Гестапаўцы кiнулiся сюды. Я заглянуў у шафу. Сапраўды, там стаяў аўтамат. Я не адважыўся наблiжацца да акна, каб сачыць за iмi. Маглi ўбачыць. Але вось сабакi загаўкалi, заскуголiлi каля таго месца, дзе я пераскочыў паркан. Значыцца, напалi на след. Я дастаў аўтамат.
I раптам у садзе пачаўся дзiкi вэрхал: вой, брэх, пiск, крык. Я жахнуўся. Няўжо яны кiнулiся на маю ўратавальнiцу? Яна датыкалася да мяне, брала за руку. Забыўшыся на небяспеку, я наблiзiўся да акна. I ўбачыў: аўчаркi рвалi трусоў.
Ты ведаеш, што зрабiла гэтае дзяўчо? Не кожны вопытны падпольшчык мог бы дадумацца. Яны выпусцiла трусоў. Больш таго, яна забiла аднаго i кiнула на сцежку каля таго месца, дзе я пералез паркан. Раз'юшаныя, галодныя сабакi, учуўшы пах крывi, ашалелi. Гестапаўцы не маглi iх стрымаць. Дзве аўчаркi пераскочылi паркан i, убачыўшы трусоў, пагналiся за iмi.
А ў фортку грукалi гестапаўцы.
Гаспадыня спалоханым голасам крычала з ганка:
"Я баюся вашых сабак! Я баюся вашых сабак!"
Вiдаць, нехта з гестапаўцаў пералез i адчынiў калiтку.
Тады яна закрычала абурана: "Панове! Панове! Што вы робiце? Гэта трусы пана Грота! Хiрурга шпiталя пана Грота. Яго трусы. Божа мой! Што мне скажа пан Грот?"
Сабак нарэшце ўгаманiлi. Цяпер яны толькi гырчалi, даядаючы трусяцiну.
Яе спыталi ветлiва:
"Скажыце, фрэйлейн, сюды нiхто не заходзiў?"
Яна ўсхлiпнула:
"Трусы пана Грота! Гэта дом доктара Савiча. I ў нас кватаруе пан Грот, хiрург шпiталя".
Гестапавец цi, магчыма, палiцай паўтарыў пытанне па-расейску.
"У нас заўсёды зачынена фортка. Тату пагражаюць, што яго заб'юць за тое, што ён служыць у немцаў. Я казала яму: навошта яму служыць? Ён мог прымаць хворых дома, як доктар Грайпiнер. У Грайпiнера хутка будзе свая клiнiка. А тату сапраўды могуць забiць. Няшчасныя трусiкi!.. Што скажа пан Грот?"
Яна iграла наiўную дурную дзяўчынку. Але гестапаўцам не было калi слухаць яе балбатню. Старэйшы закамандаваў:
"Пашукаць!"
Яны зайшлi ў дом. Сабакi не пайшлi, бо iх цiкавiлi больш трусы, а не мой след. Ды i ад следу, як я пасля даведаўся, нiчога не засталося. Гэтая дзяўчынка зрабiла яшчэ адзiн надзiва хiтры ход: яна паспела працерцi ганак i падлогу ў калiдоры растворам фармалiну.
З пакояў першага паверха далятаў да мяне гул галасоў, але слоў нельга было разабраць. Потым я пачуў iх крокi на лесвiцы. I яе голас:
"Там жыве пан Грот. Але ён не пакiдае ключа. Ён не верыць, што я магу ўпiльнаваць дом. Вы можаце, безумоўна, паламаць дзверы. Вы падушылi яго трусiкаў. Але што скажа пан Грот? Ведаеце, давайце лепш я пазваню яму, няхай ён прывязе ключы. Ён хутка, у яго свая машына. Тады вы самi растлумачыце яму, што гэта вашы сабакi падушылi яго трусоў. Каб ён не думаў, што я не ўпiльнавала".
"Ну i знайшоў сабе трашчотку гэты Грот", - сказаў адзiн гестапавец, нацiскаючы на ручку дзвярэй.
Другi, недзе ўнiзе, засмяяўся:
"А так яна нiчога. Маладзенькая. Ножкi стройныя".
Вiдаць, глядзеў, нахабнiк, на яе ногi знiзу. Крокi пачалi спускацца, аддаляцца. I ўсё звiнеў яе галасок. Яна ўсё яшчэ нешта гаварыла пра свайго тату, пра пана Грота i пра трусоў. Я пачуў шум машыны. Потым падрабязны даклад аб пошуках нейкаму начальнiку. Магчыма, што гэта быў сам Бругер. Выслухаўшы, ён рэзюмаваў:
"Iдыёты! Перавярнуць дагары ўвесь раён, але знайсцi гэтую сволач! Вось яго фатаграфiя".
Працавалi яны аператыўна, нiчога не скажаш: менш як за гадзiну пасля здарэння была размножана мая фатаграфiя.
Я чакаў: будуць яны "пераварочваць" дом Савiча цi не? Прызнаюся, у той мiг мне не хацелася страляць у iх нi з пiсталета, нi з аўтамата. Я разумеў, якую небяспеку наклiкаў бы ўзброеным супрацiўленнем на гэтую мiлую "трашчотку". Пры ўсёй суровасцi i бязлiтаснасцi таго дня мне да болю стала шкада яе. Ёй трэба жыць! Трэба жыць... каб прынесцi камусьцi многа радасцi.
Нам пашанцавала: у дом яны больш не вярнулiся. Бругер верыў доктару Савiчу. "Пераварочвалi" суседнiя дамы.
Праз некаторы час яна зайшла да мяне. Цiхенька адчынiла дзверы, моўчкi прайшла да канапы, зморана села, выцерла далоняй лоб. Але вочы яе блiшчалi радасна i ўзбуджана.
"Ух, здаецца, мiнула. Як я баялася! Ох, каб вы ведалi, як я баялася. Цяпер я ведаю, што такое "душа ў пятках". Яна скiнула басаножку i памацала сваю пятку; гэта было наiўна i смешна, i яна сама засмяялася: "А хораша я вадзiла iх за нос. Вы чулi? З мяне магла б выйсцi актрыса. Да вайны я хадзiла ў драмстудыю пры клубе чыгуначнiкаў".
I яна ўздыхнула, успомнiўшы той дарагi даваенны час.
Я спытаў, як яе iмя.
"Софа... Мама звала - Соня, а тата i цётка - Зося. Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, i яе забралi ў армiю, мама - хiрург. У нашу армiю, - з гонарам падкрэслiла дзяўчына i тут жа ўздыхнула. - А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Праўда? Цёця Марына памерла два месяцы назад. Пасварылася з татам, а ў яе хворае сэрца. Тата вельмi перажывае цяпер. А што гэта я, тата, тата... А вы, можа, не ведаеце, хто мой тата... Гэта - доктар Савiч. Вы гараджанiн? У горадзе яго многiя ведаюць".
Я адказаў, што ведаю Сцяпана Андрэевiча, ён вучыў мяне.
Гэта яе проста ашаламiла. Яна падскочыла, наблiзiлася i пiльна ўгледзелася ў мой твар.
"Божа мой! Цяпер я, здаецца, успамiнаю. Вы прыходзiлi да таты здаваць экзамены, калi яго аперыравалi з прычыны тромбафлебiту".
I раптам стала задумлiва-сур'ёзнай. Спытала:
"Скажыце, вы ведалi, што тата працуе ў немцаў?"
"Ведаў".
"Ведалi i прыйшлi ў наш дом?"
"Ведаў i прыйшоў, бо ўпэўнены, што доктар Савiч не прадасць мяне".
Яна доўга глядзела мне ў вочы, а потым нахiлiлася i... пацалавала ў шчаку. Пацалавала не па-дзявочы, сарамлiва цi гарэзлiва, а па-даросламу, сур'ёзна, з удзячнасцю.
Мая першая падпольная клiчка была "Вiктар", i я чамусьцi сказаў яе, а не сапраўднае iмя, хоць пасля зразумеў, што гэта недарэчна, непатрэбна i няшчыра перад Зосяй.
"Дзякую вам, Вiктар. Цяпер вы мне брат. I я вас схаваю, як брата. Так схаваю, што фрыцы за сто год не знойдуць. Хадземце. А то праз гадзiну прыйдзе Грот. Ён дакладны".
Тады я спытаў:
"Думаю, у доме, дзе жывуць два лекары, знойдзецца скальпель i пiнцэт?"
"Скальпель? Навошта вам скальпель?"
"У бядры маiм сядзiць асколак гранаты".
Вельмi магчыма, што толькi ў той мiг яна адчула ўсю сур'ёзнасць барацьбы, свайго мiмавольнага ўступлення ў гэтую барацьбу, небяспекi, якая цяпер пагражала ёй, бацьку. Трусы, фармалiн, балбатня з гестапаўцамi - усё гэта, вiдаць, рабiлася ў парыве, у захапленнi незвычайнасцю, усё гэта была амаль гульня ў хованкi маладога здаровага хлопца. А тут яна зразумела. I разгубiлася, спалохалася, замiтусiлася.
"Што ж рабiць? Хадземце ў бацькаў кабiнет, там усё ёсць. Не, не... Нельга. Могуць прыйсцi. Давайце сюды... на гару. Аўтамат паставiм на месца... Вось так... Крывi не накапала?" - агледзела падлогу. Потым адчынiла невялiчкiя сцянныя дзверы, i мы апынулiся ў каморы, завешанай вопраткай. Дзесяткi палiто, касцюмаў, плаццяў. Нешта зашыта ў прасцiны, мабыць, футры. Пахла нафталiнам.
"Багата жыве доктар Савiч. Шкада дабра, таму i да немцаў падаўся", падумаў я нядобразычлiва.
Мы падлезлi пад вопратку i яшчэ праз меншыя дзверкi выйшлi на гарышча вузкi тунель памiж сцяной мансарды i дахам. Аднекуль здалёк цадзiлася святло, i было вiдаць, што тут сапраўды "чорт зламае нагу". Старыя крэслы, карцiны, дываны, верстакi, рыбацкiя сеткi, мяшкi, посуд - усё гэта было нагрувашчана абы-як. Мы ледзь прабралiся. Нават паўзлi праз нейкую шчылiну. Гэта быў праход пад выступам акна. Такiм чынам мы перабралiся на другi бок, за глухую сцяну мансарды, дзе было больш прасторна i светла.
Тут на старым матрацы Зося зрабiла мне прытулак. Праз другi ход, праз люк у столi над кухняй, яна прынесла прасцiну, падушку, коўдру, iнструменты, бiнты, вату, ёд.
I я зрабiў сабе аперацыю - дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачалiся. Я лiчыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнiкум, як тады называлi, курс iнстытута... Ва ўсякiм разе, даўно ўжо пазбавiўся фальшывай сарамлiвасцi, калi што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасiў яе адысцi. Яна запярэчыла.
"Я нiколi не хацела быць лекарам. Але я дачка лекараў", - сказала яна рашуча.
I такi добра памагла мне. Ва ўсякiм разе, крывi не баялася i павязку зрабiла прафесiйна.
А потым прыйшоў Грот. Мы пачулi, як ляпнулi за сцяной дзверы. Зося нырнула ў люк. Цяжкiя крокi. Iх галасы, яго i яе. Словы глухлi ў сцяне. Пра што яны гаварылi? Я ненавiдзеў немца двайной нянавiсцю: i за тое, што ён афiцэр гiтлераўскай армii, i за тое, што адарваў Зосю i не дае ёй з'явiцца сюды. Аднаму мне было цяжка. Вечарэла. Узняўся вецер. Стары бляшаны дах грымеў на тысячу ладоў. А мне здавалася, што над горадам iдзе стралянiна, што крычаць жанчыны, дзецi. Уявiлiся павешаныя, так, як нi разу яшчэ за гэты доўгi i страшны дзень. Вецер гойдае iх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якiм заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлiвая, вясёлая, то хiтрая, то сумная. Ён стаяў перада мной жывы i прасiў: "Антоша, калi са мной што здарыцца, не забудзь Тарасiка". Я не знайшоў Тарасiка. I мне хацелася раўцi ад крыўды i болю.
Пачуўся глухi барытон Савiча. Недзе ўнiзе. Туды ж спусцiўся немец. Галасы сцiхлi. Напэўна, селi вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомнiў, што цэлыя суткi нiчога не еў. Але есцi не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такi Савiч? Зося горача падзякавала, калi я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савiч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата i зробiць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабiнет. Чаму? Цi скажа яна яму пра мяне?
Тысячы думак адразу. Яны палiлi мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калi страчу прытомнасць, пачну трызнiць - выдам сябе, выдам яе... I я напружваў усе сiлы...
Сцямнела. А вецер не сцiхаў. Асеннi. Халодны. Злы. I я такi правалiўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качалiся ваўкадавы. Гледзячы на iх, iржалi эсэсаўцы, i морды ў iх таксама сабачыя. Раптам Лучынскi страшэннай доўгай рукой, як у Вiя, паказаў на мяне: "Вось ён!" Я ўцякаў. А яны гналiся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалi. У мяне калацiлася сэрца. Вось-вось дагоняць.
Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далонi i шэпту над вухам:
"Родненькi мой! Што з табой? Гарачка? На, выпi вось гэта. I з'еш".
У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпiў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамi i вермутам. Яна падбадзёрвала:
"Пi, пi. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пiльнавала б цябе. З'еш вось гэта".
У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, вiдаць, трусяцiны.
"Яны селi гуляць у шахматы, бацька i Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я - ад iх. Каб мне застацца з табой, Вiктар. Я пiльнавала б цябе".
Пiтво i ежа падмацавалi. Я зразумеў, чаго яна баiцца. Прыйшлося заспакоiць яе, што я не буду больш стагнаць i крычаць:
"Гэта ў сне. Больш спаць не буду".
Яна бясшумна знiкла. Але пакiнула мне сiлу i заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. I мне не было страшна ў цемры, пад дахам, якi гудзеў i ляскатаў. Каб толькi не залiшнi быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа правалiць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе - пра нас.
Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякiм разе, прытомнасць больш не трацiў.
Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалi па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылi. I я правалiўся ў пустую яму, дзе не было нi сабак, нi гестапаўцаў.
Прачнуўся, калi развiднела. Адчуванне ранiшняе - здаровае. Нават нага не вельмi балела. Больш балеў палец на руцэ, i я доўга не мог успомнiць - ад чаго. У думках - цiшыня. I на двары цiха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з'явiлася Зося. Прынесла сняданак - кашу, малако, яблыкi. Смачна i многа. Была яна засяроджаная, сур'ёзная, не такая гаварлiвая, як учора. Паведамiла з болем i смуткам:
"Яны павесiлi адзiнаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылi начальнiка палiцыi", - i таксама з болем.
"Сабаку - сабачая смерць", - не вытрымаў я.
Яна глянула на мяне i... здагадалася:
"Ах! Гэта - вы?!"
Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклiчы: здзiўлення, захаплення, iнтэлiгенцкай грэблiвасцi цi страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзiця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзiн на адзiн з чалавекам, якi можа вось так проста задушыць другога.
"Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброi..."
Гэта было як апраўданне, i самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка i сказала:
"Я хачу ненавiдзець iх, як вы. Хачу i не магу. Грот добры чалавек. Культурны, ветлiвы".
Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкiм лекары.
"Для таго каб ненавiдзець iх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!" - i горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар'ерах цагельнага завода, пра катаваннi нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасцi жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцiгадовага хлопчыка, майго суседа, вiна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вулiцы, ён напiсаў на снезе слова "Гiтлер"... I пра барацьбу, якую вялi армiя, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнiя словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо iзалявана. Многiя факты даходзiлi да яе. Але паводзiны бацькi, якога яна любiла i з маленства верыла кожнаму слову яго i ўчынку... А потым гэты Грот. Ён хiтра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасцi ўлад. Але тут жа апраўдваў iх тым, што нiбыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсiх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкiх салдат i чыноўнiкаў вымушаюць улады да такой жорсткасцi. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабiлi б толькi адно: неслi б сваю высокую культуру. Ён многа i часта казаў ёй пра вялiкую культурную мiсiю нямецкай нацыi.
Паслухаўшы Зосю, я зразумеў, што не такi ўжо ён бяскрыўдны, хiрург Грот. Шмат у чым ён страшнейшы за тых, што страляюць i вешаюць. Рознiца хiба ў тым, што ён проста разумнейшы за iх. Юная чыстая душа рвалася да змагання, а яе хiтра скоўвалi ланцугамi хлуслiвых слоў i перакананняў. Ператваралi ў чысценькую культурную кухарку. Хацелi, каб у будучым яна ведала толькi тры "К": кiрхен, кюхе, кiндэр. Яны даручылi ёй усю гаспадарку, каб у яе не заставалася часу на што другое. У доме мог быць дзяншчык, работнiца. Не, яна гаспадарыла адна. Грот i бацька памагалi ёй. Ну, Грота я разумеў. За год пабачыў усялякiх фашыстаў. Але Савiч... той Савiч, якi ўсё жыццё смела змагаўся з эпiдэмiямi... Навошта яму завязваць вочы ўласнай дачцэ? Добра, што яна вось такая выйшла з савецкага жыцця, са школы. Без бунту, без шуму, аднак iрвала ўсе iх путы.
"Якая была б падпольшчыца!" - падумаў я, калi яна мiж iншым расказала пра трусоў i фармалiн.
Мы з ёй гутарылi гадзiны дзве. Потым яна спахапiлася: "Ой, трэба ж абед гатаваць!" Савiч i Грот з'яўлялiся на абед роўна ў гадзiну дня. З нямецкай дакладнасцю.
Пасля абеду мы гутарылi зноў. Шэптам, безумоўна. Яна нахiлялася да мяне, i я адчуваў яе гарачае дыханне. I мне было хораша...
На трэцi дзень ранiцай мяне наведаў сам гаспадар.
- Савiч? - зноў перапытаў здзiўлены Шыковiч.
- Савiч. Ён з'явiўся нечакана. I не праз люк. Вiдаць, яму цяжка было падымацца па крутой лесвiцы. А адтуль, з пакояў Грота. Я пачуў чужыя крокi i схапiўся за пiсталет. Ён прадугледзеў гэта. Сказаў з-за вугла: "Не ўздумайце страляць. У мяне мiрны намер". Я схаваў пiсталет пад коўдру, але не выпускаў з рукi.
Савiч наблiзiўся. Сiвы, ссутулены, стары. Зусiм сiвы. З белай-белай галавой. У часе акупацыi я стараўся не трапiць яму на вочы, каб ён не пазнаў свайго былога студэнта. Зрэдку бачыў здалёк. Як ён змянiўся! Куды дзеўся той стройны рухавы жыццярадасны мужчына, якога мы любiлi ў тэхнiкуме, нягледзячы на яго патрабавальнасць. "Навошта такому старому працаваць у немцаў, ды яшчэ ўзначальваць аддзел аховы здароўя? Чыё здароўе ён ахоўвае? Сваё ўласнае не мог захаваць", - саркастычна падумаў я.
На гарышчы быў паўзмрок. Але Савiч адразу пазнаў мяне.
"Антон Яраш?"
Цудоўная памяць!
"Чакай. Чакай. Высокi. Бландзiн. Дык гэта ты - Лучынскага? - хваравiта гэтак зморшчыўся. - Непрыгожы акт".
Мяне ўзарвала:.
"А вешаць людзей на плошчы - прыгожы акт? А што варты нейкi халуй у параўнаннi з тымi людзьмi?!"
"Цiшэй ты! Гром! - прашаптаў ён. - Не аднаго сябе ставiш пад удар. Не забывай".
Я адразу прыкусiў язык.
Ён сеў на матрац, памацаў сухой далоняй мой лоб.
"Паранены? Зося бiнты цягае".
"Паранены", - прызнаўся я.
"Пакажы".
Разбiнтаваў. Агледзеў рану.
"Хто аперыраваў?"
"Сам. З дапамогай Зосi".
"Агiдная дзяўчынка! Труса забiць не можа. Крывi баiцца. Ну што ж... Гангрэны няма. Праз тыдзень будзеш танцаваць. Калi-небудзь станеш добрым хiрургам".
У той мiг я адчуў да яго сiмпатыю. Не, чорт вазьмi, усё-такi гэта яшчэ той Савiч, якога я ведаў! I ў мяне мiмаволi вырвалася:
"Дзякую, Сцяпан Андрэевiч!"
"Няма завошта мне дзякаваць, - незадаволена прабурчаў ён. - Зосi дзякуй". I, памаўчаўшы, сказаў сурова, выцiснуўшы па адным слове: "Ты вось што... Ляжы... тут... Цiха ляжы... Але крый божа... кранеш... Зосю..."
Я не адразу нават зразумеў, што значыцца "кранеш". А зразумеў - задыхнуўся ад абразы i абурэння:
"Што ж, я, па-вашаму, фашыст?"
Ён паляпаў мяне па шчацэ.
"Ну, ну... Не крыўдуй. Я сам некалi малады быў".
"Маладосць ад маладосцi рознiцца".
Савiч стоена ўздыхнуў:
"Але... Цяжкая ў вас маладосць. Ну, будзь здароў. I будзьце асцярожныя..."
I пайшоў. Яшчэ больш, здавалася, згорбiўся. А праз колькi хвiлiн з'явiлася Зося. Шчаслiвая, але ў слязах. Кiнулася ў парыве да мяне, абняла, пацалавала.
"Вiктар, даражэнькi, ты ведаеш... - Зноў на "ты", як у тую, першую, ноч. Ты ведаеш... Ён нiчога не сказаў. Прытулiў мяне да сябе... Пацалаваў. I заплакаў. Тата заплакаў. Божа мой! I толькi ўвесь час паўтараў: "Будзьце асцярожныя! Будзьце асцярожныя!"
Яны не прыкмецiлi, як развiднела. Быў канец чэрвеня, самая кароткая ноч. Прачыналiся птушкi, напаўнялi гоманам лес. А два чалавекi жылi ў мiнулым, у iншай ночы, далёкай i страшнай. Толькi калi над дубамi са свiстам праляцелi дзве качкi, гучна шлёпнулiся ў старыцу i кракнулi, Яраш, перапынiўшы расказ, падняў галаву. Здзiвiўся: