I той дзень надыйшоў (на белорусском языке) - Масей Седнев 6 стр.


Вяркееў, як я ўвайшоў у хату, хутка вылез з-за стала, прывiтаўся са мною за руку, сказаў, што, уласна, ён заходзiў да мяне i, не застаўшы, "разгаварыўся во з Лявонавiчам".

- Правядзеш мяне?

Мы выйшлi.

- Шкада мне твайго бацькi. Гэта ты яго гэтак напужаў? Ён бачыць цябе ўжо ў няшчасьцi. Страшэнна перажывае. Чаго ён так? Табой цiкавiўся ўпаўнаважаны, ну дык i што з гэтага? Мала ён кiм цiкавiцца? Я, нажаль, ня бачыўся з iм. Дазнаўся пра ягоную гутарку з табой ад старшынi, але не надаў гэтаму нiякага значэньня. Пацiкаўлюся. Запытаюся. I ты сам ня вешай носу. Лепш во зойдзем куды.

Я ня выказаў нiякага свайго дачыненьня да сказанага Вяркеевым, сказаў яму толькi, што надта стомлены, хачу спаць. Давёў яго да школы. Разьвiтаўся. Але бачу па iм, што на сваю кватэру ён ня пойдзе.

Рэшту гэтага тыдня я касiў з брыгадаю, зарабляў бацьку працаднi. Увечары нiкуды не хаджу. Увечары чытаю ў ложку, што ў сенцах, "Милый друг" Мапасана, "Чырвонае i чорнае" Стэндаля. Гэтыя кнiгi распальваюць маё выабражэньне, узбуджаюць мяне i я нiяк не магу заснуць. А ранiцою мацi нiяк ня можа мяне дабудзiцца.

Надыходзiла нядзеля - дзень Ягоравага вясельля. Ня ведаю, чаму я чакаю гэтага дня з нецярпеньнем, хоць i не рыхтуюся да яго: касьцюм, кашуля, гальштук у мяне ёсьць i што яшчэ болей. Спраўляе клопат вясельле сястры, мы-ж з ёю iдзём на яго: не хапае то таго, то другога, няма дзе i няма за што купiць патрэбнае для такой урачыстасьцi.

Вясельле пачнецца ў нядзелю апаўднi. Гасьцей будзе шмат. У Пiлiпавай хаце ўсе ня зьмесьцяцца. Добра калi паслужыць пагода. Можна будзе й на вулiцы паставiць сталы.

Пiлiпава хата стаiць над рэчкаю, насупраць нашай. Наша на адным баку рэчкi, Пiлiпава - на другiм. Як тая, так i другая - на ўзгорках i адлегласьць памiж iмi невялiкая. Калi ня йсьцi праз мост, а наўпрасткi, праз рэчку, дык тую адлегласьць можна пакрыць за хвiлiну - сiгануў, i ты ўжо на тым баку. Як я хадзiў з Ягорам у нашу пачатковую школу, дык iдучы да яго, каб разам iсьцi з iм, я нiколi ня йшоў праз мост, толькi праз рэчку. Рэчка была на месцы пераходу вузенькай i плыткай, i я лёгка перабягаў яе па бервяну, што было пакладзена праз яе. Зiмою-ж рэчка замярзала, дык было яшчэ лацьвей. З нашага вакна, што на рэчку, можна бачыць два вакны ў Пiлiпавай хаце. Я заўсёды люблю глядзець на iх, калi заходзiць сонца. Тады вокны гараць, ахопленыя полымем.

Рэчка памiж нашымi хатамi густа парасла вербалозам i дзецi, заседзеўшыся за зiму ў хаце, гуляюць тут вясною ў хованкi. Тут ёсьць вельмi ўтульныя, зарослыя травой, мясьцiны. На iх можна паляжаць, загарэць на сонцы.

З вакна бачу, як да Пiлiпа iдуць госьцi. Пасьвяточнаму ўбраныя - маладыя i старэйшыя. Нешта нясуць з сабою. Валяць як на кiрмаш. Але я знарок не сьпяшаюся, хоць мяне й цягне туды. Ды й сястра яшчэ не гатовая, усё прыстройвае - i ўсё ня можа - перад люстэркам прычоску.

Адазваўся гармонiк у Пiлiпавай хаце, вясёлае рэха пакацiлася па рэчцы значыць, прыйшлi скамарохi. Ударылi ў бубен i маё сэрца скалынулася ў салодкай трывозе.

Нарэшце, мы выбралiся з сястрой. Iдзём праз мост, сястра баiцца запылiць бацiнкi, ступае асьцярожна. Яна малая, прыгожая, стройная, з кветкамi ў руках. Iдзе як-бы ў царкву, сьцiплая, прыўзьнята-засяроджаная. Мне чамусьцi шкада яе. Шкада, што яна такая прыгожая i добрая. Я хацеў-бы, каб гэта было ейнае вясельле. Але мая сястра ня хоча выходзiць за абы каго. Сваталiся ўжо - не захацела, не пайшла. I ў першы раз, i ў другi.

Перад Пiлiпавай хатай чыста падмецена вулiца - тут, думаю, будуць танцаваць. Вынесены стол з двума крэсламi побач. Дзень - як таго хацелася: сонечны. Сонца ўжо на самай сваёй вышынi.

Уваходзiм у хату. Хiма адразу перахапiла нас, вядзе да стала на покуце. Сястра, паставiўшы кветкi на стол i прывiтаўшыся з Эмай i Ягорам, адыходзiць на дзявочую старану. Я саджуся за стол, як хацела Хiма - побач Ягора. З другога боку, побач мяне будзе сядзець - яго яшчэ няма - старшыня сельсавету. Гэта мне ня вельмi падабаецца. Ня вiдаць яшчэ i Вяркеева. Але ён казаў будзе. За сталом таксама фiнагент i капэратар, Ягорава радня - старыя i маладыя, мужчыны i жанчыны, незнаёмая для мяне маладая пара - усяго ўцiснулася тут чалавек пятнаццаць. Да стала прыстаўленыя, апрача крэслаў, услончыкi, розныя скрынкi. Шмат чаго з гэтага было прынесена гасьцьмi. Паўз сьцен стаялi яшчэ сталы. Пасярэдзiне-ж хаты стаяў даўжэзны стол, густа заселены i застаўлены бутэлькамi. З правага боку ад стала, што на покуце, сядзелi скамарохi з гармоняй, скрыпкай i бубнам.

Пiлiп хадзiў ад стала да стала, прывiтваў гасьцей, глядзеў, каму чаго не хапае, дапамагаў жонцы. Той ня было супыну - падавала на стол ежу, талеркi, нажы, вiдэльцы, прыймала гасьцей, што ўсё яшчэ напаўнялi i так ужо перапоўненую хату. Госьцi яшчэ ўстрымлiвалiся есьцi i пiць, гаманiлi, жартавалi, сьмяялiся, чакалi пакуль нехта павядзе рэй, падасьць каманду, але каманды той усё ня было, гаспадары былi паглынутыя сваiм жаданьнем дагадзiць гасьцям нагэтулькi, што забылiся знайсьцi распарадчыка, якi мог-бы весьцi вясельле, калi i не па старому звычаю, дык хоць надаваў-бы яму нейкi лад i зладжанасьць. Госьцi аглядвалiся, цi ня ўзьнiмецца хто на покуцi - пара-ж пачынаць. Маладыя пачувалiся няёмка, на iх была зьвернутая ўся ўвага. Нарэшце, вярнуўся да свайго стала на покуце Пiлiп, узяў напоўненую шклянку i, узьняўшы яе, акiнуў вачыма гасьцей. Тыя, угледзеўшы яго, сьцiхлi. Пiлiп пачаў:

- Ета я хачу сказаць, дарагiя госьцiчкi, што мы ета рады, што вы не пагрэбвалi намi i прышлi. Не абяссудзьце, калi што ня так. Дык ета пажылаем нашым маладым, - Хiма падыйдзi й ты! - нашым дзецям сыгласнай i шчаслiвый сумесный жысьцi. Прашу ета ўсiх дружна выпiць за ета.

Хiма, стоячы побач мужа, дадала, хрысьцячыся на iконы ў покуце:

- Памажы iм, Божанька...

Яна нешта яшчэ шаптала, як малiтву. Госьцi весела i дружна, з пажаданьнямi шчасьця маладым, хто ўзьняўшыся, хто седзячы, радыя, што, нарэшце, быў дадзены ход справе, выпiлi за маладых, крыкнулi "Горка!" Ды Эма неяк упарцiлася, ня надта ахвотна цалавалася з Ягорам, калi той першым падстаўляў вусны.

- Што ета яна? - не пасаромiўся нехта выгукнуць. - Гарманiст, давай, братка!

Скамарохi адказалi дружнай, залiхвацкай музыкай. Пачалiся частыя тосты. Не разабраць, хто што гаворыць. Тлумна. Весела.

На парозе паказаўся старшыня сельсавету з Вяркеевым. Хiма, падляцеўшы да iх, павяла ўвайшоўшых да стала на покуце. Старшыня, iдучы, вiтаўся з усiмi, матляючы галавой направа i налева. Вяркееў iшоў сьледам за iм. Старшыня ўсеўся ля мяне, ня прывiтаўшыся са мною. Я ня надта рады быў ягонаму суседству. Вяркееву ня было месца, але бабы, ап'янеўшыя ўжо, уцiснулi яго мiж сабой.

Старшынi ўлiлi ў шклянку i ён - нi з бухты-барахты, - узьняўшыся, нацэлiўся гаварыць прамову. Госьцi прыцiхлi - будзе-ж гаварыць старшыня. I старшыня пачаў:

- Спiрва пыспасiбкаю ета Пiлiпу i Хiме, што й мяне нi прамiнулi. Быльшая чэсьць для мяне быць тут. Стыршыню нi любяць, но прiглашаюць (на хаце зарагаталi). Ета я знаю. Но Пiлiп чылавек наш, хырошый чалавек, пыддзержываець савецкую ўласьць на ўсiх яе крутых пываротах. Пiлiп первый пашоў у калгас, аддаў увесь свой скот. Нi шэпчыцца па завугольлю. Пiлiп савецкiй, хрiсцiянскiй чылавек. Пiлiп сямейсьцьвенный чылавек. Я ўжо не гаварю пра Хiму. Таварiшчы, Хiма залатэй чылавек - яны выгыдавалi дзяцей. Дык вып'ем ета за харошых бацькоў - Пiлiпа i Хiму.

Старшыня, асушыўшы, стукнуў дном парожняй шклянкi аб стол - паставiў.

- Таварiшчы, цяперь ета хачу прыздравiць нашых маладых. Харошая пара. Красiвая пара! Можна сказаць, смычка дзяреўнi з горадам (сьмех). Смычка крiсьцьянства з прылiтарiятам! Маладзец. Ягор! Нi павёў сваю к папу. Прывёў к нам, у сiльсавет, зарыгiстравацца. Так ета i нада! Пасавецкаму. А што-ж там! Ат чыстага серца ета прыздраўляю вас, Ягор i Эма, жылаю вам харошэй, шчасьлiвый, мiрный жысьцi (што-б нi бiлiся!). Любiце адзiн аднаго, дзяцей ныжывайце i нас нi забывайце. Вып'ем ета, пакуль яны не пайшлi ў клець, за маладажонаў!

Узьняўшы налiтую ўжо для яго шклянку, старшыня дыхам асушыў яе i высока ўзьнятай, ударыў ёю аб падлогу, - эфэкт быў поўны. Старшыня сеў i, заядаючы, зьвярнуўся да мяне:

- Ну, а ты чаго сядзiш куцьцёй - нi бэ, нi мэ? Тост быў, а ты й нi пiў? Не, так, таварiшч пiсацель, ня пойдзiць! Якей-жа ты пiсацiль, калi ня п'еш? Пiсацiлi п'юць. На тое-ж яны й пiсацiлi.

Налiў сабе i, ня пытаючыся, падлiў мне. Падагрэты, пад ягонай прынукай, я выпiў да дна поўную шклянку "пшанiчнай". (Гэтую гарэлку прынёс - некалькi бутэлек - капэратар.) Чую, як заклала вушы, цёплы струмень пайшоў па жылах, аж да самых пят. Да мяне даходзiць - як на вялiкай адлегласьцi - прыглушаны гуд на хаце i ўдар бубну. Мне лёгка, радасна, я ўжо не саромлюся, я ўжо не "куцьця", я ўжо нiчога не баюся. Я - п'яны. Я хачу гаварыць, але не з старшынёй, у маiм п'яным мазгу нядрэмны кантралёр падказвае мне не гаварыць з iм, высьцерагацца яго. Балазе ён ушчаў гаворку з Ягоравай цёткай, што сядзела насупраць яго. Эма падсоўвае мне талерку, каб я закусваў, але гэтага я добра ня ўспрымаю, дакрануся толькi да ежы i забываю - ня ем. Я хачу гаварыць, гаварыць, гаварыць. Мне сьмешна й добра. Бубен ня сьцiхае - б'е. Пэўна, я ўсё-ткi п'яны. Хачу вылезьцi з-за стала - мне дрэнна. Эма падае мне руку памагае вылезьцi. Гаворыць, якая ў мяне цёплая, далiкатная рука, у Ягора шурпатая, Ягор - ФЗУ. Хоча са мной танцаваць, а я ледзьве стаю на нагах. Нехта гаворыць: "Набраўся ўжо", "Зялёны яшчэ". А што мне тое, пра што яны гавораць. Няхай гавораць! Пашлi яны к чорту!

Ягор бярэ мяне ў ахапак, чую ягоныя "шурпатыя рукi". Хоча вынесьцi мяне ў сенцы, на прахалоду. Скулу! Не панясеш! Адштурхнуў яго. Набегла Хiма: "Штой-та вы, даражэнькiя?" Дае мне выпiць расолу. Я не бяру. Нашто мне расол? Я ўжо не п'яны. Iду к сталу на сваё месца. Налiваю сабе гарэлкi.

- Во цяперь ты пiсацiль, - узьнiмае сваю шклянку старшыня сельсавету. Хоча са мною чокнуцца, а я ўжо выпiў. Не хачу чокацца з iм. Эма дражнiць Ягора: кормiць мяне. I цяпер я слухаю яе - ем. Але - не! Я не хачу дражнiць Ягора! Мне не патрэбная ягоная Эма! Мне добра самому. Я хачу паказаць, што я не "зялёны", што я не "набраўся" - магу выпiць яшчэ болей. Налiваю сабе. П'ю. Слухаю Эму - ем. У мяне вялiкi апэтыт. П'ю i закусваю. Гарэлка мяне не бярэ. Магу танцаваць. Запрашаю Эму, але яе перахоплiвае Ягор. Стаю ў нерашучасьцi. Да мяне падбягае з кругу, пакiнуўшы сваю сяброўку, адна маладзiца, валачэ мяне, п'яная, танцаваць, i я пайшоў. Я танцую ня толькi з ёю - жартуючы, мяне адбiраюць ад яе, галоднай, iншыя - у крузе амаль што адны жанчыны. Мужчыны сядзяць за сталом - п'юць, гамоняць, сьпяваюць. Бабы, як ачмурэлыя, трэпяцца шмоцьцем у танцы, цiснуцца, цалуюцца, абнiмаюць адна адную. Адкуль у iх такая сiла? Скончыцца танец - цягнуць мяне за стол, даюць мне пiць, п'юць самi, падносяць мне закуску на кончыку нажа. Цягнуць зноў у танец. I мне добра з iмi. I сораму няма ў мяне. Танцую. Абнiмаюся. А што-ж там? Я - п'яны. Аж бачу - ля загнету стаiць з сваiмi таварышкамi Дуся. Глядзiць! Яна ўсё бачыла! Калi яна прыйшла? Адкуль? Як я ня ўгледзеў яе? Спрабую ўсьмiхнуцца ёй, хачу загаварыць, але мая няўрымсьлiвая маладзiца, абхапiўшы мяне двума рукамi на поясе i адкiнуўшы назад сваю галаву, кружыць мяне нясьцiханна, не адпушчае. Я зьбянтэжаны. Ня ведаю, што рабiць... Калi мы, кружымся, праходзiм па кругу паўз Дусi, яна адварочваецца, загаворвае з сваiмi таварышкамi. Косы ў яе iльсьняцца, бровы ўзьнятыя, пагляд кiдкi, строгi. У новым сьвяточным адзеньнi, яна нявымоўна прыгожая. Скончыўся танец, я вырываюся з рук мае маладзiцы, падыходжу да Дусi, а яна з сваiмi таварышкамi - за парог, на вулiцу! Там поўна моладзi - хлопцаў i дзяўчат. Танцуюць. Скамарохi сядзяць на лаўцы ў хаце памiж адчыненымi вокнамi i iхная музыка чутная як у хаце, гэтак i на вулiцы. Я хачу таксама iсьцi на вулiцу - мне душна. Але мая маладзiца ўчапiлася за мяне не на жарт.

- Ты ня хочаш мяне?

Цягне да стала. Цалуе. Бачу - вылазяць з-за стала старшыня i Вяркееў. Iдуць да выхаду паўз мяне. Мяне не зачапляюць. Чорт з iмi - няхай iдуць! Саджуся з маёй маладзiцай за ейны стол. Маё месца на покуце даўно страчана. Там сядзяць яшчэ фiнагент i капэратар. Яны не танцуюць - п'юць. Да iх прысеў i сам гаспадар. Хiма-ж усё глядзiць за гасьцьмi, ходзiць ля сталоў, выяўна мной не задаволеная - на мяне не глядзiць, як-бы не прыкмячае. Ёй, вiдаць, не падабаецца, што я сяджу з малодкай, танцую з ёй, дазваляю, каб мяне цалавалi. Мусiць яшчэ й таму, што не сяджу з Ягорам, не знаходжу з iм, колiшнiм таварышам, гаворкi.

У хаце духата. Цяснота. Хатай апанавалi жанчыны. Ап'янеўшыя, яны ўдарылiся ў танцы, але з мужчын мала хто з iмi танцуе i бальшыня з iх, абняўшыся, танцуюць самi з сабой. Нас такiх, як я, толькi некалькi. Бабы замучылi i скамарохаў - iм грай i грай бесьперастанку.

I скамарохi выйшлi з хаты граць на вулiцу. Сонца ўжо нiзка - не пячэ. На вулiцы правеўней, больш прастору. Але жанчыны на вулiцу ня йдуць - iм у хаце ўтульней, зацiшней, да таго-ж у цясноце мала хто бачыць, што яны вытвараюць. Апроч таго, яны саромяцца дзяўчат - усё-ж яны бабы, а ня дзеўкi i на вулiцы ў iх меней шанцаў падчапiць хлапца.

Ад сваёй маладзiцы я ўсё-ткi адкараскаўся - пайшоў танцаваць з дзяўчатамi на вулiцу. Перад тым як выйсьцi, выпiў для храбрасьцi: iдзеш-жа на вулiцу, на сьвятло дзённае, там ты на воку ў людзей. Ня тое, што ў хаце, сярод п'яных, у клуме i ў паўзмроку. Вось каб нi на што не зважаць i выпiў.

На вулiцы, пад самай хатай, поўна народу. Пераважна моладзь. На вясельле яна прыходзiць незапрошанай. Вясельле маладых, значыць i яны тут. У iх таксама некалi будзе вясельле.

Дзяўчаты стаяць на адным, хлопцы на другiм баку. Так ужо заведзена. Скамарохi - за сталом. Сярод дзяўчат бачу сястру i Дусю з таварышкамi. Сястра, угледзеўшы, падыходзiць да мяне:

- Цi ета ты здурнеў - ты-ж п'яны! Асаромiшся!

- Нiчога, сястрыца, я ў парадку.

Стаю. Разглядаюся. Пачаўся танец. Граюць падыспань. Я не пайду запрашаць. Падыспань не танцую. Яшчэ многа дзяўчат незапрошаных - стаяць у чаканьнi кавалераў. Я ня люблю гэтага слова - кавалер. Я не кавалер i ня ўмею быць кавалерам. Пайшлi яны к чорту ўсе кавалеры! Мы - хлопцы.

Эма выйшла з хаты i, адшукаўшы вачыма Дусю, запрашае яе танцаваць. Тая, бачу, не пагаджаецца. Але Эма цягне яе за абедзьве рукi ў круг, прыпяваючы:

Ай, падыспанец

харошанькiй танец.

Дуся, нясьмелая, выходзiць. Напачатку ў яе ня ладзiцца. Ды хутка яна пачынае патрапляць, i я, гледзячы на яе, зайздрошчу ейнаму ўменьню, ейным зграбным рухам. Эму, падыйшоўшы, зьмянiў Ягор, але танцаваў з сястрычкай няўдала - ня ўмеў. Я ўжо, прыгледзеўшыся, мог-бы хiба ляпей за яго. Iду падмянiць Ягора. Той уступае мне сястрычку, а яна - наўцёкi ад мяне...

Вясельле вiруе, ня спыняецца. Наадварот - у прадчуваньнi свайго канца набывае яшчэ большую сiлу. Пачалi танцаваць i тыя, што не танцавалi, саромiлiся. Цяпер, калi ўжо пашарэла, пачаў узьнiмацца ў нiзiне, над рэчкай, туман, папоўз на вулiцу i ахутаў неўзаметку Пiлiпаву хату. Налезла ў круг гэтулькi, што не разьбярэш, хто з кiм танцуе. Нясьмелыя, у сутунках яны сталi сьмелыя, акрыленыя, яны аказалiся найлепшымi танцорамi. У iх абудзiлася нязвычайная здольнасьць у заляцаньнi. Гэта настала iхная пара. Дзе падзелася iхная сьцiпласьць?

Музыкантаў пояць, кормяць, цалуюць, каб яны гралi задзiрасьцей i ня думалi канчаць. Ходзiць ходарам хата - там таксама ня сьцiхае бабскае вясельле. Зрэшты, у iх там свая, бабская капэля. Яны, здурэўшы, граюць самi сабе - на качулках, на талерках, на сваiх вуснах, на ўсiм, што пападзе iм пад рукi. Нехта з мужчын - трэба-ж, каб быў i бубен! - пярыць лыжкай у заслонку.

Нутро маё, спаленае гарэлкай, просiць пiць - сапраўды, я перабраў: глытаю i не наглытаюся вады - цёплая, i я нiяк не магу спатолiць свае смагi. Смага. Смага. Смага. Я ня ведаю, чым яе патушыць. Я сёньня надзвычайны. Я нiколi яшчэ ня быў такiм. Я п'яны i ня толькi ад гарэлкi. Мне падабаецца, што я п'яны. Мне гэтак хораша, быццам я толькi цяпер нарадзiўся. Я радуюся, што да мяне прыйшоў посьпех. Мне здаецца, што я ўсё магу, што мне ўсё даступна. Ад усьведамленьня гэтага я здаюся самому сабе куды важнейшым, чымся я ёсьць на самай справе.

Але хто гэта бярэ мяне ззаду за плечы, дыхае на мяне, абдае валасамi, абнiмае, шэпча, тулiцца? Маладзiца? Я хапаюся за яе, iду з ёю. За ёю. Некуды ўнiз. Да рэчкi. Далей i далей. Займае дух. Яна то йдзе, то прысядае. Яе забiрае нясьцерп. У жарсьцi прылiпае да мяне. Не можа йсьцi, гатовая павалiцца, як ачмурэлая. А трава - дываном. I мы ў траве...

З вулiцы дайшоў да слыху бубен. I, узьняўшыся, сьпяшаюся назад, да грамады, а мне наперарэз постаць у белым - Дуся! Яшчэ не ачомаўся, як яна, скочыўшы, павiсла мне на шыi. Як малую, у страху i радасьцi прытуляю яе. Яна калоцiцца, як ад холаду. Хачу спусьцiць яе з рук, а яна яшчэ больш прыклейваецца.

- Нясi мяне. Мне добра ў цябе. Я хачу, каб ты нёс мяне i нёс. Мне добра, калi ты мяне нясеш.

I я нёс яе, як падарунак, як найбольшы здабытак. I мне было, як нiколi добра, i ў мяне адпала засмучэньне, i душа мая ачышчалася ад грэху.

Перад ейнаю хатаю яна зьлезла з маiх рук.

На вулiцы, за хатаю, яшчэ бiлi ў бубен, але зморана i глуха - як у бочку.

Мы ўвайшлi ў хату. Гасьцей ужо ня было. Толькi свае.

- Дзе ета вы так былi? От добранька, што прыйшлi, - ласкава сустрэла нас Дусiна мацi. - Пасядзiм. Пагаворым спакойна. А ўбiраць ужо будзем заўтра.

Прыглядаючыся да Дусi:

- Чаго ета ты такая смутная? Масеевiч, прысядзь за стол. Можа яшчэ захочаш выпiць цi зьесьцi. I ты таксама, Дуся.

За сталом сядзелi Пiлiп i Ягор з Эмаю. Яны заўтра ад'яжджаюць. Сьпяшаюцца на працу. На станцыю iх адвязе Пiлiп. Я пагадзiўся сесьцi за стол дзеля ветлiвасьцi. Гавару з Ягорам, распытваю яго пра ягоныя пляны, калi ён зноў будзе ў Мокрым, можа напiсаў-бы калi, а ў самога ў мяне на душы зусiм iншае я чую побач Дусю, маўклiвую, задуменную. Мне здаецца, што яна ня слухае, што я гавару - думае пра сваё. Гэта мучыць мяне, хоць ведаю, што зачапiць яна мяне цяпер ня можа.

Мне лепей-бы пайсьцi цяпер ад iх. Я хачу цяпер быць сам з сабою. Выказваю яшчэ раз мае найлепшыя пажаданьнi Ягору i Эме. Гавару Ягору, што мне было прыемна сустрэцца з iм пасьля столькiх год, пазнаёмiцца з ягонай абраньнiцай. Дзякую гаспадаром за гасьцiннасьць. Зьбiраюся выходзiць, толькi ня ведаю, як разьвiтацца з Дусяй. Стаю ля парогу. Маруджу. Яна застаецца сядзець за сталом.

- Дуся, ты не пачцiвая. Хоць-бы разьвiталася з Масеевiчам.

- Мамачка, я ўжо разьвiталася.

Падыйшла да мяне i - з выглядам быццам гэта загадала ёй мацi - падала мне руку. Я ўзяў яе ў абедзьве свае, глянуўшы ёй у вочы. Яна зьлёгку ўсьмiхнулася, не забiраючы ад мяне свае рукi. Запыталася:

Назад Дальше