Самалёты хаваліся за лесам i з'яўляліся зноў, заходзячы на цэль па некалькі разоў. Бомбы трапілі ў кароўнікі, i яны гарэлі яркім полымем. А крыху воддаль ад пажару гарэў агромністы шар сонца. У небе натужліва вылі i звінелі маторы, трашчалі кулямёты: недзе за хмарамі i дымам ішоў паветраны бой.
Поля клікала Даніка. Але таго i след прастыў.
— Гэты хлопец у магілу мяне звядзе, — скардзілася i плакала яна.
Саша маўчала: яна не адчувала асаблівага хвалявання за брата, i ёй было няёмка праз гэта. Дарэчы, яна не хвалявалася так, як Поля, i за бацьку, які пайшоў у армію. Няўжо яна стала такой эгаісткай, што, акрамя дачкі i мужа, больш ні аб кім з блізкіх не думае, не турбуецца за ix лес? Не, гэта нешта іншае. Бацька выконвае свой абавязак. A Данік… ён не маленькі, як думае Поля…
У хату яны не пайшлі больш — начавалі ў сховішчы. Данік вярнуўея позна ўвечары, калі нават кананада сціхла. Ён нічога не адказаў на папрокі старэйшай сястры. Але калі прымасціўся на саломе побач з Сашай, яна сэрцам адчула, як моцна ён узрушаны, i чамусьці асаблівая павага да брата агарнула яе. Яна моўчкі пагладзіла яму руку. Ён сціснуў яе пальцы i горача прашаптаў:
— Цяпер я ведаю, дзеля чаго пайшоў на смерць Алёша Кошалеў… Ты знаеш, колькі нашы накрышылі ix?.. Каб ты бачыла! Там стоўпілася столькі машын, танкаў… тэхнікі рознай… А нашы як далі! Адны трэскі ляцелі… I зброі навокал рознай!..
Раніцой, калі яны з Поляй адважыліся перайсці ў хату i палілі ў печы, каб згатаваць якое-небудзь снеданне, Данік прыбег з такім выглядам, што Саша ахнула ад радасці:
— Нашы?..
Хлопец панурыўся.
— Не. — Аднак вочы яго блішчалі.— Але каб ты бачыла, колькі ix вязуць адтуль, раненых i забітых! Машына за машынай! Як дровы — навалам… У школе шпіталь робяць…
На самым світанні кананада за лесам узнавілася i гадзіны дзве грымела яшчэ больш моцна, чым учора. Сашы здавалася, што грыміць яна не мацней, a бліжэй, i надзея, што патухла за ноч, зноў зацяплілася ў яе сэрцы. Але раптам кананада сціхла. Вельмі раптоўна — быццам лопнула нейкая струна. Цішыня гэтая балюча ўдарыла Сашу. Яна кінула карміць дзіця, шэптам спыталася ў сястры:
— Што гэта, Поля? Чаму яны сціхлі?
— Сціхлі… Кажуць, калі пушкі сціхаюць, то пачынаецца наступленне…
— Хто? Хто наступав, Поля?
— А хто ж ix ведае, Саша, — уздыхнула сястра. — На вайне, што ў карцёжнай гульні.
У гэты момант i ўбег узрушаны Данік.
Калі Саша пачула пра шпіталь, згасла апошняя іскра гэтай надзеі. У грудзях зрабілася пуста i холадна. I ўсё стала абыякава для яе, нішто яе больш не цікавіла, не магло запаліць.
— Значыцца, нашы адступаюць, — ціха i сумна сказала яна. — Чуеш — сціхла?..
— Сціхла, — паўтарыў Данік; ён, мабыць, толькі цяпер звярнуў на гэта ўвагу.
Прыйшоў нейкі незнаёмы ў цывільным, малады, высокі, інтэлігентна апрануты, і, тыцкаючы пальцам, груба сказаў:
— Усім да школы… Ты, — на Даніка, — з лапатай. Ты, — на Полю, — з вядром i анучамі. Мыць… Ты, — ён сустрэў Сашын позірк, поўны нянавісці, i сумеўся.
— Яна хворая, — сказала Поля. — I дзіця хворае.
Фашысцкі прыслугач грэбліва паморшчыўся i, пакінуўшы Сашу ў спакоі, папярэдзіў:
— Не ўздумайце марудзіць! Гэта вам не калгас!
— Здраднік, — прашаптала Саша, калі ён выйшаў.
Яна ўпершыню ўбачыла здрадніка, i яе вельмі ўразіла, што ён такі малады, інтэлігентны; яна ўяўляла, што здраднікі — нейкія вырадкі, крэціны, пачвары ці старыя барадатыя кулакі.
— Халуй! Сволач! — вылаяўся Данік. — Калі з лапатай, каб капаць ім магілы, калі ласка… ахвотна пайду.
Поля, баючыся пакідаць Сашу адну, параіла, каб яна пайшла да дзеда Андрэя, у нявесткі якога таксама грудное дзіця.
Пра небяспеку i гора многа гавораць тады, калі яны далека i ёсць яшчэ надзея пазбегчы навалы. Кал i ж гора стаіць на парозе, калі небяспека побач i страх завалодаў людзьмі, у такія хвіліны стараюцца гаварыць пра самае звычайнае, простае, але пра тое, што вельмі дарагое. Саша i Аксана, астаўшыся адны, пачалі гаворку пра сваіх маленькіх. Быццам тое, што «ў Ленкі паносік», a «ў Мішкі прарэзаўся першы зубок», было для ix самым галоўным у жыцці ў гэты момант. Яны не ўсведамлялі, што размова аб дзецях узнікла ад тайнага жадання забыцца на ўсё, што адбываецца навокал. Жанчыны як бы хацелі перахітрыць саміх сябе. Але гэта не проста было зрабіць. Чым больш яны гаварылі пра дзяцей, тым больш выразным рабілася адчуванне той небяспекі, што пагражала ім, ix маленькім, усім людзям.
Аксана раптам сціхла, насцярожана прыслухалася. У хаце санліва гул i мухі. Каля школы чулася чужая гаворка як напамінак пра гэтую небяспеку. Яшчэ больш суровым напамінкам прагучаў стрэл.
Яны ўздрыгнулі.
— Я баюся, — прашаптала Аксана. — A помніш, я была самая смелая. Помніш, як мы за раку хадзілі, а хлопцы напалохаць нас хацелі…
Саша не помшла, бо не хадзіла ніколі разам з ёй, Аксана была старэйшая, але ківала галавой: усё помню.
Маладуха так захапілася расказам пра сваю ўяўную смеласць, што яны не пачулі, як прыйшоў Данік. Саша першая ўбачыла яго ў дзвярах. Ён стаяў, ухапіўшыся за вушак, з белым як палатно тварам, на якім скамянелі ўсе жывыя юнацкія рысы. Ахнуўшы, Саша памкнулася да яго. Першая яе думка была аб Пол i.
— Дзеда Андрэя забілі.— Голас хлопца быў ненатуральна гучны i зусім чужы. Саша не пазнала яго, ёй здалося, што гэта сказаў нехта другі, з-за дзвярэй.
Аксана заціснула далонямі рот, каб не закрычаць. Потым, без плачу, без слёз, схапілася за грудзі i як бы задыхнулася.
— Ім здалося, што ён вельмі старанна капае магілу… спрытней за ўсіх…
Саша ўсхліпнула, але сказала сурова i бязлітасна:
— Дзеду хацелася пабачыць ix культуру.
Данік паглядзеў на яе, быццам не пазнаючы, у роспачы стукнуў кулаком аб вушак, потым упёрся ў гэты вушак ілбом i ледзь чутна застагнаў:
— У-у-у…
IV
Жыццё ў акупацыі…
Па-рознаму яно пачыналася для людзей. I напачатку мела свае асаблівасці, свае адметныя рысы ў гарадах i сёлах. Часткова гэта залежала ад акупантаў. Мэта ў ix была адна, арганізацыя ўлады амаль аднолькавая, i большасць з кіраўнікоў «новага парадку» выконвалі загады «фюрэраў» з дакладнасцю аўтаматаў. Тупыя расісты, чалавеканенавіснікі пачыналі з тэрору, з масавых забойстваў. Аднак былі i такія, больш разумныя i хітрыя, якія спрабавалі праводзіць палітыку «перніка», заігрывання i дэмагагічных абяцанняў, асабліва ў адносінах сялянства.
Такім чынам, акупацыйныя ўлады мелі пэўны ўплыў на форму ўзаемаадносін паміж людзьмі. Змест жа жыцця, яго пульс вызначаўся іншым — настроем народа. А настрой быў усюды аднолькавы: нянавісць да прышэльцаў. Народ, які ведаў волю, шчасце, не мог ні на хвіліну схіліць галавы перад захопнікамі. Народ змагаўся.
Барацьба гэтая таксама пачыналася па-рознаму. У адных мясцінах сілы супраціўлення выяўлялі сябе ў першыя ж дні акупацыі, стыхійна i бурна. У другіх — яны раслі паступова, па распрацаванаму партыяй плану, і, дасягнуўшы патрэбнай магутнасці, наносілі ворагу цяжкія ўдары. Так было з партызанскімі злучэннямі, што выраслі з невялікіх атрадаў i груп камуністаў. Але ў многіх вёсках i гарадах у першыя месяцы акупацыі групы патрыётаў вял i ўпартае, глыбока падпольнае, самаахвярнае змаганне з фашыстамі, не ведаючы аб існаванні партыйных цэнтраў ці не знаходзячы з імі сувязі, пакуль цэнтры не знаходзілі ix. Пераважна гэта была моладзь, выхаванцы камсамола — «маладагвардзейцы» нашай зямлі. Юнакі i дзяўчаты выконвалі свой абавязак перад Радзімай гэтак жа, як ix бацькі i браты, як вучылі ix школа, камсамол, літаратура i кіно. Шмат было стыхійнага ў ix дзеяннях i ўчынках. Але колькі было непаўторнага гераізму! Многія з гэтых герояў загінулі. Другія асталіся невядомымі — сціплыя людзі, яны не гаварылі пра сябе. А потым прайшлі гады, многае забылася…
Саша жыла як у тумане ці ў цяжкім сне: дзе канец гэтай невядомасці, бераг, да якога трэба ісці? Дзе фронт, нашы? Дзе Пеця? Што робяць астатнія людзі тут, у акупацыі? Няўжо ўсюды такое жыццё, калі ніхто нічога не ведае, калі людзі дбаюць толькі аб тым, як пражыць далей?
Фронт аддаліўся. Нямецкія вайсковыя часці адышлі i нібы панеслі з сабой той страх, у якім жыла Саша да ix прыходу i потым некалькі дзён пасля забойства дзеда Андрэя. Стала ціха i пуста. Але ад цішыні гэтай не стала лягчэй.
Саша капае бульбу, не сваю — чужую. Час ад часу бульбіны пачынаюць варушыцца ў зямлі, як жывыя, падвойваецца дужка кошыка, цяжэе ў руках капаніца. Саша садзіцца ў разору. Гойдаецца зямля, плыве некуды ўбок сасняк, што пачынаецца ў канцы загона. Але не гэтая хвілінная слабасць палохае. Страшна ад таго, што бываюць моманты, калі здаецца неверагодным, нерэальным тое шчасце, якое было нядаўна. Хіба можна паверыць, што ў яе, вось такой — у даматканай світцы, з парэпанымі пальцамі,— магло быць столькі шчасця i радасці? Яна сама не верыць у тыя месячный ночы, калі яны хадзілі з Пятром па полі. Нерэальнымі здаюцца амбулаторыя, пакой у Анінай хаце, дзе стаяў яе маленькі ложак, на якім, аднак, ім з Пецем ніколі не было цесна… Усё гэта — як у сне… Пра што яны гаварылі з Пятром у тыя ночы? Пра ўсё… Пра Чарнышэўскага, напрыклад, пра Веру Паўлаўну… Божа мой! Няўжо сапраўды яны вялі такія размовы? Няўжо было жаданне гаварыць пра кнігі, пра кіно? Якое ж гэта было казачнае жыццё! Цяпер няма кніг, няма з кім пагутарыць пра ix, успомніць мінулае. Быў Данік, брат, з якім можна было б часам прыгадаць i кнігі i кіно… Але i брата цяпер няма ў яе, няма, хоць i жывуць яны ў адной хаце. Як нечакана ўсё рушылася, развалілася. Каб не дачка, не маленькая Ленка, не было б сэнсу i жыць… Клопат пра яе, пра дачку, каб накарміць малую i самой не памерці з голаду, прымушае Сашу капаць чужую бульбу. Як наймічка… Не ў багацці яна жыла, без маці вырасла, здаралася, што часам i раней, да тэхнікума, рабіла ў людзей, але каб адчуваць сябе наймічкай — такога i ў сне ніколі не было. Ды хіба такое магло з'явіцца тады, калі яна была гаспадыняй свайго лесу?
Пакуль яна жыла за Дняпром, а Поля ў горадзе (старэйшая сястра працавала на чыгунцы), раздзялілі i зжалі збажыну. На ix не выдзелілі, толькі на бацьку i на Данілу — хто рабіў у калгасе. Але ўсё забрала мачыха, прыхапіўшы i тое, што вырасла на сядзібе. Яна без шуму, «культурна i ветліва», перабралася да роднай дачкі, як толькі бацька пайшоў у армію, а Поля вярнулася з горада. Сестры ніколі ні перад кім не схілялі галоў, i ў ix нават думкі не было, каб прасіць ці патрабаваць ад мачыхі вярнуць ix дабро, хоць сваякі i суседзі раілі ім гэта зрабіць. А потым, як кажуць, «на каго людзі, на таго i Бог». Дзялілі на едакоў пасевы калгаснай бульбы. Цягнулі жэрабя — каму які загон. Бульба была ўвогуле кепская: ад пачатку вайны ніхто яе не даглядаў, не палоў, не акучваў. АПолі «пашанцавала» выцягнуць загон, па сутнасці, зусім пусты, дзе ў траве цяжка было знайсці каліва. Некаторыя жанчыны нават патрабавалі перадзяліць, але пачуўся голас: «Нічога, яны пры Саветах пажылі, вунь усе вывучыліся, як пані, хадзілі» — i Поля горда адмовілася ад перад зелу.
Але жыць трэба, наперадзе суровая, галодная зіма. I сестры капаюць у суседзяў, якім пашчаслівіла, за пяты кош.
Пяты кош…
Саша глядзіць на кошык, напоўнены бульбай, i не можа ўспомніць, які гэта па ліку. Чатыры яна высыпае ў гаспадарскія мяшкі, пяты — у свой. Ix ніхто не правярае: няма ў вёсцы сям'і больш сумленнай, чым сям'я Фёдара Траянава, гэта ведаюць усе. Саша часта забывае лік кашам, а таму часта i пяты i шосты высыпае гаспадарам. Калі побач Поля, яна лічыць. Цяпер Полі няма. Саша адчувае, што гэта больш, чым чацвёрты кош, але не зусім упэўнена, што гэта так. Ёй шкада сваёй працы, сваіх парэпаных рук, якія моцна баляць. Слёзы засцілаюць вочы, зноў двоіцца ручка кошыка, зноў плыве сасняк… Яна ў злосці высыпае бульбу сабе, упершыню, калі не ўпэўнена ў ліку. Гэта — надзел чалавека, які кінуў сваіх, уцёк з арміі, вярнуўся дадому i цяпер вельмі стараецца разбагацець. Саша ненавідзіць гэтага чалавека. Яна моцна пасварылася з Поляй, калі тая аднойчы пашкадавала, што ix бацька не вярнуўся. «Старому пяцьдзесят шосты год, які з яго салдат». А з братам яна пабілася самым сапраўдным чынам i ўжо, можа, месяц не гаворыць…
Наляцеў вецер, прагнаў хмару. Сыпануў дробны асенні дождж. Саша ўскінула на галаву пусты мяшок, ледзь разагнула стомленую спіну.
На полі яшчэ некалькі такіх жа маркотных схіленых постацей. Бліжэй за ўсіх — старая Крыўчыха, бабулі гэтай каля васьмідзесяці год. Яна адзінокая i ўжо многа дзён сама выбірае свой загончык, адзін-два кашы ў дзень.
Саша колькі разоў памагала бабулі. Раптам ёй здалося, што старая галосіць. Прыслухалася — не, не галосіць, спявае, але так журботна, што ў Сашы сціснулася сэрца. Услухалася лепш i разабрала асобныя словы:
Ніколі яна не чула гэтай песні, гэтага нуднага, гаротнага матыву. Але словы… словы недзе чула. Сашы вельмі хочацца ўспомніць, дзе, ад каго чула яна словы гэтай песні.
Дождж сціх. Ён цэлы дзень ідзе вось такімі перагонамі: наляціць, сыпане i нечакана сціхае. I нясмелы нейкі, як бы несапраўдны. Пайшоў бы надоўга — можна было б пайсці дадому, да Ленкі, пагрэцца i адпачыць.
Саша знаходзіць у пажоўклай i палеглай траве каліўе бульбы, выварочвае капаніцай мокрую зямлю, у якой блішчаць белыя бульбіны, выбірае ix i думае аб песні. I раптам успамінае: быў у ix школе настаўнік літаратуры, малады паэт, які ведаў многа розных песень, прымавак. Дык вось ён некалі дэкламаваў словы гэтай песні, прыводзячы яе як узор фальклору прыгоннага часу.
«Вось якія песні вярнуліся… Прыгонныя… А дзе цяпер той настаўнік? Ен жа да гэтага года быў у ix школе, вучыў Данілу. Яны на рыбу разам хадзілі.— Думкі яе зноў вярнуліся да брата. — Эх, Данік, Данік… Добрыя людзі цябе вучылі… Я цябе так любіла, няньчыла малога… А ты… Куды ты хілішся? За кім ты ідзеш? Няўжо яны запаланілі тваю душу? Няўжо ім удаецца паланіць i душы людзей?»
З болем, злосцю i крыўдай думала яна пра брата. Але разам з тым упершыню ўзнікае думка, што сама яна, магчыма, таксама няправільна паводзіць сябе ў адносінах да яго. Паступова думка гэтая робіцца перакананнем. Ён дзіця яшчэ, блазнюк, захапіўся вайной, зброяй. Трэба змагацца за яго, трэба адарваць ад Кузьмы.^
Кузьма — ix стрыечны брат — першы паліцэйскі ў вёсцы, цяпер начальнік паліцэйскага паста, «вярхоўная ўлада», як ён сам крычаў п'яны. «Галоўны здраднік» — назвала яго Саша. Здрада Кузьмы была вельмі балючым ударам, i яна дагэтуль не можа зразумець, што штурхнула маладога чалавека з працавітай сям'і на такі шлях. Саша разумела, калі ў паліцэйскія пайшоў сын кулака Гніды. Не здзівілася, калі ў паліцыю запісаўся былы яе аднакласнік Колька Трапаш. Гэты i ў школе быў мацюжнік, курэц, карцёжнік, ды i сям'я ў ix нейкая бесталковая, ix у вёсцы «цыганамі» завуць. А Кузьма з такой паважанай сям'i. Маці яго — родная сястра ix бацькі — надзіва сумленная, набожная i працавітая жанчына. Калі расказвалі, што ніхто не бачыў, калі яна спіць i есць, то Саша верыла гэтаму. Цётка Хадоска перакусвала непрыкметна каля прыпечка, «зводзіла вока» дзе-небудзь у разоры, за полівам, ды зноў за працу. Кузьмоў бацька, кажуць, не такі быў цягавіты, працавіты, часам заглядаў у чарку, але i яго ўспаміналі з иавагай. Саша яго помніла слаба, ён памёр у першы год калектывізацыі. На руках у цёткі асталося шасцёра дзяцей, i яна ганарылася, што выгадавала ix, «вывела ў людзі». У навуку яны не пайшлі, толькі адна з малодшых дачок скончыла педвучылішча. Набожная Хадоска i не імкнулася ix вучыць. «Няхай на зямлі працуюць, — казала яна. — Зямелька ўсіх пракорміць». Але дзеці чамусьці не затрымліваліся ў калгace. Самы старэйшы прыстаў у прымы ў горадзе, у сям'ю рабочага. Адна дачка выйшла за лесніка, другую звёз нейкі шафёр-украінец. I самы працавіты, па маці, быў Кузьма. У школе ён вучыўся не надта, але затое з малых год карміў сям'ю рыбай. Ён быў такі заўзяты i ўдалы рыбак, што вопытныя старыя рыбаловы ахвотна раіліся з ім i бралі з сабой. А яшчэ ён захапляўся коньмі. Скончыўшы гадоў за сем чатыры класы, Кузьма стаў калгасным пастухом. Потым наняўся на конезавод i працаваў там год пяць. Ажаніўся. Прывёз да маці жонку. I раптам гады за два перад вайной апынуўся ў рыбалавецкай арцелі недзе на Дняпры. Адтуль ён i з'явіўся ў родную вёску паліцэйскім, неўзабаве пасля ўступлення немцаў, да якіх ён трапіў, як высветлілася, яшчэ месяца паўтара назад, пад Жлобінам.