Здавалася, што жудасная машына карнiкаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д'ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалi пад рукi, падымалi ў кузаў. Грузавiк падыходзiў пад шыбенiцу. Кат ускiдваў пятлю на шыю. Машына адыходзiла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механiзавана. Начальства i варта заспакоiлiся. Адзiн з афiцэраў пачаў рабiць фотаздымкi.
I раптам адбылося нечаканае. I для нас i для фашыстаў. На царкве зазванiлi званы. Вось на гэтай царкве, што на плошчы.
Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганiзавалi яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклiк. Званы зазванiлi так, як званiлi яны адвечна, калi iшла бяда - нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клiкалi:
"Падымайся, народ! Падымайся, народ!"
I людзi паднялi галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замiтусiлiся. Нешта крычалi Бругер i Шмiт. Лучынскi кiнуўся да царквы. За iм гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалi бiць з кулямёта па званiцы.
А званы ўсё клiкалi: "Падымайся, народ! Падымайся, народ!"
Не ведаю... I цяпер не ведаю, праз гэта цi так было задумана... Але пакаранне спынiлi. Павесiлi адзiнаццаць. Тры шыбенiцы засталiся пустыя. Астатнiх арыштаваных адвезлi назад у турму. Большасць з iх у хуткiм часе расстралялi.
Калi чалавека, якi званiў, забiлi, званы доўга яшчэ грозна гудзелi, так моцна ён расхiстаў iх. Чалавеку было семдзесят шэсць год. Стары, глухi, адзiнокi званар. Кузьма Ягоравiч Сарока. Як ён трапiў на званiцу? Знарок? Выпадкова? Але безумоўна адно: убачыў ён адтуль, як караюць прышэльцы нашых людзей, i не вытрываў. Ведаў, што iдзе на смерць. Пайшоў. Без страху. Па тым, як яны стралялi там, на званiцы, i як пачалi сцiхаць бомы, я зразумеў, што чалавека забiлi. Але зразумеў другое, галоўнае - што ён свядома iшоў на гэта. Помню, я пашкадаваў, што гэты невядомы змагар не зацягнуў туды кулямёт. Адных званоў мала. У мяне, па крайняй меры, будзе пiсталет i граната. Але яны былi схаваны на кватэры.
Калi плошча апусцела, я пайшоў на кватэру. Па горадзе ўсюды патрулi палiцыi i гестапа. Яны тройчы спынялi мяне i правяралi дакументы.
Лiза кiнулася насустрач, устрывожаная i радасная:
"Я ўсе вочы праглядзела. Чаму так позна? Кажуць, людзей вешалi?"
У гэты момант, упершыню за той дзень, апанавала слабасць. Самлелi ногi. Я знясiлена апусцiўся на канапу, вiдаць, збялеў.
"Што з табой?"
"Павесiлi Паўла", - сказаў я i... заплакаў.
Яна ведала Паўла, ён заходзiў раней, i ёй падабалася, што я сябрую з такiм чалавекам, iнтэлiгентным, разумным, служачым управы.
Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухi, якiя немагчыма растлумачыць.
Жанчына ў той мiг, вiдаць, шмат што зразумела, бо зацiснула рот далонямi. Потым глянула ў вокны, зачынiла на кручок дзверы. I нi пра што больш не запытала. Знiкла, напэўна, яе надзея зрабiць мяне мужам. I яна адразу пастарэла, асунулася, шчыра засмуцiлася, калi я адмовiўся ад снедання. Я таксама больш нiчога не тлумачыў ёй. Надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайнiка пiсталет i гранату.
Яна спытала:
"Ты больш не вернешся?"
"Не ведаю".
Я адказаў шчыра. Хiба я мог ведаць, што са мной будзе?
Яна пацалавала мяне.
"Будзь асцярожны, Кузя. Ведай, табе ёсць куды вярнуцца".
План быў просты. Усё робiцца простым, калi чалавек перастае думаць пра сябе, пра жыццё... Калi галоўнае - дасягненне мэты.
Палiцыя размяшчалася ў асобным двухпавярховым будынку насупраць управы. Я мог пайсцi проста туды. Але я пайшоў на плошчу, пустую i жудасную ў той дзень. Вецер, халодны асеннi вецер пагойдваў целы павешаных i вяроўкi на трох шыбенiцах. Для каго яны пакiнуты? Не, мяне жывым фашысты не возьмуць! Я развiтаўся з таварышамi. Стаў насупраць Паўла, крокаў за дваццаць, блiжэй вартавы не падпусцiў. На Паўлаву шыю была накiнута яшчэ адна пятля - павешана дошчачка з надпiсам: "Я кiраваў бандай, якая забiвала нямецкiх салдат". Надзi Кузьменка яны напiсалi:
"Я ўзрывала нямецкiя эшалоны".
Увогуле, яны пускалi паглядзець на вiсельнiкаў, для гэтага пакараных пакiнулi на шыбенiцах - каб устрашыць гараджан. Але я стаяў, мабыць, занадта доўга. Бо вартавы раптам пагразiў мне аўтаматам i закрычаў, каб я праходзiў. Чаго добрага, яшчэ стрэлiць. Што iм значыла забiць аднаго чалавека! А мне памiраць так недарэчна нельга! Таму я паслухмяна пайшоў, развiтаўшыся з Паўлам, з таварышамi, якiх я не ведаў пры жыццi, але смерць iх зраднiла нас.
Вартавы палiцай ведаў мяне. Я сказаў яму, што хачу паступiць да iх на службу. Ён узрадаваўся:
"Давай. Такiя хлопцы нам цяпер во як патрэбны!"
"Начальнiк у сябе?"
"Толькi што прайшоў".
Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзiў з ёй нават разы два ў кiно, каб выведаць, чым яна дыхае. I заключыў: "Дрэнь поўная". Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада i наўрад цi прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пiльная справа.
"Якая?"
"Хачу паступiць у палiцыю".
Яна паглядзела на мяне зацiкаўлена i больш прыветлiва.
"О,тады пачакайце".
Здраднiкам падабалася, калi iх большала. Магчыма, кожнага з iх цешыла думка: "Не я адзiн".
Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццацi пяцi, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распуснiцы. Ды, мабыць, траплялi ёй у апошнi час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калi яна блiжэй агледзела мяне i падумала, што я буду служыць побач, у яе юрлiва заблiшчалi вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабiлася агiдна. Я думаў пра помсту, iшоў на смерць, а тут трэба было "сушыць зубы", гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пiсталета, а потым тых, усiх, што за дзвярамi, абабiтымi жоўтым дэрмацiнам. Сакратарка сказала мне, хто там: "Заступца i следчы".
Не, раней трэба iх. У мяне не хапала сiлы чакаць. Я падняўся i наблiзiўся да дзвярэй. Але яна загарадзiла дарогу. Аўчарка пiльна сцерагла свайго гаспадара.
"О, ты нецярплiвы. Але начальнiк не любiць. Май на ўвазе".
Яна наступала на мяне i адцiскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуi хутка выйшлi. Яны шапталi нешта адзiн аднаму на вуха i задаволена ўсмiхалiся. Лысы намеснiк начальнiка палiцыi Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кiўнуў на мяне:
"Цi не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт".
Яны цынiчна зарагаталi.
"Нахабнiкi", - сказала яна ўслед iм, як бы апраўдваючыся перада мной.
I пайшла ў кабiнет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка цi, можа, мне так здалося - цягнулiся хвiлiны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ мiг, адзiн мiг - i я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчынiлiся. Яна, Мура, сказала: "Прахадзi" i прапусцiла мяне. Я зачынiў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былi з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачцiва i цiха, каб не спужаць звера. Круцiў у руках шапку. Лучынскi глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка цi на пiсталеце. Але пазнаў мяне (ён iнспектаваў пажарную i разоў колькi з'яўляўся на пажары) i заспакоiўся. Паклаў абедзве рукi на палiраваны стол двухметровай даўжынi, як бы абняў гэты сiмвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокiм крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе iгралi, гэтыя мiзэрныя пустыя людзi, здраднiкi, уяўлялi сябе фюрэрамi i былi такiмi ж бяздарнымi акторамi, як i Гiтлер.
Я спынiўся крокi за тры ад стала ў пачцiвай паставе. Я загадваў сабе: "Не выдаць... Нiводным рухам не выдаць сябе!" Хоць i марудзiць нельга было: мог зайсцi хто-небудзь з палiцаяў.
"Дык, кажаш, хочаш перайсцi ў палiцыю? Чаму? Пажарная - тая ж палiцыя. I нам патрэбны там адданыя людзi".
"Хачу помсцiць за бацькоў, пан начальнiк",
Кузьма Клешч - сын раскулачанага, у палiцыi былi мае анкеты.
Лучынскi крыва ўсмiхнуўся:
"Мы нiкому не помсцiм. Мы будуем новую Беларусь".
Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукi.
Я меўся застрэлiць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькi на вузкi твар, на лоб у кароне прыгожых пасiвелых валасоў. Я цэлiўся, выбiраючы момант. I раптам нагайка... Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталi было даволi, каб маланкава змянiўся план. Я скочыў да стала. Я кiнуў цераз стол усю сiлу свайго цела. Каб ён не паспеў нацiснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносiцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкоснiцы ўказальнага пальца. Я схапiў нагайку, накiнуў скураную пляцёнку яму на шыю i што ёсць сiлы рвануў за канцы - за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, i тонкi, з мяцёлкай калючых дроцiкаў. Хруснулi шыйныя храшчы. Спадар Лучынскi вывалiў ненатуральна доўгi язык. Вылезлi з арбiт вочы... Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала i не нарабiла грукату. Было брыдка i пагана: нiколi яшчэ не выконваў прысуд такiм чынам. Звычайна страляў цi кiдаў гранату... Але ўсведамленне, што я выканаў справядлiвы прысуд, адплацiў за смерць таварышаў у дзень iх пакарання, дало новыя сiлы, новы iмпульс жыцця i барацьбы. Не, цяпер не хацелася памiраць! Я скочыў да дзвярэй: цi не iдзе хто? За шчыльнымi дзвярамi прыглушана стукала машынка. Цiха. Вярнуўся да стала i на нейкiм нямецкiм цыркуляры буйна напiсаў:
"Гэта першы акт помсты за павешаных. Дрыжыце, каты! Смерць здраднiкам!"
Выйшаўшы, зачынiў дзверы за сабой гэтак жа цiха i асцярожна, як i тады, калi заходзiў у кабiнет. Мура ўсмiхнулася мне:
"Дамовiўся?"
"Ага".
"Да нас цi на ўчастак?"
"Да вас. Да заўтра".
"Да заўтра", - задаволена развiталася яна.
Але ў доўгiм i пустым калiдоры з'явiлася жаданне пабегчы. Я ледзь стрымаў сябе. Дайшоў да лесвiцы, учапiўся рукой у поручнi i зноў-такi прымусiў сябе сысцi з другога паверха не спяшаючыся. Вартавы таксама спытаў:
"Узяў?"
"Але".
"З цябе - куш. Пакуль што цыгарэту".
Я памацаў пiсталет i гранату. Цыгарэт не было.
"Аддаў Муры", - прыгадалася, што яна палiла, калi я выходзiў.
"Ого, хутка ты знаёмiшся, - зарагатаў вартавы. - Але заўтра з пустымi кiшэнямi не прыходзiць, у нас свае законы".
"Ведаю".
А сам лавiў кожны гук - цi няма трывогi?
Па вулiцы я пайшоў шпарка. Накiраваўся на Савецкую. Спадзяваўся, што на цэнтральнай будуць людзi i я схаваюся сярод iх i здолею перабрацца ў Залiнейны раён. А там - некалькi явак. Я паспеў выйсцi на Савецкую. Але ў той дзень яна была бязлюдная. Рэдкiя прахожыя, i то, вiдаць, большасць - агенты ў цывiльным.
I тут мяне дагнала трывога. Гукi яе даляцелi не з палiцыi - з гестапа, ажно з Паркавай. Зараўлi сiрэны i маторы, загаўкалi аўчаркi. Вулiца ўмiг яшчэ больш апусцела. Нават агенты, вiдаць, кiнулiся да тэлефонаў, каб даведацца, што здарылася, атрымаць указаннi. Я не паскорыў хаду, каб не выдаць сябе. Але iмкнуўся хутчэй дасягнуць разбуранага бамбардзiроўкай квартала, каб схавацца ў руiнах. I раптам - бываюць жа стрэчы! - насустрач Лотке. У вопратцы рабочага. Я зрабiў выгляд, што не пазнаў яго, i прайшоў мiма. Але iнстынкт вопытнага агента i, безумоўна, падазронасць, якую ён меў да мяне ўвесь час, прымусiлi яго дзейнiчаць.
"Стой! Руки вверх!" - У гэты раз ён крыкнуў на чысцейшай расейскай мове.
Я павярнуўся... Падняў рукi. Але з правай вылецела лiмонка. Я паспеў убачыць, як Лотке кiнуўся ў акно майстэрнi па рамонту гадзiннiкаў. Раней чым грымнуў выбух, дзынкнула вiтрыннае шкло. Я схаваўся ад узрыву ў нiшы замураваных дзвярэй. А потым кiнуўся ўнiз, звярнуў у першы праезд i пайшоў па задворках. Я iшоў назад, паўз двор управы, амаль паўз самую палiцыю, дзе стаяў гоман галасоў. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што гестапаўцы абкружаюць кварталы па той бок Савецкай, кварталы руiн. I, аднак, я шкадаваў, што не перасек галоўную магiстраль. Там быў увесь горад, разбураны i цэлы. Там жылi нашы людзi, адтуль быў выхад у поле, у лес. А тут я быў зацiснуты ў невялiкiм раёне памiж цэнтральнай вулiцай, якую цяпер ужо не перайсцi, i ракой, за якую таксама не перабрацца. Уздоўж вулiцы - управа, палiцыя, правей - казармы зондэркаманды, над ракой - элеватар, прыстань са складамi, на беразе - вартавыя вышкi, агнявыя кропкi. I памiж гэтым - некалькi цiхiх вулiц, да якiх не дайшоў пажар i дзе заставалiся жыць нашы людзi. Нашы... А цi ўсе нашы? Гэта своеасаблiвы раён. Дарэвалюцыйнай забудовы. Сялiлiся тут пры цару галоўным чынам чыноўнiкi. Пасля рэвалюцыi шмат якiя дамы былi нацыяналiзаваны, сталi камунальнымi. Але больш за ўсё эвакуiравалася ў пачатку вайны менавiта з гэтых камунальных кватэр. Рабочыя, савецкiя служачыя. А хто застаўся... Не ўсе яны, вiдаць, нашы. Акрамя таго, я ведаў, што тут кватаруе многа немцаў - афiцэры, камерсанты. Праўда, была ў мяне перавага: я выдатна ведаў гэты раён, не толькi кожны завулак, але кожны дом i сад. Я жыў тут, калi вучыўся ў медвучылiшчы.
У адзiн мiг я ўзважыў усе мiнусы i плюсы. Тут жа выявiў яшчэ адзiн мiнус: я быў ранены. Асколкам уласнай гранаты. Нiша не схавала мяне ўсяго, i асколак пацэлiў у нагу, вось сюды... Я нават намацаў яго. Штанiна набрыняла крывёю. Рана няцяжкая. Але па крывавым следзе лёгка iдуць аўчаркi. Таму я мусiў спусцiцца ў склеп разбуранай крамы, падраць споднюю кашулю i перавязаць нагу. Патрацiў некалькi хвiлiн. За гэты час пачалi абкружаць раён узрыву. Цяпер ужо не толькi шум матацыклаў, але i нямецкiя каманды даляталi да мяне. Мабыць, упэўненыя, што я нiкуды не дзенуся, немцы, здавалася, не вельмi ўжо спяшалiся.
У невялiкiх руiнах таго раёна схавацца нельга, я добра разумеў. Трэба выходзiць. I я выйшаў у Пушкiнскi завулак, рушыў да ракi. Схаваць могуць толькi людзi, савецкiя людзi. Я зазiраў у вокны драўляных дамоў. Я ведаў гэтыя дамы, але не ведаў людзей. Жыдоўская сям'я, дзе я кватараваў, эвакуiравалася. Другiх знаёмых тут не было. Якiя знаёмыя ў студэнта!
Прайшла мiма добра апранутая жанчына, агледзела мяне залiшне зацiкаўлена. Што прыцягнула яе ўвагу? Я намагаўся не кульгаць, закрываў рукой прабiтую палу пiнжака. З двара выбег афiцэр, на хаду зашпiляючы гузiкi. Я сцiснуў ручку пiсталета. Але немец не зачапiў мяне, глянуў абыякава i пабег у бок цэнтра. Мабыць, яго выклiкалi па трывозе.
Я звярнуў у вузкi безыменны завулак, па якiм некалi хадзiў да ракi. Можа, i цяпер спусцiцца да ракi i паспрабаваць пераплыць яе? Але на тым беразе бязлесны луг. Кожны, хто з'яўляецца там, бярэцца на мушкi кулямётаў. Не, ратунак можа быць толькi ў адным з гэтых дамоў. Але ў якiм? Аўчаркi брахалi ўжо недзе каля ўправы. Калi натрапiлi на след, яны будуць тут цераз дзве-тры хвiлiны. Нельга марудзiць.
Я азiрнуўся i... убачыў дом, у якi мяне пацягнула нейкае асаблiвае чуццё. У такiя моманты з'яўляецца iнтуiцыя, якая вядзе беспамылкова. Дом гэты стаяў не ў рад з iншымi дамамi, а ў глыбiнi добрага саду. Прыгожы асабняк. Аднойчы я быў у гэтым доме. Прыходзiў здаваць экзамен гаспадару яго доктару Савiчу.
- Савiч? Той Савiч? - не вытрымаў i выказаў сваё здзiўленне Шыковiч.
- Але. Той Савiч, пра якога Гукан з тваёй дапамогай пiша, як пра здраднiка. Той Савiч, якi супрацоўнiчаў з немцамi, узначальваў аддзел управы i якому фашысты арганiзавалi пышнае пахаванне.
- Тысяча i адна ноч. I ты пайшоў у гэты дом?
- Але. Сiгануў цераз паркан, пераканаўшыся, што завулак пусты. Безумоўна, я рызыкаваў. Я ведаў, хто такi Савiч. Больш таго, я ведаў, што ў доме кватаруе лекар нямецкага шпiталя. Што ж... памiраць, дык з музыкай, чорт вазьмi! Я iшоў ужо ў той дзень раз на смерць. Яна дала адтэрмiноўку. I калi не было iншага выйсця, калi любы варыянт даваў яшчэ менш шанцаў... Але, акрамя ўсяго, была нейкая iнтуiцыя... Была вера ў гэтага чалавека. У Сцяпана Савiча. Я ведаў не Савiча-здраднiка, а Савiча-лекара, буйнейшага iнфекцыянiста, бясстрашнага чалавека, якi за сорак год лекарскай дзейнасцi патушыў дзесяткi эпiдэмiй. Яго паважалi ў горадзе. Няўжо такi чалавек мог прадацца?
Звалiўшыся ў чужы сад, як з неба, я спалохаў мiлую iстоту. Яна кармiла трусiкаў. Клеткi з трусамi стаялi паўз паркан у два паверхi. Я пазнаў дзяўчыну. Дачка Савiча. Калi мы прыходзiлi да хворага доктара здаваць экзамен па iнфекцыйных хваробах, яна, падлетак, школьнiца, падавала нам чай. Доктар, знаёмячы нас з ёй, сказаў: "Гэта мая гаспадыня". Але iмя яе за тры гады я, безумоўна, забыўся.
Яна войкнула, а потым сурова спытала:
"Што вам трэба? Хто вы?"
"Цiшэй! - шыкнуў я. - Я друг тых, каго сёння павесiлi".
"Павесiлi? А каго павесiлi?"
Я ўзлаваўся. Калi iдзе такая вайна, калi штохвiлiны гiнуць людзi, жывуць, аказваецца, вось i так: за высокiм парканам, у добрым садзе, кормяць трусiкаў... Жаруць трусяцiну... I не ведаюць, што робiцца навокал.
"Людзей, якiя не сагнулi спiны. Чуеце? Аблава! Схавайце мяне!" Узлаваны, я не прасiў - загадваў.
I яна зразумела. Схапiла мяне за руку i шпарка пабегла да дома. У калiдоры спынiлася, задыханая, узбуджаная.
"Куды ж вас схаваць? Пад кухняй ёсць пограб. Хочаце туды?"
Я паверыў у яе шчырасць i цалкам даверыўся ёй. Але на парозе кухнi яна спынiлася. Перадумала.
"Не, у пограб дрэнна. На другiм паверсе пакоi нямецкага лекара пана Грота, ён кватаруе ў нас. Я зачыню вас у яго пакоях. Добра? "
Я згадзiўся i на гэта. Яна збегала некуды, вярнулася з ключамi. Мы паднялiся ў мансарду, у добра абстаўленыя пакоi. Пакiдаючы мяне, яна ўсмiхнулася ласкава i разгублена.
"Ключа ў мяне няма. Няхай шукаюць Грота. У тым пакоi за шафай дзверы на гарышча. А там у нас чорт нагу зламае".
Я падзякаваў. Яна зачынiла дзверы на ключ. Але праз хвiлiну вярнулася i прашаптала ў замочную шчылiну:
"Слухайце, вы... Як вас? Калi яны ўсё-такi ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?"
"Буду!" - цвёрда i бязлiтасна адказаў я.
"У шафе ў Грота стаiць аўтамат".
О, дзяўчо гэтае было не з баязлiвых! Дарэмна я ўпачатку блага падумаў пра яе. З той хвiлiны я адчуў да яе павагу. Безумоўна, учынкi яе ў той мiг маглi быць не ад свядомага пераканання, а ад жадання рамантыкi, што ўласцiва такому ўзросту. Але было бясспрэчна - чалавек наш, сумленны. Iнтуiцыя не падвяла. I гэта радавала.
У завулак яны ўскочылi ў той жа мiг, як я застаўся адзiн у шыкоўнай кватэры нямецкага афiцэра. Я ўбачыў iх праз акно. Гестапаўцаў з сабакамi i палiцаяў. Але я перабольшваў ролю аўчарак. Не такiя яны ўжо разумныя i не такi ўжо ў iх тонкi нюх, як пра гэта расказвалi легенды. Звычайныя сабакi. Усе тры чамусьцi кiнулiся ў адзiн двор. Безумоўна, следам за iмi туды ўскочыла ўся зграя гестапаўцаў i палiцаяў. Пачаўся вобыск. Пошукi ў тым доме занялi хвiлiн дзесяць. Потым з'явiлася тая модна апранутая жанчына, якую я сустрэў. Я пазнаў яе нават з такой адлегласцi. Яна паказала гестапаўцам на гэты безыменны завулак. У мяне ёкнула сэрца. Няўжо яна бачыла, як я пераскочыў цераз паркан?