А ўвечары да Антона прыйшоў чарговы візіцёр. Дзверы адчыніліся без груку, і ў пакой увайшла Аліна. Насуперак звычаю, яна была без цыгарэты. Антон прыўзняўся з ложка, апраўляючы адзежу.
— Чым абавязаны?
Цётка Аліна драпежна ўсміхнулася.
— Паслухай, навошта табе гэта разламашка? Прадай яе мне, за добрыя грошы.
— Не разумею, пра што вы, — прамармытаў Антон.
— Кінь, выдатна разумееш, — Аліна правяла чырвоным доўгім пазногцем па яго шчацэ. — Я бачыла ўчора, як вы з Юліяй выходзілі з-за стала. Я ведаю, што ты пракраўся ў дом дзеля разламашкі, і гэтае дзяўчо дапамагло табе яе выкрасці...
— Вы трызніце, — прамямліў Антон, адчуваючы, што заліваецца здрадлівай чырванню.
— Ты ўсё адно не зможаш яе прадаць! — горача і злосна вымавіла яна. — Ты не ведаеш патрэбных людзей!
— Ды не збіраюся я яе прадаваць! — ляснуў Антон. І, апамятаўшыся, дадаў: — Таму што ў мяне яе няма.
Але цётка Аліна яго не слухала.
— Дурань, ты нічога неразумееш, — нервова казала яна. — Разламашкі для цябе — артэфакт, скарб, прадмет даследавання, ты напішаш пра іх нікому не патрэбную дысертацыю, якую прачытаюць і пахваляць два-тры прафесары... А сапраўдныя знаўцы Люфтавага майстэрства заплацяць шалёныя грошы за любую разламашку з нашай хатняй калекцыі!
Калі Аліна нарэшце сышла, Антон устаў пад халодны душ. Яго сэрца білася так, што грук, напэўна, быў чутны на першым паверсе. «Што адбываецца, — думаў ён, — што адбываецца?»
Пасля душа ён паведаміў Юліі, што прыхварэў і да вячэры не спусціцца. Пераапрануўся ў піжаму, замкнуў дзверы на ключ і з галавой лёг пад коўдру.
Абудзіў яго знаёмы ўжо шум — хтосьці зноў пераваліўся праз плот і рухаўся да дома. У гэты раз Антон і не думаў выглядваць у калідор. Ён толькі задуменна праводзіў таямнічага наведвальніка поглядам і пажадаў таму поспехаў. Можа, так яно і лепш — ціхай сапай, пад сховай цемры, чыніць свае справы. Хм, а гэта думка!
Праз сем хвілін Антон, ужо апрануты і абуты, выкінуў праз акно свой чамадан і выскачыў сам. Другі паверх яго не палохаў — тут было невысока. Ён спрытна прызямліўся на ногі. Замёр, прыслухаўся. Здаецца, яго ўцёкі пройдуць незаўважанымі.
У небе ззяла поўня. Антон загледзеўся на яе і ледзь не страціў прытомнасць ад нечаканасці, калі за спінай раздаўся голас:
— Ты адрамантаваў маю ляльку?
За ім стаяла Кіра і задуменна глядзела на чамадан.
— Яшчэ не, прабач, — прагаварыў Антон. Паяца ён пакінуў у пакоі, на падушцы, разам з нешматслоўнай цыдулкай.
Кіра таксама зірнула на неба і прагаварыла:
— А раптам поўня — гэта вялікая разламашка? І яна зусім не тое, што мы думаем, гледзячы на яе ў тэлескоп.
— Вялікі срэбны мандарын, які завіс у небе? — прамармытаў Антон.
Кіра зірнула на яго з цікавасцю. Пашастала ў кішэні, працягнула яблычную карамельку.
Адчыніліся ўваходныя дзверы, на ганку з’явілася бабуля і стала высвістваць Люфі.
«Чорт, не спіцца ж ім», — падумаў Антон, імкнучыся неўзаметку адфутболіць чамадан глыбей у кусты. А бабуля заўважыла іх і наблізілася.
— Не спіцца, моладзь? — бадзёра спытала яна. — Вось і мне не спіцца. Усё думаю, куды магла дзецца разламашка, які злыдзень выкраў яе, адзіную ўцеху маёй самотнай старасці.
— Знойдзецца, — буркнула Кіра непрыязна.
— Кіра, наша перлінка, — бабуля патрапала яе па шчацэ.
Пачулася гучнае дыханне, і вялікімі скокамі да іх наблізіўся Люфі. Бабуля ўзяла яго за ашыйнік.
— Ну, дабранач, дзеці. Не гуляйце доўга, начное паветра залішне свежае...
— Калі я і перліна, то няправільнай формы, — прагаварыла Кіра, як толькі бабуля і сабака схаваліся ў доме. — Не ўпісваюся ў сямейнае калье.
Антон усміхнуўся.
— Няправільныя перліны шануюцца даражэй за правільныя, — сказаў ён. — Дзядуля распавядаў табе пра знакамітыя каштоўнасці мінулых стагоддзяў?
— Ведаю, — працягнула Кіра нудным тонам. — Тулава вадзяніка, цела пеўня. Ці шмат радасці быць часткай кампазіцыі.
— А ты хочаш быць саліцёрам? — засмяяўся Антон.
— Лічу за лепшае зусім не належаць да класа каштоўнасцей, — сказала Кіра ўпарта.
— Навошта ты так? — здзівіўся Антон. — Табе выпаў гонар быць членам такой знакамітай сям’і, а ты хацела б быць біжутэрыяй, забаўкай?
— Разламашкай, — у тон яму адказала Кіра. — Я хацела б быць разламашкай. Драўлянай ці алюмініевай. Рэччу ў сабе. І каб нічые цікаўныя пальцы не ўлезлі мне ў душу.
— Хм, — Антон закашляўся, прыняўшы апошняе на свой кошт.
— Ды не, я не цябе маю на ўвазе, — прамовіла дзяўчынка. — Ты бяскрыўдны. — Яна ўсміхнулася. — Хочаш, пакажу табе дзядулеву майстэрню?
***
Яны прайшлі ў глыбіню саду, дзе стаяла маленькая скасавураная хацінка. Антон здзівіўся, што майстар Люфт, чые творы каштавалі нечуваных грошай, працаваў у такой развалюшцы. Кіра нібы пачула яго думкі.
— Дзядуля не дазваляў рамантаваць майстэрню, — растлумачыла яна. — Ён лічыў, што стары і рыпучы дамок, здольны навеяць больш цікавых думак. Так што тут і дах працякае, і падлога месцамі прагніла. І яшчэ. ты не баішся пацукоў?
Яны ўвайшлі ў цёмнае памяшканне, Кіра намацала і запаліла свечкі. Адчувалася, што яна часта тут бывае.
У майстэрні ўсё выглядала так, быццам гаспадар выйшаў на ганак пакурыць і вось-вось вернецца. На стале валяліся бінакуляры, ювелірныя абцужкі і некалькі тонкіх срэбных пласцінак, і двума круглымі каменьчыкамі быў прыціснуты да стала абрывак абгортачнай паперы са спехам накрэсленай схемай. Стос чарцяжоў віднеўся ў шафе за шклом. Там жа грувасціліся гэблі і пасаціжы, цюбікі з фарбай, скрынкі з пацеркамі ды чарапкамі, клубкі і звязкі абрэзкаў, пэндзлі і мастыхіны ў трэснутым гліняным гарлачыку. На падлозе звалены драўляныя калодачкі, лісты металу, скруткі дроту, стаяў паяльнік, у куце Антон заўважыў маленькае кавадла. Штосьці рытмічна грукала пад столлю. На сценах віселі карты ды малюнкі, звязкі іржавых ключоў, мяшэчкі з цвікамі і мяшэчкі з арэхамі, старая рыбалоўная сетка з вялікім зелянявым кухталём. Шкляны шар цьмяна мігцеў, свечка адлюстроўвалася ў ім. «Калісьці ён плаваў у моры, падумаў Антон, цяпер жа збірае пыл у душным пакоіку». Але ж не, пакоік не быў душным, тут пахла паперай, габляваным дрэвам, растваральнікам для фарбы і яблычнымі карамелькамі, якія адну за адной запіхвала ў рот Кіра.
— Арэхі — гэта для мяне, — растлумачыла Кіра, паказаўшы на мяшэчак. — Дзядуля казаў, што ад арэхаў разумнеюць.
— А ключы навошта?
Кіра ўсміхнулася.
— Дзядуля збіраў ключы. Заўсёды падымаў, калі знаходзіў на дарозе. Казаў, што да кожнага ключыка адшукаюцца дзверцы. Часам ён рабіў замкі для сваіх улюбёных ключоў, каб ім не было сумна без працы.
Антон усміхнуўся.
— Некаторыя лічылі яго вар’ятам, — сказала Кіра. — Ды што некаторыя. Усе, акрамя бабулі ды мяне.
— Людзі часта асуджаюць тое, чаго не могуць зразумець, — сказаў Антон. — Толькі абраныя здольны разгледзець у геніі — генія. Большасці значна прасцей абазваць генія — вар’ятам.
— Добра, што мае бацькі не геніі, — сказала яна. — Інакш мне давялося б таксама даказваць, што я не горш. А мне зусім не хочацца быць часткай нейкай параўнальнай канструкцыі.
Антон задумаўся. Ён таксама не лічыў сваіх бацькоў геніямі. Першым геніем у сям’і будзе ён. Прынамсі, так ён думаў яшчэ некалькі дзён таму. Сёння ж разважаў пра тое, як бы не стаць першым у сям’і катаржнікам.
— У будучым годзе я паступаю ў школу вытанчаных рамёстваў, — прамовіла Кіра, калі паўза зацягнулася.
— А мне яшчэ два гады вучыцца, — адазваўся Антон. — Будзем бачыцца.
Яна чамусьці збянтэжылася. Адвярнулася да акна. І праз хвіліну Антон пачуў
дзіўна знаёмы трэск. Падышоў да падаконніка. Кіра задуменна круціла ручку жоўтага млына-кавамолкі. Крылы млына круціліся супраць гадзіннікавай стрэлкі.
***
Раніцай ішоў дождж. Антон сядзеў ля расчыненага акна і трымаў у руках Кірынага паяца. Што ж не так з гэтай старой цацкай? Можа, усярэдзіне нейкі механізм, які акісліўся? Ці сілкаванне скончылася? Распароць бы гэту рознакаляровую скурку ды зазірнуць унутр. Хоць усярэдзіне ніякай механікі не прамацваецца. Так, грэчка ці дробныя каменьчыкі. Паяц глядзеў на яго бесцырымонна. «Куды табе, прасцяку, раскрыць сакрэт майстра Люфта», — казала яго вышытая ўхмылка. Не, тут штосьці іншае, нейкая хітрынка, падвох, і каб яго разгадаць, трэба было паставіць сябе на месца майстра Люфта, старога, якому раптам уздумалася сшыць сваімі рукамі ляльку для ўнучкі. Антон паглыбляўся ў роздумы. Здавалася, ён вось-вось ухопіць нітку.
Дзверы нечакана расчыніліся. Здаецца, у Юліі з’явілася благая звычка — урывацца кожную раніцу ў яго спальню. Добра б, каб па вяртанні ў школу гэтая звычка знікла.
— Ну вось і ўсё, — сказала Юлія, пстрыкнуўшы паяца па носе. — Рабаўніка арыштавалі, і выкрадзеная разламашка вось-вось вернецца пад утульнае бабуліна крыло.
— Што? — падхапіўся Антон. — Як жа так? Арыштавалі? Каго?
— Што? — падхапіўся Антон. — Як жа так? Арыштавалі? Каго?
— Адзінага, хто ў гэтым доме мог паквапіцца на чужую ўласнасць, — холадна вымавіла Юлія. — Маю стрыечную сястрыцу.
— Ёсць доказы? — спытаў Антон, спрабуючы здавацца спакойным.
— Ды якія там доказы, — яна паціснула плячамі. — Кіра і раней траплялася на дробязі, то грошы гаспадарчыя з кухні сцягне, то ключы ад кладоўкі. А цяпер вось на бабуліну спадчыну замахнулася. Нарэшце дзядзька Карл прыкусіць язык і перастане ўказваць маёй маці, як трэба правільна выхоўваць дзяцей.
Антон сядзеў на ложку і разгублена падкідаў паяца. Паяц шчэрыўся. Ён ведаў, хто быў сапраўдным вінаватым ва ўсёй гэтай мітусні.
— Так, дарэчы, нас усіх выклікаюць на допыт у паліцэйскі ўчастак, — сказала Юлія. — Давай пасля сняданку сходзім і скончым з фармальнасцямі.
***
Далейшае адбывалася, быццам у сне. Антон запомніў толькі забраныя ў краты вокны ўчастка.
«Не турма, але так падобна. А ў турму засадзяць зусім не вінаватага чалавека а я буду гуляць на волі. Я таксама невінаваты. Аднак разламашку ўзяў я. Ды яе ў мяне няма. Але хто мне паверыць?» — Ён сціскаў зубы, каб не застагнаць ад злосці і разгубленасці.
Дзверы кабінета адкрыліся, і дзядзька Карл вывеў цётку Аліну. Цётка прыціскала да твару хустачку.
У кабінеце апынуўся той самы паліцыянт, які ўчора папіваў наліўку ў доме Люфтаў. Цяпер ён дапытваў Антона і Юлію як сведак.
— Што вы рабілі ў доме Люфтаў? — грозна спытаў паліцыянт. Падаўшыся наперад, ён навіс над сталом, нібы жадаў учапіцца ў Антона зубамі і вырваць з яго прызнанне.
— Я прыехаў разам з Юліяй, — пачаў Антон, але дазнаўца яго перабіў:
— Я не пытаю, з кім ты прыехаў, блазнюк, я пытаю, для чаго ты пракраўся ў гэты дом, скарыстаўся гасціннасцю.
— Ён мой жаніх, — хутка адказала Юлія. — Прыехаў пазнаёміцца з сям’ёй.
— Дык гэта ж зусім іншая рэч! — расплыўся ва ўсмешцы паліцыянт. — Што ж ты маўчыш?
— Ды я. — сказаў Антон, але зноў быў перабіты:
— Ці бачыў ты выкрадзены прадмет?
— Адкуль жа ён мог бачыць, — жвава прамовіла Юлія, калі Антон яшчэ і рота раскрыць не паспеў.
— Наогул, — пачаў Антон.
— Наогул, — перабіла яго Юлія, — ён мог яе бачыць, у нас у школе ёсць альбом з фатаграфіямі разламашак.
— Увечар пятніцы, калі быў здзейснены крадзеж, што ты рабіў? Ці выходзіў падчас вячэры? — драпежна спытаў паліцыянт, утаропіўшы цяжкі падазроны погляд у збляднелага Антона.
— Падчас вячэры. я. — Антон запнуўся. Вось ён, момант сказаць праўду!
— Падчас вячэры ён вячэраў, — паспешна дадала Юлія, да болю сціскаючы Антонаву руку. — З-за стала не выходзіў. Мы ўвесь вечар трымаліся за рукі, спадар дазнаўца. У нас неўзабаве вяселле.
— О, мае віншаванні! — паліцыянт ізноў расплыўся ва ўсмешцы. Расплывацца было, відаць, яго прафесійнай звычкай, гэтак жа, як і падазраваць. — Што ж, мадэмуазель Юлія, пытанняў да вас у мяне больш няма. Вы нічога не жадаеце мне сказаць, малады чалавек? — раптам рэзка спытаў ён у Антона. — Улічыце, чыстасардэчнае прызнанне палегчыць вашу долю на судзе.
Антон рашыўся:
— Справа ў тым, што я, — пачаў ён, але тут жа абцас Юліі з усёй сілы ўпіўся яму ў ступню, і ён заскуголіў ад болю.
— Не я, а мы, дурылка, — ласкава прамовіла Юлія. — Мой жаніх хацеў сказаць, спадар дазнаўца, што мы будзем шчаслівыя бачыць вас на нашым вяселлі!
— Буду абавязкова, калі гэта не пойдзе насуперак з маім службовым абавязкам, — падміргнуў паліцыянт і дазволіў Юліі выцягнуць размяклага Антона з кабінета.
Антон ішоў дахаты ў засмучаных пачуццях.
«Што ж гэта дзеецца? З-за яго дзівацтва, жадання разгледзець разламашкі, бедная дзяўчынка сядзе ў турму? Не, трэба вярнуцца і прызнацца. Але ці павераць яму? І калі павераць, то яшчэ чаго добрага засадзяць разам з Кірай. А чалавек, які сцягнуў разламашку з тумбачкі, будзе на волі пракручваць свае цёмныя справы. Не, так не пойдзе», — І Антон вырашыў з чыстасардэчным прызнаннем пачакаць.
— Ох, Антошка, — сказала Юлія загадкавым голасам. — Глядзі, не нарабі глупстваў.
Антон толькі ўздыхнуў.
***
Абедзенны стол пуставаў. Толькі бабуля сядзела на сваім месцы, пагладжваючы залаты ключ, ды мадам Клара хадзіла сюды-туды з талеркамі і падносамі. Яна напявала сабе пад нос і выглядала шчаслівай, і гэта ў такі момант! Здаецца, яе зусім не хваляваў лёс пляменніцы. Антон падзівіўся падобнай чэрствасці. Дарэчы, бацька Юліі ўсё яшчэ не вярнуўся з камандзіроўкі, і, мабыць, мадам на ўсю моц гэтым карысталася, кожную ноч прымаючы таямнічага госця.
Падчас дэсерту зашоргала на пад’яздной дарожцы машына, і ў дом уваліўся стомлены дзядзька Карл, ён на хаду адшрубоўваў корак з бутэлькі віскі. За ім ішла цётка Аліна з насупленай Кірай.
— Навошта вы прывезлі дзяўчынку дахаты? — буркліва спытала бабуля. — Жадаеце, каб яна яшчэ што-небудзь спёрла?
— Абвінавачванне знята, — сказала цётка Аліна ўрачыста. — У іх няма аніякіх доказаў. Прэзумпцыя невінаватасці, чорт бы яе пабраў, усё яшчэ дзейнічае ў нашай краіне. Вечарам у дом прыйдзе паліцыя з сабакамі, якія па паху адшукаюць гэту разламашку. І вы ўбачыце, што ўзводзілі дарэмшчыну на дзіця.
Усе ўселіся абедаць. Мадам Клара замітусілася, разносячы стравы. Зрэшты, ніхто не зважаў на ежу. Бабуля прамовіла доўгі маналог пра сучасную юстыцыю і прапанавала ўвесці прэзумпцыю вінаватасці, а менавіта — выпускаць на волю толькі тых, хто падасць доказы сваёй невінаватасці, а ўсіх іншых трымаць за рашоткай, вось так яно спакайней. Цётка Аліна злавалася і курыла. Дзядзька Карл маўкліва напаіваўся. Кіра глядзела ў падлогу, і твар у яе быў, як у маленькага злога эльфа з сярэднявечных гравюр.
Антон сядзеў бы на іголках. Мала прыемнага, што з-за цябе ў сям’і такі разлад, усе перасварыліся, усе адзін аднаго падазраюць. Але разам з тым ён адчуваў і тое, што разлад у гэтым сямействе пачаўся не сёння і не ўчора, а значна раней. Ён са здзіўленнем думаў: «Цікава, а якім быў майстар Люфт? Такім жа падазроным і з’едлівым, як яго жонка? Гэтак жа нервова паліў, як цётка Аліна, вечна знікаў, як загадкавы бацька Юліі? Каго ён больш любіў, сваю ціхоню дачку Клару, усеагульную прыслугу ды кухарку, ці аматара закласці за каўнер дзядзьку Карла? А можа, ён быў расчараваны ў дзецях і спадзяваўся на ўнукаў? Наўрад ці яго ўлюбёнкай была Юлія, якая марыць хутчэй выйсці замуж і з’ехаць з гэтага дома, далей ад сумных разламашак. Хоць і Кіра не цалкам адпавядала ўяўленню Антона пра ідэальную ўнучку. Дзіўная дзяўчынка, скрытная, паспрабуй зразумей, хто яна насамрэч, рамантычная натура, якая любуецца поўняй, ці замкнёны падлетак, што крадзе грошы? Стоп, я ж ведаю выдатна, што яна нічога не крала, падумаў ён злосна. А ў дом хутка прыйдуць сабакі і адшукаюць след разламашкі. Хтосьці ж узяў яе. Хутчэй бы ўсё скончылася.»
— Дарэчы, малады чалавек, паліцыянты загадалі, каб з дома ніхто не выязджаў, — папярэдзіў дзядзька Карл.
— Але як жа? У мяне заўтра раніцай цягнік, у мяне заняткі ў школе, — замямліў Антон.
— З’едзеце — гэта будзе падобна да ўцёкаў, — паціснуў плячамі дзядзька. — Мая справа — папярэдзіць.
***
Пасля абеду Антон стаяў на ганку і разглядаў кусты, спрабуючы ўспомніць, куды ўночы схаваў чамадан.
— Ты чаго такі змрочны? — неўзаметку падышла Юлія і тузанула яго за рукаў. — Пойдзем у сад, прагуляемся.
Яны ішлі па сцяжынцы. Справа і злева тапырыліся плямістыя альстрымерыі. «Цікава, хто ў гэтай сям’і даглядае сад, няўжо ўсюдыісная мадам Клара?»
— Ты б не гультаяваў, а абдумваў мой дыплом, — сказала Юлія. — Перлінавыя каралі, ведаеш, не любяць мітусні. Нядобра ўсё пісаць у апошні дзень. Ты склаў план?
— Склаў, — Антон уздыхнуў. — Ты не турбуйся. Там усё ўлічана, выгляд перлін, таўшчыня нітак і сны, якія сніліся ракавінкам у дзень перад раскрыццём.
Юлія, не міргнуўшы вокам, праглынула апошні сказ. Паківала з разумным выглядам.
— Паслухай, — сказаў Антон шчыра. — Ты што, сапраўды нічога не памятаеш?
— Ты гэта пра што? — падазрона спытала Юлія.
— Пра вечар пятніцы. Пра тое, як ты прывяла мяне ў бабулін пакой, паглядзець на разламашкі.
Юлія засмяялася.
— Жартачкі ў цябе дурныя.
— Я не жартую! Ты што, не памятаеш, як сама дала мне ў рукі разламашку? Срэбны мандарын з шасці долек, на адной з іх лісток з кропелькай расы.
— Што? — ахнула Юлія.
— Там і твае адбіткі пальцаў, — дадаў ён злосна.
— Гэта, вядома, вар’яцкі смешна, — сказала Юлія. — Я, вядома, выдатна напілася за вячэрай і дрэнна памятаю той вечар. Але бабулін пакой замыкаецца на ключ, і ключ бабуля носіць на шыі, ты бачыў гэтую блямбу, абсыпаную дыяментамі. Каб пакой быў не замкнёны — гэта выключана! Так што пры ўсім жаданні мы не маглі туды ўвайсці і штосьці выкрасці, жанішок.
Антон нахмурыўся. Яна што, здзекуецца?
А Юлія раптам нахмурылася таксама.
— Значыць, з шасці долек, лісток з кропелькай расы? — прагаварыла яна. — Але адкуль ты ведаеш такія падрабязнасці? У каталогу няма фатаграфіі мандарына, бабуля ніколі не паказвала яго журналістам. Хочаш сказаць, што ты трымаў яго ў руках?