўляў з прафесарам. I аказалася, што той, на шчасце, яшчэ не пайшоў.

На Броннай ужо запалiлiся лiхтары, а над Патрыярхавымi свяцiла залатая поўня, i ў месячным, заўсёды падманным святле Iвану Мiкалаевiчу здалося, што той стаiць i трымае пад пахай не кiёк, а шпагу.

Былы падлiза-рэгент сядзеў на тым самым месцы, дзе сядзеў яшчэ нядаўна сам Iван Мiкалаевiч. Цяпер рэгент начапiў сабе на нос вiдавочна непатрэбнае пенснэ, у якiм не было аднаго шкельца, а другое - трэснутае. Ад гэтага клятчасты грамадзянiн зрабiўся яшчэ брыдчэйшым, чым быў тады, калi паказваў Берлiёзу дарогу на рэйкi.

З захаладзелым сэрцам Iван падняўся да прафесара, зазiрнуў яму ў твар, пераканаўся, што нiякiх прыкмет вар'яцтва няма на гэтым твары i не было.

- Прызнайцеся, хто вы такi? - глуха спытаўся Iван.

Чужаземец насупiўся, глянуў гэтак, нiбы ўпершыню бачыць паэта, i адказаў непрыязна:

- Не панiмай... расейскiй гаварыць...

- Яны не разумеюць! - умяшаўся з лаўкi рэгент, хаця яго нiхто i не прасiў тлумачыць за чужаземца.

- Не прытварайцеся! - грозна сказаў Iван i адчуў, як стала холадна ў грудзях. - Вы толькi што цудоўна гаварылi па-расейску. Вы не немец i не прафесар! Вы - забойца i шпiён! Дакументы! - люта крыкнуў Iван.

Загадкавы прафесар гiдлiва скрывiў i без таго скрыўлены рот i пацiснуў плячыма.

- Грамадзянiн, - зноў умяшаўся працiўны рэгент, - вы што ж гэта палохаеце iнтурыста? За гэта вы строга адкажаце! - А падазроны прафесар напусцiў пагарду на твар, завярнуўся i пайшоў прэч ад Iвана.

Iван адчуў, што разгубiўся. Задыхаючыся, ён звярнуўся да рэгента:

- Гэй, грамадзянiн, дапамажыце затрымаць злачынца! Вы абавязаны гэта зрабiць!

Рэгент ажывiўся, усхапiўся i закрычаў:

- Якi злачынец? Дзе ён? Чужаземны злачынец? - рэгентавы вочы радасна засвяцiлiся. - Гэты? Калi ён злачынец, то найперш трэба крычаць: "Каравул!" А то ён уцячэ. Давайце разам. Разам! - i тут рэгент разявiў пашчу.

У разгубленасцi Iван паслухаўся штукара-рэгента i крыкнуў: "Каравул!", а рэгент яго абмануў i нiчога не крыкнуў.

Адзiнокi хрыпаты Iванаў крык нiчога добрага не даў. Дзве нейкiя дзяўчыны шарахнулiся ад яго, i ён пачуў слова "п'яны!".

- Э, дык ты з iм заадно? - злосна закрычаў Iван. - Ты што, здзекуешся з мяне? Пусцi!

Iван кiнуўся ўправа, i рэгент - управа. Iван - улева, i той мярзотнiк таксама.

- Ты знарок пад нагамi блытаешся? - азвярэла закрычаў Iван. - Я цябе самога здам у мiлiцыю!

Iван паспрабаваў схапiць нягоднiка за рукаў, але прамазаў i нiчога не злавiў. Рэгент быццам скрозь зямлю правалiўся.

Iван вохнуў, глянуў удалечыню i ўгледзеў ненавiснага незнаёмца. Той ужо быў ля выхаду ў Патрыярхаў завулак, i не адзiн. Болей чым сумнiцельны рэгент паспеў далучыцца да яго. Але гэта яшчэ не ўсё: трэцiм у гэтай кампанii аказаўся вялiкi, як кармляк, чорны, як сажа альбо грак, кот з вялiзнымi кавалерыйскiмi вусамi, якi невядома адкуль узяўся. Тройца рушыла ў Патрыярхаў завулак, прычым кот iшоў на заднiх лапах.

Iван кiнуўся ўслед за злачынцамi i адразу ж пераканаўся, што дагнаць iх будзе вельмi цяжка.

Iван кiнуўся ўслед за злачынцамi i адразу ж пераканаўся, што дагнаць iх будзе вельмi цяжка.

Тройца iмгненна праляцела па Патрыярхавым i апынулася на Спiрыдонаўцы. Колькi Iван нi прыбаўляў хады, адлегласць нiяк не скарачалася. I не паспеў паэт апамятацца, як пасля цiхае Спiрыдонаўкi апынуўся ля Нiкiцкiх варот, дзе становiшча яго пагоршылася. Тут ужо было шмат людзей, Iван наляцеў на мiнака, яго аблаялi. Бандыцкая шайка тут вырашыла ўжыць выпрабаваны бандыцкi прыём уцякаць уроссып.

Рэгент спрытна на хаду ўскочыў у аўтобус, якi iмчаў да Арбацкае плошчы, i знiк. Пасля таго як згубiў аднаго ўцекача, Iван засяродзiў сваю ўвагу на кату i бачыў, як гэты дзiўны кот падышоў да падножкi маторнага вагона "А", што стаяў на прыпынку, нахабна адапхнуў жанчыну, якая аж вiскнула, ухапiўся за парэнчу i нават паспрабаваў сунуць кандуктарцы грыўню праз адчыненае з-за духаты акно.

Паводзiны ката гэтак уразiлi Iвана, што ён нерухома замёр ля бакалейнай крамы на рагу, i тут другi раз яшчэ больш быў уражаны паводзiнамi кандуктаркi. Тая, як толькi ўгледзела ката, якi лез у трамвай, аж закалацiлася ад злосцi i закрычала:

- Катам нельга! З катамi нельга! Псiк! Злазь, а то мiлiцыю паклiчу!

I кандуктарку, i пасажыраў уразiла тое, што кот лезе ў трамвай, а не тое, што ён збiраецца заплацiць!

Кот аказаўся не толькi здольны аплацiць, але i дысцыплiнаваны. Пасля першага ж вокрыку ён спынiў наступ, злез з падножкi i сеў на прыпынку, пацiраючы грыўняй вусы. Але як толькi кандуктарка тузанула за вяроўку i трамвай рушыў, кот зрабiў тое, што робяць усе, каго выганяюць з трамвая i каму трэба ехаць. Кот прапусцiў усе тры вагоны, ускочыў на заднюю дугу апошняга, лапаю ўчапiўся за нейкую кiшку, якая тырчала збоку, i паехаў, тым самым зэканомiўшы i грыўню.

Захапiўшыся брыдкiм катом, Iван ледзь не ўпусцiў галоўнага - прафесара. Але, на шчасце, той не ўспеў уцячы. Iван угледзеў шэры берэцiк у натоўпе ў пачатку Вялiкае Нiкiцкае, альбо па-цяперашняму Герцана. У адно iмгненне Iван апынуўся там. Паэт i хады дадаваў, i спрабаваў подбегам, штурхаў мiнакоў, але i на сантыметр не наблiзiўся да прафесара.

Як не быў засмучаны Iван, яго ўражвала тая ненатуральная хуткасць, з якою iшла пагоня. I дваццаць секунд не прамiнула, як Iван быў ужо аслеплены агнямi Арбацкае плошчы. Яшчэ некалькi секунд - i цёмны завулак з крывымi ходнiкамi, дзе Iван Мiкалаевiч упаў i абабiў калена. Зноў асветленая магiстраль - вулiца Крапоткiна, потым завулак, потым Астожанка i яшчэ адзiн завулак, панылы, непрыгожы i малаасветлены. I вось тут Iван Мiкалаевiч канчаткова згубiў таго, хто быў яму патрэбны. Прафесар знiк.

Iван Мiкалаевiч збянтэжыўся, але ненадоўга, таму што раптам здагадаўся, што прафесар абавязкова павiнен апынуцца ў доме No 13 i абавязкова ў кватэры No 47.

Iван Мiкалаевiч уварваўся ў пад'езд, узляцеў на другi паверх, адразу ж знайшоў гэтую кватэру i нецярплiва пазванiў. Чакаць давялося мала: адчынiла Iвану нейкая дзяўчынка гадоў пяцi, нiчога не спыталася i пайшла некуды.

У вялiзным, ушчэнт занядбаным пярэднiм пакоi, якi асвятляўся маленькай вугальнай лямпачкай пад высокай i чорнай ад бруду столлю, на сцяне вiсеў веласiпед без шын, стаяў вялiзны куфар, акаваны жалезам, а на палiцы над вешалкай ляжала зiмовая шапка, i яе доўгiя вушы звiсалi ўнiз. За аднымi з дзвярэй гулкi мужчынскi голас у радыёапараце сярдзiта крычаў нешта вершамi.

Iван Мiкалаевiч не разгубiўся ў незнаёмых абставiнах i пашыбаваў у калiдор, разважаючы: "Ён, вядома, схаваўся ў ванным пакоi". У калiдоры было цёмна. Патыкаўшыся ў сцены, Iван убачыў вузенькую палоску святла пад дзвярыма, намацаў ручку i пацягнуў за яе. Зашчапка адскочыла, i Iван апынуўся якраз у ванным пакоi, падумаў, што яму пашанцавала.

Аднак пашанцавала не гэтак, як трэба было! На Iвана патыхнула вiльготнай цеплынёй, i, пры святле вуголля ў калонцы, ён убачыў вялiкiя ночвы, якiя вiселi на сцяне, ванну з чорнымi плямамi там, дзе была абабiта эмаль. Дык вось, у гэтай ванне стаяла голая грамадзянка, уся ў мыле i з мачалкаю ў руках. Яна блiзарука прыплюшчылася на Iвана, якi ўварваўся, вiдаць, памылiлася пры гэтым пякельным асвятленнi, сказала цiха i весела:

- Кiрушка! Хопiць вытвараць! Вы што, здурнелi!.. Фёдар Iванавiч зараз вернецца. Марш адсюль зараз жа! - i махнула на Iвана мачалкаю.

Непаразуменне было вiдавочнае, i вiнаваты ў iм быў, вядома ж, Iван Мiкалаевiч. Але прызнацца ў гэтым ён не захацеў i ўсклiкнуў з дакорам: "Ай, распуснiца!.." - i адразу чамусьцi апынуўся на кухнi. Там нiкога не было i на плiце стаяла маўклiва каля дзесятка прымусаў. Толькi месячны праменьчык, якi прабiўся скрозь запыленае, многiя гады не выцiранае шкло, скупа асвятляў куток, дзе ў пыле i павуцiне вiсела забытая iкона, з-за кiвота якое высоўвалiся два канцы вянчальных свечак. Пад вялiкай iконай вiсела прышпiленая маленькая - папяровая.

Нiхто не ведае, якая думка завалодала Iванам, але толькi перш чым выбегчы на чорны ход, ён узяў адну свечку, а таксама i папяровую iкону. Разам з гэтымi прадметамi ён пакiнуў невядомую кватэру, нешта мармытаў, бянтэжыўся ад таго, што толькi што перажыў у ванным пакоi, мiжволi спрабаваў угадаць, хто быў гэты нахабны Кiрушка i цi не яму належыць брыдкая шапка з вушамi.

У пустым змрочным завулку паэт азiрнуўся, шукаючы ўцекача, але таго нiдзе не было. Тады Iван цвёрда сказаў сабе самому:

- Ну вядома, ён ля Масквы-ракi! Наперад!

Варта было, мабыць, запытацца ў Iвана Мiкалаевiча, чаму ён думае, што прафесар менавiта ля Масквы-ракi, а не дзе-небудзь у iншым месцы. Ды бяда ў тым, што запытацца не было каму. Змрочны завулак быў зусiм пусты.

Праз некаторы час можна было бачыць Iвана Мiкалаевiча на гранiтных прыступках амфiтэатра Масквы-ракi.

Пасля таго як распрануўся, Iван папрасiў сiмпатычнага барадача, якi палiў самакрутку каля парванае белае талстоўкi i расшнураваных стоптаных чаравiкаў, павартаваць i яго адзенне. Iван памахаў рукамi, каб астыць, ластаўкай скочыў у ваду. Аж дух заняло, гэтакая халодная была вада, мiльганула нават думка, што не ўдасца вынырнуць на паверхню. Аднак вынырнуць удалося, Iван аддыхваўся, фыркаў, з круглымi ад жаху вачыма плаваў у прапахлай нафтаю i мазутам вадзе мiж зiгзагаў ад берагавых лiхтароў.

Калi мокры Iван прыскакаў па прыступках да таго месца, дзе засталося яго адзенне, высветлiлася, што ўкрадзена не толькi яно, але i сам барадач. Якраз на тым самым месцы засталiся толькi паласатыя споднiкi, парваная талстоўка, свечка, iкона i карабок запалак. Iван пагразiў некаму ўдалячынь кулаком, адзеў тое, што засталося.

Цяпер яго пачалi турбаваць дзве думкi: першая - пра тое, што знiкла пасведчанне МАССАЛIТа, з якiм ён нiколi не разлучаўся, i другая - цi ўдасца яму ў такiм выглядзе прайсцi па Маскве? Усё ж у падштанiках... Хаця каму якая справа да гэтага, але каб не было якой-небудзь прыдзiркi альбо затрымкi.

Iван абарваў гузiкi са споднiкаў там, дзе тыя зашпiльвалiся знiзу, разлiчваў, што яны стануць падобнымi на летнiя штаны, забраў iконку, свечку i запалкi i рушыў, на хаду загадаўшы самому сабе:

- Да Грыбаедава! Няма сумнення, што яны там!

Горад ужо жыў вячэрнiм жыццём. У пыле праляталi, пазвоньваючы ланцугамi, грузавiкi, на платформах якiх, на мяшках, жыватамi ўгору, ляжалi нейкiя мужчыны. Усе вокны былi адчыненыя. У кожным з гэтых вокнаў гарэла пад аранжавым абажурам святло, з вокнаў i з усiх дзвярэй, з дахаў i гарышчаў, з падвалаў i двароў вырываўся ахрыплы гук паланеза з оперы "Яўгенiй Анегiн".

Тое, чаго Iван Мiкалаевiч баяўся, збылося: мiнакi звярталi на яго ўвагу, азiралiся. Тады ён вырашыў пакiнуць людныя вулiцы i прабiрацца завулачкамi, дзе людзi не гэтакiя надакучлiвыя, што прыстаюць да босага чалавека з роспытамi пра споднiкi, якiя нiяк не робяцца падобнымi на штаны.

Iван гэтак i зрабiў - знiк у глыбiнi арбацкiх завулачкаў i пачаў прабiрацца пад сценамi насцярожана, пужлiва азiраючыся, часам хаваўся ў пад'ездах, пазбягаў перакрыжаванняў са святлафорамi, абыходзiў раскошныя дзверы пасольскiх асабнякоў.

I ўсю дарогу яго, незразумела чаму, мучыў неадступны аркестр, пад акампанемент якога цяжкi бас спяваў пра сваю любоў да Таццяны.

Раздзел 5

ДЗЕЯ АДБЫВАЕЦЦА Ў ГРЫБАЕДАВЕ

Старадаўнi двухпавярховы дом крэмавага колеру стаяў на бульварным кальцы ў глыбiнi зачахлага саду, адмежаванага ад ходнiкаў каванаю чыгуннаю рашоткаю. Невялiкая пляцоўка перад домам была заасфальтавана, зiмой на ёй высiўся сумёт з лапатаю, летам яна ператваралася ў цудоўнае аддзяленне рэстарацыi пад парусiнавым тэнтам.

Дом называлi "Домам Грыбаедава" таму, што быццам бы некалi ён належаў цётцы пiсьменнiка - Аляксандра Сяргеевiча Грыбаедава. Ну, належаў цi не належаў - мы дакладна не ведаем. Нават памятаецца, што быццам бы нiякай цёткi-домаўладальнiцы ў Грыбаедава i не было... Аднак дом гэтак звалi. Нават болей, адзiн маскоўскi хлус расказваў, што нiбы на другiм паверсе, у круглай зале з калонамi, знакамiты пiсьменнiк чытаў урыўкi з "Гора ад розуму" гэтай самай цётцы, якая сядзела на сафе. А мiж iншым, д'ябал яго ведае, магчыма, i чытаў, не гэта важна!

А важна тое, што цяпер валодаў гэтым домам МАССАЛIТ, якi ўзначальваў Мiхаiл Аляксандравiч Берлiёз да свайго з'яўлення на Патрыярхавых сажалках.

Назад Дальше