— Не праткне! — мірна, але непахісна заяўляў Хведар. — Чаго ёй пратыкаць! У адным калгасе, лічы!.. Пайшла б ты, Арына, лепей було б, ей-бо!
— Штоб карміла добра i — штоб ласкаво з ёю! — раіла Зайчыха, за падол якой трымалася смаркатае малое. — Як накорміш ды як ласкаво падступіш, дак дасць нешто. Не глядзі, што такая!.. Трэба ласкаво, як доіш!
— Ласкаво буду! — клялася Вольга, прытоена радасная, паважная — ад нязвыклай яшчэ пасады. Была яна сёння асабліва акуратная: у зграбным, пашытым Хведарам каптанчыку, у ботах, у прыгожа завязанай хустцы, з якой выглядваў бялявы, акуратны тварык з гладка зачасанымі валасамі.
— А чаго ето, цётко, слёзы ў цябе? — пыталася Нібыта-Ігнаціха Дамеціху, што журботна гнулася, уздыхала. — Як усе адно сына ў салдаты адпраўляеш! Шкода?
— А не шкода, Аўдоцечко? Шкода! Ето ж, як падумаю— як нажывалі яе, як выбіралі… Як цешыліся… Наглядзецца год не магла… Ноччу, бувало, прачнуся, такая радасць возьме… Устану, ей-бо, пайду, пагляджу… Стаю, не нацешуся. Патом ужэ вярнуся. І так добра на душы. Так i засну… Такая добрая папалася! У свеце другой такой, здаецца, няма!..
— Міканор жа ваш усё, цётко, распарадзіўся! Мог, калі на тое, i ўважыць матку!
— Не можа, казаў! Як я, казаў, старшына, то — першы павінен, казаў, прыклад паказуваць! Шчэ й загадаў, штоб слёз не пускала! Асабліва — на людзях! Не ганьбіла кеб — казаў. А я от — не магу!.. У свеце другой такой, здавалася, не було!.. Як успомню, як нажывалі! Як ноччу ўставала, штоб паглядзець! Дак не магу! Хоць што — не магу! Горно!..
У вароты ўсё ціснуліся, усё круціліся ў хляве.
Рахманы Хведар пачынаў злаваць, не на жарт замахваўся мыліцаю:
— Адыдзіце, бабы, ей-бо! На двор хоць выйдзіце! А то — от не пагляджу — кастылём каторую! Не пагляджу — па рэбрах, ей-бо! Шпіктакль найшлі! Кароў толькі пужаеце, пужалы чортавы!
— Жанкі, усё дагледзім! Нічыю не абідзім! — лагодна, разважна памагала свайму чалавеку Вольга.
Але ўсе ціснуліся. На змену тым, што адыходзілі, уціскваліся друпя, цікаўна ўглядваліся, гаманілі, смяяліся. Увесь час лезлі, шнырылі між дарослых дзеці; штурхаліся, дурэлі, нібы на вяселлі. Было некапькі i мужчын, сярод якіх увага жанок адзначала асабліва старога Глушака, Нібыта-Ігната, Пракопа Лесуна. Стары Корч глядзеў вельмі ўважліва i з павагай; калі хтосьці, паддобрываючыся да старога, сказаў, што каровы i тыя не хочуць разам жыць: вунь, як шядзяць адна на ад ну! — стары спакойна паправіў:
— Прывыкнуць! Скаціну да ўсяго прывучыць можна! На тое — скаціна!..
Нібыта-Ігнат кінуў нейкія насмешлівыя заўвагі, плюнуў. Лясун глядзеў моўчкі, панура; слова не выцягнуў, так i пасунуўся з двара, не гледзячы ні на каго, не зважаючы на тых, хто цікаўна глядзеў услед.
Сярод жанок, што тоўпіліся на двары, найбольш хваляваліся Чарнушкава Куліна i Сарока.
— Як хто, а я — штоб такое зрабіла калi! — Кул i на круціла гапавой, з чырвоным, злым тварам, клялася перад усімі: ніколі, нават пад прымусам!
— Жызня будзе: прыйдзеш з работы — ніякай турботы! — растарэквала адважна Сарока. — Hi каровы, ні свіняці — адны сцены ў хаце!.. Любата!
— Як ето яно будзе? — трывожылася Васілёва Маня. — Добра, як у каго няма нічого!
— Aгe! — запярэчыла нявестцы Васілёва матка. — Не шкода хіба! Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля!
— Карова — ето не кашэль! — сказала НібытаІгнаціха.
— То-та i яно!.. Што ето, праўда, будзе — са ўсёй етай выдумкі?..
На Хоневым двары былі найбольш мужчыны. Туг таксама тоўпіліся каля варот, зазіралі ў хлеў Некаторыя, i калгасаўцы i проста цікаўныя, хадзілі ў хляве, каля коней. І на двары, i ў варотах шнырылі дзеці, ва ўсім падобныя на тых, ніто былі на Хведаравым двары. Мужчыны рабілі ўсё больш паважна, чым жанкі,— i меркавалі, i пасмейваліся стрымана, як i належыць мужчынам. Багата хто былі нязвыкла задуменныя, ледзь не ўсе курылі.
— Хлеў спаліце, чэрці! — крычаў Хоня, што распараджаўся ўсім. — Выйдзіце адсюль! Не сход вам!.. Коней толькі трывожыце, аднаасобніцкія душы!
— Правільно, Хартон! Гані! — падтрымаў Хоню Міканор, што ўвайшоў вясёлай, дужай хадою. — Як ісці разам, дак не хочуць, а як глядзець — дак сяло цэлае!
— Дак кеб жа ўткнуць голаву куды, — адгукнуўся Міця-ляснік, — глянуць наўперад трэба!
— Глядзіце, не сакрэт, вельмі доўго!..
— Дак ето ж не абы-што!
Міканор, як i належыць старшыні, пачаў аглядаць канюшню, праверыў, як пастаўлены коні, якое сена палажылі. Па тым, як трымаўся ён, што рабіў i як рабіў, усе маглі — усе, у каго вочы, павінны былі бачыць, што ў калгасе цвёрды, надзейны гаспадар.
— Штоб корм, Хартон, даваў па рэжыму, у паложаны час, i па рацыёну, — распарадзіўся Міканор. — Кеб ніякіх парушэнняў. Па ўсіх законах навукі. Як дагаворано!
Хоня тым тонам, якім i трэба адказваць на распараджэнне, запэўніў, што ўсё будзе рабіць як належыць. У гэты момант, ні трохі не лічачыся з тым, што побач такі важны чалавек i ідзе такая сур’ёзная гаворка, Хонева кабыла грызнула Міканоравага каня, i той віскліва заржаў i брыкнуўся. Кабыла зноў драпежна выцягнула морду, конь крутнуўся, кінуў капытамі. Пры высокім начальстве, нібы знарок, усчалася паганая, старая бойка — з віскам, з брыканнем, з агіднай злосцю. Хоня рынуўся да коней, аперазаў пугаю мышастую сваю, супакоіў каня.
— Коні — i тыя!.. Кусаюцца! — як узрадаваўся хтосьці з тых, што ціснуліся ў варотах.
— І дзяліць няма чаго, сена ўсім адзінакаво! А — брыкаюцца!
— Харакцер шчэ, не сакрэт, аднаасобніцкі! — хацеў адбыцца жартам Міканор.
— Несазнацельныя! — падчапіў хтосьці.— Не гатовыя шчэ!
— Ето яна, браточкі, любячы, — ускочыў у гаворку Зайчык. — Штоб гуляў з ёю! А не драмаў!
— Нічога сабе любоў! Аж заенчыў!..
Праверыўшы, што трэба, аддаўшы распараджэнні, Міканор паведаміў Хоню, што пойдзе зараз паппядзіць кароўнік, заклапочана, дзелавіта падаўся з хлява, з двара. Людзі пачціва расступаліся перад ім, некалькі чалавек з гуртам дзетвары рушылі ўслед. У цэнтры натоўпу, што застаўся, Руды ўзрадавана ўзяўся тлумачыць:
— У кожнай культурнай канюшні абязацельно павінны буць, так сказаць, ячэйкі на кажнаго каня…
— Зноў ты, братачко, за агітацыю сваю! — учапіўся нейкі сур’ёзны Зайчык.
— Я не агіцірую, я саўсім, так сказаць, — наабарот. Крыцікую: што вы робіце няправільно. Замест таго штоб, як вучыць парція, строіць канюшні, вы ўсё разабралі па хлявах. Ето ж скрыўленне, а не калгас!
— Ты глядзі, дзядзько, — шмаргануў носам Алёша Губаты, — а то за агітацыю проціў калгасаў — мы не пагладзім па галаве! Знаеш, што — за агітацыю?
— Знаю. Дак я ж, — не траціў гонару Руды, — крыцікую не проціў калгасаў у цэлым. Я проціў, так сказаць, няправільных калгасаў. Следавацельно — за правільныя. Як вучыць парція.
— Там разбяруцца, дзядзько, — у тоне Алёшавай гаворкі чулася пагроза, — за што ты агіціруеш!
— Ты не вучы мяне, — зазлаваў Руды. — Рано вучыць узяўся! Не знаеш нічого, дак другіх слухай!..
Але ўсё ж прыціх, неўзабаве i зусім сышоў з двара. A іншыя яшчэ доўга тоўпіліся, вязалі стрыманую гаворку, маўчалі, курылі…
3
Тое, што бачылі, чулі, было самым вялікім клопатам Куранёў. Мала было такіх хат, двароў, дзе б не гаварылі пра гэта, не меркавалі, не думалі. Гаварылі, думалі ў хлявах, у гумнах, у полі, дома, зморана вячэраючы, у думнай начной цішыні на палацях.
Абышоўшы ўсе двары, дзе збіраліся людзі, наслухаўшыся i нагаварыўшыся, Куліна Чарнушкавых толькі апоўдні вярнулася на свой двор. Чалавек каля хлява сек нажом свежае, толькі што нарванае зелле — рыхтаваў яду свінням.
— Як падурнелі! — не першы раз абурылася, быццам i не заўважаючы таго, што робіць чалавек, не дзівячыся, што робіць яе справу: не да таго ёй!
Чарнушка нібы не чуў, наўколенцах сек i сек зелле — заняты быў, здавалася, толькі сваім клопатам. Потым ужо спакойна, стала параіў:
— Не заракайся!
— Я?! А не даждуцца!
— І не будуць дажыдацца! Сама пойдзеш… Як прыйдзе пара!..
— Ето я?!
— Ты, — Чарнушка не спыніўся на момант — звыкла сек зелле.
Мачыха, яшчэ распаленая няўвагай чалавека, яго недавер’ем, не ведаючы, што сказаць, вартае таго гневу, які гарыць у ёй, склала раптам фігу, ашалела тыцнула кудысьці ў сяло:
— От ім!
Чарнушка зноў стала параіў:
— Не заракайся!
Кінуўшы секчы, ён устаў, зірнуў на жонку зморана i як бы не разумеючы:
— Чаго ты ето бядуеш так? — Ён выдзеліў асабліва "ты". — Можно падумаць — ты найболей утраціш!.. Багацце самае вялікае, можно падумаць, у цябе!
— А не багацце? Як мы толькі ім i жывем! — Куліна глядзела на чалавека i, здавалася, таксама не разумела яго.
— Багацце, штоб яно правалілася! Свету белаго не бачыш, а толк які!.. Дочку ў багатыя вывелі! — загаварыў ён раптам інакш, болесна, як бы са слязамі.— Багацейкаю, паняю зрабілі!.. Цешся адно!.. — Зазлаваў, загадаў мачысе: — Бяры, зелле свінням давай, багачка!..
Чарнушчыха, збітая трохі папрокам за Ганніну бяду, у якой яна чула сябе такі вінаватаю, хоць i не паказвала гэтага, момант шукала, што б такое сказаць чалавеку, — калі ўбачыла, што Хведзька, які паявіўся аднекуль, сочыць пільна i з нейкім смехам.
— А еты, еты — зноў гультаваў! Зноў не ганяў на выган! Абы матка адвярнулася на хвілінку — гуляць!.. Выскаляецца шчэ! — Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла, i раптам ухапілася мяшаць свінням зелле.
— Няма капі i етаму рабіць! — прамовіў Чарнушка. — У матку пайшоў. Таксамо жыць не можа без паліцікі!..
Пад вечар зайшла Ганна, i спрэчка, што, здавалася, забылася ўжо, зноў узгарэлася, толькі што цяпер i бацька i мачыха — як нейкаму праўдзіваму суддзі — даводзілі Ганне кожны сваю праўду.
Хведзька таксама быў тут, упоцемку моўчкі сядзеў за стапом, чакаў, што скажа праўдзівы суддзя матцы i бацьку.
Сабраліся вячэраць, а не вячэралі. Нібы забыліся, чаго сышліся.
— Не багацце, кажа, — скардзілася мачыха. — Як усе адно я не знаю, якое багацце! Гора, а не багацце! Але i тое забуваць не трэба, якое ні е, а жывем з яго! Жывем, не памерлі!..
— Толькі што! — неахвотна — не любіў спрэчак! — азваўся Чарнушка.
— Жывем, дзякуваць Богу! І ядзім нешто, i адзеты! І хлеб твой, i хата твая! І карова, i авечкі твае! Як там ні жывеш, а жывеш спакойно! Знаеш: калі што якое, дак выручыць е каму!..
— От то-та i яно! — зноў коратка i неахвотна запярэчыў Чарнушка.
Ганне не хацелася спрэчкі: прыйшла пасядзець сярод сваіх, адпачыць ад працы, ад нямілай карчоўскай прагнасці.
— Жыць, канешне, трэба з нечаго, — разважна, для прыліку, адказвала яна мачысе. — A толькі, мамо, шчасце не ў адном багацці…
— Хто ж кажа, Ганно. Я толькі — што пра гаспадарку думаць трэба. Як жыць будзеш, думаць трэба!..
— Як е ў чалавека шчасце, мамо, дак i гаспадарка значыць нешто. А як няма — які толк са ўсяго!..
— Яно, канешне, i без шчасця — не соладко! Але як есці не будзе чаго, як зубы на паліцу палажыць прыйдзецца, дак от будзе шчасце!
— Бы адно голадам марыць там будуць! — азваўся Чарнушка.
— Перайначуваць усё страшно… — разважна прамовіла Ганна. — Да й тое, праўда, няведама, як там будзе.
A толькі горай, як е, наўрад ці будзе. Горай, здаецца, не бувае…
У той жа час у Васілёвай хаце усе таксама сядзелі за сталом, упоцемку сёрбалі боршч. Вячэралі моўчкі; толькі Васілёва малое захліпала ў калысцы — Маня недавольна прамовіла: "Зноў!.. Як усе адно знарок!.. Толькі прысядзеш, кеб узяць што ў рот… Штоб табе!" — сказала злосна, кленучы, але Васіль перабіў кляцьбу, загадаў ісці пакарміць малое.
Кончыў Валодзя сёрбаць, палез на палаці, перахрысціўся на абразы дзед Дзяніс, зачэкаў красалам, хацеў закурыць люльку, калі матка, што сядзела ля Васіля, ускрай стала, затурбавалася ўголас:
— Як ето яно цяпер будзе?
— Звярнуло, тым часам, з езджанай дарогі,— азваўся дзед. — Па балоту просто, па купінах…
Васіль маўчаў.
— Як?! — сказаў нядобра, з паирокам. — Знаць вам трэба ўсё канешне! Забіваць галаву!..
— Дак як жа не забіваць яе? — нібы прасіла i раіла матка. — Тут жа, сам бачыш…
— Бачу, бачу!.. — зазлаваў Васіль. — Сваёй сухоты мало!
— Дак ці ж тое абыдзецца так, Васілько?! — нібы пыталася i тлумачыла матка. — Думаеш — усё ето?
— Тым часам, ето — пачынаецца толькі! — падтрымаў яе дзед Дзяніс.
Маня ад калыскі раптам уварвалася запалена:
— Няхай лезуць! Каму надаело жыць! А мы — нам i так не пагано!
— Ето — пачынаецца толькі!.. — падумаў зноў у голас дзед. — Ето так не кончыцца!..
— То-та ж i думкі ўсякія, Васілько…
Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Стала збіраць лыжкі, павольна, нібы чакала, як пойдзе далей гаворка.
— Як яно кончыцца, ніхто не знае, — сказаў Васіль спакойна, разважна, стала: як i належала гаспадару, галоўнаму чалавеку ў хаце. — Нам i без етаго сухоты — па горло!.. — Як бы папракаць стаў:— Трэба от малаціць жыто, ячмень да авёс! Да — араць! Хату дарабляць трэба! Штоб перабрацца скарэй!.. Штоб дзераво не пагніло да ўлазін!.. — Памаўчаў трохі.— Ля цагельні азімае пасеяць думаю…
— Азімае павінно ўрадзіць, — сказаў дзед. — Як пагода не падгуляе, павінно.
— Хату трэба штоб памог дакончыць бацько, — сказаў Васіль ужо да Мані.— Штоб i Пятра ўзяў на падмогу.
— Паможа. Я скажу, — паабяцала Маня.
Тым i скончылася гаворка ў Дзятлікавых хаце: сталі разыходзіцца па палацях, раздзявацца. Адзін дзед, які i летам спаў на печы, доўга яшчэ круціўся бяссонна, не мог уцішыць назольны кашаль…
Доўга не спалася Хадосьцы. Яна, як звычайна, ляжала на палацях з малымі, маленькі Антосік, скурчыўшыся, соваў ёй каленямі ў бок, уцінаў галоўку ёй пад паху. Хадоська ласкава падымала яго на руку, але праз момант ён зноў саскоўзваў з рукі, уцінаўся галоўкай пад паху.
Усе малыя спалі, толькі зрэдку з ціхім, мерным дыханнем злучалася глухое мармытанне: дзеці штосьці снілі. Але сны сніліся ім добрыя, не будзілі нікога; недарма найбольш чулася Хадосьцы ціхае, саподкае плямканне. Бацькі ж не спалі; хоць спачатку не гаварылі, Хадоська здагадвалася, што не спяць, думаюць пра штосьці.
— Гаспадары! — прахрыпеў нядобра, з пагардай бацька. — Сышліся!.. Галота!..
— Ты — багацей! — ціха папракнула матка.
— Не раўня ім, нібыто!..
— Ціхо ты! — шапнула беражліва матка. Зноў папракнула: — Hoc задзіраеш!.. Глядзі, кеб не апусцілі!
— Хто ето апусціць?
— Няма каму? От упаяюць цвёрдае!..
— Не ўпаяюць, — упэўнена сказаў бацька. — Серадняк, нібыто!..
— Сягоння — серадняк. A заўтра — захочуць — прылепяць цвёрдае.
— Не прылепяць! Няма за што!
— Е за што! Язык распускаеш вельмі!.. Смелы вельмі!
— Смелы! Што думаю, тое i рэжу!
— Я i кажу!.. Ды — не грымі! Разбудзіш!..
Бацькаў голас яшчэ падужэў.
— І буду — рэзаць, што думаю! Маўчаць нясцерпно!..
— Ціхо, кажу! — зноў шапнула, просячы, матка. Сказала з папрокам: — Пра дзяцей трэба думаць!
— Ты адна думаеш, нібыто!..
— І ты думай! Не адны!..
Бацька плюнуў i, чуваць было, важка павярнуўся. Не спаў таксама доўга, але ужо не загаворваў з маткаю. Думаў штосьці сам сабе.
Хадоська думала мала, неахвотна, чула сябе дзіўна адзінокай, пакінутай. Дзень гэты нібы адабраў у яе надзею; яшчэ ўчора яна спадзявалася, што Хоня ўсё ж адумаецца, вернецца да яе; чула, што мае хоць якую сілу i ўладу над ім, а сёння пабачыла, што ні ўлады, ні сілы ніякай няма; няма таго радаснага, цёплага, чым жыла ўжо даўно, з чым песціла самыя дарапя надзеі. Хоня не паслухаўся, пайшоў далей; зусім разышоўся. Казала ж яму: пра калгас каб i не думаў; у калгас, казала ж, яна не пойдзе, хоць што; калі не выпішацца, каб i не думаў пра яе; дык от — завёў усё сваё, аддаў; зусім ступіў за мяжу, якую яна не пяройдзе ніколі. За мяжу, якая ix раздзяліла; навек раздзяліла.
"Ну i няхай! Няхай жыве сабе! Не канешне ето, пражыву адна! Доля такая ўжэ: жыць адной!.. Е чаго бедаваць!.."