Бедаваць, здавалася, не было чаго, а маркота дзіўна не адыходзіла. І чула сябе Хадоська ўсё адзінокай, пакінутай. І ніяк не магла даўмець: што будзе далей?..
У старога Глушака пад цьмянай, з прыкручаным кнотам, лямпаю сядзелі Яўхім i маўклівы, пануры Пракоп. Пракоп моцнымі локцямі ўпіраўся ў стол, вялізнымі чорнымі далонямі трымаў важкую, зарослую да вачэй галаву.
Яўхім, трохі горбячыся на ўслоне, па-дамашняму ўвесь у зрэбным, у лапцях, прыжмурваючы вока, дыміў папяросаю.
— Дзядзько, не думайце багато, — казаў, пасміхваючыся, Яўхім. — Вам, ей-бо, няма чаго голаву ламаць!.. Вам, дзядзько, самы мамент — у калгас!..
Пракоп варухнуў брывом, коса i люта зірнуў на яго. Ён апошнімі днямі быў заўсёдным госцем у Глушаковай хаце, бавіў тут дымныя вечары, слухаючы развагі i парады старога. Стары быў рады яму; калі сядзелі ўдваіх, гаворка ішла заўсёды ў добрым ладзе. Трывожыў гэтыя вечары толькі Яўхім, што іншы час не прападаў недзе, a ўвальваўся ў бацькаву хату. Яўхім век падкусваў Лесуна.
— Ей-бо, дзядзько, самы мамент — у калгас!
Глушак на другім услоне абстругваў, забіваў калкі ў граблі, глянуў на сына недавольна.
— Не трывож чалавека! — вялеў Яўхіму суха, цвёрда.
— Час такі, тато, — лагодна, нібы паслухмяна запярэчыў Яўхім, — думаць трэба. Хочаш не хочаш, а трэба трывожыцца. Думаць трэба. Балото над нагамі зараз прарвецца. Штоб не було позно!.. — Ён зноў жмурыўся на Лесу на. — Ей-бо, адзін выхад, дзядзько, калгас!
Пракоп важка выкаціў мацюк.
— Ето не трэба, дзядзько! Ето дзелу не паможа, — i вам штоб шкоды не нарабіло! Да й ні на што усё: вам, як трудавому чалавеку, калгас — адзіная дарога! Ісці трэба, падскокваючы ад радасці, маліць, штоб скарэй забралі ўсё! Ісці да й другіх шчэ весці з сабою!.. Прыклад другім паказуваць, каторыя несазнацельныя. Каторыя дабра свайго для савецкай уласці шкадуюць. Ето ж е такія гады, каторыя коней, кароў, авечак сваіх для савецкай уласці шкадуюць!..
— Яўхім! — зноў загадаў Глушак.
— Ей-бо, тато, е такія шчэ гады!.. Трэба ж, дзядзько, карміць начальнікаў, каторыя ў гарадах. Дзяцей ix, жонак, палюбоўніц ix, да й не абы-чым, не расолам якім. А мясам, мукою, булкамі, каклетамі!..
Сазнацельным трэба буць, дзядзько! Бегці скарэй, падскакуючы да й другіх шчэ цягнучы! А вы, эх вы, дзядзько, нашто толькі галава ў вас на плячах! — думаеце шчэ!.. Скарэй у калгас бяжыце! Ей-бо!.. Не бойцеся, што Міканор не дасць рады! Ён — спрытны, скора знайдзе збыт усяму! Вам голаву ламаць не прыйдзецца!.. Не бойцеся!.. Бяжыце!..
— Што ж ето, праўда, будзе? — адгукнулася ад палацяў старая, якая то драмала, то абуджалася.
— Будзе, што хоча савецкая ўласць. Што хоча, тое i будзе!.. — Яўхім дакурыў, плюнуў на акурак, растаптаў лапцем на падлозе. — Савецкая ўласць — уласць цвёрдая. Што намерыцца — тое i зробіць!.. — Адолеў сур’ёзнасць, зноў загаварыў з насмешачкай: — Я, калi б не цвёрдае заданне, з радасцю б у калгас!.. А то ж не прымуць — элемент класавы! Не паглядзяць, што i жонка з трудзяшчаго элемента!
Устаў, сабраўся ісці. Задумаўся чагосьці, неспадзявана сур’ёзна сказаў:
— Такі i праўда, пайшоў бы. Усе адно жыць не жывеш. А там — хто знае. Mo i будзе нешто… Толькі ж, — зноў прамовіў з насмешкай, — не просяць! А лезці — калі б’юць — не люблю!
— Наплёў! — пакруціў галавою стары, калi Яўхім бразнуў сенечнай клямкаю.
Стары ў гэты вечар быў нязвыкла маўклівы i пануры. Так i бавілі рэшту вечара: адзін корпаўся з граблямі, другі толькі час ад часу шалёна варушыў брывамі ды жаваў чорную пасму вусоў.
Думны i розны быў куранёўцам гэты вечар.
4
Пад вечар Зайчыха i Вольга падаілі кароў, сталі раздаваць малако калгасаўскім жанкам. Пад прыглядам старшыні, які явіўся асабіста праверыць, як будуць выконваць яго ўказанне, Вольга карцом мерала малако, налівала ў гладышкі, якія йрынеслі жанкі.
— Строго па колькасці едакоў! — нагадваў важны, цвёрды Міканор Вользе, што зачэрпвала з вядра. — Штоб — па справядлівасці!..
Ён казаў не так для Вольгі, якая ўсё ўжо ведала i якая, канешне, будзе рабіць так, як трэба, — новы старшыня казаў для тых, што цікаўна тоўпіліся навокал, назіралі.
— Па справядлівасці штоб. Пароўну. А не так — каму густо, каму — пусто!
Міканор быў давольны: чуў, што кожнае слова яго ловяць, панясуць па хатах, будуць абмяркоўваць, думаць над кожным словам. Давольны быў, што ўсе бачылі: калгас жыве, ён, Міканор, недарэмна біўся; ужо не словамі, справаю можна было паказваць прыклад, як трэба жыць i тым, што стаялі ўбаку, глядзелі. Няхай глядзяць, думаюць, можа, таксама за розум возьмуцца!
Блізка была матка, перахапіў нейкі маркотны i чакальны позірк яе, але не падаў знаку, што заўважыў: не месца для сямейных спраў, не сын тут, а старшыня. Сам, можна сказаць, бацька.
— Ну, дак — як першы дзень рабілася? — павярнуўся старшыня да Зайчыкавай, што, склаўшы рукі на жываце, глядзела, як Вольга дзеліць малако. Была, прыкмеціў Міканор, узрушаная, шчаслівая, але шчасце стрымлівала, таіла. І нібы ніякавела пад людскімі позіркамі.
— Да чаго ж. Рабілася добра. — Яна ўзрадавалася, даўгаваты, худы твар засвяціўся, ніякавасць прапала. — Рабілася весело… Толькі Алёшава, — зноў узрадавалася нібы, — не даецца! Не прызнае быццам! Я i так, i так да яе — не хоча! Адну Арыну падпусціла!
— Яна i дома адну мяне прызнавала! — сказала Арына.
— Не прывыкла. Старыя прывычкі! — уставіў хтосьці з жанок.
— Прывыкне! — заявіў Міканор спакойна i паважна. З той жа паважнасцю загадаў Хведару, даяркам:
— Давайце корму нанач. І можно — дадому. Заўтра штоб рано, як паложано па рэжыму.
— Не бойся. Не апознімся, — паабяцаў Хведар.
— Ну, дак я — пайду, — сказаў заклапочана. — Трэба шчэ паглядзець, што там на канюшні!
Мерна, упэўнена ступаючы, прайшоў паўз цікаўных, падаўся вуліцаю. Па тым, як ішоў, у шэрым, у пасачку, пінжаку, у картовых святочных, першы раз надзетых, штанах, у добра намазаных дзёгцем ботах, у кепцы, насунутай на лоб, было відаць, што ідзе чалавек заклапочаны, чалавек, на якога паклалі нялёгкі абавязак. Мерна, дзелавіта выйшаў з двара, па-гаспадарску стала рушыў вуліцаю. Востра заўважаў позіркі з-за платоў, з вокнаў.
На Хоневым двары, каля хлява, таксама купчылася чародка. Як i ўдзень, чародка была з мужчын, каля якіх круціліся, шнырылі дзеці; з жанок тырчала адна Сарока.
— Пара ўжэ, не сакрэт, i разыходзіцца! — нібы распарадзіўся Міканор; не прыпыняючыся, дзелавіта падаўся ў хлеў.
— Не гані! Прыйдзе пара — самі пойдзем да двара! — пачуў услед, але не стаў, не адказаў нічога.
У хляве было ўжо цемнавата, упоцемак, вылучаючы Хоневу i Зайчыкаву постаці, бадзёра кінуў:
— Як тут у вас, канюхі?
— А так што, — нібы рапартуючы, звонка адгукнуўся Хоня, — можно сказаць: служба ідзе!..
— Усё як трэба, братко!
— Не братко, а — старшына! — паправіў Зайчыка Хоня. — Адказуваць не знаеш як!
— Малады шчэ! Не навучыўся! — захіхікаў Зайчык.
Далі коням сена, Міканор прайшоў, праверыў, як прывязаныя. Разам з Хонем i Зайчыкам выйшаў з хлява.
— Не вельмі, старшына, пабагацелі! — пачуў Міканор з чарады злараднае.
Стаў, рэзка адказаў:
— Не радуйся, дзядзько! Будзем — багацей! Пародзістых скора прывядзем з Юравіч!
— Ждуць вас там!
— Ждуць! Прывесці павінны скора! З коннаго завода!
— Занудзіліся там, ждучы вас!
— Ето паглядзім, як прыйдуць!
Міканор з Зайчыкам i Хонем пайшлі ад хлява. Следам паслухмяна рушыў i натоўп. Хоня зачыніў вароты за ўсімі, вярнуўся к Зайчыку i Міканору, што курылі перад ганкам.
Міканор ужо збіраўся падацца дадому, але Зайчык сказаў:
— Такі дзень грэх пускаць сухім, братко, ей-бо!
— Не Мікола святы, дзядзько Іван, — штоб піць канешне! — запярэчыў Міканор.
Зайчык кінуў вачыма да Хоні, што ішоў да ix, загаварыў жвавей, гарачэй:
— Не кажы, старшына! Свято шчэ большае, дак i выпіць больш трэба б!
— Ето праўда! — падхапіў Хоня. — Дак давайце ў хату! Mo знайдзем слязу якую!
У хаце было цёмна, у цемру, туды, дзе ляжала звычайна Хонева матка, далі "добры вечар". Хоня запаліў лямпу, i Міканор з Зайчыкам убачылі добрыя, уважлівыя вочы старой, дзяцей, якія стаялі пры стале, сачылі з палацяў, з печы. Хоня адчыніў скрыню, дастаў пляшку самагонкі, паставіў на стол тры чарачкі, адну з адбітай ножкай палажыў. Пад вясёлае крыўлянне i жартачкі Зайчыка выпілі, разам з Хоневай маткай. Хоня падаў старой чарку перш, чым выпіў сам, — памог падняць галаву. Толькі калi матка выпіла, калi даў закусіць гурка з хлебам, вярнуўся зноў да сяброў.
Сядзелі ўтраіх за сталом, чвякалі гуркамі, сёрбалі расол, дружныя, пажвавелыя, гаманілі, як браты.
— Перагародкі рабіць, няйнакш, трэба! — меркаваў дзіўна гаспадарліва Зайчык. — Штоб не пакалечылі адзін аднаго!
— Канюшню трэба! Як паложано! — Міканор чуў, як ад выпітай гарэлкі мацнее ў ім задзірыстая ахвота спрачацца, выстаўляць сваё. — На трыццаць коней! З кармушкамі i ca станкамі! Як у Вадавічах!
— Не пагано б! — засмяяўся Хоня. — Толькі што малаціць трэба да араць!
— Аранне адложым покуль! Землеўпарадкаванне наўперад правядзём! Штоб адзіны масіў адрэзапі! Да кеб землі, не сакрэт, як паложано калгасу! Лепшай! Што каля цагельні, я трэбую!
— Непагано! Нагледзеў! — засмяяўся Хоня.
— Выбраў! — пахваліў i Зайчык. — Калі б адрэзалі ето, анігадкі булі б, ей-бо!
— Адрэжуць! Я трэбую! Пад калгас — па закону папожано — лепшую павінны!
— Лепяцца там ужэ на лепшай! Гвалт падымецца на ўсё сяло! — разважліва сказаў Хоня.
— Як муравейнік, забегаюць! Калі кіем разварушыш! — Зайчык пакруціў галавою. — У самы муравейнік уткнем кій, браткі!
— Дзятлік Васіль вытаргаваў там палоску ад Лесуна, — згадаў, быццам спачуваючы, Хоня.
— Будзе галасу! — радаваўся Зайчык.
— Е такія, што i так зубы точаць! — пану pa сказаў Міканор. — Кеб далі рады — з’елі б!
— З’елі б, кеб зубы такія мелі! Ето праўда, Міканорко! — весела падтрымаў Зайчык.
— Багацеі смяюцца: "Галадранцы сышліся!.." Няхай смяюцца! — Міканор стукнуў кулаком па стале. — Пабачым, хто потым смяяцца будзе! Хто смяяцца, а хто — плакаць!
Калі выпілі яшчэ па чарцы, Хоня пакруціў галавою, з дружбацкаю, шчыраю ўсмешкай прызнаўся:
— Адвярнулася ад мяне прысуха мая! З сягонняшняга дня любоў мая дала трэшчыну! — Не так ужо весела дадаў: — Наперакор ёй зрабіў!
— Правільно зрабіў! — заявіў голасна, ні трохі не вагаючыся, Міканор. — Даўно трэба було ламаць ето з ёю! Кулацкае, не сакрэт, нутро ў яе, у Хадоські! Точно такое, як i ў бацькі яе!
— Пра бацьку не скажу нічога, а на яе ты — дарэмно, — ціха, але ўпэўнена сказаў Хоня.
— Недарэмно! Нібыто-Ігнат — стопрацэнтны кулак па нутру! І яна — недалёко ад яго! Ты правільно ето, што — паламаў! Канчаць трэба зразу!
Хоня памаўчаў трохі, не тоячыся, прызнаўся:
— Не магу! От сягоння — як успомню, кошкі душу шкрабуць! Сам сабе не рады!
— Цвёрдасці ў цябе мало! — сказаў з папрокам Міканор. — Ніякай пралетарскай стойкасці!
— Мало! — ахвотна згадзіўся Хоня. Неспадзявана, са звычайнай сваёй бесклапотнасцю зарагатаў.— Да яе — праўда — мало!
Міканор ад гэтага рогату нахмурыўся больш: не таіў, што яму не падабаецца неразумны Хонеў смех. Зайчык раптам заўважыў, кіўнуў Хоню на палаці:
— Матка штось сказаць хоча…
Хоня ўстаў, схіліўся над палацямі.
— Усё сваё! — прамовіў, давольны, вярнуўшыся. — Харошая, кажа, Хадоська! Штоб — жаніўся!.. — Засмяяўся. — От, а ты гаворыш!.. — Са смехам, нібы з адчаем, рашыў: — Жанюся!
— Як ето! — у Міканоравым голасе былі здзіўленне i абурэнне.
— Не знаю сам! — перавёў усё на жарт Хоня. — Ажанюся! Праўда!..
Зайчык ускочыў у гаворку, смешачкамі адвёў яе з небяспечнага кірунку…
Рэшта вечара ішла зноў у добрым ладзе, у агульным клопаце. Гаманілі зноў, як браты. І разышліся прыхільныя, таварыскія, не нагаварыўшыся, здавалася, удосталь.
Калі Міканор вярнуўся дахаты, матка i бацька яшчэ не спалі. Бацька, што сядзеў разуты, у споднім на палацях, зірнуў насустрач з радасцю i гонарам:
— Дзе ето заседзеўся, старшына? — У тым, што ён назваў не "Міканор", а "старшына", у тым, як сказаў гэта, чуўся таксама гонар сынам.
Матка адразу дастала з печы чыгун, насыпала ў місу картоплі, паставіла скавародку з салам. Звычайна ў вячэру падавалі гуркі ці капусту, i Міканор гэта адзначыў таксама як знак павагі да сённяшняй яго працы. Можа быць, што зрабіць гэта параіў матцы бацька…
— Тато, пойдзеце заўтра на канюшню, — сказаў бацьку. — Кармушкі рабіць i перагародкі…
Бацька кіўнуў: "Добра" — паслухмяна i з радасцю.
Міканор еў ахвотна, са смакам, i прычынаю гэтаму бьші не толькі гарэлка ды бедная Хонева закуска, a i вясёласць, што зноў поўніла ўсяго. З-за гэтай вясёласці не бачыў, якім маркотным йозіркам глядзела матка, што сядзела па другі бок стала, цярпліва склаўшы на грудзях рукі.
— Як ето будзе, Міканорко? — не вытрывала, запытала нясмела.
— Што — як? — глянуў, нібы здалёк, Міканор.
— Голо, пусто. У хляве. Як вымерло ўсё. Сумота.
Міканор выцер скавародку кавалачкам хлеба, даеў, спакойна, дасведчана параіў:
— Забуваць трэба, мамо, на старое.
Устаўшы з-за стала, дадаў:
— A калі ўжэ ў хлеў канешне глядзець, то ідзіце глядзець у калгасны. Там не пусто.
У цемры, на палацях, яму зноў згадаліся насмешлівае: "Пабагацелі!" — спрэчка з Хонем пра Хадоську, але яны хутка адступілі перад шырокай, клопатнай радасцю, ад якой усярэдзіне было цёпла i хораша. Нават пра бяду сваю, што, прыхаваная ад людскіх вачэй, ныла, шчымела неадольна ў сэрцы, пра недасяжную прысуху сваю — глінішчанскую настаўніцу, думаў без заўсёднага шкадавання аб няскладнасці жыцця. Думкі, якія весяліла неўтаймоўнае адчуванне вялікай перамены, жвава беглі наперад. "Веялку скарэй прывезці б — каторую абяцалі. А шчэ б — малатарню дабіцца б! Да i трактар паспробуваць бы дабіцца! Хоць на дзень, кеб паказаў — што такое калгас! Дадуць не дадуць, а паспробуваць трэба!.. A галоўнае — не сакрэт — штоб упарадкаваць землю скарэй! Штоб каморніка прыслалі, не зацягваючы доўго! Штоб з араннем не апазніцца!.. Упарадкаванне зямлі — галоўнае! Самую добрую землю, тую, што каля цагельні, канешне! Ніякую другую! Будзе зямля добрая — будзе ўсё!.. Няхай пасмяюцца тады ўсялякія карчы ды ігнацікі! Паглядзім, як смяяцца будуць!.. І кароў пародзістых дабіцца трэба!.. І будавацца канешне! Кароўнік, канюшню, свіран — як паложано!.. Але наўперад канешне — з зямлёй упарадкавацца! І канешне тую, што каля цагельні!.. Зямля — галоўнае!.."
5
І наступнымі днямі нямала сыходзілася цікаўных на Хведаравым i Хоневым дварах. Але больш пільна збіраліся тыя, чые стаялі ў хлявах каровы ды коні. Асаблівай настойлівасцю, было прыкметна, вылучаліся жанкі. Жанкі, праўда, быццам памагалі карміць, даіць, але старанне гэтае больш давала адзін вынік: кожная, як магла, замінала Хведару, даяркам. Хведар нярэдка лаяў жанок, адганяў, але, непаслухмяныя, яны лезлі i лезлі ў хлеў. Патроху прывыкалі к іншым рукам каровы, i не касавурыліся, i малака больш давалі, не таілі, a жанкі ўсё не хацелі адвыкаць ад сваіх рагуль.
Управіўшыся з каровамі ды коньмі, даяркі i канюхі ішлі ў гумны: Зайчык i Хоня браліся за цапы, з прымаўкамі, са смешкамі, выпярэджваючы адзін аднаго, білі па снапах. Цапы ў калгасных гумнах, як i ў іншых, цупалі з рання да позняга вечара. Малацілі Міканораў бацька, Алёша, Хведарава Вольга, сам Міканор.
Намалочанае збожжа звозілі ў Хведараў свіран. Кульгавы Хведар зважваў усё, запісваў у кніжку, стукаючы па падлозе драўлянай нагой, памагаў ссыпаць у засекі. Хведар не толькі памагаў жанкам у хляве, але i быў упраўным кладаўшчыком. Ён i замыкаў свіран, сачыў за ім — быў, можна сказаць, яго вартаўніком.
Неяк ранкам, прыкладна так з месяц пасля таго, як звялі дабро разам, запрог Міканор коней, з бацькам пакаціў у Юравічы. Калі паявіліся зноў, усе, хто трапіўся на дарозе, на загуменні, дзівіліся: на калёсах, пабліскваючы фарбай, круглячыся коламі, стаяла машына. Нібы аддаючы пашану ёй, Міканор i бацька пачціва ішлі побач яе. Бацька асцярожна кіраваў коньмі, а Міканор падтрымліваў машыну, каб не ўпала. Калі знялі веялку, паставілі на прыгуменні, Міканор сам паказаў Зайчысе i Алёшавай сястры, як трэба абыходзіцца з ёю, паказваў з радасцю i годнасцю — ледзь не паў-Куранёў глядзела на яго i на яго радасць — веялку. З таго дня каля веялкі ледзь не ўвесь час быў хто-небудзь з цікаўных, хоць бы з дзяцей; багата каму хацелася ўзяць за ручку, пакруціць колы. Міканор i сам нярэдка падыходзіў да яе, памагаў жанкам веяць.