На свой вагон мы ўрачыста пачапiлi лозунг-плагiят з белаярскае зоны пра "честный труд - дорогу к дому".
Дарога дадому выпала галодная, бо цягнiк падоўгу стаяў сярод дзiкай тайгi, а станцыi, дзе згаладнелыя байцы маглi нечага прыкупiць, мiнаў на кур'ерскай хуткасцi. Для Новасiбiрска зрабiлi выключэнне, i прывакзальны пляц стаўся сведкам вiдовiшча, як дзве кроплi вады падобнага да прыступу Зiмовага палаца з рэвалюцыйных фiльмаў: байцы ў зеленкаватай будатрадаўскай форме з разгону караскалiся на высокую прывакзальную браму, збiвалi з яе замок i, не раўнуючы, як экспрапрыятары, ламалiся з пустымi пляцакамi ў магазiны. Эшалону як найхутчэй далi зялёнае святло, i цэлы ўзвод байцоў з напакаванымi заплечнiкамi ўбачыў ад свайго цягнiка толькi зялёны хвост.
Пасля Новасiбiрска сэрца ў чыгуначнага начальства адпусцiлася, i мы ўжо спынялiся на невялiкiх станцыях, дзе да вагонаў кiдалiся зграi гандлярак. Любы прадукт - тры разварыстыя бульбiны з салёным агурком, нядошлая таранка-сухарэбрыца, пачак леташняга пячэння - каштаваў рубель.
Гэткую агорклую аднастайнасць парушыла з'яўленне тавару больш дарагога.
Тавар звалi Кацюшай.
Даўно выжлукцiўшы падазрона празрыстае новасiбiрскае пiва, мы журботна шукалi нейкую адпаведнасць свайму настрою ў восеньскiх прыўральскiх краявiдах, як у купэ лiтаральна ўварвалася крамяная кiрпатая маладзёнка. У руках у яе быў кошык з вафлямi, на шчоках гарэлi ружы, а голас звiнеў, як хор вясновых сiнiцаў: "Приветик, мальчики мои, бедненькие, голодненькие, трезвенькие... Ну че приуныли? По червончику, и я - ваша. Думайте, мальчики, думайте, другие уже надумали". Яна ўзмахнула пышнай хiмiчнаю фрызурай, i праз хвiлю яе скорагаворка ўжо данеслася да нас з суседняга купэ.
Не трэба падазраваць нас у сквапнасцi або ў занадта высокай маральнасцi. Тым не менш нашае купэ ад спакуслiвай прапановы дружна (калi не браць пад увагу пакутлiвыя ваганнi Чарнiловiча) адмовiлася. Мабыць, намi кiравала iнтуiцыя.
Пералiчыўшы сумленна заробленыя чырвончыкi, Кацюша пакiнула эшалон ужо далёка за Ўралам. Байцы з трох вагонаў тройчы пракрычалi ёй "гiп-гiп-ура!" i асамотнена разбрылiся дзялiцца ўспамiнамi пра алькоўныя выкрунтасы сiбiрскае гетэры ды пра свае мужчынскiя здабыткi. Подзвiгi байцоў трох менскiх будатрадаў выглядалi гэткiмi маштабнымi, што на iх здзяйсненне не хапiла б i дзесяцi Кацюшаў. Мiхася Чарнiловiча такiя размовы вiдочна нервавалi, i ён пачынаў на нас непрыхiльна касавурыцца.
На занядбаных абшарах расейскага нечарназем'я волаты чыгуначнага сексу быццам па камандзе замаркоцiлiся, i па вагонах прашасцела хвастом лёгкая панiка...
Цяпер Чарнiловiч пеўнем хадзiў па чужых купэ i, зларадна малюючы пакутнiкам усялякiя жахi, бескарыслiва прапаноўваў свае медычныя кансультацыi.
Ва ўсеагульным няшчасцi адразу ж захлынулася прага помсты нашаму таварышу Юру Асiноўскаму, што апанавала была вагон памiж уральскiх адгор'яў.
Недзе на мяжы Эўропы з Азiяй цiхмяны баец Юра са спалатнелым тварам выйшаў з купэ i дрогкiм голасам папрасiў склiкаць атрадны сход, дзе мы даведалiся, што ў Асiноўскага прапалi з валiзы ўсе чыста грошы. Бязрадасную навiну аздаблялi звесткi пра хворых бацькоў, не вельмi здаровую малодшую сястрычку i хворую на якуюсьцi складаную хваробу кароўку. Да пералiку чужых хваробаў бядак сарамяжлiва дадаў кранальную падрабязнасць: ад празмерных перажыванняў у яго сапсаваўся страўнiк i разгулялася крывавая мытуха.
Найбольшую шкадобу выклiкалi не сам Юра i не ягоныя хворыя - рэч звычайная - сваякi, а якраз гарапашная кароўка, што чакае не дачакаецца запрацаваных крывавым мазалём будатрадаўскiх рублёў.
Калi ў часе галасавання пра збор грошай, дзве рукi нерашуча "ўстрымалiся", сход закiпеў высакародным абурэннем. У вынiку Юра атрымаў на тры сотнi болей за iншых байцоў i ягоны малады паарлелы арганiзм хутка перамог мытуху.
Як нi горка зноў i зноў расчароўвацца ў людзях самому i расчароўваць астатнiх, аднак праўда вымагае, каб яе палыновы келiх выпiвалi да дна. Цiхi баец Юра "гнаў карцiнку". Двое хлапцоў, тыя самыя, што на сходзе адмовiлiся галасаваць "за", не толькi ехалi з Юрам у адным купэ, але i пражылi з iм год у адным пакоi, а таму мелi больш дадзеных для аналiзу сiтуацыi. Адзiн баец да непрытомнасцi напаiў акрыялага таварыша, а другi ўчынiў татальны ператрус Юраваму багажу, знайшоўшы "ўкрадзеныя" грошы на дне валiзы ў вопраднi з некалькi параў нямытых смярдзючых шкарпэтак.
З прычыны павальных любошчаў з Кацюшай-буфетчыцай "Victoria" не спраўдзiла надзеяў роднага iнтэрната. Заместа хвацкiх балюшак з удзелам мясцовых вакханак i салютавання коркамi ад шампанскага, байцоў чакалi вiзiты да венеролагаў i розныя малапрыемныя працэдуры.
Крыху рэабiлiтаваў сяброў хiба што чацвертакурснiк Вася Максiменка, якi, нягледзячы на захворванне, залез уначы з пляшкаю шампанскага на святлафор на рагу вулiц Свярдлова i Ўльянаўскай i чытаў адтуль рэдкiм мiнакам творы Мiхаiла Юр'евiча Лермантава. У пратаколе, чым Вася страшэнна ганарыўся, дзяжурны па аддзяленнi запiсаў, што пад час затрымання грамадзянiн Максiменка "оказал сопротивление путем внезапного открытия бутылки советского шампанского и полития им сотрудников милиции". (Ад выключэння з унiверсiтэта нашага сябрука ўратавала не толькi тое, што шампанскае было савецкае; крыху дапамог i сваяк-прарэктар.)
Яшчэ адзiн баец выславiўся тым, што ездзiў на заняткi заўсёды "зайцам", а злоўлены кантралёрам, законапаслухмяна даставаў прывезеную з Сiбiры сторублёвую купюру, з якой, натуральна, не знаходзiлася рэшты. "Заяц" прымiльгаўся, i скончылася ўсё тым, што кантралёр у хаўрусе з кiроўцам неразменную купюру папросту адабралi, а яе ўладальнiка, папярэдне намяўшы бакi, выкiнулi з тралейбуса на высланы жаўталiсцем газон.
Цёплы полацкi верасень, што мiльгануў памiж маiм вяртаннем з Сiбiры i пачаткам заняткаў, зачапiўся ў памяцi пераважна ўбогiм iнтэр'ерам бара "Пралеска" i аднайменным кактэйлем няпэўнага смаку, што мы з маiм сябрам дзяцiнства Санем Македонскiм выпiвалi перад танцамi ў Палацы культуры завода шкловалакна. ("Як звычайна", - з ленаватай няўважлiвасцю заўсёднiкаў кiдалi мы барменцы.) У палацы нас чакалi другакурснiцы кааператыўнага тэхнiкума Зiна i Iлона.
Свет яшчэ раз засведчыў сваю недасканаласць: мне падабалася шатэнка Зiна, а Македонскаму - бландзiнка Iлона, у iх жа ўсё атрымалася наадварот. "Няхай выбiрае жанчына", - прапаноўваў фаталiст Саня, але мая падагрэтая кактэйлем натура бунтоўна ашчацiньвалася, i мы працягвалi "хадзiць" учацвярых.
Роспачнай спробаю вырвацца з зачараванага чатырохкутнiка сталася начная паездка на таксi ў тады яшчэ безнадзейна зачынены Спасаўскi манастыр, дзе мы зусiм не чыталi малiтваў, а пiлi шампанскае, каб потым - даруйце, калi можаце, нам, Божа, i ты, нябесная наша заступнiца Еўфрасiння - разбiць пляшку i шклянкi аб спярэшчаны мацернымi словамi манастырскi мур.
Пасля Зiна прыслала мне ў Менск ажно два лiсты, што ўразiлi не так дэманстрацыяй нечаканай вернасцi, як узроўнем фiлалагiчнае падрыхтоўкi будучых кааператарак. Зiна пiсала, нiбыта ў Iлоны ёсць новы "паринь", а яна, маўляў, па-ранейшаму ўспамiнае мяне i "пикник на графских развалинах". аднак "всиму есть придел". Трэба было разумець, што хутка з'явiцца "паринь" i ў Зiны.
Пакуль я вярнуўся ў Менск, былыя байцы будатрада "Viсtоriа" паспелi пазалечваць ганарэю i прамантачыць сiбiрскiя заробкi.
У хуткiм часе Чарнiловiч са старастаю нашай групы Лiляй падалi заяву ў загс. У цiхага Юры Асiноўскага, учадзеўшы ўначы ў хаце, памерлi бацькi, i ён перавёўся на завочнае аддзяленне i паехаў жыць дадому. Махнуўшы рукой на старыя будатрадаўскiя рахункi, мы з першай стыпендыi сабралi малодшай Юравай сястрычцы ды хворай кароўцы сто рублёў.
У Чылi да ўлады прыйшоў Аўгуста Пiначэт. У СССР разгортвалася барацьба з п'янствам i алкагалiзмам. Наш гiстфакаўскi Клуб аматараў пiва, схаваўшыся за абрэвiятураю КАП, дзейнiчаў, як i братняя кампартыя Чылi, у глухiм падполлi.
Унiверсiтэт трэслi франтальныя рэйды i праверкi.
Пад час аднаго рэйду ў нашым iнтэрнаце партыйныя, камсамольскiя i прафсаюзныя дзеячы пачулi за замкнёнымi дзвярыма падазроныя шолахi i абклалi пакой, бы харты. Як толькi дзверы цiхенька прачынiлiся, гайня правяральшчыкаў уварвалася ў пакой i знайшла там зляканага студэнта, якi, колькi было змогi, iмiтаваў падрыхтоўку да семiнарскiх заняткаў па гiсторыi КПСС. Са сцянной шафы сакратар партбюро трыумфальна выцягнуў яшчэ больш перапалоханую студэнтачку ў строях Евы. "А мы дружым", - толькi i здолеў прамовiць юны служка Клiо, за што разам з сяброўкаю быў неадкладна выселены з iнтэрната. З таго дня варта было якой-небудзь знаёмай парачцы з'явiцца на вачах у гiстфакаўскай публiкi, як з усiх бакоў гучала яхiднае пытанне: "Што, дружыце?"
Праверка выхаваўчай работы застукала ў iнтэрнатаўскiм ленiнскiм пакоi таталiзатар. На трох ссунутых сталах для самастойных заняткаў адбывалiся прусачыныя скачкi. Нашы вусатыя субкватаранты бегалi па выкладзеных алоўкамi дарожках. Стаўкi даходзiлi да двух чырвонцаў. Ажыятаж панаваў такi, што, здавалася, дай iм волю, i свае стаўкi зробяць класiкi марксiзму-ленiнiзму, якiя сачылi за падзеямi з аляпаватых партрэтаў. Акурат у той самы момант, як фаварыт Бiл Шалёная Карова ў глыбокiм роздуме супынiўся на сярэдзiне дыстанцыi, у дзверы i ўвалiлася праверка, якой было зусiм няпроста апанаваць нашую ўвагу, бо ўсе позiркi сышлiся ў кропцы, дзе Бiл нi з чога нi з якога вырашыў заняцца медытацыяй.
Авалодаўшы становiшчам, рэйдавая брыгада абазвала нас будучымi байцамi iдэалагiчнага фронту, адразу ж зазначыўшы, што нiхто з нас гэтай высокай годнасцi не заслугоўвае. Абураныя тырады пачыналiся прыкладна так: "Здесь, под портретами вождей..."
Карацей, жыццё iшло сваiм парадкам.
Напружыўшы творчыя сiлы, мы выпусцiлi спачатку орган свайго пакоя No 25 насценгазету "Алiгатэр" (назваю служыла налепка ад вiннай пляшкi з падмаляванаю лiтарай "р"), а потым - чарговы нумар нашага альманаха "Мiлавiца". Пра франдзёрскi насценны орган хтосьцi iмгненна даклаў начальству, а "Мiлавiцу" ўзяў пачытаць камсамольскi сакратар Карагiн, i яна знiкла на цэлы месяц.
Потым на нас зусiм беспадстаўна спiшуць i нейчы малюнак-загадку на кавалку ватману, што напярэдаднi iспытаў з'явiўся побач з раскладам заняткаў: тры разложыстыя дубы, перад кожным - бутэлька, а ўнiзе - перакуленая дагары нагамi адгадка: "Новы год на вайсковай катэдры".
Ад блiзкага знаёмства з таварышам маёрам нас аддзялялi адна толькi сесiя i вакацыi.
Згадкi пра Сiбiр, хiмiкаў, пясчаныя кар'еры i гарачыя вусны амазонак наведвалi нас усё радзей. Праўда, амазонкi прыслалi вiншаванне з "годовщиной Великого Октября". Мы не адгукнулiся на паштоўку: нашы адрасанткi павiнны былi зразумець, што мы - вярнулiся, вярнулiся дадому.
Але яны не зразумелi.
Неяк пад Новы год на лекцыю навуковага камунiзму нечакана прыбег задыханы Мiхась Чарнiловiч, якi грыпаваў i адлежваўся ў iнтэрнаце. Апрача кажушка на Мiхасю было толькi замытае спартовае трыко з пухiрамi на каЛёнях i чаравiкi на босую нагу.
Таямнiцы навуковага камунiзму мы спасцiгалi ў аўдыторыi-амфiтэатры, якая мела запасны ўваход, што вёў адразу на верхатуру. На схаваных за абгародкаю прыступках хто-небудзь зазвычай жлукцiў пiва або перакiдваўся ў карты. У гэты зацiшны куток, куды з верхнiх радоў можна было без асаблiвых праблемаў трапiць проста ў час лекцыi, нас i сабраў упараны Чарнiловiч. "Амазонкi прыпёрлiся..." - выдыхнуў ён. Выявiлася, што Мiхась убачыў сiбiрачак з нашага вакна на першым паверсе ўжо на самых блiзкiх подступах да iнтэрната i, паспеўшы насунуць чаравiкi ды накiнуць кажух, махануў цераз падваконне ў сумёт. Адразу зрабiлася ясна, што сярод трох няпрошаных госцяў прыехала Насця, якой улетку Чарнiловiч дакляраваў вiзiт у адзiн з менскiх загсаў.
З удзячнай палёгкаю я даведаўся, што маленькай Вiцы хапiла розуму не ехаць. Разам з Насцяю прыбыла камiсарка "амазонак" пампушыстая Нона, якой належылi неаспрэчныя заслугi ў выхаваннi "цяжкога" падлетка Вiцi. Трэцяя была Элен.
Сiтуацыя пакiдала няшмат прасторы на манеўры. Чарнiловiча, прынесшы яму больш прыстойную апранаху, неадкладна адправiлi ў родную вёску.
Генiк, Дж. Галяк i я адважна ўзялi амазонак на сябе. Досыць паспяхова разыграўшы сцэну сустрэчы пасля доўгай ростанi, мы запрасiлi сiбiрачак у "найлепшую менскую рэстарацыю". Гэтую ролю выконваў самы блiзкi ад iнтэрната рэстаран старога гатэля "Беларусь", што памятаў марскiя аповеды Мiшы Бугра.
Афiцыйна Чарнiловiч адбыў на "студэнцкую навуковую канферэнцыю" ў Ташкент. На правах найблiжэйшага сябра маладога навукоўца менчук Генiк запрасiў Насцю спынiцца ў яго. Элен заставалася пры мне.
Рэстаранавы калаўрот унёс карэктывы. Камiсарку Нону, не зважаючы на ленаваты супрацiў Дж. Галяка, узяўся безупынна запрашаць на танец i ўрэшце звёз нейкi даўгяла-баскетбалiст. Калi аркестр развiтаўся з публiкай, а потым вярнуўся i пачаў выконваць песнi гасцям з сонечнага Ўзбекiстана, якiя выцягвалi з-за халяваў загорнутыя ў смуродныя анучы пачкi грошай, асiрацелы Дж. Галяк i Насця з Генiкам падалiся ў Генiкаву Серабранку, а мы з Элен без вялiкага iмпэту пацягнулiся ў iнтэрнат, дзе я праз вакно запусцiў яе ў наш пакой.
Закурыўшы, Элен сваiм звычайным бескалёрным тонам прамовiла: "Подонок ваш Михась. Только такой дуре, как Настька, и можно лапши про Ташкент навешать". Зрабiўшы зацяжку, яна працягвала выкрывальнiцкую палiтыку: "Викуша твоя, между прочим, вовсю с сыном декана трахается. Привета не передавала. Карьерой девочка занялясь". Праз некалькi зацяжак я атрымаў новую поўху: "Я тут, кстати, послушала, послушала, и никто на твоем белорусском языке нигде не говорит". У яе голасе прарэзалася вiдавочная злараднасць.
Чарнiловiч аказаўся падонкам. Вiка трахалася з дэканавым сынам i рабiла кар'еру, а ў Менску нiхто не гаварыў па-беларуску. Ну што мне заставалася рабiць? Паслаць гэтага пракурора ў клятчастай максi-спаднiцы ў марозную ноч да яе скандынаўскiх продкаў? Вiдаць, такi варыянт сапраўды быў бы найлепшы. Але замест гэтага я паспрабаваў ажывiць у памяцi цёплы прыцемак над кар'ерам i шамаценне бурундукоў у падлеску...
Неўзабаве пасля ад'езду амазонак маладзечанская электрычка зноў прывезла ў Менск хранiчнага ўцекача ад жонкi Мiшу Бугра. У нас як на тое надарылася выязное паседжанне Клуба аматараў пiва на Генiкавым летнiку. Марна прачакаўшы да вечара ў халодным iнтэрнатаўскiм фае, Мiша выпiў пляшку гарэлкi i ўсё-ткi сеў у маскоўскi цягнiк.
Ён дапяў да Ўладзiвастока, наняўся на гандлёвы вадаплаў, што хадзiў у Японiю, кiнуў пiць i сабраў за год кучу грошай.
Ужо купiўшы квiт на самалёт i спакаваўшы дзве валiзы падарункаў, Мiша выйшаў на шпацыр па пераднавагоднiм горадзе i нарваўся на бiча.
Бiч вылез з каналiзацыйнага атвору i папрасiў дваццаць капеек на кiно. Бугор зацiкавiўся i даў бiчу дваццаць рублёў. Той прапанаваў пасядзець. Знаёмства задоўжылася да вясны.
Увесну Мiша зарабiў на кабатажнай развалюсе грошы на дарогу i перад летняю сесiяй, даўно аплаканы жонкаю i сваякамi i на ўсякi выпадак памянуты намi, з'явiўся ў нас у пакоi, як вястун з таго свету. Ён пiў пiва з воблай i апавядаў вусцiшныя гiсторыi пра жыццё ў падземных уладзiвастоцкiх камунiкацыях, дзе бiчы спяць на трубах цэнтральнага ацяплення i ў лютыя маразы дзесяткамi гiнуць ад велiзарнай рознiцы тэмператураў знiзу i зверху цела, а дворнiкi выцягваюць iх потым праз люкi бусакамi.
З кiшэнi Мiша вытрас жменю перамяшаных з махоркаю кедравых арэхаў.
Гэта было апошняе прывiтанне з Сiбiры.