I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) - Масей Седнев 4 стр.


Эма была запярэчыла: "Не мяшайце-ж чалавеку - няхай раскажа". Але Ягор махнуў ёй рукой: "Ня трэба! Сядзi там!"

Ягор найболей цярпеў ад бацькавага ката. Кожны дзень, бывала, калi ён прыходзiў у школу (у Мокрым яшчэ), вучнi пыталiся ў яго нiбы сур'ёзна:

- Ну, колькi ваш кот налавiў сёньня ўночы рыбы пад мостам? Усю прынёс дахаты, цi з'еў i табе нiчога не засталося?

На школьнай дошцы ў класе рысавалi ката, мост, рэчку. Кот апушчае свой хвост у ваду i на яго бярэцца рыба. Пад рысункам надпiсвалi: "Кот-рыбалоў". А побач рысавалi Ягорку з торбай праз плячо, гатовага класьцi злоўленую катом рыбу.

Даймалi ў школе гэтым катом-рыбаловам i Дусю. А пайшло ўсё ад таго, што Дусiн бацька - Пiлiп - выпiўшы ў кампанii, заўсёды пачынаў сваю байку пра ката-рыбалова, якi ня толькi сам кармiўся рыбаю, а й забясьпячаў ёю сям'ю свайго гаспадара. Кот выходзiць уначы на рэчку i там вудзiць - замест вудзiльна - сваiм хвастом. Есьць сам i дахаты прыносiць. Мяўкае пад дзьвярыма (з рыбаю), каб адчынiлi яму.

Пiлiп апавядаў пра свайго ката гэтак красамоўна, цiкава, праўдападобна, што яму можна было нават паверыць. Гэтым сваiм мастацтвам Пiлiп, Дусiн бацька, праслыў на цэлую ваколiцу. Да Пiлiпа ставiлiся паблажлiва, i пры кожнай нагодзе прасiлi яго расказаць пра свайго нязвычайнага ката. Пiлiпавы слухачы перамiргвалiся, сам-жа ён гэтага не заўважаў i з усёй пераканаўчасьцяй, захоплены сваiм апавяданьнем, выхваляў мастацтва свайго вучонага ката.

Вось i цяпер Дуся i Ягор баялiся, што ён зноў, як i заўсёды, пачне пра свайго ката.

- Як вы ўжо гэтак закрычэлi, дык я, халеры, паддамся вам. Вып'ю во. А ты чаго гэта прылiпла да чалавека? - строга зiрнуў Пiлiп на сваю дачку. - Дыхнуць свабодна не дасi.

Дуся страпянулася, як пракiнуўшыся ад сну.

- Ну, чаго ты накiнуўся на дзiцё? - заступiлася Хiма за дачку.

- Дзiцё... - прамырмытаў Пiлiп.

Я хачу пайсьцi, ды чамусьцi не магу адважыцца вылезьцi з-за стала. Сяджу. Каб я ня быў выпiўшы, я ўжо пайшоў-бы - у мяне не хапiла-б адвагi сядзець гэтак доўга за чужым сталом... пагатоў побач Дусi. Разабрацца-б, што мне Дусiна сям'я? Што мне Дуся сама? Што мне Ягор? Чаго я прыйшоў сюды? Мяне паманiлi i я - гатоў?

Вылажу з-за стала. За мной вышмыгнула i Дуся. Разьвiтваюся - спачатку з гаспадыняй, потым з Эмай. Дуся думае, што я падам руку i ёй - чакае. Зiрк вачэй - цёплы, ласкавы, прыхiльны. Ягор з бацькам застаюцца яшчэ на покуце. Няхай сядзяць. Падыходжу да парогу, каб ужо выйсьцi. Ягор з-за стала ўзьняў руку:

- Пачакай - правяду.

- I я з табою, - сьмела сказала Дуся.

Узяла брата за руку, вядзе да парогу, тулiцца да яго. Далучылася да нас i Эма. Мы выйшлi. Мы iдзём на мост - яны праводзяць мяне. Iдзём i не гаворым. Каб што-небудзь сказаць, Дуся пытаецца ў мяне:

- А ты пушчаў мой вяночак на ваду? Ён плывець?

- Плывець, - ня думаючы, адказаў я.

Ягор i Эма не разумелi, пра што гаворка. Далi мне "Добрай ночы". "Добрай ночы" сказала i Дуся. Якая яна ўсё-ткi добрая дзяўчынка! - падумалася.

У вокнах маёй хаты сьвятла ўжо няма - ляглi спаць. Не дачакалiся мяне. Як мне ўвайсьцi ў хату, каб не пачулi? Мацi чуткая. Скрыпну - прачнецца. А мо яна й ня сьпiць? Чакае, каб калi я прыйду, сказаць, дзе я магу знайсьцi сабе нешта зьесьцi. Яна ў нас такая, хлiплiвая. Душа ў яе хлiпцiць па кожнаму, можа найболей - па мне.

Чую - нейкiя галасы, рогат на вулiцы. Недзе каля калгаснай канцылярыi. Успомнiў - сёньня-ж наш старшыня дазволiў моладзi танцаваць у канцылярыi. Гэта адзiнае, прыгоднае для гэтага мейсца. Хлопцы папрасiлi ў старшынi яшчэ на сходзе, калi падпiсвалi "Лiст" Сталiну. Я чуў, як адзiн з iх угаворваў яго: "Падпiсалi-ж лiст, значыцца зарабiлi, дык пусьцi ў сваю багадзельню патупаць". Дзяўчаты пляскалi старшынi ў ладкi, што дазволiў. Дык вось гэта яны там i "тупаюць". Пайду, можа там i сястра, з ёю лацьвей потым будзе зайсьцi ў хату. Заходжу. Дзяўчаты заўзята пяраць аб дрыўляную падлогу сваiмi босымi, бацькоўскiмi падэшвамi: танцуюць. Былi на сходзе босыя i тут на танцах босыя. Высока пад стольлю пыхцiць лямпа, уздрыгвае ад тупаценьня. Грае гармонiк. Б'юць у бубен. Да мяне падбягаюць хлопцы. Адзiн з iх просiць мяне "разлучыць" з iм адну, самую прыгожую пару, што цяпер кружыцца ў танцы: колькi да гэтай пары нi падыходзiлi хлопцы, каб "разьбiць" яе i танцаваць, але "харашуняў" нiяк не расшчапiць, кружацца, сашчэпленыя, самi з сабой, ведай пагарджаюць табою, iм давай нейкiх асаблiвых хлопцаў.

Калi зачынаюць граць танец, у круг, на пляцоўку, звычайна, выходзяць танцаваць першымi дзяўчаты i ўжо толькi тады iх "разлучаюць" хлопцы. Iх рэдка запрашаюць, калi яны, яшчэ ня выйшаўшы ў круг, стаяць недзе на ўзбоччы. Гэта было-б занадта iнтэлiгентна, пагарадскому.

Я адмовiўся ад прапановы "разлучыць" ганаровую пару. Угледзеў у кутку сваю сястру з... Агапкай. Сястру запрашае старшынёва дачка i яны выходзяць танцаваць. Той-жа самы хлопец просiць мяне "разьбiць" iх. Дзеля сястры я пагадзiўся. Танцую з старшынёваю. Агапка скоса i злосна зыркае на мяне, калi я з сваёю партнёршаю iду па кругу паўз яе.

Сястра радая, што я тут. Тая ўвага да мяне, як да студэнта, перападае i ёй. Брат i сястра на танцах - гэта добра: брат можа заступiцца за сястру, калi-б якi п'янчуга прыставаў да яе, або дзеля яе памiж хлопцамi паўстаў-б якi-небудзь канфлiкт.

Нам яшчэ тут гуляць i гуляць, ды я прашу сястру пайсьцi дахаты - заўтра-ж панядзелак, дый позна ўжо. Мы выходзiм. Сястра пытаецца, дзе я прападаў, сам-жа стараюся даведацца ў яе, што i як у хаце, цi мацi ня злуецца, што я ня прыйшоў на вячэру.

З сястрой я ўваходжу ў хату сьмялей. Сястра нi ў чым ня вiнаватая. Яна запрацавала сабе танцы. Упоцьмах яна намацала нешта з ежы на стале, просiць i мяне ўзяць што.

Я доўга ня мог заснуць. Мяне турбавала Агапкiна дзела. Як я заўтра пакажуся мацi на вочы? Канешне, мацi мне нiчога ня скажа, але як выстаiць самому перад ёй? Калiсьцi мацi магла папракнуць мяне Наташай, тады для мацi я быў яшчэ малы i яна лiчыла сваiм абавязкам аберагаць мяне ад спакусы. Цяпер ня тое - я дарослы, сказаць ёй што-небудзь мне ня так ужо лёгка, мацi разумее гэта, ды ўсё-ткi яна i цяпер, не спадзяючыся на мой розум, баiцца, каб я ня зьбiўся з дарогi, заставаўся чыстым, як i дасюль, да тэй пары, калi стану жыцьцёва дасьведчаны i буду магчы абраць сабе спадарожнiцу паводля развагi, а ня толькi паводля iнстынкту. I толькi тады, па закону, магу сабе дазволiць адпусьцiцца. Боязь бацькоў, асаблiва мацi, здiўным спосабам перадалася i мне я й сам баяўся ўлiпнуць дзе-небудзь, бярогся, ня йшоў на зблiжэньне да такой ступенi, калi мог-бы ўжо пераступiць мяжу дазволенага. Канешне, было тут i iншае - iдэалiзацыя жанчыны, як катэгорыi чыста эстэтычнай. Змалку бачыў у ёй толькi нябеснае, не цялеснае, толькi прыгожае, да чаго нельга дакрануцца, псаваць. I ўжо будучы дарослым, хоць i даведаўся аб жанчыне болей, - не хацеў разбураць, разьвенчваць створанага мною раней вобразу. Мiж iншым, Дуся падтрымлiвала ў мяне такi вобраз. Бацька нават турбаваўся маiм такiм настаўленьнем да жаночага роду. Уначы я неяк падслухаў (не цяпер, раней, калi я спаў у вадным з iмi пакоi) шэпат бацькi з маткай: "Што ты робiш з яго баязьлiўца, ён-жа будзе тады ўсяго баяцца". "Гэта не я, ён сам такi". "Ну дык i дрэнна". Я доўга думаў над тым, што казалi бацькi, хацеў зразумець сэнс пачутых словаў, асаблiва бацькава "ну дык i дрэнна". Цяпер я разумею - мяне навучыла Агапка.

Засынаючы, мне прысьнiўся Вяркееў - вобраз ягоны быў няясны, я ледзьве пазнаваў яго. Выразным быў толькi ягоны голас, званчэйшы, чымся ў сапраўднасьцi. Вяркееў быццам перадаваў мне сваю Акулiну, сплаўляў, а сам хацеў зьехаць ад яе. Я не пагаджаўся ("Нашто яна мне такая!") i ён крычэў на мяне з усёй сiлы. Доўга вярзлося мне ўсякае, пакуль не заснуў. А прачнуўшыся ранiцою, першае, што я пачуў - бацька клепiць касу на двары. Бацька зьдзiвiўся, што я так рана прачнуўся. Бо яшчэ мацi была не падняўшыся.

- Чаго ты гэтак усьпёрся?

- Хачу з табой пайсьцi касiць.

Бацька, седзячы за кляпаньнем, зiрнуў на мяне.

- Калi табе так захацелася - пойдзем. А можа-б пагуляў яшчэ?

Я вычуў - бацька рады, што я йду з iм, i толькi для прычэльля гаворыць, каб я пагуляў яшчэ.

Цi гаварыла яму мацi пра ўчарашняе? Хiба што не: вочы яго не паказалi гэтага.

Касiць мы пайшлi бяз сьнеданьня. Сьнеданьне нам прынясе сястра пазьней. Цяпер яшчэ рана сьнедаць. Касцы не чакаюць на сьнеданьне ў хаце. Трэба сьпяшацца пакуль раса. Сонца прыпячэ - трава ня будзе рэзацца. Замудохаесься.

Вось мы й на лузе, на залiўным. Стаiць яшчэ туман - ня ўзьняўся. Iдзём расяная трава хвошча па нашых штанiнах - у Супырыцу, на ўчастак, дзе бацька касiў у суботу. Яму яшчэ брыгадзiр не замяраў скошанага, не падлiчыў сотак, казаў зробiць гэта ў панядзелак. Бацька кажа - можа выкасiў цэлы гэктар. На лузе яшчэ нiкога - мы першыя. Ня спынiў яшчэ свайго занятку i драч - дзярэ на ўсю сваю моц.

Бацька адмыслова праверыў маю касу, як яна насаджана, цi ў кругу яна цi вонках яго, цi правiльна сядзiць "пупок", ня нiзка i не завысока, прыгледзiўся да "банькi", як у ёй сядзяць клiнкi, - агледзеўшы ўсё, бацька пайшоў наперадзе, я за iм. Лажыўся пракос за пракосам. Пры заходзе бацька радзiў мне не забiраць шырока, як ён, - можна падарвацца. Але я хацеў, каб мой пракос быў ня вузейшым за бацькаў - я хацеў быць у касьбе на роўнi з iм. Касiлi з ахвотай, без пярэдыху. Пакуль найшло болей касцоў (ня ўсе калгасьнiкi ўстаюць цяпер рана), мы ўжо з бацькам звалiлi цэлую плаху. Пракосы, як валы, разьлеглiся роўнымi радамi на вялiкай - як вокам кiнуць - прасторы, збрытай цяпер, зваяванай.

Сястра прынесла нам сьнеданьне, калi сонца было ўжо высока ўзьняўшыся. Калi мы зьелi, сястра пасьпяшалася назад, дахаты, каб пасьпець на сваю працу. Мы-ж з бацькам зноў узялiся за сваё, шчыравалi да самага паўдня, калi ўжо немiласэрна пачало пячы сонца i трава стала цьвёрдай. Косы прытупiлiся, на iхным палатне прыстыла зялёная смага - цяжка соўкаць касой. Трэба кляпаць. Вастрыць. Патрэбны адпачынак.

Мы леглi ў цяньку пад вярбой. Стомлены, я хутка заснуў. Ня чуў нават, як бацька кляпаў, адбiваў косы. Калi я прачнуўся, косы былi ўжо наведзеныя i ўторкнутыя цаўём у зямлю. Бацька закурыў i ўпяршыню, як пачалi касiць, кiнуў на мяне вачыма - бачу хоча са мною загаварыць. "Пра што? Няўжо мацi сказала яму?" Не, бацька мой не такi - ён лiчыць мяне дарослым i пра такое глупства ня будзе гаварыць, ня будзе саромiць мяне. Мы - мужчыны. Пра што-ж тады?"

- Я ня ведаў, куды ты пайшоў учора пасьля сходу. Шукаў цябе - ты быў мне патрэбны. Кыла Сiльпо цябе ня было. Пайшоў быў назад дахаты, аж нагнаў мяне Даўгаль, фiнагент. П'яны. Дый кажа: пылнамочны з табой гаварыў. Дык што ён табе казаў? Нешта дрэннае? Чаму, казаў мне Даўгаль, табе трэба ўцякаць? Цi ты што зрабiў?

Я ўсё расказаў бацьку. Сказаў, што я нiчога не зрабiў. Сказаў, што iдучы да калгаснай канцылярыi (упаўнаважаны там хацеў старшыню пабачыць), прайшоўся з iм па ўсёй нашай вулiцы (бачыў, як у некаторых хатах кiдалiся ў вокны паглядзець, з кiм гэта я йду). Сказаў i пра тое, што ўпаўнаважаны пытаўся, дзе я жыву i што я паказаў яму нашу хату.

Бацька ўстрывожыўся, кiнуў навотмаш недакураную папяроску.

- Сын мой, дык гэта-ж ты на заметцы. Бачыш, ён кiнуў ужо сваё вока i на нашу хату. А для чаго? Можа ты нешта сказаў - тут цi там, у Менску? Цi напiсаў што дрэннае? Ня можа-ж быць, што-б так, з бухты-барахты. Кiнуў-бы ты сваю пiсанiну - згубiць яна цябе. Нашто табе пэцкацца?

У бацькi ад перажываньня перасмыкнулiся, скрывiлiся вусны. Я ведаю, што ў яго цяпер на душы. Ён бачыць, што ўсё ягонае прапала: нада мною навiсла бяда, ягоныя спадзяваньнi - пабачыць мяне. нарэшце, на нейкай службе правалiлiся. Бацька ўжо бачыў мяне сярод тых, хто вылез ужо наверх. Жыў ужо гэтым. Уяўляў, як людзi будуць хвалiць мяне, зайздросьцiць, як яму ад гэтага будзе прыемна. Маiмi посьпехамi бацька спадзяваўся некаму - невядома каму - адпомсьцiць: ага, ня толькi вы там, навярху, цяпер мы й самi там. I вось цяпер гэтай надзеi ўжо няма. "Яны там, на вярхох, нешта задумалi супраць мяне".

- Можа-б ты паехаў да цёткi ў Хабараўск? Можа-б уцалеў i за што-небудзь учапiўся-б там?

Каб як заспакоiць бацьку, я сказаў:

- Бацька, ня кiдайся гэтак у панiку. Я ня думаю, каб нешта са мною сталася. Трэба-ж мне дакончыць навуку. Вучыўся-вучыўся i цяпер кiдаць, уцякаць?

- Глядзi, каб цябе яны не дакончылi.

Прынесла сястра абед - касцом павага, яны ўстаюць на сьвiтаньнi, апаўднi iм трэба адпачыць, паляжаць, а то й прыснуць у цяньку, каб, падсiлкаваўшыся, зноў пайсьцi штурмам на бясконцую зялёную роўнядзь i да вечара, ужо пры халадку, збрыць яшчэ якога паўгэктара.

I мы ладна такi прасунулiся - дакасiлi да самай дальняй зьвiлiны ракi. Там абцерлi вехцем травы свае косы - на сёньня досыць. Прыйшоў i брыгадзiр замяраць. Цiкава, колькi мы скасiлi? Я заглядваю ў паперчыну, на якой робiць падлiчэньнi брыгадзiр. Бацька стаiць наводдалi. Ён спакойны: пры мне брыгадзiр не ашукае, ня скруцiць. Не аднiмiць ад цябе якую сотку i ня прыпiша яе каму-небудзь iншаму, хто яму больш даспадобы. Бацька заўсёды няпэўны: правiльна яму падлiчыў брыгадзiр, цi не.

Ужо шарэе. Iдзём дахаты. На дарогу да нас з усiх бакоў узыходзяць касцы грамадой рушым дахаты, у вёску, да якой ня менш як тры кiлямэтры. Каса ў мяне на плячы муляе, робiцца цяжкой. Рук ня чую, ногi - як не свае. Бацька ледзьве валачэцца. Я гатовы ўзяць на сваё плячо i ягоную касу, але ведаю - нв аддасьць. Калiсьцi, як я толькi пачынаў касiць, яшчэ вучыўся, бацька заўсёды, як вярталiся дахаты, нёс i маю касу - бачыў наколькi я стомлены. Цяпер я дужэйшы за бацьку i хацеў-бы паднесьцi бацькаву касу. Ды ён ня хоча паказацца перад людзьмi слабым.

Агапкiн бацька iдзе побач нас, здаравейшы за майго бацьку.

Мой бацька з iм не гаворыць, iдзе моўчкi.

- Ну што, каса - гэта табе ня кнiжка, - зачапляе мяне Агапкiн бацька. Хоць што я гавару, ты ў нас малайцом - аднолькава здольны i да кнiжкi, i да касы.

- I ты думаеш, гэта ўсё, на што ён здольны? - пачаў пад'яжджаць пад яго Рыжы Карпа, вядомы ў вёсцы сваiмi жартамi, войстрым слоўкам i нахабствам.

- Гэтага я ўжо ня ведаю, - нiбы абараняецца Агапкiн бацька.

- Вось тое яно i ёсьць, што ня ведаеш.

- Ну а што ты ведаеш, разумнiк такi? - знайшоўся што сказаць Агапкiн бацька.

Рыжы Карпа не чакаў такога адпору ад цiхманага чалавека, якiм быў Агапкiн бацька. Асекся i змоўк, а я сваiм парадкам абрадваўся, што Карпавы жарты не атрымалi далейшага разьвiцьця.

Мы ўжо з бацькам у хаце. Вячэра гатова - мацi прыйшла з поля сёньня раней i пасьпела ўжо нешта згатаваць. Я з мацi яшчэ ня сустракаўся вачыма. Яна запрашае нас за стол. Бацька запальвае лямпу, а я баюся сьвятла - зараз зiрнець на мяне мацi. Якiмi вачыма? Але мацi спакойна стаўляе на стол мiскi. Вочы апушчаныя - на мяне не глядзiць i ўжо гэтым самым было ўсё сказана. Я прыцiх. Не гаварыў. Перажываў i еў, як не сваiм ротам. Мацi бачыла гэта i ёй стала шкада мяне. Запыталася, цi я хацеў-бы яшчэ што зьесьцi. Я нiчога ня мог сказаць - яшчэ больш бянтэжыўся. Гэта было для мяне найбольшым пакараньнем пакараньне дабрынёй.

Прыбег, як на зло, Вяркееў. Запрашаць куды-небудзь пайсцi з iм. Але я нiкуды сёньня не пайду, скажу - стомлены. Я так i сказаў яму. Ён - вiдаць было - зьлёгку пакрыўдзiўся, але стрымаўся, не паказаў гэтага. Я быў упэўнены, што ён пойдзе да Акулiны. Балазе ўжо коўтнуў - дыхаў сьпiртам. П'яным ён заўжды iдзе да яе.

Доўга не затрымлiваючыся, Вяркееў выйшаў. Бацька зiрнуў на мяне - хiба не ўхваляў, што я абыйшоўся так з настаўнiкам.

- Правёў-бы. Можа што сказаў-бы табе. Нюхаецца-ж з старшынёй i ад яго ён мог што дазнацца аб табе.

- Iншым разам запытаюся, - адказаў я бацьку.

Мацi сказала, што яна ўжо паслала мне пасьцель - канешне, яна ўхваляе маю пастанову нiкуды ня йсьцi сягоньня. Напрацаваўся-ж, трэба адпачыць. А заўтра-ж зноў на працу.

Я лёг, i ў цiшынi, якая запанавала ў хаце, чуў кожны шорах, плынь самой цiшынi, чуў нават дыханьне каровы ў хляве за сьяною. Ад гэтай цiшынi я ня мог заснуць. Стомленасьць аднак няўпрыкмець адыйшла, адчуў у сабе лёгкасьць, зараiлiся думы i гэта ўсё падняло мяне з пасьцелi. Я выйшаў з сянец, i, не баючыся сустрэцца з кiм-небудзь, пайшоў на мост, проста так, каб на ўсе грудзi ўдыхнуць водар ночы, упiцца зорнасьцяй неба, адчуць, шырыню, размах прасторы, цёплы ўздых зямлi, нагрэтай за дзень. Я адчуў у сабе прыток сiлы, вырастаў, гатовы на нейкi нязвычайны ўчынак.

Няхай яркнуць зоры, няхай вечар

прыпынюся, стану на рагу.

Прычакаю радаснай сустрэчы,

цёплую усьмешку зьберагу.

Як сяброў сваiх, вясёлы вечар

сабiрае хлопцаў на лагу

i сузор'i радасную стрэчу

ў залатых суценях берагуць.

Цэлы дзень ты ў полi жыта жала,

я касiў траву з густой расой.

Майго смутку гостранае джала

адкляпанай рэзаў я касой.

А цяпер от вечар. Ты са мною.

Мо сумуеш? Хочаш - запяю:

"Б'е ключом крынiца пад гарою"

песеньку ўлюбёную тваю.

Няхай яркнуць зоры, няхай вечар

прыпынюся, стану на рагу.

Прычакаю радаснай сустрэчы,

цёплую усьмешку зьберагу.

Глупства гэты верш. Яе са мной няма. Яна толькi ў маiм уяўленьнi. Учора на гэтым мосьце на разьвiтаньне са мной яна падала мне руку i - я чуў - яна выразна затрымала сваю руку ў маёй. Яна хацела быць толькi са мной? Але з ёй былi брат i Эма. Хоць - можа ўсё гэта я выдумляю. Хутчэй за ўсё, што так. Гэта мая выдумка. Але што-ж, выдумка - гэта таксама праўда. Яна цяпер сьпiць. Усе сьпяць. Толькi я ня сплю. Але i мне пара спаць. Дый робiцца зябка, ноч зорна-халодная. Я сыходжу з моста. Зыйшоўшы, глянуў унiз, пад мост - цi ня ловiць Пiлiпаў кот рыбу?

Дусiн бацька любiць апавядаць пра нешта нязвычайнае, як хоць-бы пра гэтага самага ката, любiць выдумляць пра нешта мала падобнае на рэальнасьць, хоча зьдзiвiць свайго слухача гэтай нязвычайнасьцяй, для яго няважна - верыць яму хто, цi не, яму падабаецца само мастацтва прыгожай хлусьнi, хоць тое, пра што ён апавядае, ён анiяк ня лiчыць хлусьнёй. На яго глядзяць найменей як на дзiвака, каб не сказаць - як на чалавека, у якога не хапае ў галаве аднэй клёпкi. Нельга сказаць, аднак, каб яго не паважалi. Наадварот, калi яго няма ў грамадзе, без яго сумна. Прыходзiць ён, яму адводзяць самае пачэснае месца. Але ёсць людзi, што лiчаць яго разумным чалавекам, якi бачыць усiх i ўсё наскрозь, толькi прыкiдваецца дзiваком, каб можна было сьмяцца ў душы над намi. Ён нiколi ня злуецца i ня лаецца, i дзеля гэтага яго падганяюць пад сьвятога. Усе ягоныя асаблiвасьцi i якасьцi пераносяць чамусьцi i на ягоных дзяцей, нават на жонку. От нейкая асаблiвая сям'я, з адхiленьнем ад нармальнага. Што робiць ягоную сям'ю ў вачох iншых усё-ж цiкавай, па свойму адметнай i ўрэшце добрай - гэта прыгажосьць, якой гэтая сям'я надзелена. Дуся была зайздросным водпрыскам гэтай прыгажосьцi. Але кажуць прыгажосьць, звычайна, надзелена i такой якасьцяй, як глупота. Прыгажосьць i глупота добра суiснуюць мiжсобку.

Назад Дальше