— А мо е трохі? Хварэе малое ў мяне. Паласавацца б яму. Мо паправілася б хутчэй…
— Няма…
— Ну, калі няма, то няма… — вінавата прамовіў Грыбок і падаўся на дарогу за гумнамі.
«Ласы на чужыя каўбасы! Мёду захацеў! — падумаў непрыхільна Васіль. — Аге ж, чакай!.. Надаешся вам усім!..» Васіль тут жа разважыў, што, можа, трохі і трэба было б занесці, бо што, як Грыбок пакрыўдзіцца за адмову і, каб на яго немач, абдзеліць, наразаючы зямлю. Як-ніяк у камітэце ж гэтым…
— З кім там гаманіў? — сустрэў дзед Дзяніс, калі Васіль увайшоў на двор.
— Ат, Грыбок.
— Чаго ён?
— Сход, кажа, будзе пра землю… І мёду прасіў. Для дзіцяці — маўляў, хворае…
— Хворае? То трэба б даць лыжку.
— Даць! Надаешся кожнаму! А што на кірмаш павязем, хлеба купіць!
Дзед не стаў пярэчыць: Васіль у доме станавіўся як бы старэйшым па чыну, гаспадаром, забіраў уладу.
Калі Васіль, павячэраўшы, устаў з-за стала, маці клапатліва параіла:
— Світу вазьмі. На дождж бы збіраецца.
— На холад бярэ, — азваўся Дзяніс. — Дажджу не павінно… Але світу надзень…
Васіль накінуў світу на плечы і выйшаў з хаты. На дварэ было цямней, хмурна і холадна, з блізкага балота несла гнілой вільгаццю.
Ганна прыйшла на запаветную іх мясцінку каля плота ў акуратным, з дамашняга сукна жакеціку. Васіль ужо не раз сам сабе адзначаў, што яна прыбіраецца, ідучы на спатканне, і яго гэта поўніла гонарам. Стараецца, каб падабацца яму, стараецца, як перад сапраўдным кавалерам…
Васіль хацеў прытуліць яе, прыкрыць світаю, але яна ўперлася рукамі, адхінулася і доўга стаяла асобна. Вільготны вецер з балота варушыў яе валасы, яна час ад часу іх папраўляла. Жакетка, відаць, грэла кепска. Ганна мерзла, але не прызнавалася. Яна моцна застыгла, і калі Васіль зноў прытуліў яе пад світу, перастала дрыжаць не адразу.
Разам было цёпла і хораша. Васілю было чутно, як трапеча, б'ецца каля яго рукі Ганніна сэрца…
Горнучы яе, Васіль марыў:
— Кеб з таго кавалка, што каля цагельні, дасталося. То б надзел буў!.. Мёду прадаў бы, насення б купіў адборнага… Пабачылі б!
— Любіш ты хваліцца!
— А чаго ж! Мо не верыш?
— Да не, можа, і веру! Калі не хлусіш, то, мабуць, праўда.
— Праўда. — Ён дадаў пераканана: — За мной не прападзеш!
— Уга! Ты ж не казаў, што хочаш узяць мяне!
— А чаго казаць. І так відно.
— А я думала, ці не на Просю гарбатую памяняць сабраўся! Ні слова не кажа пра ето!
Васіль заклапочана, па-гаспадарску стала прызнаецца, дзеліцца з Ганнаю:
— У хаце — холадно, цесно. Сцены пагнілі нашчэнт… Не хата, а просто дамавіна…
— Што дамавіна, то дамавіна…
— Хачу зімой трохі лесу купіць. Думаў, куплю болей, за мёд, думаў. А тут — жыто пустое. Мёд трэба мяняць на хлеб… Ну, але ў еты год — трохі, трохі — у другі…
Недзе сумна, доўга, па-воўчы завыў сабака. Ганна трывожна стаілася.
— Як скуголіць… Аж страшно. Бы на хаўтуры…
— Сказала.
Ганна доўга не магла супакоіцца. Васіль туліў яе да сябе, нязграбна, важкай рукою гладзіў пругкае плячо, спіну. Раптам слых яго ўлавіў непадалёку шарганне крокаў, і ён, не выпускаючы Ганны, азірнуўся. Да іх ад могілак, трымаючыся плота, набліжалася панурая ў змроку постаць. За ёй Васіль разгледзеў яшчэ дзве.
Яны падышлі і сталі, прыглядаючыся.
— Бач, прыліплі! — нядобра сказаў першы.
Другі груба, нібы загадваючы, кінуў:
— Хто такі?
— А табе што! — у тон яму, таксама груба адказаў Васіль.
— Пагавары, балда! — У гаворцы яго Васіль улавіў ясную пагрозу. — Як зваць?
Ганна ўжо вызвалілася з-пад світы і быстрым позіркам аглядвала незнаёмых. Толькі тут Васіль разабраў, што рэч, якую чалавек трымае пад пахай і якой Васіль не даў раней увагі, — вінтовачны абрэз. Гэты абрэз пагрозна варухнуўся. Адчуваючы, як між лапатак адразу пахаладзела, Васіль перавёў позірк на двух другіх — яны таксама былі з абрэзамі. Далей цямнелі яшчэ дзве ці тры постаці.
— Васіль зваць…
Да яго слыху дзіўна дайшло, як густа, цягуча шумяць грушы, ён з трывогай зірнуў на Ганну. Яна, здаецца, спакойна чакала, што будзе далей. Незнаёмы, відаць, заўважыў Васілёў позірк.
— Твая дзеўка?
— Мая.
Другі раптам абхапіў Ганну за стан, прыліп, брыдка, здзекліва захіхікаў:
— Цёплая, ядры яе!..
Ганна гнеўна рванулася, з усяе сілы кулаком таўханула яго ў грудзі.
— Адыдзі, чорт слінявы!..
— Я? — Той ступіў крок, раззлавана хапіў Ганну за руку, крутнуў. — Вось зацягну зараз у поле…
Але тут, не помнячы нічога, як бясстрашны коршак, грозна рынуўся на яго Васіль,
— Не лезь!..
Ён штурхнуў «чорта», тузануў за каўнер. Той адразу адпусціў Ганну, ствалом абрэза сунуў Васілю ў жывот. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б адзін з іх хэўры не крыкнуў пагрозна:
— Кінь!
«Чорт» абвяў, апусціў абрэз, неахвотна адступіўся. Злосна, праз зубы працадзіў:
— Шчасце тваё! Памаліся Богу, авечка!..
Той, хто выручыў Васіля, хрыпата запытаўся:
— Грыбка Ахрэма ведаеш?
— Ну, ведаю… — Васіль гарэў перажытым, палам бойкі, словы выходзілі важка.
— Хадзем пакажы!
У Ганны вырвалася трывожнае, патрабавальнае:
— Нашто?
— У госці… — Грозны незнаёмы раптам загадаў: — Лезь дахаты. Ды глядзі, дзяржы язык за губою. Твая нара? — кіўнуў ён галавою ў бок Ганнінай хаты.
— Мая.
— Дак от, сядзі не дыш, калі хочаш быць цэлаю, ясно? І калі яму дабра хочаш!
Ганна адказала спакойна, дзёрзка:
— Чаго ж, зразумела.
— Ну дак зматвайся.
— А з ім што? — не пайшла, кіўнула на Васіля Ганна.
— Жыў будзе! Не з'ядзім!.. Ну, давай адсюль! — ужо злуючы, загадаў ён Ганне.
Яна пайшла ціха, не хапаючыся, звычайнай сваёй сталай хадою. Калі бразнула клямка за ёю, хрыпаты скамандаваў аднаму:
— Глядзі ва ўсе бакі. Калі што якое — страляй. І з хаты вачэй не спускай. Каб не выходзіў ніхто.
— Чысто будзе.
Хрыпаты варухнуў абрэзам.
— Давай! Па загуменню!
Васіль зразумеў, што гэта яму загад, і сумна зашаргаў лапцямі па сцежцы. Не азіраючыся, ён чуў, што хэўра пацягнулася ўслед, чуў шум іх крокаў, смарканне, важкае дыханне хрыпатага, які сунуўся адразу за ім.
Паўз агарод выбраліся на загуменную дарогу. Гумны стаялі ў цемры панурыя, непрыветлівыя, нізка насунуўшы на сябе важкія мокрыя кучомкі стрэх. У Васілёвых грудзях нешта сумна, тужліва сціснулася, нагам стала млосна, і ён мімаволі стаў.
— Ну, ты, варушыся! — паддаў ззаду ствалом абрэза хрыпаты.
Васіль неахвотна паплёўся далей. Адчуваючы халадок на патыліцы, ён мімаволі трывожна, пільна лавіў усё, што было там, за ім, дзе ішла хэўра. Ён ужо не здагадваўся, а, можна сказаць, ведаў, што ішлі ззаду бандыты з атрада Маслака, чуткі пра якіх ужо не адзін месяц страшылі людзей па ўсёй воласці. Яго поўніла разуменне вялікай, неспадзяванай бяды. Нядаўняя смеласць, з якой ён абараняў Ганну, ужо выветрылася. У пацверазелай яго галаве прайшла ясная думка, што не на дабро дапытваюцца яны Ахрэма, што за нешта палічыцца хочуць. «Можа, нават і заб'юць!..»
І вось яму, Васілю, выдалася няшчасце весці з сабой згубу. І ён вядзе. Бо што ж рабіць, няўжо ж самому на згубу аддацца? Хіба ж не праўда, што свая сарочка бліжэй да цела? Хіба ж Грыбок, каб яму давялося, не зрабіў бы таго ж, што Васіль, хіба ж палез бы на ражон, на смерць… Але думкі гэтыя не давалі спакою, і больш за ўсё таму, што трывожыла Васіля далейшае. Як там ні ёсць, а заўтра, калі прыедзе з воласці міліцыя, Васіль будзе ўсё ж вінаваты. Прыцягнуць на допыт, паспрабуй тады апраўдайся перад імі. Памагаў гэтым, праводзіў…
Зноў цягуча, па-воўчы завыў сабака. «Праўду Ганна казала. Бы на хаўтуры. Як чула ўсё роўна…»
Хоць бы душа на прыгуменнях. Хоць бы цэп дзе-небудзь азваўся. Усё ж было б не так самотна, не так безнадзейна. Стукнуць бандзюкі, і людское вока не ўбачыць. Маўклівыя, абыякавыя чарнеюць пустыя гумны пад панурымі кучомкамі стрэх… А можа, і лепш, што яны пустыя, не бачаць нічога, — ведаць ніхто не будзе пра Васілёву сцежку…
Раптам поблізу заліўся брэхам нечы сабака, злы, няўціхлы, вылузнуўся з-пад варот, чорным камяком кінуўся пад ногі.
Хрыпаты мімаволі стаў, адмахваючыся, крутнуў абрэзам. Васіль адступіў крок, насцярожана азірнуўся і ў той жа момант пачуў моцны ўдар па галаве нечым цвёрдым.
— Улізнуць хочаш, сволач!
Сабака ўпарта не адставаў, заліваўся брэхам, абудзіў многіх іншых сабак, што падмагалі яму на дварах.
Ён, відаць, не ў меру асмялеў, бо раптам енкнуў ад удару і захліпнуўся.
— Дзе? — нецярпліва запытаў хрыпаты Васіля. — Далёка?
— Зараз…
Не даходзячы да Грыбковага гумна, спыніўся:
— Там… Селішча яго…
— Не брэшаш? Глядзі, калі збрахаў!..
— Яго… — Васіль папрасіўся: — А цяпер — пусціце!..
— Управішся! — рэзка адказаў хрыпаты, збіраючыся. — Пачакаюць дома!..
Пакінуўшы аднаго на варце і Васіля пры ім, хрыпаты, ляснуўшы затворам, рушыў з іншымі на Грыбкова прыгуменне.
4
Першая на стук у акно ў Грыбковай хаце прачнулася жонка. Яна хвіліну слухала, не разумела добра, што стукаюць ім, — слухала і спала.
— Ахрэм, устань… — нарэшце паварушыла яна мужа за плячо.
Грыбок, сапучы, неахвотна падняўся, са смакам, уголас пазяхнуў, пачухаўся. У хаце было душна і цёмна. Шоргаючы непаслухмянымі босымі нагамі па халаднаватай глінянай падлозе, ён паплёўся да нізкага акенца. Спрасонку выцяўся аб рог вушака, вылаяўся. Прыціснуўшыся тварам да шыбы, пільна ўглядваўся ў постаць за акном, але яна цьмяна расплывалася ў змроку.
— Хто там?
— Свой. З воласці.
— Хто такі?
— Па зямельнай справе я…
— Па зямельнай… Мало вам дня!..
Грыбок сапеў, думкі варушыліся неахвотна. А голас за шыбай тлумачыў:
— Бяда выйшла. Запазніцца давялося… Конь нагу вывіхнуў… Па доктара ездзілі…
— Неспакойна ў нас…
— Дак я ж свой…
— З воласці?
— З воласці. Упаўнаважаны…
Жонка няласкава папракнула:
— Улез у ету бяду… Ноччу сну няма…
— Конь, кажуць, нагу папсаваў…
Грыбок упоцемку намацаў конаўку, зачэрпнуў вады. Нешта вельмі сушыла смага, ён выпіў аж дзве конаўкі, у цішыні было добра чуваць, як булькала ў яго горле вада: коўць, коўць. Адно з дзяцей спрасонку штосьці часта замармытала, ён паслухаў, але не разабраў і, бразнуўшы клямкаю, выйшаў у сенцы.
Ледзь толькі Грыбок звыкла адсунуў засаўку і, шэры, у зрэбным споднім, паявіўся ў расчыненых дзвярах, постаць, якая чакала на ганку, тузанула за каўнер.
— Пікні толькі, сволач!
Ён пачуў, як у грудзі ўперлася нешта цвёрдае, халоднае. Нічога не цямячы, разгублены ад неспадзяванасці, выціснуў:
— Б-братко… ш-што ты?..
— Мы табе не браты, юда!
Таксама ціха, злавесна хрыпаты прашыпеў:
— Пайшлі!
Грыбок, скамянелы ад страху, пакорліва пацягнуўся ў бок хлява.
— Пастой тут, пасцеражы, каб з хаты… — дайшлі да яго словы кагосьці з бандытаў.
«Маслакі!» — як маланка, успыхнула ў важкай, быццам налітай вадой, галаве. Думка гэтая адазвалася ў сэрцы смяротным сумам: «Канец!» Давядуць да хлява, паставяць і — канец. Як і не было яго, Ахрэма. Ім звесці чалавечае жыццё — што плюнуць. Не аднаго ўжо камітэтчыка паклалі… Чуў жа Ахрэм пра гэта, ведаў, што не прывядзе да дабра камітэт, а не, не ўтрымаўся. Чорт яго панёс…
Дык ці ж ён сам набіваўся! Выбралі — выбралі на яго галаву!..
— Стой! — загадаў хрыпаты.
Ён стаў.
— Кайся!
Словы заселі ў горле.
— Не хочаш?
— Б-браткі, — выціснуў Грыбок. — П-пашкадуйце!.. Н-не… не в-вінны я… Я не сам у камітэт, н-не ахвотаю…
— Чаго з ім важдацца?! — нецярпліва адгукнуўся адзін, які стаяў далей. — Развідняе скора… Кокнуць і — усё!
— Не в-вінны я… б-браткі!..
Бандыт падняў абрэз, ляснуў затворам, памацаў пальцам, ці ёсць патрон.
— Дзетак, калі не мяне… пашкадуйце!
Бандыты былі няўмольныя.
— Самому трэба було шкадаваць!
— За што ж мяне?.. Нагаварылі, мабуць… Не верце…
— Не вінны, кажаш? А — перадзел зямлі, хто захацеў?
— Не я. Сход рашыў…
— Сход. Апраўдваешся, сволач?!
— Сход. Вобчаство…
— Вот як дам па мазгаўні! Будзе — вобчаства! Слухай! Перадзел атаман Маслак адмяняе!.. Запомні, калі хочаш дзетак бачыць! Ясна?
— Ясно… Але ж сход…
— Калі будзе перамер, заказвай труну! — павысіў голас бандыт. — Загадзя лажыся!
— Браткі, дак хіба ж я адзін…
— І другім перадай! Хай таксама, калі жыць неахвота, закажуць! Перадасі?
— Скажу…
— На еты раз — усё. Ідзі!
Грыбок нясмела, яшчэ як бы не верачы, што ўсё гэта скончылася, бачком, азіраючыся на хрыпатага, ступіў некалькі крокаў. Зараз крыкне, верне зноў — чакаў са страхам Ахрэм. Але хрыпаты крыкнуў іншае:
— Да раніцы — штоб не рыпаўся!
Грыбок, узрадавана кіўнуўшы, пайшоў хутчэй. Ён яшчэ раз трывожна азірнуўся, калі бандыт свіснуў, але свіст гэты быў не да Ахрэма. Хрыпаты, напэўна, клікаў другога, які сцярог хату, — той адразу рушыў на яго свіст.
Грыбок асцярожна прытуліўся да плота, даў дарогу. Толькі схаваўшыся за дзвярамі ў сенцах, шаргануўшы засаўкаю, ён адчуў сябе вальней. Але спакою не было і тут.
Жонка драмала, як бы нічога і не здарылася. Кладучыся побач, ледзь стрымліваючы дрыготку, ён штурхнуў з папрокам:
— Спіш!..
— А?.. Што?.. Што табе?..
Грыбок, увесь напоўнены нядаўна перажытым, не адказаў.
— Накіраваў куды іх? — пазяхнула жонка.
— Накіраваў!.. Тут ледзь самога не накіравалі… На той свет!..
— Што ты пляцеш!
— Тое, што чуеш!.. Прападзі ты пропадам, такая ж-жытка!
— Чаго ж ён?.. Упаўнаважаны еты?
— Упаўнаважаны. Такія ж яны ўпаўнаважаныя, як я… Кеб іх зямля не насіла!
— Хто ж то?
— Маслакі!
— А! — са страхам ускрыкнула жонка.
Зачыніўшы дзверы, Ганна момант пастаяла ў сенцах, прыслухоўваючыся да таго, што адбываецца між бандытамі і Васілём. Але гаворкі іх яна не магла разабраць. Паспрабавала ўгледзець іх у шчылінку каля дзвярэй — не было відаць.
Яна ўбегла ў хату, зірнула ў акно. У змроку ледзь разабрала — Васіля павялі наперадзе, а самі драпежнымі ценямі панура пацягнуліся ўслед. Пайшлі не на вуліцу, а кудысьці на прыгуменні.
Божа мой, што яны хочуць з ім зрабіць! Яна тут жа апаліла сябе папрокам: як яна магла паслухацца гэтай хэўры, адысці, пакінуць яго аднаго!
Ганна кінулася ўжо да парога, але спынілася. У цёплай цішыні чулася роўнае, лёгкае дыханне Хведзькі ды стомлены бацькаў сон. Ганна нахілілася над ложкам.
— Тато… Тато…
Мачыха нездаволена павярнулася.
— Чаго табе?
— Бандзіты! Маслак!
Сон ад бацькі ўраз зляцеў.
— Васіля на прыгуменне павялі!..
— А Божа! — спалохана перахрысцілася мачыха.
Хацела сказаць пра дзядзьку Ахрэма, але стрымалася: ён быў братам нябожчыцы маці, мачыха вельмі не любіла яго.
Калі бацька стаяў каля акна, прыглядаючыся да постаці, што тырчала зусім блізка за плотам, Ганна амаль з адчаем, хапаючыся, думала, што рабіць, чым памагчы яму, любаму Васільку. За трывогай пра Васіля яна неяк мала думала пра дзядзьку.
— Іх тут мало. Усяго чалавек пяць…
— З вінтоўкамі? — запытаў бацька.
— З абрэзамі… — Ганну таміла яго павольнасць, яго марудлівы, маўклівы роздум. — Людзей трэба апавясціць! — нецярпліва прамовіла яна.
Бацька зноў азірнуўся на акно, за якім цямнела поле.
— Як?
— Я сюды, етым акном — на агарод… На вуліцу…
— Здурнела! — жахнулася мачыха. — Ды ён жа цябе з вінтоўкі ўмэнт!..
— Не прыкмеціць ён.
— Загубіць захацела ўсіх! Калі сваёй галавы не шкода, то падумала б хоць пра бацькаву! Пра Хведзьку падумала б!
— А вы б пра Васіля падумалі! — у голасе Ганны захліпаў плач.
— Нічога з ім не станецца, з Васілём тваім!
Ганна ступіла крок да акна, але мачыха кінулася наўперад яе, раскінула рукі.
— Не пушчу!.. Цімох! — крыкнула яна бацьку на падмогу. — Ты, ты што ж стаіш як ёлапень! Не бачыш!