Пакуль ён быў проста паліцэйскі, i прытым адзін у вёсцы, то не надта мазоліў вочы людзям — больш сядзеў дома. Але як толькі стаў начальнікам паста i атрымаў над сваю ўладу яшчэ двух чалавек, адразу ж чамусьці зрабіў абход усіх сваякоў. Зайшоў да Траянавых. Ужо крыху падвыпіўшы недзе, павітаўся гучна, весела:
— Хайль, дарагія сестры!
Саша адвярнулася. Гэта яго ўкалола, i ён з іроніяй спытаўся:
— Не падабаецца табе, сястрычка? Вядома, дзе табе будзе падабацца! Ты ж камсамолка, цябе савецкая ўлада вывучыла…
— А цябе яна крыўдзіла? — злосна кінула Саша.
— Не крыўдзіла, але i ходу не давала. Я мазалямі кавалак хлеба зарабляў.
— Куды ж гэта табе ходу не давалі?
— Гаспадаром стаць.
— Кулаком?
— Вось-вось… Так ваша ўлада i разважала: чуць станавіўся чалавек на ногі, багацеў — кулак, на Салаўкі яго…
— Вось якое нутро ў цябе! Не ведала. Значыцца, ты спадзяешся, што немцы за тваю службу маёнтак табе дадуць? Панам зробяць? А мы будзем батрачыць у цябе… так?
Поля спалохана падавала Сашы знакі: маўчы, каму ты гаворыш, думай!
Кузьма заўважыў гэтыя знакі.
— Што ты там моргаеш, Поля? Баішся? Не бойся. Я ж не чужы — брат… Я сваіх не пакрыўджу. Толькі каб мне сваякі ножкі не падстаўлялі… Падтрымаеце мяне — будзеце жыць i гора не мець… А што думае Саша — гэта мне i так вядома. Нічога… Перамелецца — мука будзе. Людзі не адразу разумеюць…
— Адзін ты адразу разумны стаў,— зноў не вытрывала Саша.
Ён не адказаў на гэты закід — гаварыў далей:
— A батракамі ніхто вас рабіць не думае. Кожны будзе жыць, як ён хоча. Ніхто не будзе стукаць у вокны: выходзь на работу! Ты на доктара вучылася — ідзі працуй доктарам. Я ўжо гутарыў у воласці з бургамістрам, каб медпункт у нас зноў адкрыць. Для цябе, Саша, месца… Гарантую!
— Дзякуй за ласку! — з горкай іроніяй адказала Саша, з нейкай дзіўнай асалодай адчуваючы, як расце ў ёй непрыстойнае жаданне — плюнуць браціку ў чырвоную п'янаватую фізіяномію.
— Ты ж не немцаў будзеш лячыць — сваіх людзей…
— Не чапай яе, Кузьма, — рашуча запярэчыла Поля, звяртаючыся, аднак, да паліцэйскага ветліва. — Яна нездаровая. Не трэба ёй працаваць… Як-небудзь так пражывём.
— Пратэстуеце? — кісла ўсміхнуўся Кузьма. — Ну што ж, пратэстуйце. Толькі,— ён пагразіў пальцам, — глядзіце ў мяне, каб з гэтай хаты не выходзіла ні слова, ні яшчэ што. Ты, Поля, разумная дзяўчына. Я цябе ведаю i спакойны. А ты, Саша, глядзі, язык не распускай. Я за цябе адказваць не жадаю. Помні: непарадкаў ніводная ўлада не любіць.
— Не бойся, Кузьма, мы не падвядзём, — заспакоіла яго Поля.
Саша адчувала, што калі пойдзе гаворка далей, то сварKi ім не пазбегчы, можа i горшае што здарыцца. А таму, узяўшы з калыскі Ленку, дэманстрагыўна палезла на печ. Яна заўсёды там хавалася, калі, здаралася, у хату заходзілі немцы. Цяпер яна вырашыла, што будзе гэтак жа хавацца i ад паліцэйскіх, у тым ліку i ад Кузьмы. Няхай ведае, якая ў ix улада. А гутарыць з ім — прыніжаць сваю годнасць. Больш яна не скажа ні слова. Чаму ён сядзіць? Ішоў бы прэч хутчэй! Навошта Поля заводзіць з ім гаворку: пра здароўе цёткі, пра надзелы зямлі?
У хату ўвайшоў Данік.
— А-а, Даніла! Здароў, брат! — Кузьма падняўся насустрач, высока ўзняў руку, каб ляпнуць далоня ў далоню, пасяброўску, з размаху. Але Данік працягнуў руку не адразу, i шчырага прывітання, як чакаў Кузьма, не атрымалася. A Данікаў позірк, нахмураны, непрыветлівы, спадылба, урэшце вывеў паліцая з раўнавагі.
— Што ты на мяне ваўком глядзіш? — спытаў ён спачатку ціха, потым злосна крыкнуў на ўсіх: — Што вы на мяне ўсе так гледзіцё? Як на ворага… Што я вам зрабіў? — Акрамя злосці, у гэтым выкрыку былі роспач i страх.
— Гэта табе здаецца, Кузьма, — проста, па-сваяцку, але як старэйшая малодшаму сказала Поля. — Даніла на ўсіх так глядзіць. У яго характар такі.
Але Кузьма ператварыўся ўжо з брата ў суровага начальніка паліцэйскай варты, які адчуваў сваю ўладу над людзьмі. Ён караў за позірк, які яму не спадабаўся.
— Вось што… ты, брат, — злосна кінуў ён Данілу, — не думай, што мне невядома, чаго ты па лесе бадзяешся… Людзі бачылі. Зараз жа здай усё, што знайшоў… А то я буду з табой іначай гаварыць!
Юнак пільна паглядзеў на паліцэйскага, i раптам твар яго расплыўся ад шырокай задаволенай усмешкі.
Нічога не сказаўшы, Данік выйшаў з хаты. A хвілін праз пяць прынёс рускую вінтоўку без затвора, нямецкі аўтамат з раструшчаным прыкладам i цынкавую скрынку патронаў.
— Вось што я знайшоў… Бяры, — працягнуў ён зброю Кузьме ўсё з той жа задаволенай усмешкай, быццам радаваўся, што знайшлося каму перадаць.
Поля ажно ахнула:
— Божа! Ты хаваў такія цацкі? На шыбеніцу захацеў, дурань гэткі?
— Усё? Больш нічога няма? — сурова спытаў Кузьма, разглядаючы аўтамат i мяркуючы, ці можна яго адрамантаваць: было б чым выхваляцца перад іншымі начальнікамі пастоў, бо зброі ў ix не густа.
— Я на шыбеніцу не хачу, — адказаў Данік.
Кузьма зарагатаў i па-сяброўску ляпнуў яго па плячы:
— Правільна, братыш! Малайчына. Глядзі, які ты вырас! Я цябе гады два не бачыў! Мужчына! Будзеш правільна весці сябе — у паліцыю вазьму. Хочаш?
— Поля не пусціць, — пакорліва i наіўна схіліў галаву Данік, хітра іграючы на пачуццях старэйшай сястры.
А Поля пасля гэтых слоў як бы зноў адчула сваю ўладу над ім.
— Што ты плявузгаеш, Кузьма? Паліцая знайшоў! Вось вазьму папругу — усю скуру спушчу на тваім паліцаі. Я яму яшчэ гэтыя цацкі не дарую. Знайшоў, што цягнуць у хату!
— Ого, строгая яна ў цябе… маці,— жартаўліва штурхнуў Кузьма юнака.
— Каб i цябе маці з рук не выпусціла, можа, чалавекам астаўся б, — забылася Поля на асцярожнасць, якой прытрымлівалася ў размове з ім.
Кузьма нахмурыўся:
— Ну, ну… Што ж я цяпер — не чалавек, па-твойму?
«А ты яшчэ лічыш сябе за чалавека? Здраднік ты, а не чалавек!» — вельмі хацелася Сашы крыкнуць з печы ў твар яму гэтыя пякучыя словы. Але яна стрымалася: навошта нажываць ворага, ды яшчэ i раздражняць яго. Выконваючы зарок, які дала сабе, яна не сказала больш ніводнага слова, пакуль паліцай размаўляў з Данілам i Поляй. Калі ж ён нарэшце, забраўшы зброю, развітаўся, па ўсім відаць, задаволены сваім візітам, сваёй уладай над людзьмі, Саша ca знявагай кінула брату:
— Заечая твая душа!
Ён змаўчаў на гэтую абразу. А Поля ўхваліла яго ўчынак:
— Што ты, Саша! Дзякуй Богу, што ў яго хапіла розуму аддаць гэта Кузьме, усё-ткі свой чалавек. Немцы знайшлі б — страшна падумаць, што маглі б зрабіць.
Але калі праз колькі дзён Данік пачаў наведвацца ў школу, дзе размяшчаўся паліцэйскі пост, i весці сяброўства з Кузьмой i Колькам Трапашам, Поля катэгарычна запатрабавала:
— Каб нагі тваёй там не было!
Саша падтрымала старэйшую сястру:
— Як табе не сорамна! А яшчэ плакаў над Алёшам Кошалевым i над дзедам… А цяпер цябе да паліцаяў пацягнула. Эх, ты!.. Хутка сваіх людзей пачнеш забіваць…
— Не ваша справа, — агрызнуўся брат.
— Ах, не наша?.. Ну дык ідзі!.. Ідзі, ліжы немцам боты, кланяйся ім…
Юнак здрыгануўся, нейкі дзіўны цень упаў на яго твар. Ён утаропіў на Сашу вочы, у якіх таксама быў гэты цень. А яна, расчырванелая, узрушаная, з гнеўным бляскам у вачах, стаяла перад ім i сціскала кулакі.
— Адзін ужо робіць гэта… твой брат i дружок… Ідзі i ты! Струп няшчасны!
«Струп» — вулічная мянушка Данілы. Ніхто не помніў, з якой прычыны яе далі, але хлопец страшэнна крыўдзіўся. Ён адразу ўзгарэўся i, мабыць, не знайшоўшы больш нічога, чым можна ў адказ дапячы сястры, крыкнуў:
— Ты!.. Ты прыехала са сваёй байстручкай, дык маўчы!..
Саша задыхалася ад абразы. Яе Ленку, самае дарагое i светлае, што ёсць у яе пакутлівым жыцці, жывую часцінку Пеці, які ў гэты момант, магчыма, сцякае дзе-небудзь крывёю, — ix роднае дзіця назвалі такім зняважлівым словам!.. Хіба можа маці пачуць такое i вытрываць? Саша ўляпіла брату аплявуху. Ашаломлены, ён спачатку адскочыў, ухапіўся за шчаку, а потым тыграм кінуўся на Сашу, учапіўся ў яе валасы, тузаў i сам стагнаў i плакаў. А яна ашалела малаціла яго кулакамі куды папала. Добра, што Поля была ў хаце i хутка разбараніла ix.
I вось ужо каля месяца яны не гавораць, не глядзяць адно аднаму ў вочы. Сашы вельмі цяжка праз гэта. Толькі цяпер вось стала крыху лягчэй, калі вырашыла больш не маўчаць, а пачаць змаганне за брата.
Прыехаў сын гаспадара — хлапчук год трынаццаці — забраць бульбу. Ім прыйшлося добра папацець, пакуль ускінулі на воз не па сіле цяжкія мяшкі. Саша нават узлавалася ў думках: «Дзіця прысылаюць. Самі не могуць прыехаць… Мала што капаеш на ix, дык яшчэ i мяшкі цягай…»
Адчуўшы зноў горкую крыўду за свой найміцкі лес, яна хутка пайшла ад воза. Але хлапчук, які, магчыма, дзіцячым сэрцам, чыстым i чулым, зразумеў яе, дагнаў i даверліва прашаптаў:
— Саша, хочаш, навіну скажу?
— Якую навіну?
— Паліцаі партызана злавілі.
Саша, здзіўленая, павярнулася да яго:
— Партызана? Сапраўднага?
— Ну, так! Кузьма яго ў калодзеж пасадзіў. Кажуць, гэта нейкі сваяк Ганны з Рэпак. Яна хлеб для партызан пякла, а ен, відаць, прыйшоў, каб забраць гэты хлеб. А Марфа Вугняўка падгледзела, што ў Ганны ўсю ноч у печы паліцца, ды ўзяла Кузьму сказала… Паліцаі яго на вышках знайшлі. А цяпер у школьны калодзеж пасадзілі… Як ты думаеш, што яны зробяць з ім?
Да Сашы кепска даходзіў сэнс апошніх слоў хлопчыка, бо навіна гэтая была для яе вельмі нечаканай i моцна ўсхвалявала: побач партызан! Зусім іншыя думкі завалодалі ёю.
— Бацька кажа — расстраляюць. У немцаў такі загад ёсць: партызанаў страляць.
Хлапчук цмокнуў на каня i паехаў, а Саша асталася стаяць з капаніцай у руках. Яна глядзела ўдалячынь, дзе відны былі хаты, але нічога не бачыла, акрамя туманнага вобраза партызана. Ёй вельмі хацелася ўявіць гэтага чалавека ў яго рэальным чалавечым абліччы, але перад вачамі паўставалі па чарзе: Пеця, бацька, Уладзімір Іванавіч, сакратар райкома, стары рэчыцкі доктар, адным словам, усе самыя дарагія, блізкія людзі i ўсе тыя, каго яна паважала ў жыцці. Можа, як ніколі яны паўставалі вельмі яскрава, таму яна доўга не краталася з месца, адчуваючы ў душы нейкую радасць, узнёсласць i рашучасць. A думкі — як маланкі, светлыя i страшныя, радасныя i небяспечныя…
Значыцца, не хлуеілі людзі, калі казалі, што не толькі недзе за ракой, у Палессі, але i тут, блізка, у ix лесе, ходзяць партизаны. A ў вёсцы ёсць людзі, якія смела памагаюць ім. Гэтая Ганна з Рэпак, як яе называюць усе, маладая ўкраінка, непрыкметная жанчына, ціхая i добрая. У яе двое дзяцей, а муж у арміі. Аднак яна не пабаялася пячы хлеб партызанам…
А вось яна, Саша, жыве, як на нейкім туманным востраве, — нічога не бачыць, нічога не чуе i ўсяго баіцца. А брат горнецца да паліцаяў… Яна ўся халадзее ад думкі, што Даніла можа быць нейкім чынам замешаны, мець дачыненне да арышту партызана. Хто ён, гэты чалавек? Малады? Стары? Здрада загубіла яго. Чаму людзі такія жорсткія i бязлітасныя? Хаця няма чаму здзіўляцца. Усе ведаюць Вугняўку — дачку кулака, якая свайго ўласнага мужа, за якога выйшла, каб не трапіць на Салаўкі, зжыла са свету. Але Кузьма… Кузьма з беднай сям'і i такі падлюга! Садзіць жывога чалавека ў смярдзючы калодзеж! Ніхто б ніколі да гэтага не дадумаўся, ён вось, гад, дадумаўся. Спачатку пасадзіў туды двух вяскоўцаў, якія адмовіліся ісці на рамонт шашы, а цяпер — партызана.
Саша добра ведала гэты калодзеж — шырокія бетонныя трубы, слізкія i зялёныя. Школа — былы папоўскі дом. Пры жыцці папа ў калодзежы была празрыстая сцюдзёная вада. У Сашы захаваўся ў памяці ўспамін маленства: яна памагала маці паіць папоўскіх кароў i круціла калаўрот, гэта было надзвычай цікава. Праз год, пасля таго як папа выселілі i зрабілі ў доме школу, вады ў калодзежы не стала. Бабкі плявузгалі, што ад Бога гэта: выгналі «айца святога» — перасох калодзеж. Але кожны вучань ведаў, па якой прычыне знікла вада: дзеці кідалі туды пясок, цэглу, смецце, i крыніцы забіліся. За дзесяць год накідалі столькі, што калодзеж напалавіну памялеў. Аднак i цяпер ён яшчэ даволі глыбокі, i адтуль патыхае гнілой вільгаццю. I вось там, у гэтай гнілоце, сядзіць чалавек з чыстым сэрцам, які не шкадаваў свайго жыцця за народ. У Сашы гарэла душа ад думак пра невядомага партызана. Яна паспрабавала працаваць, але капаніца вывальвалася з рук. Тады яна кінула ўсё i пайшла дадому…
— Чаму так рана? — здзівілася Поля, якая ўбірала капусту з гарода.
— Абрыдла мне! — злосна адказала Саша. — Што я, наймічка? Няхай яна згніе, ix бульба!
Старэйшая сястра разумела яе, таму не сказала ні слова, толькі ўздыхнула: клопат аб сям'i ляжаў на яе плячах.
За адным заняткам Саша забывалася на ўсё іншае — калі карміла дачушку, гуляла з ёй. Ленка ачуняла i ў чатыры месяцы была тоўсценькая, рухавая i — кожнай маці так здаецца! — надзвычай разумная для свайго ўзросту. Яна ўжо ўмела смяяцца, хапаць за валасы, за нос, драпацца. I ўсё больш i больш рабілася падобнай на бацьку. У яе ўсмешцы Саша пазнавала ўсмешку Пятра, яго прыжмур вачэй, яго зморшчынку на лбе, a радзімая плямка на мочцы вушка была такой дакладнай копіяй, што маці заўсёды смяялася, гледзячы на яе.
Саша зайшла ў хату на пальчыках, бо Поля сказала, што Ленка спіць, але малая не спала: моўчкі ляжала ў калысцы i смешна лавіла сваімі пухлымі ручкамі чырвоны шарык, прывязаны над ёй. Саша радасна кінулася да яе, схапіла на рукі.
— Дачушка мая любая! Радасць мая адзіная! Ляжыш i маўчыш, слаўная мая, маленькая…
Дзяўчынка радасна загудзела i ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Саша карміла малую, гушкала, забаўляла — i сапраўды на нейкую хвіліну забылася на партызана. Але прыйшла Поля, папрасіла нешта зрабіць па гаспадарцы, Саша выскачыла на двор, як заўсёды імклівая, спрытная, i ўраз спынілася, уздрыгнула: перад вачамі была школа. Потым, за што б яна ні бралася, усё валілася з рук: з галавы не выходзіў партызан.
Па-асенняму рана вярнуўся з пашы статак. Каровы сваім муканнем абудзілі цішыню. Але разышлася жывёла па дварах, i зноў стала ціха i пуста. Цішыня i пустэча — змоўклі пеўні, бо ix парэзалі, зніклі сабакі, не гулялі на вуліцах дзеці, не хадзілі без пільнай патрэбы дарослыя — характэрныя рысы жыцця вёскі ў часы акупацыі.
Трэба прынесці вады — напаіць карову. Саша схапіла вёдры, выскачыла на вуліцу. Ix хата стаяла на аднолькавай адлегласці ад суседніх калодзежаў, i яны хадзілі то да аднаго, то да другога — каму куды падабалася. Цяпер Сашу пацягнула ў той, што бліжэй да школы. Але ў тым калодзежы нямецкія танкі зламалі журавель, i цяпер вяскоўцы хадзілі туды кожны са сваёй вяроўкай. Саша вярнулася ў двор i ўзяла пад паветкай лейцы. Яна набірала ваду i не зводзіла вачэй са школьнага двара, з таго калодзежа, што вытыркаўся з зямлі абглянцаванай бетоннай трубой. Там таксама было ціха i пуста, як i ўсюды навокал. Над комінам школы ўзнімаўся ў хмарнае асенняе неба празрысты дымок. «Рана запалілі паліцаі. Відаць, зноў самагонку гоняць».
Саша доўга чэрпала ваду. Падняла цяжкія вёдры на каромысел, намерваючыся ісці. Зноў паставіла на зямлю… Нарэшце, пасля доўгага вагання, нясмела рушыла да школы з лейцамі ў руках.
«Я толькі гляну — які ён, партызан? Толькі гляну», — стукала сэрца моцна i часта.
Брамка на школьны двор была зачынена. Але як толькі яна штурхнула яе, на ганку, як па сігналу, з'явіўся Кузьма.
— Э-э! Хто там? Ты, Саша? — здзівіўся ён, аднак хутка саскочыў з ганка, каб адчыніць.
— Кажуць, Кузьма, ты партызана злавіў? Праўда?
— Праўда. Вунь сядзіць у калодзежы як міленькі.
— Можна паглядзець, які ён?
— Для цябе, Саша, усё можна. Ты ж ведаеш, я цябе заўсёды паважаў,— намагаўся заваяваць яе прыхільнасць паліцай; мабыць, неспакойна было ў здрадніка на душы ад думкi, што нават сваякі асуджаюць яго. — А ён… вар'ят нейкі… Сядзіць — песні спявае, вершы на памяць чэша… Быццам не разумев, што яго чакае.
Саша схілілася над калодзежам i ўбачыла ў глыбіні, адкуль патыхала гніллю, схіленую постаць чалавека. Ён ціха спяваў па-ўкраінску прыглушаным голасам, аднак выразна вымаўляючы словы: