Сташэўскi вёў машыну амаль напрасткi, i вонкавыя дынамiкi даносiлi часты трэск i хруст, быццам яны трушчылi шкло.
- Крышталiкi кварцу, - вытлумачыў Малчанаў, гледзячы на "дрэвы". Незвычайная крышталiзацыя, цi не так?
- Ды ўжо ж... - адгукнуўся Сташэўскi.
Праз некалькi хвiлiн "лес" скончыўся, i пайшла суцэльная паласа рыжай, надзвычай рыхлай глебы. Хуткасць адразу ўпала, давялося павялiчыць цягавую магутнасць.
Неба пацьмянела, стала жоўтае i нагадвала цяпер смугу размытых дажджом воблакаў, што спусцiлася амаль на галаву. Зыбкае i пухнатае свяцiла цiхенька ўсплывала з-за невыразнай лiнii гарызонту, выглядам сваiм яно магло прывесцi ў стан меланхолii.
Сташэўскi ўжыў новы арыентаст, што аўтаматычна накiроўваў антэну прыёмаперадатчыка ў бок Станцыi, паспрабаваў розныя рэжымы, але канал прыёму поўнасцю перакрываўся хвалямi перашкод, а цi чуюць iх на Станцыi, яны не ведалi.
Танк скацiўся ў вузкую далiну памiж градамi крышталiчных стометровых астанцоў i нырнуў у воблака кiсейна-жоўтага туману, дакладней, не туману, а смугi, бачнасць у якой моцна пагоршылася. Вакол прадметаў зазiхацелi светлыя арэолы, што ўскладнялi арыентаванне.
Прыкiнуўшы свае магчымасцi, Грэхаў перавёў сiстэму бачання на радарны зрок. На агульным экране абазначыўся нешырокi авал, у якiм той жа пейзаж змянiў колеры ў самых нечаканых спалучэннях. Смуга знiкла, гасячы арэол.
На карце вылiчальнiка ўспыхнулi каардынаты танка. Да мэты засталося трохi больш за трыццаць кiламетраў напрасткi. Яны ўжо спусцiлiся ў дзiўную далiну, у форме чаравiка, нармальнага чаравiка, толькi ненармальных памераў. Быццам велiзарны, пяцiсоткiламетровага росту дзяцюк саскочыў на планету, пакiнуў два сляды глыбiнёй у кiламетр i знiк, загадзя пасмяяўшыся з бясплённых спроб людзей вытлумачыць форму ўпадзiн ад яго валатоўскiх ног. Са Станцыi яны праглядалiся досыць выразна, i ў калiдорах Грэхаў бачыў малюнкi жартаўнiкоў, што намалявалi меркаваны воблiк асiлка. Адзiн з iх быў дужа падобны на Ляваду, i, на яго погляд, гэта было не надта дасцiпна.
- Стоп! - раўнуў раптам Сташэўскi страшным голасам.
Грэхаў яшчэ нiчога не выявiў, але рукi самi рванулi аварыйны тормаз, танк торкнуў носам, а пад iмi раптоўна загрукацела, цяжкi гул ускалыхнуў паветра, i ў метры ад гусенiц раскалолася зямля, утварыўшы трэшчыну, якая хутка расла. За хвiлiну пад няспынны гул i трасенне глебы трэшчына ператварылася ў прорву, супрацьлеглы край якой на пэўны час схаваўся ў смузе барвовых выпарэнняў. У апошнi раз зямля здрыганулася, i гул абарваўся. Толькi з прорвы чулася булькатанне i шыпенне, быццам у велiзарнай бочцы кiпела i выпарвалася вада.
Анямеўшы, яны глядзелi на нечаканую перашкоду i маўчалi. I працяг не прымусiў сябе чакаць. У глыбiнi разяўленай, як пашча, безданi штосьцi рванула з аглушальным трэскам, i паўз танк праслiзнулi ў нiзкае неба вялiзныя асляпляльныя вясёлкавыя "пухiры". Аўтаматычна спрацавалi фiльтры, што пагасiлi напал "пухiроў", зараўлi ўнутраныя (прабiла поле!) лiчыльнiкi радыяцыi танк захiстала i павалакло ад прорвы.
Трэск паўтарыўся, новая серыя "пухiроў" пранеслася паўз iх, i Грэхаў паспеў ужо заўважыць, што за кожным ценем iмчыцца "павуцiна". Зноў "павуцiны", усюдыiсныя "павуцiны", што чамусьцi з'яўляюцца там, дзе адбываюцца падзеi! Цi гэта падзеi адбываюцца там, дзе яны з'яўляюцца?..
Грэхаў высунуў з верхняй вежы перыскоп, зазiрнуў iм у прорву i ўбачыў толькi яскравае свячэнне, якое iшло з таемных глыбiняў. Свячэнне было роўнае i моцнае, i яму здалося, што там яшчэ поўна "павуцiнаў", якiя гублялiся за смугой туманнага свячэння.
Раптоўна пачуўся той жа самы пякельны трэск, з прорвы блiснула востра i моцна, i вясёлкавыя шары, як быццам iх падтрымлiвалi "павуцiны", адзiн за адным iрванулiся ўгору.
Экранчык перыскопа пагаснуў. У агульным экране яны бачылi скурчаны пачарнелы канец трубы, падобны на носiк закурадымленага iмбрыка.
- Д'ябал! - вылаяўся, спахмурнеўшы, Сташэўскi. - А гэта навошта?
- Можа, гэта зварот да нас? - асцярожна выказаў здагадку Дыега Вiрт. Папярэджанне або перасцярога...
- Не, - нявесела сказаў Малчанаў. - Шары - гэта закапсулiраваныя якiмсьцi магутным сiлавым полем ядзерныя выбухi. "Павуцiны" вышпурваюць iх у космас.
- Навошта? - здзiвiўся Дыега.
- Навошта - мы можам толькi здагадвацца. Паводле тэорыi таго ж Галкiна, шары - прадукты жыццядзейнасцi Гарадоў, адыходы, ад якiх "павуцiны" вызваляюць планету. Увогуле гэта вельмi рэдкая з'ява, нам проста пашанцавала...
Сташэўскi ўважлiва назiраў за прорвай. Гул узнiмаўся адтуль, трэслася глеба. На ўсякi выпадак Грэхаў адвёў танк ад абрыву метраў на пяцьдзесят i не паспеў яшчэ спынiцца, як глыбока ў целе планеты загучаў цяжкi грукат, над прорвай узляцеў густы рой доўгiх пунсовых iскраў, i сцены толькi што створанай цяснiны сталi зблiжацца. Страсенне глебы было не гэткае вялiкае, як раней, i яны заўважылi, як у момант судакранання сцен з вузкай шчылiны, што засталася ад цяснiны, вымахнуў вал аранжавага агню, затым з гучным чвяканнем сцены злучылiся, рэзкi штуршок падкiнуў танк на амартызатарах, i дарога стала вольная.
4
Яны ўжо ладна ад'ехалi ад месца штучнага цi натуральнага, невядома, катаклiзму, а зiхоткi шнур аранжавага туману, шчыльны, як вогненнае жэле, усё яшчэ трымаўся над глебай. Ён скручваўся ў трубу, дыхаў, але не разыходзiўся, i Грэхаў зразумеў, чаму плато назвалi плато Рубiнавых жыл. Давялося поўнасцю пераключыць увагу на дарогу, каб не звалiцца ў прорву пад час наступнага новаўтварэння.
Сташэўскi заняўся пеленгам i ўхiтрыўся-такi злавiць знаёмае ўсiм "...Увага! Выкiдваю...", выразна распазнавальнае скрозь трэск i выццё перашкод. Калi доўгi час паўтараць нейкае слова, сэнс яго знiкае, i ўрэшце Грэхаў перастаў успрымаць гэтую надакучлiвую песню-фразу. Рабiць здагадкi можна было бясконца, але, на думку Грэхава, гэта працаваў няспраўны аўтамат-перадатчык, а не маяк, што настройваецца - звычайна - на радыёбляск. Такiя бомбавыя аўтаматы скiдваюцца разведвальнымi караблямi ў месца маючай адбыцца пасадкi або любымi караблямi ў выпадках аварыйных сiтуацый.
Грэхаў паўтарыў у думках апошнiя словы, i марозны вецер хвалявання пагладзiў спiну шурпатымi пальцамi. "Лiха на iх! - падумаў ён. - Няўжо нiхто не разглядаў гэты варыянт - аварыя на караблi камунiкатараў? Цi, магчыма, наогул катастрофа?! Але што можа здарыцца з ТФ-караблём? Самым надзейным i магутным зямным апаратам? Чаму толькi гэтае дзiўнае сугучча мучыць слых на працягу ўжо сямi сутак? Цi сапраўды аварыя на караблi?"
Вiдавочна, ён чымсьцi выдаў сябе, бо Сташэўскi раптам уважлiва да яго прыгледзеўся, паказаў пальцам на дынамiк, адкуль усё неслася хрыплае гучанне двух слоў, i кiўнуў. Значыцца, i ён думаў пра тое ж. За тры гады сумеснай работы яны навучылiся разумець адзiн аднаго без слоў.
У нейкi момонт, што не запомнiўся сваёй ардынарнасцю, Грэхаў звыкла адзначыў сабе з'яўленне на гаразонце размытай чорнай гары, падумаўшы пры гэтым каб не давялося яе аб'язджаць. Потым цьмяны неспакой прымусiў яго прыгледзецца да гэтай гары пiльней, i, унутрана халадзеючы, ён зразумеў, што перад iмi Горад, той самы загадкавы Горад, каля якога павiнен быў размяшчацца карабель. Не паспеў ён так падумаць, як Малчанаў раптам сарваўся з месца i штосьцi здушана выгукнуў. Танк уз'ехаў на вяршыню доўгага адхону, i прыкладна за пяць-шэсць кiламетраў ад Горада яны ўбачылi карабель. Вiдаць ён быў кепска, быццам скрозь бруi вады, аднатонна шэры, падобны на тоўсты аловак, пастаўлены тарчма, i вельмi ўжо доўгiм здаваўся ён адсюль. I тут Сташэўскi сказаў нягучна:
- Ды ён жа вiсiць...
I тады Грэхаў зразумеў, у чым несамавiтасць карцiны. Карабель сапраўды вiсеў у паветры, не апускаючыся i не ўзнiмаючыся, вiсеў абсалютна спакойны i ў гэтым спакоi чужы. Можа, яны стартавалi, убачылi iх i чакаюць? Але навошта марнаваць энергiю на вiсенне? Спакойней i разумней было б дачакацца "седзячы"... Што ж гэта тады? Карабель вiсiць з той пары, як яны яго ўбачылi, i нiякай рэакцыi. Не можа ж ён вiсець так доўга дзеля задавальнення...
Але вось яны пад'ехалi блiжэй да мяжы яснай бачнасцi пыльнай атмасферы Тартара, i стаўся прыкметны нейкi рух вакол трансгала, як быццам празрыстае полымя мiгцела i струменiлася вакол яго... Грэхаву дужа захацелася спынiцца, асаблiва пасля таго, як над "алоўкам" карабля ён убачыў некалькi вялiкiх "павуцiн", што выгнулiся купалам над iм. А яшчэ каля дзесятка "павуцiн" утварылi штосьцi накшталт крацiстай сцяны памiж блiзкiм Горадам i караблём. Зноў "павуцiны"...
Сташэўскi, вiдаць, таксама нешта адчуў, ён паглядзеў на вадзiцеля неяк дзiўна, скоса, i Грэхаў спачатку запаволiў ход, а потым зусiм спынiў машыну. Мясцовасць перад iмi панiжалася, i пакат гэты цягнуўся да самага трансгала, што вiсеў над дном конусападобнай нiзiны на вышынi шасцiдзесяцi метраў. Трохi злева адтуль, дзе спынiўся танк, Грэхаў заўважыў грыбападобны выступ чорнай пароды: памерамi той не саступаў "Мастыфу", затрымаў на iм позiрк, падазроны ён ямў здаўся, потым убачыў яшчэ некалькi такiх жа "грыбоў", што ланцужком адступалi ў каламуць атмасферы.
- Ты чаго? - спытаўся Дыега Вiрт, паварочваючыся да яго. Малчанаў нi пра што не пытаўся але i ён захваляваўся, калi мiнула некалькi хвiлiн чакання, а нiчога не змянiлася. "Чакаю яшчэ хвiлiн пяць", - вырашыў Грэхаў, i ў гэты момант з чорнага "грыба" з такiм гукам, з якiм вылятае з пляшкi шампанскага корак, шугануў да зямнога зоркалёта, што лунаў паблiзу яго, гiганцкi язык найяскравага смарагдавага агню: пок!
Толькi дзякуючы фiльтрам колерабачання яны не аслеплi. Факел агню за секунду выцягнуўся да корпуса карабля, як бы абцёк яго, не кранаючыся самога корпуса, утварыўшы вогненны кокан, i тут жа ўцягнуўся назад пад "грыб". Затое ўспыхнуў яго сусед, такi ж "грыб", што i першы, выкiнуў язык агню, потым наступны, i пайшло: пок! пок! пок! - па перыметры вакол карабля. Агонь быў халодны, вонкавы тэрмавымяральнiк нават не спрацаваў, затое пад час кожнай успышкi скрыўляўся гарызонт, скрыўлялiся ўсе мясцовыя прадметы, скрыўлялася кабiна танка, i па нервах бiла хваравiта i моцна, быццам электраразрадамi. Уласна кажучы, i прыборы адзначылi iанiзацыю паветра звонку, такую, што не бывае нават у эпiцэнтры магутнай навальнiцы.
Языкi зялёнага агню абеглi па коле вакол карабля i знiклi, але ў вачах яшчэ доўга скакалi цёмныя плямы.
Усё адбылося так хутка, што Грэхаў не паспеў зрагаваць i вывесцi машыну з небяспечнай зоны, ды i наўрад цi гэта дапамагло б. Скрыўляць прастору ўмеюць i людзi, дастаткова ўключыць генератары форм або дэфарматар, але тады спрацавала б сiлавое поле, спрацавала вельмi лёгка, можна сказаць, нават элегантна, без адчувальнага змянення мас i палёў...
- Падобна на тое, што ўначы мы бачылi менавiта гэткiя ўспышкi, меланхалiчна заўважыў Малчанаў. - Я не ведаю, што гэта такое. Iнфармблок танка ўключаны?
- Вядома.
- Прабiла абарону? - пацiкавiўся Дыега Вiрт.
- Нельга сказаць, каб прабiла... - туманна адказаў Грэхаў.
- Так, - вымавiў Сташэўскi. - Нерашучасць - сiмптом няўдачы, а iсцi да карабля мы абавязаны. Цi, можа, хтосьцi думае iнакш?
Мяжу, уздоўж якой размясцiлiся "грыбы", што шугалi агнём, яны праехалi без усялякiх эксцэсаў. Iанiзацыя пайшла на спад, чырвоныя агнi iндыкатараў пацямнелi. Карабель вырастаў у памерах. Без адтулiн, шчылiн i дробных дэталей шэры маналiт, ён быў суровы i маўклiвы, ён быў падобны на манумент, на гiганцкi помнiк самому сабе, на гару мёртвага металу, застылага невысока над глебай... Вось такiя параўнаннi лезлi ў галаву Грэхава.
Але карабель не мог быць мёртвы, ён быў абавязаны быць жывы, стогн яго паўтараўся кожныя паўхвiлiны: "...Увага! Выкiдваю...", маўчанне, шолах, скрыгат, i зноў той жа стогн або ўскрык, паўтораны аўтаматам, цяпер Грэхаў у гэтым не сумняваўся.
Да карабля заставалася менш за паўкiламетра, яны ўсё спрабавалi зразумець, чаму ён вiдаць як праз слой тоўстага шкла, як раптам шкло гэтае ўспенiлася i разляцелася ў бакi белымi нiткамi рознай таўшчынi. Нiткi былi скручанымi ў рулоны "павуцiнамi", яны круцiлi карусель вакол карабля з хуткасцю, у вынiку якой "размазвалiся" да нябачнасцi. Яны зрабiлi аднолькавы пiруэт у паветры, разгарнулiся i завiслi над караблём лесвiчкай, адна над другой, а самая першая з iх, быццам адчуўшы наблiжэнне чужынцаў, раптам павольна паплыла да iх i накрыла слабым ажурным ценем. I зноў паўтарыўся той дзiўны эфект, што суправаджае з'яўленне "павуцiн": "унутры" Грэхава забiлiся, зашапталiся невыразныя чалавечыя галасы, ён адчуў цiск звонку на скронi, якi змянiўся паколваннем у патылiцы, а потым па ўсёй галаве. Здалося, што бачыць ён зыбкiя празрыстыя контуры нейкiх прадметаў, потым на iх накладваюцца каляровыя ўспышкi i нешта яшчэ вялiзнае, нераспазнавальнае, як яма, у якую ўвалiўся танк. Ён зрабiў высiлак, прывiд растаў, толькi шэпт не знiкаў i казытлiва паколвала скуру на патылiцы, i гэта было нават прыемна.
Паўз iх праплыла яшчэ адна велiзарная "сетка", горб якой апусцiўся нiзка над галавой. Давялося адступiць убок, каб размiнуцца з "сеткай" на добрай алегласцi. Мясцовасць прыкметна панiжалася, танк спускаўся ў глыбокую варонку, цэнтр якой, па разлiках Грэхава, павiнен быў знаходзiцца дзесьцi амаль пад караблём. Глеба варонкi была дзiўнага рыжага колеру, быццам усю яе пакрыла ржа, нiчога асаблiвага на ёй не было.
Грэхаў сабраўся павялiчыць хуткасць, i ў гэты момант яго быццам вывернулi, як апратку. А калi ён ачнуўся ад незразумелага забыцця, выявiлася, што танк караскаецца ўгору па схiле варонкi, зусiм недарэчным чынам павярнуўшыся да зоркалёта кармой.
Таварышы выглядалi гэтак жа прыгнечана, як i ён, i гэтая акалiчнасць дазволiла Грэхаву зрабiць выснову, што метамарфоза адбылася з усiм танкам, а не толькi з iм адным.
- Паварочвай назад. Паспрабуем яшчэ раз. Грэхаў павярнуў "Мастыф", на малой хуткасцi пакацiў унiз, i прыкладна ў тым жа самым месцы ўладарная, але мяккая рука павярнула яго з ног на галаву, патрымала i апусцiла. Танк зноў быў павернуты кармой да карабля. Яны паспрабавалi падысцi да яго ў другiм месцы, у трэцiм, i ўсюды iх чакала тое ж самае: таемным чынам танк апынаўся павернуты на сто восемдзесят градусаў да кiрунку руху. Iх не пускалi да карабля. Хто невядома, але спосаб быў нагэтулькi просты i красамоўны, што не зразумець яго было немагчыма.
У апошнi раз павярнуўшы машыну, Грэхаў спынiў яе каля вялiзнай дзiркi, што iшла некуды ў нетры планеты. Маторы змоўклi, i сталася зусiм цiха. Толькi перад вачыма ўсе яшчэ плыло, быццам яны працягвалi рухацца.
5
Тры гадзiны праляцелi ў марных спробах наблiзiцца да карабля на адлегласць блiжэй як тыя няшчасныя сто метраў, якiя iм засталося прайсцi. Дайшло да таго, што Сташэўскi пры маўклiвай згодзе Малчанава выпрабаваў на нябачнай сцяне, якая выкручвала навыварат, усе вiды зброi танка аж да тыямата. Разрады лазераў i дэфарматараў паглыналiся гэтым асяроддзем бясследна, а промень тыямата, дрыжачае блакiтнае бруенне атамнага распаду, выклiкаў ланцужок зыркiх зялёных успышак у "павуцiнах", што вiселi этажэркай над караблём. Там, угары, узнялася цiхая панiка, "павуцiны" парушылi строй, захiсталiся, але да iх далучылiся сабраты, што вольна плавалi паблiзу, i становiшча стабiлiзавалася. На цiхi шэпт у вушах Грэхаў ужо не рэагаваў, толькi часам заўважаў iншыя з'явы: то глухнуў беспрычынна, то ўсе прадметы пачыналi здавацца яму скрыўленыя або пляскатыя, часам мутнеў зрок. Адно толькi ратавала i адцягвала - ён быў заняты работай.
Перайсцi магiчную мяжу "перагортвання" яны гэтак i не змаглi. Радыё i тэлезапыты заставалiся без адказу, быццам гразлi ў стометровым слоi празрыстага, па мерках Тартара, паветра. Цяпер i вiсенне зямнога зоркалёта ў паўсотнi метраў ад глебы iх не здзiўляла, хоць часам Грэхаў механiчна задаваў сабе пытанне: якiм чынам можна падтрымлiваць амаль мiльён тон без адчувальных затрат сродкаў i энергii?..
Свяцiла схiлiлася ад гарызонту, настаў той вечаровы час, калi промнi яго плывуць паралельна зямлi, паветра здаецца запоўненым пунсовым туманам i ўсе прадметы ў iм бязважкiя. Неба пацямнела, набыло падабенства з малахiтавым купалам, якi псавалi мiльгаючыя ў розных кiрунках "павуцiны".
Яны вырашылi чакаць начы каля карабля, каб паведамiць на Станцыю пра свае справы. Прадпрымаць што-кольвек без рашэння навуковай Рады асцерагалiся, бо, як выказаўся Малчанаў, "гэта пагражае наступствамi, у вынiку якiх мы не зможам назiраць уласнае пахаванне".
Сташэўскi дамогся, каб яны павячэралi, што яны з ахвотай i зрабiлi.
- Страўнiк - гэта прыбор, - абвясцiў з поўным ротам Дыега Вiрт, прызначаны для сталага нагадвання чалавеку пра тленнасць яго цела.
- Iснавання, - удакладнiў Грэхаў.
- Цела.
- Iснавання.
- Ну добра, iснавання. Якое гэта мае значэнне? Хiхiкайце, калi больш нiчога не ўмееце, як сказаў мудрэц.
- Так яму i трэба, - з ухвалой сказаў Сташэўскi, збiраючы посуд. Грэхаў паказаў Дыега, хто ён такi, i, рабiць жа не было чаго, пачаў катаваць Малчанава пытаннямi. Адказваў камунiкатар даволi ахвотна, i за нейкую гадзiну Грэхаў даведаўся пра Тартар нямала новага, са здзiўленнем выявiўшы, што i Сташэўскi i Дыега Вiрт з аднолькавай цiкавасцю слухаюць аповяд. Малчанаў казаў пра першыя планамерныя экспедыцыi на паверхню планеты, пра тое, як многiя ўсюдыходы i лятальныя апараты зямлян знiкалi без вестак i паасобныя з iх потым знаходзiлi ў космасе, за межамi атмасферы Тартара, быццам даставалi з-пад прэса - так яны былi разбiты i расплюшчаны. Пра тое, як людзi сталiся асцеражнейшыя, перасталi накiроўваць экспедыцыi на лятаючых машынах, потым i зусiм перасталi выходзiць з караблёў, пасылаючы адны аўтаматы. Але i аўтаматы знiклi. Планета здавалася населенай нагэтулькi агрэсiўнымi жыхарамi, што ўмяшаўся спецаддзел КАВС i забаранiў наогул пасадкi на планету. Вучоныя вымушаны былi задавальняцца толькi зондамi-аўтаматамi i назiраннямi з бяспечных арбiт: нi "павуцiны", нi "цiкаўнiкi", нi пластуны i так званыя "шэрыя прывiды" нiколi не выходзiлi за межы iанасферы Тартара, за дзей, якiя яўна не належалi да работнiкаў патрэбнай у дадзены момант спецыяльнасцi.
Экран часта перакрываўся хвалямi перашкод, гэта спрычынялi "павуцiны", аднаго ж разу праляцеў "цiкаўнiк", якi цягнуў за сабой хвост радыеактыўнага газу i пылу, у вынiку чаго прыём стаўся наогул немагчымы, i давялося пераязджаць на iншае месца, далей ад Горада i "павуцiн". Пасля таго як яны паведамiлi на Станцыю ўсю iнфармацыю, якой валодалi, там пэўны час радзiлiся, i нарэшце Кротас, больш нервовы, як звычайна, - у яго перасмыкалася шчака, якую ён увесь час расцiраў, саромеючыся, - сказаў глухаватым голасам: