Людзі на балоце - Иван Мележ 4 стр.


— Не…

— Недалікатныя…

— Далікатныя, то ж у дзяцей…

— У гарадскіх дзевак, кажуць, мяккія, гладзенькія. Як падушачкі.

— Ведамо, чыстая работа… Не з віламі…

Яны зноў маўчаць, але маўчанне гэтае радаснае, чыстае, ад яго весялосць у грудзях шырыцца. Прыціскаючы да сябе Ганніны рукі, Васіль нарэшце гаворыць:

— Ты, мабуць, б'ешся балюча…

— Баішся? — лагодна смяецца Ганна і дадае: — Я злая, як што не па мне! Хведзька аж дзіво як баіцца!

— А я дак — не баюся…

— Глядзі, які смелы стаў! Герой!

— І цябе, і языка твайго… усё адно…

— Уга, смелы!

Жартам сваім Васіль хавае дзіўнае жаданне, якое даўно не дае спакою: чамусьці вельмі хочацца пацалаваць яе. І, разважыўшы, быццам нічога асаблівага, не вялікі страх, а не можа Васіль асмеліцца. Не было яшчэ ніколі такога, маці і то, як помніць, не цалаваў. Калі толькі падумае, што зараз пацалуе Ганну, ніякавата робіцца, адразу сорамна і трывожна, але неадчэпа-спакуса, ліха на яе, не адыходзіць, нават з часам мацнее. У другіх хлопцаў гэта вельмі проста. Хоня-гарэза — той і на танцах, пры людзях, бывае, пацалуе, і яму хоць бы што!

А Васілю цяжка. У яго ўсё выходзіць няпроста.

— Ой, не цісні так пальцаў! — просіць Ганна.

— Я ж не вельмі…

— Не вельмі! Аж трываць няможна!..

Васіль адпускае яе рукі. Доўга пасля гэтага стаіць ён моўчкі, тоячы ў душы крыўду. Падумаеш, якая далікатная, трошачкі ад душы пальцы паціснуў, а яна ўжо трываць не можа! Не хоча, ну і не трэба! Ён і зусім можа за рукі не браць! І не возьме.

І так не ў меру для сябе пагаварыўшы перад гэтым, адасоблены ў думках, ён маўчыць доўга. Маўчанне, як і раней, яго, аднак, не бянтэжыць, Васіль яго нібы і не заўважае. Ён і то аж дзіва гаваркі з Ганнай зрабіўся, другія, бывае, з яго слова не выцягнуць. Васіль не ахвочы да пустой гаворкі.

Шумяць, шапочуць грушы. Недзе зайшоўся брэхам сабака, яму падсабіў другі. Сабакі хутка ўціхаюць, і ўжо зноў толькі грушы шумяць…

Васіль маўчыць, не зважаючы на тое, што Ганна пачынае неспакойна варушыцца, паглядвае на яго з нецярплівасцю.

— Гляджу я на цябе і думаю… — кажа Ганна і знарок змаўкае.

— Што?

— Кавалер з цябе вясёлы!.. Усё адно як вада ў роце!

Васіль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзіцца, але Ганна добра, шчыра просіць:

— Скажы што-небудзь!..

І ў Васіля ад гэтай яе добрай шчырасці гатовая ўзняцца крыўда ўраз ападае. Ён, падвесялелы, думае, шукае, што ёй сказаць.

— У Карча вараны жарабец нагу на цвік насадзіў… Кульгае… Корч ездзіў у мясцечко па дохтара…

— Аге, я яго бачыла. Ён вёз яго ўжэ пад вечар…

— Пад вечар…

— Ну, то бачыла. Стары сам, як грак, сядзеў з пугай… І што — будзе ён бегаць, жарабец той?

— Кажуць, будзе. Але, мабуць, папарваў на сабе валасы стары Корч… пакуль супакоілі, — са злой радасцю дадаў Васіль.

Ганна неспадзеўкі прамовіла:

— Ты бо зайздросціш?

— Я? Не… — асекся Васіль. — Е чаго!

Ён зноў змоўк, і, можа, надоўга б, але раптам успомніў важную навіну, якую пачуў днём на полі.

— Кажуць, землю нанаво перарэзваць будуць!

— Аге ж, і я чула. Жанкі на выгане гаварылі…

— Добра б. А то некаторыя — расселіся, як паны. Усё лепшае пахапалі!..

— Мабуць, праўду кажуць. Парадкі цяпер такія, што могуць перадзяліць па справядлівасці.

— Корч які кавалак адхапіў! Каля цагельні!.. А другім — дак пясок ці балото!

— Зямлі мало, душацца людзі…

Васіль думаў узрушана, недаверліва.

— Не дадуць яны перамераць! Гады такія!..

— Хто?

— Багацеі! — Але не вытрываў, сказаў горача, як мару: — Штоб мне — у тым ражку, што за цагельняй! Я б паказаў!

— Ахвотнікаў багато на тое…

— Аге, ухопіш за імі…

Неспадзеўкі блізка прарэзліва кукарэкае певень, і Ганна азіраецца, заўважае, што неба на ўзболатку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Яна адхіляецца ад Васіля, заклапочана перавязвае хустку.

— Развідняе ўжэ. Ісці трэба…

— Шчэ трохі…

— Не. Мачыха хутко ўстане…

Абдымаючы яе на развітанні, Васіль з рашучасцю, блізкай да адчаю, думае: ці цяпер, ці ніколі! Ён заплюшчвае вочы і прыкладвае губы да Ганнінага твару, пацалунак трапляе ў скронь. Учыніўшы гэта злачынства, ён апускае галаву і чакае прысуду. Ганна таксама стаіць апусціўшы галаву.

— Васіль, — ціха кажа яна, як бы перасільваючы сябе. — Ты мяне любіш?

— А як жа…

— І я…

Яна звешвае галаву яшчэ ніжэй, потым неспадзеўкі ўскідвае яе, і Васіль бачыць, што вочы яе, цёмныя, глыбозныя ў блеклым ранішнім святле, радасна блішчаць. Яна раптам абвіла Васіля моцнымі рукамі, прытулілася ўся і з нейкай урачыстасцю, сур'ёзнасцю, з выразам чалавека, які ведае ўсю глыбіню бездані, у якую кідаецца, прыпала сваімі вуснамі да яго.

2

Нібы праз туман, даходзіла да Васіля, як жылі гэтымі днямі Курані.

Было найбольш звычнае. Як і летась, і пазалетась, і ўсе гады, якія помніліся Васілю, зарастала раскай цёплая, з душным балотным смуродам нерухомая вада ў лужынах, у сажалках, у затоках. Усюды было безліч жаб — калі даводзілася ісці паўз балота ці сажалку, яны разляталіся па мокрай траве, пляскалі ў ваду амаль бесперапынна. Кваканне іх поўніла дзённую млоснасць, вечарам і ўночы дралі яны горла, як асатанелыя, на ўсе лады.

Не было адбою ад камароў. Пад вечар куранёўская вуліца, двары, сады, агароды аж гулі ад камарэчы, якая кіпела хмарамі, бязлітасна кідалася на ўсё жывое. Пасядзець, пагаманіць на вуліцы куранёўцам можна было толькі расклаўшы дымны, з мокрай лазы ці алешніку, агонь. У такі час Курані выглядалі як нейкі дзікі табар, як бы вярталіся на тысячы гадоў назад — там і тут чадзелі агні, і людзі туліліся да іх, кашлялі, варушыліся, адмахваліся — у цьмяным, невясёлым святле яны вельмі нагадвалі дзікуноў.

Агні спакваля тухлі. Намахаўшыся ад назолы-камарэчы, наеўшыся да дурноты дыму, людзі не вытрымлівалі, хаваліся па хатах. Толькі Васіль і Ганна не ўцякалі, туліліся адно да аднаго каля плота, як бы і не заўважалі напасці…

Узболатак і балота — не якія-небудзь далёкія, а зараснікі алешніку і лазы, можа, за сто крокаў ад Ганнінага агарода — кішэлі гадаўём. Малыя, як бы іх цягнуў хто, як на забаву, стараючыся не паказваць адно аднаму, што сэрца трымціць ад страху, лазілі ў зараснікі, цікавалі, як варушацца ў гушчыні кустоў слізкія клубкі. Забавы не часта канчаліся адным цікаваннем: куды больш было радасці, хвалячыся адвагаю, прыціснуць гадзюку дручком, зашчаміць яе, што грозна сычыць, у распірку і вынесці на выган. На выгане агулам учынялі расправу. Тут было завяршэнне відовішча: глядзелі, як доўга круціцца без галавы гадзючы хвост…

Аднойчы маці дачулася, што Валодзька таксама ходзіць у гадзючнік, — увесь вечар жахалася, палохала малога, расказваючы розныя страхі пра гадзюк. Васіль, збіраючыся на спатканне, памог ёй, прыгразіўся — калі смаркач хоць раз сунецца туды яшчэ — пабіць няшчадна!..

Гадзюкі былі не толькі ў зарасніку. Яны запаўзалі на агароды, нярэдка грэліся на выгратай сонцам, перамешанай з цёплым пясочкам кастрыцы прызбаў. Жартаўнік Зайчык казаў, што скора не будзе як сесці на прызбу ад гэтай поскудзі…

Вужы жылі ледзь не на кожным селішчы пад падлогамі, у хлявах, у прыгрэбніках. Ляснік Міця, гультай і свавольнік, якому з выгоды лезла ў галаву розная дурнота, дык нават выносіў вужоў на вуліцу пазабаўляцца. Забаўкай было і хлопцам узяць вужа на вячэрнія пасядзелкі, падпусціць у дзявочы гурток, што адразу ўсчынаў віск, лямант. Віску было на ўсё сяло, але больш з ахвоты, абы пакрычаць, — вужоў у Куранях не баяліся.

Матка казала Васілю, што ў суседа Дамеціка вуж, які ўжыўся ў хляве, ссе карову, але Дамецікавы не гналі яго. Васіль не здзіўляўся гэтаму: як і ўсе ў Куранях, лічыў ён вужа добрай істотай, крыўдзіць якую — грэх…

У гэтым годзе багата бяды было ад ваўкоў. Летняй парой асцярожныя, можна сказаць, памяркоўныя ў іншыя гады, клыкастыя драпежнікі ў гэтае лета, здавалася, вачэй не зводзілі з сяла, з выганаў, не толькі ўночы, але і сярод дня выляталі з зараснікаў. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды: у Куранях, можа, не было такога двара, дзе б не клялі драпежнікаў. Пастухі статак у лес не ганялі, рэдка пасвілі і каля лесу, найбольш трымаліся выгану, бліжэй да хат, да людзей. Некалькі дзён Курані хваляваліся, пераказваючы адзін аднаму на розныя лады, як нахаба воўк напаў на Пракопавага каня. Меркавалі, абураліся, спачувалі: спутанаму каню давялося папаржаць, папакруціцца, адбіваючыся ад звера. Не раз каціўся воўк ад конскіх капытоў, але ўсё ж вырваў кавалак мяса са сцягна, і невядома, чым кончылася б, каб не падбеглі людзі…

Але над усім былі клопаты. Спелі ягады. За суніцамі — чарніцы, ад якіх аж чорна было між рослага папаратніку. Нядоўга было чакаць і малін, што густа спелі ў гадзючых зарасніках. Малеча і старыя, каго не бралі рабіць на сенажаць ці ў поле, з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі — у лесе цяпер была важная праца. Ягады былі не якія там прысмакі, як у другіх, — у Куранях ягадамі карміліся, ягады збіралі, сушылі на продаж, на грошы, на чорны зімовы ці веснавы дзень. Лес быў памочнік полю, скупой, ненадзейнай зямлі.

Памагала полю балота, ціхія, цёплыя, зарослыя асакою затокі, зацягнутыя тванню канавы з асклізлым ламаччам, смярдзючыя лужыны з цінай і раскай. У Куранях, мабыць, не было такой хаты, якая не мела б рыбалоўнай прылады. Прылады гэтыя былі асобыя: ва ўсім сяле ні ў кога ніколі не вадзілася нерата. Васіль толькі чуў, што на Прыпяці ловяць рыбу нейкімі жалезнымі кручкамі. У Куранях ракі, прастору і глыбіні воднай не было, і снасць тут у людзей трымалася свая, балотная: лазовыя баўтухі, лазовыя таптухі, венцеры, сплеценыя з канапляных нітак кломлі. З кломляй трэба было ісці ўдваіх, утраіх, а з таптухай і аднаму ўправіцца няцяжка. Ускінуў на плячо, занёс лёгкую, амаль не чутную, з белых высахлых дубцоў, сунь у ваду і тупачы, гані рыбу да яе…

У Васіля была і таптуха, і кломля — усё дзедавага вырабу — снасць, чужым вачам проста-такі зайздросная. За лета Дзятлы, можа, разоў дваццаць выпраўляліся з двара з усёй гэтай зброяй. Ішлі ў поўным складзе — не толькі матка, Васіль і дзед Дзяніс, але і Валодзька. Памочнік з малога такі, што, каб сядзеў ён дома, лепш было б, але паспрабуй утрымаць дома гэту неадчэпу-заразу. Цягнеш яго па дрыгве, цераз чорныя брады, цераз канавы.

Дзед, у чорна-рудых штанах, якім было, можа, з паўсотні гадоў, сам выбіраў Васілю з маткаю рыбную мясцінку, але за гэтым адразу ж адасобліваўся. Трымаючы Валодзьку за руку, з таптухай ён знікаў у зарасніках і вяртаўся толькі тады, калі трэба было ісці дадому. Усяляк і яму лавілася, і ўсё ж не раз было так, што са сваёй таптухай ён прыносіў торбу, паўнейшую і важчэйшую, чым тая, што вісела на Васілёвых плячах.

Валодзька, стомлены, чорны ад твані, аж ззяў ад шчасця.

Дзед рэдка радаваўся ўдачы. Васіль прывык ужо да дзедавага крактання: хіба гэта рыба, здрабнела, перавялася сапраўдная рыба! З дзедавых слоў выходзіла, што цяпер ні звера вартага не засталося ў лесе, ні рыбы ў балоце.

Хто яго ведае, як там было раней, а толькі цяпер, і праўда, у кломлю больш трапляла зялёнай, мяккай ціны, камякоў раскі, чорнага ламачча, як той рыбы. Серабрысты, трапяткі бляск рыбы цешыў, як невядома што. Калі Васіль выкопваў з ціны і раскі рыбіну з далонь, сэрца заходзілася ад радасці.

А ўсё-такі і гэта была нейкая падтрымка ядзе. Калі добра пахадзіць з лета да восені, то ўсё ж нешта збярэцца перабіць нішчымніцу. Ягады, рыба ды грыбы — усё адно да аднаго, усё неяк паможа пратрымацца і з дробнай картопляю і нікчэмным збожжам. Ну, а да іх яшчэ — мёд, сем дзедавых вулляў, якія — што ні кажы, — а прыводзяць жа нейкую капейчыну ў хату…

Адным словам — старацца трэба. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Усюды, дзе можна, трэба браць, запасіць на зіму, на год — у полі, у лесе, у балоце…

Што б ні рабіў Васіль, Ганна быццам была поруч — думаў аб ёй, шукаў яе вачыма, чакаў. І мала было за лета такіх дзён, каб не толькі ўвечары, але і сярод дзённай мітусні не сышліся, не пабачыліся, не перакінуліся хоць некалькімі словамі. Сустракаліся часам выпадкам, але найбольш — так толькі паказвалі другім: каб не плялі чаго лішняга языкастыя цёткі. Выпраўляліся нібы кожны будзённай сваёй сцежкай, нібы і думаць не думалі аб нейкім спатканні-мілаванні, а самі яшчэ звечара ведалі, дзе і як пабачацца. І сустракаліся дзе толькі можна было — на загуменні, у полі, у балоце, пад ляснымі шатамі.

Для другіх лета было як лета, як ва ўсе іншыя гады. Для сонца, для неба яно было такім, як і тысячы, сотні тысяч гадоў, усю тую спрадвечнасць часу, калі млела тут навокал дрыгва і гнілі мокрыя лясы. Для іх жа гэта было першае лета, лета-песня, лета-свята.

З гэтага лета застаўся ў іх на ўсё жыццё ўспамін неабсяжнай, бязмежнай, бясконцай радасці. Шчасце гэтага лета было самае вялікае, шчасце іх жыцця. Але, успамінаючы гэтыя сонечныя дні, бязмежнасць і яснасць іх радасці, Ганна потым нязменна згадвала адно прыкрае, выпадковае здарэнне. Вылезлі з вады з кломлямі, сядзелі каля лазовага куста — няблізка адзін ад аднаго, бо недалёка былі бацькі. Гаварылі тым спосабам, калі пра ўсё кажуць адны закаханыя вочы. Шчасце поўніла грудзі, шчасцем поўніўся бераг азярца, трава, асака, увесь свет. І раптам — Ганна з жахам крыкнула, ускочыла: між іх паўзла гадзюка… Пакуль Васіль схапіў, выламаў дручок, гадзюка ўцякла…

Здарэнне гэта праз некалькі дзён Ганне забылася, але потым, калі мінуў ужо не адзін месяц, выплыла зноў у памяці. Выплыла, ажыло, як бы вырасла, поўнае злавеснага сэнсу…

Але гэта было — потым. Пакуль жа цвіло іх лета. Лета-песня, лета-свята… За летам была свята-восень…

3

Кончыўшы ўпоцемку малаціць, Васіль павесіў на шула цэп і выйшаў з гумна. Не зачыняючы варот, ён некалькі хвілін стаяў нерухома. Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута, і Васіль быў хіба здаволены тым, што адпрацаваў, што сёння больш рабіць не трэба і можна вось так ціха стаяць, не згінаючыся, не махаючы цэпам, выпрастаўшы спіну. Стаяць і чуць на твары халаднаваты пад вечар асенні вецер, ад якога пачынаюць браць дрыжыкі пад лапаткамі, слухаць мірныя гукі вячэрняга сяла. Цапы па гумнах ужо не цупалі, ляскаталі недзе ў полі калёсы, поблізу, мусіць, на суседнім двары, бэлькалі авечкі.

Васіль прыслухаўся, што чуваць з Чарнушкавага двара, пачакаў, ці не пачуе Ганнінага голасу, але там было ціха. Здалося, што рыкнула іх карова, і Васіль падумаў, што Ганна, мусіць, доіць. У яго грудзях, як заўсёды, калі ён думаў цяпер пра Ганну, пацяплела, стала хораша, і разам з тым узяла нецярплівасць: каб хутчэй зноў пабачыцца!

Ён замкнуў гумно і ўжо сабраўся ісці ў хату, калі яго гукнулі. Васіль спыніўся: на прыгуменне ішоў дробны, кульгавы Грыбок Ахрэм.

— Жыто малаціў? — сказаў ён.

— Жыто…

— Добрае? Да Каляд на хлеб і аладкі будзе?

— Ат… — паморшчыўся Васіль. — Няма нічога…

— Зямля, туды яе маць! — вылаяўся Грыбок.

— Зямля… Пясок адзін…

— У Карча, братко, урадзіло…

— Каля цагельні?

— Аге. Зерне, братко, як боб. Што сноп, то мех.

— Дзіво…

Васіль ведаў, што ўся гэта гаворка і Грыбкова цікаўнасць толькі так, для прыліку, і чакаў далейшага, гадаў, што ж прывяло да яго Ахрэма. І не сябры — Грыбок бадай ці не ў тры разы старэй, і не суседзі — жыве Грыбок наводдаль і не мог збочыць так сабе. З нейкім клопатам прыйшоў…

Грыбок не спяшаўся.

— Як дзед Дзяніс, як здароў?

— Здароў…

— Узяў што з вулляў?

— Ат, пустое…

— Не кажы, братко. Мёду таго возьмеш у рот лыжку, а… чуеш!

— Толку з яго — без хлеба…

— Мудры стары, — завяршыў, з пашанай круцячы галавой, Грыбок. — Пчалу тую лепш як чалавека якога разумее! І рыбу!.. Мудры!

«Мёду, мабуць, хоча папрасіць! Чаю закрасіць, скажа, ці яшчэ што выдумае», — насцярожана сачыў за Ахрэмавай гаворкай Васіль. Але той звярнуў на іншае, галоўнае, мяркуючы па тым, як сур'ёзна загаварыў.

— Землю перадзельваць хочам… Мо чуў?

— Чуў…

— Штоб па-людску було. А не так, як дасюль…

— Даўно б пара!

— А калі тое було, сабрацца?.. Дак от на нядзелю надумалі… Я так думаю, што трэба табе прыйсці. Матка ўсё ж, сказаць, жанчына. Ці мо Дзяніс няхай прыйдзе?..

— Я прыйду, — цвёрда сказаў Васіль.

— Ну, от і добра. — Грыбок ужо сабраўся ісці, але спыніўся. — Я ето пачаў апавяшчаць шчэ пазаўчора. А цябе дак не бачыў. То ты не крыўдуй, я ето так, без хітрасці… Дак, кажаш, няма мёду?

— Няма… Дзед нядаўна глядзеў.

Назад Дальше