Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Иван Шамякин 7 стр.


"Маен гот! Маен го-от! Няма на вас Бога. Пасаромелiся б маiх сiвых валасоў". I раптам зрываўся i сам пачынаў крычаць i мацюкацца: "Сцiхнiце вы, дзiравыя шлангi! Мяшкi з пяском! Абгарэлыя панчохi! Каб на вас..."

Ён быў мяккi, слабахарактарны чалавек, i яго нiхто не баяўся. Баялiся "сапраўднага немца" Лотке, якi займаў пасаду механiка, але ўсюды сунуў свой нос, як i належала агенту гестапа. Каб ён з'явiўся, сварка адразу сцiхла б i дзяжурыў бы той, каму Хiндэль сказаў. Ён сказаў Гвоздзiку, быў у нас такi п'янчужка. Той кiваў на мяне, да яго далучылiся яшчэ двое-трое. Я паслаў iх... Другая частка маiх калег падтрымлiвала мяне. Хлопцы паважалi мяне за сiлу. На пажарах я часам працаваў за трох. Дзе сапраўды трэба было тушыць агонь. Помню - такiя дробязi запамiнаюцца - тэлефон не званiў, а слаба брынчаў, як бляшанка. Але Хiндэль уздрыгнуў. Ён баяўся гарадскога тэлефона. Смела, адразу ён браў слухаўку толькi аднаго апарата, якi званiў гучна i рэзка, - дзяжурны з вышкi паведамляў аб пажары. Хiндэль працягнуў руку i застыў, чакаючы, што званок сцiхне i яшчэ адна непрыемнасць мiне яго. Але тэлефон не сцiхаў. I брандмайстар мусiў падняць слухаўку.

"Каго? Кузьму Кляшча? - Хiндэль паглядзеў на мяне, аднак слухаўку не перадаў, ён заўсёды насцярожваўся, калi званiлi каму-небудзь з яго падначаленых, праяўляў празмерную пiльнасць. - А хто пытае? Павел Харытонавiч? А навошта вам Клешч? Хто ён вам? Друг, зямляк, сваяк? Адкуль вы звонiце? З управы?"

Я падышоў i бесцырымонна забраў з яго рук слухаўку. Тэлефон працаваў пагана, голас як з таго свету, але я пазнаў Паўла. Ён запрашаў на вечар да сябе. На iмянiны. Будзе што выпiць. З вёскi прывезлi самагонку. Я перапытаў:

"Колькi? Тры пляшкi? Усяго? На чацвярых? Ну, мне гэта - што сабаку муха".

Пажарнiкi заржалi. I тут я ўбачыў Лотке. Нiзкi, крываногi, як стары кавалерыст, у чорнай зашмальцаванай скураной тужурцы, у акулярах з нейкiмi зеленаватымi шкламi, ён стаяў на парозе i слухаў. Уважлiва слухаў. Я яшчэ раз пераканаўся, што ён ведае расейскую мову. Але за тры месяцы, як я ў пажарнай, ён нi разу не выдаў сябе. Слухаць слухае, быццам хоча ўнiкнуць у музыку чужых слоў. А потым усё перапытвае па-нямецку. Ён выдатна iграў сваю ролю. Гэтак жа, як i я. За год акупацыi я папоўнiў сваё веданне нямецкай мовы так, як не папоўнiў бы, каб скончыў яшчэ тры iнстытуты. Але ў гэтай кампанii я гаварыў дзесятак хадавых перакручаных слоў, не больш.

Гвоздзiк, вiдаць, спадзеючыся, што яго падтрымае Лотке, пачаў ныць:

"Ён самагонку будзе пiць, а я за яго дзяжур. Не буду!"

Лотке спытаў у Хiндэля: пра што спрачаюцца? Той растлумачыў не вельмi далiкатна, але з нямецкай дакладнасцю. Я нiяк не мог уцямiць тады iх узаемаадносiн. Ды i дагэтуль не разумею, няўжо Хiндэль не здагадваўся, хто такi Лотке, i не ведаў, што механiк гаворыць па-расейску не горш за яго, "фольксдойчэ"?

"Чыя чарга дзяжурыць?" - спытаў Лотке.

Хвiлiну назад Хiндэль схiляўся, што дзяжурыць павiнен Гвоздзiк. А тут раптам цвёрда сказаў:

"Дзяжурыць будзе Клешч! - i сурова загадаў мне па-расейску: - Дзяжурыць пойдзеш ты!"

Я замалiў:

"Пан начальнiк, - у прысутнасцi Лотке ўсе мы цвёрда трымалiся субардынацыi, дысцыплiны, - вы ж самi чулi, што мяне толькi што запрасiлi на iмянiны i я даў згоду. Што падумае чалавек? Лепшы сябра. Прашу вас".

"Адпусцiце яго", - кiнуў Лотке, не гледзячы нi на мяне, нi на Хiндэля.

Начальнiк закiпеў.

"Гэта не пажарная каманда, - выдавiў ён па-нямецку, потым крыкнуў па-расейску: - А банда п'янiц! Цi тое было..." - Пэўна, ён хацеў сказаць: "Цi тое было пры Саветах!", але ўспомнiў i асекся.

Лотке сказаў:

"Вы стары асёл, Хiндэль".

"Добра, добра. Няхай будзе Гвоздзiк. Гвоздзiк!"

Той ускочыў, як падменены:

"Слухаюся, пан начальнiк!"

А Лотке зноў сказаў спакойна, без злосцi, без нацiску:

"Вы стары баран, Хiндэль", - i пайшоў з дзяжуркi.

Гвоздзiк мацюкнуўся. Хiндэль сумiраваў па-нямецку:

"Я стары асёл i стары баран", - i вылаяўся па-расейску.

Я змаўчаў, бо мне гэтая кароткая размова i заступнiцтва механiка не падабалiся больш, чым каму другому. Дзiўныя прафесii меў я ў акупацыi! Першую выбраў сам - грузчыка: трэба было рабiць, каб жыць. Там я звязаўся з падпольшчыкамi. Пасля ўзрыву эшалона з авiябомбамi давялося хавацца. Схавалi мяне хлопцы дасцiпна: уладкавалi ў нямецкi шпiталь вартаўнiком у трупярню. "Начальнiк морга", як здзеклiва называлi мяне самi немцы. З мёртвымi фашыстамi я абыходзiўся далiкатна i любоўна. Гэта забаўляла i страшыла жывых. Яны любавалiся маёй фiзiчнай сiлай i цешылiся з маёй дурноты. Я добра-такi iграў прыдуркаватага здаравяка, якi мог выпiць дзве шклянкi чыстага спiрту i з'есцi пяць шпiтальных абедаў. Але нават у мяне, студэнта-медыка, будучага хiрурга, не вытрымалi нервы. Звычайнаму чалавеку звыкнуцца з мёртвымi... Я папрасiў Паўла знайсцi мне новую работу. I што, ты думаеш, ён прапанаваў мне неўзабаве? Асенiзацыйны абоз. Не смейся. Я не прызнаюся дзецям, што працаваў залатаром. Вядома, я абразiўся. Але Павел даказаў мне, што начныя паездкi, начны пропуск, найлепшая магчымасць перавозак небяспечнага грузу - гэта зусiм нядрэнна для маёй галоўнай прафесii - падпольшчыка. Сапраўды, хутка я сам пераканаўся, што новая праца мая была шмат у чым зручная. Галоўнае, амаль не трэба было вытыркацца на людзi ўдзень у звычайным выглядзе. Мой рост, мая постаць залiшне прыкметныя, а горад наш у акупацыю быў не вельмi густанаселены. Зручнасць была, нарэшце, у тым, што побач са мной працавалi тупыя, абмежаваныя людзi, поўныя крэцiны. Наўрад каму прыйшло б у галаву засылаць у такую ўстанову шпiка. А калi я рабiў вылазку ўдзень зусiм у новай ролi (у рэдакцыю, напрыклад, калi атрымаў заданне выканаць прысуд над Хмарай, я прыходзiў як паэт, прыносiў чужыя вершы - любоўную лiрыку), то амаль быў упэўнены, што не сустрэнуся са сваiмi калегамi па начной рабоце. Многа правалаў было выпадковых. Сустрэнецца добры чалавек, але плясне ўголас сапраўднае прозвiшча, стары адрас цi яшчэ што - i гатова, правал.

Карацей кажучы, калi месяцы праз тры Павел прапанаваў мне работу чыстую у пажарнай, я не вельмi каб узрадаваўся. Але гарком вырашыў (так перадаў Павел) "наблiзiць мяне да палiцыi", i я пайшоў на гэтае "зблiжэнне". Я салдат. Новая работа не спадабалася з першых дзён. Не сама работа. А гэты Лотке, наш маўклiвы механiк. Я раскусiў яго адразу, адчуў хiтрага ворага i ўпачатку занерваваўся. За цэлы год мне нiдзе яшчэ не прыйшлося працаваць пад штодзённым наглядам агента гестапа. Я выказаў сваю трывогу Паўлу. Ён усмiхнуўся i адказаў:

"Я думаў, у цябе больш вопыту. Усе мы так працуем. Думаеш, мне ва ўправе лягчэй? Дакажы яму сваю лаяльнасць".

I я па сваёй маладосцi, не вельмi разумнай смеласцi пачаў азартную гульню: давесцi, каб Лотке самавыкрыўся. Я адзiн з усяе каманды не баяўся Лотке. Лаяў у яго прысутнасцi, называў "нямецкiм казлом", казаў, што механiк з яго, як з г... куля. Ён рабiў выгляд, што нiчога не разумее. Але калi гэты ж паскудны Гвоздзiк, дробны шпiёнчык, перадаў яму праз Хiндэля, як я лаюся, Лотке зрэагаваў. Неяк пастукаў пальцам па лбе i сказаў лагодна:

"Вялiкая i дурная галава. Ты можаш лаяць мяне, але калi ты будзеш абражаць нямецкую нацыю, - вочы яго пры гэтым нядобра блiснулi, - ты пазнаеш яе сiлу".

Хiндэль пераклаў i ад сябе злосна папярэдзiў:

"Калi ты не заткнеш свой дзiравы шланг, я заткну яго сам. Так заткну, што ты да смерцi не пырснеш".

Тады я пайшоў на "прымiрэнне": запрасiў Лотке выпiць з намi (хлопцы раздабылi спiрту). Але механiк ветлiва адмовiўся, памацаўшы свой худы жывот:

"Кранк".

"Ну i хрэн з табой. Нам больш застанецца", - сказаў я.

Ён запытаў у перакладчыцы, што я сказаў. Яна пераклала:

"Клешч сказаў, што вельмi шкада, што пан механiк не можа з iмi выпiць чарку вiна".

Гэтае няшчаснае дзяўчо баялася аднолькава i Лотке i нас. Перакладала яна архiдрэнна, але ганарылася сваiм веданнем нямецкай мовы. Я падумаў: як бы яна здзiвiлася, каб раптам я пачаў рэзаць па-нямецку ў дзесяць разоў лепш за яе цi Лотке гэтак жа па-расейску. Мяне забаўляла такая гульня. Лотке пацмокаў i пацвердзiў:

"Але, шкада. Я таксама шкадую".

Актор быў, падла.

Адна акалiчнасць бянтэжыла мяне: нi разу я не ўбачыў, каб Лотке шпiёнiў за мной у нерабочы час. Ён вось так нечакана з'яўляўся ў дзяжурцы, на вышцы, хадзiў па пятах у часе пажараў. Але нi разу не вынырнуў на нашай ускраiне, дзе я кватараваў, не трапiў на вочы ў другiм месцы. У мяне нават часам узнiкала думка: а цi не перабольшаны мае падазрэннi?

Аднак на сустрэчу з Паўлам у той вечар я не пайшоў. Па дарозе дадому заглянуў каля Сеннага рынку да вядомай спекулянткi самагонам i... "напiўся". Выпiў адну шклянку, а iшоў далей i... мераў вулiцу, заводзiў гутаркi з хлапчукамi. Гаспадыня мая, добрая i цiхая мяшчанка, з тых, што ўсё жыццё жывуць з гароду. Ёй тады было год сорак, ужо сын служыў у армii... Але жанчына ёсць жанчына... Яна кахала мяне, i ёй вельмi хацелася прыручыць назаўсёды такога хлопца. Хто я ў сапраўднасцi, яна, безумоўна, не ведала, але гатова была за мяне каму хочаш выдрапаць вочы. Даглядала i асцерагала, як малога. Гэта была адзiная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажанiўся. Можаш паверыць?

Яраш звярнуўся з пытаннем, i Шыковiч парушыў сваё абяцанне маўчаць, адказаў з уласцiвай яму жартаўлiвай лёгкасцю:

- Ты ў гэтым перада мною не апраўдвайся. Перад Галяй апраўдвайся.

- Перад Галяй, - задумлiва паўтарыў Яраш i змоўк.

Яму зноў зрабiлася балюча i прыкра. Прыгадалася недарэчная сцэна рэўнасцi. I, бадай, нiколi ён яшчэ не думаў пра сваю жонку так жорстка i непачцiва, як падумаў у тую хвiлiну. Вось яна спiць, заспакоеная i задаволеная. А ён не можа заснуць.

Пакуль ён расказваў, а Шыковiч моўчкi слухаў, яны прайшлi колькi разоў па сцежцы да ручая, а потым пайшлi ўздоўж ручая пад дубы. Дубоў тут была вузкая дзялянка, далей пачынаўся бор. I вось тут на мяжы гаю i бору было ў iх абжытае месца, дзе яны амаль штовечар палiлi касцёр. Яны любiлi агонь. Усе любiлi дзецi, жонкi. Часам пяклi бульбу ў прысаку i сала на ражне. Яраш, гаспадарлiвы чалавек, нават змайстраваў тут лавачку.

Яны даўно ўжо стаялi каля свайго старога вогнiшча. На зямлi чарнела куча сухога галля. Было такое правiла: удзень дзецi збiралi дровы, увечары палiлi. Але ў мiнулы вечар, вiдаць, касцёр не палiлi: не было "бога агню" - Яраша.

У часе паўзы Антон сеў на сваю лавачку, а Шыковiч апусцiўся на каленi, чыркнуў запалку. Весела затрашчала сухое галлё. Водблiскi ўпалi на дрэвы, пазалацiлi сосны i пасерабрылi дубы. На зямлю ляглi няроўныя ценi. А за мяжой святла яшчэ больш згусцiлася цемра.

Не ўпершыню начны агонь заварожваў Яраша. Хацелася глядзець, як гуляе, пералiваецца полымя, i маўчаць. Цяпер жаданне памаўчаць зрабiлася асаблiва моцнае. Ён падумаў, што дарэмна паклiкаў Кiрылу. Трэба было прыйсцi сюды аднаму i запалiць гэты цудадзейны агонь. I, напэўна, да ранiцы ўсё прыйшло б у норму.

Шыковiч адсунуўся ад агню i лёг на вытаптанай зямлi. Iнтуiтыўна ён адчуваў настрой сябра i, верны слову, цярплiва чакаў.

- Ты ведаеш, гэтая жанчына жыве i цяпер. Усё там жа на Падгорнай, у сваiм доме. Калi пасля вызвалення я прыйшоў да яе, яна ўжо ведала, хто я. I ў яе не было нiякiх прэтэнзiй, толькi павага i... збянтэжанасць. Вярнуўся яе сын, iнвалiд, без рукi. Яна жыла радасцю, што сын жывы. Знаёмячы нас, яна сказала, што я вядомы кiраўнiк падполля i што яна таксама аказвала маленькую дапамогу падпольшчыкам. I вельмi была рада, калi я пацвердзiў гэта. Ёй хацелася, каб сын, франтавiк, быў найлепшай думкi пра сваю мацi... Я расказаў Галi пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажанiлiся. Тады яна змаўчала i сказала, што ўсё разумее... А цяпер упiкае.

Шыковiч зразумеў, што ў Антона адбылася сур'ёзная сутычка з жонкай. Але няўжо дзеля таго, каб выказаць гэты свой боль i крыўду, ён рабiў такi доўгi ўступ i экскурс у далёкае мiнулае? Не. Безумоўна, ён мае расказаць нешта большае. Шыковiч сказаў жартам:

- Здаецца, ты робiш лiрычнае адступленне ад сюжэтнай лiнii.

- Але, - адразу згадзiўся Яраш i на момант задумаўся, мабыць, успамiнаючы, дзе ён адхiлiўся. - Лiзавета Пятроўна, жанчына гэта, гаспадыня мая... яна, мабыць, адчувала нешта i баялася за мяне... А таму любiла, калi я прыходзiў, як пажарнiк, як служачы сур'ёзнай i патрэбнай установы, падвыпiўшы. Але я нiколi яшчэ не прыходзiў вось так - "у дым". Яна смяялася, раздзяваючы мяне, ласкава лаяла... Напаiла квасам. Памыла ногi... Я гэта добра помню... Мне было няёмка i сорамна. Але я iграў ролю п'янага. Трэба было апраўдаць, чаму я не пайшоў на iмянiны. Трэба было праверыць гаспадыню. Жыло ў мяне нейкае iнтуiтыўнае, падказанае бог ведае якiм пачуццём адчуванне, што менавiта ў гэты вечар я выкрыю Лотке, даведаюся, хто мой "прылiпала". Упершыню ў той дзень з'явiлася падазрэнне, што памочнiкам Лотке з'яўляецца гаспадыня... Я "захроп" на ўвесь дом, а сам уважлiва слухаў. I хутка пачуў:

"Можна да вас?"

"Калi ласка".

"Кватарант дома?"

"Дома".

"Дзе?"

"Спiць".

"Спiць? Так рана спiць? Ай-яй..."

"Выпiў чалавек".

"Выпiў? Няўжо выпiў? Ай-яй... Так выпiў, што звалiўся з ног? Такi дуб. Ай-яй".

"Гэтая зараза любога звалiць з ног".

"Можа, можа".

I, мабыць, не паверыўшы гаспадынi, што я дома, чалавек з тоненькiм, далiкатным галаском заглянуў у мой пакой.

"Ай-яй, храпе на ўсе застаўкi".

Я не верыў сваiм вушам. З месяц назад пасялiўся гэты пажылы ўжо, гадоў пад пяцьдзесят, чалавек у доме насупраць, цераз вулiцу. Назар Авяр'янавiч Дымар. Яго шмат хто ведаў. Закройшчык, працаваў да вайны ў цэнтральным атэлье. А ў акупацыi трымаў маленькую майстэрню тыпу "амерыканкi": "Рамонт верхняй вопраткi. Хутка. Танна". У яго быў свой дом у раёне таварнай станцыi. Але згарэў, калi нашы самалёты бамбiлi скапленне ваенных эшалонаў. Пры бамбёжцы загiнула жонка. Так ён расказваў мне i ўсiм на вулiцы. Мы з iм амаль штодзённа сустракалiся. Сядзелi на лавачцы каля яго кватэры. Да гэтага пажару ён не палiў. А цяпер пачаў. Прызнаваўся, што i да чаркi цягне. Расказваў пра жонку плакаў. Але нашых не вiнавацiў. Уздыхаў: "Вайна. Што зробiш. На вайне няма вiнаватых". Гэтай фiласофii ён прытрымлiваўся ў разважаннях на многiя тэмы, звязаныя з вайной, з дзейнасцю гiтлераўцаў. Я разумеў яго: асцярожнасць. А я чалавек, блiзкi да палiцыi. Мне нават здалося, што ён сувязны нейкай падпольнай групы; для гэтай мэты i майстэрня арганiзавана. I вось гэты чалавек з'явiўся ў такi вечар, каб праверыць, дзе я. Заглядвае ў пакой. Раней ён нiколi не заходзiў да мяне вось так, папросту. Куды знiкла яго далiкатнасць. Гаспадыня запытала, навошта я яму.

"Табачку хацеў пазычыць, цэлы дзень не палiў. Ажно вушы напухлi".

Няўжо ён? Цi гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў i ўспамiнаў, аналiзаваў усе сустрэчы i размовы з iм. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкiх ускраiнных вулiцах. Але цi мала спраў магло быць у краўца, якi паўжыцця працаваў тут i ведаў паўгорада людзей... Праз гадзiну ён з'явiўся зноў.

"Спiць усё яшчэ?"

"Спiць".

"Ай-яй... А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спiрту ёсць. Пахмялiцца пасля такога перабору - найлепшае лякарства. Асаблiва чысты спiрт. Адразу здымае боль галавы".

I зноў заглянуў у мой пакой.

Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпiён нерваваўся: я збiў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмi пэўнага задання. Ох i ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здраднiка! Рукi свярбелi - устаць i прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нiчога больш агiднага за здраднiка i шпiёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусiў мацёрага агента СД Лотке i больш за месяц вадзiў за сабой такога нiкчэмнага "прылiпалу"? Але самае дзiўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы ранiцай, як двойчы прыходзiў Назар Авяр'янавiч, нечакана заключыла: "Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек".

З Паўлам я сустрэўся на другi дзень, у нядзелю. Не вельмi ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на iмянiны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам i застрахаваў сябе i ад краўца i ад любых другiх "хвастоў". Я пайшоў на Балотную да цёткi Любы, каб гэтая "пранырлiвая гандлярка" схадзiла на Каштанавую да Паўла i звяла нас. I там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам - выклiкаць мяне.

Як заўсёды, ён быў iнтэлiгентна апрануты - у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Палiў цыгарэты. Як належала работнiку ўправы. У любых абставiнах ён трымаўся надзвычай спакойна i ўпэўнена i не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правiлы канспiрацыi, якiя сам устанаўлiваў. Неяк на зборы нашай пяцёркi мы сказалi яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсцi правiлаў, прыгодных на ўсе выпадкi, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.

Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра "велiкадушнасць" Лотке. Павел усмiхнуўся, здалося мне, крыху зняважлiва.

"Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш..."

Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:

"Ты сам вучыў нас... Не думай, што я спалохаўся".

Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялi ў зацянёным пакоi, акно якога выходзiла ў сад. Вялiкi куст бэзу, яшчэ зялёны i густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны i ветраны. Наступала восень.

Павел сказаў:

"Дзiвак. Хто можа падумаць, што ты баязлiвец! Ты правiльна зрабiў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышлiся. Была аблава. У горадзе пачалiся арышты. Трэба быць, як нiколi, пiльным".

Тады я расказаў пра краўца.

Павел нахмурыўся.

"А вось гэта горш, - сказаў ён. - Калi твая здагадка пацвердзiцца, прыйдзецца спусцiцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша вiдна, дзе трэба палiць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нiчога не рабi. Вадзi яго за нос. Табе ёсць iншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальнiку гарадской палiцыi, здраднiку Радзiмы. - Ён адступiў у глыб пакоя, да ложка, i з гневам дадаў: - Пёс гэты вельмi актыўны. Залiшне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабiць найлепшым чынам".

Пра дзейнасць Лучынскага я сам збiраў звесткi. П'яныя палiцаi расказвалi пра садызм свайго начальнiка. I я люта ненавiдзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруцiлiся магчымыя варыянты аперацыi, планы яе - як, дзе...

Назад Дальше