А важна тое, што цяпер валодаў гэтым домам МАССАЛIТ, якi ўзначальваў Мiхаiл Аляксандравiч Берлiёз да свайго з'яўлення на Патрыярхавых сажалках.
З лёгкае рукi сябраў МАССАЛIТа нiхто не называў дом "Домам Грыбаедава", а ўсе гаварылi проста - "Грыбаедаў": "Я ўчора дзве гадзiны правалэндаўся ў Грыбаедава". - "Ну, i як?" - "Дабiўся на месяц у Ялту". - "Малайчына!" Альбо: "Пайсцi да Берлiёза, ён сёння з чатырох да пяцi прымае ў Грыбаедаве..." i гэтак далей.
МАССАЛIТ размясцiўся ў Грыбаедаве гэтак, што лепш i ўтульней не можа i быць. Кожны, хто заходзiў у Грыбаедава, перш за ўсё мiжволi знаёмiўся з паведамленнямi розных спартовых кружкоў i з групавымi, а таксама iндывiдуальнымi фотаздымкамi сябраў МАССАЛIТа, якiмi (фотаздымкамi) былi абвешаны лесвiчныя сцены на другi паверх.
На дзвярах першага пакоя на гэтым жа паверсе быў вiдаць надпiс вялiкiмi лiтарамi: "Рыбна-лецiшчная секцыя" i намаляваны карась, якi трапiўся на вуду.
На дзвярах пакоя No 2 было напiсана нешта не зусiм зразумелае: "Аднадзённая творчая пуцёўка. Звяртацца да М.В.Падложнай".
Наступныя дзверы трымалi на сабе кароткi, але ўжо зусiм незразумелы надпiс: "Пералыгiна". Потым у выпадковага наведвальнiка Грыбаедава пачыналi разбягацца вочы ад надпiсаў, якiя стракацелi на арэхавых цётчыных дзвярах: "Запiс у чаргу на паперу ў Паклёўкiнай", "Каса", "Асабiсты разлiк скетчыстаў"...
Перасекшы даўжэзную чаргу, якая пачыналася ўнiзе ад швейцарскага пакоя, можна было ўбачыць надпiс на дзвярах, куды пёрся народ: "Кватэрнае пытанне".
За кватэрным пытаннем вiднеўся раскошны плакат, на якiм была намалявана скала, а на яе грэбенi ехаў коннiк у бурцы i з вiнтоўкаю за плячыма. Нiжэй пальмы i балкон, на балконе сядзеў малады чалавек з чубчыкам, глядзеў некуды ўгору шустрымi вачыма i трымаў у руцэ самапiску. Подпiс: "Поўнааб'ёмныя творчыя адпачынкi ад двух тыдняў (апавяданне-навела) да аднаго года (раман, трылогiя). Ялта, Суук-Су, Баравое, Цыхiдзiры, Махiнджауры, Ленiнград (Зiмнi палац)". Ля гэтых дзвярэй таксама была чарга, але невялiкая, сотнi на паўтары.
Далей iшлi адпаведна паваротам, пад'ёмам i спускам грыбаедаўскага дома, "Праўленне МАССАЛIТа", "Касы No 2, 3, 4, 5", "Рэдакцыйная калегiя", "Старшыня МАССАЛIТа", "Бiльярдная", розныя дапаможныя ўстановы i, нарэшце, тая самая зала з каланадаю, дзе цётка цешылася камедыяй генiяльнага пляменнiка.
Кожны наведвальнiк, калi ён, вядома, быў не зусiм тупы, калi трапляў у Грыбаедава, адразу ж думаў пра тое, як добра жывецца шчаслiўчыкам - сябрам МАССАЛIТа, i чорная зайздрасць пачынала пакрысе мучыць яго. I ўзнiкаў горкi дакор за тое, што яго прырода не надзялiла пры нараджэннi лiтаратурным талентам, без чаго, натуральна, няварта было i марыць, каб завалодаць бiлетам МАССАЛIТа, карычневым, якi пах дарагою скураю, з залатою шырокаю аблямоўкаю, вядомы на ўсю Маскву бiлет.
Хто будзе абараняць зайздрасць? Гэта пачуццё катэгорыi дрэнных людзей, але ўсё ж зразумець наведвальнiка можна. Бо ўсё тое, што ён бачыў на верхнiм паверсе, было яшчэ не ўсё, зусiм не ўсё. Увесь нiжнi паверх цётчынага дома займала рэстарацыя, i якая рэстарацыя! Справядлiва яна лiчылася сама лепшай у Маскве. I не толькi таму, што месцiлася ў двух вялiкiх залах з высокай столлю, размаляванай лiловымi асiрыйскiмi конямi з грывамi, не толькi таму, што на кожным стале стаяла лямпа, прыкрытая шалем, не толькi таму, што туды не мог трапiць кожны з вулiцы, а яшчэ i таму, што якасцю прадуктаў Грыбаедаў перамагаў усе маскоўскiя рэстарацыi i што iх тут прадавалi па даволi сходнай цане.
Таму няма нiчога дзiўнага пачуць вось такую размову, якую аднойчы пачуў аўтар гэтых сама праўдзiвых радкоў ля чыгуннае рашоткi Грыбаедава:
- Ты дзе сёння вячэраеш, Амбросiй?
- Яшчэ пытаешся, вядома, тут буду, дарагi Фока! Арчыбальд Арчыбальдавiч шапнуў мне сёння, што будуць парцыённыя судачкi а нацюрэль. Вiртуозная штучка!
- Умееш ты жыць, Амбросiй! - уздыхаючы, гаварыў худы, зашморганы, з карбункулам на шыi Фока чырванагубаму волату, золатавалосаму, таўсташчокаму Амбросiю-паэту.
- Нiякага асаблiвага ўмення ў мяне няма, - пярэчыў Амбросiй, - а звычайнае iмкненне жыць па-чалавечы. Ты хочаш сказаць, Фока, што судачкi бываюць i ў "Калiзеi"? Але ў "Калiзеi" порцыя судачкоў каштуе трынаццаць рублёў пятнаццаць капеек, а ў нас - пяць пяцьдзесят! Акрамя таго, у "Калiзеi" судачкi трохдзённыя, i, яшчэ, у цябе няма гарантыi, што ў "Калiзеi" ты не атрымаеш ад першага сустрэчнага, якi ўварваўся з Тэатральнага праезда, вiнаграднаю гронкаю па мордзе. Не, я катэгарычна супраць "Калiзея", - грымеў на ўвесь бульвар пераборлiвы Амбросiй. - Не ўгаворвай мяне, Фока.
- Я не ўгаворваю цябе, Амбросiй, - пiшчаў Фока. - Дома можна павячэраць.
- Скажаш, - трубiў Амбросiй, - уяўляю тваю жонку, якая спрабуе ў рондальчыку на кухнi зварганiць парцыённыя судачкi а нацюрэль! Гi-гi-гi!.. Арэвуар, Фока! - i з песенькаю Амбросiй накiроўваецца да веранды пад тэнтам.
Э-ха-ха... Было, было! Памятаюць маскоўскiя старажылы знакамiтага Грыбаедава! Ды што там адвараныя парцыённыя судачкi! Дзяшоўка гэта, мiлы Амбросiй! А сцерлядзь, сцерлядзь у серабрыстых рондальчыках, сцерлядзь, перакладзеная ракавымi шыйкамi i свежаю iкрою? А яйкi-какот з шампiньёнавым пюрэ ў кубачках? А драздовыя фiлейчыкi вам не падабалiся? З труфелямi? Перапёлкi па-генуэску? Дзесяць з паловаю! Ды джаз, ды ветлiвае абслугоўванне. А ў лiпенi, калi ўся сям'я на лецiшчы, а вас трымаюць у горадзе тэрмiновыя лiтаратурныя справы, - на верандзе, у цянi ад вiнаграду, залатою плямаю на чысценькiм настольнiку талерачка супу-прэнтаньер? Памятаеце, Амбросiй? Чаго тут пытацца! Па губах вашых бачу, што памятаеце. Што вашы сiжкi, судачкi! А дупелi, гаршнепы, бакасы, слонкi ў сезон, перапёлкi, кулiкi? Нарзан, якi шыпiць у горле?! Але хопiць, ты захапiўся, чытач! За мною!..
А палове адзiнаццатай у той самы вечар, калi загiнуў Берлiёз на Патрыярхавых, у Грыбаедаве наверсе свяцiўся толькi адзiн пакой, i ў iм пакутавалi дванаццаць лiтаратараў, якiя сабралiся на паседжанне i чакалi Мiхаiла Аляксандравiча.
Яны сядзелi на крэслах, на сталах i нават на падаконнiках у пакоi праўлення МАССАЛIТа i вельмi пакутавалi ад духаты. Нiводнага свежага струменя не пранiкала ў адчыненыя вокны. Масква аддавала назапашаную за дзень цеплыню, i было зразумела, што i ноч не прынясе палёгкi. Пахла цыбуляй з падвала цётчынага дома, дзе працавала рэстарацыйная кухня, i ўсiм хацелася пiць, усе нервавалiся i злавалiся.
Белетрыст Бяскуднiкаў - цiхi, прыстойна апрануты чалавек з уважлiвымi i адначасна няўлоўнымi вачыма - дастаў гадзiннiк. Стрэлка паўзла да адзiнаццацi. Бяскуднiкаў пстрыкнуў па цыферблаце, паказаў яго суседу, паэту Двухбрацкаму, якi сядзеў на стале i ад няма чаго рабiць махаў нагамi, абутымi ў жоўтыя чаравiкi на гумавай падэшве.
- Аднак, - прамармытаў Двухбрацкi.
- Хлопец, мабыць, на Клязьме зачапiўся, - густым голасам адазвалася Настасся Лукiнiчна Няпрыменава, маскоўская купецкая сiрата, якая стала пiсьменнiцай i выдумляе батальныя марскiя апавяданнi пад псеўданiмам "Штурман Жорж".
- Даруйце, - смела загаварыў аўтар папулярных скетчаў Загрываў. - Я i сам зараз бы з задавальненнем на балкончыку чаёк пiў, замест таго, каб тут варыцца. Паседжанне прызначана на дзесяць?
- А цяпер добра на Клязьме, - падагрэла прысутных Штурман Жорж, ведала, што лецiшчны пасёлак пiсьменнiкаў Пералыгiна на Клязьме - балючае пытанне. Цяпер, мабыць, салаўi там спяваюць. Мне заўсёды неяк лепш працуецца за горадам, асаблiва вясною.
- Трэцi год плачу грошы, каб хворую на базедаву хваробу жонку адправiць у гэты рай, ды нiчога сярод хваль не маячыць, - ядавiта i горка сказаў навелiст Iеранiм Папрыхiн.
- Гэта ўжо як каму пашанцуе, - прагудзеў з падаконнiка крытык Абабкаў.
Радасць загарэлася ў маленькiх вочках Штурман Жоржа, i яна сказала, змякчаючы сваё кантральта:
- Не трэба, таварышы, зайздросцiць. Лецiшч толькi дваццаць два, i будуецца яшчэ толькi сем, а нас у МАССАЛIЦе тры тысячы.
- Тры тысячы сто адзiнаццаць чалавек, - уставiў нехта з кута.
- Ну вось бачыце, - працягвала Штурман Жорж, - што ж рабiць? Натуральна, што лецiшчы атрымалi сама таленавiтыя з нас...
- Генералы! - напрасткi ўрэзаўся ў сварку Глухараў-сцэнарыст.
Бяскуднiкаў прытворна пазяхнуў i выйшаў з пакоя.
- Адзiн у пяцi пакоях у Пералыгiне, - услед яму сказаў Глухараў.
- Лаўровiч адзiн у шасцi, - крыкнуў Дзянiскiн, - i сталоўка дубам абабiта.
- Э-э, цяпер не ў гэтым справа, - прагудзеў Абабкаў, - а ў тым, што палова дванаццатай.
Пачаўся шум, наспявала нешта накшталт бунту. Пачалi тэлефанаваць у ненавiснае Пералыгiна, трапiлi не на тое лецiшча, да Лаўровiча, даведалiся, што Лаўровiч пайшоў на рэчку, i зусiм ад гэтага засмуцiлiся. Наўздагад патэлефанавалi ў камiсiю па прыгожай славеснасцi па дадатковым No 930 i, вядома, нiкога там не знайшлi.
- Ён мог бы i патэлефанаваць, - крычалi Дзянiскiн, Глухараў i Квант.
Ды крычалi яны марна: не мог Мiхаiл Аляксандравiч нiкуды болей патэлефанаваць. Далёка, далёка ад Грыбаедава, на трох цынкавых сталах ляжала тое, што яшчэ нядаўна было Мiхаiлам Аляксандравiчам.
Ды крычалi яны марна: не мог Мiхаiл Аляксандравiч нiкуды болей патэлефанаваць. Далёка, далёка ад Грыбаедава, на трох цынкавых сталах ляжала тое, што яшчэ нядаўна было Мiхаiлам Аляксандравiчам.
На першым - голае, у засохлай крывi цела з перабiтаю рукою i раздушанаю грудзiнаю, на другiм - галава з выбiтымi зубамi, з памутнелымi расплюшчанымi вачыма, якiх не палохала болей моцнае святло, а на трэцiм - куча закарэлых ануч.
Ля абезгалоўленага стаялi: прафесар судовай медыцыны, патолагаанатам i яго празектар, прадстаўнiк следства i выклiканы па тэлефоне ад хворае жонкi намеснiк Мiхаiла Аляксандравiча ў МАССАЛIЦе - лiтаратар Жаўдыбiн.
Машына заехала па Жаўдыбiна i найперш, разам са следствам, адвезла яго (пад поўнач гэта было) на кватэру забiтага, дзе былi апячатаны яго паперы, а потым ужо ўсе паехалi ў морг.
Вось цяпер тыя, хто стаяў над нябожчыкам, раiлiся, як лепш зрабiць: цi прышыць адрэзаную галаву да шыi, цi выставiць цела ў грыбаедаўскай зале i проста акрыць яго чорным да самага падбародка.
Так, Мiхаiл Аляксандравiч нiкуды не мог патэлефанаваць, i таму дарэмна абуралiся i крычалi Дзянiскiн, Глухараў i Квант з Бяскуднiкавым. Роўна апоўначы ўсе лiтаратары пакiнулi верхнi паверх i сышлi ў рэстарацыю. Тут зноў нядобрым словам успомнiлi Мiхаiла Аляксандравiча: усе столiкi на верандзе, натуральна, былi ўжо занятыя, i давялося застацца вячэраць у гэтых прыгожых, але душных залах.
I роўна апоўначы ў адным з iх нешта моцна грукнула, зазвiнела, пасыпалася, заскакала. I адразу ж тоненькi мужчынскi голас адчайна закрычаў: "Алiлуйя!" Гэта ўрэзаў знакамiты грыбаедаўскi джаз. Пакрытыя потам твары нiбы засвяцiлiся, здалося, што ажылi на столi намаляваныя конi, у лямпах быццам пабольшала святла, i раптам, як з ланцуга сарвалiся, заскакалi абедзве залы, а за iмi i веранда.
Заскакаў Глухараў з паэтэсай Тамарай Паўмесяц, заскакаў Квант, заскакаў Жукопаў-раманiст з нейкаю кiнаактрысаю ў жоўтай сукенцы. Скакалi: Драгунскi, Чардакчы, маленькi Дзянiскiн з гiганцкай Штурман Жоржам, скакала прыгажуня архiтэктар Сямейкiна-Гал, моцна аблапленая невядомым у белых дзяружных штанах. Скакалi свае i запрошаныя госцi, маскоўскiя i прыезджы пiсьменнiк Ёган з Кранштата, нейкi Вiця Куфцiк з Растова, здаецца, рэжысёр, з лiловым лiшаём на ўсю шчаку, скакалi выдатнейшыя прадстаўнiкi паэтычнага падраздзела МАССАЛIТа, а менавiта Павiянаў, Багахульскi, Салодкi, Шпiчкiн i Адэльфiна Буздзяк, скакалi невядомых прафесiй маладыя людзi, стрыжаныя пад бокс, з падшытымi ватаю плячыма, скакаў нейкi пажылы з барадою, у якой засела пёрка зялёнае цыбулi, скакала з iм пажылая змарнаваная малакроўем дзяўчына ў аранжавай шаўковай пакамечанай сукеначцы.
Сплывалi потам афiцыянты i насiлi над галовамi запацелыя куфлi з пiвам, хрыпла i з нянавiсцю крычалi: "Выбачайце, грамадзянiн!" Недзе з рупара голас камандаваў: "Карскi раз! Зубрык два! Флякi гаспадарскiя!" Грукат залатых джазавых талерак у аркестры часам перакрываў грукат посуду, якi пасудамыйкi па жолабе спускалi на кухню. Адным словам, пекла.
I было апоўначы ў пекле вiдовiшча. Выйшаў на веранду чарнавокi прыгажун з кiнжальнаю бародкаю, у сурдуце i царскiм позiркам паглядзеў навокал. Гаварылi, гаварылi мiстыкi, што быў час, калi прыгажун не апранаў сурдута, а быў падпяразаны шырокай скураной папругаю, з якой тырчалi рукаяткi пiсталетаў, а яго валасы пад колер крумкачовага крыла былi падвязаны чырвоным шоўкам, i плыў у Караiбскiм моры пад яго камандаю брыг пад чорным мёртвым сцягам з Адамавай галавой.
Але не, не! Абманваюць спакушальнiкi-мiстыкi, нiякага Караiбскага мора няма на свеце, i не плывуць там адчайныя флiбусцьеры, i не даганяе iх карвет, i не сцелецца над вадою гарматны дым. Няма нiчога, i нiчога не было! Вунь ссохлая лiпа ёсць, ёсць чыгунная рашотка i за ёй бульвар... I растае лёд у вазачцы, i вiдаць за суседнiм столiкам набеглыя крывёй нечыя вочы, i страшна, страшна... О багi, багi лiтасцiвыя, атруты мне, атруты!..
I раптам за столiкам успырхнула слова: "Берлiёз!"
Джаз развалiўся i знiк, быццам нехта грукнуў па iх кулаком. "Што, што, што, што?!!" - "Берлiёз!!!" I пачалi ўсхоплiвацца з месцаў, пачалi ўскрыкваць...
Так паднялася хваля гора ад страшнае навiны пра Мiхаiла Аляксандравiча. Нехта мiтусiўся, крычаў, што трэба адразу тут жа скласцi нейкую тэлеграму i тэрмiнова адправiць яе.
Але якую тэлеграму, спытаемся мы, i куды? I навошта яе пасылаць? I сапраўды, куды? I навошта нейкая там тэлеграма таму, чыя раздушаная патылiца сцiснута зараз празектарскiмi рукамi, чыю шыю коле зараз крывымi iголкамi прафесар? Загiнуў ён, i не трэба яму нiякай тэлеграмы. Усё скончана, не будзем болей загружаць тэлеграф.
Сапраўды, загiнуў, загiнуў... Але ж мы жывыя!
Ну, паднялася хваля гора, патрымалася-патрымалася i пачала ападаць, i сёй-той ужо вярнуўся да свайго столiка i - спачатку крадком, а потым i адкрыта - выпiў гарэлачкi i закусiў. I на самай справе, не прападаць жа курыным катлетам дэваляй? Чым мы дапаможам Мiхаiлу Аляксандравiчу? Тым, што застанемся галодныя? Але ж мы жывыя!
Натуральна, раяль замкнулi, джаз разышоўся, некалькi журналiстаў паехалi ў свае рэдакцыi пiсаць некралогi. Стала вядома, што прыехаў з морга Жаўдыбiн. Ён размясцiўся ў кабiнеце нябожчыка наверсе, i адразу ж пракацiлася чутка, што ён i будзе замест Берлiёза. Жаўдыбiн выклiкаў да сябе з рэстарацыi ўсiх дванаццаць сябраў праўлення, i на паседжаннi, якое тэрмiнова пачалося ў Берлiёзавым кабiнеце, пачалi абмяркоўваць тэрмiновыя пытаннi, як прыбраць грыбаедаўскую залу, пра перавоз цела з морга, пра адкрыццё доступу i пра ўсё астатняе, што звязана з сумным здарэннем.
А рэстарацыя зажыла сваiм звычайным жыццём, i жыла бы iм да закрыцця, гэта значыць да чатырох гадзiн, калi б не здарылася нешта такое, што ўразiла гасцей значна больш, чым вестка пра гiбель Берлiёза.
Першыя захвалявалiся рамiзнiкi, якiя дзяжурылi ля варот грыбаедаўскага дома. Чуваць было, як адзiн з iх, прыўстаўшы на козлах, закрычаў:
- Цю, вы толькi гляньце!
I адразу ж ля чыгуннае рашоткi аднекуль успыхнуў агеньчык i пачаў наблiжацца да веранды. Усе, хто сядзеў за столiкамi, пачалi ўставаць i прыглядацца, i ўбачылi, што разам з агеньчыкам да рэстарацыi наблiжаецца белая здань. Калi здань падышла да трыльяжа, усе нiбы акасцянелi з кавалачкамi сцерлядзi на вiдэльцах i вылупленымi вачыма. Швейцар, якi ў гэты час выйшаў з дзвярэй рэстарацыйнага гардэроба, каб папалiць, затаптаў папяроску i спачатку рушыў насустрач зданi, каб перагарадзiць ёй дарогу ў рэстарацыю, але чамусьцi не зрабiў гэтага, спынiўся з недарэчнаю ўсмешачкаю.
I здань прайшла праз адтулiну ў трыльяжы, вольна ступiла на веранду. I тут толькi ўсе ўгледзелi, што гэта нiякi не прывiд, а Iван Мiкалаевiч Бяздомны вядомы паэт.
Ён быў босы, у парванай белай талстоўцы, да якое на грудзях шпiлькаю прышпiлена папяровая iконка з вылiнялым малюнкам нейкага святога, i ў паласатых споднiках. У руцэ Iван Мiкалаевiч нёс запаленую вянчальную свечку. Правая шчака ў Iвана Мiкалаевiча была абадраная. Цяжка нават вымераць тую глыбiню маўчання, якое запанавала на верандзе. У аднаго з афiцыянтаў з нахiленага куфля цякло на падлогу пiва.
Паэт падняў свечку над галавой i моцна сказаў:
- Здаровы, другi мае! - i адразу ж зазiрнуў пад блiжэйшы столiк i тужлiва ўсклiкнуў: - Не, яго няма тут!
Пачулiся два галасы. Бас сказаў бязлiтасна:
- Усё ясна. Белая гарачка.
А другi, жаночы, спалохана прамовiў словы:
- Як жа гэта мiлiцыя прапусцiла яго па вулiцах у такiм выглядзе?
Гэта Iван Мiкалаевiч пачуў i адазваўся:
- Двойчы хацелi затрымаць, у Скацертным i тут, на Броннай, ды я сiгануў цераз плот, бачыце, шчаку разадраў! - Тут Iван Мiкалаевiч падняў свечку i закрычаў: - Браты ў лiтаратуры! (Асiплы яго голас памацнеў i зрабiўся палымяным.) Слухайце мяне ўсе! Ён з'явiўся! Лавiце яго тэрмiнова, бо ён наробiць бяды, якая i не снiлася нам!
- Што? Што? Што ён сказаў? Хто з'явiўся? - пачулiся галасы з усiх бакоў.
- Кансультант, - адказаў Iван, - i гэты кансультант зараз забiў на Патрыярхавых Мiшу Берлiёза.
Тут з унутраных залаў павалiў на веранду народ, вакол Iванавага агню сабраўся натоўп.
- Выбачайце, выбачайце, скажыце дакладней, - пачуўся над вухам у Iвана Мiкалаевiча цiхi i ветлiвы голас, - скажыце, як гэта забiў? Хто забiў?
- Замежны кансультант, прафесар i шпiён! - сказаў Iван i азiрнуўся.
- А як яго прозвiшча? - цiха спыталiся на вуха.
- Во, прозвiшча! - сумна крыкнуў Iван, - Каб я ведаў прозвiшча! Не запомнiў я прозвiшча на вiзiтнай картцы... Памятаю толькi першую лiтару "Вэ", на "Вэ" прозвiшча! Якое ж прозвiшча на "Вэ"? - схапiўшыся за лоб, сам у сябе спытаўся Iван i раптам замармытаў: - Вэ... Вэ... Вэ! Ва... Вашнер? Вагнер? Вайнер? Вегнер? Вiнтэр? - валасы на галаве ў Iвана ад напругi пачалi варушыцца.
- Вульф? - жаласлiва выкрыкнула нейкая жанчына. Iван раззлаваўся.
- Дура! - крыкнуў ён i пачаў шукаць яе позiркам. - Пры чым тут Вульф? Вульф нi ў чым не вiнаваты! Во, во... Не, нiяк не ўспомню! Ну, дык вось, грамадзяне: зараз жа тэлефануйце ў мiлiцыю, каб выслалi пяць матацыклаў з кулямётамi прафесара лавiць. Ды не забудзьце сказаць, што з iм яшчэ двое: адзiн высозны, клятчасты... пенснэ пабiтае i кот чорны, тлусты. А я пакуль што абшукаю Грыбаедава, я адчуваю, што ён тут!