Ледзь толькі Яўхім варухнуўся, Ганна прыпаднялася, ускінула сук.
— Падыдзі толькі!
Яўхім абыякава сеў.
— Трэба ты мне!..
Ён не маніў: яму і праўда не хацелася ўжо зноў пачынаць валтузню з ёю. Раптам прапала ўсякая цікавасць да Ганны.
— Як сабаку пятая нага, так ты мне трэба!..
— Рукі ледзь не папераломваў, кныр паганы!.. Засляпіў вочы і лезе, жарабец дурны!.. Думае, усё яму можно!.. Захацелася, дак пашукай кабылу, а ка мне не лезь!.. — Яўхім, і не гледзячы на яе, адчуў на сабе пагрозлівы позірк. Прамаўчаў. — Кохту парваў усю!.. У сяло хоць не паказувайся!..
— Кеб трохі, вока магла б выбіць!
— Магла б! Не лезь!..
«Чым яна ўдарыла? — прайшло ў Яўхімавай галаве. — Сука ў яе не было, сук яна потым узяла. Локцем, мабуць… Ніколі не думаў, што так можна ўдарыць локцем. Як шворнем усё адно!..» Яўхім падняўся, стаў абтрэсваць зямлю, травінкі са штаноў, з рукавоў. Ганна таксама ўжо стаяла, як і раней, наводдаль, усё з тым жа сукам.
— «Не лезь»! — пагардліва скрывіўся Яўхім. — За вярсту не падыходзь!.. Падумаеш — каралева!
— Каралева не каралева, а не лезь!
— Не етакіх бачыў…
— Дак і ідзі да етых, да лепшых! Чаго ж лезеш?
— І пайду! Па табе, думаеш, сохнуць буду! Аге, чакай! Дачакаешся, можа, — на том свеце!
— От і добра! Хоць раз штось разумнае сказаў!
Яўхіма, здаецца, мала ўзрадавала гэтая пахвала. Ён кінуў абтрэсвацца, выцершы кроў з-пад носа, сказаў, злуючыся:
— Ну, от што вы такое, Чарнушкі, што нос дзярэце? Ну, от што вы перад намі? Нішто, ноль, можна сказаць! Галота дзіравая…
— От і ідзі да багатых! Можа, і знойдзеш каралеву!
— І пайду! Дазволу не папытаюся! У Глінішчы, у Юравічы пайду, куды захочу! Такога цвету па ўсяму свету, і не такіх, як ты! Любая на багацце — як муха на агонь! Ідзі, выбірай, абы толькі ахвота була!
Ганна не ўтрывала, падчапіла кпліва:
— Ахвота ж, здаецца, е!
Яўхім прамаўчаў, як бы паказваючы, што на ўсякае глупства не хоча звяртаць увагі. І ўсё ж кончыць гаворку тым, што ён толькі што сказаў, здалося яму мала — няхай не пасміхваецца, не думае, што ўзяла верх, што ён паддаўся ёй, адступаецца зусім.
— Захочу — будзеш маёй! Усё адно не выкруцішся!
— Уга! Спужалася! — засмяялася Ганна, але адразу ж змоўкла, заўважыўшы, як грозна зірнуў Яўхім.
— Глядзі! — папярэдзіў ён і пайшоў ад яе, важка топчучы траву.
5
Пад вечар мачыха ўбегла ў гумно, задыханая, раскудлачаная, яшчэ з варот кінула ўзрушана:
— Чуў?
Чарнушка, што падмятаў ток, азірнуўся, спакойна запытаўся:
— Што?
— Што?! Пытаешся!.. Усё сяло гудзе! Адзін ты не знаеш нічога! Сядзіш тут, як сляпая сава!..
— Дык што такое? Скажы толкам!
— Што? А табе б самому знаць трэба! Ды мне расказаць — не мая дачка, твая!.. Бацько!.. Глядзеў бы лепей, дак не пытаўся б!
— Ды можаш ты сказаць па-людску?
— Па-людску? Ой, Божа ж! Язык просто не паварочваецца!.. — Мачыха ледзь не залямантавала: — Яўхім Карчоў — Ганну…
— Чаго пляцеш?
— Пляцеш? Кінь мятлу ды выйдзі на вуліцу, паслухай!.. Хто дзе стаіць — каля плота, каля калодзезя — ва ўсіх толькі і гаворкі!.. Адзін ты — як цецярук!
Чарнушка адразу спахмурнеў, згорбіўся.
— Калі ў лес па маліны хадзіла… — паясніла мачыха. — Бачыў, якая прыйшла?.. Кохта якая була?..
Чарнушка слухаў, як нямы. Як у тумане, згадалася яму, які дзіўны выгляд быў у Ганны, калі вярнулася з лесу. Твар узрушаны, вочы неспакойныя, чамусьці адводзіла іх убок, старалася трымацца асобна. Калі вязала сноп, рукі як бы не слухаліся, і звязала пагана: ён сказаў ёй, каб перавязала… І кофта, кофта была падраная, ён сам бачыў. Праўда, яна сказала, што за сук знянацку зачапілася, але — хіба яна не магла зманіць?..
— Горачко ж, гора, — залямантавала ціха, каб не чулі злыя людзі, Чарнушчыха. Яна, аднак, тут жа перайшла на іншы, рашучы лад: — Але хай ён не радуецца, Корч руды! Хай не думае, што як ён багацей, то яму і ўсё можно! Мора яму па калено! Закаецца! Закаецца ён — жыць я не буду! У суд, у суд на яго! У цюрму яго, кныра рудога! У цюрму! У Сібер!
Цімох нарэшце нібы ачнуўся, запытаў:
— Дзе Ганна?..
— Ганна?.. Пайшла па картоплю… накапаць…
Чарнушка кінуў у куток мятлу, выйшаў з гумна; хутка, з не ўласцівай яму паспешлівасцю рушыў на загуменне — так што мачыха ледзь упраўлялася за ім. Выйшаўшы за гумно, за пустую загуменную дарогу, ён на другім баку агарода каля самага жардзянога плота ў першым цёплым поцемку ўбачыў дзве постаці, што корпаліся на бульбянішчы.
Ганна была не адна, побач стаяла Хадоська, але Чарнушка быццам і не заўважыў яе. «Усё адно, нашто хаваць, калі ўсе Курані гавораць…» Ды калі б было і так, што ў сяле ніхто не ведаў бы, Чарнушка, відаць, усё роўна не спыніўся б ад таго, што побач хтосьці чужы, — ён не мог чакаць ні хвіліны.
— Праўда ето? — грозна стаў ён перад дачкой, якая здзіўлена трымала корч бульбы.
— Пра што вы, тато?..
— Пра што? — Чарнушка неспадзявана абмяк, жаласна скрывіўся. Губы яго пакрыўджана і бездапаможна задрыжалі — пра што? Хацеў сказаць і не мог, замест слоў адно пачулася ў горле пакутнае бульканне.
На падмогу прыйшла мачыха:
— Сяло ўсё кажа, што Яўхім Карчоў цябе… ссільнічаў…
Бульбяны корч выпаў з Ганніных рук. Яна збянтэжана зірнула на Хадоську, якая раптам стала белая, як нежывая. «Усе знаюць! Усё сяло кажа… — праплыло ў галаве ў Ганны. — Ссільнічаў!.. Але як яна пабялела, Хадоська!.. Ссільнічаў, кажуць!..»
— Няпраўда. Плёткі ўсё, — нарэшце ціха прамовіла Ганна.
Бацька нібы не паверыў.
— Плёткі?
— Плёткі. Брэшуць.
Бацькавы губы перасталі дрыжаць. Ён паспакайнеў.
— Ну, калі так…
— А кохту хто парваў? — не паверыла мачыха.
— Хто ні парваў — толькі не було таго. Брэшуць.
— Не було, значыць?
— Брахня, кажу.
— А можа, ты баішся? — не здалася, як бы пашкадавала, што ўсё аказалася толькі плёткай, мачыха. — Мо ён пастрашыў?.. То ты не бойся! Цяпер не тое, што колісь, цяпер — парушыў дзеўку, дак жаніся, не адкручвайся! А не — дак перададзім у суд. Так прыпаяюць, што на том свеце каяцца будзе!
— Не було, кажу!
— Не було?..
— От бо! Што ж мне, бажыцца трэба!
— Калі не було, то не було! — адказаў прымірэнча, з палёгкай бацька. Гэтыя словы больш адносіліся ўжо не да Ганны, а да мачыхі: бацька канчаў прыкрую гаворку. — От табе і «ўсё сяло гаворыць»! Мало што выдумаюць, калі язык засвярбіць!.. Хадзем!
Ён пайшоў па сцежцы к гумну ўжо ціха, спакойна. Мачыха ж брыла без ахвоты, як бы не высветліўшы ўсяго…
Пасля таго як яны адышлі, Ганна і Хадоська трохі стаялі моўчкі. Ганна ўспамінала размову з бацькам, з мачыхай, не магла супакоіцца — трэба ж, каб нагаварылі на яе такога! Ссільнічаў! — ахвота ж людзям языкамі плясці!.. Хацеў, спрабаваў, ды, мусіць, і цяпер нос свой мацае… І ўсё ж хоць і не вінавата была, думаць, што ідзе, паўзе па сяле такая слава пра яе, было крыўдна: нібы гразёю ні за што ні пра што абпэцкалі!
Яна раптам заўважыла, што твар у Хадоські вельмі ўзрушаны, няшчасны, і ёй стала шкада «канаплянкі».
— Не було нічога. Праўду сказала.
— А я думала — мо… бацькі баішся?.. — вінавата сказала Хадоська. Яна выціснула: — А хто ж… кохту парваў?..
— Ён — Корч еты…
— Такі… чапляўся?..
— Чапляўся. Толькі — не дабіўся нічога.
— Чапляўся!..
Хадоська неспадзеўкі адвярнулася, закрыла твар далонямі, затрэслася.
— Ну, чаго, чаго ты! Не було ж нічога… Ей-богу, не було… Раўнуеш? От, дзівачка!.. Не трэба ён мне! Падумаеш, дабро якое!.. Бяры яго сабе!..
Яна ўжо не ведала, што сказаць: Хадоська не слухала, аж заходзілася ад плачу. Са слязьмі яна раптам і пайшла ад Ганны, не выбіраючы сцежкі, спатыкаючыся на бульбоўніку, пералезла цераз плот і ценем пасунулася па полі. «І трэба було мне вякнуць, што чапляўся ён!» — пашкадавала Ганна, з трывогай сочачы за яе постаццю…
Абтрэсваючы зямлю, абабіраючы бульбіны з нітак-карэнняў, яна думала то аб тым, якое недарэчнае гэта Хадосьчына каханне, то — найбольш — пра непрыемную плётку. Было ці не было, а гразь гэтай плёткі, чула яна, надоўга прыліпне, не хутка і не ўсе павераць, што нічога не было, што Яўхім ды не дабіўся. Паспрабуй дакажы, што няпраўда, — будуць гадка пасміхвацца, абзываць будуць, глядзець, як на абпэцканую. Не сама запэцкалася, дык другія запэцкалі, а гразь усё ж на табе. І будзеш з ёю. І не змыеш. Хто паверыць, той паверыць, а хто не, той — не!..
І няхай не верыць, хто не хоча! Што яна — жыць не будзе, калі хто будзе думаць пагана! Што ёй — жыць не жыць ад дурной плёткі? Як людзі да яе, так і яна да іх! Добра — дык добра, а не — дык не! У яе свой гонар ёсць!..
Ганна ўзяла лазовую каробку, закінула за плечы і цвёрда пайшла сцежкай к загуменнай дарозе, к гумну, к хаце. Так, бедаваць попусту яна не будзе! Не будзе гараваць без віны, не дурная! А людзі — як хто да яе, так і яна да іх! Сумная яна не будзе. Не з такіх!
Усё ж, як яна ні хацела, трывога не пакідала яе, прымушала глядзець наперад з непакоем і аберажлівай насцярожанасцю. Ужо не так проста, як дагэтуль, не лёгка і не бесклапотна думалася пра тое, што вось раптам хто-небудзь сустрэнецца, — як паглядзіць на яе, як яна — на яго? Раней пра гэта яна наогул не думала, а цяпер, падыходзячы к дарозе за гумнамі, нават прыцішыла хаду — пачула, хтосьці едзе на кані.
Зводдалек пазнала — трэба ж так здарыцца — ехаў на Гузе Васіль. Хвалюючыся, выйшла на дарогу, пачакала, пакуль не пад'едзе. Сустрэчы з Васілём і чакала і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. І вось, звесіўшы босыя ногі, бялеючы адзежай, Васіль акурат ехаў.
Чуў ці не чуў ён? А калі чуў — ці паверыў? Няўжо мог паверыць?.. «Мог — раўнівы, недаверлівы!..» — прайшла ў галаве ў Ганны неспакойная думка. Але другая адразу ж запярэчыла: «Не, не мог, не павінен верыць другім». Ёй — адной — верыць павінен! Калі не паверыць, не супакоіць яе ён, хто ж тады?
Бачыла, што і ён ужо заўважыў яе, занепакоіўся, першы момант знянацку нават каня прыпыніў. Потым строга штурхнуў каню ў бок нагою, панура, не гледзячы на яе, стаў набліжацца. Ганна насцярожылася.
Калі Васіль пад'ехаў, Ганна раптам убачыла, што ён не збіраецца спыняць каня — гаварыць нават не хоча! Яна ступіла наперад каню, спыніла.
Васіль, як і раней, не глядзеў на яе. Маўчаў. Маўчала трохі і яна, пакрыўджаная, абражаная.
— Чуў? — сказала нарэшце з выклікам.
— Чуў…
— Знаеш усё, значыцца?.. Паверыў?
— Гавораць — дак штось е… Дыму без агню не бувае…
— Аге, значыць, було ўсё?
— А можа, не? — ён не пытаўся, ён быў упэўнен.
— Дак ты лепей знаеш!
— Лепей не лепей. Другія бачылі, сказалі…
— Хто — другія? Хто — бачыў?!
— А не ўсё адно? Хто бачыў, той бачыў.
Ганна не знайшла што і сказаць. Ад крыўды, ад злосці на яго ў грудзях паліла, думкі блыталіся.
— Дак, можа, ужэ і не прыйдзеш? — сказала як бы з насмешкай.
Ён трохі памаўчаў.
— А чаго хадзіць?.. Няхай другія цяпер ходзяць!.. — Ён скрывіўся з крыўдай і, заўважыла яна, з гідлівасцю. — Багацейка! Карчыха!..
— Дурань!!!
— Канешне. Дурны. Усе бедныя дурныя. Корч — разумны!..
— Разумнейшы! У сто, у тысячу разоў!
— То-та і круцілася ля яго! І дакруцілася!
— Не твой клопат! Не твая бяда! А мне, можа, — анігадкі! Я, можа, і рада?!
Яна ўзрадавалася, калі ўбачыла: такі ўкалола. Аж засоп важка ад крыўды. Так яму і трэба!
— А то гавораць, — прамовіў ён, нібы спрачаючыся з некім. — Можа, не па сваёй ахвоце? Можа, ён сілаю?.. — Васіль хмыкнуў. — Сілаю!..
— Па-добраму, па згодзе ўсё було! — пацвердзіла яна. І раптам не вытрывала, сказала шчыра, з болем, з пагрозай: — Я етаго табе не забуду! Прыпомню калі-небудзь!
Яна адразу адвярнулася і пайшла з дарогі на гумнішча. Васіль і не зірнуў, ткнуўшы босай нагой у бок Гуза, падумаў са злосцю: «Бач, шчэ грозіцца: „Не забуду!“ Пакрыўдзілася шчэ!.. Сама такое вытварыла, а шчэ крыўдзіцца!..»
Ён не заўважыў, як конь прайшоў загуменную дарогу, як завярнуў на ўзболатак. Успамінаў слова за словам яе гаворку, тое, што казаў Зайчык Іван, зазірнуўшы к яму ў гумно: «Не першы раз ето! Даўно ўжэ склешчыліся, толькі што не бачыў ніхто… Шчэ як у Юравічах сядзеў, пачалося!..»
«От, хітрая! — успаміналіся Зайчыкавы развагі. — І з ім круцілася, і табе галаву дурыла. Думала, пэўне, як не той, дак еты!..» Калі згадваў гэта, сэрца пякло крыўднае, брыдкае: а ён верыў ёй, верыў усяму, што гаварыла! Казала — паганы Корч, насміхалася нават, а сама тым часам меціла на Карча, круціла з ім. Замуж не інакш сабіралася…
«Па-добраму, па згодзе ўсё було!» — прыйшлі яму на згадку Ганніны словы, і ён аж плюнуў: і з ім, з Васілём, абдымалася ды цалавалася, і з другім таксама — «па-добраму, па згодзе»! — І шчэ крыўдзіцца! Шчэ грозіцца!.. Сучка ты, сапраўдная сучка — не што іншае!.."
Спутаўшы Гуза на куп'істым узболатку, Васіль махнуў аброццю на каня, адагнаў яго трохі і ўжо звыклай хуткай хадою накіраваўся ў сяло, калі прыкры, цвярозы одум запыніў яго: спяшацца сёння не было куды. Спяшаўся ён другія вечары да яе.
Ён пастаяў, падумаў, што лепш было б, каб у Курані можна было і не ісці зусім. Застацца тут, на ўзболатку, накрыцца світай і заснуць, забыць пра ўсё на свеце. Ён панура павёў вачыма па знаёмых цёмных стрэхах, неспадзеўкі спыніў позірк на вострых абрысах дрэваў ускрай сяла — то былі Чарнушкавы грушы, — і ўжо не гнеў, не злосць, а шкадаванне, цёплы боль ляглі знянацку на душу. Боль страты. Яна ўжо не яго, яна — чужая. Ён страціў яе. Ён адзін, зусім адзін.
"Ну і няхай! — як бы запярэчыў ён сабе, свайму шкадаванню. — Е аб чым бедаваць! Хто яна мне такая? Пагуляў, пастаяў каля плота — і ўсё. Мало з кім пастаяць можно — дзевак у сяле вунь колькі!"
"Усё адно ніякаго толку не було б ад етаго стаяння… Не пара яна мне, усё адно. Толькі і дабра таго, што краса, — а хіба з той красы жыць будзеш, пабагацееш!.. Е аб чым гараваць — захачу, заўтра хоць з Верай Пракопавай загуляю. Не ёй, не Ганне, раўня: нешто прывязе ў хату. Зямля каля цагельні, мо перападзе трохі…"
Так, шкадаваць не было чаго, гэта Васіль ведаў. І ўсё ж гора страты — як ні дзіўна — не прападала. І хоць дзяўчат многа было, і нават лепшыя, не знікала адзінота. І было прыкра глядзець на цёмныя знаёмыя стрэхі, і не хацелася ісці ў сяло. І не пайшоў бы. Але помніў: там выглядае, чакае маці, дзед Дзяніс прыслухоўваецца, ці не чутны яго крокі. І Васіль нявесела пацягнуўся к сялу.
Стары Глушак, затоены, надзьмуты, маўчаў праз усю вячэру; толькі скончыўшы есці, памаліўшыся на абразы, кінуў на Яўхіма грозны позірк:
— Доўго шчэ будзе ето?
— Што?
— Па дзеўках доўго гайсаць будзеш?
— Хіба ўжэ і падысці няможно?
— Падысці! Блізко вельмі падыходзіш, жарабец гуляшчы!
Яўхім прамаўчаў на гэту абразу, каб не гнявіць старога, які больш за ўсё не цярпеў пярэчанняў, але Глушака маўчанне сына ўзлавала, здаецца, не менш. Стары аж прасіпеў ад злосці:
— Гайсаеш, пакуль не прынясе ў пялёнках байструка! На пацеху бацьку і матцы!
У Яўхіма ўсярэдзіне пахаладзела. "Дазнаўся пра Хадоську! Не інакш!.. Выказаў хто-небудзь ці сама, можа, расплакалася!.."
Тоячы пільны позірк, чакаючы, што будзе далей, Яўхім прамовіў стрымана:
— А вы не слухайце ўсяго — мало хто чаго напляце…
— Праўду кажуць! — абрэзаў яго стары Глушак. — Сам знаю!
Яго грубы тон: "Як з парабкам гаворыць!" — запаліў Яўхіма.
— Дак, можа, вы болей за мяне самога знаеце?
Глушак дзіўна, з сутаргай каўтнуў, як бы хацеў і не мог пракаўтнуць штосьці, — аж маршчыністы сухі кадык напружыўся. Грозна крыкнуў:
— Жаню!!!
Яўхім пачуў, як у ім расце злая ўпартасць.
— Можаце жаніць. Толькі не крычыце, як на парабка!
— Зараз жа!
— Можно і зараз. Мне ўсё адно… Я і сам думаў ужэ…