Пра дзейнасць Лучынскага я сам збiраў звесткi. П'яныя палiцаi расказвалi пра садызм свайго начальнiка. I я люта ненавiдзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруцiлiся магчымыя варыянты аперацыi, планы яе - як, дзе...
Я глядзеў у акно i думаў. I раптам:
"Антон".
Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага iмя.
Павел сядзеў на нiзкiм табурэцiку i, схiлiўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкi на падкладцы капелюша.
"Масква, - сказаў ён, ласкава пагладзiўшы пабляклы велюр. - Аня купляла". I ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклiкаў. Але праз момант, не ўзнiмаючы галавы, ён паўтарыў: "Антон! Калi здарыцца што са мной i Кацяй, не пакiнь Тарасiка. Прытулi".
У мяне перахапiла дыханне i голас. Пакуль я сабраўся з думкамi, каб нешта адказаць, Павел падняўся i працягнуў руку:
"Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план - звяжыся са мной. Падвернецца пад руку - дзейнiчай самастойна. Але без рызыкi. I напэўна!"
Я так i не паспеў нiчога сказаць яму наконт сына.
Мабыць, углыбiўшыся ва ўспамiны, Яраш змоўк. Кiрыла падняўся, сабраў галавешкi i кiнуў iх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяцiў схiленую доктараву постаць.
Шыковiчу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калi яго прасiлi, ён расказваў неахвотна i скупа. Нават пасля таго, калi ён, Шыковiч, зацiкавiўся падполлем i пачаў збiраць матэрыял, сябра яго нi разу яшчэ не расшчодрыўся на такi вось расказ. Так зрэдку кiдаў некалькi мазкоў, эпiзодаў, дэталей, i то часцей дзецям - Вiцю, Iры, Славiку - з педагагiчнай мэтай: вось так iшло змаганне за жыццё, якое вы маеце.
Шыковiч, як губка, упiтваў гэтыя эпiзоды, дэталi. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збiцца на бiяграфiю толькi аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з iншых крынiц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збiраць матэрыял для аповесцi, але хутка пераканаўся, што пра падполле iх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошнi час больш цiкавiўся дакументамi. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такi час i месца, калi нiчога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмi ўжо спадзяваўся.
Але пры ўсёй сяброўскай блiзкасцi ён не адважваўся што-небудзь сказаць, няхай i жартам, з гэтай прычыны, адчуваючы, што Антона па-сапраўднаму нешта ўсхвалявала. Каб перапынiць паўзу, Шыковiч сказаў:
- Зямля дыша цеплынёй. Лажыся. Не шкадуй касцюма.
Яраш абышоў вогнiшча i лёг з другога боку. Разам з дымам кастра патхнула добрай папяросай. I яму таксама захацелася запалiць. Ён кiнуў палiць год шэсць таму. Толькi пасля цяжкiх аперацый яго цягнула запалiць. А так - не. А тут раптам ажно засмактала ў грудзях, перасохла ў роце. Але ён напружыў волю i не папрасiў у Шыковiча папяросы. Каўтнуў горкую слiну.
- Днi праз тры цётка Люба паведамiла мне, што Павел арыштаваны. Каб ты ведаў, што я перажыў. Якi боль! I страх. I разгубленасць. Не было Паўла. У каго спытаць парады, што рабiць? Гестапа лёгка можа дакапацца, што мы трымалi сувязь. Уцякаць? Але ўцячы - гэта, напэўна, выдаць сябе. I тады ўжо не будзе нiякай магчымасцi выканаць заданне гаркома. I Паўлаву просьбу. Дзе Тарасiк? Што з iм?
Цётка Люба паведамiла мне пра арышт на рынку, калi я купляў у яе пiражкi. Аглушаны, спалоханы (мне не сорамна прызнацца - дрогнула сэрца, чаго там таiцца), я не паспеў спытаць пра Кацю, Тарасiка. Ды i нельга было гутарыць доўга. Якая можа быць гаворка памiж гандляркай i пакупнiком! Навокал шпiкi.
Пасля дзяжурства я пайшоў да цёткi Любы на кватэру. Яна спалохалася:
"У суседнiм доме засада. Арыштаваны стары рабочы друкарнi i яго жонка".
Люба праслязiлася, гэтая "жанчына-камень", як мы называлi яе. Скардзiцца:
"Я два гады з суседкай не размаўляла. Яна маiх курэй атруцiла. Жылi як ворагi. I не ведалi, што адну справу робiм. Божа мой. Можа, на смерць людзей павезлi. Што яны падумаюць пра мяне? I цяпер... Цяжкая мая доля... Жандара-фрыца i "бобiка", што сядзяць там, я самагонкай пачаставала, пiражкамi. Каб другiмi вачамi глядзелi на мой дом. Але як затое зiрнула на мяне суседка з таго боку! Чаго добрага, падумаюць людзi, што гэта я выдала Рамана Цiханавiча".
Скажу табе, страшная рэч у такiх абставiнах - падазронасць. Мне i цяпер сорамна, што я падумаў у той мiг: "А можа, праўда гэтая гандлярка правакатарка?"
Цётка Люба нiбы пачула мой душэўны шэпт, бо адразу высушыла вочы. Выставiла на стол пляшку.
Я спытаў пра Паўлаву сям'ю.
"Кацю арыштавалi разам з братам. Куды дзяваўся хлопчык, невядома. У кватэры наш чалавек быў - няма. Там усё разрабавана. Заўтра суседзяў абыдзем. Няўжо i дзiця забралi, iрады?"
Жанчына сказала гэтыя словы так, што знiкла мая падазронасць. Не, такая жанчына нiколi не здрадзiць! Нi мужу, нi дому, нi справе. Нi тым больш Айчыне.
Магчыма, з-за пошукаў дзiцяцi i новых сувязей я не спяшаўся з выкананнем задання. Бо ведаў: пасля такой акцыi, калi застануся жывым, мне прыйдзецца пакiнуць горад. Як жа я знайду Паўлавага сына? Безумоўна, былi i другiя прычыны. Не было з кiм параiцца. Не трапляў зручны выпадак. А пасля Лучынскi некуды паехаў. Казалi - у Варшаву. Вопыт пераймаць, цi што. Знiк i Лотке. Хiндэль сказаў, што ў механiка захварэла мацi i ён паехаў на пабыўку ў Нямеччыну. Але днi праз два адзiн з пажарнiкаў убачыў Лотке каля казармы зондэркаманды, што размяшчалася ў Бярозках, дзе цяпер туберкулёзная бальнiца. Ясна: агент выконваў iншае заданне. У горадзе iшлi арышты. Мне нiяк не ўдавалася звязацца з кiм-небудзь з кiраўнiкоў падполля, сябрамi гаркома. Настрой у мяне быў цяжкi, жахлiвы. Я зразумеў, што пры ўсёй незвычайнасцi заданняў, якiя мне давялося выконваць, падпольшчык я малавопытны i слаба загартаваны. Маладому, самаўпэўненаму, мне адзiн час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фiгура ў падполлi. Цяпер жа разумеў: усё, што я зрабiў, гэта заслуга тых, хто нябачна, асцярожна i мудра кiраваў дзейнасцю такiх, як я. I тое, што я на волi, таксама iх заслуга, хоць самi яны, магчыма, у кiпцюрах гестапа.
За тыя днi я стаў другiм чалавекам. За тыя два тыднi. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыднi. Калi чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасцi, запамiнаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змянiўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч i ранiца былi ясныя i халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Нiколi не быў прыхiльнiкам выпiўкi, але ў тую ранiцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу i цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлi дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалi гестапаўцы. Не, не арыштавалi. А ветлiва папрасiлi вярнуцца назад. Яны ўмелi быць ветлiвымi ў такiя моманты, гэтыя звяры.
У людзей, якiя iшлi на работу, яны правяралi дакументы, але дазвалялi прайсцi. Чаму не выпускалi нас? Мы населi на Хiндэля (ён, як заўсёды, з'явiўся на службу раней за ўсiх), няхай пойдзе высветлiць. Стары немец вярнуўся спалоханы, усхваляваны i на наша запытанне адказаў крыкам i лаянкай:
"Той, хто хоча ўсё ведаць, нядоўга жыве ў наш час..."
Невядома, ад чаго ён нас перасцерагаў. Чаму не сказаў праўду? Гестапа не рабiла сакрэту. Наадварот, як мы зразумелi пасля, яны хацелi, каб сабралася больш людзей. Вiдаць, не спадзявалiся на добраахвотны збор. Ты помнiш, да вайны пажарная была на плошчы. Не толькi з каланчы, але i з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далонi.
I мы ўбачылi... Я першы ўбачыў... Прыйшлi грузавiкi, доўгiя, як лесавозы. I салдаты-сапёры пачалi згружаць... Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта iншы з пажарнiкаў глянуў у акно i ахнуў:
"Шыбенiцы!"
Але, гэта былi шыбенiцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрнi, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкi брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка i ўмела ламалi брук i закапвалi iх у зямлю. У адзiн рад - ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласцi. Рабiлi яны хутка i спрытна, можна было падумаць, што гэта iх штодзённая работа. Я зразумеў... здагадка гэтая абпалiла мозг. Павесяць падпольшчыкаў... Маiх таварышаў, кiраўнiкоў... Магчыма, Паўла. Што я мог зрабiць, каб ратаваць iх?
Яраш змоўк. Астывала вогнiшча. Шыковiч часта i шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлi дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукалiся першыя птушкi. Дзесьцi далёка-далёка за ракой спявалi пеўнi.
- Я не ўмею i не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлiвымi, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлi гады... Я добра ведаю фiзiялогiю, вучэнне Паўлава... Але калi адзiн хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзiны, учапiўшыся рукамi ў падаконнiк. Каб прысутнiчаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькi не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мянялiся з маланкавай хуткасцю. Першыя здавалiся рэальнымi. Я памiраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортвалiся падзеi на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру - i нiчога не зраблю. О, яны ўмелi застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына iх дзейнiчала безадказна.
Шыбенiц паставiлi чатырнаццаць. Калi сапёры скончылi сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыi. Грузавiк цiха i плаўна падыходзiў да шыбенiцы, вельмi дакладна спыняўся, i кат замацоўваў вяроўку. Петлi былi загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накiдваў малую пятлю на перакладзiну i, каб зацiснуць i... праверыць трываласць, хапаўся за вялiкую пятлю рукамi i павiсаў над кузавам. Усе рухi ката былi разлiчаныя, дакладныя, нiводнага лiшняга, як на канвеернай лiнii. I гэта было жудасна.
Кадры мянялiся... Грузавiкi з сапёрамi адышлi. На нейкi момант плошча апусцела. А потым з вулiцы, якая называлася пры iх Паркавай, выехаў узвод матацыклiстаў. Яны разгарнулiся за шыбенiцамi i накiравалi кулямёты на парк, на царкву i на Савецкую вулiцу. Праз хвiлiну па Гандлёвай прайшлi два бронетранспарцёры. Яны сталi ў супрацьлеглых баках плошчы, i iх буйнакалiберныя кулямёты пагражалi руiнам цэнтра горада i нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пiльныя.
Прагрукатала па бруку зондэркаманда.
Карнiкi ўтварылi першы ланцуг вакол шыбенiц. Воддаль, таксама ланцугом, стала палiцыя ўнутранага парадку - "бобiкi". Яны ж выконвалi другую ганебную мiсiю: зганялi народ. Праўда, першыя з'явiлiся добраахвотнiкi, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамi. Яны прыходзiлi па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзiн аднаму, цiснулiся блiжэй да палiцыi, але стаялi асобнымi кучкамi. Потым палiцаi прыгналi рабочых станкабудаўнiчага завода i друкарнi. Рабочыя адразу злiлiся ў адну групу. Сталi яны каля самай пажарнай сцяны, наблiзiўшыся да бронетранспарцёра. Палiцыя адцiснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднiм ходам блiжэй да шыбенiц, i кулямёт, якi глядзеў на мяне, быў скiраваны на рабочых. Жанчынам, якiх палiцаi прыгналi з другога боку, не дазволiлi злiцца з рабочымi. Iх паставiлi асобна.
Сабралi чалавек пяцьсот.
Здаецца, дурны i подлы Гвоздзiк крыкнуў у дзяжурцы: "Хлопцы! Лезем на каланчу! Камунiстаў будуць вешаць".
"Але, на каланчу! Адтуль вiдней", - падумаў я, не ведаючы, якi чарговы план з'явiцца там, у вышынi. Усе мае планы рушылiся. Што можна зрабiць аднаму супраць матацыклiстаў, бронетранспарцёраў, сотнi гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з'явiцца нейкi асаблiвы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля палiцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пiсталета.
Каля лесвiцы мяне затрымаў Хiндэль.
"На каланчы гестапа", - цiха сказаў ён i, узяўшы за локаць, павёў у свой кабiнет. Мы сталi ўдвух, беларус i немец, каля адчыненага акна i моўчкi глядзелi на плошчу, на злавесныя шыбенiцы, на якiх вецер гойдаў вяроўкi, на гестапаўцаў i на натоўп. Што адчуваў Хiндэль у той час? I ўвогуле, што за чалавек ён быў?
Прыехала "высокае начальства" - фельдкамендант Шмiт, начальнiк СД штурмбанфюрэр Бругер, афiцэры гестапа i СС. Следам за iмi лакеi - бургамiстр Цiшчанка, начальнiк палiцыi Лучынскi, iншыя здраднiкi. Я шмат каго з iх добра ведаў. У мае падпольныя абавязкi ўваходзiла вывучэнне ворагаў.
I вось... Недзе ўнiзе на Савецкай непрыемна зараўла сiрэна. Два вялiкiя чорныя фургоны, за iмi грузавiк з эсэсаўцамi хутка выехалi на плошчу i, крута павярнуўшыся, спынiлiся каля першай шыбенiцы. Гестапаўцы саскочылi з машыны, адчынiлi дзверы фургонаў, па двое залезлi ўсяродак i пачалi выкiдваць асуджаных. Так выштурхоўвалi спакутаваных людзей, што колькi чалавек не ўтрымалiся на нагах i ўпалi на брук.
Хiндэль прашаптаў па-нямецку:
"Нельга бiць асуджаных. Сволачы!"
Здалёк яны былi падобны адзiн на аднаго, нашы таварышы. Асаблiва мужчыны. З чорнымi ад катаванняў тварамi, ускудлачанымi валасамi, у падраных сарочках, са звязанымi за спiной рукамi, босыя... Але ўсё адно я адразу пазнаў Паўла. Ён выскачыў з фургона не першы. Але адразу прайшоў наперад i стаў побач з чалавекам з белай галавой. Гэтага чалавека я таксама пазнаў. Разы два сустракаў у Паўла. З тых, каго я ведаў, ён быў, бадай што, самы старэйшы, выглядаў за паўсотню год. Але, знаёмячыся, назваў сябе, як юнак, сур'ёзна, без усмешкi: "Саша". Так да яго звяртаўся i Павел. У часе сустрэч чалавек гэты больш маўчаў i слухаў, што казалi другiя. Але па тым, як ён слухаў, я адразу зразумеў, што гэта адзiн з кiраўнiкоў падполля. Калi пасля я запытаў у Паўла, хто такi Саша, той адказаў з хiтрай усмешкай:
"Саша. Пакуль што проста Саша".
Тады нават крыху пакрыўдзiла, што мне, падпольшчыку, якi выканаў ужо не адно баявое заданне, не давяраюць. Але канспiрацыя ёсць канспiрацыя, гэта я разумеў. I ўсё-такi цяпер мне шкада, што я так мала ведаў Аляксандра Якаўлевiча Дубецкага - другога сакратара гаркома. Ды i другiх таксама... Тады там, у пажарнай, помню, балюча было, што я не ведаю нават прозвiшчаў сваiх таварышаў. Не, я ўсё яшчэ лiхаманкава думаў, як памагчы iм, перашкодзiць пакаранню. Няхай бы лепш i я i яны, асуджаныя, загiнулi ад куль, у барацьбе, чым на шыбенiцах. Але што я мог зрабiць? Адзiн мой рух - i мяне знiшчылi б. Вязняў было больш чым чатырнаццаць. Я палiчыў - дваццаць тры чалавекi. Шэсць жанчын... Але, жанчын было шэсць. Яны трымалiся разам, у цэнтры групы.
Фургоны адышлi. На iх месца стаў грузавiк з адкiнутымi бартамi, з прымацаванымi ззаду ўсходцамi. Па ўсходцах гэтых у кузаў паднялiся два чалавекi - тоўсты гестапавец-кат, якi вешаў вяроўкi, i малады фашыст у форме армейскага афiцэра. Юрыст. Ён пачаў чытаць прыгавор крыклiвым голасам. Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, i толькi асобныя з iх я разбiраў. Звычайнае фашысцкае абвiнавачванне ў бандытызме, забастоўках, дыверсiях. I раптам... усё гэтае з нямецкай дакладнасцю адрэпетаванае прадстаўленне было паламана. Звонкi i ясны жаночы голас заглушыў словы прыгавору песняй. Якой песняй! Той, якую я спяваў дагэтуль толькi аднойчы, шэптам, на кватэры ў Паўла. I слоў яшчэ ўсiх не ведаў. Але музыка яе жыла ў маiм мозгу, у сэрцы.
Пусть ярость благородная
Вскипает, как волна,
Идет война народная,
Священная война.
Шыковiч адчуў нешта накшталт прыступу астмы: з шумам выдыхнуў паветра.
Яраш на момант змоўк, падняўся з зямлi i, стоячы, паўтарыў словы песнi, цiха, пранiклiва:
- "Идет война народная, священная война". I песню падхапiлi ўсе асуджаныя. Матыў яе, без слоў, перакiнуўся ў натоўп рабочых. Начальнiк СД закрычаў, адарваўся ад свiты, падбег да асуджаных, пагражаючы пiсталетам. Гестапаўцы прыкладамi аўтаматаў глушылi песню. Бронетранспарцёр пасунуўся на рабочых, ледзь не задавiўшы палiцаяў. Даў чаргу кулямёт. Кулi прасвiсталi каля нашага акна. Хiндэль баязлiва адсунуўся за сцяну. А я глядзеў... Я глядзеў... Знiк з кузава "пракурор". Застаўся адзiн кат. I вось гестапаўцы за рукi паднялi туды першага асуджанага. Яны спяшалiся. Яны бiлi яго. Бiлi Паўла. Гэта быў ён. Павел не iшоў пакорлiва. Ён так iрвануўся, што два дужыя гестапаўцы звалiлiся з кузава на зямлю. Павел закрычаў у натоўп:
"Таварышы! Браты нашы i сёстры! Адпомсцiце за нас! Бiце праклятых фашыстаў! Каб духу iх не было на нашай зямлi. Мы памiраем з верай у перамогу! За Радзiму! За партыю нашу! За народ!"
Не ўсё, безумоўна, удалося яму сказаць. Яны бiлi яго, шматгалосым гоманам глушылi яго словы. Але ён крыкнуў менавiта гэтыя словы. Я пачуў iх сэрцам. I яшчэ ўбачыў, як да машыны падбег Лучынскi, доўгi, сутулы. Гэты панок, подлы нацыяналiст, заўсёды хадзiў з нагайкай. Войт, прыслужнiк. Ён ударыў гэтай нагайкай Паўла па твары. Заварушыўся натоўп. Загаласiлi жанчыны. Я не помню, што я зрабiў: застагнаў, заскрыгатаў зубамi?.. Але Хiндэль схапiў мяне за руку i пацягнуў ад акна.
"Адыдзi! Дурань! Iдыёт! Ты чуеш? Пачуюць". Ён лаяўся па-расейску, па-нямецку, у яго выцягнуўся, пабялеў твар i дзiўна трэслася барада. Я адпiхнуў яго. Але ў гэты мiг, калi я адвярнуўся, Паўла павесiлi. Машына адышла, i цела яго сутаргава курчылася ў паветры.
Павел! Паша! Друг ты мой дарагi! Нi да каго, здаецца, я не меў такой любовi, як да цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек. Жудасна захаладала ў мяне ўсярэдзiне. Быццам спынiлася кроў. I астылi думкi. Яны сталi цвярозыя, халодныя, жорсткiя. I адразу прыйшло непахiснае рашэнне. Цяпер я ведаў, што мне рабiць. Я не выратую вас цяпер, сябры мае, бо адзiн, без зброi, перад такой зграяй ашалелых ад крывi сабак. Але я буду помсцiць. Помсцiць! I першая кара будзе таму, каму вы калектыўна вынеслi прысуд. Лучынскi памрэ сёння!"
"Сёння!" Вiдаць, я падумаў уголас, бо Хiндэль спытаў:
"Што "сёння"?"
Я не адказаў. Яму зрабiлася блага. Ён пачаў ванiтаваць, узвалiўшыся на пiсьмовы стол. Я застаўся каля акна адзiн. Вось ужо павесiлi другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалi на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамi мiну. Яна крычала пракляццi катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як i я. Кожны чалавек у гэты мiг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне.
Здавалася, што жудасная машына карнiкаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д'ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалi пад рукi, падымалi ў кузаў. Грузавiк падыходзiў пад шыбенiцу. Кат ускiдваў пятлю на шыю. Машына адыходзiла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механiзавана. Начальства i варта заспакоiлiся. Адзiн з афiцэраў пачаў рабiць фотаздымкi.