— Ну, дак вы ўжэ сабірайцеся! І дай Бог; штоб у вас усё було па-людску!
Перад тым як ісці дадому, мачыха зазірнула ў палавіну, дзе была Ганна. Паўздыхала, параіла яшчэ, каб не перажывала вельмі за тое, што ужо не вернеш. Ганна, якая усё так жа ляжала на ложку, быццам сляпая, нават не зварухнулася, але мачыха выйшла на вуліцу са спакоем чалавека, які, як мог, уладзіў бяду. "Нічого, пройдзе. Вылечыцца. І не такое зарастае з часам…"
Хутка пасля таго, як яна сышла, Глушакі сталі выпраўляцца ў дарогу. Глушачыха вынесла хлеба, Глушак наліў свежай вадой біклагу, Сцяпан па бацькаваму загаду збегаў нарваў цыбулі. Калі ўсе сабраліся ля воза, стары глянуў на Яўхіма:
— А я на што — не паедзе?
Глушачыха пашкадавала:
— Не да таго ёй. Не чапай…
— Скажы ёй, — строга загадаў Яўхіму стары. — Жджэм, скажы!
— Тато, вы, праўда, не чапайце! — заступіўся за Ганну i Сцяпан.
— Маўчы! Не ўтыкай носа!
Яўхім прашаргаў лапцямі ў хату. Калі ён убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу, але халадок, што даўно жыў між ix, звыкла стрымаў шчырасць.
— Хваціць ужэ. Што ўпало, тое прапало, сколькі ні бядуй… Дак i бедаваць няма чаго вельмі… Без пары ў магілу лажыцца.
Яна не сказала нічога. Шкадаванне раптам размякчыла яго. Яўхім сеў побач, йалажыў руку на яе плячо, прытуліў галаву. Яна не адгукнулася на гэты знак яго пяшчоты, не прыгарнулася. І не адхілілася, не скінула яго руку. Яго як бы i не было.
— Паедам, — пастараўся не заўважыць ён непрыхільнасці да яе, што абудзілася ў душы. — А то ты звядзешся тут, адна са сваімі думкамі… На людзях буць трэба…
Яна маўчала. Ён сказаў цвярдзей:
— Паедам.
Тады яна расчапіла губы, выціснула:
— Не паеду я.
— Бацько жджэ.
— Усё адно.
Па тым, як казала, пачуў: гаварыць больш лішне. Не паедзе. Зняў руку, падаўся на ганак. Стрымліваючыся, сказаў старому:
— Чуе сябе пагано, гаворыць…
Стары недавольна памыляў губамі i загадаў ехаць без яе. Ён узлез ужо на воз, калі Яўхім падаў думку, што трэба было б, каб хто-небудзь астаўся: каб часам не ўчыніла чаго над сабою! Думаў, здаецца, што бацька пакіне яго, але стары, раздражнёны, сказаў астацца Сцяпану.
— Да рана! — кінуў Сцяпану з воза. — Рано штоб на балоце буў!
Ён крыкнуў Яўхіму — ехаць хутчэй з двара.
6
Сцяпан не пайшоў у пакой, дзе была Ганна, — не наважыўся. Лежачы на палку ў бацькавай палавіне, толькі слухаў цішыню ў тым баку, дзе Ганна сядзела ці ляжала.
Сцяпану было шкада яе. Хоць i не бачыў i не чуў яе за сцяною, адчуваў Ганну так, нібы яна была з ім. Ведаў, як ёй балюча. Яму самому балела, як ёй.
Даўно-даўно спачуваў ёй Сцяпан — яшчэ з тых дзён, калі яна — асцярожная, старанная — толькі пачала хадзіць у ix хаце. Можа, нават — ад той яе першай спрэчкі з Яўхімам, калі да яе лез са сваімі п’янымі запяцаннямі Крывароты…
Сцяпан потым не раз заўважаў, як цяжка прывыкае яна да нязвычнага ёй парадку, прыжываецца ў новай сям’і. У ix нiколi не было асаблівых, шчырых гаворак, яна н i кол i нікому не скардзілася, таілася нават, што ёй цяжка, але i без гэтага ўсяго Сцяпан добра бачыў, як душылі яе работа без перадыху, панурасць, i скупасць, i прагпасць ix. Бачыў Сцяпан, што дзень пры дні, як з жалезнай клеткі, ірвалася яна адсюль, з ix хаты, да сваіх, на волю… Ірвалася, але хавала свае парыванні, стрымлівала, прымушала сябе трываць…
Яго i самога таміла тут. Самому нудна было — у роднай хаце — пасля таго як бацька не пусціў больш у Юравічы, сарваў з вучобы, калі ён, Сцяпан, толькі абвык, увайшоў, можна сказаць, у смак. Начамі ў духаце бацькавай хаты сніліся юравіцкія горы, школа перад самым схілам, за вокнамі якой шырока жаўцелі i шарэлі пяскі i сінелі хвойнікі запрыпяцкай грады. Сніпіся, як шчасце, што ўжо ніколі не вернецца, паходы з юравіцкімі таварышамі на вольную Прыпяць, дзе так міла плюскоча вада каля берага, дзе так прыемна бярэ за лыткі вадзяны халадок. Пасля той волі, прастору — ці ж лёгка яму ў гэтай цеснасці, нудзе, калі толькі i ведай — капацца ў зямлі, у гнаі, без радасці якой, без надзеі…
Ці ж мог ён не бачыць, што i ёй нялёгка, горка! У ix жа была, можна сказаць, адна доля-няволя — тое ж, што ён трагііў у бяду, заступіўшыся за яе, за Ганну, яшчэ нібыта радніла. Сцяпану, хоць ён не толькі не казаў ёй, але i не прызнаваўся самому ў гэтым, Ганна была самым блізкім, дарагім чалавекам. Ён быў давольны, калі яна цешылася чым-небудзь, смуткаваў, калі яна смуткавала.
Ён захапляўся спрытам Ганны, зачарована лавіў удалыя, калючыя яе слоўцы — які ў яе дасціпны, востры язык! Як яна, загарэўшыся, умела абсякаць Яўхіма, адразу, некалькімі словамі!
Якая яна харошая! Воч бы, здаецца, не зводзіў з яе мілага твару з прыгожымі смуглявымі выпінкамі шчок, з як бы ганарлівым носам, са зграбным, акуратным падбародачкам i гарачымі, выгнутымі вуснамі. А вочы яе, вішнёвыя, увесь час неспакойныя вочы, у якіх то смутак, то бляск насмешкі, то затоены боль, — што яны адны маглі рабіць са Сцяпанам!
Дзіўны бацька, не мог даўмець, чым яна ўзяла Яўхіма! Ды яна каго хочаш прывабіць, заваражыць можа! Скажы яна адно слова Сцяпану — i ён, здаецца, пойдзе за яе ў агонь i ў ваду!
Можа, не было б гэтага жадання, гэтай ласкі да Ганны, калі б было ёй добра, калі б бачыў, што душа яе поўна сваім шчасцем. Калi б не заўважыў, што i Яўхім, маўклівы, пануры, затоены ў горкай i злоснай недавольнасці, рэдка-рэдка калі гляне на яе радасным, замілаваным вокам! Чуў, не раз пераконваўся Сцяпан — не любіць яна Яўхіма, так толькі трывае. І ў Яўхіма якая любоў, калі ў той любові не столькі дабраты, колькі крыўды i спасцярожлівасці.
Не адзін раз хацелася Сцяпану дакрануцца да яе рукі, пагладзіць супакойліва, сказаць ласкавае, добрае слова! Але з гэтым лезла, вярэдзіла душу важкая вінаватасць: нядобрай, грэшнай чуў гэту неадступную ласку да братавай жонкі. Дакараў, лаяў сябе: ведаў, што грэх i здрадніцтва — ласка да Ганны, a нічога не мог зрабіць, каб з гэтай бядою ўправіцца. Не адступала, тачыла душу развага: а чаму грэх, калі яна не любіць Яўхіма?
Не любіць Яўхіма. І ўсё ёй тут не люба. Вырвалася б з радасцю, пайшла б куды вочы глядзяць! І ён, Сцяпан, мог бы пайсці з ёй, куды зажадала б, — абы воля, абы прастор. Абы — разам… Няхай толькі слова скажа!..
Але яна не гаворыць гэтага слова, нібы i не заўважае нічога. Думае, мабыць, што ён проста брату прыяе…
Цяпер ёй так цяжка. Усю ўцеху страціла… Ёй так трэба цяпер апора, апора i — воля. Там, у другім месцы, нішто не напамінала б ёй пра бяду… А што, калі пайсці i сказаць ёй, каб не бедавала вельмі, супакоіць хоць трохі. А то яна — адна са сваёй бядою, мучыцца адна. Хоць думкі ёй адвесці ад бяды… Пайсці пасядзець удваіх — падтрымаць.
А ён падтрымаць можа — не малы ж ужо. Каб прыйшлося, дык i сам сабою жыць мог бы — зможа, калі прыйдзецца, сваім хлебам пракарміцца. Не прывыкаць рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а дзе трэба, то i граматай падрабіць зможа. Пражыве, калі што якое!.. І другім з ім жыць было б анігадкі — прыпяваючы маглі б жыць, не тое што з бацькам i Яўхімам! Ён-то не марнаваў бы работай без перадыху i не глядзеў бы па-воўчы…
А што, калі адважыцца i выказаць усё? Выказаць усё чыста — нашто ёй i яму цярпець немаведама для чаго! Таіцца, выжыльвацца дзень пры дні, душыцца, прасветліны не бачачы!.. Калі багата хто жыве інакш, на-людску, калі i ім жыць па-людску не закрыта дарога!.. Толькі адважыцца — i пачнецца новае, вольнае, жаданае… Бацька i Яўхім прыедуць, а ix i след прапаў — шукай ветру ў полі!.. Сцяпан аж устаў з палка, захадзіў па хаце, выйшаў на ганак — сэрца шалёна білася. Пайсці. Сказаць усё!..
Ступіў на яе ганак. Да яе дзвярэй. Але тут раптам апанавалі яго неадольная кволасць i нясмеласць. Ён стаў, прыслухаўся: можа, плача, тады ён увойдзе, стане суцяшаць — i скажа ўсё. Так было б лепш. Аднак плачу не было чуваць. Ён адышоў ад дзвярэй.
Некалькі разоў падыходзіў да дзвярэй, намерваўся ўвайсці i — стаяў нясмела. Не хапала адвагі. Лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Дзіўнае рабілася з ім: i ўвайсці сілы не было, i адступіцца, адарвацца ад дзвярэй — ніяк. Нібы ланцугом прыкаваны. Падыходзіў, адыходзіў, як прыкаваны, папракаў самога, здзекаваўся нават з сябе. Потым злосць узяла на сваю нерашучасць, стаў нібы смялей… Цяпер — ці ніколі! — адагнаў усё і, не разважаючы больш, не вагаючыся, адчыніў дзверы.
У цемры Сцяпан стаў, агледзеўся — дзе яна. Не так убачыў, як угадаў — на ложку ляжыць, але не пайшоў да яе. Пачакаў, думаў, што запытаецца, адгукнецца якнебудзь. Яна не адгукнулася. Тады нясмела, ціха стаў набліжацца да ложка — няўжо спіць?
Як грымела сэрца, калі спыніўся, нахіліўся над ёю — прыслухаўся, прыгледзеўся зблізку. Аж нібы жарам абліло ад гэтай блізкасці, затлумілася ў галаве. Яна не спала, глядзела, але — гэта вельмі бянтэжыла — хоць бы варухнулася! Як нежывая!
— Таб-бе… можа… пагано?.. — выціснуў Сцяпан.
Ганна не адказала. Збянтэжанасць яго не толькі не прыціхла, а яшчэ памацнела, ён стаяў, скрануцца не мог. Толькі чуў, як грыміць яго сэрца i тлуміцца ў галаве. Цяпер кволасці ўжо не было, ён гатоў быў на любую адвагу, але — вось жа бяда: навошта гэта адвага, што рабіць? Як бы раптам перастаў цяміць.
— Mo што… трэба?.. Дак я…
Яна, замест таго каб парадзіць, павярнулася моўчкі, легла тварам уніз. Сцяпан пастаяў, трэба было штосьці рабіць — дакрануўся да яе, асцярожна паклаў руку на плячо. Далонь яго апаліла, гарачыня ўмомант заліла ўсяго, аж млосна стала. Хацелася, як ніколі, прытуліцца да Ганны, абняць. Ледзь пракаўтнуў гарачы камяк, што стаяў у горле:
— Ганна…
Як ён шкадаваў, як любіў яе ў гэты момант, якое хараство, радасць якая, надзея таміліся, гарэлі ў ім, чакалі, спадзяваліся, імкнуліся! Ён жыў толькі імі, толькі ёю! Каб яна сказала яму ў той момант памерці, ён памёр бы, мабыць, шчаслівы! Ён быў гатоў для яе на ўсё!
Яна сказала тое, чаго не чакаў. Ціха, ледзь-ледзь чутна, але так непрыхільна, недаступна, што яго нібы ўдарылі:
— Адыдзі.
Рука яго сама сабой адскочыла ад Ганнінага пляча. У адзін міг жаданае, блізкае стала далёкім, недасяжным. Чуючы, як усярэдзіне ўсё пахаладзела, не разумеючы як след нічога, Сцяпан паплёўся назад да дзвярэй.
7
Усю ноч Ганна праляжала як нежывая. Не было ў яе думак, не было, здавалася, ніякіх пачуццяў. Паўзлі толькі, паволі, нячутна, як нежывыя, згадкі-малюнкі, паўзлі адзін за адным, спыняліся, вярталіся, блыталіся.
То бачыла, як малая стрыжэ ножкамі, як камары апаноўваюць кволы тварык… То бачыла, як ківаецца яна на руках, беленькая, нібы заснула, — калі везла з лугу. Як нерухома ляжала ў начовачках, калі мылі апошні раз, калі адзявалі сарочачку… Чула, як скрыпала кола, калі ехалі на могілкі, як, асыпаючыся, шархацеў на труну пясок… І раз, i другі, i безліч разоў, адводзячы друпя згадкі, наилываючы на ix, бачылася беленькая, спакойная галоўка Верачкі на падушцы ў труне… Усё, што ні ўзнікала, ні паяўлялася ў памяці, праходзіла дзіўна спакойна, як бы не адгукалася ў Ганнінай душы, не чапала яе, не трывожыла, не вярэдзіла болем. Нібы не было ні болю, ні гора, нібы перастала раптам чуць ix. Усё бачылася, бралася як нежывою. Да ўсяго была нячуласць. Нячулая галава, нячулае сэрца, сама ўся нячулая…
У яе нячуласці непрыкметна для Ганны цвярдзела, камянела нячуласць да Глушакоў. У гэту ноч перасталі што-небудзь значыць ёй глушакоўскія хата, двор, хлявы, самі Глушакі, датлела, спапялілася тoe, што жыло да ix — пакора, цярплівасць, старанне дагадзіць…
Толькі на світанні, калі ў паяснелыя вокны глянуў звычайны, такі знаёмы свет, які ўсё шырэў, прасторнеў, пачынаў праменіцца, штосьці варухнулася, ажыло i ў ёй. Калі на раме зіхатнула, зайграла сонца, як бы льдзінка нейкая бліснула ў Ганне, стала таяць. Начны каменны цяжар раптам сиаў, Ганне палягчэла. Але так было толькі міг, зразу ж за гэтым ажылае сэрца пранізала тугою.
Дзень вяртаў да рэальнасці. Зноў рушылі згадкі, але ўжо не ціха, не паволі, a імкліва, неспакойна. Праява за праявай ажывалі зноў у памяці. Усё, што было на балоце, у навальнічныя ночы, душныя дні, апошнія дні Верачкі. Ад успамінаў ужо балела — чым далей, тым больш. Заныла, запякла думка: а можна было б дачушку ўратаваць! Магла б Верачка не ў труне ляжаць, пад важкай зямлёй, а жыць, жыць! Стрыгчы ножкамі, смяяцца, радавацца, расці, дужэць! Магла б — калi б не глушакоўская прагавітасць, не ненажэрнасць праклятая! Калі б не свая віна: што слухалася ix, сядзела — тады, як трэба было хутчэй бегчы па ратунак! Не ўратавала, дала загубіць маленькую! Загубіла, можна сказаць, сама!..
"Бог — даў, Бог — узяў", — успомніла свёкравы словы. Сэрца заліла нянавісць: загубілі малую, ды i вінаватых няма! На Бога ківаюць, нібы трэба Яму гэта згуба!.. Hi сэрцаў, ні літасці, ні сораму! 3-за нейкай жмені сена чалавечка, дачушачку давялі да згубы, ды i хоць бы падумалі, грэх узялі на сябе!.. "Бог — даў, Бог — узяў!"
Божа мой, калі Ты ёсць, калі Ты бачыў усё, — няўжо Ты не адгукнешся неяк, даруеш ім? Няўжо даволі адной малітвы старога, каб Ты забыў на усё? Не, не можа быць, што ім так абыдзецца гэта! Не можа ж быць, праўда?..
Не было дзе дзецца ад думак, што i сама вінавата. Вінавата больш за каго-небудзь! Хіба ж не магла б кінуць усё i пайсці, пабегчы з малой на руках! К бацьку пабегчы, бацька даў бы каня, калі ўжо такое! Нашто ж сядзела, чакала, марнавала дачушачку! Нашто слухалася старога ненажэру!.. Сама вінавата, сама!.. Даруй мне, маленькая! Даруй, кветачка мая нерасцвілая!
Думкі віхурыліся, пяклі, каралі. Не магла ўжо трываць ix, як хворая, узнялася з пасцелі. Трэба было нешта рабіць. Кволая, амаль без сілы, ледзь цягнучы ногі, патупала па пакоі. Не думала, што рабіць, ні аб чым не думала. Не магла думаць. Як заведзеная, выйшла ў цемнаватыя сенцы, у куток, дзе на лаўцы стаяла вядро з вадою, напілася i зноў, як заведзеная, пацягнулася ў хату.
Убачыла раптам на падаконніку забытую сінюю паўрозу, якой спавівала Верачку апошнімі днямі,— сэрца аж зайшлося тугою, такой балючаю, што захацелася застагнаць. Усё, што ні трапляла на вочы, нагадвала пра Верачку, пра бяду, пякло тугою: коўдра, у якую дачушка была загорнута, калі везлі сюды, канапа, на якой пад абразамі малая ляжала ў тру не…
Калі пачула, што пастух крычыць, гоніць кароў, выйшла на двор. Каля павеці туга зноў заныла, запякла: на яшчэ мокрай чарнаватай зямлі рэзка бялелі свежыя абрэзкі дошчак, трэскі, пілавінне. Тут рабілі Верачцы труну.
Свет быў поўны тугі i пусты. У свеце не было самага дарагога чалавечка. Усё было нямілае, чужое.
Калі выгнала кароў, сярод вуліцы, хістаючыся, пацягнулася да могілак. На свежай горцы пясчаністай зямлі пад зараснікам маладзенькіх акацый быў яшчэ халаднаваты цень — села каля ўзгорачка, гарбацілася нерухомая, як раней, перад калыскай, калі малая спала.
Чула i не чула: станавілася цяплей, пахлі завялыя кветкі, гулі, звінелі камары i жучкі. За могілкамі час ад часу скрыпелі, лескаталі калёсы — людзі ехалі на сенажаць.
Тут знайшлі яе Хведзька i бацька. За імі падышла мачыха.
— Добрае месцечко выбралі! — сказала мачыха, азіраючы магілку, акацыі.— Анігадкі месцечко! Зелено ўсё, як прыбрано! І ёй, мабуць, хораша, што ў таком спіць! Бачыць жа ўсё, бачыць адтуль, толькі што голас падаць не можа… — Яна ступіла да Ганны. — Пасядзела, пабула — можно ўжэ i ехаць! На луг паедам.
— Паедам! — папрасіў i бацька.
Хведзька глядзеў моўчкі, спалоханымі вачыма. Яна ўстала, між крыжоў i сосен падалася к калёсам. Калі паехалі, мачыха гаманіла, аб чым прыйдзецца, старалася адагнаць ад Ганны паганыя думкі, бацька ж маўчаў, адно ўважпіва i сумна паглядваў на дачку. Ужо ў лесе ён аддаў лейцы Хведзьку, развязаў торбу.
— Пад’ела б мо? — Чарнушка даў Ганне хлеб, крышанок сала.
Ганна ўзяла, але ела так, нібы не чула ніякага смаку. Маўчала, аж пакуль не даехалі да сенажаці. І рабла, памагала сваім таксама моўчкі, з такім выглядам, нібы не помніла, не ведала, што робіць. На Глушакоў нават i не зірнула, быццам ix не было тут, на балоце.
Толькі пад поўдзень мачыха завяла яе да Глушакоў. Ганна пайшла без ахвоты, але усё, можа, абышлося б мірна, калі б ля дубка яна не убачыла калыску дачушкі. Калыска вісела, як раней, затуленая полагам, нібы там была яшчэ Верачка. Ганна, калі убачыла гэта, упала перад калыскай, зайшлася рыданнем.