Подых навальніцы - Иван Мележ 15 стр.


Ішоў к Глушаку так жа набычаны, з тым жа нязводным позіркам. Прыгорблены гадамі, ён ступаў неяк нядужа, валачыў ногі, i, каб не веданне, думкі не было б, што ён на такое здатны. Толькі вочы выдавалі яго, ды — рукі… Сядзеў за сталом усё такі ж набычаны, рукі з чорнымі растапыранымі пальцамі трымаў перад сабой. Глушак гаманіў даверліва i лісліва: прыязнымі i вострымі вочкамі бегаў то к Хролу, то к Хролісе, то зноў — к Хролу; як ні быў растрывожаны, не парушыў звычкі — вязаў спачатку гаворку дробную, для прыліку. Хрол маўчаў, Хроліха ж памагала Глушаку, снуючы з сянец к сталу, бавіла госця i загародскімі навінамі i сваімі скаргамі. Падзялілася не толькі навінамі, але i пляшкай самагонкі i закускаю: Глушак скора пачуў, як агонь, уліты самагонкаю, перамяшаўся з агнём злосці, які пёк ад самай гаворкі з Апейкам. Тут i развязаўся ў Глушака язык — стаў выліваць усё, што паліла не адзін дзень; прыпомніў i "васпаватага", i "гада латыша", i "заразу з воласці". He выліў усяго, калі маўклівы Хрол раптам п’яна адрэзаў:

— Так i трэба!

— Што?.. Што, сказаць… трэба?

— Душыць!.. Чавіць вас трэба!

Глушак скрыжаваў з ім здзіўлены позірк. Хрол не жартаваў, глядзеў так важка, ненавідна, бы хацеў i сам "чавіць". Хроліха заступілася за госця, паспачувала: "І ў нас жа тое". Глушак не ведаў, што казаць. Мімаволі падумаў з ніякавасцю i павагай да Хрола: "Еты — задушыць i не ікне!" Заўважыў — чорныя дужыя пальцы на стале варушыліся.

— Склізні!.. — пагардліва скрывіўся Хрол. — Даждаліся!.. Чаване басота вас — склізь пацячэ! Адна склізь будзе!.. Даждаліся!..

— Не мамент цяпер, — вінавата i як бы павучаючы, запярэчыў Глушак. — Сіла ў ix цяпер!.. Галавою сцену не праб’еш! — Ён заўважыў: Хроліха згодна ківала. — Не мамент!

Хрол зноў скрывіўся:

— Склізні!..

Зноў выпілі, доўга, аж Глушаку маркотна стала, маўчалі. Хроліха паспрабавала была перабіць маўчанку, але Хрол так зіркнуў, што яна анямела. Сядзела ўжо, са страхам гледзячы на Хрола. Хрол толькі вачыма павёў на дзверы, i яна знікла.

Хрол таропіў кудысьці ўсё той жа важкі позірк, толькі пальцы — заўважыў Глушак — заварушыліся нецярпліва, дужа. Стала аж нядобра адзін на адзін.

— Падцікаваць — ды!.. — Крывыя пальцы сціснуліся, скруціліся люта. — Штоб i не крэкнуў! — Упяў вочы ў Глушака, скрывіўся: — Няма… Склізні!..

Глушак сказаў, што "Гепеву" толькі i цікуе, каб выткнуўся хто: зразу прыляціць, зразу — пад рэвальверы, але Хрол адно скрывіўся. Добра, акурат налучыўся Хролаў хлопец, загарэлы, жвавы, паціснуў дужа руку, прысеў да стала. У куточках тонкіх, сцятых губ мільгнула прыхільная ўсмешачка. Глушак ахвотна ўхапіўся за яго роспыты пра Яўхіма, павёў лягчэйшую гаворку.

— А ты чаго ж, не думаеш жаніцца? — пацікавіўся знарок весела Глушак. Успомніў раптам яго мянушку: "Цацура".

— Ды от ждаць, глядзець прыходзіцца! Чорт жа яго знае, што шчэ будзе! — Цацура засмяяўся. — Ці трэба шчэ цяпер той хамут — жонка?

Глушак, хоць улавіў нібы намёк на Яўхіма, засмяяўся невясёламу Цацураваму жарту. Пахваліў за розум.

Яшчэ трывожней было на душы ў Глушака, калі ехаў ад Хрола. Браўся напрасткі, цераз балота; хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень, вышэй калень. Балота было тут не так шырокае, толькі ўправа i ўлева зялёнае куп’ё цягнулася немаведама куды; пакуль вочы бачылі, зелянелі куп’ё, асака, рэдкія, чэзлыя кусточкі, а ўперадзе бераг быў недалёкі. Адно перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Тут было трохі намошчана галля, але, гнілое, асклізлае, было яно так уціснута ў твань, што i на ім конь груз па пуза, а вада рачная падмачыла Глушака на возе. На самай сярэдзіне рэчкі ледзь не ўгрузлі зусім, Глушак думаў ужо, што давядзецца лезці ў гразь, памагаць каню, але конь усё ж выпяў калёсы на бераг. Тут ужо недалёка была цвёрдая дарога, колы пакаціліся па пясчаных каляінах.

Глушак як за туманам бачыў i гэтае балота, i пустое пясчанае поле, i цёплы хвойнічак пры дарозе. У вушах сядзела, не ўціхала пагардлівае Хролава: "Склізні!", чуў увесь час: "Так i трэба вам!.. Расчавяць вас!.." Спрачаўся ў думках, даводзіў: не час, "не мамент", ведаў, што няма чаго i зубы паказваць — абламаюць зразу, — а Хролавае: "Склізні!" — усё не ўціхала.

"Ухапіся толькі за карак які пальцамі сваімі — секануць так, што i рукі не вернеш! Не тое што рукі, a i галавы! Сіла, улада ў ix! Ге-пе-ву!.. Буў час — калі палякі, немцы булі. Сплыў!.. Астаецца толькі ждаць — калі Бог зноў верне!" Але калі ўспамінаў Апейку, падатак, які чакаў яго ў Куранях, злосць, вялікая, на ўвесь свет, залівала ўсяго, усе развагі. Нельга было чакаць. Не было змогі чакаць. Трэба было рабіць штосьці. Што?!

Ледзь распрог каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы — паявіўся Яўхім. Прыкурыў ад вугалёчка пры печы, сеў на сваё звыклае месца ля стала, глянуў насмешліва.

— Ну, што, дабіліся, тато, праўды?

— Дабіўся… — Глушак штосілы чвякнуў пастол пад лаўку.

— Трэба було праверыць!

Глушаковы рукі неслухмяна задрыжалі. Не мог развязаць абору на другім пастале. Раптам плюнуў, закрычаў Яўхіму:

— Трэба, не трэба! A i на ражон — няма чаго лезці! Жыць надаело?!

— Не надаело, — як бы павінаваціўся Яўхім. — Толькі ж — i так жыць… Нудно!

— Ну, дак выткніся шчэ раз! Мо — у Гепеву возьму ць! Весялей будзе!

— А, усе адно! Як так жыць! — у Яўхімавым голасе былі такія нецяргілівасць i бясстрашнасць, што стары глянуў з трывогай.

— Дурань! — узяў Глушака жаль.

Яўхім перамаўчаў. Дакурыў папяросу, паслініў абкурак, ляніва ўстаў. Кінуўшы абкурак у сметніку ля печы, ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы.

Было цемнавата, i Глушак запаліў лямпу. Выняў з каробачкі векавечныя акуляры, зачапіў вяровачкай за вуха. Па ўсім было відаць, што бярэцца за справу сур’ёзную, важную: з такой сур’ёзнасцю толькі маліўся ды — апошні час — чытаў газеты. Цяпер на стале былі газеты; ён разлажыў ix па парадку — "Савецкую Беларусь", "Бедноту", "Правду". Узяў першую, схіліўшыся да святла, вострымі, тхарынымі вачыма пабег па лісце, пакуль не знайшоў — "Весткі з-за мяжы".

У гэты вечар пашанцавала: рукі нецярпліва задрыжалі, калі разабраў вялікія чорныя літары: "Польшча рыхтуе вайну". Так было напісана, чорным па беламу; другі раз прачытаў: "…рыхтуе вайну"! Поўны надзей, ад якіх аж млела ў грудзях, уліп у газету, варушачы сухімі губамі, разбіраў слова за словам. Толкам нічога не было, усё пісалі паогул, але i гэта радавала, абнадзейвала: сам Ленін унь казаў, так i напісана — яшчэ ў 20-м годзе, — што Польшча імкнецца на Беларусь i Украіну! А от жа дык проста напісана: "Польшча ўзбройваецца пры дапамозе чужаземнага капіталу!.." Нібы спецыяльна для яго, каб ведаў, каб не сумняваўся!

У другіх газетах — недарэмна, значыць, патраціўся — вычытаў, што на савецкую зямлю ўчыняюць наскокі белагвардзейскія i кітайскія атрады. Гэта, праўда, не так цешыла, было чорт ведае дзе, як на тым свеце; ды i артыкул быў увесь злы, усё гразіўся тым кітайцам i белагвардзейцам даць адпор, але i гэта падтрымлівала надзею: вайна збіраецца! От яшчэ: "Кітайскія драпежнікі рыхтуюцца да новага нападу… Кітайскія генералы групуюць значныя вайсковыя сілы каля нашай мяжы… Хочуць справакаваць вайну!.."

Аж пот узяў. Ужо не было нібы кволасці, калі чытаў, што хлебанарыхтоўкі трэба выканаць поўнасцю i ў тэрмін, што трэба бязлітасна ўдарыць па варожых кулацкіх элементах, якія будуць імкнуцца сарваць важнейшую дзяржаўную кампанію. Усё ж усярэдзіне кіпела, са злосцю ўпаўзала i трывога. Ён зняў акуляры, паклаў у каробачку. Стаў на калені перад абразамі.

У цемры, на палацях, апанавала чутае, бачанае за доўгі, марны дзень, зноў убачыў чаргу ў юравіцкай бакоўцы, Апейку, Хрола. Зноў запякла злосць, ледзь згадаў: "Нам трэба многа хлеба". Трасцы, хваробы вам, а не хлеба! Ён сам не заўважыў, як зашаптаў гэтыя словы так, што старая побач заварушылася. За хвілінай ненавіднасці да яе — пайшлі думкі пра Хрола, пра Яўхіма. Дурні, самі гатовы падставіць галовы пад калёсы! Падстаўце, калi жыць надакучыла! Падстаўце, пабачыце! Гепеву сама рада будзе — ціскане так калёсамі, што галовы дурныя хрупнуць, як гарбузы!.. Падставіўшы галаву пад калёсы, не астановіш ix! Сіла трэба! На сілу — сіла! Падтрымка трэба! Вайна! Адна надзея — вайна!.. Са злосцю падумаў: пішуць усё — будзе, будзе, а — не, няма! Усё — "гатовяцца", "гатовяцца"! Як ні балела душа, розум вялеў: "Не час! Ілбом сцену не праб’еш! Ждаць — адно астаецца. Маліцца Богу ды — ждаць! Адно — ждаць маменту!"

Раздзел шосты

1

Пасля таго як дакасілі, разам ужо выходзілі i жаць. Станавіліся ў рад, зажыналі ўсе адразу i ішлі так, згінаючыся, кладучы за сабой снапы, пакуль на паласе не жаўцела адно пожня. Разам састаўлялі бабкі. Калі зжыналі адну паласу, гуртам, гамонячы, ішлі ўсе на другую.

Разам i звозілі снапы. Яшчэ кожны на сваім возе, сваім коніку, але ўжо не на свае гумны, а на прызначаныя. Жыта — у Хведарава гумно, авёс i пшаніцу — у Грыбковае, а грэчку i проса — да Алёшы Губатага. Гэта больш за ўсё ўражвала куранёўцаў. Усё ж стагі i бабкі, хоць i касілі i жалі разам, стаялі ў кожнага на сваім надзеле, былі яшчэ нібы сваімі, асобнымі. Тут пачыналася ўжо іншае.

Легка было заўважыць, што падзея гэта тых, хто рабіў на сваіх палосах, хвалюе, як i на лузе, па-рознаму. Адны бралі ўсё вельмі спакойна, як далёкае, чужое: што нам да таго, куды вязуць, хай хоць у балоце патогіяць! Другія глядзелі не толькі цікаўна, a i як бы непакоіліся: трэба ж на такое асмеліцца, не пабаяліся. Трэція толькі галовамі круцілі, судзілі нядобра між сабой, прарочылі, што ўсё гэта ні да чаго, дурныя выдумкі. Як бы хвалячыся гаспадарлівасцю, мудрасцю сваёй, даводзілі адзін аднаму, што яны — не такія дурныя, што трэба глядзецца свайго, надзейнага. Адны пазіралі на вазы, што паўзлі ў чужыя гумны, моўчкі, з нейкім думаннем, друпя — чапляліся, падсмейваліся: "Месца ў сваіх мало ўжэ?.. Ці — лішняе?", "Ці ето таму, што Грыбок лепей пасцеражэ?", "Так весялей, мабуць: аддаць сваё, а патом ждаць, калі Міканор падзеліць? Выдзеліць жменю з твайго ж дабра!.."

А потым пайшло яшчэ: калі пажалі, звезлі ў гумны ўсё, сталі зводзіць разам кароў, коней, звозіць вазы, плугі. У той дзень усе, хто быў у сяле, выбеглі на вуліцу, каля кожнай хаты, каля кожнага штыкетніка стаялі, глядзелі жанкі, мужчыны, дзеці. Гуртам, найбольш, праўда, дзеці, рушылі ўслед.

— Дзядзько Іван, — гарлаў Ларывон Зайчыку, што тупаў побач з возам, які цягнуў сівы, стары конь, — чаго ето твой рысак так неахвотно цягнецца? Як усе адно — у калгас не хоча!

— Не хапаецца! — падчапіў Хадосьчын бацька. На ўвесь голас пакпіў: — Несазнацельны, нібыто!

— Дай яму пад пузо, паганаму! — параіў Ларывон, давольны тым, што слухае столькі народу. — Кеб бег i другім пры клад наказу ваў!

Зайчык стаў, пацягнуў за лейцы, спыніў старога каня. Весела, паморгваючы, павёў позіркам на тых, што стаялі каля платоў, што ішлі ўслед.

— Няма мне, братачко, хапацца чаго! Я, братачко, усе адно — першы! Ето ты будзеш бегці, штоб не апазніцца! Аж хвост задзярэш, як Халімонаў бугай!..

І тыя, што каля платоў, i тыя, што ішлі ўслед, зарагаталі. Зарагаталі таму, што гэта казаў Зайчык, i таму, што згадалі дурнаватага бугая, i таму, што Бугаём дражнілі ж i Ларывона. Ларывон пачырванеў злосна, але, зірнуўшы на Яўхіма, што стаяў поблізу, стрымаўся.

— Глядзі, штоб ты не ляцеў, задраўшы хвост, ca свайго калхозу!

— Я, братачко, бегаць так не ўмею! І хваста не задзіраю!.. Не тая, братко… скаціна!

Зайчык пад рогат пайшоў зноў, не слухаючы, што там спрабуе адказаць Бугай. Чародка цікаўных, смеючыся, падалася уелед.

— Куды ето, кумочак? — еўстрэла Сарока, якая толькі што горача, размахваючы рукамі, спрачалася пра нешта з гуртком жанок. Голас быў ліслівы, прытоена хітры. — Як усе адно — у прымы!

— У прымы! Хацеў, кума, к табе, ды перадумаў — старая ўжэ ты для мяне! Я i маладзейшую найсці магу!

— Дак маладая — не вельмі па табе ўпадае! Абяшчае не на ўцеху, а так, для смеху! Напражэ скварак, а — дасць у карак!.. — Перастала рагатаць. — У калгас ето?

— У гурт, братачко. — Падчапіў: — Хадзем мо разам, кеб весялей було!..

— Ідзі, кумочак, покуль адзін, — весела, але неяк сур’ёзна сказала Сарока. — Паспьггай — які смак, а тады ўжэ нам дай знак! — Яна азірнулася на жанок. — Як соладка будзе, уся каманда прыбудзе!.. А як горка на смак, паўзі назад, як рак!..

— Старая ты, баязлівая! — плюнуў Зайчык, падаўся сваёй дарогаю.

Заехаў на Міканораў двор, дзе з Міканорам стаяла некалькі калгаснікаў i цікаўных, здаў плуг, барану, распрог каня, здаў збрую. Міканор усё запісаў у зялёны вучнёўскі сшытак, напісаў усяму цану.

— От цяпер — калгаснікі па ўсёй форме! — сказаў, калі Зайчык паставіў пад спісам нейкую крывулю. — А то толькі, не сакрэт, назва адна була!

— Цяпер калгаснікі — на сто працэнтаў,— адгукнуўся Андрэй Руды. Растлумачыў Зайчыку: — Самае аснаўное: абагульненне імушчаства!

— Самае аснаўное, братачко, — засмяяўся Зайчык, — ето — асмеліцца! Я ето набраўся смеласці шчэ на лузе! Хоць — галавою цёмны! А ты от хоць грамацей i ўсё знаеш, а от глядзіш усё збоку! Аб’ясняеш усё, братко!

— Правільно ўцэліў, дзядзько Іван! — пахваліў Зайчыка Міканор. — Другіх вучыць, а сам убок туліцца! Калені дрыжаць, мабуць!

— У етом нічого дзіўнаго, — разважна, спакойна прамовіў Руды. — На перадавой, як у бой ісці, граматныя заўсягды булі самыя нясмелыя! Усе адчайныя героі на перадавой — з простых людзей, няграматныя, як правіло. І ў етом, як разабрацца, — нічого дзіўнаго. Граматны чалавек — ён знае, так сказаць, што да чаго, думае багато. А ето, следавацельно, мяшае геройству. А няграматны — ён зразу рашае. Ці грудзь у крастах, ці — галава ў кустах.

— Ето няправільная цеорыя! — запярэчыў Міканор. — У нас цяпер самыя героі — граматныя! На тое савецкая ўлада i стараецца, штоб граматныя булі ўсе! Да i тое няправільно: што ў калгасе галава можа буць у кустах!..

Руды хацеў нешта сказаць, апраўдваючыся, але на двор ехаў Алёша Губаты з возам.

— Ну, пара i табе ў калякціў, сівы! — Зайчык заўважыў блізка аднаго са сваіх малых, пазваў: — Антось, хадзі! — Пасадзіў бялявага, з тонкай, гусінай шыяю, малога, які шчасліва ўчапіўся ў чарнаватую грыву. — Дзяржыся, братко!.. — Падбег яшчэ адзін Зайчыкаў малы, ухапіўся, тузануў: "І — мяне". Зайчык пасадзіў i гэтага. — Дзяржыся за Антося! Пад рукі абдымі, от так!.. Дзяржыцеся адзін за аднаго, байструкі бацькавы! Апошні раз на аднаасобным едзеце! — Ён крануў за аброць сівага.

2

І ў гэты дзень тыя, што назіралі збоку, глядзелі парознаму: адны — чапляючы смешкамі, друпя — гамонячы, спрачаючыся між сабой, трэція — моўчкі, хаваючы ў сабе сваё думанне. І тут былі такія, што глядзелі на ўсё абыякава, як на чужое, i такія, што хваляваліся, нібы гэта i ім неяк абыходзіла; нібы з гэтым i ў ix нешта магло змяніцца. Але хоць гэта было падобна да таго, як глядзелі раней, можна было заўважыць i тое, што неспакойных i неспакою цяпер было багата больш; ледзь не кожнага ў Куранях хвалявала незвычайная падзея: цікаўнасцю, надзеяй, трывогаю, злосцю…

Небагата было такіх, што, паглядзеўшы, як калгасаўцы зводзяць i звозяць дабро ў гурт, адразу вярталіся на свае двары, да звычайных клопатаў. Ледзь не ўсе хваляваліся тым незвычайным, што дзеелася на вачах. Яшчэ большыя, як на Міканоравым, таўкліся натоўпы на Хведаравым i Хоневым дварах. Асабліва гоману, тлуму было на Хведаравым двары, дзе стаўлялі ў хлеў кароў i дзе неспакойна стракацелі амаль адны жаночыя хусткі ды спадніцы.

Тут былі i цікаўнасць, i здзіўленне, i смех, i слёзы. He толькі тыя, што прывялі кароў, але i проста цікаўныя ціснуліся ў варотах, лезлі ў хлеў, глядзелі, быццам немаведама якое дзіва. Каровы, што стаял i ў загарадках, касавурыліся неспакойна на суседак, на людзей, што невядома чаму лезлі да ix, — вадзілі дзікавата галовамі, настаўлялі рогі, слалі на людское рознагалоссе тужлівае рыканне.

Жанкі-калгасніцы, шамочучы свежай, сухой саломай пад нагамі, рупіліся каля кароў, круціліся каля кульгавага Хведара, што як гаспадар дыбаў на мыліцах, пакрыкваў на жанок, дабіваючыся парадку, каля Хведаравай Вольгі, прызначанай даяркаю.

— Пастаў далей ад етай, ад Зайчыкавай, Хведарко! — прасіла ціхая, нібы сарамлівая Алёшава сястра. — Кручаная ета, Зайчыкава! Праткне рогам, пабачыш!.. Перастаў, Хведарко!

Назад Дальше