Недарэмна хацелася смяяцца: з той раніцы колькі вечароў, начэй былі разам, грэліся ў маразы, у завірухі, тулячыся да вугла яе хаты. А вясна — голадна было, кару ў муку падмешвалі. Другім свет нямілы, здавалася, — ці да кахання, а ні аднаго вечара, мусіць, не ўседзелі асобна!..
Толькі Корч часам прыб'ецца, прыстане, нагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Не ўгаворамі, а смешкамі — кплівая ўсмешка ўраз нішчыць Васілёву падазронасць.
Вось і цяпер Ганна ловіць Яўхімаў позірк — на хвіліну перастаў увязваць воз, глядзіць, як Васіль падыходзіць да яе, як сустрэнуцца. І да чаго ж упарты гэты Корч! Усё роўна як прыліп! Чым больш гоніш яго, тым, здаецца, больш ліпне. Ды яшчэ злуе — праўда, не паказвае, усмешачкай хавае злосць. Але Ганна ўсё чуе: думаў, кожная, абы толькі зірнуў, растане адразу, а тут раптам — дуля. Ну, цяпер ужо, мусіць, адчэпіцца, паспрабаваў, апёкся… Недарма ж да новай леснікоўны зазіраць стаў.
— Што ето вы, дзядзько, паселі ўсе? — сказаў Васіль, абы сказаць. — Сама пара рабіць, а вы — як на свято.
— Дак і ты ж, здаецца, не робіш?
— А я, гледзячы на вас!..
— І што ты, грэц яго, знайшоў ва мне, што ўсё глядзіш да глядзіш, — як бы пажартаваў бацька, але прамовіў сур'ёзна: — Упадабаўся я табе, ці што?
— А то — не, думаеце? — Васіль падміргнуў Ганне і разам з ёй засмяяўся.
— Пажаніць бы іх! — падышла Васілёва маці. — А то ж, сказаць, не днюе, не начуе дома. Схуднеў — адны шчэлепы тырчаць!
— Мамо, што ето вы нас усё жэніце? Толькі падыдзеце — пажаніць ды пажаніць!..
— Пажаніць, можно і пажаніць, — сказаў Чарнушка. — Дык ты ж, мабуць, не аддасі Васіля ў прымы? — Ён зірнуў на маці хітра, але ўсё з той жа панурасцю.
— А нашто ў прымы? Ці ў мяне хата поўна дзяцей?
— Поўна не поўна, а і мне без Ганны не выходзіць. Без Ганны я — як без рук…
— Дак то ж хіба далёко пойдзе? — спрачаецца не на жарт маці. — Як трэба будзе, дак яна ж тут як тут. Зробіць вам усё, што трэба!..
— Ето, як той казаў, пакуль: косю, косю — да ў аглоблі. — Чарнушка не даў сказаць Васілёвай маці, прамовіў панура: — Есці от што яны будуць? Што мы будзем? Ёй не тое што замуж ісці, а, можа, кеб з торбай па хатах не прыйшлося!
— Што ты кажаш, суседко! Перажывем неяк. Перагораем, буць не можа. Прывыклыя…
— Ето такая прывычка, што здохнуць нядоўга… І калі яно ўсё кончыцца! Усё думаеш: от-от узаб'ешся на хлеб, жылы рвеш, і — нб табе! — Чарнушка плюнуў.
— Кеб усім зямлі пораўну, адзінакавай, то маглі б і перабіцца. А то ж аднаму густо, а другому — пусто, — адгукнулася мачыха. — Савецкая ўласць, называецца…
— Упарадкаванне абяцалі, а нешто і носу не паказуваюць…
— А хто табе яго будзе рабіць? — адказвае Васілю Чарнушка. — Улада што? Яна дае закон, а закон той — як дышло… Закон той людзі прымерваюць. Як людзі людзьмі, то і закон — закон. А як маўчаць кожны будзе ды сядзець склаўшы рукі, дак і ўлада не паможа!
— Дак а чаго ж крычаць без толку?
— Чаго без толку? Трэба з толкам!
— Дак дзе ж той толк?
— Жалувацца трэба ў воласць! У другіх ці парабілі ўпарадкаванне зямлі ці робяць, а ў нас — ні слыху ні дыху! Жалувацца! Няхай прыязджаюць! У тым годзе бандзіты папужалі, а цяпер жа, дзякуй Богу, ціхо!
— Кажуць, у Мокуці булі ўжэ зноў.
— Кажуць, кажуць! Брахні ўсякай ходзіць!.. — Чарнушка раптам сказаў непрыхільна: — І што за зямля тут: то балото, гразюка такая, што канца-краю не відно, то пясок, што ў самого чорта нічога не вурасло б! Праклятае якоесь месца!
— Не падабаецца, дак паехаў бы на Ўкраіну сваю хвалёную! — не вытрывала, раўніва прамовіла мачыха. — Не дзержыць ніхто.
— Не дзержыць… Кеб не дзяржало!.. — Ён сказаў задуменна, загадкаю: — Балото як возьме ногу, зассе, зацягне ўсяго. Душу зацягне…
— Хто ж цябе дзержыць? Хто?
— Мо — хто, а мо і — што! Тут нутром разумець трэба, а не расказуваць… Не малая сама…
— Не малая, а не знаю. «Кеб не дзяржало»! Ну, хто цябе дзержыць?
— Ты! — прамовіў Чарнушка такім голасам, у якім амаль не было чутна жарту. — Як жа я з табой выпраўлюся ў такую далёкую дарогу? А пакінуць — адвагі не хапае. Там жа другой такой, мабуць, не знойдзеш!..
— Ну дак і маўчаў бы, не вякаў попусту, — як старэйшая, разумнейшая, сказала мачыха.
Васіль, перахапіўшы змоўніцкі Ганнін позірк — вось бачыш, якія ў нас гаворкі бываюць, — паспрабаваў разагнаць нядобрую маўклівасць.
— Усюды, кажуць, добра, дзе нас няма… Нічого! Пераб'ёмся пакуль як-небудзь. А там — зімой — у лес, на нарыхтоўкі. Глядзі, і завядзецца капейка. А як трэба будзе яшчэ, то вясной і на сплаў можно!..
— Сплаўшчыкам, гавораць, плацяць добра…
— Гавораць… — Лагодны Чарнушка сёння яўна быў не ў настроі, і, каб не ўлазіць у непатрэбныя спрэчкі, ніхто не стаў яму пярэчыць.
Памаўчалі трохі для прыліку і сталі разыходзіцца.
Толькі Чарнушка сядзеў яшчэ нейкі час, унурыўшыся, думаў пра штосьці сваё — пра жыта, можа, ці пра амаль забытую Чарнігаўшчыну, ці пра жонку, якая не разумее, што яго тут трымае. А можа, пра дзіўную, пакрыўджаную Богам зямлю гэту, якая выратавала некалі ў галодны год, назаўсёды забрала сабе душу яго.
Зямля, зямля — бяскрайнія разлівы гнілой твані ў нізінах, зыбучыя пясчаныя хвалі на ўзгорках! Яркая, шчодрая і залатая з выгляду, зманлівая, няласкавая да дзяцей сваіх красуня, — колькі жніўняў такіх бачыш ты гэтыя рэдкія, бедныя бабкі на сваіх палосах, слухаеш страшныя думкі куранёўскіх жанцоў і жней!
Колькі жніўняў яшчэ слухаць будзеш?..
2
Ідучы побач з возам, які важка ўціскаў колішнюю раллю і пожню, крактаў, небяспечна калыхаўся, Яўхім увесь час сачыў за ім: то падтрымліваў рукой, то падпіраў плячом. Толькі выбраўшыся на дарогу, на выезджаныя каляіны, адступіў ад воза, пайшоў спакайней, лягчэй.
Калі воз пад'ехаў да Чарнушкавай паласы, Яўхім скоса зірнуў туды, дзе сядзелі купай, гаманілі аб нечым Чарнушкі і Дзятлы, падумаў: «Іч, злятаюцца!.. Усё адно як сваякі!..»
Воз жаваў коламі пясок і пыл каляін, шастаў добра змазанай воссю, конь рыпеў гужамі, а Яўхім як бы не бачыў нічога, не чуў, разварушана думаў — ужо каторы раз — пра сваю прыкрасць-хваробу.
Хто б мог падумаць, што так завяжацца. Лічыў спачатку: глупства, драбніца, падурэю з ёй, саб'ю ахвоту і кіну. І спачатку ж ішло быццам бы так, як хацеў: хіліцца быццам бы да яго пачала. Калі вярнуўся з турмы Дзятлік, думаў: паглядзіць хай, недарэка, пазайздросціць яму, Яўхіму, што адбіў каханую. Яўхім быў упэўнен, што Ганна — не дурная ж, бачыць жа, хто такі ён і хто Дзятлік, — прытуліцца да яго, Яўхіма, самага віднага, самага разумнага, першага на ўсе Курані хлопца. Ён тады нават часам думаў з асцярогай: каб хоць не прыліпла вельмі, не звязала…
І вось жа — нб табе, Яўхім дасюль не можа спакойна ўспомніць: як толькі ўбачыла Дзятліка — зноў хітнулася да гэтага няўклюды, галяка гэтага! Ад яго, ад Яўхіма! Гэта здалося такім недарэчным, дурным, што Яўхім спачатку проста не паверыў, што яно — моцна, надоўга: мала якая дурасць можа ўляцець раптам у дзявочую галаву, міне дзень-другі — адумаецца. Але Ганна не адумвалася. Тады Яўхім не вытрываў, яўна паступаючыся мужчынскай годнасцю, сам пайшоў да яе, паспрабаваў перахапіць зноў, вярнуць. І так падступаўся, і так, чаго толькі ні нагаварыў, праводзячы дахаты, трымаючы сілком каля ганка, — хоць бы трошкі змянілася. Каля ганка — ледзь дойдзеш — у яе толькі і клопату: хутчэй нырнуць у сенцы, спаць заўсёды спяшаецца… Абняць за плечы нават не далася!..
Самае крыўднае — бачыць усё, разумее ды яшчэ пасміхваецца, гуляе з Яўхімам, як кот з мышшу! Нібы і не гоніць зусім, нібы надзеі трохі пакідае: хадзі, дурань Яўхім, валачыся за ёй, зайздросць, як яна да Дзятліка туліцца.
Не, Яўхім не зусім страціў гонар — хадзіў, хадзіў за ёй, злаваў, ды, урэшце, рашыў: усё, канец гэтаму глупству, гэтаму здзеку, адзін раз і назаўсёды. Як рашыў, так і зрабіў — выкінуў з душы, з памяці, нібы і не ведаў ніколі такой…
Як на шчасце, паявілася леснікоўна. Вясёлая, гаваркая, прынадная дзяўчына як з неба звалілася разам з бацькам сваім, новапрызначаным лесніком. Праўда, звалілася трохі далекавата — вёрст пяць з гакам у адзін бок, але што Яўхіму былі гэтыя пяць вёрст! Была б ахвота мераць іх, а ахвота гэтая тады поўніла яго: як ашалелы, ляцеў лесам, балотнай сцежкай да Верачкі.
Верачка была зусім іншая. Праўда, не кідалася радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. За лесніковай пасадай так пахнуў смалою, млеў бор; у бары, без бацькі і маткі, што вельмі ж прыглядваліся да Яўхіма, Верачка неяк асабліва ружавела і чамусьці ўздыхала, уздыхала. Калі Яўхім прытуліў яе да сасны і абняў, яна не адштурхнула — сінія вочы Верачкі былі цёмныя, як вада перад навальніцай, губы прагныя… Здавалася, усё перамянілася. Няма больш хваробы гэтай, Ганны, ёсць толькі Верачка, адна — лагодная, пяшчотная, радая яму. І вось жа аказалася раптам, што ўсё гэта мана — нішто, аказалася, не перамянілася. Хвароба як была, так і асталася. І ўсё гэта адкрылася неспадзявана, умомант, у добрую ясную раніцу.
Колькі разоў успаміналася Яўхіму гэтая раніца, гэта сустрэча… Выпусціўшы з-пад шапкі з блішчастым казырком, ссунутай набок, хвацкі чуб, ішоў Яўхім па вуліцы. Ішоў к Верачцы. Не глядзеў ні на кога, рукі ў кішэнях сініх фарсістых галіфэ, папяроска ў ганарліва прыкрыўленым роце, нёс на казырку, на глянцы ссунутых гармонікам шыкоўных хромавых ботаў, адзіных у Куранях, сляпучы зырк сонца — быццам сам зырчэў. Ішоў — першы жаніх на ўсё сяло. Ззяла залітая святочным сонцам вуліца, ззяла і душа, поўная адчування маладосці, хараства свайго, сілы. Добра было ведаць, што блізка сустрэча на ганку лесніковай хаты, гарачы бор, Верачка, якая ружавее і ўздыхае…
І раптам усё знікла. Уміг. Як і не было. І бесклапотна-салодкае прадчуванне ўцехі, і леснікоўна, і ганарлівая сіла. І было б ад чаго: убачыў — проста яму на дарозе стаіць Ганна, таксама па-святочнаму вясёлая, у святочнай паркалёвай кофце з кветачкамі. Стаіць, жмурачы вочы ад сонца, лузгае семкі. Кагосьці, мусіць, чакае.
— Добры дзень! — павіталася з усмешачкай, гуллівай і хітрай, якая заўсёды дзіўна яго калола.
Яўхім, нібы незнаёмай, абыякава адказаў, намерыўся прайсці.
— Куды ето такі… наваксаваны?
Яўхім хацеў зрэзаць:
— Мабуць, не к табе!
— Уга! Я так і думала! — Яна засмяялася задзірыста. — Глядзі ты, усё адно як згаварыліся! І я не цябе чакаю!.. Да леснікоўны? — прытворна лагодна пацікавілася яна.
— Можа, да яе. А табе што? Зайздрасць бярэ?
— Канешне!.. Такі кавалер!.. Толькі — вочы ў яе, кажуць, у розныя бакі глядзяць. Праўда?
Яўхім зірнуў на яе як мог пагардліва і ўбачыў: яна задаволена смяялася — дадзела, раззлавала! Не ўправіўся Яўхім сказаць што-небудзь, каб яна прыкусіла язык, адвыкла назаўсёды кпіць з яго, як Ганна, азірнуўшыся, весела войкнула, спрытна і лёгка подбегам падалася прэч. На вуліцы паявіўся Дзятлік.
Яўхім плюнуў і, як бы нічога не здарылася, пайшоў сваёй дарогай. Ішоў, здавалася, як і дасюль, весела і бесклапотна, усё так жа пасмоктваў куплёную папяроску, думаў, што гэтая яе балбатня — пустое і сама яна нішто яму цяпер. І ўсё ж, падыходзячы да могілак, не вытрываў, азірнуўся — яна стаяла з Дзятлікам і чагосьці смяялася. З чаго, з каго?
Зайшоўшы за могілкі, за якімі яго нікому ў сяле не было відаць, Яўхім спыніўся, сеў на траву. Ісці да леснікоўны раптам расхацелася…
«Круцёлка языкатая! — не першы раз падумаў цяпер Яўхім, ступаючы побач з возам, што важка пакалыхваўся і рыпеў гужамі. — Ходзіць у зрэб'і падраным, а дзержыцца — як пані якая!»
Адсюль думкі Яўхіма пайшлі іншым кірункам. Думаў — як гэта недарэчна, бязглузда бывае часам у жыцці: адзін чалавек усёй душой табе прыяе, любіць бы яго ды любіць, а — не любіш, ён, дабрадзей, хіліцца да цябе, а ты абыходзіш, уцякаеш ад яго. А на другога і глядзець бы не трэба, не тое што блізка быць з ім, а ты і глядзіш, і сам ліпнеш душой да яго. І дзіўна, і прыкра было ўспамінаць: калі Ганна была ў полі, хоць і стараўся не глядзець у той бок, вочы як бы самі сабою сачылі за ёй. Бачыў, як жне, хутка, спрытна, як, разагнуўшыся, зморана ўзняўшы рукі, перавязвае хустку, як ідзе — памалу, але ганарліва — да біклажкі, п'е. Не мог глядзець абы-як — быццам абдымаў яе ўсю: увішныя голыя рукі, гнуткі, як у вужакі, стан, усё яе спрытнае, жаданае цела. Хоць не блізка была — чуў, як асабліва, горача пачынае біцца кроў, як сохне ў роце.
Трэба ж было дайсці да такога — з-за гэтай задзірлівай ганарліўкі вечарамі не сядзіцца ў хаце, начамі не спіцца. Выходзіш вечарам з адной думкай — як бы штосьці асобае — пабачыць, пачуць яе, і шкадуеш, злуешся, што яна рэдка ў гуртах дзяўчат і хлопцаў паяўляецца. Без яе як бы і вечар не вечар, і ноч не ноч. Калі ляжыш адзін у душнай хаце, сэрца аж гарыць, як падумаеш, што яна гэтым часам, можа, дзе-небудзь з Дзятлікам грэецца…
І трэба ж было, каб так усё павярнулася. Калі так далей пойдзе, то на Яўхіма, чаго добрага, пальцамі паказваць стануць, смяяцца… І сама яна, можа, найпершая, разам з гэтым недарэкам Дзятлікам… Не, хай толькі паспрабуюць ці яна, ці хто-небудзь — пабачаць!.. Ён і так даволі цацкаўся з ёй, хопіць далікацтва, трэба нарэшце ўзяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Узяцца так, каб дух ёй зацяло. Моцна, як мужчына!
«Прыціхне адразу. Памякчэе… Буць не можа, што не памякчэе!..» — падумаў Яўхім, раптам заўважыўшы, што пад'ехаў ужо к свайму гумну.
Сцяпан адчыніў вароты, і грузны воз пачаў асцярожна ўцісквацца ў зяпу гумна. Яўхім ішоў цяпер наперадзе воза, збоч каня, паглядваў, як уціскваецца воз, — і на момант на вочы яго насунулася цемра: воз закрыў святло, што біла з двара. Калі воз стаў сярод гумна, цемра ўжо як бы апала — святло зноў ішло ў вароты.
Пасля гарачага пяску і пылу дарогі нагам прыемна было чуць гладкі і цвёрды, як лёд, халадок току, свежую, прапахлую зямлёю і збажыною прахалоду гумна, што хутка сушыла пот на целе і адзенні.
Яўхім адматаў вяроўкі, што завязвалі рубель ззаду, кінуў іх на ток, зняў рубель і стаў падаваць віламі снапы Сцяпану, які стаяў цяпер ускрай сцірты, што стромка падымалася ў застаронку. Снапы ляжалі роўнымі радамі ўжо да палавіны страхі, а яшчэ не ўсё было звезена. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім Кураням на зайздрасць.
«Палавіну на продаж пусціць можно… У еты год, мабуць, у цане будзе — нават у Алешніках не вельмі ўрадзіло… Як спрытно прадаць, то разжыцца можно непагано! Каня купіць у Юравічах дабрэннага можно, цяліцу і шчэ й на лес адлажыць грошай… Бо як ні кажы, а будавацца прыйдзецца… Калі жаніцца, то і будавацца, не інакш… На сваю волю, на сваю гаспадарку, што б там ні было!..
А жаніцца б — пара! Даволі пагайсаў, пагуляў — не да сівых жа валасоў жарабцом бегаць… Мо тады і зараза етая — Ганна — з галавы выйдзе… Выйдзе, канешне, — у пустом полі ўсякая трасца расце!..»
Калі ехалі са Сцяпанам назад, пад порсткі ляскат драбінак Яўхім уявіў, як прыедзе з жонкай, маладой, багатай, якую ён прывязе аднекуль — можа, з саміх Юравіч, бо ў Куранях пад пару яму, вядома, нікога няма, — як павядзе яе на свой ганак пад зайздрослівыя позіркі куранёўскіх нявест… «І кеб яна, канешне, була пры етым, бачыла маю радасць, маю перамогу!» — зноў згадаў Яўхім Ганну.
Але радасці ён і тут не пачуў — нешта не было ахвоты ўводзіць у хату гэту невядомую жонку. Не радасць, а сум нейкі лажыўся на душу, шкадаванне — нібы з гэтым вяселлем не набываў, а траціў. Як ні хацеў, не мог уявіць гэтую сваю будучую жонку, чуў, бачыў адну Ганну…
Плынь думак ураз абарвалася, калі конь выкаціў калёсы к павароту дарогі, за якім можна было ўбачыць Чарнушкаву паласу. Яўхім з нецярплівасцю, з хваляваннем зірнуў — як там Ганна, яшчэ з Дзятлікам?
Дзятліка ўжо не было на Чарнушкавай паласе, а Чарнушкі ўсе жалі. Яўхім убачыў Ганну, што вязала сноп, і паспакайнеў.
3
Кладучы снапы на воз, Яўхім заўважыў, што Ганна адышла ад сваіх, узмежкам падалася да лесу.